СВЯТЫ КАРАН

СВЯТЫ КАРАН

 

 

СВЯТЫ

КАРАН

 

Пераклад на беларускую мову

Аляксея Ісмаіла Крыўцова

 

Кананічная рэдакцыя

Давуда Радкевіча

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Гэты пераклад прысвячаю майму духоўнаму настаўніку кутбу захада шэйху 

 

Абдулькадыру аль-Мурабіту.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Мір вам, літасць Бога і Яго блаславенне!

Хвала Аллагу, Госпаду сусветаў!

Мір і блаславенне Аллага нашаму спадару Мухаммаду!

 

 

Вось і скончаная праца па ажыццяўленню поўнага перакладу сэнсаў Карана на беларускую мову. І я рады рэпрэзентаваць гэтую працу вам, паважаныя чытачы. Спадзяюся, што знаёмства з сэнсамі Карана не пакіне вас абыякавымі, а наадварот – стане той прыступкаю, з якой пачнецца вашая вандроўка ў свет Ісламу. Бо мэта Карана – запусціць у чалавека мысленчы працэс і ажыццявіць у яго свядомасці інтэлектуальную рэвалюцыю. Для адзначэння гэтай інтэлектуальнай рэвалюцыі ў Каране выкарыстоўваецца слова «ма’рыфа» (усведамленне праўды) (Гл. Каран, 5:83). Святая Кніга Ісламу падкрэслівае важнасць пошуку чалавекам праўды на ўзроўне асэнсавання. Сапраўдная вера ў Госпада – вось чаго дасягае той, хто шукае. А там дзе няма асэнсавання, няма і веры. 

Працэс перакладу доўжыўся каля трох год. Пакуль не існуе беларуска-арабскіх слоўнікаў, таму прыхадзілася карыстацца слоўнікамі руска-арабскімі (напрыклад,  “Слоўнік да Карана” У.Ф.Гіргаса, ураджэнца Гародні), дапамагла і Акадэмія Карана, дзе размешчаны падрадковы пераклад з арабскай мовы. Таксама я абапіраўся на ўжо існуючыя пераклады на іншыя славянскія мовы: польскую (Ю. Бяляўскі), украінскую (М.Якубовіч), рускую (Абу-Адэль,  Э.Куліеў,  “Калям Шарыф”, выд. Муфтыятам Рэспублікі Татарстан). Перад вачыма заўсёды быў пераклад 14 сураў з часопіса “Байрам. Татары на зямлі Беларусі”, які рабіў праф. К.Скурат, ураджэнец Віцебскай вобл., “Свяшчэнны Каран. Анталогія” (аўтар Т. Тамашэвіч) і «Штодзённыя чытанні», над якімі працаваў Д.Радкевіч. І зразумела, мне вельмі дапамаглі такія класічныя тафсіры, як тафсір Ібн Касіра, ат-Табары і Джалялейн (напісаны імамам аль-Махаллі і яго вучнем ас-Суюты). З боку беларускіх слоўнікаў ужываліся наступныя выданні: слоўнік А.Булыкі,  слоўнік пэдагогічных дысцыплін (БНТ), слоўнік Байкова і Некрашэвіча, слоўнік дадатковай лексікі, слоўнік К.Крапівы і практычны беларускі вайсковы слоўнік. 

Хачу падзякаваць маім бацькам за падтрымку, брату Салману Северу за натхненне і дапамогу ў працы і ўсім, хто маліўся за мяне пад час працэсу перакладання. Асобная ўдзячнасць шаноўнаму спадару Давуду Радкевічу за супольную працу, за тое што адазваўся на заклік дапамагчы ў гэтай справе, за яго кананічную рэдактуру тэкста. А таксама хачу падзякаваць яму за гнуткасць, бо я намагаўся вытрымаць пераклад ў такім нэўтральным ключы, каб ён быў прымальны для мусульманаў з рознымі поглядамі, каб яго можна было б выдаваць ў Турэччыне, ў КСА, ў Іране і г.д., бо ў кожнай краіны свае перавагі. Спадзяюся на далейшую супрацу ўжо для ўзбагачэння пераклада тафсірам (каментаром), над  якім ён працуе.

Самы дарагі падарунак, які я прымеў зрабіць для майго народа – гэта перакласці сэнсы Боскага Слова на родную мову, таму спадзяюся, што гэтая справа будзе ацэненая па вартасці. Жадаю міру і усяго найлепшага вам, мае дарагія суайчыннікі!

                                                                                                                                                                                                                            

                                                                                                 Аляксей Ісмаіл Крыўцоў

 

 

Уступнае слова кананічнага рэдактара

Уся хвала і ўдзячнасць належыць Аллагу, Госпаду сусветаў! 

Мір і дабраславенне прароку Мухаммаду, яго роду і паплечнікам! 

Сведчу, што няма бога, вартага пакланення, акрамя Аллага, і што Мухаммад – Яго раб і пасланец!

А далей:

Шаноўныя чытачы!

Перад вамі – першы пераклад Карана на беларускую мову. Што ж гэта за кніга – Каран? Гэта Святая Кніга Ісламу, якая лічыцца такой толькі на мове арыгінала – на арабскай. Тым не менш, пераклады Карана на іншыя мовы існавалі бадай што ад самага пачатку мусульманскай рэлігіі. Гэта было неабходна перш за ўсё дзеля пашырэння ведаў пра рэлігійнае веравучэнне, практыку і этыку. 

Каран – Кніга, якую чытаюць і якой кіруюцца каля двух мільярдаў насельнікаў Зямлі. Гэтая кніга, па-за ўсялкім сумневам, з’яўляецца адным з буйнейшых помнікаў сусветнай культуры, помнікам арабскага пісьменства, уплыў якога на культуру мусульманскіх народаў адпавядае ўплыву Бібліі на культуру хрысціянскага свету. 

Каран лічыцца Святым Пісаннем толькі на мове арыгінала – на арабскай. Тым не менш, пераклады мусульманскага Пісання на іншыя мовы існавалі з першых вякоў ісламу. Гэта было неабходна перш за ўсё дзеля пашырэння ведаў пра рэлігійнае веравучэнне, практыку і этыку.

Цягам стагоддзяў вернікі імкнуліся зразумець змест Карана самі і данесці гэты змест да іншых. Менавіта гэты матыў – даць максімальна даступную інтэрпрэтацыю аятаў Святой Кнігі – і рухаў працэс выканання і распаўсюду яе перакладаў. 

 

 Кананічны аспект перакладу Карана 

Дазволенасць перакладаў Карана на іншыя мовы – пытанне, вакол якога існуе пэўнае рознагалоссе. Прынамсі, так можа падацца, калі звярнуць увагу на наўпроставы сэнс рашэнняў улемаў (мусульманскіх багасловаў). Адны дазвалялі гэта, другія – катэгарычна забаранялі. Аднак насамрэч абсалютна ўсе ўлемы дазвалялі перадаваць сэнсаятаў Карана на іншых мовах. Інакш ці выпадае магчымым казаць пра ўніверсальны, усеабдымны характар ісламскага вучэння, калі яно замкнёна на параўнальна вузкім коле знаўцаў арабскай мовы? 

Пра дазволенасць гэтай справы гаворыць шэраг багасловаў, ставячы пэўныя ўмовы для такога перакладу. Аль-Адаві, Сабры і іншыя давалі дазвол перакладаць Каран, называючы такі пераклад “сэнсавым перакладам”, “перакладам сэнсаў” або “перакладам з каментарыямі”. Аш-Шатыр, Халіль і некаторыя іншыя дазвалялі гэта толькі для аднаго-двух аятаў. А Мухаммад Хусайн Махлюф, Мухаммад Шакір і Махмуд Шальтут лічылі што пры неабходнасці пераклад з’яўляецца абавязковым, але не замяняе само Святое Пісанне[1].

І ў любым выпадку, пераклад не можа служыць заменай Карана падчас намаза (рытуальнай малітвы)[2].

Кажучы пра пераклад Карана, нельга не назваць пэўныя матывы перакладчыкаў. У першыя стагоддзі ісламу гэта праца вялася эпізадычна: пераважная большасць знаўцаў Пісання вывучала арабскую мову і ўжо праз яе пачынала разумець яго змест. Пераклад тады рабіўся хутчэй дзеля лепшага засваення мовы, чым для вывучэння Карана. Адным з тых, хто ўпершыню перакладаў сэнсы святой кнігі ісламу, лічыцца паплечнік прарока Мухаммада Сальман аль-Фарысі (Салман-перс). У трактатах Ібн Абу Шэйбы, Ібн Абу Хаціма і ў тафсіры ат-Табары паведамляецца, што іншы паплечнік, Ібн Аббас, каментуючы некаторыя аяты, даваў іх тлумачэнне на персідскай мове.[3]  

З часам попыт на пераклады ўзрос, як і неабходнасць у гэтым. У багаслоўскім трактаце аднаго з ранніх тэолагаў Абу Ханіфы (699-767), “Фікг аль-акбар”, сказана адносна перакладу атрыбутаў Божых: “І ўсё, што ўзгадалі вучоныя на персідскай мове (а гэта значыць, і на любой іншай – Р.Д.) з ліку атрыбутаў Аллага і Яго імёнаў, дазволена прамаўляць, акрамя атрыбута “йад” (літ. “рука”). Так, можна па-персідску казаць: “Руйі-Хода” (літ. “твар Бога”) без прыпадабнення (ташбīг) і надання вобраза і формы”[4]

Грунт для перакладаў далі тафсіры (тлумачэнні) Карана. Шэраг тафсіраў лічацца найбольш аўтарытэтнымі (ат-Табары (838-923), аль-Куртубі (1214-1273), Ібн Касіра (1301-1373), Махаллі (1389-1459) і яго вучня ас-Суюты (1445-1501) і інш.), паколькі змяшчаюць найбольш адэкватную трактоўку зместу Карана.[5]

 

Гістарычны агляд перакладаў Карана

Першае поўнае тлумачэнне Карана на новаперсідскай мове даў мутазіліцкі тэолаг Абу Алі аль-Джуббаі (пам. 916 г.). Паўстагоддзем пазней на гэтую ж мову быў зроблены і пераклад тафсіра ат-Табары. А ўласна пераклад Карана на персідскую зрабіў слынны пісьменнік і мысляр Саадзі Шыразі (пам. 1292).[6]

Акрамя мэты распаўсюду сэнсаў Карана, існавала і дыяметральна процілеглая мэта, прадстаўленая з боку нядобразычліўцаў Ісламу. Яны імкнуліся даць абвяржэнне гэтай рэлігіі, спасылаючыся на першакрыніцу. Вядома, ні пра якую аб’ектыўнасць у гэткіх працах размовы ісці не магло.

Сярод такіх адным з першых быў пераклад на грэчаскую мову, істотныя фрагменты якога захаваліся і былі выкарыстаны Мікітам Візантыйцам у яго працы “Абвяржэнне Карана”[7], напісанай паміж 855 і 870 гг. 

У 1143 г. быў напісаны “Lex Mahumet pseudoprophete” (“Закон ілжэпрарока Махумета”), першы поўны (хоць і далёкі ад дакладнасці) пераклад на заходнюю мову (лацінскую). Яго выканала група на чале з Робертам Кетанскім пад кіраўніцтвам Пятра Пабожнага з мэтай закліку мусульман да хрысціянства. Гэты пераклад карыстаўся папулярнасцю на Захадзе, што стала адной з прычын яго выхаду ў друк пад рэдакцыяй Тэадора Бібліяндэра ў 1543 г. Ён стаў асновай для перакладу на італьянскую мову (1547 г.), а італьянскі пераклад, у сваю чаргу, быў выкарыстаны пры падрыхтоўцы нямецкага (1616 г.), з якога быў зроблены пераклад на галандскую (1641 г.). На іспанскую мову пераклад Карана быў зроблены у 1609 г., на французскую пераклад зрабіў Андрэ дзю Рые ў 1647 г., з якога быў зроблены пераклад на англійскую ў 1649 г. і на рускую ў 1716 г.[8] Пашырэнне перакладаў Карана на еўрапейскія мовы супала па часе з эпохай Рэнесансу і Асветніцтва, калі і самі мовы сталі асобным прадметам увагі і аб’ектам вывучэння.

Не паглыбляючыся ў мноства варыянтаў перакладу Карана (іх налічваецца каля 250), можна зазначыць, што цікавасць да яго зместу існавала ўвесь час яго бытавання ў свеце. Таму актуальнасць перакладу на тую ці іншую мову застаецца надзвычай высокай. Сам факт, што  Каран перакладзены на тую ці іншую мову, кажа пра распаўсюджанасць і ўзровень развіцця самой мовы перакладу. 

 

Беларусь і пераклад Карана

Наогул асноўнай прычынай перакладаў была і застаецца цікавасць да зместу Карана, жаданне даведацца пра яго змест як мага лепш. На беларускіх землях пераклады Карана гістарычна былі прадстаўлены на трох мовах: беларускай, польскай і пазней рускай. Наконт беларускага перакладу Карана ў мінулым пытанне ставіў адзін з заснавальнікаў кітабістыкі Антон Антановіч. У сваёй грунтоўнай працы 1968 г. “Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система” ён робіць гіпотэзу пра наяўнасць поўнага перакладу Карана на жывой беларускай мове. Аргументуе свой пункт гледжання ён прысутнасцю падрадковага перакладу вялікіх фрагментаў  каранічнага тэксту ў кітабах.

Пра тое, што пераклады на беларускую мову маглі з’явіцца ў XVІ ст., кажуць характэрныя асаблівасці мовы, калі ў некаторых рукапісах пераважае беларуская мова, альбо калі словы перадаюцца характэрным для беларускага маўлення чынам (гук [г] праз арабскую літару ه , адмысловая дыякрытыка ў літарахد  і ص для гукаў [дз] і [ц]). А. Антановіч прыводзіць і такія прыклады графіка-арфаграфічных асаблівасцей тэкстаў: звонкі і глухі варыянт гука [ž] з [r’] абазначаўся літарай ر , той самай, якой у беларускіх і польскіх тэкстах абазначаецца гук [r], і толькі ў другой палове ХІХ ст. у рукапісах, створаных у некаторых раёнах Літвы, гэты гук сталі перадаваць літараміژ  і ش(у словах тыпу rzeczprzyszedł). Гэтыя прыклады даказваюць доўгачасовы ўплыў беларускіх тэкстаў і жывога беларускага маўлення на складальнікаў і перапісчыкаў рукапісаў[9]

У часы Рэчы Паспалітай пашырылася польская або беларуска-польская “мова” (змяшанае маўленне), у другой палове ХІХ ст. – узмацнілася роля рускай мовы; спробы перадаць сэнсы Карана сродкамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы набіраюць абароты толькі ў ‎‎90-х гг. ХХ ст. 

Сярод унёскаў у пераклад Карана, якія звязаны з беларускай зямлёю, трэба ўзгадаць некалькі важных датаў і імён. Першая з іх – 1686 год – год стварэння першага сэнсавага перакладу Карана на славянскую мову, які зрабіў мусульманін. Гаворка ідзе пра Мінскі тафсір, аўтар якога – імам Ур’яш ібн Ісмаіл, – выканаў поўны пераклад Карана на польска-беларускую “мову”. Даследчыкі зазначаюць, што дадзены пераклад больш дакладны і правільны з пункту гледжання перадачы зместу арабскага арыгінала. 

У другой палове 20-х гг. ХІХ ст. віленскі філамацкі гурток ініцыяваў працу над перакладам Карана на польскую мову дзеля асветы татарскай супольнасці. Першая спроба публікацыі адбылася ў Познані ў 1828 (у іншых крыніцах – у 1848) г. Гэта быў частковы пераклад – з 1-й па 11-ую суры. Наклад быў канфіскаваны пад ціскам расійскіх ўладаў. Аднак фрагменты гэтага перакладу засталіся ў кнізе навагрудскага імама Юзафа Сабалеўскага “Wykład wіary machometańskіej, czylі іślamskіej wyjęty z częścі Kуranu і przykazań proroka Chadіsіem zwanych, і ułożony przez machometanіna Jуzefa z Konkіrantуw Sobolewskіego”, выдадзенай у 1830 г. у Вільні.[10]

Поўны тэкст пераклада Карана быў апублікаваны ў Варшаве ў 1858 г. накладам 1500 экземпляраў. Аўтарства звычайна прыпісвалася татарыну Яну Мурзе Тараку Бучацкаму. Згодна прадмове да перакладу, сааўтарам працы быў не сам Ян, а яго бацька, Селім Бучацкі, які нібыта выканаў гэтую працу ў першыя гады ХІХ ст.[11], а Ян займаўся толькі карэктурай, параўноўваючы тэкст з арабскім арыгіналам і французскім перакладам. Аднак выявілася, што вышэйзгаданы пераклад зрабілі філаматы Дыянісій Хлявінскі і Ігнат Дамейка. Татары, у тым ліку Бучацкія, унеслі толькі невялікія праўкі. Магчыма, з-за царскай цэнзуры пераклад на польскую быў прыпісаны мусульманіну (замест апальных у той час каталікоў). Публікацыя перавыдавалася некалькі разоў, у т.л. у 1985 і 1988 гг., апошняе перавыданне ўласна перакладу Карана было зроблена ў 2015 г. у Вялікабрытаніі.

Калі казаць пра польскія пераклады, якія ўплывалі на супольнасць беларускіх татараў, то трэба ўзгадаць яшчэ частковы пераклад з паралельным арабскім арыгіналам, выкананы ў міжваенны час першым муфціем мусульман Польшчы Якубам Шынкевічам. Ён выйшаў асобным выданнем ў 1935 г. у Сараеве пад назвай “Wersety z Koranu”. Дадзеная праца змяшчае больш за 450 аятаў, падзеленых на тэматычныя блокі, прыкладам: абавязкі мусульманіна перад Аллагам, перад самім сабою.[12]

Выхадцы з Беларусі таксама зрабілі важны ўнёсак у пераклады Карана на рускую мову. У 1881 г. ураджэнец Гродна Уладзімір Гіргас падрыхтаваў “Словарь к арабской хрестоматии и Корану”. Выданне стымулявала працэс стварэння перакладаў Карана на рускую мову непасрэдна з арабскага арыгінала.[13]

У 1921 г‎. працу над перакладам на рускую пачаў знакаміты арабіст, ураджэнец Вільні Ігнацій Крачкоўскі. Яна расцягнулася на 30 год. У 1963 г., праз 12 год пасля смерці аўтара, высілкамі яго вучняў і паплечнікаў было зроблена першае выданне гэтай працы. І. Крачкоўскі ў аснову методыкі свайго перакладу паклаў адмову ад разгляду Карана як пераважна рэлігійна-філасофскага і заканадаўчага помніка. Ён ставіў перад сабой задачу даць пераклад Карана выключна як помніка арабскай літаратуры і таму “вызваліў” яго ад традыцыйных тлумачэнняў (тафсіраў), тым самым пазбавіўшы многія месцы тэксту не толькі красамоўнасці, а і зразумеласці. Да таго ж, шэраг недакладнасцяў і форма падачы вяла да таго, што чытачы-мусульмане адкладалі гэты пераклад, так і не дачытаўшы яго, з-за немагчымасці адэкватна зразумець духоўны змест Святой Кнігі ісламу.

Толькі напрыканцы ХХ ст., у 90-я з’явіўся попыт на пераклад Карана на сучасную беларускую мову. Адной з першых спроб стала невялікая брашура “Свяшчэнны Каран. Анталогія”, выдадзеная татарскім аб’яднаннем “КІТАБ” у Гродне ў 1990 г. Аўтар перакладу асобных аятаў і сур – Томаш Тамашэвіч. Рэдактар – Юсуф Крыніцкі. Мова, з якой рабіўся пераклад – руская, асновай, відавочна стала брашура, якая месціла пераклад асобных сураў, “Священный Коран. Антология”, выдадзеная ў Ісламабадзе (Пакістан).

Пераклад на беларускую мову, зроблены з рускага перакладу І. Крачкоўскага выходзіў у нумарах квартальніка “Байрам. Татары на зямлі Беларусі” з 1991 па 2002 г.. Ён быў даведзены да 52-га аяту 14-й суры.

У другім дзесяцігоддзі ХХІ ст. перакладам Карана займаюцца прадстаўнікі РРА “Духоўнае ўпраўленне мусульман у Рэспубліцы Беларусь”: муфцій ДУМБел Алі Варановіч і беларускі філолаг Дзмітрый Анціпенка.

З 2017 г. да сённяшняга часу вядзецца праца над перакладам Карана ў Мінскай Саборнай мячэці Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь. Вынікі дадзенай працы публікуюцца ў адноўленым часопісе “Байрам”.

А перад вамі – вынік працы беларускага мусульманіна Аляксея Ісмаіла Крыўцова, які цягам трох год працаваў над сваім аўтарскім перакладам. Праца заслугоўвае ўвагі прынамсі таму, што гэта першы поўны пераклад Карана на беларускую мову. Аўтар вырашыў зрабіць свой пераклад падарункам свайму народу. Мы ж зрабілі ў гэту працу свой сціплы ўнёсак, па магчымасці выправіўшы невялікія хібы і надаўшы тэксту большую зразумеласць сучаснаму чытачу. Часам даводзілася пераконваць аўтара ў неабходнасці замены пэўнага слова іншым, і часам аўтар не пагаджаўся з нашымі аргументамі, а часам і мы выяўлялі сваю недасведчанасць. Што ж, усё ведае толькі Бог.

 У нашай частцы працы была выканана праверка пэўных месцаў перакладу аятаў, якія апісваюць атрыбуты Аллага, якасці прарокаў і інш. У гэтай працы была зроблена апора на агульнапрызнаныя тафсіры (Ібн Касіра, Джалялейн і інш.), пераклады праф. Ф. Караоглы, С. Магамедава, а таксама на кнігі «Вероучение ислама (акыда)» (гал. рэд. Р. Аббясаў), даведнік The Enyclopaedіc Іndex of the Quran С. М. Асамы, «Научная критика переводов Корана» К. Рамазанава і інш.

Спадзяемся, наша праца стане нагодай для абуджэння цікавасці беларускамоўных чытачоў і іх далучэння да ісламскіх каштоўнасцей. Таксама спадзяемся, што і рускамоўныя беларусы зацікавяцца роднай мовай, прачытаўшы гэты пераклад. Вядома, не памыляюцца толькі бязгрэшныя прарокі, таму просім Аллага Усявышняга дараваць нам памылкі і недакладнасці. І просім Усявышняга Аллага прыняць нашы высілкі і падараваць узнагароду за нашу супольную працу ў абодвух сусветах. 

Мір вам, літасць Аллага і Яго дабраславенне, шаноўныя чытачы!  

Давуд Радкевіч, бакалаўр тэалогіі, 

Старшыня Рады ўлемаў Мусульманскага 

рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь

Уводзіны

 

Каран – Кніга Усявышняга Бога. Каран быў цалкам захаваны з моманту паслання і застанецца нязменным да заканчэння часоўНягледзячы на тоешто ў арыгінале Каран быў запісаны арабскаю моваюдзякуючы перакладам гэтае Пісанне зрабілася даступным усім тымхто не валодае ёюХоць замяніць арыгінал немагчымапераклады служаць дапаможным сродкам у распаўсюджванні Боскага Слова далёка за межы арабскага светуробячы яго зразумелым кожнаму. Каран нездарма пасланы на арабскай мове. Фактычнагэта мова спрадвечнаенатуры чалавекамова, на якой Усявышні звярнуўся да ўсіх людзейкалі вывеў іх з плоці Адама. Гэты зваротспрадвечна закладзены ў свядомасці кожнага чалавекатаму Каран зразумелы ўсім – адны разумеюць яго свядомаіншыя – на падсвядомым узроўнеГэтая праўда апісаная ў Каране як «выразныя азнакі ў грудзях тых, каму дадзена разуменне». Далей у тым жа аяце гаворыцца: «А адмаўляюць Нашыя азнакі толькі беззаконнікі». (29:49). Гэта значыцьшто адзінабожжаякое раскрываецца ў Каране на ўзроўне свядомасцііснуе ў чалавеку ўжо на падсвядомым узроўні

З гэтае прычыны Каран не з’яўляецца для чалавека чымсьці непрымальным. У сапраўднасці, Каран – гэта заклік пакланяцца толькі Аднаму Богу, што закладзена ў спрадвечнай натуры кожнага чалавекаі з якой ён ужо знаёмы. У Каране паведамляеццашто ўсе наступныя пакаленні людзей першапачаткова  з’явіліся пасля стварэння Адама, і менавіта ў той момант Госпад звярнуўся да ўсяго чалавецтва з заклікам да адзінабожжаГэтая падзея так апісваецца ў Каране«Вось твой Госпад вывеў з плоці сыноў Адама іх нашчадкаў, прымусіўшы сведчыць пра саміх сябе: «Ці не Я ваш Госпад?» Тыя адказалі: «Так, мы сведчым» – каб не казалі вы ў Дзень Ажывання: «Сапраўды, мы не ведалі пра гэта» (7:172). У наступным аяце згадваецца дыялог паміж Усявышнім і чалавекам«Мы прапанавалі адказнасць нябёсам, зямлі і горам, але тыя адмовіліся яе несці і спалохаліся. І панёс яе чалавек – сапраўды, несправядлівы і невуцкі ён» (33:72). Каран – гэта, па сутнасці, тоешто ўжо вядома чалавекуа нештосьці невядомаеФактычна, Каран – гэта сродак пашырэння межаў чалавечага розумуКалі тойхто здолеўзахаваць сваю першапачатковую натуру ад скажаючых яе знешніх уздзеянняў, чытае Каран, клеткі яго мозга пачынаюць «згадваць» першы заклік да Госпада. Улічваючы гэта, не цяжка здагадаццаякую важную ролю маепераклад Карана ў разуменні гэтага працэсу.

Калі просты зварот Усявышняга быў Першым Запаветам паміж Богам і чалавекам, дык Каран – гэта ўжо Другі Запавет паміж імі. І кожны з гэтых Запаветаў  сведчыць пра праўдзівасць другога. Калі хтосьці недастаткова ведае арабскую мову альбо зусім яе не ведае і можа чытаць Каран толькі ў перакладзе, дык не трэба ўпадаць у роспач і думаць, што немагчыма зразумець гэта Пісанне, бо каранічнае ўяўленне чалавека як натуральнага атрымальніка Боскага Слова зрабілася рэальнасцю ў нашыя дні. 

Боская задума

Кожная кніга мае сваю мэту. Мэта Карана – паведаміць чалавеку пра Боскую задуму: распавесці, для чаго Бог стварыў гэты свет; якая мэта знаходжання чалавека на зямлі; што ад яго трэба ў гэтым жыцці, і з чым ён сутыкнёцца пасля сканання. Чалавек створаны як векаістая істота. Калі Усявышні стварыў чалавека гэтакім, Ён падзяліў яго жыццё на два перыяды: перыяд да сканання – час іспыту, і перыяд пасля сканання – час атрымання ўзнагароды альбо пакарання за тое, што чалавек заслужыў сваімі дзеяннямі пры жыцці. Тут маецца на ўвазе альбо вечная асалода ў раі, альбо вечнае пакаранне ў пеклеКаран быў пасланы з мэтаю абвяшчэння людзям пра тое, што іх чакаеГэтая тэма праходзіць чырвонаю ніткаю праз усё Боскае Пісаннеякое служыць для чалавека правадыром на працягу ўсяго ягонага падарожжа з зямнога жыцця ў жыццё вечнаеНе памылімся, калі скажам, што чалавек – па жыцці шукальнікКожнаму ў галаву прыходзілі такія пытанні: «Хто я? Якая мэта майго жыцця? У чым сэнс жыцця і смерці? У чым сакрэт чалавечага поспеху і нядолі?» і г.д. Паводле Карана, адказ на ўсе гэтыя пытанні палягае ў тым, што зямное жыццё – усяго толькі выпрабаванне, і якімі бы матэрыяльнымі дабротамі не быў надзелены ў ёй чалавек, гэта ўсяго толькі частка выпрабавання. А вось апошняе жыццё – гэта месца, дзе Усявышні Госпад падвядзе вынік зямнога жыцця чалавека, і што б чалавек не атрымаў у Судны Дзень за свае дзеянні – узнагароду альбо пакаранне – яму спаўна адплацяць па заслугах. Таму сакрэт поспеху ў гэтым жыцці для чалавека заключаецца ў разуменні Боскай задумы і прытрымліванні яго.

Кніга Боскае засцярогі

Каран – Кніга Боскае засцярогіГэта збор урокаў і павучанняў, які можна назваць Кнігаю мудрасціПры гэтым Каран не будуецца па канонах традыцыйнай дыдактычнай кнігіФактычнакалі звычайны чытач знаёміцца з Каранам, гэтае Пісанне падаецца яму зборам урыўкавых выслоўяў. Такое пачуццё сапраўды можа з’явіцца. Аднак такая структура Карана зусім не з’яўляецца ягонай заганай. Наадварот, гэта цалкам адпавядае каранічнаму плану па захоўванні яго першапачатковай і ддасканалай формы для перадачы праўды чытачу, які за адзін раз можа прачытаць усяго адну старонку, адзін верш (аят) альбо адзін радок. Адным з  найважнейшых прынцыпаў Карана з’яўляецца тое, што ён нагадвае людзям пра даброты, якія даў ім іх Найвялікшы Абаронца. Найважнейшыя з іх – дасканалыя якасці, якімі Усявышні надзяліў чалавека, стварыўшы яго. Іншая вялікая ласка палягае ў пасяленні чалавека на Зямлі, дзе створаныя ўсе неабходныя ўмовы для яго жыццядзейнасці. Мэта Карана – данесці да чалавека думку пра тое, што карыстаючыся дадзенымі яму дабротамі, чалавек не павінен забывацца на Таго, Хто надзяліў яго ўсімі гэтымі дабротамі: ён мусіць усведамляць вялікую шчодрасць свайго Стваральніка. Калі чалавек будзе трымацца гэтых загадаў, дык яго прыстанкам стане вечны рай; калі ж ён праігнаруе волю Ўсявышняга, то яго прыстанкам стане вечнае пекла. Па сутнасці, Каран нагадвае чалавеку пра гэтую непазбежную рэальнасць.

Унутраная духоўнасць і ўсведамленне праўды

Каран нясе ў сабе асноўныя жыццёва важныя прынцыпы, значнасць якіх падкрэсліваецца іх паўтарэннем. З іншага боку, другасныя прынцыпы, якія маюць дачыненне толькі да формы, складаюць нязначную па аб’ёме частку Пісання. У Каране вылучаныя толькі тыя пункты, якія выконваюць кіруючую ролю. Яны нагэтулькі зразумелыя, што ўсялякі чытач здольны ацаніць іх важнасць. Праўда ў тым, што ўнутраная духоўнасць – гэта найважнейшы будаўнічы матэрыял у фарміраванні асобы кожнага мусульманіна. Як толькі нутраная духоўнасць дасягне ўзроўню належнага развіцця, за ёй натуральным чынам накіруецца і вонкавая форма, але сама па сабе вонкавая форма ніколі не здолее спарадзіць ўнутраную духоўнасць. 

Боскае Слова

Калі вы будзеце чытаць Каран, дык убачыце, што ў ім неаднаразова сказана, што гэтае Пісанне з’яўляецца Словам Бога. Гэта відавочны факт, і калі вы паглядзіце на кантэкст, гэта сцвярджэнне можа падацца вам надзвычайнымУ свеце існуе багата кнігякім надаюць статус свяшчэнных пісанняў, але мы не здолеем знайсці аніводнай кнігі, апроч Карана, якая пазіцыянавала б сябе як простая Гаворка Бога. Гэтая заява, якая маецца толькі ў Каране, дае чытачу падставу для разважанняў. Ён ужо не ставіцца да Карана як да звычайнай кнігі, напісанай чалавекам. Наадварот, ён успрымае яго, як нешта асаблівае. Мы знаходзім у Каране неаднаразовыя сцвярджэнні, галоўная думка якіх можа быць сфармулявана такім чынам: «О людзі, гэта ваш Госпад, Які звяртаецца да вас! Слухайце ж Яго і накіроўвайцеся за Ім!» Нават сам стыль звяртання ў Каране асаблівы. Такога наўпроставага Боскага закліку няма больш ні ў адной іншай кнізе

Ён аказвае ўражанне на людзей, і чытач адчувае, што яго Госпад звяртаецца менавіта да ягоГэта адчуванне прымушае чалавека прымаць аяты Карана са ўсёй сур’ёзнасцю, не ставіцца да іх як да тэксту звычайнай кнігі.Кампазіцыя Карана таксама з’яўляецца ўнікальнаю з’яваю. У той час як кнігі, напісаныя людзьмі, звычайна маюць спіс крыніцаў, упарадкаваны ў алфавітным парадку ад А да Я, у Каране вы не ўбачыце падабенства з гэтаю нормаю. Абывацелю гэта можа здацца хібай. Але насамрэч, пры ўважлівым вывучэнні, Каран паўстае цалкам лагічнай і ўпарадкаванай Кнігаю, змест якой надзелены найвышэйшай ступенню красамоўства. Чытаючы Каран, мы адчуваем  перавагу яго Аўтара, Які глядзіць на чалавецтва і звяртаецца да яго са Сваёй Прамоваю, што з’яўляецца толькі Яго выключным правам. Гэты зварот адрасаваны разнастайным супольнасцям людзей і адначасова тычыцца іх усіх. Асаблівасцю Карана з’яўляецца тое, што яго чытач у любы момант можа звярнуцца да яго Аўтара, задаць пытанні і атрымаць адказы на іх, бо Аўтар Карана – Сам Госпад. Ён – Вечна Жывы Стваральнік усяго існага, Ён чуе нашыя мальбы і адказвае на іх. 

Мірная ідэалагічная барацьба

У тых, хто знаёмы з Каранам толькі праз сродкі масавай інфармацыі, узнікае  ўражанне, нібыта Каран – гэта кніга джыхада, а джыхад для іх – гэта нішто іншае, як спроба дасягнуць мэты праз гвалт. Але гэтае ўяўленне грунтуецца на памылковым разуменні сутнасці Ісламу. Любы, хто чытаў Каран сам, лёгка зразумее, што яго пасланне не змяшчае ў сябе і намёку на гвалт. Ад першай да апошняй старонкі Каран абвяшчае мірі нідзе ў ім вы не знойдзеце заахвочвання да гвалту. Джыхад сапраўды з’яўляецца адным з запаветаў Каранаале слова “джыхад”калі зразумець яго сапраўдны сэнс, азначае мірную барацьбу, а не гвалтоўныя дзеянніПаняцце джыхада ў Каране выказана ў наступным аяце: «Таму не слухайся нявернікаў, а змагайся супраць іх з дапамогаю гэтага вялікага Карана вялікаю барацьбою (25:52). Відавочна, што Каран – гэта не зброя, а Кніга, якая дае нам уяўленне аб Боскіх прынцыпах мірнае барацьбыІпаводле Карана, прынцыпы гэтыя такія: «Аллаг ведае тое, што ў іх сэрцах. Так што адхініся ад іх, але павучай іх і кажы ім у самоце слова пераканаўчае» (4:63). Паводле Карана, метад вядзення такой барацьбы палягае ва ўплыве на розумы і сэрцы людзей. Гэта азначае, што толькі праз уплыў на розум чалавека, метад вядзення мірнае барацьбы можа стаць пераканаўчым доказам праўдзівасці Карана і можа падштурхнуць чалавека да інтэлектуальнай рэвалюцыі. Гэта місія Карана, і гэтая місія можа быць выкананая толькі пры наяўнасці доказаў.

Аніякімі гвалтоўнымі дзеяннямі гэтая мэта ніколі не можа быць дасягнутая. Вядома, у Каране сапраўды ёсць аяты, якія змяшчаюць наступныя загады: «Пазбаўляйце жыцця нападнікаў паўсюль, дзе знойдзеце» (2:191). Спасылаючыся на такія аяты, некаторыя спрабуюць рэпрэзентаваць іслам як рэлігію вайны ды гвалту. Аднак гэта відавочная аблуда, бо гэтыя аяты тычацца толькі тых, хто сам развязвае вайну з мусульманаміПрыведзены вышэй аят не з’яўляецца агульным заклікам у ісламе, ён мае канкрэтны, абмежаваны пэўнымі ўмовамі напрамак. Справа ў тым, што Каран не быў пасланы ў выглядзе суцэльнага Пісання, то бок у той форме, у якой ён існуе цяперЁн пасылаўся на працягу 23 год часткамі, кожная з якіх была звязаная з пэўнай падзеяй. Калі яго падзяліць працэс пасылання на ваенныя і мірныя перыяды, дык тое, што пасылалася ў мірны час, складае агулам 20 год, а ў ваенны час – усяго 3 гады. Адкрыцці на працягу гэтых 20 мірных гадоў прадстаўлялі сабою навучанне ісламу як рэлігіі міра, пра што і сказана ў аятах, датычных веры ў Адзінага Бога, пакланення Яму Аднаму, маральных нормаў, судовай сістэмы і г.д. Такі падзел запаветаў на катэгорыі цалкам натуральны і ўласцівы кожнаму рэлігійнаму пісанню.

Напрыклад, Бхагавад-гіта, свяшчэннае пісанне індуістаў, распавядае пра мудрасць і маральныя каштоўнасці. Аднак поруч з гэтым Бхагавад-гіта змяшчае наказы Крышны, які  падахвочвае Арджуну ваяваць (Бхагавад-гіта, 3:30). Гэта зусім не значыць, што тыя, хто вераць у Бхагавад-гіту, мусяць заўсёды весці войны. І ўрэшце, той жа Махатма Гандзі вывеў сваё вучэнне негвалтоўнага супраціву з мірных прынцыпаў, закладзеных у Бхагавад-гіце.

Заклік да развязання вайны ў Бхагавад-гіце адносіцца толькі да выключных выпадкаў, калі абставіны не пакідаюць іншага выбару. Аднак у астатнім яна змяшчае тыя ж мірныя загады, з якіх потым вывеў сваю філасофію Махатма Гандзі. Калі працягнуць гэтую тэму, дык падобнае казаў і Ісус: «Не думайце, што я прыйшоў прынесці мір на зямлю; не мір прыйшоў я прынесці, але меч» (Евангелле ад Мацея, 10:34). Было б памылкова зрабіць выснову, што рэлігія, якую нёс Ісус, была заснаваная на жорсткасці і гвалце, бо, як мы пераканаліся, гаворка тут ідзе пра выключныя выпадкі. Што ж да жыцця ўвогуле, дык Ісус прапаведаваў мірныя каштоўнасці, такія як узаемная любоў, дапамога незаможным і г.д.

Тое самае адносіцца і да Карана. Калі прарок Мухаммад перабраўся з Мэккі ў Мэдзіну, паганскія плямёны развязалі супраць яго вайну. Аднак прарок ухіляўся ад іх нападаў, праяўляючы трыванне і вытрымку. Часам жа пагане не пакідалі яму іншага выбару, і ён быў прымушаны бараніцца. Менавіта пра такія абставіны згадваецца ў каранічных аятах, якія змяшчаюць заклікі да барацьбы. Па гэтай прычыне прарок быў названы «літасцю да сусветаў» (21:107). Іслам – рэлігія міра ў самым поўным сэнсе гэтага слова. У Каране іслам апісваецца як «шляхі міру» (5:16), а ў якасці найлепшай палітыкі ён абвяшчае «мірнае пагадненне» (4:128) і паведамляе, што Усявышні «не любіць прыгнятальнікаў» (2:205). Мы можам з поўнаю ўпэўненасцю заяўляць, што іслам і гвалт не маюць абсалютна нічога агульнага. 

Пасланае адкрыццё

Каран – Кніга боскага Адкрыцця, пасланая прароку Мухаммаду, мір яму і блаславенне. Каран не быў пасланы яму цалкам за адзін раз. Не, ён пасылаўся часткамі, на працягу 23 годПасланне  Адкрыцця  пачалося ў 610 годзе н.э., калі прарок Мухаммад жыў у Мэццы.

У далейшым адкрыцці працягвалі пасылацца  рэгулярна, і апошняя частка была пасланая ў 632 годзе, калі прарок знаходзіўся ў Мэдзіне. Каран складаецца з 114 сураў (раздзелаў), як доўгіх, так і кароткіх, якія налічваюць звыш 6000 аятаў. Для зручнасці чытання Каран пазней быў падзелены на 30 частак. Усе суры і аяты былі ўпарадкаваныя пад кіраўніцтвам анёла Джыбрыля (Габрыеля), праз якога і пасылаліся  боскія адкрыцці. Да часу пасылання Каранау першай чвэрці VІІ стагоддзяпапера была ўжо вынайдзенаяГэтая папера, вядомая нам як “папірус”, рабілася рукамі з валакна пэўных раслін. Як толькі прароку пасылалася нешта з Карана, атрыманае адкрыццё адразу запісвалася на розных матэрыялах, у тым ліку і на папірусе (арабск. “кыртас” (папера, скрутак). гл. Каран, 6:7). Адначасова людзі завучвалі пасланыя аяты на памяць, чытаючы іх у малітвах і цытуючы іх дзеля закліку да ісламу. Людзі дагэтуль працягваюць перапісваць Каран і завучваць яго на памяць. Такі мэтад захоўвання тэкста Карана ўжываўся яшчэ пры жыцці прарока Мухаммада, дзякуючы чаму Каран дагэтуль існуе ў нязменным выглядзе. У трэцяга праведнага халіфа, Усмана ібн Аффана, было некалькі копій КаранаЁн накіраваў іх у розныя гарады, дзе яны былі захаваныя ў саборных мячэцяхі дзе людзі не толькі завучвалі Каран з гэтых копійале і рабілі новыя. Перапісванне Карана ад рукі працягвалася аж да з’яўлення друкарняў, калі дзякуючы прамысловай рэвалюцыі паперу пачалі вырабляць у вялікіх маштабах, і копіі Карана сталі друкаванымі. 

Па меры таго, як удасканаліліся друкарскія станкі, паляпшаўся і друк Карана. У нашыя дні друкаваныя копіі Карана распаўсюдзіліся нагэтулькі, што іх можна знайсці амаль у кожнай у кожнай хаце, мячэці, бібліятэцы альбо ў кнігарніСёння кожны чалавек можа знайсці якасна надрукаваны асобнік Карана, у якім бы кутку зямлі ён не знаходзіўся.

Чытанне Карана

У Каране сказана«Чытай Каран мерна!» (73:4). Гэта значыць чытай Каран ‘павольна і нараспеў’, то бок ‘чытай аяты, звяртаючы ўвагу на сэнс зместу’. Прытрымліваючыся гэтага загадучытач адчувае двухбаковую сувязь з Каранамуспрымаючы яго як Гаворку Госпада, якая звернутая да яго, а сэрца яго туруе кожнаму аяту. Чытаючы Каран, дзе ўсё гаворыць пра веліч Усявышняга, чытач пачынае ўсведамляць, што яго ўсё існаванне знаходзіцца ва ўладзе яго Госпада. Калі ў Каране пералічваюцца даброты Творцы, сэрца чытача перапаўняе ўдзячнасць; калі ў Каране апісваецца Боскае пакаранне, чытач палохаецца яго; калі ў Каране прыводзіцца загад  Усемагутнага, чытача апаноўвае адчуванне пакорлівасці свайму Госпаду і імкненне выканаць Яго загад.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Спіс адпаведнікаў:                                Пісанні:

Прарокі:                                                   Таўрат – Тора

Ібрагім – Аўраам                                       Забур – Псалтыр

Муса – Маісей                                          Інджыль – Евангелле

Юнус – Іёна                                                         

Ідрыс – Енох

Ісмаіль – Ізмаіл                                         

Гарун – Аарон

Ільяс – Ілія

Нух – Ной

Ісхак – Ісак

Дауд – Давыд

Альяса – Елісей

Гуд – Эвер

Якуб – Якаў

Сулейман - Саламон 

Закарыя – Захарыя

Аюб – Іоў

Яхья – Іаан

Лут – Лот

Шуайб – Іафор

Зулькіфль – Езыкіль

Іса – Езус

                                                                     

                                                                                                                                                           

 

 

 

                                       Заўвага перакладчыка.

   Па просьбе выдаўцоў ужо пасля рэдакцыі спадара Д.Радкевіча былі адзначаныя некаторыя якасці Усявышняга Госпада без тлумачэння і параўнання з чалавечымі, да чаго спадар Д. Радкевіч дачынення не мае.

 

 

 

Сура 1. Аль-Фаціха

(Адкрываючая)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Хвала Аллагу, Госпаду сусветаў!

2. Літасціваму, Міласэрнаму,

3. Уладару Суднага Дня.

4. Толькі Табе мы пакланяемся і толькі ў Цябе просім дапамогі.

5. Вядзі нас простым шляхам!

6. Шляхам тых, каго Ты надзяліў дабротамі,

7. а не тых, хто пад гневам Тваім, і не аблудных.

 

 

Сура 2. Аль-Бакара

(Карова)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Аліф. Лям. Мім.

2. Гэта – Пісанне, у якім няма сумневу, – просты шлях для збожных,

3. якія вераць у таемнае, выконваюць малітву і ахвяруюць з таго, чым Мы надзялілі іх,

4. якія вераць у тое, што паслана табе і ў тое, што паслана перад табою, і ўпэўненыя ў існаванні наступнага жыцця.

5. Яны на шляху іх Госпада, яны будуць мець поспех.

6. Сапраўды, тым, якія з’яўляюцца нявернікамі, усё адно, будзеш ты іх засцерагаць альбо не – яны не павераць.

7. Аллаг запячатаў іх сэрцы і слых, а на іх вачах заслона. На іх чакае вялікае пакаранне.

8. Ёсць сярод людзей такія, хто кажа: «Мы паверылі ў Аллага і ў Апошні Дзень» – але насамрэч не вераць яны!

9. Яны спрабуюць ашукаць Аллага і тых, якія паверылі, але насамрэч яны ашукваюць саміх сябе. І гэтага не разумеюць.

10. Іх сэрцы хворыя і Аллаг узмацніць гэтую хваробу. На іх чакае пакутлівае пакаранне за тое, што яны казалі няпраўду.

11. Калі кажуць ім: «Не чыніце ганьбы на зямлі», – яны адказваюць: «Ды мы робім толькі найлепшым чынам».

12. Але не! Сапраўды, яны сеюць калатню на зямлі, хоць самі не адчуваюць гэтага.

13. І калі кажуць ім: «Паверце так, як паверылі людзі», – дык яны адказваюць: «Няўжо мы паверым так, як паверылі дурныя?» О не! Сапраўды, гэта яны – дурныя, але самі гэтага не ведаюць.

14. І калі яны сустракаюць тых, якія паверылі, кажуць: «Мы паверылі!» А калі застаюцца сам-насам са сваімі шатанамі, дык кажуць: «Мы – з вамі і мы толькі здзекваліся».

15. Аллаг скарае іх здзекамі і пакіне іх блукаць у непаслушэнстве!

16. Яны – тыя, якія набылі хлусню за просты шлях! Але няма прыбытку ў гэтай справе і не ідуць яны простым шляхам.

17. Яны – як тыя, хто распаліў агонь, а калі ён асвятліў усё вакол, Аллаг забраў гэтае святло, пакінуўшы іх у цемры, і нічога не бачаць яны.

18. Глухія, нямыя, невідушчыя! Яны не паварочаюцца да веры.

19. Альбо падобныя да тых, што трапілі пад лівень з хмары на небе, а там – цемра, гром, маланка. Яны баяцца смерці і затуляюць пальцамі вушы, калі ўдарае маланка. Аллаг атачае нявернікаў.

20. Маланка ледзь не пазбаўляе іх зроку. Калі яна свеціць у іх бок, яны ідуць, а калі ахутвае цемра, спыняюцца. Калі б Аллаг пажадаў, дык забраў бы іх зрок і слых. Сапраўды, Аллаг здольны на кожную рэч.

21. О вы, людзі! Пакланяйцеся вашаму Госпаду, Які стварыў і вас, і тых, што жылі перад вамі. Магчыма, вы будзеце збожнымі.

22. Таму, Хто стварыў для вас зямлю ложкам, а неба – столлю, Хто паслаў з неба ваду і праз гэта нарабіў плёну для вашага жыцця. Таму не надавайце Аллагу раўню, бо вы ведаеце.

23. Калі вы вагаецеся ў тым, што Мы паслалі Нашаму рабу, дык прынясіце суру, падобную да гэтай! І заклічце сваіх сведкаў, апроч Аллага, калі вы праўдзівыя.

24. А калі вы гэтага не зробіце – а вы ніколі не зробіце гэтага – дык бойцеся Агню, у якім гараць людзі і камяні. Ён чакае на нявернікаў.

25. Распавядзі добрую вестку тым, якія паверылі і рабілі дабро. Чакаюць на іх сады, дзе струменяць рэкі. Калі надзяляюць іх плёнам адтуль, яны кажуць: «Гэта тое, чым надзялялі нас раней» – але насамрэч яно толькі падобнае да таго. Будуць мець яны там чыстых жонак. І будуць яны там павек.

26. Сапраўды, Аллаг не пасаромеецца прывесці прыклад камара альбо і нешта большае за яго. Таму вернікі ведаюць, што такая прыпавесць – праўда ад Госпада іх, а тыя, якія не паверылі, кажуць: «Што жадаў сказаць Аллаг гэтай прыпавесцю?» Шмат каго ён збівае ёю са шляху, а шмат каго вядзе простым шляхам. А ён збівае са шляху толькі непакорлівых,

27. тых, якія парушаюць запавет Аллага пасля яго прыняцця, разрываюць тое, што Аллаг загадаў злучыць, ды і робяць ганьбу на зямлі! Менавіта яны страцяць усё.

28. Як, вы не верыце ў Аллага? Вы былі нежывымі, а Ён даў вам жыццё. Потым ён нанова зняжывіць вас і нанова даруе вам жыццё, і вы паварочаецеся да Яго.

29. Ён – Той, Хто стварыў для вас усё, што на зямлі, а потым Ён скіраваў позірк да неба і зрабіў сем нябёсаў. Ён ведае пра кожную рэч.

30. І калі сказаў Госпад твой анёлам: «Я пастаўлю намесніка на зямлі!» – яны спыталі: «Ты жадаеш паставіць там таго, хто рабіцьме ганьбу і праліваць кроў, тады як Мы ўслаўляем Цябе хвалою і шануем Тваю святасць?» Ён адказаў: «Я ведаю тое, чаго вы не ведаеце».

31. І Ён навучыў Адама ўсім імёнам, а потым паказаў іх анёлам і сказаў: «Назавіце Мне гэтыя імёны, калі вы праўдзівыя».

32. Тыя адказалі: «Прачысты Ты! Мы ведаем толькі тое, чаму Ты навучыў нас».

33. Тады сказаў Ён: «О Адаме! Назаві ім гэтыя імёны». А калі той назваў ім гэтыя імёны, Ён сказаў: «Ці не казаў я вам, што ведаю таемнае нябёсаў і зямлі, і ведаю тое, што адкрываеце вы і што хаваеце?»

34. І калі Мы сказалі анёлам: «Пакланіцеся нізка Адаму!» – дык пакланіліся ўсе, апроч Ібліса, які адмовіўся, заганарыўся і зрабіўся нявернікам.

35. І Мы сказалі: «О Адаме! Жыві разам са сваёй жонкаю ў раі. Ежце досыць, калі б вы ні пажадалі. Але не набліжайцеся да гэтага дрэва, бо зрабіцеся аднымі з непакорлівых!»

36. Аднак шатан прымусіў іх зачапіцца аб яго. Таму яны пакінулі тое, што было там, і Мы сказалі: «Выйдзіце! І адны з вас будуць ворагамі для іншых. Зямля зробіцца для вас сховішчам і вы будзеце мець там пражытак – да пэўнага часу!»

37. І Адам прыняў словы свайго Госпада і павініўся перад Ім. Сапраўды, Ён – прымае каянні, Міласэрны.

38. І мы сказалі: «Выйдзіце адтуль усе!» А калі прыйдзе ад Мяне да вас просты шлях, дык тыя, хто будзе ісці Маім простым шляхам, не мецьмуць боязі і не сумавацьмуць.

39. А тыя, якія не верылі і лічылі Нашыя азнакі хлуснёю, яны – жыхары пекла. Будуць яны там павек.

40. О сыны Ісраіля! Згадайце Мае даброты, якімі Я надзяліў вас. Трымайцеся запавету са Мною і Я буду трымацца запавету з вамі. І толькі Мяне бойцеся.

41. І паверце ў тое, што Я паслаў як сцвярджэнне дадзенага вам, і не будзьце першымі, хто не паверыць у гэта. Не прадавайце азнакаў Маіх за нізкую вартасць і бойцеся толькі Мяне.

42. Не блытайце праўду з хлуснёю і не хавайце праўды, бо вы яе ведаеце.

43. Здзяйсняйце малітву, давайце закят і схіляйце калені разам з тымі, хто ўжо робіць гэта.

44. Няўжо вы заклікаеце людзей да праведнасці і забываецеся на сябе? Вы ж чытаеце Пісанне! Хіба вы не разумееце?

45. Шукайце дапамогі ў трыванні ды малітве. Гэта цяжка для ўсіх, апроч ціхмяных,

46. якія ўпэўненыя, што сустрэнуць Госпада свайго і паварочаюца да Яго.

47. О сыны Ісраіля! Згадайце даброты Мае, якімі Я вас надзяліў. Я ўзвышаў вас над усімі астатнімі жыхарамі сусветаў.

48. І бойцеся таго Дня, калі ніводная душа не атрымае пакарання за іншую, і не прымуць ад яе абароны, і не прымуць ад яе выкупу. І ніхто не мецьме памагатых.

49. І вось мы выратавалі вас ад роду Фараона, які чыніў вам цяжкія пакуты, забіваючы вашых сыноў, пакідаючы ў жывых вашых жанчын. І ў гэтым для вас вялікае выпрабаванне ад вашага Госпада.

50. І Мы раздзялілі для вас мора і выратавалі вас, і ўтапілі ў ім род Фараона. І вы бачылі гэта.

51. І Мы вызначалі Мусе сорак начэй. Але пасля гэтага вы пачалі пакланяцца цяляці. Вы непакорлівыя!

52. І потым мы даравалі вам – магчыма, вы будзеце ўдзячныя.

53. І Мы даравалі Мусе Пісанне і Адрозніванне – мабыць, вы пойдзеце простым шляхам.

54. І вось сказаў Муса свайму народу: «О народзе мой! Узяўшы для пакланення цяля, вы былі несправядлівыя самі да сябе. Павініцеся ж перад сваім Творцам і пазбаўце жыцця непакорлівых з вас – так будзе лепей для вас перад вашым Творцам. І прыме Ён вашае каянне, сапраўды, Ён – прымае каянні, Міласэрны».

55. І вось вы сказалі: «О Мусе! Мы не паверым табе, пакуль не ўбачым Аллага на свае вочы». І паразіла вас маланка, калі глядзелі вы.

56. А потым Мы адродзілі вас пасля вашай смерці – магчыма, вы будзеце ўдзячныя.

57. І зацянілі Мы вас хмараю і паслалі вам манну і падпалух: «Ежце даброты, якімі Мы надзялілі вас». Яны былі несправядлівыя не да нас, а да саміх сябе.

58. І мы сказалі: «Увайдзіце ў гэтае паселішча. Ежце досыць, калі вы жадаеце і дзе жадаеце!» Увайдзіце ў браму, нізка пакланіцеся і скажыце: «Прабач нас!» – каб Мы даравалі вашыя грахі і памножылі ўзнагароджаннеправеднікам.

59. Тыя, хто абыходзіцца несправядліва, падмянілі сказаныя для іх словы на іншыя. Таму мы паслалі на тых, хто здзяйсняе несправядлівасць, нябеснае пакаранне за тое, што яны чынілі ганьбу.

60. І калі Муса папрасіў вады для свайго народа, дык Мы сказалі: «Стукні сваім кіем у скалу!» І пацяклі адтуль дванаццаць крыніцаў. І кожнае племя ведала, адкуль яму піць. «Ежце і піце з таго, чым надзяліў вас Аллаг. І не сейце на зямлі ліха».

61. І вось вы сказалі: «О Мусе! Цяжка нам есці адно і тое ж. Папрасі свайго Госпада, каб Ён выгадаваў для нас тое, што расце на зямлі: зеляніна, агуркі, часнык, сачавіцу і цыбулю». Адказаў Муса: «Няўжо вы просіце падмяніць тое, што лепей, на нешта нізкае? Ідзіце ж у кожнае паселішча. Там будзе вам тое, чаго вы просіце». Іх напаткалі знявага і галеча, ды і яны наклікалі на сябе гнеў Аллага. Гэта ім за тое, што яны не верылі ў азнакі Аллага, што забівалі прарокаў без права на тое, што ўчынялі непаслушэнства і былі парушальнікамі.

62. Сапраўды, тым, хто паверыў, і юдэям, і тым, якія з’яўляюцца хрысціянамі, і сабеям – усім, хто паверыў у Аллага і ў Апошні Дзень і хто рабіў дабро – узнагароджанне ў іх Госпада. Яны не мецьмуць страху і не сумавацьмуць.

63. І калі Мы ўзялі з вамі Запавет і ўзнялі над вамі гару: «Моцна трымайцеся таго, што Мы далі вам!

64. Але пасля гэтага вы адхінуліся. Ды калі б не шчодрасць Аллага да вас ды не Яго літасць, вы б абавязкова панеслі страты.

65. Вы ведалі тых з вас, хто парушаў суботу. Таму мы сказалі ім: «Будзьце агіднымі малпамі!»

66. Мы зрабілі гэта пакаранне прыкладам для сучаснікаў і спадчыннікаў, навучаннем для збожных.

67. І калі Муса сказаў народу свайму: «Сапраўды, Аллаг загадвае вам зарэзаць карову». Яны спыталі: «Ты кпіш з нас?» Той адказаў: «Шукаю абароны ў Аллага, каб не быць невукам».

68. Яны сказалі: «Папрасі Госпада свайго, каб Ён патлумачыў нам, якою яна павінна быць». Муса адказаў: «Ён кажа: карова павінна быць і не старою, і не цялушкаю, а чымсьці сярэднім паміж гэтым. Таму рабіце, што загадана вам».

69. Яны сказалі: «Папрасі свайго Госпада, каб ён патлумачыў нам, якой масці яны павінна быць!» Муса адказаў: «Ён кажа: карова павінна быць рудою, светлага адцення. Яе колер цешыць таго, хто на яе зірне».

70. Яны сказалі: «Папрасі свайго Госпада, каб ён патлумачыў нам, якой яна павінна быць, бо ўсе каровы для нас аднолькавыя. Тады, калі пажадае Аллаг, мы абавязкова пойдзем правільным шляхам».

71. Муса адказаў: «Ён кажа, што гэтая карова, якая не арэ і не ходзіць перад колам для арашэння, свабодная ад усялякіх заганаў альбо плямаў». Яны адказалі: «Цяпер ты прыйшоў да нас з праўдаю». І яны зарэзалі яе, хоць меліся ўжо не рабіць гэтага.

72. І калі вы забілі жывую душу і спрачаліся пра гэта, Аллаг раскрыў тое, што вы хавалі.

73. Мы сказалі: «Стукніце забітага пэўнай часткаю каровы. Так Аллаг ажыўляе нежывых і паказвае вам Свае азнакі – магчыма, вы зразумееце».

74. Потым вашыя сэрцы зрабіліся жорсткімі і сталі як камень альбо і цвярдзей за яго! Але ёсць скалы, з якіх струменяць ручаі. А яшчэ такія, што расколваюцца і выходзіць з іх вада. А ёсць і такія, што падаюць ад боязі перад Аллагам. І Аллаг не забываецца на тое, што вы робіце.

75. Няўжо вы спадзяецеся, што яны павераць вам? Нехта чуў словы Аллага, а потым, зразумеўшы, скажаў іх. І яны гэта ведалі.

76. І калі яны сустракалі тых, якія паверылі, і казалі: «Мы паверылі!» А застаючыся сам–насам, казалі: «Навошта вы расказваеце ім тое, што Аллаг адкрыў вам? Няўжо для таго, каб яны карысталіся гэтым як доказам супраць вас перад вашым Госпадам? Няўжо вы не разумееце?»

77. Хіба яны не ведаюць, што Аллаг ведае тое, што яны хаваюць, і тое, што яны адкрываюць?

78. Сярод іх ёсць непісьменныя, якія не ведаюць Пісання, а толькі дарэмна спадзяюцца. Але гэта – іх прыдумкі.

79. Гора тым, хто піша Пісанне ўласнаручна, а потым кажа: «Гэта – ад Аллага!» – каб прадаць гэта за мізэрную вартасць. Гора ім за тое, што напісалі яны, і гора ім за тое, што яны сабе здабылі.

80. Яны кажуць: «Агонь не закране нас, хіба што на лічаныя дні». Скажы: «Няўжо вы склалі запавет з Аллагам? Тады Аллаг ніколі не зменіць Сваёй абяцанкі. Ці ж вы кажаце пра Аллага тое, чаго і самі не ведаеце».

81. Але не! Тыя, хто ўчыніў ліха, каго аблытаў уласны грэх, яны – жыхары агню. Будуць яны там павек.

82. А тыя, хто паверыў і рабіў дабро, яны – жыхары раю. Будуць яны там павек.

83. Вось мы склалі запавет з сынамі Ісраіля: «Не пакланяйцеся нікому, апроч Аллага, стаўцеся лепш да бацькоў, іншых сваякоў, сірацін і тых, хто мае патрэбу. Кажыце людзям добрае слова, здзяйсняйце малітву, давайце закят». Але потым вы адхінуліся, апроч нешматлікіх, і адступілі.

84. Мы склалі запавет з вамі: «Не пралівайце крыві адно аднаго і не выганяйце адно аднаго з вашага жылля». Вы сцвердзілі гэта і сведчылі пра гэта.

85. Але потым вы пачалі забіваць адно аднаго і выгналі частку з вас з вашага жылля. Патуралі вы адно аднаму ў граху і варожасці. А калі тых прыводзяць да вас палоннымі, вы даяце за іх выкуп. Але ж было забаронена вам выганяць іх. Няўжо вы верыце ў адну частку Пісання, адмаўляючы іншую? Дык якое ўзнагароджанне прымее быць тым, хто робіць гэта, як не ганьба ў зямным жыцці? У Дзень Ажывання скараюць вас яшчэ лютаю караю. Аллаг не абміне таго, што вы робіце.

86. Яны – тыя, хто купіў зямное жыццё за жыццё будучае. Не будзе палегчана ім пакаранне і не будзе ім дапамогі.

87. Мы даравалі Мусе Пісанне і ўслед за ім накіравалі пасланцоў. Мы даравалі Ісе, сыну Мар’ям, выразныя азнакі і падтрымалі яго Духам Святым. Кожны раз, калі прыходзіў да вас пасланец з тым, што было вам не па душы, вы ганарыліся. Адных вы лічылі за хлусаў, іншых – забівалі.

88. Яны кажуць: «Запячатаныя сэрцы нашыя!» О не, няхай Аллаг пракляне (аддаліць ад Сваёй ласкі) іх за іх няверу. Мала сярод іх вернікаў.

89. І вось прыйшло да іх Пісанне ад Аллага (Каран), якое пацвярджае тое, што ўжо ёсць у іх. Раней яны прасілі перамогі над тымі, хто не верыць, а калі прыйшло да іх вядомае ім, дык яны самі не паверылі. Няхай жа будзе праклён Аллага над нявернікамі!

90. Ліхое тое, што набылі яны наўзамен на свае душы, не паверыўшы ў тое, што паслаў Аллаг, зайздросцячы таму, што Аллаг даруе з шчодрасці Сваёй таму з рабоў Сваіх, каму пажадае. І яны наклікалі на сябе падвойны гнеў. Нявернікаў чакае зневажальнае пакаранне.

91. І калі кажуць ім: «Паверце ў тое, што паслаў Аллаг!» – яны адказваюць: «Мы верым у тое, што паслана нам». Але яны адмаўляюць тое, што прыйшло пасля таго і што яно – праўда, якая пацвярджае тое, што ў іх. Скажы: «Чаму ж вы раней забівалі прарокаў Аллага, калі вы з’яўляецеся вернікамі?»

92. Да вас ужо прыходзіў Муса з выразнымі азнакамі, але, калі не было яго з вамі, вы ўзялі сабе для пакланенняцяля. Вы несправядлівыя!

93. І калі Мы з вамі склалі запавет і ўзнялі над вамі гару: «Моцна трымайцеся таго, што Мы вам даравалі» – дык вы адказалі: «Слухаем ды не падпарадкоўваемся!» Праз няверу ў іх сэрцах з’явілася любоў да цяляці. Скажы: «Нядобра тое, што загадвае вам гэтакая вашая вера, калі вы з’яўляецеся вернікамі».

94. Скажы: «Калі наступнае жыццё прыгатаванае Аллагам толькі для вас, а не для іншых людзей, дык пажадайце сабе сканання, калі вы праўдзівыя».

95. Але яны ніколі не пажадаюць сабе гэтага праз тое, што чынілі іх рукі. Аллаг ведае пра непакорлівых.

96. Ты ўбачыш, што яны мацней за іншых людзей імкнуцца да жыцця, нават больш за паганых. Кожны з іх жадаў бы пражыць тысячу гадоў. Але нават такое жыццё не падаліла б іх ад пакарання. Бо Аллаг бачыць тое, што яны робяць.

97. Скажы: «Хто з’яўляецца ворагам Джыбрылю?» – а гэта менавіта ён па волі Аллага адкрыў Каран твайму сэрцу ў пацверджанне праўдзівасці таго, што было раней за цябе, як просты шлях і добрую вестку для вернікаў.

98. Калі хто з’яўляецца ворагам Аллагу, Яго анёлам, Яго пасланцам, Джыбрылю і Мікаілю, дык, сапраўды, Аллаг – вораг нявернікаў. 

99. Мы паслалі табе выразныя азнакі, і толькі прыгнятальнікі не вераць у іх.

100. І кожны раз, калі юдэі складаюць запавет з Аллагам, частка з іх яго парушае. Большасць з іх не верыць.

101. І калі прыходзіў да іх пасланец ад Аллага, які пацверджаў праўдзівасць таго, што ўжо было ў іх, дык частка тых, каму дадзена Пісанне, пярэчыла Пісанню Аллага, быццам яны не ведалі.

102. Яны пайшлі за тым, што шатаны распавядалі ў часы ўладарання Сулеймана. Сулейман не быў нявернікам, але нявернікамі былі шатаны. Яны навучылі людзей чараўніцтву, а таксама таму, што было паслана двум анёлам у Вавілоне: Гаруту і Маруту. Але яны не пачыналі вучыць нікога, не сказаўшы спачатку: «Мы – толькі спакуснікі. Таму не будзь нявернікам». Але людзі навучыліся ў іх, як разлучыць мужа з яго жонкаю. Яны не рабілі шкоды нікому, апроч як з дазволу Аллага, ды і вучыліся таму, што прыносіла ім самім шкоду заміж карысці. Але ж гэтыя людзі ведалі, што ў таго, хто набыў гэта, няма долі ў наступным жыцці. Агідным з’яўляецца тое, што набылі яны за свае душы. Калі б толькі яны ведалі!

103. Калі б яны паверылі і былі збожныя, дык узнагароджанне ад Аллага было б для іх найлепшым. Калі б толькі яны ведалі!

104. О вы, якія паверылі! Не кажыце Прароку: «Даглядай нас!», а кажыце: «Прыглядай за намі» – і слухайце яго загады і слухайцеся. Нявернікаў чакае пакутлівае пакаранне.

105. Не жадаюць нявернікі з людзей Пісання і пагане, каб вам пасылалася дабро ад вашага Госпада. Але Аллаг абірае для Сваёй літасці, каго пажадае, і Аллаг – Уладар вялікае шчодрасці.

106. Мы не скасоўваем і не дазваляем забыць ніводнага з Нашых аятаў, не замяніўшы яго лепшым альбо роўным яму. Сапраўды, Аллаг здольны на кожную рэч.

107. Няўжо ты не ведаеш, што Аллагу належыць улада над нябёсамі і зямлёю і што няма ў вас, апроч Аллага, ні Абаронцы, ні Памагатага?

108. Альбо вы жадаеце прасіць у вашага Пасланца таго ж, што прасілі сыны Ісраіля ў Мусы? Хто змяніў веру на няверу, той сышоў з простае дарогі.

109. Пасля таго, як людзям Пісання стала зразумелая праўда, шмат хто з іх праз сваю зайздрасць жадае, каб вы адхінуліся ад сваёй веры. Прабачце ж іх і прабачце, пакуль Аллаг не пакажа свайго загаду. Сапраўды, Аллаг здольны на кожную рэч.

110. Здзяйсняйце малітву, давайце закят. Усе тыя даброты, якія вы падрыхтавалі вашым душам, вы знойдзеце ў Аллага. Сапраўды, Аллаг бачыць тое, што вы робіце.

111. Яны кажуць: «Ніхто не ўвойдзе ў рай, апроч юдэяў і хрысціян». Ды гэта толькі іх мары, таму скажы: «Прывядзіце доказ гэтаму, калі вы з’яўляецеся праўдзівымі».

112. Не! Хто падпарадкуецца Аллагу, той і з’яўляецца праведнікам. На яго чакае ўзнагароджанне ад Госпада; такім, як ён, не будзе боязі, і не будуць яны засмучаныя.

113. Юдэі кажуць: «Няма праўды ў хрысціян», а хрысціяне кажуць: «Няма праўды ў юдэяў». Але ўсе яны чытаюць Пісанне. Таксама і невукі кажуць словы, падобныя да гэтых. У Дзень Ажывання Аллаг рассудзіць паміж усімі імі тое, пра што яны спрачаліся.

114. Хто можа быць несправядлівей за таго, хто забараняе згадваць імя Аллага ў Яго храмах, ды яшчэ і імкнецца іх разбурыць? Менавіта такім і не варта было б уваходзіць туды, апроч як з бояззю. Чакае на іх ганьба ў жыцці зямной і вялікае пакаранне ў наступным жыцці.

115. Аллагу належыць усход і захад. Таму куды б вы не паварочаліся – паўсюль кібла (напрамак), якою Аллага задаволены. Сапраўды, Аллаг – Усеабдымны, Усеведаючы.

116. Яны кажуць: «Аллаг узяў сабе дзіця». О не, Ён Прачысты! Яму належаць тыя, хто на нябёсах і на зямлі, і ўсе Яму падпарадкоўваюцца.

117. Творца нябёсаў і зямлі! Калі Ён вырашае нейкую справу, дык толькі кажа ёй: «Будзь!» – і яна паўстае.

118. Невукі кажуць: «Чаму не пачне размаўляць з намі Аллаг, чаму не дасць нам азнаку?» Таксама і тыя, якія жылі раней, казалі словы, падобныя да гэтых. Падобнымі з’яўляюцца і іх сэрцы. Але ж Мы ўжо патлумачылі азнакі для перакананых людзей.

119. Сапраўды, Мы паслалі цябе засцерагальнікам і добрым веснікам праўды. Таму ты не будзеш адказваць за тых, хто апынецца ў пекле.

120. Юдэі і хрысціяне не будуць задаволеныя табою, пакуль ты не звернешся да іх веры. Скажы: «Толькі шлях Аллага – просты шлях!» Не патурай іх жаданням пасля таго, як прыйшло да цябе веданне, бо тады Аллаг не будзе табе ні Абаронцам, ні Памагатым.

121. Тыя, каму даравалі Мы Пісанне і якія чытаюць яго так, як належыць – вось яны і вераць у яго! А хто не верыць у яго, той мецьме страты.

122. О сыны Ісраіля! Згадайце Маю ласку, якою Я вас надзяліў, калі ўзвышаў вас над жыхарамі сусветаў.

123. Бойцеся таго Дня, калі адна душа не здолее дапамагчы іншай, калі не будзе прынята замены, калі не будзе карысці ад абароны, і калі не будзе памагатых.

124. І калі Госпад выпрабоўваў Ібрагіма Сваімі словамі, той вытрымаў гэта. Аллаг сказаў: «Я зраблю цябе імамам для людзей». Той спытаў: «А маіх нашчадкаў?» Сказаў Аллаг: «Мой запавет не тычыцца прыгнятальнікаў».

125. Вось Мы зрабілі Дом месцам сходу і абароны для людзей. Таму зрабіце месца Ібрагіма месцам малітвы! І мы наказалі Ібрагіму і Ісмаілю: «Трымайце Дом Мой у чысціні для тых, хто будзе хадзіць вакол яго, заставацца ў ім і здзяйсняць там зямныя паклоны».

126. Вось Ібрагім сказаў: «Госпадзе! Зрабі гэты край бяспечным і надзелі пладамі яго жыхароў, якія паверылі ў Аллага і ў Апошні Дзень». Сказаў Аллаг: «А хто не паверыць, таму Я дазволю атрымліваць асалоду ад жыцця толькі нядоўгі час. А потым я ўкінуў яго ў вогненнае пакаранне – жахлівым жа ёсць такі канец!»

127. І вось Ібрагім з Ісмаілем заклалі аснову Дома: «Госпадзе наш! Прымі ад нас, сапраўды, Ты – Усечуючы і Усеведаючы.

128. Госпадзе наш! Зрабі нас двума адданымі табе і зрабі з нашых нашчадкаў пакорны Табе народ. Пакажы нам месцы нашага пакланення. І прымі нашае каянне, сапраўды, Ты Той, Хто прымае каянне, Міласэрны.

129. Госпадзе наш! Пашлі Пасланца нашчадкам нашым, які прачытае ім Твае азнакі, навучыць іх пісанню ды мудрасці, ачысціць іх. Сапраўды, Ты – Вялікі, Мудры».

130. Хто ж адхінаецца ад верання Ібрагіма, апроч легкадумнага невука? Мы абралі Ібрагіма ў зямным жыцці, а ў жыцці наступным ён будзе разам з праведнікамі.

131. Калі Госпад сказаў яму: «Будзь пакорлівым Мне!» – той адказаў: «Я зрабіўся пакорлівым Госпаду сусветаў».

132. Ібрагім разам з Якубам наказвалі сваім сынам гэта: «О сыны мае! Сапраўды, Аллаг абраў для вас гэтае веранне. Таму не канайце, не зрабіўшыся пакорлівымі Яму».

133. Ці ж вы былі сведкамі таго, як падступіла да Якуба скананне, і як спытаў ён сыноў сваіх: «Каму вы будзеце пакланяцца пасля таго, як я пакіну вас?» Яны сказалі: «Мы будзем пакланяцца твайму Богу і Богу тваіх бацькоў – Ібрагіма, Ісмаіля і Ісхака, Богу Адзінаму! І мы – пакорлівыя Яму!»

134. Але ўжо прайшло гэта пакаленне. У іх будзе тое, што яны здабылі сабе, а ў вас будзе тое, што вы здабылі сабе. І вы не будзеце адказваць за тое, што яны рабілі.

135. Кажуць: «Зрабіцеся ж юдэямі ці хрысціянамі – і вы пойдзеце простым шляхам!» Скажы: «Не! Мы наверавызнанні Ібрагіма-ханіфа (які шчыра верыў у адзінства Аллага)а ён не быў паганым!»

136. Скажыце: «Мы паверылі ў Аллага і ў тое, што паслана нам, і што паслана Ібрагіму, Ісмаілю, Ісхаку, Якубу і каленам з іх нашчадкаў; у тое, што было дадзена Мусе, Ісе, у тое, што было дадзена прарокам ад іх Госпада. Мы не праводзім межы паміж імі, і Яму мы падпарадкоўваемся».

137. І калі яны вераць у тое, ува што верыце вы, дык яны ідуць простым шляхам. Але калі яны адхінаюцца, дык супярэчаць яму. Аллаг абароніць цябе ад іх, а Ён – Усечуючы, Усеведаючы.

138. Фарба (рэлігія) ад Аллага! Чыя фарба лепш фарбы (рэлігіі) ад Аллага? Таму мы пакланяемся Яму.

139. Скажы: «Няўжо вы будзеце спрачацца з намі пра Аллага? Ён – наш і ваш Госпад, і нам – нашыя ўчынкі, а вам – вашыя ўчынкі. Таму мы шчырыя ў адданасці Яму».

140. Няўжо яны кажуць, што Ібрагім, Ісмаіль, Ісхак, Якуб і калена з іх нашчадкаў былі юдэямі ці хрысціянамі? Скажы: «Вы лепш ведаеце альбо Аллаг?» Хто несправядлівейшы за таго, хто схаваў сведчанне, дадзенае яму Аллагам? А Аллаг не абміне таго, што робіце вы!

141. Але ўжо прайшло гэта пакаленне. У іх будзе тое, што яны здабылі сабе, а ў вас будзе тое, што вы здабылі сабе. І вы не будзеце адказваць за тое, што рабілі яны.

142. Дурныя людзі скажуць: «Што адхінула іх ад кіблы, да якое яны вярталіся?» Скажы: «Аллагу належыць усход і захад, і вядзе Ён да простага шляху таго, каго пажадае».

143. Так Мы накіравалі вашу грамаду на сярэдні шлях, каб вы былі сведкамі для людзей, а Пасланец быў сведкам для вас. Папярэднюю кіблу мы зрабілі толькі для таго, каб даведацца, хто рушыць услед за Пасланцом, а хто адхінецца ад яго. Гэта было цяжкаю справаю, апроч як для тых, каго Аллаг павёў простым шляхам. Аллаг ніколі не зробіць марнаю вашую веру, бо Аллаг адназначна Спагадлівы і Міласэрны да людзей.

144. Мы бачылі, як блукаў небам твой погляд. І Мы накіравалі цябе да кіблы, якою ты будзеш задаволены. Павярні ж свой твар у бок Запаветнае Мячэці. І дзе б вы ні былі, паварочвайце твар свой менавіта ў гэты бок. Сапраўды, тыя, якім дадзена Пісанне, ведаюць, што гэта праўда ад іх Госпада. Аллаг не абміне таго, што вы робіце.

145. Нават калі б Ты паказаў тым, каму дадзена Пісанне, усе магчымыя азнакі, яны ўсё адно не пайшлі б за тваёй кіблаю; але і ты не пойдзеш за іх кіблаю, і адны з іх не пойдуць за кіблаю іншых. А калі ты накіруешся за іх жаданнямі пасля таго, як прыйшло да цябе веданне, дык, сапраўды, будзеш адным з прыгнятальнікаў.

146. Тыя, каму дадзена Пісанне, ведаюць яго Мухаммада таксама, як ведаюць сваіх сыноў. Частка з іх хавае праўду, і яны ведаюць пра гэта.

147. Праўда – ад твайго Госпада! Таму не будзь сярод тых, хто вагаецца.

148. Для кожнае грамады – свой напрамак малітвы. Таму апярэджвайце адно аднаго ў добрых справах! І дзе б вы ні былі, Аллаг згуртуе вас усіх разам. Сапраўды, Аллаг здольны на кожную рэч.

149. І куды б ты не пайшоў, павярні свой твар у бок Запаветнае Мячэці. Сапраўды, гэта – праўда ад твайго Госпада. Аллаг не абміне таго, што робіце вы.

150. І куды б ты не пайшоў, павярні свой твар у бок Запаветнае Мячэці. І дзе б вы ні былі, паварочвайце свае твары менавіта ў гэты бок, каб не было ў людзей – хіба толькі як у несправядлівых, – доказу супраць вас. І не майце боязі перад імі, а майце боязь перада Мною, каб Я давёў Сваю ласку да вас. Магчыма, вы пойдзеце простым шляхам.

151. Так Мы паслалі да вас Пасланца з асяроддзя вас саміх. Ён чытае вам Нашыя азнакі, ачышчае вас, навучае вас Пісанню і мудрасці, а таксама навучае вас таму, чаго вы раней не ведалі.

152. Згадвайце Мяне, і Я буду згадваць вас. Дзякуйце і не будзьце няўдзячнымі.

153. О вы, якія паверылі! Шукайце дапамогі ў трыванні і малітве. Сапраўды, Аллаг разам з трывучымі.

154. І не называйце нежывымі тых, хто загінуў на шляху Аллага. Не, яны жывыя, але вы не адчуваеце гэтага.

155. Мы будзем выпрабоўваць вас сполахам, голадам, недахопам маёмасці, людзей і плёну. Распавядзі ж добрую вестку трывучым,

156. тым, якія, калі закране іх ліха, кажуць: «Мы належым Аллагу і да Яго мы вяртаемся».

157. Ці маюць яны блаславенне і літасць ад іх Госпада, і яны ідуць простым шляхам.

158. Сапраўды, пагоркі ас-Сафа і аль-Марва – азнакі Аллага. Хто здзяйсняе хаджж альбо ўмру ў дом Аллага, дык не будзе яму граху, калі ён будзе хадзіць паміж імі. І хто па сваёй волі здзяйсняе дабро, дык, Сапраўды, Аллаг – Удзячны, Усеведаючы.

159. Сапраўды, тых, якія хаваюць пасланыя Намі выразныя азнакі і просты шлях – пасля таго, як Мы патлумачылі гэта людзям у Пісанні – гэткіх пракляне Аллаг і праклянуць тыя, якія клянуць.

160. Але гэта тычыцца не тых, хто павініўся, выправіў зробленае і патлумачыў праўду. Я прыму іх каянне, бо Я – Прымаючы каянне, Міласэрны.

161. Сапраўды, тыя, якія не паверылі і сканалі нявернікамі, будуць мець над сабою праклён Аллага, анёлаў і ўсіх людзей.

162. Ён будзе векаістым. Не будзе палегчана іх пакаранне, і не будзе ім адтэрміноўкі.

163. Ваш Бог – Бог Адзіны. Няма бога, апроч Яго, Літасцівага, Міласэрнага.

164. Сапраўды, у стварэнні нябёсаў і зямлі; у адрозніванні дня і ночы; у караблі, што плыве морам, маючы ў сабе тое, што прыносіць карысць людзям; у вадзе, якую Аллаг паслаў з неба і якою адрадзіў зямлю пасля яе смерці, рассяліўшы там розных жывёлаў; у змене вятроў; у пакорлівай хмары, якая вісіць паміж небам і зямлёю, – ва ўсім гэтым азнакі для людзей, якія разумеюць.

165. Сярод людзей ёсць такія, якія прыпісваюць роўных Аллагу і любяць іх так, як любяць Аллага. Але тыя, якія паверылі, любяць Аллага яшчэ мацней! Калі б прыгнятальнікі, убачыўшы пакаранне, убачылі б яшчэ і тое, што ўся моц належыць менавіта Аллагу, і што Ён – суворы ў пакаранні!

166. Калі тыя, за кім ішлі, адракуцца ад тых, хто за імі ішоў, і хто ўбачыць пакаранне, дык разарвуцца паміж імі сувязі.

167. Скажуць тыя, якія ішлі за іншымі: «Калі б мы мелі магчымасць паварочацца, дык адракліся б ад іх так, як яны адракліся ад нас». Таму Аллаг пакажа ім іх учынкі, каб яны пашкадавалі. Але не выйдуць яны з агню – ніколі!

168. О людзі! Ежце тое дазволенае і добрае, што ёсць на зямлі, ды не ідзіце ўтроп шатана; сапраўды, ён – сапраўдны вораг для вас.

169. Ён заклікае вас толькі да ліха і распусты і імкнецца, каб вы казалі пра Аллага тое, чаго не ведаеце.

170. І калі кажуць ім: «Ідзіце за тым, што паслаў Аллаг!», – дык яны адказваюць: «Мы ідзём за тым, з чым знайшлі нашых бацькоў». А калі іх бацькі нічога не разумелі і не ішлі простым шляхам?

171. Нявернікі падобныя да таго, каго клічуць, а ён не чуе нічога, апроч крыку і ляманту. Глушцы, нямкі, невідушчыя! Нічога не разумеюць яны!

172. О вы, якія паверылі! Ежце тыя даброты, якімі Мы надзялілі вас, і дзякуйце Аллагу, калі вы пакланяецеся Яму.

173. Сапраўды, Ён забараніў вам мерцвячыну, кроў, мяса свінні і тое, што прынесена ў ахвяру не дзеля Аллага. А калі хто быў вымушаны парушыць гэта, не здзяйсняючы няпослух і не злоўжываючы, няма таму граху. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

174. Сапраўды, тыя, якія хаваюць з Пісання тое, што паслаў Аллаг і прадаюць гэта за мізэрную вартасць, вось яны і напаўняюць свае жываты агнём! Аллаг не будзе размаўляць з імі ў Дзень Ажывання і не ачысціць Ён іх. Чакае на іх пакутлівае пакаранне.

175. Яны – тыя, хто прадаў просты шлях за аблуду, а пакаранне – за прабачэнне! Якое ж трыванне яны павінны мець перад агнём.

176. Будзе менавіта так, бо Аллаг паслаў Пісанне ў праўдзе. Сапраўды, тыя, якія спрачаюцца пра Пісанне, апынуліся ў глыбокай супярэчнасці.

177. Багабойнасць складаецца не ў тым, каб вы паварочвалі свае твары на ўсход ці на захад, але багабойны той, хто паверыў у Аллага, у Апошні Дзень, у анёлаў, у Пісанні і ў прарокаў, хто аддае нават дарагую яму маёмасць – сваякам, сірацінам, бедакам, падарожнікам і тым, хто просіць яе; той, хто выдаткоўвае на вызваленне рабоў, хто здзяйсняе малітву, дае закят; тыя, якія выконваюць абяцанку, калі абяцаюць; якія маюць трыванне ў галечы, у хваробе і ў былыя часы. Менавіта такія з’яўляюцца праведнікамі, і такія зяўляюцца збожнымі.

178. О вы, якія паверылі! Усталяваная для вас адплата за забітых: вольны – за вольнага, раб – за раба, жанчына – за жанчыну. Калі даруе забойцу яго брат у веры, дык няхай той робіць па звычаі і сплаціць яму належны выкуп. Гэта палёгка і літасць ад вашага Госпада. На таго ж, хто і пасля гэтага парушыць межы, чакае пакутлівае пакаранне!

179Адплата роўным ратуе вашае жыццё, о вы, адораныя розумам! Магчыма, вы будзеце збожныя.

180. Калі прыйдзе скананне да каго-небудзь з вас, а ён пакіне нейкае дабро, дык вам загадана скласці адпіс для бацькоў і блізкіх сваякоў – згодна звычаю. Гэта – абавязак для збожных!

181. А калі хто-небудзь зменіць адпіс пасля таго, як ён пачуў яго, дык гэты грэх падзе толькі на тых, хто змяняў яго. Сапраўды, Аллаг – Усечуючы, Усеведаючы.

182. А хто баіцца, што адказальнік зробіць памылку ці ўчыніць грэх, і выправіць адпіс дзеля міру паміж спадчыннікамі, дык не будзе яму граху. Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

183. О вы, якія паверылі! Усталяваны для вас пост – таксама, як ён быў усталяваны для тых, якія жылі раней за вас. Магчыма, будзеце вы збожныя.

184. Ён усталяваны на пэўную колькасць дзён. А калі хто з вас захварэе, ці будзе ў шляху, дык няхай посціць такую ж колькасць дзён у іншы час. А тым, для каго гэта цяжка, варта дзеля збавення пажывіць бедака. А хто па волі сваёй робіць дабро, дык гэта лепш для яго. Але пост лепш для вас – калі б вы толькі ведалі.

185. Рамадан зяўляецца месяцам, падчас якога быў пасланы Каран – просты шлях для людзей, ясныя азнакі простага шляху і адрознівання. Калі для каго-небудзь з вас надыдзе гэты месяц, дык няхай ён праводзіць яго ў посце. А калі ён захварэе ці будзе ў дарозе, дык няхай посціць столькі ж дзён у іншы час. Аллаг жадае вам палягчэння, а не цяжкасці; даводзьце ж да канчатку дні посту і ўзвялічвайце Аллага за тое, што Ён паказаў для вас просты шлях; магчыма, вы будзеце ўдзячныя.

186. І калі рабы Мае пытаюцца ў цябе пра Мяне, дык Я блізкі і Я адказваю на заклікі таго, хто кліча Мяне. Няхай жа і яны адказваюць Мне і вераць у Мяне – магчыма, пойдуць яны правільным шляхам.

187. Вам дазволена ўваходзіць да вашых жонак у ночы посту. Яны – як адзенне для вас, а вы – як адзенне для іх. Даведаўся Аллаг, што вы абмяжоўваеце сябе, таму Ён прыняў вашае каянне і дараваў вам. Таму яднайцеся з імі і імкніцеся да таго, што ўсталяваў для вас Аллаг; ежце і піце, пакуль не здолееце адрозніць белую нітку золку ад чорнае ніткі ночы – да світання. А потым нанова пасціце да ночы. Не злучайцеся з жонкамі ў тыя ночы, калі знаходзіцеся ў мячэцях. Гэта абмежаванні Аллага, таму не набліжайцеся да іх! Вось так Аллаг тлумачыць людзям свае азнакі – магчыма, будуць яны збожнымі.

188. Не жарыце незаконна маёмасці адно аднаго і не падкупляйце суддзяў, каб свядома, шляхам граху, прысабечыць частку маёмасці іншых людзей.

189. Цябе пытаюць пра маладзік. Скажы: «Ён вызначае час для людзей і для здзяйснення хаджжу». Багабойнасць жа заключаецца не ў тым, каб уваходзіць у дамы праз тыльныя дзверы; але багабойным з’яўляецца той, хто з’яўляецца збожным. Таму заходзьце ў дамы праз іх дзверы і бойцеся Аллага – магчыма, будзеце мець поспех.

190. І змагацца на шляху Аллага супраць тых, хто змагаецца супраць вас. Але не выяўляйце непрыхільнасці пры гэтым, бо, Сапраўды, Аллаг не любіць тых, хто выяўляе непрыхільнасць.

191Пазбаўляйце жыцця нападнікаў паўсюль, дзе знойдзеце; выганіце іх адтуль, адкуль яны выгналі вас. Калатня горш за забойства! Але не пачынайце змагання з імі ля Запаветнай Мячэці, пакуль яны не пачнуць там змагання супраць вас. Калі ж яны пачнуць ваяваць з вамі, тады і вы можаце даць ім адпор. Гэта адплата нявернікам!

192. І калі яны спыняцца ад гэтага, дык Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

193. Змагайцеся супраць іх, пакуль не знікне калатня, і вера не будзе належыць Аллагу. Але калі яны спыняцца, дык няхай не будзе варожасці, апроч як супраць прыгнятальнікаў.

194. Забаронены месяц – за забаронены месяц. Парушэнне забаронаў патрабуе помсты! Калі нехта выявіць непрыхільнасць да вас, дык вы выявіце непрыхільнасць да яго таксама, як ён выяўляў непрыхільнасць да вас. Бойцеся Аллага і ведайце, што Аллаг – са збожнымі.

195. Ахвяруйце на шляху Аллага і не ідзіце праз рукі свае да гібелі! І рабіце дабро; Сапраўды, Аллаг любіць тых, хто робіць дабро.

196. Заканчвайце хаджж і ўмру дзеля Аллага. Калі вам перашкаджаюць, дык прынясіце ў ахвяру тое, што здолееце, але не галіце сваіх галоў, пакуль ахвяра не дасягне месца ахвяры. А калі хто з вас хворы альбо мае рану на галаве, дык няхай дзеля водкупу посціць, дае міласціну, ці ахвяруе. Калі вы знаходзіцеся ў бяспецы, дык таму, хто злучае ўмру з хаджжем, трэба ахвяраваць тое, што здолее. А хто не мае магчымасці зрабіць гэта, дык няхай падчас хаджжу посціць тры дні і сем дзён пасля вяртання з хаджжу – усяго дзесяць. Гэта для тых, чыя сям’я не жыве каля Запаветнае мячэці. Таму бойцеся Аллага і ведайце, што Аллаг суворы ў пакаранні!

197. Хаджж – у вядомыя месяцы. І хто вырашыў здзейсніць хаджж, той няхай не ўваходзіць да жанчын, хай не чыніць граху і хай не спрачаецца падчас хаджжу. Аллаг ведае пра тое дабро, якое вы здзяйсняеце. Запасіцеся ж у дарогу, сапраўды, найлепшы запас – гэта збожнасць. Таму будзьце збожнымі, о вы, адораныя розумам.

198. Не будзе вам граху, калі ў гэты час вы будзеце шукаць шчодрасці вашага Госпада. А калі вы паварочаецеся з Арафата, дык згадвайце Аллага ў Запаветным месцы. Згадвайце Яго, бо Ён паказаў вам просты шлях, тады як раней вы былі аблуднымі.

199. Далей ідзіце туды, куды ішлі іншыя людзі. Прасіце прабачэння ў Аллага, сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

200. Калі выканаеце неабходныя наказы, дык згадвайце Аллага так, як вы згадваеце вашых бацькоў, альбо яшчэ мацней. І ёсць сярод людзей такія, якія кажуць: «Госпадзе наш! Даруй нам у зямным жыцці!» Такія не будуць мець долі ў наступным жыцці.

201. Сярод іх ёсць і такія, якія кажуць: «Госпадзе наш! Даруй нам найлепшае ў зямной жыцці і даруй нам найлепшае ў наступнай жыцці! І выратуй нас ад пякельнага пакарання».

202. Яны і будуць мець долю – за тое, што рабілі яны. Аллаг хуткі ў адплаце.

203. Згадвайце ж Аллага ў даліне Міна ў пэўныя дні. А хто спяшаецца і зробіць гэта за два дні, таму не будзе граху. І хто затрымаецца, дык і яму не будзе граху. Гэта для збожных. Таму бойцеся Аллага і ведайце, што каля Яго вы будзеце сабраныя.

204. Ёсць сярод людзей такі, чые размовы пра зямное жыццё выклікаюць тваё здзіўленне. Ён заклікае Аллага быць сведкам таго, што ў яго сэрцы, тады як ён з’яўляецца ўпартым ворагам тваім.

205. І калі ён адхінаецца, дык спяшаецца сеяць ганьбу на зямлі, знішчаць пасевы і нашчадкаў. Але Аллаг не любіць прыгнятальнікаў.

206. Калі яму кажуць: «Пабойся Аллага!» – то ганарлівасць вядзе яго да граху. Дастаткова яму будзе пекла. Агіднае ж гэта месца для адпачынку.

207. Сярод людзей ёсць і такі, які прадае сваю душу, імкнучыся задаволіць Аллага. Аллаг – Спагадлівы да Сваіх рабоў.

208. О вы, якія паверылі! Будзьце пакорлівыя Аллагу ва ўсім і не ідзіце ўтроп шатана. Сапраўды, ён для вас – сапраўдны вораг.

209. А калі адступіцеся – пасля таго, як прыйшлі да вас выразныя азнакі, дык ведайце, што Аллаг – Вялікі, Мудры.

210. Няўжо яны чакаюць, пакуль пакаранне Аллага прыйдзе да іх у цені хмараў разам з анёламі? Гэтая справа ўжо вырашаная, а ўсе справы вяртаюцца да Аллага.

211. Спытай жа сыноў Ісраіля, колькі выразных азнакаў Мы далі ім! А калі хто прамяняе ласку Аллага пасля таго, як яна прыйшла да яго, дык Аллаг – суворы ў пакаранні!

212. Зямное жыццё ўяўляецца выдатным для нявернікаў, і яны кпяць з тых, якія паверылі. Але ў Дзень Ажывання збожныя будуць вышэй за іх. Аллаг даруе, каму пажадае – без адплаты за гэта.

213. Людзі былі адзінаю грамадою. Аллаг паслаў прарокаў веснікамі і засцерагальнікамі і паслаў разам з імі Пісанні ў праўдзе для таго, каб яны разважылі паміж людзьмі тое, пра што яны спрачаліся. І не было спрэчак, апроч як паміж тымі, каму былі падараваныя выразныя азнакі і якія былі несправядлівыя адно да аднаго. Таму Аллаг павёў простым шляхам тых, якія паверылі, да праўды, пра якую тыя спрачаліся з Яго дазволу. Аллаг паказвае просты шлях таму, каму пажадае.

214. Ці ж вы лічылі, што ўвойдзеце ў рай, не выпрабаваўшы таго, што здаралася з вашымі папярэднікамі? Галеча, хваробы і розныя хваляванні паразілі іх так, што Пасланец і тыя, якія паверылі разам з ім, казалі: «Калі прыйдзе дапамога ад Аллага?» Так! Сапраўды, дапамога ад Аллага ўжо блізка.

215. Цябе пытаюцца пра тое, што неабходна ахвяраваць. Скажы: «Што б вы ні ахвяравалі, яно павінна дастацца бацькам, сваякам, сірацінам, бедакам і падарожнікам. І якое дабро вы не рабілі б, Сапраўды, Аллаг ведае пра гэта».

216. Вашым абавязкам усталявана змаганне, тады як вы ненавідзеце яго. Магчыма, тое, што вам праціўна – дабро для вас. А, магчыма, тое, што вам прыемна – ліха для вас. Аллаг ведае, а вы не ведаеце.

217. Цябе пытаюць пра змаганне падчас забароненага месяца. Скажы: «Змаганне ў гэты час – вялікі грэх. Але збіваць іншых са шляху Аллага, не верыць у Яго, у Запаветную Мячэць, выганяць адтуль людзей – яшчэ большы грэх перад Аллагам. Калатня – большы грэх, чым змаганне. Таму яны не спыняць змаганне супраць вас да таго часу, пакуль, калі здолеюць, не адцягнуць вас ад вашае рэлігіі. А калі хто з вас адступіць ад сваёй веры і сканае нявернікам, дык марнымі зробяцца яго ўчынкі ў зямным жыцці і жыцці наступным. Такія будуць жыхарамі агню – і будуць яны там павек!»

218. Сапраўды, тыя, якія паверылі, якія перабраліся і змагаліся на шляху Аллага, спадзяюцца на літасць Аллага. Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

219. Цябе пытаюць пра віно і гульні на грошы. Скажы: «Гэта ўсё – вялікі грэх, але і пэўная карысць для людзей. Але грэх ад іх больш за карысць!» Цябе пытаюць пра тое, што неабходна ахвяраваць. Скажы: «Лішак!» Вось так Аллаг тлумачыць вам азнакі. Магчыма, вы разважыце

220. пра цяперашняе жыццё і наступнае. Пытаюць цябе пра сірацінаў. Скажы: «Рабіць ім карысць – дабро. А калі вы сумясціце свае і іх справы, дык яны – вашыя браты». Але Аллаг адрознівае таго, хто ўчыняе нелад ад таго, хто робіць дабро. Калі б Аллаг пажадаў, дык абцяжарыў бы вашае становішча. Аллаг – Велічны, Мудры.

221. Не бярыце шлюб з паганкамі, пакуль яны не павераць. Сапраўды, прыгонная верніца лепш за паганку, нават калі тая і спадабалася вам. І не бярыце шлюб з паганцамі, пакуль яны не павераць. Насамрэч, прыгонны вернік лепш за паганіна, нават калі той і спадабаўся вам. Яны клічуць вас да агню, а Аллаг заклікае вас у рай і прабачэнне з Яго дазволу. Ён тлумачыць людзям свае азнакі. Магчыма, задумаюцца яны.

222. Цябе пытаюць пра аплавы. Скажы: «Яны прыносяць пакуты. Таму не дакранайцеся да жанчын падчас іх аплаваў. Пазбягайце зносін з імі, пакуль яны не ачысцяцца. А калі яны ачысцяцца, дык прыходзьце да іх так, як загадаў вам Аллаг». Сапраўды, Аллаг любіць тых, якія вінавацяцца, любіць тых, якія ачышчаюцца.

223. Вашыя жонкі – быццам ніва для вас. Прыходзьце да іх, як пажадаеце, але няхай гэтаму папярэднічаюць вашыя добрыя справы. Бойцеся Аллага і ведайце, што вы сустрэнецеся з Ім. Усцеш жа вернікаў!

224. Няхай не будуць вашыя клятвы Аллагам перашкодаю для вашае праведнасці, збожнасці і таму, каб вы ўсталёўвалі мір паміж людзьмі. Аллаг – Усечуючы і Усеведаючы.

225. Аллаг не будзе караць вас за клятвы без намеру. Але Ён будзе караць вас за тое, што набылі сабе вашыя сэрцы. Аллаг – Прабачаючы, Стрымалы.

226. А калі хто пакляўся не набліжацца да сваіх жонак, дык няхай чакае чатыры месяцы. Але калі ён раздумаецца, дык Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

227. Калі ўсё ж вырашыць разжаніцца, дык Аллаг – Усечуючы і Усеведаючы.

228. Жонкі пасля разводу мусяць чакаць тры тэрміны аплаваў. Не дазваляецца ім хаваць тое, што Аллаг стварыў у іх улонні – калі яны вераць у Аллага і ў Апошні Дзень. Калі ж іх мужчыны пажадаюць замірэння, дык на працягу гэтага часу яны маюць права паварочаць іх. Паводле звычаю жанчыны маюць такія правы, якія роўныя іх абавязкам, хоць мужчыны і вышэй за іх у сваім становішчы. Аллаг – Велічны, Мудры.

229. Развод дазваляецца два разы. Пасля гэтага трэба альбо ўтрымаць жонку па звычаі, альбо адпусціць яе з мірам. Вам не дазволена прысвайваць нешта з падараванага ёй, хіба як вы абое баіцеся, што не выканаеце абмежаванняў Аллага. А калі вы баіцеся, што яны не выканаюць абмежаванняў Аллага, дык не будзе граху, калі яны выкупяць развод. Вось такія абмежаванні Аллага, таму не парушайце іх! А тыя, якія парушаюць абмежаванні Аллага, яны і з’яўляюцца прыгнятальнікамі!

230. Калі ўсё ж ён разжэніцца з ёй у трэці раз, дык не здолее пабрацца з ёй нанова, пакуль яна не пабярэцца з кімсьці іншым. Калі ж той мужчына разжэніцца з ёй, дык не будзе жонцы і першаму мужу граху, калі яны паварочаюцца адно да аднаго і мецьмуць намер выконваць абмежаванні Аллага. Вось такія абмежаванні Аллага. Ён тлумачыць іх для разумных людзей!

231. І калі вы разжэньваецеся, і мінае адведзены для іх (жонак) час, дык альбо ўтрымлівайце іх паводле звычаю, альбо адпускайце іх паводле звычаю. Не ўтрымлівайце іх, спрабуючы нашкодзіць ім, злоўжываючы. А хто зробіць гэта, той будзе несправядлівым да самога сябе. Не ператварайце азнакі Аллага ў жарт! І згадайце ласку Аллага да вас, а таксама тое, што Ён паслаў вам з Пісання і мудрасці, каб навучаць вас. Таму бойцеся Аллага і ведайце, што Аллаг ведае пра кожную рэч.

232. І калі вы разжэньваецеся, і мінае адведзены для іх (жонак) час, дык не перашкаджайце ім браць шлюб са сваімі ранейшымі мужамі, калі яны дамовіліся паміж сабою па звычаі. Такое навучэнне для таго з вас, хто паверыў у Аллага і ў Апошні Дзень. Гэта лепш і чысцей для вас. Аллаг ведае, а вы не ведаеце.

233. Маці прымеюць жывіць дзяцей сваім малаком два поўных гады, калі яны жадаюць давесці да канца гэта харчаванне. Бацька мусіць забяспечваць маці дзіцяці харчаваннем і адзеннем у адпаведнасці са звычаем. Ніводнаму чалавеку не належыць больш за тое, што ён прымее вытрымаць. Нельга чыніць шкоду маці за яе дзіцяці, а таксама бацьку за яго дзіцяці. Такія ж абавязкі мае і нашчадак. А калі бацькі пажадаюць адняць дзіця ад грудзей па ўзаемнай згодзе і парадзе, дык не будзе ім граху. А калі яны пажадаюць згадзіць карміцелек для сваіх дзяцей, дык не будзе бацькам граху, калі яны сплацяць ім у адпаведнасці са звычаем. Таму бойцеся Аллага і ведайце, што Аллаг бачыць тое, што вы робіце.

234. Калі хто-небудзь з вас сканае і пакіне пасля сябе жонак, дык няхай чакаюць яны чатыры месяцы і яшчэ дзесяць дзён. А калі пройдзе пэўны для іх час, дык не будзе граху, калі яны зробяць тое, што пажадаюць, у адпаведнасці са звычаем. Аллагу вядома тое, што вы робіце.

235. Не будзе вам граху, калі вы прапануеце гэтым жанчынам сватанне альбо ж схаваеце гэта ў сваіх душах. Але Аллаг ведае, што вы ўсё адно будзеце згадваць пра іх. Але нічога не абяцайце ім таемна, а кажыце ім толькі належныя словы. І не намагайцеся пабрацца шлюбам, пакуль не пройдзе ўсталяваны час. І ведайце, што Аллаг ведае тое, што ў вашых душах, таму пільнуйцеся Яго. І ведайце, што Аллаг – Прабачаючы, Стрымалы.

236. Не будзе вам граху, калі вы разжэніцеся, не крануўшы іх (жонак) і не ўсталяваўшы належны ім водкуп. Але ўсё адно дайце ўзнагароджанне ім – заможны ў меру сваіх магчымасцяў, а незаможны – у меру сваіх, згодна са звычаем, так, як і належыць зрабіць гэта праведным людзям.

237. Калі ж вы разжаніліся з імі раней таго, як вы закранулі іх, але пасля таго, як усталявалі належны ім водкуп, дык аддайце ім палову таго, што належыць ім – хіба як яны даруюць вам гэта ці даруе той, у чыіх руках знаходзіцца шлюбная ўгода. А калі вы прабачце, дык гэта будзе бліжэй да збожнасці. Не забывайце і пра шчодрасць, якая павінна быць паміж вамі. Сапраўды, Аллаг бачыць тое, што вы робіце.

238. Здзяйсняйце малітвы належным чынам і, асабліва, сярэднюю малітву. Стойце перад Аллагам ціхмянымі!

239. А калі баіцеся ворага, дык здзяйсняйце малітву пешшу альбо вярхом. Калі ж апыняцеся ў бяспецы, дык згадвайце Аллага так, як Ён навучыў вас таму, чаго вы не ведалі раней.

240. Калі хто-небудзь з вас сканае і пакіне жонак пасля сябе, дык перад гэтым ён мусіць наказаць, каб жонак трымалі ў іх дамах яшчэ год і не выганялі. Калі ж яны пойдуць самі і зробяць, паводле звычаю, тое, што пажадаюць, дык не будзе вам граху за ўсё гэта. Аллаг – Велічны, Мудры.

241. Жонак пасля разводу варта належным чынам забяспечваць – як і належыць збожным людзям.

242. Вось так Аллаг тлумачыць вам Свае азнакі – магчыма, вы зразумееце.

243. Няўжо ты не бачыў тых, якія спалохаліся смерці і пакінулі свае дамы, хоць іх былі тысячы? Таму Аллаг сказаў ім: «Сканайце!» – а потым адрадзіў. Сапраўды, Аллаг – Уладар вялікае ласкі для людзей, аднак большасць людзей няўдзячныя.

244. Змагайцеся ж на шляху Аллага і ведайце, што Аллаг – Усечуючы, Усебачачы.

245. Калі хто дасць Аллагу добрую пазыку, дык Ён павялічыць яе ў шмат разоў. Аллаг утрымлівае і шчодра надзяляе і да Яго паварочаецеся вы.

246. Ці не ведаеш ты пра магнатаў – сыноў Ісраіля пасля Мусы? Яны сказалі прароку свайму: «Пастаў над намі караля для таго, каб мы змагаліся на шляху Аллага!» Адказаў той: «А ці не будзе так, што змаганне зробяць вашым абавязкам, але вы не станеце да змагання?» Тыя сказалі: «А чаму б нам не змагацца на шляху Аллага, калі выгналі нас з нашых жытлаў і разлучылі з дзецьмі нашымі?» І вось, калі змаганне ўсталявалі іх абавязкам, усе яны адхінуліся, апроч нязначнае колькасці людзей. Аллаг ведае прыгнятальнікаў.

247. Іх Прарок сказаў ім: «Сапраўды, Аллаг прызначыў вашым каралём Талюта (бібл. Саула)». Тыя адказалі: «Як жа можа быць у яго ўлада над намі, калі мы маем на гэта больш за яго правоў – бо няма ў яго належнага становішча?!» Прарок сказаў: «Сапраўды, Аллаг аддаў яму перавагу перад вамі і дараваў яму веліч у ведах і ў целе. І Аллаг даруе ўладу ад Сябе таму, каму пажадае. Аллаг – Усеабдымны, Усеведаючы».

248. Іх прарок сказаў ім: «Сапраўды, знакам яго ўлады будзе тое, што вам з’явіцца скрыня, дзе будзе супакой ад Госпада вашага. І будзе там тое, што пакінуў род Мусы і род Гаруна. Несці яе будуць анёлы. Вось гэта і будзе знакам для вас, калі вы з’яўляецеся вернікамі».

249. І калі выйшаў Талют разам са сваім войскам, дык сказаў: «Сапраўды, Аллаг будзе выпрабоўваць вас ракою. І хто будзе піць з яе, той не будзе са мною, але хто не паспрабуе яе, той будзе са мною, а таксама тыя, хто толькі зачэрпне жменю вады рукою». Але яны напіліся з яе вады, апроч нязначнай колькасці людзей. І калі ён і тыя, якія паверылі разам з ім, перасеклі яе, дык сказалі: «Не пераможам мы сёння Джалюта і яго войска». Але тыя, якія былі перакананыя, што яны абавязкова сустрэнуцца з Аллагам, сказалі: «Колькі з дазволу Аллага нешматлікіх аддзелаў перамагалі аддзелы шматлікія!» Аллаг – з трывучымі.

250. І калі яны з’явіліся перад Джалютам і яго войскам, дык сказалі: «Госпадзе наш! Пашлі нам трывучасць і ўмацуй ступні нашыя. Дапамажы нам супраць нявернікаў».

251. І з дазволу Аллага яны разбілі іх! Дауд забіў Джалюта, і Аллаг дараваў яму ўладу і мудрасць і навучыў яго таму, чаму пажадаў. Калі б Аллаг не стрымліваў адных людзей іншымі, дык прыйшла б у разлад зямля. Але Аллаг – Уладар вялікае шчодрасці для сусветаў.

252. Гэта азнакі Аллага. Мы чытаем іх табе ў праўдзе. Сапраўды, ты – адзін з пасланцоў.

253. Такімі ёсць пасланцы. Адным з іх Мы аддалі перавагу над іншымі. Ёсць сярод іх такія, з якімі размаўляў Аллаг, а некаторых Ён узняў на вышэйшыя ступені. І Мы даравалі ясныя азнакі Ісе, сыну Мар’ям, і Мы падтрымалі яго Святым Духам. Калі б Аллаг пажадаў, дык тыя, што жылі пасля іх, не змагаліся б паміж сабою пасля таго, як прыйшлі да іх ясныя азнакі. Але яны разышліся паміж сабою, і частка з іх паверыла, а частка не паверыла. Але калі б Аллаг пажадаў, яны не змагаліся б паміж сабою. Але Аллаг робіць тое, што пажадае.

254. О вы, якія паверылі! Ахвяруйце з таго, чым Мы надзялілі вас, пакуль не прыйдзе Дзень, калі не будзе ні гандлю, ні сяброўства, ні абароны. Нявернікі ж з’яўляюцца прыгнятальнікамі.

255. Аллаг! Няма бога, апроч Яго – Жывога, Існага! Не кранае Яго ні дрымота, ні сон. Яму належыць тое, што на нябёсах і што на зямлі. Хто ж абароніць перад Ім без Яго дазволу? Ён ведае тое, што наперадзе іх, і тое, што ззаду іх. Яны ж нічога не спасцігаюць з Яго ведання, апроч таго, што Ён пажадае. Яго Пасад (Курсі)[14] ахоплівае нябёсы і зямлю, а іх захаванне Яго не стамляе. І Ён – Усявышні, Вялікі.

256. Няма прымусу да веры. Ужо адрозніваюцца просты шлях і аблуда! Хто не верыць у тагута, той ужо ўхапіўся за надзейную аснову, якая не парушыцца. Аллаг – Усечуючы і Усеведаючы.

257. Аллаг – Абаронца тых, якія паверылі. Ён выводзіць іх з цемры да святла. А абаронца тых, якія не паверылі – тагуты. Яны вядуць іх ад святла да цемры. Таму яны з’яўляюцца жыхарамі агню і будуць яны там павек!

258. Ты не ведаеш таго, хто спрачаўся з Ібрагімам адносна яго Госпада, бо Аллаг дараваў такому ўладу? Сказаў Ібрагім: «Госпад мой – Той, Хто даруе жыццё і скананне!» А той адказаў: «Я дам жыццё і скананне!» Тады Ібрагім сказаў: «Сапраўды, Аллаг узнімае сонца з усходу. А ты ўзнімі яго з захаду». І збянтэжыўся той, хто не верыў. Аллаг не вядзе простым шляхам прыгнятальнікаў.

259. Ці таго, хто праходзіў над паселішчам, якое было разбурана да самага падмурка. Ён сказаў: «Як жа Аллаг адродзіць гэта ўсё пасля смерці?» Тады Аллаг зрабіў яго самога нежывым на сто гадоў, а потым адрадзіў і сказаў: «Колькі ж ты там быў?» Той адказаў: «Я быў там дзень альбо частку дня». Аллаг сказаў: «Не! Ты быў там сто гадоў! Зірні на сваю ежу і пітво – яны не зведалі зменаў. Але зірні на свайго асла. Мы абавязкова зробім цябе азнакаю для людзей. Таму зірні на косткі – як Мы збяром, а потым пакрываем іх мясам». Калі зрабілася гэта зразумела яму, ён сказаў: «Я ведаю, што Аллаг здольны на кожную рэч».

260. І вось сказаў Ібрагім: «Госпадзе! Пакажы мне, як ты даруеш жыццё памерлым». Той сказаў: «Хіба ж ты яшчэ не паверыў?» Ён адказаў: «Так, але ж трэба супакоіць сваё сэрца». Сказаў Аллаг: «Вазьмі чатырох птушак, зарэж іх, а потым вазьмі і пакладзі на кожнай гары частку з іх. Пасля гэтага пакліч іх – і яны з’явяцца перад табою, спяшаючыся. Ведай, што Аллаг – Велічны, Мудры».

261. Прыкладам тых, якія ахвяруюць сваю маёмасць на шляху Аллага, з’яўляецца зернетка, з якога вырасла сем каласкоў, а ў кожным каласку – сто зернеткаў. Аллаг дае больш таму, каму пажадае. Аллаг – Усеабдымны, Усеведаючы.

262. Тыя, якія ахвяруюць на шляху Аллага і не суправаджаюць тое, што ахвяравалі, дакорам і абразаю, мецьмуць у свайго Госпада ўзнагароджанне. Няма боязі ім і не будуць засмучаныя яны.

263. Добрае слова і прабачэнне лепш за міласціну, якая суправаджаецца абразаю. Аллаг – Багаты, Стрымалы.

264. О вы, якія паверылі! Не псуйце вашае міласціны дакорам і абразаю, нібы той, хто выдаткаваў нейкую маёмасць на ахвяраванне дзеля таго, каб убачылі гэта людзі. Бо ён не паверыў у Аллага і Апошні Дзень. Яго прыкладам з’яўляецца слізкая скала, пакрытая зямлёю. Але вось намачыў яе дождж, і скала засталася чыстаю. Няма ў іх ніякае моцы над тым, што яны атрымалі. Аллаг не вядзе простым шляхам нявернікаў.

265. Прыкладам тых, якія выдаткоўваюць сваю маёмасць, імкнучыся да задаволенасці Аллага і пераконваючы саміх сябе, ёсць сад на пагорку. Калі абросіць яго дождж, дык удвая прымножыцца яго плён. А калі не абросіць яго дождж, дык абросіць хоць бы імжа. Аллаг бачыць тое, што вы робіце.

266. Няўжо хто-небудзь з вас жадае – калі будзе ў яго сад з пальмамі і вінаградня, дзе будуць струменіць рэкі і будзе розны плён – каб кранула яго старасць, тады як дзеці яшчэ будуць кволымі, а сам сад паб’е віхор, у якім гэты сад і згарыць? Вось так Аллаг тлумачыць вам азнакі – магчыма, задумаецеся вы.

267. О вы, якія паверылі! Ахвяруйце тыя даброты, якія вы атрымалі, а таксама тое, што Мы выгадавалі для вас з зямлі. Але не жадайце даваць у ахвяру дрэннае – тое, што вы і самі не ўзялі б, апроч як заплюшчыўшы вочы. І ведайце, што Аллаг – Багаты, Хвалімы.

268. Шатан палохае вас галечаю і заклікае вас да распусты, а Аллаг абяцае вам прабачэнне ад Сябе і шчодры дар. Аллаг – Усеабдымны, Усеведаючы.

269. Аллаг даруе мудрасць, каму пажадае, а каму падараваная мудрасць, таму падаравана вялікае дабро. Але згадваюць гэта толькі адораныя розумам.

270. Што б вы не выдаткавалі як міласціну, альбо якую абяцанку вы не далі б, дык, сапраўды, Аллаг ведае пра гэта. Але прыгнятальнікам не будзе памагатых.

271. Калі вы даяце міласціну адкрыта, дык яна з’яўляецца дабром. А калі вы хаваеце яе і даяце незаможным, якія жывуць у нястачы, дык гэта лепш для вас. Аллаг даруе вам вашыя некаторыя ліхія ўчынкі, і Аллагу вядома тое, што вы робіце.

272. Не твой гэта абавязак весці іх простым шляхам. Гэта Аллаг вядзе простым шляхам таго, каго пажадае. А тое дабро, якое вы ахвяруеце – гэта ж для вас саміх. Ахвяруеце вы гэта, толькі імкнучыся да задавальнення Аллага. А за тое, што вы выдаткоўваеце, адгодзяць вам поўнасцю і не абыдуцца з вамі несправядліва.

273. Гэта для незаможных, якія затрымаліся на шляху Аллага, ці не прымеюць перасоўвацца зямлёю. Невук лічыць іх багатымі праз іх сціпласць. Але ты даведаешся пра іх па іх прыкметах: яны не патрабуюць у людзей настойліва. Пра тое, што ахвяруеце вы са свайго дабра, Аллаг ведае.

274. Тыя, якія выдаткоўваюць сваю маёмасць як міласціну днём і ноччу, таемна і адкрыта, атрымаюць узнагароду ад іх Госпада. Няма боязі для іх і не будуць яны засмучаныя.

275. А тыя, якія жаруць ліхву, паўстануць толькі так, як тыя, каго сваім дакрананнем пабіў шатан. Гэта так, бо яны казалі: «Гандаль падобны на ліхвярства». І Аллаг дазволіў гандаль, але забараніў ліхвярства. А калі нехта пасля таго, як прыйшоў да яго наказ ад Госпада, супыніцца займацца гэтым, дык будзе даравана яму тое, што ўжо прайшло, і справа яго належыць Аллагу. А калі хто нанова пачне займацца гэтым, дык жыллём такіх будзе агонь. І будуць яны там павек!

276. Аллаг знішчае ліхвярства і памнажае міласціну. Аллаг не любіць кожнага няверніка і грэшніка.

277. Сапраўды, тыя, якія паверылі, здзяйснялі добрыя справы, выконвалі малітву і давалі закят, атрымаюць узнагароджанне ў іх Госпада. Няма страху ў ім, і не будуць засмучаныя яны.

278. О вы, якія паверылі! Бойцеся Аллага і адмоўцеся ад таго, што належыць вам як ліхва – калі вы вернікі.

279. Калі ж вы не зробіце гэтага, дык вы будзеце ворагамі Аллагу і Яго Пасланцу. А калі зробіце, дык мецьмяце сваё першае становішча. Не чыніце несправядліва, тады не абыдуцца несправядліва з вамі.

280. Калі даўжнік будзе ў цяжкім становішчы, дык пачакайце, пакуль яго становішча не палегчыцца. А калі вы прабачце яму гэта, зрабіўшы міласціну, дык гэта будзе лепей для вас, калі б вы толькі ведалі!

281. Бойцеся таго Дня, калі вы паварочаецеся да Аллага. Аддадуць кожнай душы спаўна за тое, што яна сабе набыла. І не абыдуцца з вамі несправядліва.

282. О вы, якія паверылі! Калі складаеце ўгоду пазыкі на пэўны тэрмін, дык запісвайце гэта. І няхай пісар запісвае гэта слушна. Няхай не адмаўляецца запісаць яго так, як навучыў Аллаг. Няхай піша, а той, хто атрымлівае пазыку, няхай дыктуе яму, і няхай баіцца Аллага, і не паменьшае там нічога. А калі той, хто бярэ пазыку, дурны альбо кволы, ці не прымее дыктаваць, дык няхай дыктуе яго апекавальнік. Паклічце двух сведкаў з вашых мужчын. А калі не будзе двух мужчын, дык няхай будзе адзін мужчына і дзве жанчыны, якіх вы згодныя ўзяць у сведкі. Калі першая памыліцца, дык другая нагадае ёй. Няхай сведкі не адмаўляюцца, калі іх запрашаюць. І не грэбуйце запісваць угоду – малую альбо вялікую – з адзначэннем яе тэрміну. Так будзе слушней перад Аллагам, надзейней для сведчання і лепей для пазбягання сумневаў. Аднак, калі гэта будзе гандаль з разлікам гатоўкаю на месцы, дык не будзе вам граху, калі не запішаце гэтага. Але клічце сведкаў, калі складаеце паміж сабою гандлёвыя ўгоды. Нельга крыўдзіць ні пісара, ні сведкаў. А калі зробіце так, дык будзе вам грэх! І бойцеся Аллага – Ён навучае вас! Аллаг ведае пра кожную рэч.

283. А калі вы апыняцеся на шляху і не знойдзеце пісара, дык бярыце заклад, які можна ўзяць у рукі. І калі адзін з вас давярае іншаму, дык няхай той, каму нешта даверана, верне даверанае яму і няхай ён баіцца Аллага, Госпада свайго. Не хавайце сведчання, а хто хавае яго, той у сваім сэрцы з’яўляецца грэшнікам. Аллаг ведае пра тое, што вы робіце.

284. Аллагу належыць тое, што на нябёсах і на зямлі. Ці пакажаце тое, што ў вашых душах, ці схаваеце яго – Аллаг адплаціць вам. Ён даруе прабачэнне, каму пажадае, і карае, каго пажадае. Аллаг здольны на кожную рэч.

285. Пасланец паверыў у тое, што паслана яму ад Яго Госпада, а разам з ім – вернікі. Усе паверылі ў Аллага, у Яго анёлаў, у Яго кнігі, у Яго пасланцоў: «Мы не праводзім мяжы паміж пасланцамі». Яны кажуць: «Слухаем і падпарадкоўваемся! Даруй нам прабачэнне, Госпадзе наш, і да Цябе вяртанне».

286. Аллаг не патрабуе ад чалавека звыш яго магчымасці. За ім тое, што здабыў ён сабе, і супраць яго таксама тое, што здабыў ён сабе. «Госпадзе наш! Не карай нас за тое, на што мы забыліся альбо ў чым памыліліся. Госпадзе наш! Не ўскладай на нас цяжару, які Ты ўсклаў на тых, якія жылі раней за нас. І не ўскладай на нас таго, на што ў нас не хопіць моцы. Прабач нас, даруй нам і злітуйся над намі! Ты – Абаронца наш, таму дапамажы нам супраць нявернікаў!»

 

 

Сура 3. Алю Імран

(Сям’я Імрана)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Аліф. Лям. Мім.

2. Аллаг! Няма бога, апроч Яго – Жывога, Існага.

3. Ён паслаў табе Пісанне ў праўдзе, якое пацвярджае тое, што было раней; і Ён паслаў Таўрат і Інджыль 

4. як просты шлях людзям. І паслаў Ён Адрозненне. Сапраўды, на тых, якія не вераць у азнакі Аллага, чакае жорсткае пакаранне. Аллаг – Велічны, Уладар адплаты.

5. Сапраўды, ад Аллага не схаваецца ніводная рэч – ні на зямлі, ні на небе.

6. Ён – Той, Хто яшчэ ў зародку дорыць вам вашае аблічча, такое, якое пажадае. Няма бога, апроч Яго, а Ён – Велічны, Мудры.

7. Ён – Той, Хто паслаў табе Пісанне. Ёсць у ім аяты, якія выкладзеныя зразумела, яны – маці Пісання. А іншыя маюць шмат значэнняў. Таму тыя, чые сэрцы адхіліліся ў бок, ідуць за шматзначным, імкнучыся да калатні і імкнучыся патлумачыць іх. Але іх тлумачэння не ведае ніхто, апроч Аллага. І ўмацаваныя ў ведах кажуць: «Мы верым у гэта. Усё яно – ад нашага Госпада». Але ж памятаюць гэта толькі адораныя розумам.

8. «Госпадзе наш! Не адхіляй сэрцы пасля таго, як ты паказаў ім просты шлях. І даруй нам ад сябе літасць, сапраўды, Ты – Даруючы.

9. Госпадзе наш! Сапраўды, ты збярэш людзей у той Дзень, у якім няма сумневу». Сапраўды, Аллаг не парушае абяцанкі.

10. Сапраўды, ні маёмасць, ні дзеці нічым не дапамогуць перад Аллагам тым, якія не паверылі, і такія будуць распалкаю для агню.

11. Так здзяйсняў род Фараона і тыя, якія жылі раней за іх. Яны адкінулі Нашыя азнакі, і Аллаг скараў іх за іх грахі. Аллаг суворы ў пакаранні.

12. Скажы тым, якія не вераць: «Вас пераадолеюць і збяруць у пекле». Агіднае ж гэта сховішча!

13Азнакаю для вас было сутыкненне паміж двума аддзеламі. Адзін аддзел змагаўся на шляху Аллага, а другі складаўся з нявернікаў. Першыя бачылі на ўласныя вочы, што тыя ў два разы пераважаюць іх лікам. Няхай Аллаг даруе Сваю дапамогу, каму пажадае. Сапраўды, у гэтым – прыклад для тых, хто здольны бачыць.

14. Людзям здаецца выдатнаю любоў да задавальненняў, якія прыносяць жанчыны, сыны, назапашаныя кінтары (вялікая колькасць) золата і срэбра, адборныя коні, худоба і пасевы. Такая ёсць часовая асалода зямнога жыцця, тады як у Аллага – лепшае месца для вяртання.

15. Скажы: «Распавесці вам пра тое, што лепш за гэтае? Для тых, якія збожныя, у іх Госпада ёсць сады, дзе струменяць рэкі і дзе яны будуць павек, а з імі – прачыстыя жонкі і ласка ад Аллага» А Аллаг бачыць рабоў,

16. якія кажуць: «Госпадзе наш! Сапраўды, мы паверылі. Даруй нам нашыя грахі і выратуй нас ад вогненнага пакарання», –

17. трывучыя, праўдзівыя, ціхмяныя, якія даюць міласціну і просяць перад світаннем прабачэння.

18. Засведчыў Аллаг, што няма бога, апроч Яго, а таксама анёлы і надзеленыя веданнем. Ён падтрымлівае справядлівасць, няма бога, апроч Яго, і Ён – Велічны, Мудры.

19. Сапраўды, вера перад Аллагам – Іслам. Тыя, каму дадзена Пісанне, разышліся паміж сабою праз узаемную непрыхільнасць толькі пасля таго, як да іх прыйшло веданне. А калі хто не верыць у азнакі Аллага, дык, Сапраўды, Аллаг – хуткі ў разліку.

20. Калі ж яны пачнуць спрачацца з табою, дык скажы: «Я падпарадкаваўся Аллагу разам з тымі, хто пайшоў за мною». І скажы тым, якім дадзена Пісанне, а таксама непісьменным: «Ці не падпарадкуецеся і вы?» І калі яны падпарадкуюцца, дык пойдуць шляхам простым. А калі адхінуцца, дык ты адказваеш толькі за тое, каб перадаць ім гэта. Аллаг бачыць рабоў,

21. якія не вераць у азнакі Аллага і забіваюць прарокаў без права на тое, і забіваюць тых людзей, якія заклікаюць да слушнасці. Таму ўцеш іх пакутлівым пакараннем.

22. Гэта тыя, чые ўчынкі будуць марнымі як у цяперашнім жыцці, дык і ў Наступным жыцці. І не будзе ў такіх памагатых.

23. Хіба ты не бачыў тых, каму была дадзеная частка Пісання? Якіх заклікаюць да Пісання Аллага, каб судзіць паміж імі. Але некаторыя з іх адхінаюцца з агідаю.

24. Гэта так, бо яны кажуць: «Агонь не закране нас, хіба што на лічаныя дні». Іх спакусіла ў іх веры тое, што яны прыдумлялі.

25. А як жа будзе тады, калі Мы збяром іх у Дзень, у якім няма сумневу, і калі аддадуць кожнай душы поўнасцю за тое, што атрымала яна? І не абыдуцца з імі несправядліва.

26. Скажы: «О Аллаг! Уладар каралеўства! Ты даруеш уладу, каму пажадаеш, і пазбаўляеш улады, каго пажадаеш. Ты ўслаўляеш, каго пажадаеш, і зневажаеш, каго пажадаеш. У Тваёй уладзе карысць. Сапраўды, Ты над кожнай рэччу – Магутны.

27. Ты павялічваеш ноч праз дзень, а дзень – праз ноч. І ты выводзіш жывое з нежывога, і выводзіш нежывое з жывога. Ты надзяляеш, каго пажадаеш – без адплаты за гэта».

28. Няхай вернікі не бяруць сабе за набліжаных нявернікаў заміж іншых вернікаў. А хто робіць гэта, той не мае ніякага дачынення да верання Аллага, хіба як вы сапраўды баіцеся іх. Аллаг засцерагае вас ад Самога Сябе, і да Аллага – вяртанне.

29. Скажы: «Ці вы схаваеце тое, што ў вашых сэрцах, альбо адкрыеце – Аллаг усё адно будзе ведаць гэта. Ён ведае тое, што на нябёсах і што на зямлі. Бо Аллаг здольны на кожную рэч».

30. У той Дзень перад кожнаю душою ўстане дабро, якое здзейсніла яна, а таксама ўчыненае ёй ліха, і яна пажадае вялікае адлегласці паміж сабою ды ім. Аллаг засцерагае вас ад Самога Сябе, і Ён – Ласкавы да рабоў.

31. Скажы: «Калі вы любіце Аллага, дык накіроўвайцеся за мною, і Аллаг будзе любіць вас і даруе вам вашыя грахі». Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

32. Скажы: «Падпарадкоўвайцеся Аллагу і Пасланцу». Ды калі яны адхінуцца, дык Аллаг не любіць нявернікаў.

33. Сапраўды, Аллаг абраў Адама, Нуха, род Ібрагіма і род Імрана перад жыхарамі сусветаў.

34. Адны з іх былі нашчадкамі іншых. Аллаг – Усечуючы, Усеведаючы.

35. І вось сказала жанчына з роду Імрана: «Госпадзе! Я дала абяцанку прысвяціць Табе тое, што знаходзіцца ва ўлонні маім. Таму прымі ад мяне, бо, сапраўды, Ты – Усечуючы, Усеведаючы».

36. І калі яна нарадзіла, дык сказала: «Госпадзе! Я нарадзіла дзяўчынку». І Аллаг лепш ведаў, каго яна нарадзіла, бо хлопчык – не тое, што дзяўчынка. «Я назаву яе Мар’ям, і я шукаю ў цябе абароны для яе і яе нашчадкаў ад каменаванага шатана».

37. Аллаг прыняў яе ласкава, найлепшым чынам выгадаваў яе і даручыў яе Закарыі. Кожны раз, калі Закарыя ўваходзіў у бажніцу, дзе была жанчына, знаходзіў каля яе ежу. А калі ён спытаў: «О Мар’ям! Адкуль гэта ў цябе? – дык яна сказала: «Гэта – ад Аллага! Сапраўды, Аллаг даруе таму, каму пажадае – без адплаты за гэта».

38. Тады Закарыя звярнуўся да Госпада: «Госпадзе! Даруй мне ад сябе выдатных нашчадкаў, сапраўды, ты слухаеш заклікі да Цябе».

39. І вось, калі ён здзяйсняў малітву ў бажніцы, звярнуліся да Яго анёлы: «Аллаг даруе табе добрую вестку пра Ях’ю, які сцвердзіць слова ад Аллага, будзе наперадзе іншых, будзе стрыманым і будзе прарокам з ліку праведнікаў».

40. Сказаў той: «Госпадзе! Як жа можа быць у мяне хлопчык, калі я ўжо дасягнуў старасці, а жонка мая бясплённая?» Анёл сказаў: «Так будзе, бо Аллаг робіць так, як пажадае».

41. Закарыя сказаў: «Госпадзе, дай мне азнаку!» Сказаў Госпад: «Будзе табе азнакаю тое, што ты не загутарыш з людзьмі тры дні, апроч як толькі знакамі. Згадвай жа Госпада свайго чысцей і ўслаўляй Яго раніцай і ўвечары».

42. І сказалі анёлы: «О Мар’ям! Сапраўды, Аллаг абраў цябе і зрабіў прачыстаю. Ён абраў цябе перад жанчынамі ўсіх сусветаў.

43. О Мар’ям! Будзь пакорліваю перад Госпадам сваім, упадзі да зямлі і кланяйся разам з тымі, хто кланяецца».

44. Гэта – весткі са схаванага, якое Мы адкрываем табе. Ты не быў сярод тых, хто кідаў свае трасціны для пісьма – каму б гэта даручыць Мар’ям? І ты не быў сярод іх, калі яны спрачаліся.

45. І сказалі анёлы: «О Мар’ям! Сапраўды, Аллаг паведамляе табе добрую вестку пра слова ад Яго. Імя яму – Іса Месія, сын Мар’ям. Ён будзе ўшанаваны ў цяперашнім жыцці і ў жыцці наступным і будзе адным з набліжаных.

46. Ён будзе гутарыць з людзьмі яшчэ ў калысцы і ў дарослым узросце. Ён будзе адным з праведнікаў».

47. Яна сказала: «Госпадзе! Як можа быць у мяне дзіця, калі ніводзін мужчына не дакранаўся да мяне?» Анёлсказаў: «Так здарыцца, бо Аллаг робіць так, як пажадае». Калі Ён вырашае нешта – дык толькі кажа: «Будзь!» – і яно паўстае.

48. Ён навучыць яго Пісанню, мудрасці, Таўрату ды Інджылю

49. і зробіць пасланцом да сыноў Ісраіля: «Я прыйшоў да вас з азнакаю ад вашага Госпада. Я зраблю вам з гліны падабенства птушкі, і яна, з дазволу Аллага, стане птушкаю. Я загаю невідушчага ад нараджэння і пракажонага і я адраджу сканаўшага – з дазволу Аллага. Я распавяду вам пра тое, што вы ясце, і што адкладаеце на запас у сваіх жытлах. Сапраўды, у гэтым будзе знак для вас, калі вы з’яўляецеся вернікамі.

50. Я буду сцвярджаць тое, што было да мяне ў Таўраце. Я дазволю вам частку таго, што забаронена вам. Я прыйшоў да вас з азнакаю ад вашага Госпада. Таму бойцеся Аллага і падпарадкоўвайцеся мне.

51. Сапраўды, Аллаг мой Госпад і ваш Госпад. Пакланяйцеся ж Яму! Гэта і ёсць просты шлях».

52. І калі Іса адчуў іх няверу, дык ён спытаў: «Хто мае памагатыя на шляху да Аллага?» Апосталы адказалі: «Мы памагатыя Аллага. Мы паверылі ў Аллага. Засведчы ж тое, што мы – адданыя Яму.

53. Госпадзе наш! Мы паверылі ў тое, што Ты паслаў. Мы ідзем за пасланцом, таму запішы нас разам з тымі, якія сведчаць».

54. І яны мудрагелілі, але Аллаг мае задум супраць іх мудрагельства. Аллаг Вышэйшы за мудрагеляў.

55. Вось Аллаг сказаў: «О Ісе! Я супакою цябе і ўзнясу цябе да Сябе, і Я ачышчу цябе ад тых, якія не паверылі. І я дам магчымасць тым, якія рушылі за табою, мець перавагу над тымі, якія не паверылі – аж да Дня Ажывання. А потым да Мяне паварочаецеся вы. І Я разважу паміж вамі тое, пра што вы спрачаецеся.

56. А тых, якія не верылі, Я скараю суворым пакараннем, як у жыцці зямным, так і ў наступным жыцці. І не будзе ў іх памагатых.

57. А тым, якія паверылі і здзяйснялі добрыя справы, адгодзяць поўным узнагароджаннем. Аллаг не любіць прыгнятальнікаў».

58. Вось так Мы паведамляем табе знакі і мудры напамін.

59. Сапраўды, Іса перад Аллагам падобны на Адама – Ён стварыў яго з праху, а потым сказаў таму: «Будзь!» – і ён ёсць.

60. Праўда – ад твайго Госпада. Таму не будзь сярод тых, хто вагаецца.

61. А калі хто пачне спрачацца з табою пасля таго, як да цябе прыйшло веданне, дык скажы: «Паклічам жа нашых і вашых сыноў, нашых і вашых жонак, нас саміх і вас саміх, памолімся ды і наклічам праклён Аллага на хлусаў».

62. Сапраўды, гэты аповяд праўдзівы. І няма бога, апроч Аллага і, сапраўды, Ён – Вялікі, Мудры.

63. А калі яны адхінуцца, дык, сапраўды, Аллаг ведае тых, якія чыняць ганьбу.

64. Скажы: «О людзі Пісання! Прыйдзем жа да адзінага слова паміж намі і паміж вамі – што мы не будзем пакланяцца нікому, апроч Аллага, і не будзем нікога надаваць Яму раўнёю, і не будзем лічыць за Госпада кагосьці іншага з нас ці з вас, а толькі Аллага». А калі яны адхінуцца, дык скажы: «Засведчыце, што мы – адданыя Яму».

65. О людзі Пісання! Чаму вы спрачаецеся пра Ібрагіма, бо Таўрат і Інджыль былі пасланыя толькі пасля яго? Хіба вы не разумееце?

66. Вы спрачаліся пра тое, што было вам вядома. А чаму ж цяпер вы не спрачаецеся пра тое, што вам не вядома? Аллаг ведае, а вы не ведаеце.

67. Ібрагім не быў ні юдэем, ні хрысціянінам, але ён быў ханіфам, адданым. Ён не быў паганцам.

68. Сапраўды, бліжэйшыя з людзей да Ібрагіма тыя, якія пайшлі за ім, а таксама гэты Прарок і тыя, якія паверылі. Аллаг – Абаронца вернікаў.

69. Частка з людзей Пісання жадае, каб вас увялі ў аблуду. Але ж блукаюць толькі яны самі, хоць і не адчуваюць гэтага.

70. О людзі Пісання! Чаму вы не верыце ў азнакі Аллага? І вы ж самі з’яўляецеся сведкамі гэтаму.

71. О людзі Пісання! Чаму вы апранаеце праўду ў няпраўду і хаваеце праўду? Бо вы ведаеце яе.

72. І сказала частка людзей Пісання: «Верце ў пачатку дня ў тое, што паслана вернікам, а напрыканцы дня не верце ў гэта; магчыма, паварочаюцца яны.

73. Не верце нікому, апроч таго, хто ідзе за вашым веравызнаннем». Скажы: «Сапраўды, просты шлях – гэта просты шлях ад Аллага». Сказалі яны: «І каб ніхто не атрымаў таго, што атрымалі вы, і каб ніхто не спрачаўся з вамі перад вашым Госпадам». Скажы: «Сапраўды, шчодрасць – у Аллага. Ён дае яе, каму пажадае». І Аллаг – Усеабдымны, Усеведаючы.

74. Ён абірае для Сваёй літасці, каго пажадае. Аллаг – Уладар вялікае шчодрасці.

75. Сярод людзей Пісання ёсць такія, якія, калі ты даверыш ім кінтар (вялікую колькасць), паварочаюць табе яго; але ёсць і такія, якія, калі ты даверыш ім дзінар, не паварочаюць табе і гэтага – толькі калі ты будзеш стаяць над імі. Гэта так, бо яны кажуць: «Не будзе нам граху праз гэтых непісьменных». І яны свядома хлусліва сведчаць супраць Аллага.

76. Але не! Калі хто выконвае свой запавет з Ім і баіцца Аллага, дык Аллаг любіць збожных.

77. Сапраўды, тыя, якія прадаюць запавет Аллага і сваю веру за мізэрную вартасць, не будуць мець долі ў наступным жыцці. У Дзень Ажывання Аллаг не будзе размаўляць з імі, не зірне на іх і не ачысціць іх. Чакае на іх пакутлівае пакаранне.

78. І сярод іх ёсць такія, якія сваімі мовамі скажаюць Пісанне, каб вы прынялі за Пісанне тое, чаго насамрэч ў Пісанні няма. І яны кажуць: «Гэта ад Аллага», – а насамрэч яно не ад Аллага. І яны свядома хлусліва сведчаць супраць Аллага.

79. Не пасуе чалавеку, якому Аллаг даў Пісанне, мудрасць і прароцтва, казаць людзям: «Будзьце рабамі мне, а не Аллагу». Наадварот, будзьце кіраўнікамі ведаў, бо вы навучаеце Пісанню і вывучаеце яго.

80. І не варта гэтаму чалавеку таксама заклікаць да таго, каб анёла альбо прарока лічылі Госпадам. Няўжо ён будзе заклікаць вас да няверы пасля таго, як вы сталі адданымі Аллагу?

81. Аллаг склаў запавет з прарокамі: «Вось тое, што Я дам вам з Пісання і мудрасці. Потым прыйдзе да вас Пасланец, які пацвердзіць тое, што будзе ў вас. Вам варта паверыць у яго і дапамагаць яму». І ён спытаў: «Ці згодныя вы з гэтым, і возьмеце гэта на сябе?» Тыя адказалі: «Згодныя». Сказаў Ён: «Будзьце ж сведкамі гэтаму і Я буду сведкам разам з вамі».

82. А калі хто пасля гэтага адхінецца, тыя – непакорлівыя».

83. Няўжо яны шукаюць іншага верання, а не верання Аллага? Яму падпарадкаваліся ўсе, хто на нябёсах і на зямлі – як самахоць, дык і прымусова. І да Яго паварочаюцца яны.

84. Скажы: «Мы паверылі ў Аллага і ў тое, што паслана нам, і што паслана Ібрагіму, Ісмаілю, Ісхаку, Якубу і каленам; у тое, што дадзена Мусе, Ісе і прарокам ад іх Госпада. Мы не праводзім мяжы паміж імі і мы – адданыя Яму».

85. Хто шукае іншага верання заміж ісламу, ад таго не будзе прынята, а ў наступным жыцці ён будзе сярод тых, хто страціў усё.

86. Як жа Аллаг пакажа просты шлях тым людзям, якія мелі веру, сведчылі пра тое, што Пасланец з’яўляецца праўдзівым, і да якіх прыйшлі выразныя азнакі – і пасля ўсяго гэтага сталі нявернікамі? Аллаг не вядзе простым шляхам несправядлівых людзей.

87. Іх узнагарода – праклён Аллага, анёлаў і ўсіх людзей.

88. Яны будуць там павек. Не будзе палегчана іх пакаранне і не будзе адтэрміноўкі ім,

89. апроч тых, якія павініліся і потым выправілі зробленае імі. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

90. Сапраўды, ад тых, якія зрабіліся нявернікамі пасля таго, як мелі веру, а потым яшчэ і павялічылі сваю няверу, не будзе прынята іх каянне. Менавіта яны блукаюць у аблудзе.

91. Сапраўды, ад тых, якія не паверылі і сканалі нявернікамі, не будзе прынята ад іх золата нават памерам з зямлю, калі хтосьці паспрабуе адкупіцца ім. На іх чакае пакутлівае пакаранне і не будзе для іх памагатых.

92. Вы не дасягняце збожнасці, пакуль не будзеце ахвяраваць тое, што дорага вам. І што б вы ні ахвяравалі, сапраўды, Аллаг ведае пра гэта.

93. Усялякая ежа была дазволеная сынам Ісраіля перад пасланнем Таўрата, апроч той, якую Ісраіль забараніў сам сабе. Скажы: «Прынясіце ж Таўрат і прачытайце гэта, калі вы праўдзівыя».

94. А калі хто пасля гэтага ўзводзіць паклёп на Аллага, дык менавіта яны і з’яўляюцца несправядлівымі.

95. Скажы: «Сапраўдным з’яўляецца Аллаг! Ідзіце ж за вераю Ібрагіма-ханіфа, а ён не быў паганым».

96. Сапраўды, першы дом, збудаваны людзьмі – гэта Дом у Бацці, блаславенне і просты шлях для сусветаў.

97. Там утрымліваюцца дакладныя азнакі. Гэта – месца Ібрагіма, і хто ўвойдзе туды, будзе ў бяспецы. Людзі абавязаныя перад Аллагам здзяйсняць хадж у Дом – хто будзе здольны на гэта. А калі хто не верыць, дык Аллаг не мае патрэбы ў жыхарах сусветаў.

98. Скажы: «О людзі Пісання! Чаму вы не верыце ў азнакі Аллага, тады як Аллаг з’яўляецца сведкам таго, што вы робіце?»

99. Скажы: «О людзі Пісання! Чаму вы адхіляеце вернікаў ад шляху Аллага, спрабуючы сказіць гэты шлях? Вы ж самі з’яўляецеся сведкамі. Аллаг не абміне таго, што робіце вы».

100. О вы, якія паверылі! Калі вы падпарадкуецеся некаторым з людзей Пісання, дык яны ператвораць вас у нявернікаў пасля таго, як была ў вас вера.

101. Як жа вы прымееце не верыць, калі чытаюць вам азнакі Аллага, і сярод вас Яго Пасланец? Хто шукае абароны ў Аллага, той ужо ўстаў на просты шлях.

102. О вы, якія паверылі! Бойцеся Аллага вартай Яго бояззю. І сканайце няйначай як зрабіўшыся адданымі Яму.

103. Трымайцеся моцна, усе разам, і не падзяляйцеся. Згадайце дабрадзейства Аллага да вас, калі вы былі ворагамі, а Ён аб’яднаў вашыя сэрцы, і па Яго дабрадзействе вы зрабіліся братамі адзін для аднаго. Вы былі на краі вогненнай прорвы, і Аллаг выратаваў вас ад яе. Вось так Аллаг тлумачыць вам свае азнакі – магчыма, вы пойдзеце простым шляхам.

104. Няхай будзе сярод вас грамада, якая будзе заклікаць да дабра, будзе загадваць добрае і забараняць заганнае. Менавіта такія і будуць мець поспех.

105. І не будзьце падобнымі на тых, якія падзяліліся і разышліся паміж сабою пасля таго, як да іх прыйшло веданне; на такіх чакае вялікае пакаранне,

106. у той Дзень, калі некаторыя твары зробяцца белымі, а некаторыя – чорнымі. Скажуць тым, чые твары зрабіліся чорнымі: «Няўжо вы сталі нявернікамі пасля таго, як у вас была вера? Таму паспрабуйце на смак тое, ува што вы не верылі».

107. А тыя, чые твары зрабіліся белымі, патрапяць у літасць Аллага. І будуць яны там павек.

108. Гэта азнакі Аллага, якія Мы падаем табе ў праўдзе. Аллаг не жадае несправядлівасці для жыхароў сусветаў.

109. Аллагу належыць усё, што на нябёсах, і ўсё, што на зямлі. І да Аллага вяртаюцца ўсе справы.

110. Вы – найлепшая грамада, створаная сярод людзей: вы загадваеце добрае, забараняеце заганнае і верыце ў Аллага. Калі б людзі Пісання таксама паверылі, дык гэта было б лепш для іх. Ёсць сярод іх вернікі, але большасць з іх – непакорлівыя.

111. Яны не зробяць вам ніякай шкоды, апроч абраз. Калі яны пачнуць змагацца з вамі, дык павернуцца да вас спіною, пасля чаго ніхто ім не дапаможа.

112. Дзе б вы не знайшлі іх, яны паўсюль будуць зняважаныя – хіба як атрымаюць прытулак у Аллага і прытулак у людзей. Яны наклікалі на сябе гнеў Аллага і паразіла іх галеча. Гэта так, бо яны не верылі ў азнакі Аллага і забівалі прарокаў без права на тое. Гэта – за іх непаслушэнства і за іх парушэнні.

113. Не ўсе яны аднолькавыя. Ёсць сярод людзей Пісання трывалая суполка, якая чытае азнакі Аллага па начах, нізка кланяючыся.

114. Яны вераць у Аллага і ў Апошні Дзень, загадваюць добрае і забараняюць заганнае, папярэджваюць адно аднаго ў добрых справах. Яны і з’яўляюцца аднымі з праведнікаў.

115. Што б добрага яны не зрабілі, яно не застанецца без узнагароды. Аллаг ведае пра збожных.

116. Сапраўды, тым, якія не паверылі, ніяк не дапаможа ні іх маёмасць, ні іх дзеці. Яны з’яўляюцца жыхарамі агню – і будуць яны там павек.

117. Тое, што яны выдаткоўваюць у гэтым жыцці, падобна да маразянага ветру. Ён пабіў ніву людзей, якія былі несправядлівыя да саміх сябе, і ён знішчыў яе. Гэта не Аллаг абышоўся несправядліва з імі, гэта яны самі былі несправядлівыя да сябе.

118. О вы, якія паверылі! Не атачайце сябе тымі, хто не з асяроддзя вас. Яны прыпільнуюць выпадак нашкодзіць вам і пацешыцца з вашых цяжкасцяў. Нянавісць бачная на іх вуснах, але яшчэ большая нянавісць схаваная ў іх сэрцах. Мы ўжо патлумачылі вам азнакі, калі б толькі разумелі вы.

119. Вы любіце іх, а яны не любяць вас. Вы верыце ва ўсе Пісанні, і калі яны сустракаюць вас, дык кажуць: «Мы паверылі». А калі застаюцца сам-насам, дык грызуць пазногці ад сваёй нянавісці да вас. Скажы: «Сканайце ад сваёй нянавісці». Аллаг добра ведае пра тое, што ў сэрцах.

120. Калі здарыцца з вамі нешта добрае, дык гэта прыгнятае іх. А калі вас паразіць бяда, дык цешацца яны. Але калі вы будзеце трывучымі і збожнымі, дык іх мудрагельства ніяк не здолее нашкодзіць вам. Сапраўды, Аллаг разумее тое, што яны робяць.

121. І вось ты раніцай пакінуў сваю сям’ю, каб паказаць вернікам іх месцы перад бітваю. Аллаг – Усечуючы, Усеведаючы.

122. І калі два вашых аддзела ўжо былі здольныя зажурыцца, Аллаг быў іх Абаронцам. І няхай на Аллага спадзяюцца вернікі.

123. Аллаг дапамог вам пры Бадры, калі вы былі слабымі. Бойцеся Аллага – магчыма, вы будзеце ўдзячныя.

124. І ты сказаў вернікам: «Хіба не дастаткова вам таго, што Аллаг дапамагае вам трыма тысячамі пасланых анёлаў?»

125. Так! Калі вы будзеце трывучымі і збожнымі, і калі ўчыняць раптоўны наезд на вас, дык Ён дапаможа вам пяццю тысячамі пазначаных анёлаў.

126. Аллаг зрабіў гэта добраю весткаю для вас – для таго, каб супакоіць ёю вашыя сэрцы, бо няма дапамогі, апроч як ад Аллага – Велічнага, Мудрага,

127. а таксама для таго, каб знішчыць частку нявернікаў ці зняважыць іх так, каб яны паварочаліся падушанымі.

128. Ты не маеш нічога да гэтай справы, прыме Ён іх каянне альбо скарае іх. Сапраўды, яны – несправядлівыя.

129. Аллагу належаць тыя, хто на нябёсах, і тыя, хто на зямлі. Ён даруе таму, каму пажадае, і карае таго, каго пажадае. Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

130. О вы, якія паверылі. Не жарыце ліхву, павялічаную ў шмат разоў. І бойцеся Аллага – магчыма, вы будзеце мець поспех.

131. І бойцеся агню, які падрыхтавалі нявернікам.

132. І падпарадкоўвайцеся Аллагу і Пасланцу – магчыма, вы атрымаеце літасць.

133. Імкніцеся ж да прабачэння вашага Госпада і раю, працягласць якога роўная нябёсам і зямлі. Яго падрыхтавалі для збожных,

134. якія выдаткоўваюць на міласціну ва ўцесе і ў бядзе, якія стрымліваюць гнеў і даруюць людзям. Аллаг любіць тых, якія робяць дабро.

135. І тыя, якія ўчынілі нешта агіднае альбо абышліся несправядліва з самімі сабой, згадваюць Аллага і просяць у Яго прабачэння іх грахоў; а хто ж прабачыць грахі, апроч Аллага? Тыя, якія не паўтараюць зробленага, ведаючы пра гэта –

136. менавіта такія будуць мець сваім узнагароджаннем прабачэнне ад іх Госпада і сады, дзе струменяць рэкі. Яны будуць там павек. Добрае ж узнагароджанне маюць тыя, хто гэта робіць.

137. Такое здаралася і раней за вас. Пашпацыруйце па зямлі і зірніце, які быў канец тых, хто абвінавачваў у хлусні. 

138. Гэта – тлумачэнне для людзей, просты шлях і навука для збожных.

139. Не слабніце і не сумуйце, бо вы будзеце мець перавагу над іншымі – калі вы вернікі.

140. Калі паранілі вас, дык і яны таксама былі параненыя раней за вас. Мы мяняем для людзей такія дні па чарзе, каб Аллаг ведаў тых, якія паверылі, і каб Ён абраў сярод вас пакутнікаў. Аллаг не любіць несправядлівых.

141. І каб Аллаг ачысціў тых, якія паверылі, і знішчыў нявернікаў.

142. Няўжо вы думаеце, што ўвойдзеце ў рай, і Аллаг не будзе ведаць тых сярод вас, якія вялі барацьбу, і не будзе ведаць тых, якія былі трывучымі?

143. Вы імкнуліся да сканання перад тым, як сустрэліся з ім. І вось цяпер вы бачыце яго на свае вочы.

144. Мухаммад – толькі Пасланец. Былі пасланцы і да яго. Няўжо, калі ён сканае ці будзе забіты, адступіце вы? А хто адступіць, той ніяк не здолее нашкодзіць Аллагу. Аллаг жа ўзнагародзіць удзячных.

145. Ніводная душа не сканае, апроч як з дазволу Аллага, у пэўны Ім час. Хто жадае ўзнагароджання зямнога жыцця, таго Мы ўзнагародзім ім. А хто жадае ўзнагароджання наступнага жыцця, таго Мы ўзнагародзім ім. І Мы ўзнагародзім удзячных.

146. Колькі ж было прарокаў, якія са сваімі паплечнікамі змагаліся супраць ворага. Яны не страцілі моцы ад таго, што паразіла іх на шляху Аллага, не саслаблі і не паддаліся. Аллаг любіць трывучых.

147. Яны не казалі нічога, апроч: «Госпадзе наш! Даруй нам нашыя грахі і празмернасць у нашай справе. Умацуйнашы ступні і дапамажы нам супраць нявернікаў».

148. Аллаг дараваў ім іх узнагароджанне ў зямным жыцці, а таксама выдатнае ўзнагароджанне ў наступным жыцці. Аллаг любіць тых, якія робяць дабро.

149. О вы, якія паверылі! Калі вы падпарадкуецеся тым, якія не паверылі, дык яны прымусяць вас адступіць. І вы паварочаецеся, страціўшы ўсё.

150. І Аллаг – Абаронца ваш і Ён – лепшы з памагатых.

151. Мы пасеем у сэрцах нявернікаў жах за тое, што яны прыпісвалі Аллагу раўню, у той час як Аллаг не пасылаў пра гэта ніводнага доказу. Сховішчам іх будзе агонь. Жахлівае месца прыгнятальнікаў.

152. Аллаг быў праўдзівым з вамі ў сваёй абяцанцы, калі вы знішчалі іх з Яго дазволу, пакуль вы не зажурыліся і не пачалі спрачацца пра загад. Вы ўчынілі непаслушэнства пасля таго, як ён паказаў вам дарагое для вас. Ёсць сярод вас тыя, хто імкнецца да зямнога жыцця, а ёсць сярод вас тыя, хто імкнецца да наступнага жыцця. Потым Ён прымусіў вас да ўцёкаў – каб выпрабаваць вас. Але ён ужо прабачыў вас, бо Аллаг Шчодры да вернікаў.

153. Вось вы пачалі ўзнімацца, не гледзячы адно на аднаго. Пасланец клікаў вас, знаходзячыся з тылу. Аллаг адплаціў вам сумам за сум – каб вы не сумавалі ні па тым, што страцілі, ні па тым, што паразіла вас. Аллаг ведае пра тое, што вы робіце.

154. Пасля суму ён паслаў вам супакойны сон, які закрануў частку з вас. Іншыя ж былі засмучаныя думкамі пра сябе, несправядліва думаючы пра Аллага так, як думалі ў часы невуцтва. Яны казалі: «Ці прымеем мы нешта вырашаць у гэтай справе?» Скажы: «Справа цалкам належыць Аллагу». Яны хаваюць у сваіх думках тое, што не жадаюць адкрыць табе. Яны кажуць: «Калі б мы сапраўды нешта вырашалі, дык нас тут не забівалі б». Скажы: «Нават калі б вы засталіся дома, дык тыя, каму прызначана загінуць, абавязкова рушылі б да месца свайго сканання, і Аллаг выпрабаваў бы тое, што ў вашых грудзях, каб ачысціць тое, што ў вашых сэрцах». Аллаг ведае тое, што ў сэрцах.

155. Сапраўды, тыя сярод вас, якія адхінуліся ў дзень сутыкнення двух войскаў, шатан прымусіў зачапіцца за некаторыя іх учынкі. Але Аллаг прабачыў іх. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Стрымалы.

156. О вы, якія паверылі! Не будзьце падобнымі да тых, якія не паверылі і сказалі пра сваіх братоў, калі тыя былі ў дарозе альбо прымалі ўдзел у змаганні: «Калі б яны былі ў нас, дык не сканалі б і не былі б забітымі». Бо Аллаг зрабіў гэта нагодаю для суму ў іх сэрцах. Аллаг даруе жыццё і скананне і Аллаг бачыць тое, што вы робіце.

157. Клянуся! Калі вас заб’юць ці вы сканаеце на шляху Аллага, дык прабачэнне ад Аллага і літасць лепш за тое, што яны назапашваюць.

158. Клянуся! Калі вы сканаеце ці будзеце забітыя, дык абавязкова будзеце сабраныя ў Аллага.

159. Па літасці ад Аллага ты быў лагодны з імі. Калі б ты быў няветлівым альбо жорсткім, дык яны абавязкова пакінулі б цябе. Даруй ім і малі аб прабачэнні для іх; райся з імі па справах. А калі нешта вырашыш, дык ускладай надзеі на Аллага. Сапраўды, Аллаг любіць тых, якія спадзяюцца на Яго.

160. Калі Аллаг даруе вам дапамогу, дык ніхто не пераможа вас. А калі ён пазбавіць вас яе, дык хто ж дапаможа вам заміж Яго? Няхай на Яго спадзяюцца вернікі.

161. Не падыходзіць Прароку несправядліва дзяліць здабычу. Той, хто прысабечыць здабычу несправядліва, прыйдзе з гэтаю здабычаю ў Дзень Ажывання. Аддадуць кожнай душы поўнасцю за тое, што атрымала яна. І не абыдуцца з імі несправядліва.

162. Няўжо той, хто мае схільнасць ад Аллага, падобны да таго, хто наклікаў на сябе гнеў Аллага і чыім сховішчам будзе пекла? Агіднае ж гэта месца для вяртання.

163. Яны будуць мець розныя ўзроўні перад Аллага. Бо Аллаг бачыць тое, што яны робяць.

164. Аллаг ужо ўчыніў ласку да вернікаў, калі выправіў да іх пасланца з асяроддзя іх саміх. Ён чытае ім Яго азнакі, ачышчае іх, вучыць іх Пісанню і мудрасці, хоць раней яны і знаходзіліся ў сапраўднай аблудзе.

165. І калі вас паразіла ліха – а яшчэ раней вы кагосьці паразілі ўдвая мацней – дык вы спыталі: «Адкуль гэта?» Скажы: «Ад вас саміх». Сапраўды, Аллаг здольны на кожную рэч.

166. Тое, што паразіла вас у дзень сутыкнення двух войскаў, адбылося з дазволу Аллага для таго, каб ён ведаў вернікаў,

167. і ведаў тых, якія крывадушнічаюць. Ім сказалі: «Прыйдзіце і станьце да барацьбы на шляху Аллага ці абараняйцеся!» Яны адказалі: «Калі б мы ведалі, што адбудзецца бітва, дык абавязкова пайшлі б за вамі». Але ў гэты дзень яны былі бліжэй да няверы, ніж да веры. Яны кажуць сваімі вуснамі тое, чаго няма ў іх сэрцах. Аллаг ведае пра тое, што яны хаваюць.

168. Гэта яны, седзячы дома, казалі сваім братам: «Калі б вы паслухаліся нас, дык не забівалі б вас». Скажы: «Адхініце ж скананне ад саміх сябе, калі вы праўдзівыя».

169. Не лічыце нежывымі тых, якія загінулі на шляху Аллага. Не, яны жывыя і атрымліваюць долю ў свайго Госпада,

170. цешачыся з таго, што дараваў ім Аллаг па Сваёй літасці; трыумфаваць, што тым, якія засталіся з тылу іх, няма чаго баяцца, і што не будуць засмучаныя яны.

171. Цешацца яны з ласкі Аллага, Яго шчодрасці і таго, што Аллаг не страціць узнагароджання вернікаў,

172. якія адказалі Аллагу і Пасланцу пасля таго, як былі параненыя. Чакае на тых сярод іх, якія рабілі дабро і былі збожнымі, вялікае ўзнагароджанне.

173. Сказалі ім: «Сапраўды, людзі сабраліся супраць вас. Таму не палохайцеся іх!» Але гэта толькі дадало ім веры. Таму яны адказалі: «Дастаткова нам Аллага! Ён выдатны Абаронца».

174. Таму яны паварочаліся з ласкаю ад Аллага і Яго шчодрасцю. Ліха не кранула іх, і яны рушылі ўтроп ласкі Аллага. Аллаг – Уладар вялікае шчодрасці.

175. Гэта толькі шатан палохае вас сваімі памагатымі. Але не бойцеся іх, а бойцеся Мяне, калі вы вернікі.

176. Няхай жа не засмучаюць цябе тыя, якія спяшаюцца ў сваёй няверы. Яны ніяк не здолеюць перашкодзіць Аллагу. Аллаг жадае, каб яны не мелі долі ў наступным жыцці. Чакае на іх вялікае пакаранне.

177. Сапраўды, тыя, якія набылі няверу за веру, ніяк не здолеюць перашкодзіць Аллагу. Чакае на іх вялікае пакаранне.

178. Няхай не думаюць тыя, якія не вераць, што Нашая адтэрміноўка з’яўляецца дабром для іх. Мы далі ім адтэрміноўку толькі для таго, каб яны павялічылі свае грахі. Чакае на іх вялікае пакаранне.

179. Аллаг не пакіне вернікаў у тым стане, у якім вы знаходзіцеся, пакуль не адрозніць ён паміж дрэнным і добрым. Аллаг не навучыць вас таемнаму, але Аллаг абірае сярод пасланцоў сваіх таго, каго пажадае. Таму паверце ў Аллага і Яго пасланцоў. І калі вы паверыце і будзеце збожнымі, дык атрымаеце вялікае ўзнагароджанне.

180. Няхай не думаюць тыя, якія праяўляюць хцівасць у тым, што Аллаг дараваў ім па Сваёй шчодрасці, што гэта лепш для іх. О не, гэта горш для іх. У Дзень Ажывання тое, на што яны скнарнічалі, павісне вакол іх шыі. Аллагу належыць спадчына нябёсаў ды зямлі і Яму вядома тое, што вы робіце.

181. Аллаг пачуў словы тых, якія казалі: «Сапраўды, Аллаг – незаможны, а мы – багатыя!» Мы запішам і тое, што яны казалі, і тое, што яны забівалі прарокаў без права. І Мы скажам: «Паспрабуйце на смак вогненнае пакаранне

182. за тое, што вы падрыхтавалі сваімі рукамі. Бо Аллаг не абыходзіцца з рабамі несправядліва».

183. І якія казалі: «Сапраўды, Аллаг наказаў нам не верыць ніводнаму пасланцу, пакуль ён не пакажа нам ахвяру, якую паглыне агонь». Скажы: «Да вас ужо прыходзілі пасланцы з выразнымі азнакамі і тым, пра што вы сказалі. Чаму ж тады вы забілі іх, калі вы кажаце праўду?»

184. І калі яны ўспрымуць цябе за хлуса, дык таксама яны ўспрымалі за хлусаў і тых, якія прыходзілі перад табою з выразнымі азнакамі, кнігамі і Зіхатлівым Пісаннем.

185. Кожная душа паспрабуе скананне, але адплацяць вам поўнасцю толькі ў Дзень Ажывання. І хто будзе аддалены ад агню і ўведзены ў рай, той і будзе мець поспех. Зямное жыццё – толькі зманлівая асалода.

186. Вы абавязкова будзеце выпрабаваныя сваёй маёмасцю і самімі сабой. І вы абавязкова пачуеце шмат крыўднага ад тых, каму было дадзена Пісанне раней за вас, а таксама ад паганых. Але калі вы будзеце трывучымі ды збожнымі, дык гэта і будзе сапраўднаю рашучасцю.

187. І вось Аллаг узяў запавет з тых, каму было дадзена Пісанне: «Патлумачце яго людзям і не хавайце яго!» Але яны не прынялі яго і прадалі за мізэрную вартасць. Агідна тое, што нагандлявалі яны.

188. Не думай жа, што тыя, якія цешацца са сваіх учынкаў і любяць, каб іх ухвалялі за тое, чаго яны насамрэч не рабілі – дык вось, не думай, што яны выратуюцца ад пакарання. Чакае на іх вялікае пакаранне.

189. Аллагу належыць улада над нябёсамі і зямлёю. Аллаг здольны на кожную рэч.

190. Сапраўды, у тварэнні нябёсаў і зямлі, у размежаванні ночы і дня, ва ўсім гэтым – знак для адораных розумам,

191. якія згадваюць Аллага стоячы, седзячы і лежачы, якія разважаюць над стварэннем нябёсаў і зямлі: «Госпадзе наш! Ты не стварыў усё гэта дарэмна. Прачысты Ты! Выратуй жа нас ад пакарання агнём!

192. Госпадзе наш! Сапраўды, Той, Каго ты кінеш у агонь, будзе ў ганьбе. І ў несправядлівых не будзе памагатых.

193. Госпадзе наш! Сапраўды, мы пачулі вяшчальніка, які заклікаў да веры: «Паверце ў Госпада вашага!» – іпаверылі. Госпадзе наш! Даруй нам нашыя грахі і адпусці нам нашыя ліхія ўчынкі! І даруй нам супакой разам з праведнымі!

194. Госпадзе наш! Даруй нам тое, што ты паабяцаў нам праз Сваіх пасланцоў. І не ганьбі нас у Дзень Ажывання. Сапраўды, Ты не парушаеш абяцанкі».

195. І адказаў ім іх Госпад: «Я не зраблю марнымі вашыя ўчынкі – ні ўчынкаў мужчын, ні ўчынкаў жанчын. Бо адны з вас паходзяць ад іншых. А тым, якія перабраліся, былі выгнаныя са сваіх жытлаў, адчувалі пакуты на маім шляху, змагаліся і гінулі, тым я абавязкова адпушчу іх ліхія ўчынкі ды ўвяду такіх у сады, дзе струменяць рэкі. Гэта ўзнагароджанне ад Аллага, а ў Аллага – найлепшае ўзнагароджанне».

196. Няхай не вабіць цябе зямная мітусня тых, якія не паверылі,

197. бо нікчэмная асалода гэтая. А потым іх сховішчам будзе пекла – і якое агіднае гэта сховішча.

198. Але на тых, якія баяліся свайго Госпада, чакаюць сады, дзе струменяць рэкі. Яны будуць там павек, раскашуючы пачастункамі Аллага. Тое, што ў Аллага, лепш для праведнікаў.

199. Сапраўды, сярод людзей Пісання абавязкова ёсць тыя, якія паверылі ў Аллага і ў тое, што паслана вам, а таксама ў тым, што паслана ім. Яны маюць боязь перад Аллагам і не прадаюць азнакі Аллага за мізэрную вартасць. Чакае на іх узнагароджанне ад іх Госпада. Сапраўды, Аллаг – хуткі ў адгодзе.

200. О вы, якія паверылі! Будзьце трывучыя, змагайцеся ў трыванні, будзьце трывалымі. І бойцеся Аллага – магчыма, вы будзеце мець поспех.

 

 

Сура 4. Ан-Ніса

(Жанчыны)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. О людзі! Бойцеся Госпада вашага, Які стварыў вас з адное душы і стварыў з яе іншую да пары; а з іх яшчэ і іншых мужчын і жанчын і рассяліў іх. Таму бойцеся Аллага, імем Якога вы звяртаецеся адно да аднаго, і прытрымлівайцеся сваяцкіх сувязяў. Сапраўды, Аллаг прыглядае за вамі.

2. Аддавайце сірацінам іх маёмасць і не мяняйце благога на добрае. І не пажырайце іх маёмасць разам са сваёй. Сапраўды, гэта – вялікі грэх.

3. Калі ж вы баіцеся, што не будзеце належным чынам ставіцца да сірацінаў, дык пабярыцеся з тымі жанчынамі, якія вам падабаюцца: з дзвюма, з трыма, з чатырма. Але калі вы баіцеся, што не будзеце слушныя з імі, дык няхай гэта будзе толькі адна ці ж нявольніца, захопленая вамі. Гэта бліжэй, каб вам не адхіліцца.

4. І шчыра аддавайце жонкам выкуп як падарунак для іх. Але калі яны па сваёй волі нешта паварочаюць вам адтуль, дык ужывайце гэта для здароўя і карысці.

5. І не аддавайце лёгкадумным сваёй маёмасці, якую Аллаг зрабіў для вас сродкам для пражытка. Надзяляйце ды апранайце іх адтуль, а таксама кажыце ім добрыя словы.

6. Выпрабоўвайце сірацінаў, пакуль яны не дасягнуць шлюбнага ўзросту. І калі ўбачыце вы ў іх сталы розум, дык паварочайце ім іх маёмасць. Не жарыце яе, займаючыся марнатраўствам і спяшаючыся, баючыся таго часу, калі яны пасталеюць. Заможны няхай устрымаецца, а незаможны няхай спажывае паводле звычаю. І калі вы паварочаеце ім іх маёмасць, дык паклічце сведак для гэтага. Дастаткова таго, як лічыць Аллаг.

7. Мужчыне належыць доля ад таго, што пакінулі бацькі і бліжэйшыя сваякі; і жанчыне належыць доля ад таго, што пакінулі бацькі і бліжэйшыя сваякі – як ад дробнага, так і буйнога. Такая ўсталяваная доля.

8. Калі падчас падзелу прысутнічаюць сваякі, сіраціны і бедакі, дык надзяліце іх чымсьці са спадчыны, а таксама кажыце ім добрыя словы.

9. І няхай маюць боязь перад Аллагам тыя, якія, пакінуўшы пасля сябе кволых спадчыннікаў, баяліся б за іх. Няхай жа яны баяцца Аллага і кажуць разважнае слова.

10. Сапраўды, тыя, якія несправядліва жаруць маёмасць сірацінаў, толькі жаруць сваімі чэравамі агонь. Укінуць іх у полымя.

11. Аллаг наказвае вам адносна вашых дзяцей – сыну належыць доля дзвюх дачок. Калі ж усе дзеці колькасцю больш за два з’яўляюцца жанчынамі, дык ім належыць дзве траціны спадчыны. А калі засталася толькі адна дачка, дык ёй належыць палова. А кожнаму з бацькоў скананага належыць шостая частка таго, што ён пакінуў – калі ў яго засталося дзіця. А калі ён не пакінуў дзіцяці і яго спадчыннікамі з’яўляюцца бацькі, дык яго маці належыць траціна спадчыны. А калі ён мае братоў, дык маці належыць адна шостая пасля падзелу таго, што было зазначана ў адпісе, альбо пасля сплаты пазыкі. Вы не ведаеце, хто прыносіць вам больш карысці – вашыя бацькі альбо вашыя сыны, таму Аллаг усталяваў Свой наказ. Сапраўды, Аллаг – Усеведаючы, Мудры.

12. Вам належыць палова таго, што пакінулі жонкі вашыя – калі ў іх няма дзіцяці. А калі яны маюць дзіця, дык вам належыць чвэрць таго, што яны пакінулі пасля падзелу таго, што было зазначана ў адпісе, альбо пасля сплаты пазыкі. Жонкам ж належыць чвэрць таго, што вы пакінулі, калі ў вас няма дзіцяці. Калі вы маеце дзіця, дык ім належыць восьмая частка таго, што пакінулі вы пасля падзелу таго, што было зазначана ў адпісе, альбо пасля сплаты пазыкі. Калі ж мужчына ці жанчына не маюць простых спадчыннікаў, але маюць брата ці сястру, дык кожнаму з іх належыць адна шостая. Калі ж братоў і сясцёр будзе больш за двое, дык яны маюць агульныя правы на сваю траціну – пасля падзелу таго, што было зазначана ў адпісе, альбо пасля сплаты пазыкі – калі не нанясе гэта шкоды. Менавіта гэта наказвае Аллаг, Аллаг – Усеведаючы, Спагадлівы.

13. Гэта абмежаванні Аллага. Тых, хто падпарадкоўваецца Аллагу і Яго пасланцу, Ён увядзе ў сады, дзе струменяць рэкі. Яны будуць там павек. Гэта і ёсць вялікі поспех.

14. А таго, хто непадпарадкуецца Аллагу і Яго пасланцу і будзе парушаць Яго абмежаванні, Ён увядзе ў агонь, і той будзе там павек. Чакае на яго ганебнае пакаранне. 

15. А супраць тых з вашых жонак, якія здзяйсняюць пералюб, клічце ў сведкі чатырох з вашага асяроддзя. Калі яны засведчаць гэта, дык трымайце іх у жытлах, пакуль не прыйдзе да іх скананне альбо пакуль Аллаг не ўчыніцьдля іх іншы шлях.

16. А да тых двух сярод вас, якія зробяць гэта, ужывайце цялеснае пакаранне. А калі яны павіняцца і выправяцца, дык пакіньце іх. Сапраўды, Аллаг – Прымаючы каянне, Міласэрны.

17. Сапраўды, Аллаг прымае каянне тых, якія чынілі ліха праз сваё невуцтва. І калі яны хутка пасля гэтага павіняцца, дык Аллаг прыме іх каянне. Аллаг – Усеведаючы, Мудры.

18. Але не прымуць каянне тых, якія робяць злыя ўчынкі, а калі прыступае да іх скананне, яны кажуць: «Цяпер я каюся». І няма каяння тым, якія сканаюць нявернікамі. Для такіх Мы падрыхтавалі пакутлівае пакаранне.

19. О вы, якія паверылі! Вам не дазволена быць спадчыннікамі жонак супраць іх волі. Не забараняйце ім забіраць частку таго, што вы ім далі, хіба як яны зробяць відавочны пералюб. Учыняйце з жонкамі годна. І нават калі яны непрыемныя вам, дык, магчыма, непрыемна для вас тое, куды Аллаг уклаў шмат дабра.

20. І калі вы жадаеце падмяніць адну з жонак іншаю, тады як перад гэтым вы далі адной з іх нават цэлы кінтар (вялікую колькасць), дык не забірайце нічога з гэтага. Няўжо вы забераце нешта несправядліва і ўчыніце відавочны грэх?

21. Як жа вы забераце гэта, калі раней паміж вамі былі блізкія адносіны, і яны ўзялі з вас суворы запавет?

22. Не бярыце шлюб з тымі жанчынамі, з якімі бралі шлюб вашыя бацькі – хіба як гэта ўжо здарылася раней. Сапраўды, гэта – брыдота, нянавісны і дрэнны шлях.

23. Вам забароненыя вашыя маці, дочкі, вашыя сёстры, вашыя цёткі з боку бацькі і з боку маці; а таксама дочкі братоў і дочкі сясцёр, тыя з вашых маці, якія гадавалі вас; а таксама вашыя малочныя сёстры, маці вашых жонак; а таксама пасербкі, якіх выхоўваеце вы і да маці якіх вы ўваходзілі. Але калі вы не ўваходзілі да іх, то не будзе вам граху. Забароненыя вам і жонкі тых вашых сыноў, якія выйшлі з вашае плоці; а таксама забаронена браць шлюб з дзвюма сёстрамі, хіба як гэта ўжо здарылася раней. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

24. Забароненыя вам таксама кабеты, апроч тых, якімі авалодалі вашыя правіцы. Гэта наказ Аллага для вас. Апроч гэтага, вам дазволена шукаць іншых жанчын для шлюбу, калі вы імкняцеся да іх, выкарыстоўваючы сваю маёмасць і будучы цнатлівымі, а не распуснікамі. А за тое задавальненне, якое вы атрымліваеце ад іх, давайце ім належнае ўзнагароджанне. І не будзе вам граху за тое, пра што вы пагадзіцеся паміж сабою пасля вызначэння неабходнага выкупу. Сапраўды, Аллаг – Усеведаючы, Мудры.

25. А хто з вас не мае належнага дастатку, каб браць шлюб з цнатлівымі верніцамі, дык няхай возьме шлюб з верніцамі, пасярод тых, якімі авалодалі вашыя правіцы. Аллаг лепей ведае вашую веру, і ўсе вы – адно ад аднаго. Таму бярыце шлюб з імі з дазволу іх сем’яў і давайце ім іх узнагароджанне па звычаі, каб яны былі цнатлівымі, а не распуснымі альбо тымі, якія маюць таемных сяброў. Калі ж пасля шлюбу яны зробяць распусту, дык пакаранне для іх – палова пакарання для вольных жанчын. Шлюб з нявольніцамі дазволены тым з вас, хто баіцца пералюбу. І калі вы будзеце трываць, дык гэта будзе лепш для вас. Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

26. Аллаг імкнецца патлумачыць вам, накіраваць вас да законаў тых людзей, якія жылі перад вамі і прыняць вашае каянне. Аллаг – Усеведаючы, Мудры.

27. Аллаг імкнецца прыняць вашае каянне. А тыя, якія ідуць за сваімі запаламі, імкнуцца адхіліць вас вялікім адхіленнем.

28. Аллаг жадае палягчэння для вас, бо чалавек створаны кволым.

29. О вы, якія паверылі! Не жарыце маёмасці адно аднаго шляхам хлусні, а займайцеся гандлем, якім вы будзеце ўзаемна задаволеныя. І не забівайце адно аднаго! Сапраўды, Аллаг Міласэрны да вас.

30. І хто зробіць гэта па сваёй варожасці і несправядлівасці, таго Мы ўкінем у агонь. Гэта для Аллага – лёгка.

31. І калі вы будзеце пазбягаць цяжкіх грахоў, якія вам забароненыя, дык Мы даруем вам вашыя злыя ўчынкі і ўвядзём вас праз пачэсны ўваход у рай.

32. Не жадайце таго, з дапамогаю чаго Аллаг аддаў перавагу адным з вас перад іншымі. Мужчыне – доля з таго, што ён атрымаў, а жанчыне – доля з таго, што яна атрымала. Таму прасіце ў Аллага Яго шчодрасці; сапраўды, Ён ведае пра кожную рэч.

33. Кожнаму чалавеку Мы далі блізкіх, якія атрымаюць у спадчыну тое, што пакінулі бацькі і бліжэйшыя сваякі. А тым, з кім вы звязаныя прысягамі, аддавайце вашую долю. Сапраўды, Аллаг – кожнай рэчы Сведка.

34. Мужчыны клапоцяцца пра жанчын, бо Аллаг аддаў перавагу адным перад іншымі, а таксама таму, што мужчыны марнуюць сваю маёмасць. Праведныя жанчыны пакорлівыя, яны пільнуюць падчас адсутнасці мужчын тое, што Аллаг загадаў пільнаваць. А тых жанчын, непакорлівасці якіх вы баіцеся, наўчайце, пазбягайце на шлюбным ложку і ў рэшце рэшт злёгку біце. Калі ж яны паслухаюцца вас, дык не шукайце шляхі супраць іх. Сапраўды, Аллаг – Усявышні, Вялікі.

35. Калі вы асцерагаецеся разладу паміж мужам і жонкаю, дык прызначце суддзю з яго боку і суддзю з яе боку. Калі ж тыя пажадаюць пагадненнято Аллаг паспрыяе мужу і жонцы. Сапраўды, Аллаг – Усеведаючы, Дасведчаны.

36. Пакланяйцеся Аллагу і не надавайце Яму раўні. Як мага лепш стаўцеся да бацькоў, сваякоў, сірацінаў і жабракоў; а таксама да суседзяў, якія з’яўляюцца вашымі сваякамі, і да тых, якія не з’яўляюцца вашымі сваякамі; да спадарожніка, да вандроўніка, а таксама да чэлядзі вашай. Сапраўды, Аллаг не любіць дзёрзкіх і фанабэрыстых,

37. якія самі хцівыя і заклікаюць людзей да прагнасці, хаваюць тое, што Аллаг дараваў ім па Сваёй літасці. І Мы падрыхтавалі для нявернікаў ганебнае пакаранне.

38. Яны ахвяруюць сваю маёмасць дзеля крывадушнасці перад людзьмі і не вераць ні ў Аллага, ні ў Апошні Дзень. Калі шатан з’яўляецца камусьці сябрам, дык дрэнны ж з яго сябар.

39. Як можа нашкодзіць ім тое, што яны павераць у Аллага і ў Апошні Дзень, і будуць марнаваць тое, чым надзяліў іх Аллаг? Аллаг ведае пра іх.

40. Сапраўды, Аллаг нікога не пакрыўдзіць нават на вагу парушынкі. А калі ўчынак будзе добрым, дык ён падвоіць яго і даруе ад сябе вялікую ўзнагароду!

41. А што будзе, калі Мы прывядзем сведку з кожнае суполкі, а цябе зробім сведкам над імі?

42. У той дзень пажадаюць тыя, якія не паверылі і здзяйснялі непадпарадкаванне пасланцу, каб паглынула іх зямля. Яны не схаваюць ад Аллага ніводнае гутаркі.

43. О вы, якія паверылі! Не набліжайцеся да малітвы, калі вы п’яныя, пакуль вы не пачняце ўсведамляць тое, што кажаце, а таксама ў брудным стане, пакуль не здзейсніце абмыванне – калі толькі вы не знаходзіцеся ў дарозе. Калі ж вы хворыя, альбо падарожнічаеце, ці хто-небудзь з вас вярнуўся з прыбіральні альбо дакранаўся да жанчыны, і пасля гэтага вы не знайшлі вады, дык здзейсніце абмыванне чыстаю, сухою зямлёю – абатрыце ёю свой твар і рукі. Сапраўды, Аллаг – Спагадлівы, Прабачаючы.

44. Ці ты бачыў тых, каму дадзена частка Пісання, а яны абіраюць хлусню і жадаюць, каб і вы сышлі са шляху?

45. Аллаг лепей ведае вашых ворагаў. Дастаткова Аллага як абаронцы. Дастаткова Аллага як памагатага.

46. Сярод юдэяў ёсць тыя, хто мяняе месцамі словы і кажа: «Слухаем і не слухаемся, выслухай нячутае і барані нас» – скрыўляючы мовы свае і здзекуючыся над вераю. Але калі б яны казалі: «Слухаем і падпарадкоўваемся!», «Слухай!» і «Паглядзі на нас!» – дык гэта было б лепей і правільней для іх. Няхай жа пракляне іх Аллаг за іх няверу! Мала вернікаў сярод іх.

47. О вы, якім дадзена Пісанне! Паверце ў тое, што Мы паслалі як сцверджанне таго, што ёсць у вас, пакуль Мы не сцерлі вашыя твары і не скруцілі іх вам ці не праклялі вас, як праклялі парушальнікаў суботы. Споўніўся ж загад Аллага!

48. Аллаг не даруе, калі Яму надаюць раўню, але даруе ўсё астатняе, апроч гэтага, таму, каму пажадае. І хто прыпісвае Аллагу раўню, той чыніць вялікі грэх.

49. Няўжо ты не бачыў тых, якія лічаць сябе прачыстымі? О не, гэта Аллаг ачышчае тых, каго пажадае, і з такімі не зробяць несправядліва нават на плеўку з костачкі фініка.

50. Паглядзі, як яны ўзводзяць паклёп на Аллага. Дастаткова гэтага – як відавочнага граху.

51. Няўжо ты не бачыў тых, каму дадзеная частка Пісання? Яны вераць у джыбта, тагута і кажуць пра нявернікаў: «Гэтыя ідуць больш правільным шляхам, ніж вернікі».

52. Яны – тыя, каго Аллаг пракляў! А каго Аллаг пракляў, таму ніколі не знойдзецца памагатых.

53. Няўжо яны маюць частку ўлады? Ды калі б так і было, яны не далі б людзям і ямкі на костачцы фініка.

54. Няўжо яны зайздросцяць людзям за тое, што Аллаг дараваў ім па Сваёй літасці? А раней Мы даравалі роду Ібрагіма Пісанне і мудрасць ды даравалі ім вялікую ўладу.

55. Сярод іх ёсць тыя, якія паверылі ў Мухаммада, а ёсць і такія, якія адхінаюцца ад яго. Дастаткова ж распаленага пекла для іх.

56. Сапраўды, тых, якія не вераць у Нашыя азнакі, Мы ўкінем у агонь. Калі іх скура згарыць, Мы будзем падмяняць яе на новую скуру – для таго, каб яны адчулі гэтае пакаранне. Сапраўды, Аллаг – Велічны, Мудры.

57. А тых, якія паверылі і здзяйснялі добрыя справы, Мы ўвядзём у сады, дзе струменяць рэкі. Яны будуць там павек і будуць мець там прачыстых жонак. І Мы ўвядзём іх у густы цень.

58. Сапраўды, Аллаг загадвае вам вяртаць давераную маёмасць яго ўладальнікам. І калі вы судзіце паміж людзьмі, дык судзіце слушна. Сапраўды, якім жа выдатным з’яўляецца тое, чым Аллаг павучае вас. Сапраўды, Аллаг – Усечуючы, Усебачачы.

59. О вы, якія паверылі! Падпарадкоўвайцеся Аллагу, падпарадкоўвайцеся Пасланцу, а таксама надзеленым уладаю сярод вас. І калі вы пачняце спрачацца пра нешта, дык звярніцеся з гэтым да Аллага і Яго Пасланца, калі вы верыце ў Аллага і ў Апошні Дзень. Гэта – найлепшае і найвыдатнейшае па выніку.

60. Няўжо ты не бачыў тых, якія лічылі, што яны паверылі ў тое, што паслана табе, а таксама ў тое, што паслана перад табою? Яны імкнуцца звярнуцца за судом да тагуту, хоць ім было загадана не верыць у яго. Шатан імкнецца, каб вы заблукалі ў глыбокай аблудзе.

61. І калі кажуць ім: «Прыйдзіце да таго, што паслаў Аллаг, і да Пасланца», – ты бачыш, што крывадушнікі ўпарта адхінаюцца ад цябе.

62. А што будзе, калі паразіць іх бяда за тое, што яны падрыхтавалі сваімі рукамі? А потым яны прыйдуць да цябе, клянучыся Аллагам: «Мы жадалі толькі дабра і згоды».

63. Аллаг ведае тое, што ў іх сэрцах. Так што адхініся ад іх, але павучай іх і кажы ім у самоце слова пераканаўчае.

64. Мы пасылалі пасланцоў для таго, каб ім падпарадкоўваліся з дазволу Аллага. Калі б яны, учыніўшы прыгнёт да саміх сябе, прыйшлі да цябе і папрасілі прабачэння ў Аллага, а Пасланец прасіў бы прабачэння для іх, дык вы знайшлі б Аллага Прыймаючым каянне, Міласэрным.

65О не! Клянуся Госпадам тваім, не павераць яны, пакуль не возьмуць цябе суддзёй у тым, што выклікае спрэчку паміж імі. Тады ў душах іх не знойдзецца абмежавання таго, што ты загадаў, і яны цалкам падпарадкуюцца яму. 

66. Калі б Мы загадалі ім: «Пакарайце смерцю няправедных сярод вас!» альбо «Пакіньце жытлы вашыя!» – дык гэта зрабіла б толькі меншасць з іх. Але калі б яны зрабілі тое, да чаго іх заклікаюць, дык гэта было б лепей для іх і яшчэ больш умацавала б іх. 

67. І тады Мы даравалі б ім ад Сябе вялікае ўзнагароджанне,

68. і павялі б іх простым шляхам.

69. Тыя, якія падпарадкоўваюцца Аллагу і Пасланцу, будуць разам з тымі, каму Аллаг рабіў дабро – прарокамі, праведнікамі, пакутнікамі, збожнымі. Выдатныя гэтыя спадарожнікі.

70. Гэта – шчодрасць Аллага. Дастаткова Аллага як Усеведаючага.

71. О вы, якія паверылі! Будзьце асцярожныя. Выходзьце аддзеламі – ці ўсе разам.

72. Ёсць сярод вас такі, які затрымаецца, а калі напаткае вас ліха, дык скажа: «Аллаг рабіў дабро для мяне, і я не быў там разам з імі».

73. А калі спасцігне вас шчодрасць ад Аллага, дык ён кажа: «Калі б я быў разам з імі, дасягнуў вялікага поспеху».

74. Няхай жа змагаюцца на шляху Аллага тыя, якія прадалі зямное жыццё за жыццё наступнае. І хто змагаецца на шляху Аллага і загіне ці пераможа, таму даруем Мы вялікую ўзнагароду.

75. І чаму б вам не змагацца на шляху Аллага дзеля кволых мужчын, жанчын і дзяцей, якія кажуць: «Госпадзе наш! Выведзі нас з гэтага горада, жыхары якога з’яўляюцца несправядлівымі. Даруй нам ад сябе абаронцу, даруй нам ад сябе памагатага».

76. Тыя, якія паверылі, змагаюцца на шляху Аллага, а тыя, якія не паверылі, змагаюцца на шляху тагута. Змагайцеся ж з прыхільнікамі шатана. Сапраўды, мудрагельствы шатана –кволыя.

77. Няўжо ты не бачыў тых, каму сказалі: «Стрымлівайце свае рукі, выконвайце малітву і давайце закят». І калі была ўсталяваная для іх барацьба, дык частка з іх пачала баяцца людзей так, як яны баяцца Аллага, ці яшчэ і мацней за Яго. Яны кажуць: «Госпадзе наш! Чаму ты ўсталяваў для нас барацьбу? Калі б ты даў нам невялікую адтэрміноўку». Скажы: «Карыстанне гэтым светам – нядоўгае. Наступнае жыццё лепш для таго, хто збожны. З вамі не абыдуцца несправядліва нават на плеўку з костачкі фініка».

78. Дзе б вы не былі, смерць усё адно спасцігне вас, нават калі вы будзеце на ўмацаваных вежах. Калі здарыцца з імі нешта добрае, дык яны кажуць: «Гэта – ад Аллага». А калі здарыцца з імі нешта дрэннае, дык яны кажуць: «Гэта – ад цябе». Скажы: «Усё гэта – ад Аллага». Што з гэтымі людзьмі? Яны не прымеюць зразумець таго, што ім кажуць.

79. Што б не здарылася з табою добрага, гэта – ад Аллага. А што б не спасцігла цябе ліхога, гэта ад цябе самога. Мы паслалі цябе пасланцом да людзей, і досыць Аллага як сведкі.

80. Хто паслухаўся Пасланца, той паслухаўся Аллага. А калі хто адхінецца, дык Мы ж не пасылалі цябе ахоўнікам над імі.

81. І яны кажуць: «Мы скарыліся». Але, калі яны сыходзяць ад цябе, дык частка з іх задумвае ноччу не тое, што ты ім казаў. Аллаг запісвае тое, што яны задумваюць ноччу. Адхініся ж ад іх і спадзявайся на Аллага. І дастаткова Аллага як Абаронцы.

82. Няўжо яны не задумляюцца пра Каран? Калі б ён быў не ад Аллага, дык яны знайшлі б там шмат супярэчнасцяў.

83. І калі прыходзіць вестка пра бяспеку альбо небяспеку, яны разносяць яе. Але, калі б яны спачатку звярнуліся з ёй да Пасланца альбо да надзеленых уладаю сярод іх, дык яна стала б вядомая тым, якія прымелі б даследваць яе глыбей. Калі б не шчодрасць Аллага да вас і не Яго літасць, дык усе вы пайшлі б за шатанам, апроч нешматлікіх сярод вас.

84. Змагайся ж на шляху Аллага, бо ты адказваеш толькі сам за сябе. І падахвочвай вернікаў. Магчыма, Аллаг стрымае моц тых, якія не паверылі. І Аллаг дужэй магутнасцю і больш суворы ў пакаранні.

85. Хто будзе пасродкам у добрай справе, той будзе мець у гэтым долю. А хто будзе пасродкам у дрэннай справе, той будзе мець у гэтым долю граху. Сапраўды, Аллаг назірае за кожнай рэччу.

86. І калі вас вітаюць, дык адказвайце яшчэ лепшым прывітаннем ці вяртайце яго жа. Сапраўды, Аллаг лічыць кожную рэч.

87. Аллаг! Няма бога, апроч Яго! Мы абавязкова згуртуем вас у Дзень Ажывання, у якім няма сумневу. А хто ж праўдзівей Аллага словам?

88. Чаму вы падзяліліся на два гурта адносна крывадушнікаў? Бо Аллаг адкінуў іх назад за тое, што рабілі яны. Няўжо вы імкнецеся накіраваць простым шляхам тых, каго збіў са шляху Аллаг? А каго збіў са шляху Аллаг, таму ніколі ты не знойдзеш дарогі.

89. Яны жадаюць, каб вы былі нявернікамі – такімі нявернікамі, якімі з’яўляюцца яны самі; і тады вы будзеце роўнымі паміж сабою. Не бяры сабе набліжаных сярод іх, пакуль яны не зробяць пярэбары на шляху Аллага. Але калі яны адхінуццаперакінуўшыся на бок  ворага і ваюючы з вамі, дык ваюйце з імі і пазбаўляйце жыцця здраднікаў, дзе б вы не знайшлі іх. Не бярыце сярод іх ні саўдзельнікаў, ні памагатых.

90. Апроч тых, якія далучыліся да людзей, паміж вамі і паміж якімі ёсць угода; а таксама тых, якія прыйдуць да вас, а сэрцы іх будуць сціскацца ад думкі пра змаганне супраць вас ці супраць свайго народа. Калі б Аллаг пажадаў, дык Ён зрабіў бы іх мацней за вас, і яны абавязкова ваявалі б з вамі. Калі ж яны адступяць, не ваюючы з вамі, і прапануюць вам мір, дык Аллаг не дазволіць вам ніякіх дзеянняў супраць іх.

91. Вы знойдзеце яшчэ і іншых, якія хочуць быць вернымі і вам, і свайму народуАле кожны раз, калі іх вяртаюць да калатні, яны цалкам аддаюцца ёй. І калі яны не адступяць, не прапануюць вам мір і не прыбяруць свае рукі ад вас, дык хапайце іх і пазбаўляйце жыцця, дзе б вы ні знайшлі іх. Супраць іх Мы далі вам выразны доказ.

92. І хай вернік не забівае іншага верніка – хіба ненаўмысна. Хто па памылцы заб’е верніка, дык няхай вызваліць верніка з няволі і няхай сплаціць належны выкуп яго сям’і – хіба толькі яны пажадаюць раздаць гэта як міласціну. А калі гэты вернік быў з варожага да вас племя, дык вызваліце верніка з няволі. А калі ён быў з племя, паміж якім і вамі ёсць угода, то належыць сплаціць адпаведны выкуп яго сям’і і вызваліць верніка з няволі. Калі хто не ў стане зрабіць гэта, дык няхай трымае пост два наступных месяцы на знак каяння перад Аллагам! Аллаг – Усеведаючы, Мудры.

93. А хто заб’е верніка наўмысна, таму платаю будзе пекла, дзе ён будзе павек. Аллаг угневіцца на яго і пракляне яго! Прыгатавана для яго вялікае пакаранне.

94. О вы, якія паверылі! Калі выступаеце на шляху Аллага, дык спачатку адрознівайце, а не кажыце першаму, хто вітае вас мірам: «Ты не вернік» – імкнучыся да мімалётных дабротаў зямнога жыцця. Бо ў Аллага – вялікая здабыча. Раней вы былі такімі ж, але Аллаг выявіў Сваю літасць да вас. Таму адрознівайце. Сапраўды, Аллагу вядома тое, што вы робіце.

95. Тыя вернікі, якія сядзяць у хаце і не адчуваюць цяжкасцяў, не роўныя тым, якія змагаюцца на шляху Аллага сваёй маёмасцю і жыццём. І вышэй перад Аллагам тыя, якія змагаюцца на Яго шляху сваёй маёмасцю і жыццём, а не тыя, якія сядзяць у хаце. Але ўсім Аллаг абяцаў найлепшае. Ён узняў тых, якія змагаюцца, над тымі, якія сядзяць па дамах – праз вялікае ўзнагароджанне,

96. ступені ад Яго, прабачэнне і літасць. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

97. Сапраўды, калі анёлы прынясуць скананне тым, якія былі несправядлівымі самі да сябе, дык ім скажуць: «У якім стане вы былі?» Тыя адкажуць: «Мы былі кволымі на зямлі». Ім скажуць: «Хіба зямля Аллага не разлеглая? Вы ж прымелі ажыццявіць пярэбары». Сховішчам для такіх будзе пекла. Агіднае ж гэта месца для вяртання.

98. Апроч кволых мужчын, жанчын і дзяцей, якія не здольныя мудрагеліць і не прымеюць знайсці шлях.

99. Магчыма, Аллаг даруе прабачэнне ім; Сапраўды, Аллаг даруе і прабачае.

100. І хто перабіраецца на шляху Аллага, той знойдзе на зямлі шмат месцаў для прытулку і багацце. А хто выходзіць са свайго дома, перабіраючыся да Аллага і Яго Пасланца, і потым спасцігае яго скананне (да таго, як ён дойдзе да вызначанае мэты), дык яго ўзнагароджанне робіцца абавязковым у Аллага: бо Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

101. А калі вы рухаецеся па зямлі, дык няма на вас граху, каб вы скарачалі малітву, калі баіцеся, што (падчас малітвы) вас пачнуць выпрабоўваць тыя, якія зрабіліся нявернікамі. Сапраўды, нявернікі для вас з’яўляюцца відавочным ворагам.

102. І калі ты будзеш знаходзіцца сярод іх і здзяйсняць для іх малітву, дык няхай устане разам з табою адна частка з іх, і няхай яны возьмуць сваю зброю. А калі яны зробяць зямны паклон, дык няхай іншыя будуць з тылу вас (і сочаць за ворагам). І няхай прыйдзе іншая частка, якая не малілася, і няхай яны зробяць малітву разам з табою, але няхай будуць асцярожныя і возьмуць сваю зброю. Жадалі б тыя, якія зрабіліся нявернікамі, каб вы занядбалі сваёй зброяй і рэчамі, і яны натрапілі б на вас адзіным імкненнем. І не будзе граху на вас, калі вы адчуваеце нязручнасць праз дождж ці вы хворыя, што вы складзяце сваю зброю, але будзьце асцярожныя. Сапраўды, Аллаг падрыхтаваў несправядлівым зневажальнае пакаранне.

103. Калі вы скончыце малітву, дык згадвайце Аллага – стоячы, седзячы і лежачы. І калі вы апыняцеся ў бяспецы, дык рабіце поўную малітву. Сапраўды, малітва ўсталяваная для вернікаў у пэўны час.

104. І не праяўляйце кволасць, пераследуючы нявернікаў. Калі вы пакутуеце, дык і яны пакутуюць так, як пакутуеце вы. Але вы спадзяецеся на тое ад Аллага, на што не спадзяюцца яны. Аллаг – Усеведаючы, Мудры.

105. Сапраўды, Мы паслалі табе праўдзівае Пісанне, каб ты судзіў паміж людзьмі так, як паказаў табе Аллаг. Таму не будзь для здраднікаў абаронцам

106. і малі прабачэння ў Аллага. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

107. І не спрачайся на карысць тых, якія здраджваюць самім сабе. Сапраўды, Аллаг не любіць здраднікаў і грэшнікаў.

108. Яны прымеюць схавацца ад людзей, але не здолеюць схавацца ад Аллага. Бо ён знаходзіцца з імі, калі яны ноччу задумваюць словы, якімі Ён не будзе задаволены. Аллаг спасцігае тое, што яны робяць.

109. Вось вы спрачаецеся на іх карысць у зямным жыцці. Але хто будзе спрачацца на іх карысць перад Аллагам у Судны Дзень? І хто будзе іх абаронцам?

110. Але хто зробіць ліхое ці будзе несправядлівым да самога сябе, а потым маліцьме прабачэння ў Аллага, той знойдзе Аллага – Прабачаючым, Міласэрным.

111. І хто ўчыніў нешта грахоўнае, той учыніў яго толькі супраць самога сябе. Аллаг – Усеведаючы, Мудры.

112. І хто ўчыніў нешта няправільнае альбо грахоўнае, а потым прыпісаў яго нявінным, той узяў на сябе цяжар паклёпу і відавочнага граху.

113. Калі б не шчодрасць Аллага да вас і не Яго літасць, дык частка з іх абавязкова пажадала б збіць цябе са шляху. Але яны не саб’юць са шляху нікога, апроч саміх сябе, і яны не здолеюць прычыніць табе ніякае шкоды. Аллаг паслаў табе Пісанне і мудрасць. І навучыў цябе таму, чаго ты не ведаў. І з’яўляецца шчодрасць Аллага да цябе вялікаю.

114. Няма дабра ў большасці іх таемных гутарак, калі толькі яны не будуць заклікаць да міласціны, дабра альбо міру паміж людзьмі. І хто зробіць гэта, імкнучыся да задаволенасці Аллага, таму даруем Мы вялікае ўзнагароджанне.

115. І таго, хто будзе супярэчыць пасланцу нават пасля таго, як яму зрабіўся выразным просты шлях, і не рушыць шляхам вернікаў, Мы накіруем туды, куды ён звярнуўся – і ўкінем да пекла. Агіднае ж гэта месца для вяртання.

116. Сапраўды, Аллаг не прабачае, калі яму надаюць раўню, але прабачае ўсё, апроч гэтага, таму, каму пажадае. І хто надае Аллагу раўню, той заблукаў у глыбокай аблудзе.

117. Яны заклікаюць заміж Яго толькі названыя жаночымі імёнамі боствы. І яны не клічуць нікога іншага, як толькі бунтоўнага шатана.

118. Аллаг пракляў яго. А ён сказаў: «Я абавязкова забяру пэўную частку тваіх рабоў!

119. Я саб’ю іх са шляху, зваблю марнымі надзеямі, загадаю ім абрэзаць вушы худобе і змяняць творы Аллага». І хто ўзяў сабе шатана абаронцам заміж Аллага, той ужо панёс відавочныя страты.

120. Ён дае ім абяцанкі і спакушае марнымі надзеямі. Але шатан абяцае ім нішто іншае, як толькі спакусу.

121. Іх прыстанкам будзе пекла. І яны не знойдуць ратунку ад яго.

122. А тых, якія паверылі і рабілі добрыя справы, Мы ўвядзём у сады, дзе струменяць рэкі. Яны будуць там павек. Абяцанка Аллага – праўда; і хто ж праўдзівей Аллага словам?

123. І гэта не залежыць ад вашых жаданняў альбо жаданняў людзей Пісання. І хто здзяйсняе ліха, таму адплацяць тым жа, і не знойдзецца яму, апроч Аллага, ні абаронцаў, ні памагатых.

124. І хто б не рабіў добрых спраў, вернік ці верніца, дык увойдуць яны ў рай, і не абыдуцца з імі несправядліва нават на плеўку з костачкі фініка.

125. У каго лепш вера за таго, хто аддаў свой абраз Аллагу, з’яўляецца праведным і ідзе за вераю Ібрагіма-ханіфа? А Аллаг зрабіў Ібрагіма сваім сябрам.

126. Аллагу належыць тое, што на нябёсах і што на зямлі. Бо Аллаг спасцігае кожную рэч.

127. Цябе просяць усталяваць наказ у дачыненні да жанчын. Скажы: «Аллаг усталёўвае вам наказ адносна іх і адносна таго, пра што вы чытаеце ў Пісанні – пра асірацелых жанчын, якім вы не даяце таго, што належыць ім, жадаючы ўзяць шлюб з імі; а таксама пра бездапаможных дзяцей і пра тое, каб вы ставіліся да сірацінаў справядліва». І якую карысць вы ні рабілі б, Аллаг ведае пра гэта.

128. Калі жанчына баіцца непрыхільнасці мужа ці ён пазбягае яе, дык не будзе ім абаім граху, калі яны прыйдуць да мірнага пагаднення, бо згода – лепш. Людзям уласцівая скнарлівасць. Але, калі вы будзеце дабрадзейныя і збожныя, дык, сапраўды, Аллагу вядома тое, што робіце вы.

129. Вы ніколі не здолееце аднолькава справядліва ставіцца да ўсіх жонак, нават калі вы імкняцеся да гэтага. Не схіляйцеся да адной, пакідаючы іншую ў нявызначанасці. І калі вы будзеце праведныя і збожныя, дык, сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

130. А калі яны разлучацца, дык кожнага з іх Аллаг узбагаціць ад Сваёй шчодрасці. Аллаг – Абнімальны, Мудры.

131. Аллагу належыць тое, што на нябёсах і на зямлі. І Мы наказалі тым, каму дадзена Пісанне раней за вас, а таксама вам, каб вы баяліся Аллага. А калі вы не паверыце, дык Аллагу належыць тое, што на нябёсах, і тое, што на зямлі, і Аллаг – Багаты, Хвалімы.

132. Аллагу належыць тое, што на нябёсах і што на зямлі. І дастаткова Аллага як абаронцы.

133. Калі ён пажадае, дык адвядзе вас, о людзі! – і прывядзе новых. Бо Аллаг здольны на гэта.

134. І калі хто імкнецца ўзнагароджання зямнога жыцця, дык у Аллага – узнагароджанне зямнога жыцця і жыцця будучага. Аллаг – Усечуючы, Усебачачы.

135. О вы, якія паверылі! Трымайцеся справядлівасці, калі вы будзеце сведкамі перад Аллагам, нават калі гэта сведчанне будзе супраць вас саміх, вашых бацькоў ці сваякоў. Будзе гэта заможныя альбо незаможныя, іх справа належыць Аллагу. Не ідзі за запалам, каб не парушыць справядлівасці. Калі ж вы скрывіце альбо адхіліцеся, дык, сапраўды, Аллагу вядома тое, што робіце вы.

136. О вы, якія паверылі! Верце ў Аллага, Яго Пасланца і Пісанне, якое Ён паслаў пасланцу свайму; а таксама ў Пісанне, якое было паслана раней. І хто не верыць у Аллага, Яго анёлаў, Яго Пісанні, Яго пасланцоў і ў Апошні Дзень, той заблукаў у глыбокай аблудзе.

137. Сапраўды, тых, якія паверылі, а потым зрабіліся нявернікамі, потым нанова паверылі і нанова зрабіліся нявернікамі, яшчэ і дадаўшы сабе няверы – тым не даруе Аллаг і не пакажа ім шляху.

138. Распавядзі добрую вестку крывадушнікам – пра тое, што чакае на іх вялікае пакаранне,

139. тых, якія бяруць сабе прыхільнікамі нявернікаў, грэбуючы вернікамі. Няўжо яны імкнуцца атрымаць ад іх моц? Сапраўды, уся моц належыць Аллагу.

140. Аллаг ужо паслаў вам у Пісанні, каб вы не садзіліся разам з тымі, якія, пачуўшы азнакі Аллага, не вераць у іх і кпяць з іх – пакуль яны не пачнуць размаўляць пра нешта іншае. Інакш вы будзеце падобныя да іх! Сапраўды, Аллаг згуртуе крывадушнікаў і нявернікаў у пекле – усіх.

141. Яны чакаюць таго, што здарыцца з вамі. Калі прыйдзе да вас ад Аллага перамога, дык яны скажуць: «Хіба мы не былі з вамі?» А калі перамога будзе на баку нявернікаў, дык яны скажуць: «Хіба мы не дапамагалі вам і не абаранялі вас ад вернікаў?» Аллаг рассудзіць паміж вамі ў Дзень Ажывання і Аллаг ніколі не даруе нявернікам перавагі над вернікамі.

142. Сапраўды, крывадушнікі спрабуюць ашукаць Аллага, але Ён зробіць так, што яны самі апынуцца ашуканымі. І калі яны здзяйсняюць малітву, дык робяць гэта з гультайствам, толькі паказваючы сябе перад людзьмі і рэдка згадваючы Аллага,

143. хістаючыся пасярэдзіне – ні на гэтым, ні на тым. А каго Аллаг збіў са шляху, таму ты не знойдзеш дарогі.

144. О вы, якія паверылі. Не бярыце сабе прыхільнікамі нявернікаў заміж вернікаў. Няўжо вы імкнецеся, каб Аллаг меў супраць вас відавочны доказ?

145. Сапраўды, крывадушнікі апынуцца на самым дне пекла. І ты не знойдзеш для іх памагатага.

146. Апроч тых, якія павініліся, выправіліся, шукалі абароны ў Аллага і былі шчырымі ў сваёй веры перад Аллагам. Менавіта яны будуць разам з вернікамі і Аллаг даруе вернікам вялікую ўзнагароду.

147. Няўжо Аллаг будзе караць вас, калі вы будзеце ўдзячныя і паверыце? Аллаг – Удзячны, Усеведаючы.

148. Аллаг не любіць прылюднага абгавору, хіба як зрабілі несправядліва з кімсьці. Аллаг – Усечуючы, Усеведаючы.

149. Калі вы будзеце рабіць дабро адкрыта альбо таемна, альбо прабачце ліха, дык Аллаг – Паблажлівы, Усемагутны.

150. Сапраўды, тыя, якія не вераць у Аллага і Яго пасланцоў, спрабуюць правесці мяжу паміж Аллагам і Яго пасланцамі і кажуць: «Мы верым у адных і не верым у іншых» – імкнучыся абраць сярэдні шлях.

151. Яны – сапраўдныя вернікі. А для іх Мы падрыхтавалі зневажальнае пакаранне.

152. А тым, хто паверыў у Аллага і Яго пасланцоў, і хто не праводзіць ніякае мяжы паміж імі, ён дасць узнагароджанне ім. Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

153. Просяць цябе людзі Пісання, каб паслаў ты ім Пісанне з неба. Яны ўжо прасілі ў Мусы яшчэ большага і казалі: «Пакажы нам Аллага адкрыта». І паразіла іх маланка за несправядлівыя словы іх. Але пасля таго, як прыйшлі да іх выразныя азнакі, узялі яны сабе цяля як боства. Аднак Мы даравалі ім гэта і далі Мусе выразныя доказы.

154. Мы ўзнеслі над імі гару, згодна з Нашым запаветам з імі, і сказалі ім: «Увайдзіце да брамы, нізка кланяючыся». І яшчэ Мы сказалі ім: «Не парушайце суботы». І Мы ўзялі з іх цвёрдую абяцанку.

155. За парушэнне запавету Свайго, за іх няверу ў азнакі Аллага і за іх забойства прарокаў без права на тое, за іх словы: «Запячатаныя сэрцы нашыя» – але ж гэта Аллаг запячатаў іх за іх няверу, і кволая вера іх.

156. За іх няверу і за тое, што яны ўзвялі вялікі паклёп на Мар’ям,

157. і за іх словы: «Сапраўды, мы забілі Ісу, сына Мар’ям». Але ж яны не забілі яго і не ўкрыжавалі, а гэта толькі здалося ім. Сапраўды, тыя, якія спрачаюцца пра яго, знаходзяцца ў відавочных сумневах, і няма ў іх веданняа толькі ідуць яны за здагадкамі. Насмарэч яны не забівалі яго.

158. Аллаг узняў яго да Сябе. Аллаг – Велічны, Мудры.

159. І, сапраўды, сярод людзей Пісання ёсць такія, якія не павераць у Ісу аж да свайго сканання. Таму ў Дзень Ажывання ён будзе сведкам супраць іх.

160. І за несправядлівасць тых, якія з’яўляюцца юдэямі, Мы забаранілі ім тыя даброты, якія былі дазволеныя ім раней. Ды яшчэ і за тое, што яны шмат каго з людзей збілі са шляху Аллага.

161. Яны займаліся ліхвярствам, хоць ім было забаронена гэта, а таксама без права жэрлі маёмасць людзей. Нявернікам праз іх Мы падрыхтавалі пакутлівае пакаранне.

162. Аднак паслядоўным у веданні і вернікам сярод іх, якія вераць у пасланае табе і пасланае раней за цябе; тым, якія здзяйсняюць малітву, даюць закят і вераць у Аллага і Судны Дзень, Мы дамо вялікую ўзнагароду.

163. Сапраўды, Мы даравалі табе адкрыццё, як даравалі яго Нуху і прарокам пасля яго, як даравалі адкрыццё Ібрагіму, Ісмаілю, Ісхаку, Якубу і яго каленам; Ісе, Аюбу, Юнусу, Гаруну і Сулейману. І Мы далі Давуду Забур.

164. Пра некаторых пасланцоў Мы ўжо паведамлялі табе раней, а пра некаторых – не паведамлялі. Аллаг жа размаўляў з Мусай непасрэдна.

165. Мы выправілі пасланцоў – дабравеснікаў і засцерагальнікаў, каб не мелі людзі пасля гэтага доказу супраць Аллага. Аллаг – Велічны, Мудры.

166. Аллаг сведчыць, што пасланыя да цябе – пасланыя па Яго веданні. Анёлы таксама сведчаць пра гэта. І Аллага дастаткова як Сведкі.

167. Сапраўды, тыя, якія самі не вераць і збіваюць іншых са шляху Аллага, зайшлі далёка ў сваёй аблудзе.

168. Не даруе Аллаг тым, якія не верылі і здзяйснялі несправядлівасць, ды і не накіруе іх простым шляхам,

169. а толькі шляхам пекла, дзе яны будуць павек. І гэта для Аллага лёгка.

170. О людзі! Прыйшоў да вас Пасланец з праўдаю ад вашага Госпада. Паверце ж дзеля дабра свайго! А калі не паверыце, дык Аллагу належыць тое, што на нябёсах і на зямлі. Аллаг – Усеведаючы, Мудры.

171. О людзі Пісання! Не парушайце вашае веры і не кажыце пра Аллага нічога, апроч праўды. Бо Месія-Іса, сын Мар’ям – толькі пасланец Аллага і слова Яго, данесенае да Мар’ям, і дух ад Яго. Паверце ж у Аллага і Яго пасланцоў і не кажыце: «Тройца». Лепей для вас устрымацца ад гэтага. Сапраўды, Аллаг – Бог адзіны, Усячысты Ён ад таго, каб мець дзіцё. Яму належыць тое, што на нябёсах і што на зямлі. Дастаткова Аллага як Абаронцы.

172. Ні Месія, ні набліжаныя анёлы ніколі не цураліся быць рабамі Аллага. А ўсе тыя, якія саромеюцца быць Яго рабамі і перапаўняюцца гонарам, будуць сабраныя ў Яго ўсе разам.

173. А тым, якія паверылі і рабілі добрыя справы, Ён поўнасцю дасць узнагароджанне іх, ды яшчэ і павялічыць яго па Сваёй шчодрасці. А тых, якія цураліся і ганарыліся, Ён пакутліва скарае. І не знойдзецца ім, апроч Аллага, ні абаронцы, ні памагатага.

174. О Людзі! Прыйшоў да вас доказ ад Госпада вашага. І Мы паслалі вам святло выразнае.

175. Тых жа, якія паверылі і ўскладалі надзеі на Аллага, Ён увядзе ў літасць і шчодрасць Сваю, і павядзе да Сябе простым шляхам.

176. Просяць цябе ўсталяваць наказ адносна наследавання. Скажы: «Аллаг усталюе вам наказ адносна чалавека, у якога няма бацькі і дзіцяці. Калі памрэ мужчына, і няма ў яго дзіцяці, але ёсць сястра, то ёй палова таго, што пакінуў ён. Таксама і ён атрымлівае ў спадчыну яе маёмасць, калі няма ў яе дзіцяці. Калі ж сёстраў дзве, дык ім належыць дзве траціны таго, што пакінуў ён. А калі сваякі – брат і сястра, дык мужчыну належыць доля спадчыны, роўная долі дзвюх жанчын. Аллаг тлумачыць вам гэта, каб не трапілі вы ў аблуду. Аллаг ведае пра кожную рэч».

 

 

Сура 5. Аль-Маіда

(Трапеза)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. О вы, якія паверылі! Прытрымлівайцеся пагадненняў! Дазволеныя вам у ежу жывёлы, апроч той худобы, якую забаранілі вам. Забаронена вам паляванне, калі знаходзіцеся вы ў пілігрымцы. Сапраўды, Аллаг вырашае так, як пажадае.

2. О вы, якія паверылі! Не парушайце ні азнакаў Аллага, ні забароненага месяца, не закранайце ні жывёлаў, якія ідуць на ахвяру, ні іх упрыгажэнняў, ні людзей, якія ідуць да Дому Запаветнага, імкнучыся набыць літасць Госпада. І калі вы выйдзеце з Запаветнага Горадато можаце паляваць. І няхай варожасць да тых, якія не пускалі вас у Запаветную Мячэць, не штурхае вас на злачынствы. Таму дапамагайце адно аднаму ў справах праведнасці і збожнасці, але не дапамагайце адно аднаму ў справах граху і варожасці. І бойцеся Аллага, сапраўды, Аллаг суворы ў пакаранні.

3. Забаронена вам мерцвячына, кроў, мяса свінні, а таксама тое, што зарэзана не дзеля Аллага; і задушанае, і пабітае да смерці, і тое, што ўпала з вышыні, і забітае рагамі іншых жывёлаў, і забітае драпежнікамі – калі толькі вы не паспееце дарэзаць яго. І забаронена вам зарэзанае на паганскіх капішчах. Забаронена таксама варажыць на стрэлах. Усё гэта – грэх. Сёння тыя, хто не верыць, страцілі надзею знішчыць вашую веру. Не бойцеся іх, а бойцеся Мяне. Сёння Я завяршыў для вас вашую веру, давёў да канца Сваю ласку да вас і ўхваліў іслам як вашую веру. Калі ж хтосьці вымушаны быў з’есці забароненае, не жадаючы граху, дык Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

4. Пытаюцца яны цябе, што дазволена ім. Скажы: «Дазволена вам есці добрую ежу, спажывайце таксама злоўленае для вас навучанымі жывёламі. Навучайце іх частцы таго, чаму навучыў вас Аллаг. Толькі згадвайце імя Аллага над ежаю, і бойцеся Аллага. Сапраўды, Аллаг скоры на разлік».

5. Сёння дазволена вам есці добрую ежу. Дазволена вам есці ежу людзей Пісання, і вашая ежа дазволена ім. Вам дазволеныя цнатлівыя жанчыны з асяроддзя вернікаў і людзей Пісання, калі вы сплаціце выкуп за іх, калі вы цнатлівыя, а не распуснікі, і не бераце іх за палюбоўніц. А хто адрокся ад веры – стануць марнымі яго ўчынкі, а ў наступным жыцці ён будзе сярод тых, хто будзе мець страты.

6. О вы, якія паверылі! Калі становіцеся вы на малітву, то абмыйце вашы твары і рукі да локцяў, пратрыце галаву і абмыйце ногі да костачак. А калі вы знаходзіцеся ў стане нячыстасці, дык выкупайцеся. Калі ж вы хворыя, альбо знаходзіцеся ў дарозе, калі хто-небудзь з вас справіў патрэбу альбо дакрануўся да жанчыны і не знайшоў вады, дык пратрыце твар чыстым сухім пяском, абатрыце ім свой твар і рукі. Не жадае Аллаг абцяжарваць вас, а зычыцьвам ачышчэння і давядзення да вас Сваёй літасці. Магчыма, вы будзеце ўдзячныя.

7. І згадвайце літасць Аллага да вас і ваш запавет з Ім, калі вы сказалі: «Слухаем і падпарадкоўваемся!» І бойцеся Аллага. Сапраўды, Ён ведае тое, што схавана ў вашых сэрцах.

8. О вы, якія паверылі! Будзьце трывалымі ў веры ў Аллага, сведчыце справядліва і няхай вашая непрыхільнасць да іншых не вядзе да несправядлівасці. Трымайцеся справядлівасці, бо яна бліжэй да збожнасці. Бойцеся Аллага, сапраўды, Яму добра вядома ўсё тое, што вы здзяйсняеце.

9. Абяцаў Аллаг тым, якія паверылі і рабілі добрыя справы, прабачэнне і вялікую ўзнагароду.

10. А тыя, якія не паверылі і адмаўлялі нашыя азнакі, яны – насельнікі пекла.

11. О вы, якія паверылі! Згадайце літасць Аллага да вас, калі ворагі паднялі свае рукі супраць вас, але Аллаг адхінуў іх. Бойцеся Аллага і на Аллага няхай спадзяюцца вернікі.

12. І, сапраўды, Аллаг склаў запавет з сынамі Ісраіля. І паслалі Мы дванаццаць правадыроў сярод іх. І сказаў Аллаг: «Сапраўды, Я – з вамі. Калі вы будзеце здзяйсняць малітву, даваць закят і паверыце ў Маіх пасланцоў, будзеце падтрымліваць іх і дасце Аллагу добрую пазыку, дык Я дарую вам вашыя ліхія ўчынкі і выведу ў сады, дзе струменяць рэкі. Калі ж хто-небудзь з вас застанецца нявернікам пасля гэтага – дык ён збіўся з простага шляху».

13. А за тое, што яны парушылі запавет з Намі, Мы праклялі іх і зрабілі іх сэрцы жорсткімі. Мяняюць яны словы, няправільна тлумачаць Пісанні, забыліся яны на тую ягону частку, якую ім трэба было памятаць. Не супынішся ты даведвацца пра іх здраду, толькі апроч каго-небудзь з іх, але Ты прабач іх і даруй. Сапраўды, Аллаг любіць тых, хто робіць дабро.

14. І з тымі, якія кажуць: «Мы – хрысціяне», – склалі Мы запавет. І забыліся яны на тую частку Пісання, якую ім трэба было памятаць. І Мы пасеялі сярод іх варожасць і нянавісць адно да аднаго аж да Дня Ажывання. І пакажа тады ім Аллаг што яны здзяйснялі.

15. О людзі Пісання! Прыйшоў да вас Наш Пасланец, каб патлумачыць вам шмат з таго, што вы хаваеце з Пісання, і каб шмат чаго дараваць вам. Прыйшло да вас святло ад Аллага і выразнае Пісанне,

16. якім вядзе Аллаг да шляхоў свету тых, якія шукаюць Яго задаволенасці. Выводзіць Ён іх па сваім загадзе з цемры да святла і вядзе іх да простага шляху.

17. Сапраўды, не вераць тыя, якія кажуць «Сапраўды, Аллаг, Ён – Месія, сын Мар’ям!» Скажы: «Хто прымее перашкодзіць волі Аллага, калі Ён пажадае знішчыць Месію, сына Мар’ям, і яго маці, і тых, хто на зямлі – усіх?» Аллагу належыць улада над нябёсамі, зямлёю і над тым, што паміж імі. Стварае Ён тое, што жадае, і ён здольны на кожную рэч.

18. І кажуць юдэі і хрысціяне: «Мы – сыны Аллага і Яго ўлюбёнцы». Скажы: «Чаму жа Ён карае вас за вашыя грахі? Бо вы, людзі – Яго стварэнні. Даруе ён, каму пажадае, і карае, каго пажадае. Яму належыць улада над нябёсамі, зямлёю і над тым, што паміж імі. І да Яго вяртанне».

19. О людзі Пісання! Прыйшоў да вас Наш Пасланец пасля перапынку ў пасланцах, тлумачачы праўду, каб не прымелі сцвярджаць вы: «Не прыходзіў да нас ні дабравеснік, ні засцерагальнік». І вось прыйшоў да вас дабравеснік і засцерагальнік. Аллаг здольны на кожную рэч.

20. І калі сказаў Муса свайму народу: «О народзе мой! Згадайце літасць Аллага да вас, калі абраў Ён сярод вас прарокаў і зрабіў вас уладарамі, і даў вам тое, чаго не даваў нікому з сусветаў.

21. О народзе Мой! Увайдзіце ў святую зямлю, якая з’яўляецца загадам Аллага для вас, не вяртайцеся назад, а то будзеце мець страты».

22. Сказалі яны: «О Мусе! Сапраўды, там жа знаходзяцца бязлітасныя волаты. Мы ніколі не пойдзем туды, пакуль яны будуць там. Калі ж яны пакінуць гэтую зямлю, дык тады ўвойдзем мы».

23. Сказалі два збожных чалавекі, няхай надзеліць іх дабротамі Аллаг: «Увайдзіце ў зямлю раптоўна, праз браму, ды не бойцеся іх, Аллаг даруе перамогу, калі вы верыце».

24. Сказалі яны: «О Мусе! Сапраўды, ні за што і ніколі не ступім мы на гэтую зямлю, пакуль яны знаходзяцца там! Ідзі сам з Госпадам тваім і змагайся там з імі. А мы тут пасядзім».

25. Сказаў Муса: «Госпадзе, сапраўды, падуладныя мне толькі я і брат мой. Рассудзі і падзялі ж нас з гэтым непакорлівым народам».

26. Сказаў Госпад: «Сапраўды, забароненая гэтая краіна вам на сорак гадоў. Будзеце вы блукаць па зямлі. Не сумуй жа аб грэшным народзе».

27. І распавядзі ім сапраўдны аповед пра сыноў Адама, калі яны абодва прынеслі ахвяру, і яна была прынятая ў аднаго, але не была прынятая ў іншага, які потым сказаў: «Заб’ю цябе!» Адказаў другі: «Сапраўды, Аллаг прымае ахвяры толькі ад збожных.

28. Калі ўзнімеш ты руку, каб забіць мяне, то не ўзніму рукі я, каб забіць цябе. Сапраўды, я боюся Аллага Госпада сусветаў.

29. Сапраўды, я жадаю, каб ты панёс грэх супраць мяне і свой грэх, і ты будзеш сярод жыхароў пекла, а гэта – пакаранне для злачынцаў».

30. Але загадала таму яго душа забіць свайго брата, і забіў яго. І ён апынуўся пасярод тых, якія мелі страты.

31. І паслаў Аллаг крумкача разграбаць зямлю, каб паказаць, як хаваць нежывое цела свайго брата. Сказаў ён: «Гора мне! Не ў стане я, як гэты крумкач, пахаваць нежывое цела майго брата». Апынуўся ён сярод шкадуючых.

32. Па гэтай нагодзе загадалі Мы сынам Ісраіля: «Калі хто заб’е душу не за душу і не за нелад на зямлі, дык гэта прыраўноўваецца да забойства ўсіх людзей. А хто зберажэ душу, той быццам захавае жыццё ўсім людзям». Так, сапраўды, прыходзілі да іх пасланцы з выразнымі доказамі. Але і пасля гэтага шмат хто з іх здзяйсняе грэх на зямлі.

33. Сапраўды, адплацяць тым, якія змагаюцца супраць Аллага і Яго Пасланца і робяць ганьбу на зямлі – яны будуць забітыя, альбо ўкрыжаваныя, альбо ім адсякуць рукі і ногі круж-накрыж, альбо будуць яны выгнаныя са сваёй зямлі. Гэта для іх – вялікая ганьба ў зямным жыцці, а ў наступным жыцці – вялікае пакаранне.

34. Апроч тых, якія павініліся раней, чым трапілі да вас у рукі. Таму ведайце, што Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

35. О вы, якія паверылі! Бойцеся Аллага і шукайце шляхі набліжэння да Яго і змагайцеся на шляху Яго. Магчыма, вы будзеце мець поспех.

36. Сапраўды, калі б нявернікі мелі б тое, што на зямлі і нават больш за гэтае, каб выкупіць сябе гэтым ад пакарання ў Дзень Ажывання, дык не прынялі б тое ад іх. Чакае на іх пакутлівае пакаранне.

37. Пажадаюць яны выйсці з агню, але яны ніколі не выйдуць з яго. Чакае на іх жорсткае пакаранне.

38. Злодзею і зладзейцы адрэзвайце руку як пакаранне за іх злачынствы. Пакаранне – гэта як прыклад ад Аллага, бо Аллаг – Вялікі, Мудры.

39. А ў таго, хто павініцца пасля свайго злачынства і выправіцца, прыме Аллаг каянне. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

40. Хіба ты не ведаеш, што Аллагу належыць улада на нябёсах і на зямлі? Карае, каго пажадае, і даруе, каму пажадае, бо Аллаг здольны на кожную рэч.

41. О Пасланец! Няхай не збянтэжваюць цябе тыя, якія спяшаюцца ў няверы і кажуць сваімі вуснамі: «Мы паверылі», – але няма веры ў іх сэрцах; і тыя юдэі, якія прыслухоўваюцца да хлусні і прыслухоўваюцца да іншых людзей, якія не прыходзілі да цябе. Скажаюць яны сэнс словаў і кажуць: «Калі дадзена вам гэта, дык бярыце яго, а калі не дадзена, дык беражыцеся». А калі пажадае Аллаг спакусіць кагосьці, дык ты перад Аллагам не дапаможаш яму нічым. Яны – тыя, чые сэрцы Аллаг не пажадаў ачысціць, ім – ганьба ў зямным жыцці і вялікае пакаранне ўнаступным жыцці.

42. Слухачы хлусні, паглынальнікі забароненага. Калі яны прыйдуць да цябе, дык рассудзі паміж імі альбо адхініся ад іх. Калі ты адхінешся ад іх, дык не нашкодзяць яны табе ніякім чынам. Калі ж будзеш судзіць іх, дык судзі паміж імі слушна. Сапраўды, Аллаг любіць слушных.

43. Але як яны абяруць цябе суддзёй, калі ў іх ёсць Таўрат, які змяшчае закон Аллага? Нават пасля гэтага яны адхінаюцца, бо яны не з’яўляюцца вернікамі.

44. Мы паслалі Таўрат, у якім змяшчаецца правільнае кіраўніцтва і святло. Судзілі па ім прарокі, якія падпарадкаваліся Аллагу, тых, хто вызнае юдаізм. Рабіны і першасвятары рабілі гэтакім жа чынам у адпаведнасці з тым, што ім было даручана захаваць з Пісання Аллага. Яны сведчылі пра яго. Не бойцеся людзей, а бойцеся Мяне, і не прадавайце Мае азнакі за мізэрны кошт. Тыя ж, якія не прымаюць пастановаў у адпаведнасці з тым, што паслаў Аллаг, з’яўляюцца нявернікамі.

45. Мы загадалі ў ім: душа – за душу, вока – за вока, нос – за нос, вуха – за вуха, зуб – за зуб, а за раны – адплата. Але калі хто-небудзь ахвяруе гэтым, дык гэта зробіцца для яго збавеннем. Тыя ж, якія не прымаюць пастановаў у адпаведнасці з тым, што паслаў Аллаг, з’яўляюцца прыгнятальнікамі.

46. Утроп іх Мы паслалі Ісу, сына Мар’ям, з сцвярджэннем праўдзівасці таго, што было некалі паслана ў Таўраце. Мы даравалі яму Інджыл, у якім было дакладнае кіраўніцтва і святло, якое сцвярджала тое, што было некалі паслана ў Таўраце. Яно было верным кіраўніцтвам і навучаннем для збожных.

47. Няхай людзі Інджыла судзяць паводле таго, што Аллаг паслаў у ім. Тыя ж, якія не прымаюць пастановаў у адпаведнасці з тым, што паслаў Аллаг, з’яўляюцца непакорлівымі.

48. Мы паслалі табе Пісанне з праўдаю ў сцвярджэнне ранейшых пісанняў, і для таго, каб яно засцерагала іх. Судзі ж іх паводле таго, што паслаў Аллаг, і не патурай іх жаданням, ухіляючыся ад праўды, якая з’явілася да цябе. Кожнаму з вас Мы ўсталявалі закон і шлях. Калі б Аллаг пажадаў, дык зрабіў бы вас адною грамадою, аднак ён падзяліў вас, каб выпрабаваць вас тым, што ён дараваў вам. Змагайцеся ж у добрых справах. Усім вам трэба будзе паварочацца да Аллага, і Ён паведаміць вам пра тое, у чым вы разыходзіліся ў меркаваннях.

49. Судзі паміж імі паводле таго, што паслаў Аллаг, не патурай іх жаданням і пільнуйся іх, каб яны не адхілілі цябе ад часткі таго, што паслаў табе Аллаг. Калі ж яны адхінуцца, дык ведай, што Аллаг жадае пакараць іх за некаторыя з іх грахоў. Сапраўды, шмат хто з людзей – непакорлівыя.

50. Няўжо яны шукаюць суда часоў невуцтва? Чые пастановы прымеюць быць лепей за пастановы Аллага для людзей перакананых?

51. О вы, якія паверылі! Не бярыце юдэяў і хрысціянаў у хаўруснікі – яны хаўруснікі адны адным. А хто ж з вас хаўрусуе з імі – ён сам з-пасярод іх. Сапраўды, Аллаг не вядзе простым шляхам несправядлівых людзей.

52. Таму ты бачыш тых, чые сэрцы хворыя – яны спяшаюцца да іх, кажучы: «Баімся мы, што ліха напаткае нас». А, магчыма, Аллаг даруе перамогу альбо загад ад Сябе. І тады яны павіняцца ў тым, што хавалі ў сваіх сэрцах.

53. І скажуць тыя, якія паверылі: «Хіба гэта тыя, якія кляліся Аллагам – наймацнейшаю клятваю – што яны насамрэч з намі?» Іх учынкі марныя і яны мецьмуць страты.

54. О вы, якія паверылі! Калі адхіліцца хто-небудзь з вас ад сваёй веры, дык Аллаг хутка явіць людзей, якіх Ён любіць і якія любяць Яго, і будуць яны пакорлівыя перад вернікамі і непахісныя перад нявернікамі, змагарамі на шляху Аллага, і тымі, хто не баіцца асуджэння. Такая літасць Аллага. Дае Ён яе, каму пажадае. Аллаг – Усеабнімальны, Усеведаючы.

55. Вашым абаронцам зяўляецца толькі Аллаг, Яго Пасланец і тыя, якія паверылі, тыя, якія здзяйсняюць малітву, даюць закят, пакланяюцца.

56. Тыя, якія бяруць сваім абаронцам Аллага і Яго Пасланца, і тых, якія паверылі, сапраўды, яны з’яўляюцца прыхільнікамі Аллага, і яны – пераможцы.

57. О вы, якія паверылі! Не сябруйце з тымі, якія лічаць вашую веру гульнёю і здзекам, з тых, якім было дадзена Пісанне раней за вас, і нявернікаў, і бойцеся Аллага, калі вы вернікі.

58. І калі вы заклікаеце да малітвы, дык яны здзекуюцца і кпяць. Гэта так, бо яны людзі неразумныя.

59. Скажы: «О людзі Пісання! Няўжо ненавідзіце вы нас толькі за тое, што мы паверылі ў Аллага, і за тое, што паслана нам, і што паслана раней, і што большасць з вас – непакорлівыя?»

60. Скажы: «Ці не распавесці вам пра тых, на каго чакае пакаранне ад Аллага і каго Аллаг пракляў; і на каго загневаўся і ператварыў некаторых з іх у малпаў і свіней, і якія пакланяліся тагуту? Ім – горшае месца, бо яны збіваюць с роўнага шляху».

61. І калі яны прыходзяць да вас і кажуць: «Паверылі мы», – дык насамрэч прыйшлі яны з нявераю і пайшлі з ёй.

62. І ты бачыш, што шмат хто з іх завіхаецца перасягнуць іншых у грахах, варожасці і пажыранні забароненага. Агідна тое, што робяць яны.

63. Чаму ж не ўтрымаюць іх рабіны і кніжнікі ад грахоўных размоў і пажырання забароненага? Сапраўды, агідна тое, што яны здзяйсняюць.

64. І сказалі юдэі: «Рука (Йад)[15] Аллага прыкутая!» Будуць прыкутымі рукі іх і яны праклятыя за тое, што кажуць. Яго Рукі шырока працягнутыя, надзяляе Ён, як пажадае. Сапраўды, тое, што паслана табе ад твайго Госпада, шмат у каго з іх павялічвае непадпарадкаванне і няверу. Мы зрабілі паміж імі варожасць і нянавісць да Дня Ажывання. Заўсёды, калі яны распальваюць агонь вайны, гасіць яго Аллаг. Яны імкнуцца распаўсюдзіць нелад на зямлі, але Аллаг не любіць сейбітаў бязладдзя.

65. Калі б людзі Пісання паверылі і баяліся Аллага, адпусцілі б Мы іх грахі і ўвялі б іх у сады асалоды.

66. Калі б яны трымаліся Таўрата, Інджыля і таго, што паслана ім ад іх Госпада, дык пажыналі б яны тое, што над іх галовамі і пад нагамі. Ёсць сярод іх і слушныя людзі. Але наконт большасці з іх – брыдота тое, што здзяйсняюць яны.

67. О Пасланец! Распавядзі тое, што паслана табе ад твайго Госпада. А калі ты гэтага не зробіш, дык не перадасі Яго пасланне. Аллаг абароніць цябе ад людзей. Сапраўды, Аллаг не вядзе простым шляхам нявернікаў.

68. Скажы: «О людзі Пісання! Вы не зацвердзіцеся ні ў чым да таго часу, пакуль не будзеце трымацца Таўрата і Інджыля, і таго, што паслана вам ад Госпада вашага». Сапраўды, тое, што паслана табе ад Госпада твайго, шмат у каго з іх павялічвае непадпарадкаванне і няверу. Таму не сумуй праз нявернікаў.

69. Сапраўды, тыя, якія паверылі, і тыя, якія вызнавалі юдаізм, і сабеі, і хрысціяне, з ліку тых, якія паверылі ў Аллага і ў Апошні Дзень і рабілі дабро – няма ім чаго баяцца, і не будуць засмучаныя яны.

70. Сапраўды, узялі Мы запавет з сынамі Ісраіля і паслалі ім пасланцоў. Кожны раз, калі прыходзіў да іх пасланец з тым, што не падабалася душам іх – адных яны аб’яўлялі хлусамі, а іншых забівалі.

71. І думалі яны, што не будзе ліха ім. Яны былі невідушчымі і глушцамі, потым Аллаг прыняў каянне іх, але і пасля таго ўсё адно былі невідушчымі і глушцамі шмат хто з іх. Але Аллаг бачыць тое, што яны робяць.

72. Сапраўды, тыя нявернікі, якія кажуць «Сапраўды, Аллаг – гэта Месія, сын Мар’ям». Але ж казаў Месія: «О сыны Ісраіля! Пакланяйцеся Аллагу, Госпаду майму і вашаму Госпаду». Сапраўды, тыя, якія надаюць Аллагу раўню – Аллаг забараніў ім сады Рая, будуць яны ў пекле! І не будзе ў прыгнятальнікаў памагатых.

73. Сапраўды, не вераць тыя, якія кажуць: «Сапраўды, Аллаг – трэці з Тройцы», – але няма бога, апроч Бога адзінага! І, сапраўды, калі не адмовяцца яны ад таго, што кажуць, дык тых з іх, якія не вераць, напаткае пакутлівае пакаранне.

74. Хіба яны не павіняцца перад Аллагам і не будуць маліць прабачэння ў Яго? Бо Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

75. Месія, сын Мар’ям – толькі пасланец. Сапраўды, прыходзілі пасланцы і да яго. А яго маці – праведніца. І яныабое спажывалі ежу. Зірні, як Мы тлумачым Нашыя азнакі. І яшчэ раз зірні – у якой жа яны аблудзе.

76. Скажы: «Няўжо вы пакланяецеся, апроч Аллага таму, што не мае ўлады прынесці вам ні шкоды, ні карысці? Ён, Аллаг – Усечуючы, Усеведаючы».

77. Скажы: «О людзі Пісання! Не парушайце ў сваёй веры межы праўды і не ідзіце шляхам заблудных з мінулых пакаленняў, якія самі заблукалі і збілі шмат каго з роўнага шляху».

78. Праклятыя тыя, якія не вераць, з-пасярод сыноў Ісраіля, вуснамі Дауда і Ісы, сына Мар’ям. Гэта так, бо яны не слухаліся і былі парушальнікамі.

79. Яны не ўтрымлівалі адно аднаго ад ліха, зробленага імі. Агідна тое, што робяць яны.

80. Ты бачыш, што шмат хто з іх сябруе з тымі, якія не паверылі. Брыдота тое, што яны падрыхтавалі самі сабе! Угневаўся Аллаг на іх і пакаранне будзе ім павек.

81. Калі б яны паверылі ў Аллага і Яго Пасланца і ў тое, што паслана яму, дык не сябравалі б яны з імі. Але большасць з іх – непакролівыя.

82. Сапраўды, Ты пераканаешся, што мацней за ўсіх людзей ненавідзяць тых, якія паверылі, юдэі і пагане. Сапраўды, ты ўбачыш, што самыя блізкія ў любові да тых, якія паверылі, тыя, якія кажуць: «Сапраўды, мы – хрысціяне!» Гэта так, бо сярод іх ёсць святары і манахі, якія не пышацца.

83. І калі яны чуюць тое, што паслана Пасланцу, ты бачыш іх вочы, поўныя слёз ад праўды, пра якую яны даведаліся. І яны кажуць: «Госпадзе наш! Паверылі мы! Таму запішы нас сярод тых, хто сведчыць.

84І чаму нам не верыць у Аллага і тую праўду, якая з’явілася да нас? Мы ж імкнемся, каб Госпад наш увёў нас разам з людзьмі праведнымі».

85. За тое, што яны кажуць, Аллаг адгодзіць ім садамі раю, дзе струменяць рэкі, і яны будуць там павек – такая адгода тым, хто рабіў найлепшым чынам.

86. А тыя, якія не верылі і лічылі хлуснёю Нашыя азнакі, яны – жыхары пекла.

87. О вы, якія паверылі! Не забараняйце дабротаў, якія Аллаг даў вам, і не парушайце межаў. Сапраўды, Аллаг не любіць парушальнікаў.

88. Ежце дазволенае і прыемнае, якім надзяліў вас Аллаг. І бойцеся Аллага, у Якога вы верыце.

89. Не спагоніць з вас Аллаг за марнаслоўе ў вашых клятвах, але спагоніць Ён за клятвы, прынесеныя свядома. Выкуп за гэта – пажывіць дзесяцярых бедакоў так, як жывіце свае сем’і, ці ж апрануць іх, альбо вызваліць раба. А як хто не ў стане гэтага зрабіць, няхай посціць тры дні. Гэта выкуп за парушэнне вашых клятваў, таму трымайцеся вашых кляцбаў. Так Аллаг тлумачыць вам Свае азнакі. Магчыма, вы будзеце ўдзячныя.

90. О вы, якія паверылі! Сапраўды, віно, гульні на грошы, камяні ахвярнікаў і стрэлы для варажбы – брыдота ад шатана. Таму сцеражыцеся гэтага. Магчыма, будзеце выратаваныя.

91. Сапраўды, шатан жадае пасеяць паміж вамі непрыхільнасць і нянавісць праз п’янку і гульні на грошы і адхіліць вас ад згадвання Аллага і малітвы. Няўжо вы не спыніцеся?

92. Падпарадкоўвайцеся Аллагу, падпарадкоўвайцеся Пасланцу, пільнуйцеся! Калі адхініцеся вы, дык ведайце, што абавязак Нашага пасланца – толькі выразная вестка.

93. Няма граху на тых, якія паверылі і рабілі добрыя справы, за тое, што яны елі, калі яны пільнуюцца, паверылі і здзяйсняюць добрыя справы; калі і далей яны пільнуюцца і вераць, калі пільнуюцца і робяць дабро. Аллаг любіць тых, якія робяць дабро.

94. О вы, якія паверылі! Сапраўды, Аллаг будзе выпрабоўваць вас паляўніцкаю здабычаю, якую вы набываеце рукамі і дзідамі, каб даведацца, хто з вас баіцца Яго таемна; а хто з вас парушыць пасля гэтага, таму – пакутлівае пакаранне.

95. О вы, якія паверылі! Не палюйце, калі вы ў стане пілігрымкі. А хто з вас заб’е здабычу наўмысна, дык адплата за гэта – столькі ж худобы, колькі забіў ён. Прысуджаюць гэта два справядлівых мужа з вас, і гэта – ахвяра, якую вы прыносіце ў Каабу. Ці ж збавеннем будзе ежа для бедакоў, ці ж адпаведны гэтаму пост, каб парушальнік зведаў цяжар свайго ўчынку. Аллаг даруе тое, што было раней. А калі хтосьці паўторыць гэта, дык Аллаг скарае яго. Аллаг – Велічны Уладар адплаты.

96. Дазволена вам і тым, хто ў дарозе, паляваць на марскіх жывёлаў і есці іх. Але забаронена вам паляванне на сухазем’і, пакуль вы знаходзіцеся ў іхраме. І бойцеся Аллага, перад Якім вы будзеце сабраныя.

97. Аллаг зрабіў Каабу ахоўным домам, апірышчам для людзей, і ўсталяваў забаронены месяц і ахвярных жывёлаў з упрыгажэннямі. Гэта для таго, каб ведалі вы – Аллагу вядома тое, што на нябёсах і на зямлі, і што Аллаг пра кожную рэч Дасведчаны.

98. Ведайце, што Аллаг суворы ў пакаранні і што Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

99. А Пасланец мусіць толькі перадаць адкрыццё. Аллаг ведае, што вы адкрываеце і што хаваеце.

100. Скажы: «Не роўныя дрэннае і добрае, нават калі цябе здзіўляе колькасць дрэннага». Таму бойцеся Аллага, о вы, адораныя розумам. Магчыма, будзеце выратаваныя.

101. О вы, якія паверылі! Не пытайцеся пра тыя рэчы, якія схаваныя і прымеюць засмуціць вас. А калі спытаеце пра іх, калі пасылаецца Каран, дык яны адкрыюцца вам. Аллаг дараваў гэта вам. Аллаг – Прабачаючы, Стрымалы.

102. Некаторыя людзі раней за вас пыталіся пра штосьці падобнае і праз гэта зрабіліся нявернікамі.

103. Не ўсталёўваў Аллаг наказаў ні ў дачыненні да бахіры, ні саібы, ні васылі, ні хаамі, але тыя, якія не вераць, прыпісалі хлусню Аллагу, але большасць з іх не разумее.

104. Калі кажуць ім: «Прыйдзіце да таго, што паслаў Аллаг, і да Пасланца», – яны кажуць: «Дастаткова для нас таго, з чым мы знайшлі нашых бацькоў». А калі іх бацькі не разумелі і не ішлі простым шляхам?

105. О вы, якія паверылі! Пільнуйце вашыя душы, каб не звёў вас Той, хто сам збіўся са шляху, калі ідзяце вы простым шляхам. Вы паварочаецеся да Аллага, і Ён паведаміць пра тое, што вы рабілі.

106. О вы, якія паверылі! Калі да каго-небудзь з вас прыйдзе скананне і час складання адпісу, няхай будуць сведкамі два слушных мужа з вас, ці ж двое не з вас. Калі скананне прыйшло да вас, калі вы падарожнічаеце па зямлі, дык спыніце іх пасля малітвы, і няхай яны паклянуцца Аллагам: «Мы не прададзім гэтага сведчання ні за якую вартасць, нават калі ён будзе нашым сваяком, і не схаваем гэтага сведчання перад Аллагам. Сапраўды, інакш мы будзем сярод грэшнікаў».

107. А калі будзе вядома, што абодва яны ўчынілі грэх (схлусілі), дык няхай двое іншых з блізкіх сваякоў, супраць якіх пратэставалі былыя сведкі, стануць на іх месца і паклянуцца Аллагам: «Сапраўды, нашае сведчанне праўдзівей за папярэдняе сведчанне, і мы не парушым, бо інакш былі б мы сярод несправядлівых».

108. Гэта лепш, калі яны даюць сведчанне шчырае, бо інакш яны будуць баяцца, што іншыя клятвы дадуць пасля іх клятваў. І бойцеся Аллага і слухайце Яго. Аллаг не вядзе непакорлівых простым шляхам.

109. У той дзень Аллаг збярэ пасланцоў і скажа: «Што вам адказалі? Яны скажуць: «Нам невядома. Сапраўды, толькі Ты ведаеш таемнае».

110. Калі сказаў Аллаг: «О Ісе, сыне Мар’ям! Згадай літасць Маю да цябе, калі я ўмацаваў цябе Духам Святым. І ты размаўляў з людзьмі ў калысцы і ў дарослым узросце; і калі я навучыў цябе пісанню і мудрасці, Таўрату і Інджылю; і калі з Майго дазволу ты ляпіў з гліны падабенства птушкі, дыхаў на яе, і яна рабілася птушкаю з Майго дазволу; і як ты загойваў невідушчага ад нараджэння і чалавека са струпляю з Майго дазволу; і калі адраджаў памерлых з Майго дазволу; і калі я стрымаў сыноў Ісраіля ад цябе, калі ты прыйшоў да іх з выразнымі азнакамі. І сказалі тыя, якія не верылі з іх асяроддзя: «Сапраўды, гэта сапраўднае чараўніцтва».

111. І калі адкрыў Я апосталам: «Паверце ў Мяне і ў Майго пасланца». Яны сказалі: «Паверылі мы, таму засведчы, што мы – адданыя Табе».

112. Калі апосталы сказалі: «О Ісе, сыне Марям! Ці прымее Госпад твой паслаць нам трапезу з неба?» Ён сказаў: «Бойцеся Аллага, калі вы вернікі».

113. Яны сказалі: «Мы жадаем пакаштаваць яе, каб супакоіліся нашыя сэрцы і пераканаліся мы, што Ты сказаў нам праўду, і каб мы былі сведкамі гэтага».

114. Сказаў Іса, сын Марям: «О Аллаг, Госпад наш! Пашлі нам трапезу з неба, якая была б святам для першых з нас і для апошніх з нас – як знак ад Цябе; надзялі ж нас, бо Ты – Найлепшы з надзеляючых».

115. Сказаў Аллаг: «Сапраўды, Я пашлю яе вам, але калі хто-небудзь з вас і пасля гэтага не паверыць, дык, сапраўды, Я скараю яго такім пакараннем, якім не караў нікога з сусветаў».

116. І калі сказаў Аллаг: «О Ісе, сыне Мар’ям, ці казаў ты людзям: «Прыміце мяне і маю маці за двух багоў разам з Аллагам?» Іса сказаў: «Прачысты Ты! Не казаў я таго, на што не маю права. Калі б я такое і сказаў, Ты б гэта напэўна ведаў. Ты ведаеш тое, што ў мяне, а я не ведаю таго, што ў Цябе. Сапраўды, толькі ты ведаеш таемнае.

117. Не казаў я ім нічога, апроч таго, што Ты наказаў мне: «Пакланяйцеся Аллагу, Госпаду майму і Госпадувашаму». І быў я сведкам ім, пакуль быў сярод іх. Калі Ты ўзяў мяне, дык Ты быў назіральнікам за імі, а Ты – Сведка кожнае рэчы.

118. А калі Ты скараеш іх, дык, сапраўды, яны – Твае рабы, а калі даруеш ім, дык, сапраўды, Ты – Велічны, Мудры».

119. Сказаў Аллаг: «У гэты Дзень шчырым дапаможа праўдзівасць; для іх – сады, дзе струменяць рэкі, будуць яны там павек». Аллаг будзе задаволены імі, а яны будуць задаволеныя Ім! Гэта – вялікі поспех.

120. Аллагу належыць улада над нябёсамі, зямлёю і тым, што на іх. Ён здольны на кожную рэч.

 

 

Сура 6. Аль-Ан’ам

(Худоба)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Хвала Аллагу, Які стварыў неба і зямлю і стварыў цемру і святло. Але нават пасля гэтага нявернікі надаюць роўных свайму Госпаду.

2. Ён – Той, Хто стварыў цябе з гліны, а потым прызначыў табе тэрмін; і мае Ён і другі тэрмін для вас. Але нават пасля гэтага вы вагаецеся.

3. Ён – Бог, варты пакланення ўсіх, хто на нябёсах ды на зямлі. Ён ведае тое, што вы хаваеце і тое, што адкрыта; і Ён ведае тое, што вы атрымаеце.

4. І які б знак са знакаў іх Госпада да іх не прышоў, яны адхінуцца ад яго.

5. Яны ўспрынялі праўду як няпраўду, калі яна дайшла да іх. Але хутка да іх прыйдуць навіны пра тое, з чаго яны здзекаваліся.

6. Хіба яны не бачаць, колькі мінулых пакаленняў Мы знішчылі? Мы далі ім моц, якую не далі вам, і Мы абрынулі моцныя дажджы з нябёсаў і дазволілі рэкам струменіць па іх землях. А потым Мы знішчылі іх за грахі і стварылі наступнае пакаленне пасля іх.

7. Нават калі б Мы паслалі вам Пісанне на аркушах, і яны дакрануліся да яго сваімі рукамі, дык нявернікі напэўна сказалі б: «Гэта відавочнае чараўніцтва!»

8. Яны кажуць: «Чаму да яго не быў пасланы анёл?» Калі б Мы паслалі анёла, справа была б вырашаная, і Мы не далі б ім адтэрміноўкі.

9. Але калі б Мы паслалі анёла, Мы ўсё адно зрабілі б яго чалавекам, пакінуўшы ім сумневы.

10. Яны здзекаваліся з пасланцоў перад вамі. Але тых, хто здзекаваўся, напаткала тое, з чаго яны здзекаваліся.

11. Скажы: выйдзіце на зямлю і паглядзіце, які быў канец тых, хто лічыў іх хлусамі.

12. Спытай: «Хто валодае тым, што ёсць на небе і на зямлі?» І скажы: «Аллагу! Ён зрабіў літасць сваім абавязкам! І Ён абавязкова збярэ вас у Дзень Ажывання, у якім няма сумневу! Тыя, якія страцілі саміх сябе, не павераць».

13. Яму належыць усё тое, што спачывае ноччу і днём, а Ён – Усечуючы, Усеведаючы.

14. Скажы: «Хіба я вазьму сабе абаронцу заміж Аллага, Творцы нябёсаў і зямлі? Ён жывіць, а Яго не жывяць». І скажы: «Мне загадана быць першым з тых, хто падпарадкаваўся Яму!» Так што не будзь адным з паганаў!

15. Скажы: «Я баюся, што ў выпадку непакорлівасці майму Госпаду, я буду пакараны ў Вялікі Дзень!»

16. Але каго гэта абміне ў той Дзень, над тым Ён злітаваўся. Гэта – сапраўдны поспех!

17. Калі Аллаг закране цябе бедствам, дык ніхто не адцягне гэтага, апроч Яго! А калі Ён закране цябе дабром, дык Ён здольны на кожную рэч!

18. Ён – Усепераможны над сваімі рабамі і Ён – Мудры, Дасведчаны!

19. Спытай: «Якое сведчанне самае важнае?» І скажы: «Аллаг – сведка паміж мною і вамі! Мне адкрыты гэты Каран, каб я засцерагаў ім вас і тых, да каго ён дойдзе. Няўжо вы насамрэч сведчыце, што апроч Аллага ёсць яшчэ і іншыя боствы?» Скажы: «Я не сведчу пра гэтае!» Скажы: «Сапраўды, Ён – Адзіны Бог! І, сапраўды, я не маю дачынення да таго, што вы прыпісваеце яму раўню!»

20. Тыя, каму Мы даравалі Пісанне, ведаюць Прарока так, як ведаюць сваіх сыноў; тыя, якія страцілі саміх сябе, не павераць.

21. Хто ж несправядлівей за таго, хто ўзводзіў паклёп на Аллага і адмаўляў Яго азнакі? Сапраўды, прыгнятальнікі не будуць мець поспеху. 

22. У той Дзень Мы згуртуем іх усіх, а потым скажам паганцам: «Дзе ж вашыя супольнікі, якіх вы прыдумлялі?»

23. Тады не будзе ў іх іншага тлумачэння, хіба што скажуць: «Клянёмся Аллагам, Госпадам нашым, мы не былі паганымі!»

24. Зірні ж, як яны будуць хлусіць пра саміх сябе! Пакінь іх разам з тым, што прыдумлялі яны.

25. Сярод іх ёсць тыя, якія слухаюць цябе, але Мы паклалі на сэрцы іх пакровы, каб яны не разумелі Карана, а вушы зрабілі глухімі. І хоць бы яны ўбачылі ўсе азнакі, дык не павераць у іх. І калі яны прыходзяць да цябе спрачацца, дык кажуць тыя, якія не вераць: «Сапраўды, гэта толькі казкі старажытных народаў».

26. Яны адхінаюць людзей ад Прарока і адхінаюцца ад яго самі. Але яны не знішчаюць нікога, апроч сябе, хоць самі гэтага не ведаюць.

27. Калі б ты бачыў, як спыняць іх перад агнём. І яны скажуць: «О, калі б нас паварочалі назад! Мы не лічылі б азнакі Госпада нашага за хлусню і былі б аднымі з вернікаў!»

28. О не! Адкрылася ім тое, што яны раней хавалі! Ды калі б іх і паварочалі назад, дык яны б нанова паварочаліся да таго, што было ім забаронена. Сапраўды, яны – хлусы.

29. Яны кажуць: «Ёсць толькі нашае зямное жыццё і нас не адродзяць».

30. Калі б ты бачыў, як іх спыняць перад Госпадам іх. Ён скажа: «Хіба гэта не праўда? Яны скажуць: «Сапраўды, клянёмся нашым Госпадам». Ён скажа: «Такім чынам паспытайце пакарання за тое, што вы не паверылі».

31. Ужо панеслі страты тыя, якія адмаўлялі сустрэчу з Аллагам. Калі ж раптам да іх прыйдзе час, яны скажуць: «Гора нам за тое, што мы страцілі!» Яны будуць несці на сваіх спінах іх ноша; якое ж паганае тое, што яны нясуць.

32. Жыццё ў гэтым свеце – толькі гульня і забава. Наступнае жыццё лепш для тых, якія збожныя. Няўжо вы не разумееце?

33. Мы ведаем той смутак, які ты маеш ад іх словаў. Яны не цябе лічаць за хлуса – прыгнятальнікі адмаўляюць азнакі Аллага.

34. І перад табою лічылі пасланнікаў за хлусаў. Але тыя трывалі тое, што іх называлі хлусамі і крыўдзілі, пакуль Мы не дапамаглі ім. Ніхто не зменіць слоў Аллага, і ўжо дайшлі да цябе весткі пра пасланцоў.

35. А калі цябе засмучае іх адступленне, то, калі ты здолееш адшукаць праход у зямлі альбо лесвіцу на неба, прынясі ім знак. Калі б Аллаг пажадаў, дык сабраў бы іх на простым шляху. Так што не будзь адным з невукаў. 

36. Сапраўды, адказваюць тыя, якія здольныя слухаць. Аллаг адродзіць памерлых, а потым яны паварочаюцца да яго!

37. Яны кажуць: «Чаму не пасланы яму знак ад Госпада яго?» Скажы: «Сапраўды, Аллаг здольны паслаць знак». Але ж большасць з іх не мае ведання.

38. Няма жывёлы на зямлі і птушак, якія лётают на крылах, якія б не тварылі суполак, як і вы. Мы нічога не абмінулі ў Пісанні. А потым згуртуюць іх каля Госпада іх.

39. А тыя, якія адмаўлялі Нашыя азнакі – яны глушцы, нямкі і знаходзяцца ў цемры. Аллаг уводзіць у аблуду, каго пажадае, і вядзе простым шляхам, каго пажадае.

40. Спытай: «Скажыце мне: калі прыйдзе да вас пакаранне ад Аллага ці прыйдзе Час, дык няўжо вы будзеце клікаць кагосці, апроч Аллага, Калі вы праўдзівыя?»

41. О не! Вы будзеце клікаць толькі Яго! Калі Ён пажадае, дык пазбавіць вас на тое, пра што вы яго просіце пазбавіць, і тады вы забудзецеся на тых, каго надавалі Яму раўнёю.

42. І Мы выпраўлялі пасланцоў да народаў перад табою; і Мы выпрабоўвалі іх галечаю і пакутамі, каб яны былі паслухмянымі.

43. Чаму ж, калі напаткала іх Нашае пакаранне, яны не рабіліся паслухмянымі? Наадварот, сэрцы іх рабіліся жорсткімі, а шатан упрыгожыў ім тое, што яны рабілі.

44. І калі яны забыліся на тое, пра што ім нагадвалі, Мы адкрылі ім шлях да кожнае рэчы. А калі яны ўсцешыліся з таго, што ім далі, Мы нечакана схапілі іх. І вось, яны разгубіліся.

45. І былі знішчаныя да апошняга тыя людзі, якія ўчынялі несправядлівасць. Хвала Аллагу, Госпаду сусветаў!

46. Спытай: «Скажыце мне, калі Аллаг адбярэ ваш слых, зрок і запячатае вашыя сэрцы, дык які бог, апроч Аллага, даруе вам гэта?» Зірні, як Мы тлумачым азнакі – але і пасля гэтага яны адхінаюцца.

47. Спытай: «Скажыце мне, калі пакаранне Аллага прыйдзе да вас нечакана ці адкрыта, дык няўжо знішчаць кагосьці іншага, апроч несправядлівых людзей?»

48. Мы пасылалі пасланцоў толькі добрымі веснікамі і засцерагальнікамі. І тым, якія павераць і будуць рабіць дабро, не будзе боязі і не будуць яны засмучаныя.

49. А на тых, якія адмаўлялі Нашыя азнакі, падзе пакаранне за тое, што яны былі непакорлівыя.

50. Скажы: «Я не кажу вам, што ў мяне скарбніцы Аллага і што я ведаю таемнае. І не кажу вам, што я – анёл. Я іду за тым, што адкрыта мне. Скажы: «Хіба роўныя невідушчы і відушчы? Няўжо вы не задумаецеся?»

51. Засцерагай Каранам тых, якія баяцца таго, што яны будуць сабраныя перад сваім Госпадам. Няма для іх апроч Яго, ні абаронцы, ні заступніка. Магчыма, яны будуць збожныя.

52. І не папірай тых, якія заклікаюць да Госпада свайго раніцай і ўвечары, імкнучыся да Яго задавальнення. Ты ніяк не адказваеш за іх, а яны ніяк не адказваюць за цябе. Але калі ты папрэш іх, дык будзеш сярод прыгнятальнікаў.

53. Так Мы спакушалі адных іншымі, каб тыя сказалі: «Хіба Аллаг дараваў літасць менавіта гэтым з нас?» Ды хіба ж Аллаг не ведае пра ўдзячных?

54. І калі да цябе прыходзяць тыя, якія паверылі ў Нашыя азнакі, дык скажы: «Мір вам! Ваш Госпад зрабіў для сябе літасць абавязкам; і калі хто з вас учыніць ліха праз невуцтва, а потым павініцца і будзе рабіць дабро, дык Ён – Прабачаючы, Міласэрны!»

55. Так Мы тлумачым знакі, каб стаў бачны шлях беззаконнікаў.

56. Скажы: «Мне забаронена пакланяцца тым, якіх вы заклікаеце заміж Аллага!» Скажы: «Я не пайду за вашымі жаданнямі, бо траплю ў аблуду і не буду адным з тых, хто ідзе простым шляхам».

57. Скажы: «Я прытрымліваюся выразнага доказу ад майго Госпада, а вы лічыце гэта за хлусню! У мяне няма таго, што вы спрабуеце паскорыць. Рашэнне належыць Аллагу; Ён паведамляе праўду, Ён – лепшы з суддзяў!»

58. Скажы: «Калі б у мяне было тое, што вы спрабуеце паскорыць, дык справа паміж мною і вамі была б ужо вырашаная!» Аллаг лепш ведае пра прыгнятальнікаў.

59. У Яго ключы да таемнага, і ведае пра іх толькі Ён! Ён ведае тое, што на сухаземі і ў моры. Ніводзін лісток не падае, каб Ён не ведаў гэтага, і няма ні збожжа ў цемры зямлі, ні чагосьці вільготнага альбо сухога, чаго б ні было запісана ў выразным Пісанні.

60. Ён – Той, хто забірае падчас сну вашыя душы ноччу і ведае тое, што вы робіце днём; тады Ён адраджае(абуджае) вас, каб споўніўся прызначаны вам тэрмін. А потым вы паварочаецеся да Яго і Ён паведаміць вам пра тое, што вы рабілі.

61. Ён – Паўнаўладны над рабамі сваімі, ён пасылае вам ахоўнікаў (анёлаў), а калі да каго-небудзь з вас прыходзіць скананне, дык яго душу забіраюць Нашыя пасланцы, якія не занядбаюць анічога у сваіх абавязках.

62. А потым іх паварочаюць да Аллага, іх Сапраўднага Гаспадара. Хіба не Яму належыць прысуд? А Ён – самы хуткі ў адплаце.

63. Спытай: «Хто ратуе вас ад змроку сухаземя і мора, калі вы звяртаецеся да Яго пакорліва і таемна: «Калі ты выратуеш нас ад гэтага, мы абавязкова будзем удзячныя»?»

64. Скажы: «Аллаг ратуе вас ад гэтага і ад усялякага іншага бедства. Але і пасля гэтага вы надаяце Яму раўню».

65. Скажы: «Ён здольны наслаць на вас кару зверху ці знізу, з-пад вашых ног, альбо падзяліць вас на розныя гурты, каб адны з вас паспыталі жорсткасці іншых». Зірні ж, як Мы тлумачым азнакі, магчыма, яны зразумеюць.

66. Твой народ палічыў гэта за хлусню, хоць гэта – праўда! Скажы: «Я вам не абаронца!»

67. Для кожнае весткі ўсталяваны тэрмін. Так што хутка вы даведаецеся.

68. І калі ты ўбачыш, што яны хлябешчуць пра Нашыя азнакі, дык адхініся ад іх, пакуль яны не пачнуць іншую размову. І калі шатан прымусіць цябе забыцца на гэтае, дык, калі згадаеш, не сядай побач з прыгнятальнікамі.

69. Збожныя не адказваюць за іх, але мусяць нагадваць – магчыма, тыя будуць збожныя.

70. Пакінь тых, якія ўспрымаюць сваю веру як гульню і забаву і якіх спакушае зямное жыццё. Але павучай іх Каранам – каб не загінула ніводная душа праз тое, што яна сабе набыла – няма для яе, апроч Аллага, ні абаронцы, ні заступніка, і які б выкуп яна ні прапанавала, не прымуць яго. Чакае на тых, якія загінулі праз тое, што набылі сабе, напой з кіпеню і пакутлівае пакаранне за тое, што яны не былі вернікамі.

71. Скажы: «Хіба мы будзем звяртацца заміж Аллага да таго, хто не прынясе нам ні карысці, ні шкоды? Няўжо мы адступім пасля таго, як Аллаг паказаў нам просты шлях, – нібыта той, каго спакусілі шатаны на зямлі і давялі да сумневаў? У яго ёсць сябры, якія заклікаюць яго да простага шляху і кажуць: «Ідзі да нас!» Скажы: «Сапраўды, просты шлях ад Аллага – сапраўдны просты шлях! І нам загадана падпарадкавацца Госпаду сусветаў,

72. здзяйсняць малітву і баяцца Яго. Ён – Той, перад кім вы будзеце сабраныя!»

73. Ён – Той, Хто стварыў нябёсы і зямлю ў праўдзе. У той дзень Ён скажа: «Будзь!» Слова Яго – праўда! Яму належыць улада над Днём, калі затрубяць у Рог. Ён ведае таемнае і відавочнае. Ён – Мудры, Дасведчаны.

74. Вось Ібрагім сказаў свайму бацьку Азару: «Хіба ты лічыш стодаў багамі? Я бачу, што ты і твае людзі знаходзяцца ў сапраўднай аблудзе».

75. Так Мы паказалі Ібрагіму каралеўствы нябёсаў і зямлі, каб ён быў адным з упэўненых у адзінстве Аллага.

76. Калі яго схавала ноч, ён убачыў зорку і сказаў свайму народу, які верыў астралогіі: «Гэта – мой Госпадяк вы сцвярджаеце!» А калі тая зайшла, ён сказаў: «Я не люблю тое, што заходзіць (не лічу гэта Богам)».

77. І калі ён убачыў месяц, які ўзышоў, дык сказаў: «Гэта – мой Госпадпа-вашаму, – а калі і той знік, ён сказаў: «Калі мой Госпад не пакажа мне простага шляху, дык я зраблюся адным з аблудных людзей».

78. І калі ён убачыў сонца, якое ўзыходзіла, дык сказаў: «Гэта – мой Госпад! Яно больш за іншыя свяцілы!» А калі сонца зайшло, ён сказаў: «О людзі! Я не маю дачынення да таго, што вы надаяце Яму ў супольнікі.

79. Я звярнуў свой твар да Таго, Хто стварыў нябёсы і зямлю, і я не паганін!»

80. І народ яго пачаў спрачацца з ім. Тады ён сказаў: «Хіба вы будзеце спрачацца са мною пра Аллага, Які ўжо паказаў мне просты шлях? Я не баюся тых, каго вы надаяце Яму ў супольнікі, хіба што Госпад мой пажадае чагосьці іншага. Мой Госпад спасцігае веданнем кожную рэч. Няўжо вы не задумаецеся?

81. І як жа я прымею баяцца тых, каго вы надаяце Яму ў супольнікі, калі вы самі не баіцеся надаваць Аллагу ў супольнікі таго, пра каго Ён не паслаў вам ніякага доказу? Дык якая ж з дзвюх суполак мае больш падставаў для бяспекі, калі вы ведаеце?»

82. Тыя, якія паверылі і не апранулі сваю веру ў несправядлівасць, знаходзяцца ў бяспецы, і яны ідуць простым шляхам.

83. Такія нашы доказы, якія Мы далі Ібрагіму супраць яго народа. Мы ўзвышаем па ступенях, каго пажадаем. Сапраўды, твой Госпад – Мудры, Усеведаючы.

84. Мы даравалі яму Ісхака і Якуба. Мы павялі іх абодвух простым шляхам. Яшчэ раней Мы павялі простым шляхам Нуха, а з яго нашчадкаў – Давуда, Сулеймана, Аюба, Юсуфа, Мусу і Гаруна. Такім чынам Мы ўзнагароджваем шчырых.

85. А таксама Закарыю, Ях’ю, Ісу ды Ільяса. Усе яны былі з ліку праведнікаў.

86. А таксама Ісмаіля, Аль–Ясаа, Юнуса і Лута. Усіх іх Мы ўзнеслі над светамі.

87. А таксама некаторых з іх бацькоў, нашчадкаў і братоў. Мы абралі іх і павялі іх простым шляхам.

88. Такое кіраўніцтва Аллага, з дапамогаю якога Ён вядзе простым шляхам тых са Сваіх рабоў, каго пажадае. Але калі б яны далучылі паплечнікаў, дык стала б дарэмным усё, што яны рабілі.

89. Гэта – тыя, каму Мы даравалі Пісанне, мудрасць і прароцтва. І нават калі яны не павераць у гэта, Мы ўжо даручылі гэта іншым людзям, якія не зробяцца нявернікамі.

90. Гэта – тыя, каго Аллаг накіраваў простым шляхам. Ідзі ж па іх загадах. Скажы: «Я не прашу ў вас за гэта ўзнагароджання. Гэта – толькі напамін для сусветаў».

91. Яны не ўшанавалі Аллага годным чынам, калі сказалі: «Нічога не пасылаў Аллаг чалавеку!» Спытай: «Хто ж паслаў Пісанне, з якім Муса прыйшоў як са святлом і кіраўніцтвам для людзей, і якое вы зрабілі асобнымі аркушамі, нешта адтуль паказваючы, а шмат чаго хаваючы? Але ж вас навучылі таму, чаго не ведалі ні вы, ні вашыя бацькі!» Скажы: «Аллаг!» І пакінь іх бавіцца ўласным марнаслоўем.

92. Мы паслалі гэтае Пісанне – блаславенне, якое сцвярджае тое, што было перад ім, каб ты засцерагаў ім Маці Гарадоў і тых, хто жыве па-за яе. Тыя, якія вераць у наступнае жыццё, вераць у Каран, яны ўважлівыя да сваіх малітваў.

93. Хто ж несправядлівей за таго, хто ўзводзіць паклёп на Аллага ці кажа: «Мне дадзена адкрыццё» – а насамрэч нічога яму не адкрыта, ці кажа: «Я пашлю накшталт таго, што паслаў Аллаг»? Калі б ты бачыў несправядлівых у цемры смерці, як цягнуцца да іх рукі анёлаў: «Аддайце свае душы! Сёння адплацяць вам зневажальным пакараннем за тое, што вы казалі пра Аллага няпраўду і грэбавалі Яго азнакамі!»

94. «Вы прыйшлі да нас адзінцамі – такімі, якімі Мы стварылі вас упершыню, і пакінулі з тылу сябе тое, што Мы дарылі вам у валоданне. Мы не бачым разам з вамі абаронцаў, якіх вы лічылі сутаварышамі Нам. Ужо разарваныя сувязі паміж вамі і пакінулі вас тыя, каго вы прыдумлялі».

95. Сапраўды, Аллаг расколвае збожжа і костачку, выводзіць жывое з нежывога і выводзіць нежывое з жывога. Вось такі Аллаг! Як жа вы падаліліся!

96. Ён раскрывае світанак, учыняе ноч для спакою, а сонца і месяц – сродкамі для разліку. Так усталявана Велічным, Усеведаючым.

97. Ён – Той, Хто стварыў для вас зоркі, каб вы знаходзілі па іх шлях у змроку сухазем’я і мора. Мы патлумачылі азнакі для людзей, якія ведаюць.

98. Ён – Той, Хто стварыў вас з адзінае душы і вызначыў месца знаходжання і месца захоўвання. І Мы патлумачылі азнакі для людзей, якія разумеюць. 

99. Ён – Той, Хто звёў з неба ваду, дзякуючы якой растуць розныя расліны. Мы гадуем з іх зеляніну, з якое гадуем збожжа ў каласах. А з пальмавых завязяў Мы гадуем вісячыя гронкі. Мы гадуем вінаградныя сады, алею і гранаты, падобныя і непадобныя. Зірніце ж на іх плён, калі ён завязваецца і спее. Сапраўды, у гэтым – азнака для вернікаў. 

100. Яны лічаць джынаў роўнымі Аллагу, хоць гэта Ён стварыў іх. Пагане прыдумалі яму сыноў і дачок без усялякага ведання; Прачысты Ён і вышэй за тое, што Яму прыпісваюць яны.

101. Творца нябёсаў і зямлі, як Ён прымее мець дзіцяці, калі не мае жонкі? Ён стварыў кожную рэч і, Ён пра кожнаю рэч ведае.

102. Такі Аллаг, ваш Госпад; няма бога, апроч Яго, стваральніка кожнае рэчы; таму пакланяйцеся Яму. Ён – Апякун кожнае рэчы.

103. Погляды не спасцігаюць Яго, гэта ён спасцігае погляды. Ён – Праніклівы (Лагодны), Дасведчаны.

104. «Ужо прыйшлі відавочныя азнакі ад Госпада вашага. Хто бачыць іх, бачыць сам для сябе, а хто невідушчы, дык толькі сам супраць сябе. Я вам не ахоўнік».

105. Так Мы падрабязна тлумачым азнакі, каб табе сказалі: «Ты навучыўся гэтаму». І каб Мы патлумачылі яго(Каран) людзям, якія ведаюць.

106. Ідзі за тым, што адкрыў табе Госпад твой; няма бога, апроч Яго. Так што адхініся ад паганаў.

107. Калі б Аллаг пажадаў, яны б не надавалі Яму раўню. Але Мы не зрабілі цябе ахоўнікам і ты не абаронца для іх.

108. Не ганьбіце тых, да каго яны заклікаюць заміж Аллага, інакш праз сваю варожасць і невуцтва яны пачнуць ганьбіць Аллага. Мы ўпрыгожылі для кожнага народа яго ўчынкі, але потым яны паварочаюцца да Нас, і Мы паведамім ім пра тое, што рабілі яны.

109. Яны кляліся Аллагам – наймацнейшымі клятвамі! – што, калі прыйдзе да іх знак, дык яны павераць у Яго. Скажы: «Знакі – у Аллага! Але адкуль вам ведаць, што, калі тыя прыйдуць да іх, яны не павераць?»

110. Мы адцягнулі іх сэрцы і погляды, бо яны не паверылі ў Каран спачатку, і пакінулі іх блукаць у неладзе.

111. Калі б Мы нават выправілі да іх анёлаў, і калі б пачалі размаўляць з імі нежывыя, і калі б Мы сабралі перад імі ўсё што яны просяць – яны ўсё адно б не паверылі, калі б не пажадаў Аллаг. Але большасць з іх – невукі.

112. Так Мы вызначылі для кожнага прарока ворага – шатанаў з людзей і джынаў. Яны зводзяць адно аднаго прыгожымі словамі. Ды калі б твой Госпад пажадаў, яны б не рабілі гэтага. Таму пакінь іх разам з тым, што яны прыдумляюць.

113. І каб прыслухоўваліся да іх сэрцы тых, якія не вераць у апошняе жыццё, і каб яны цешыліся з гэтага і далей рабілі тое, што робяць.

114. «Хіба я буду шукаць іншага суддзю заміж Аллага? Ён – Той, Хто паслаў вам Пісанне, якое патлумачыў». Тыя, каму дадзена Пісанне, ведаюць, што яно паслана ад Госпада Твайго ў праўдзе! Таму не будзь сярод тых, хто вагаецца».

115. Слова Госпада твайго дасканалае ў праўдзе і слушнасці! Ніхто не зменіць Яго слоў. Ён – Усечуючы, Усеведаючы.

116. Калі ты будзеш слухаць большасць з тых, хто на зямлі, дык яны саб’юць цябе са шляху Аллага. Яны ідуць за сваімі меркаваннямі і прыдумкамі.

117. Сапраўды, Госпад твой лепш ведае тых, хто адхіліўся ад Яго шляху. Ён лепш ведае тых, якія ідуць простым шляхам.

118. Ежце тое, над чым вымаўлена імя Аллага, калі вы верыце ў Яго азнакі.

119. А чаму б вам не есці таго, над чым вымаўлена імя Аллага? Ужо патлумачана вам тое, што для вас забаронена – хіба што вы былі вымушаныя з’есці гэта. Сапраўды, многія ўводзяць у аблуду іншых праз свае жаданні, не маючы ведання. Але Госпад твой ведае парушальнікаў.

120. Пазбягайце граху адкрытага і таемнага! Сапраўды, тыя, якія ўчынілі грэх, атрымаюць пакаранне за гэтае.

121. Не ежце таго, над чым не было вымаўлена імя Аллага, бо гэта – грэх. Сапраўды, шатаны падбухторваюць сваіх сяброў, каб тыя спрачаліся з вамі. І калі вы падпарадкуецеся ім, дык абавязкова зробіцеся паганцамі!

122. Хіба той, хто быў нежывы і каго Мы адрадзілі і даравалі святло, з якім ён пайшоў да людзей, падобны на таго, хто знаходзіцца ў цемры і не прымее выйсці адтуль? Так упрыгожваецца для нявернікаў тое, што робяць яны.

123. У кожным паселішчы Мы зрабілі самых магутных людзей грэшнікамі, каб яны мудрагелілі. Але яны мудрагеляць толькі супраць саміх сябе, хоць і не ведаюць гэтага.

124. І калі прыходзіць да іх знак, яны кажуць: «Мы ніколі не паверым, пакуль не дадуць нам падобнага на тое, што далі пасланцам Аллага». Але Аллаг ведае лепш, каму даваць Сваё пасланне. Тыя, якія робяць грэх, будуць зняважаныя перад Аллагам, іх напаткае суворае пакаранне за тое, што яны мудрагелілі.

125. Каму Аллаг жадае паказаць просты шлях, таму Ён раскрывае грудзі для ісламу, а каго Ён жадае збіць са шляху, таму здушвае і сціскае грудзі, нібы той узнімаецца на нябёсы. Так Аллаг насылае пакаранне на нявернікаў.

126. І гэта – просты шлях твайго Госпада. Мы патлумачылі азнакі для людзей, якія згадваюць.

127. На іх чакае Мясціна свету каля іх Госпада, а Ён – іх Абаронца за тое, што яны рабілі.

128. У той дзень Ён збярэ ўсіх: «О зборышча джынаў! Шмат каго вы збілі са шляху». І скажуць іх сябры сярод людзей: «Госпадзе наш! Адны з нас выкарыстоўвалі іншых – і вось, прыйшоў тэрмін наш, які Ты вызначыў нам». Ён скажа: «Ваш прытулак – агонь, у якім вы будзеце павек, калі Аллаг не пажадае інакш». Сапраўды, твой Госпад – Мудры, Усеведаючы.

129. Так Мы дазваляем адным прыгнятальнікам мець уладу над іншымі – за тое, што яны набылі.

130. «О зборышча джынаў і людзей! Хіба не прыходзілі да вас пасланцы з вас саміх, якія перадавалі вам мае азнакі і папярэджвалі вас пра надыход гэтага Дня?» Тыя скажуць: «Мы сведчым супраць саміх сябе». Бліжэйшае жыццё спакусіла іх і яны самі сведчаць супраць сябе, што былі нявернікамі.

131. Гэта так, бо Госпад твой не знішчае паселішчаў за несправядлівасць, пакуль яго жыхары знаходзяцца ў недасведчанасці.

132. Кожны мае сваю ступень, якая адпавядае яго ўчынкам. Твой Госпад ведае іх справы.

133. Госпад твой – Заможны, Уладар літасці. Калі Ён пажадае, дык знішчыць вас і заменіць вас іншымі, як Ён зрабіў вас нашчадкамі іншых людзей.

134. Сапраўды, тое, што абяцана вам, здарыцца. І не адхіліце вы гэтага.

135. Скажы: «О народзе мой! Дзейнічайце, як здолееце, але буду дзейнічаць і я! І борзда даведаецеся, каму належыць апошняя Мясціна. Сапраўды, прыгнятальнікі не мецьмуць поспеху».

136. Яны прызначаюць Аллагу долю таго, што Ён выгадаваў з плёну і худобы, і кажуць: «Гэта – Аллагу, а гэта – нашым боствам». Тое, што прызначана іх стодам, не трапляе Аллагу, а тое, што прызначана Аллагу, трапляе іх стодам. Якое дрэннае іх разуменне.

137. Так супольнікі шмат каму з паганаў упрыгожылі забойства ўласных дзяцей, каб знішчыць іх і заблытаць іх веру. Але калі б Аллаг пажадаў, дык яны б не рабілі гэтага. Таму пакінь іх разам з тым, што яны прыдумляюць.

138. Яны кажуць: «Гэтая худоба і плён забароненыя. Ужываць іх у ежу маюць права толькі тыя, каму мы дазволім» – так яны лічаць. На некаторых жывёлах яны забараняюць ездзіць конна і класці на іх цяжар, а над іншымі не згадваюць імя Аллага, узводзячы на Яго паклёп. Ён адплаціць ім за тое, што яны прыдумлялі.

139. Яны кажуць: «Тое, што ва чэравах гэтых жывёлаў, дазволена нашым мужчынам і забаронена нашым жонкам». А калі яно народзіцца нежывым, дык усе маюць права на гэта. Адплаціць Ён ім за іх прыдумкі. Сапраўды, Ён – Мудры, Усеведаючы.

140. Панеслі страты тыя неразумныя, якія, не маючы ведання, забівалі сваіх дзяцей і забаранялі тое, чым надзяляў іх Аллаг, узводзячы на Яго паклёп. Яны заблукалі і не ідуць простым шляхам.

141. Ён – Той, Хто стварыў сады на падпорах і без падпораў, пальмы і плён рознага хлеба, алівы і гранаты, падобныя і не падобныя, ежце гэты плён, калі яны з’явяцца, і аддавайце належнае ў дзень, калі збераце плён, але не марнуйце звыш меры. Сапраўды, Ён не любіць марнатраўцаў. 

142. Сярод худобы ёсць прызначаная для перавозак, а ёсць такая, якая не прызначаная для гэтага. Ежце тое, чым надзяліў вас Аллаг, і не ідзіце ўтроп шатана. Сапраўды, ён для вас – сапраўдны вораг.

143. Вось восем пар худобы – дзве з авечак, і дзве – з коз. Спытай: «Самцоў Ён забараніў альбо самак? Альбо тое, што ў чэравах самак? Распавядзіце мне з веданнем, калі вы кажаце праўду».

144. Яшчэ дзве з вярблюдаў, і яшчэ дзве – з кароў. Спытай: «Самцоў Ён забараніў альбо самак? Альбо тое, што ў чэравах самак? Альбо вы былі сведкамі таго, як Аллаг наказаў гэта вам?» Хто ж несправядлівей за таго, хто ўзводзіць паклёп на Аллага, каб, не маючы ведання, збіць людзей са шляху? Сапраўды, Аллаг не вядзе простым шляхам прыгнятальнікаў.

145 Скажы: «У тым, што адкрыта мне, не знаходжу я нічога забароненага для таго, хто жадае спажываць гэта, апроч мерцвячыны ці крыві, якая выцякае, ці мяса свінні, – бо ўсё гэта не чыстае, – альбо тое, што зрабілася брыдотаю, то бок над чым не было вымаўлена імя Аллага. А калі нехта быў вымушаны з’есці гэта не наўмысна і не парушаючы межаў, дык Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

146. Юдэям Мы забаранілі ўсё, што мае нераздвоеныя капыты. Мы забаранілі ім тлушч кароў і авечак, апроч таго, які на спінах, у чэравах альбо змяшаўся з костачкамі. Так Мы адплацілі ім за іх ганьбу. Сапраўды, Нашыя словы праўдзівыя.

147. Калі яны палічаць цябе за хлуса, скажы: «Ваш Госпад – Уладар вялікае літасці, але не адвярнуць Яго пакарання ад грэшных людзей».

148. Скажуць пагане: «Калі б Аллаг пажадаў, дык не надавалі б Яму раўню ні мы, ні нашыя бацькі, і нічога б не забаранялі». Дакладна так адмаўлялі пасланцоў і тыя, якія жылі перад імі, пакуль не паспыталі пакарання! Скажы: «Калі маеце хоць нейкае веданне, дык адкрыйце яго нам. Толькі вы ідзяце за здагадкаю і прыдумляеце».

149. Скажы: «Аллагу належыць пераканаўчы доказ! Калі б Ён пажадаў, дык усіх вас павёў бы простым шляхам».

150. Скажы: «Прывядзіце сваіх сведкаў, якія прымелі б засведчыць, што Аллаг насамрэч забараніў гэта ўсё». Ды калі яны і пачнуць сведчыць, дык не сведчы разам з імі. Не патурай тым, якія лічылі хлуснёю Нашыя азнакі, тым, якія не вераць у наступнае жыццё і надаюць Госпаду свайму раўню.

151. Скажы: «Прыходзьце, я прачытаю вам пра тое, што забараніў вам Госпад ваш: нікога не лічыце роўным Яму, як мага лепш стаўцеся да бацькі. Не забівайце сваіх дзяцей, баючыся галечы, бо Мы надзяляем і вас, і іх. Не набліжайцеся да агідных учынкаў –відавочных і схаваных. Не забівайце душы, забойства якое Аллаг забараніў, калі не маеце права на тое. Ён наказаў вам гэта – магчыма, вы зразумееце».

152. І не набліжайцеся да маёмасці сіраціны, хіба толькі для яго ж дабра, пакуль ён не дасягне сталасці. Напаўняйце меру і вагу справядліва. Мы не патрабуем ад чалавека звыш яго магчымасцяў. І калі вы нешта кажаце, будзьце справядлівыя, нават калі гутарка ідзе пра вашых сваякоў. Выконвайце запавет Аллага. Ён наказаў гэта вам – магчыма, задумаецеся вы.

153. Такі Мой просты шлях, дык вось ідзіце па ім, але не ідзіце па іншых дарогах, якія саб’юць вас з Яго шляху. Ён наказаў гэта вам – магчыма, вы будзеце збожныя.

154. Мы даравалі Мусе Пісанне як давяршэнне ласкі для тых, якія робяць дабро, як тлумачэнне кожнае рэчы, просты шлях і літасць – магчыма, павераць яны ў сустрэчу з іх Госпадам.

155. Мы паслалі гэтае Пісанне блаславёным, таму ідзіце за ім і будзьце збожныя – магчыма, злітуюцца над вамі.

156. А таксама для таго, каб вы не казалі: «Пісанне было паслана двум гуртам яшчэ раней за нас, таму мы нічога не ведалі пра яго навучанне».

157. Альбо каб вы не казалі: «Калі б нам было паслана Пісанне, дык мы прытрымліваліся б простага шляху лепш за іх». Да вас ужо з’явілася выразная азнака ад вашага Госпада, дакладнае кіраўніцтва і літасць. Хто ж несправядлівей за таго, хто лічыць хлуснёю азнакі Аллага і адхінаецца ад іх? Мы аддамо тым, хто адхінаецца ад Нашых азнакаў, цяжкімі пакутамі за тое, што яны адхіналіся.

158. Няўжо яны чакаюць чаго-небудзь апроч таго, што да іх прыйдуць анёлы, ці з’явіцца твой Госпад, ці з’явяцца некаторыя з азнакаў твайго Госпада? У той дзень, калі з’явяцца некаторыя азнакі твайго Госпада, вера не прынясе карысці душы, калі яна не паверыла некалі ці не набыла праз сваю веру дабро. Скажы: «Чакайце, і мы таксама пачакаем». 

159. Ты не маеш ніякага дачынення да тых, якія раскалолі сваю веру і падзяліліся на секты. Іх справа знаходзіцца ў Аллага, і пазней Ён паведаміць ім пра тое, што яны здзяйснялі.

160. Хто з’явіцца з добрым дзеяннем, той атрымае дзесяціразовы зварот. А хто з’явіцца з ліхім дзеяннем, той атрымае толькі адпаведны зварот, і з імі не абыдуцца несправядліва.

161. Скажы: «Сапраўды, мой Госпад накіраваў мяне на просты шлях, на правільную веру, веру Ібрагіма, сапраўднае адзінабожжа. Ён не быў з ліку паганаў». 

162. Скажы: «Сапраўды, мая малітва і маё ахвяраванне, маё жыццё і маё скананне прысвечаныя Аллагу, Госпаду сусветаў,

163. у Якога няма паплечнікаў. Гэта мне загадана, і я з’яўляюся першым з мусульманаў». 

164. Скажы: «Хіба я пачну шукаць іншага Госпада апроч Аллага, у той час як Ён з’яўляецца Госпадам усялякае рэчы?» Кожная душа набывае грахі толькі на шкоду самой сабе. Ніводная душа не панясе чужога цяжару. Потым вам трэба будзе паварочацца да вашага Госпада, і Ён паведаміць вам пра тое, у чым вы разыходзіліся ў меркаваннях.

165. Ён – Той, Хто зрабіў вас наступнікамі на зямлі і ўзвысіў адных з вас над іншымі па ступенях, каб выпрабаваць вас тым, што Ён дараваў вам. Сапраўды, твой Госпад борзды ў пакаранні. Сапраўды, Ён – Прабачаючы, Міласэрны.

 

 

Сура 7. Аль-Араф

(Агароджы)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Аліф. Лям. Мім. Сад.

2. Мы паслалі табе Пісанне не для таго, каб у грудзях тваіх быў праз яго непакой, а каб ты засцерагаў іх, і як згадка для вернікаў.

3. Накіроўвайцеся за тым, што паслана вам ад Госпада вашага, і не накіроўвайцеся за іншымі абаронцамі заміж Яго. Як жа мала вы пра гэта згадваеце!

4. Колькі паселішчаў Мы знішчылі! Нашае пакаранне прыйшло да іх ноччу, альбо калі яны адпачывалі апоўдні.

5. Калі да іх прыйшло Нашае пакаранне, яны сказалі: «Сапраўды, мы былі паганымі».

6. Мы абавязкова спытаем тых, да каго прыходзілі пасланцы. Мы абавязкова спытаем і саміх пасланцоў.

7. Мы абавязкова абвесцім ім з веданнем; бо Мы не адсутнічалі.

8. У той Дзень важыцьмуць правільна. Чыя шаля будзе цяжкаю, тыя мецьмуць поспех,

9. а чыя шаля будзе лёгкаю, тыя страцяць саміх сябе, бо яны несправядліва ставіліся да Нашых азнакаў.

10. Мы даравалі вам моц на зямлі і падаравалі вам сродкі да існавання. Як мала вы дзякуеце!

11. Мы стварылі вас, надалі вам аблічча вашае, а потым сказалі анёлам: «Пакланіцеся Адаму!» І пакланіліся ўсе, апроч Ібліса, які не быў сярод тых, якія пакланіліся.

12. Аллаг сказаў: «Што перашкодзіла табе пакланіцца, калі Я загадаў табе?» Той адказаў: «Я лепш за яго! Ты стварыў мяне з агню, а яго Ты стварыў з гліны».

13. Ён сказаў: «Пакінь гэтае месца! Табе няма чаго ўзвышацца тут! Выйдзі, ты будзеш адным з зняважаных».

14. Той адказаў: «Дай мне адтэрміноўку да таго часу, калі іх адродзяць».

15. Аллаг сказаў: «Сапраўды, ты – адзін з тых, каму дадзеная адтэрміноўка».

16. Ён сказаў: «За тое, што Ты звёў мяне, я буду рабіць засады супраць іх на Тваім простым шляху!

17. А потым я буду падыходзіць да іх спераду, ззаду, справа і злева – Ты не знойдзеш большасці з іх удзячнымі».

18. Аллаг сказаў: «Выйдзі адсюль зняслаўлены і пагарджаны! Тымі з іх, якія накіруюцца за табою, Я абавязкова напоўню пекла».

19. «О Адаме! Жыві разам са сваёй жонкаю ў раі. Ежце, адкуль пажадаеце, але не набліжайцеся да гэтага дрэва, а то апыняцеся беззаконнікамі».

20. Шатан пачаў іх спакушаць, каб адкрыць ім іх галізну, якую яны не заўважалі. Ён сказаў: «Ваш Госпад забараніў вам гэтае дрэва для таго, каб вы не зрабіліся анёламі і неўмірушчымі».

21. Ён прысягнуў ім абодвум: «Я для вас – добры дарадца».

22. Ён вывеў іх адтуль, спакусіўшы. І калі яны пакаштавалі ад таго дрэва, дык адкрылася ім іх галізна і пачалі яны прыкрываць яе райскім лісцем. Тады Госпад іх паклікаў іх: «Хіба Я не забараніў вам есці з гэтага дрэва і хіба не казаў вам, што шатан для вас – сапраўдны вораг?»

23. Яны адказалі: «Госпадзе наш! Мы былі несправядлівыя самі да сябе! Калі Ты не прабачыш і не злітуешся над намі, мы абавязкова загінем!»

24. Ён сказаў: «Выйдзіце! Адны з вас будуць ворагамі іншым. На зямлі будзе прытулак ваш і карыстанне дабротамі – да пэўнага часу».

25. Ён сказаў: «Там вы будзеце жыць, там вы будзеце сканаць, і адтуль выйдзеце».

26. «О сыны Адама! Мы паслалі вам вопратку, каб схавалі вы вашую галізну, а яшчэ ўпрыгажэнні. Але адзенне збожнасці найлепшае! Гэта – азнака ад вашага Госпада. Магчыма, вы задумаецеся!

27. О сыны Адама! Не дазваляйце шатанам спакушаць вас так, як ён вывеў бацькоў вашых з раю. Ён сарваў з іх вопратку, каб яны ўбачылі галізну адно аднаго. Сапраўды, ён і яго род бачаць вас адтуль, адкуль вы іх не бачыце! Сапраўды, Мы зрабілі шатанаў абаронцамі нявернікаў».

28. І калі яны робяць нешта агіднае, дык кажуць: «Гэтага трымаліся нашыя бацькі – Аллаг загадаў нам гэта». Скажы: «Сапраўды, Аллаг не заклікае да агіды! Няўжо вы будзеце казаць пра Аллага тое, чаго не ведаеце?»

29. Скажы: «Мой Госпад загадвае быць справядлівымі. Паварочвайце свае абліччы да Яго ў кожным месцы пакланення і клічце Яго, шчыра вызнаючы Яго веру. Таксама, як Ён даў вам пачатак, да Яго вы паварочаецеся!»

30. Частку з вас Ён павёў простым шляхам, а частку справядліва прымусіў блукаць. Заміж Аллага яны ўзялі сабе за абаронцаў шатанаў, і яшчэ думалі пра сябе, што ідуць простым шляхам!

31. О сыны Адама! Апранайцеся ў сваю вопратку, дзе б вы не рабілі пакланення. Ежце і піце, але не звыш меры. Сапраўды, Ён не любіць тых, якія парушаюць меру!

32. Спытай: «Хто забараніў упрыгажэнні, якія Аллаг даў сваім рабам, а таксама даброты з Яго долі?» Скажы: «Яны – для тых, якія яшчэ ў зямным жыцці шчыра паверылі ў Дзень Ажывання!» Так Мы тлумачым азнакі для людзей, якія ведаюць.

33. Скажы: «Сапраўды, мой Госпад забараніў агідныя ўчынкі, адкрытыя і схаваныя, іншыя грахі і самавольствы, таксама нельга надаваць Аллагу роўных, пра якіх Ён не паслаў ніводнага доказу, а яшчэ – калі кажаце пра Аллага тое, чаго не ведаеце».

34. Кожнай суполцы – свой час. І калі прыйдзе іх час, дык не здолеюць ні адцягнуць яго, ні наблізіць – нават на гадзіну!

35. О сыны Адама! Калі прыйдуць да вас пасланцы з вас саміх, якія будуць чытаць вам Мае азнакі, дык тыя, якія будуць збожныя і рабіцьмуць дабро, не мецьмуць страху і не будуць яны засмучаныя.

36. А тыя, якія лічаць Нашыя знакі за хлусню і праз ганарыстасць свой грэбуюць імі, яны – жыхары агню. І будуць яны там павек!

37. Хто несправядлівейшы за таго, хто паклёпнічае на Аллага і адмаўляе Яго азнакі? Такія атрымаюць долю, вызначаную ім Пісаннем. Калі Нашыя пасланцы прыйдуць за іх душамі, дык спытаюць: «Дзе тыя, якіх вы заклікалі заміж Аллага?» Тыя адкажуць: «Яны пакінулі нас» – і гэтым засведчаць, што былі нявернікамі.

38. Скажуць ім: «Увайдзіце ў агонь разам з суполкамі людзей і джынаў, якія жылі раней за вас». Заўсёды, калі ўваходзіць туды адзін народ, ён праклінае падобных сабе. Калі ўсе яны згуртуюцца там, дык апошнія з іх скажуць пра першых: «Госпадзе наш! Менавіта яны збілі нас са шляху! Таму, дай ім падвойнае пакаранне агнём». Ён скажа: «Для кожнага папярэдняга народа падрыхтавана падвойнае пакаранне, але вы гэтага не ведаеце!»

39. Першыя з іх скажуць апошнім: «Няма ў вас перавагі над намі, таму паспрабуйце пакарання за тое, што рабілі вы».

40. Сапраўды, для тых, якія адмаўлялі Нашыя азнакі і праз гонар свой грэбавалі імі, не адчыніцца нябесная брама, і яны не ўвойдуць у рай, пакуль не пройдзе вярблюд скрозь вушка іголкі. Так Мы адплачваем беззаконнікам.

41. Пекла будзе ім ложкам, а над імі покрыўка. Так Мы адплачваем прыгнятальнікам.

42. А тыя, якія паверылі і здзяйснялі дабро – дык Мы не патрабуем ад чалавека звыш яго магчымасці – яны з’яўляюцца жыхарамі раю і будуць яны там павек.

43. Мы ачысцім сэрцы ад нянавісці, а пад імі будуць струменіць рэкі. Яны скажуць: «Хвала Аллагу, Які прывёў нас сюды. Мы не ішлі простым шляхам, калі б Аллаг не павёў нас ім. Пасланцы нашага Госпада прыходзілі з праўдаю». Ім будзе сказана: «Гэта рай. Вы атрымалі ў спадчыну яго за тое, што рабілі».

44. Жыхары раю звернуцца да жыхароў агню: «Мы пераканаліся, што абяцанае нам нашым Госпадам – праўда! Ці пераканаліся вы, што абяцанае вашым Госпадам – праўда?» Тыя скажуць: «Так!» І вяшчальнік аб’явіць усім: «Няхай будзе праклён Аллага над прыгнятальнікамі,

45. якія збіваюць іншых са шляху Аллага, імкнуцца сказіць яго і не вераць у наступнае жыццё».

46. Паміж першымі ды другімі будзе перашкода; а на агароджах – людзі, якія пазнаюць іншых па іх прыкметах. І звернуцца яны да жыхароў раю: «Мір вам!» Але яны пакуль не ўвойдуць туды, хоць і пажадаюць гэтага.

47. Калі іх погляды спыняцца на людзях пекла, дык скажуць: «Госпадзе наш! Не змяшчай нас разам з прыгнятальнікамі!»

48. Людзі на агароджах звернуцца да людзей, якіх яны пазнаюць па іх прыкметах: «Не дапамагло вам ні набытае вамі, ні вашая ганарлівасць!

49. Хіба гэта не тыя, пра якіх вы кляліся, што яны ніколі не будуць мець літасці ад Аллага?» Скажуць ім: «Увайдзіце ў рай! Не ўведаеце страху і не будзеце засмучаныя».

50. І звернуцца жыхары агню да жыхароў раю: «Узліце на нас ваду альбо тое, чым надзяліў вас Аллаг!» Тыя скажуць: «Сапраўды, Аллаг забараніў гэта для нявернікаў,

51. якія ўспрынялі сваю веру як гульню ды забаву і якія спакусіліся зямным жыццём». Сёння Мы забудземся на іх таксама, як яны забыліся пра сустрэчу з Намі ў гэты дзень і як адкінулі Нашыя азнакі.

52. Мы даравалі ім Пісанне, патлумачыўшы яго з веданнем, як кіраўніцтва і літасць для вернікаў.

53. Няўжо яны, заміж выканання абяцанага чакаюць чагосьці іншага? Таго Дня, калі гэта адбудзецца, скажуць тыя, якія раней забыліся пра Пісанне: «Пасланцы Госпада нашага прыходзілі з праўдаю. Ці маем намеснікаў, якія абароняць нас? Паварочаюць нас назад, каб мы рабілі не тое, што рабілі раней?» Яны страцілі саміх сябе. Пакінулі іх тыя, каго прыдумлялі яны!

54. Сапраўды, ваш Госпад – Аллаг, Які стварыў нябёсы і зямлю за шэсць дзён, а потым узвысіўся [узвышэннем улады і панавання, якое адпавядае велічы Яго Існасці, без перасоўвання і займання месца ў прасторы] над Тронам (Арш)[16]. Ён пакрывае ноччу дзень, які хутка даганяе яе. Сонца, месяц і зоркі пакорлівыя Яму. О так! Яму належыць стварэнне і загад. Блаславёны Аллаг, Госпад сусветаў!

55Звяртайцеся да Госпада свайго пакорліва і таемна. Сапраўды, Ён не любіць тых, якія парушаюць межы.

56. І не распаўсюджвайце нелад на зямлі пасля таго, як на ёй умацаваўся парадак. Клічце Яго з бояззю і надзеяй. Сапраўды, літасць Аллага блізкая да тых, якія робяць дабро.

57. Ён – Той, Хто пасылае вятры добрымі веснікамі Сваёй літасці. І калі яны прыносяць цяжкія аблокі, Мы прыводзім іх да безжыццёвае зямлі, праліваем туды ваду і прарошчваем там усялякі плён. Так Мы адраджаем і памерлых – магчыма, вы задумаецеся.

58. На добрай зямлі расліны ўзыходзяць шчодра з дазволу яе Госпада, а дрэнная зямля дае кволыя ўсходы. Так Мы тлумачым азнакі для ўдзячных людзей.

59. Мы паслалі Нуха да яго народа. Ён сказаў: «О людзі! Пакланяйцеся Аллагу! У вас няма бога, апроч Яго. Я баюся, што спаткае вас пакаранне ў Вялікі Дзень».

60. Яго магнаты сказалі: «Мы бачым, што ты сапраўды апынуўся ў аблудзе».

61. Той адказаў: «О людзі! Я не трапіў у аблуду. Наадварот, я – пасланец Госпада сусветаў.

62. Я перадаю вам пасланне ад Госпада майго і раю дабро. Ад Аллага я ведаю тое, чаго вы не ведаеце.

63. Няўжо вы дзівіцеся таму, што напамін ад Госпада вашага прыйшоў да вас праз мужчыну з вас саміх, каб ён засцярагаў вас, і каб вы засцярагаліся? Тады, магчыма, злітаваліся б над вамі».

64. І яны прынялі яго за хлуса. Мы выратавалі яго і тых, хто быў з ім у каўчэгу, а тых, якія лічылі хлуснёю Нашыя азнакі, утапілі! Сапраўды, яны былі невідушчымі людзьмі.

65. І да адытаў Мы паслалі брата Гуда. Ён сказаў: «О людзі! Пакланяйцеся Аллагу! У вас няма бога, апроч Яго. Хіба не будзеце вы пільнавацца?»

66. Яго магнаты не паверылі і сказалі: «Мы бачым тваё глупства і думаем, што ты – хлус!»

67. Той адказаў: «Я не дурань. Наадварот, я – пасланец Госпада сусветаў!

68. Я перадаю вам пасланне ад свайго Госпада і я для вас – добры дарадца.

69. Хіба вы дзівіцеся таму, што напамін ад Госпада вашага прыйшоў вам праз чалавека з вашага асяроддзя для засцярогі? Згадайце, як Ён зрабіў вас нашчадкамі народа Нуха і яшчэ дадаў вам моцы і росту. Таму згадвайце літасці Аллага – магчыма, будзеце мець поспех!»

70. Тыя сказалі: «Хіба ты прыйшоў з тым, каб мы пакланяліся адзінаму Богу і адмовіліся ад таго, чаму пакланяліся нашыя бацькі? Пакажы нам тое, чым ты пагражаеш нам, калі ты кажаш праўду».

71. Ён адказаў: «Ужо напаткала вас пакаранне і гнеў Госпада вашага! Няўжо вы будзеце спрачацца са мною пра імёны, прыдуманыя вамі і вашымі бацькамі? Аллаг не пасылаў адносна іх ніводнага доказу. Таму чакайце і я пачакаю разам з вамі».

72. З Нашае літасці Мы выратавалі яго і тых, хто быў з ім, і вынішчылі да апошняга тых, якія лічылі Нашыя азнакі за хлусню і былі нявернікамі.

73. А да самудытаў паслалі брата Саліха. Ён сказаў: «Людзі! Пакланяйцеся Аллагу! У вас няма бога, апроч Яго! Прыйшла да вас выразная азнака ад вашага Госпада. Вось гэтая вярблюдзіца Аллага – азнака вам. Дазвольце ж ёй пасвіцца на зямлі Аллага і не чыніце ёй шкоды, інакш напаткае вас пакутлівае пакаранне».

74. Згадайце, як Ён зрабіў вас нашчадкамі адытаў і парассяляў на зямлі, на раўнінах якое вы будуеце фартэцыі і высякаеце ў скалах жытлы. Згадвайце літасці Аллага і не чыніце ліха на зямлі, распаўсюджваючы няверу!»

75. Магнаты, якія лічыліся вялікімі, сказалі вернікам, якія былі кволыя: «Вы ведаеце, што Саліх пасланы яго Госпадам?» Тыя адказалі: «Сапраўды, мы верым у тое, з чым яго паслалі!»

76. Ганарліўцы сказалі: «Сапраўды, мы не верым у тое, ува што верыце вы!»

77. І яны зарэзалі вярблюдзіцу, не паслухаўшы загаду іх Госпада, і сказалі: «О Саліху! Пакажы тое, чым ты пагражаеш нам, калі ты з пасланцоў!»

78. І паразіў іх землятрус. Засталіся яны нежывыя ў жытлах сваіх!

79Ён (Саліх) адвярнуўся ад іх і сказаў: «О народзе мой! Я перадаў вам пасланне ад майго Госпада і раіў вам дабро. Але не любіце вы добрых дарадцаў».

80Выправілі і Лута. Ён сказаў свайму народу: «Хіба будзеце вы чыніць такую ​​брыдоту, якую перад вамі ніхто з жыхароў света не чыніў?

81. Сапраўды, у запале вы бераце мужчын заміж жанчын. Так, вы людзі, якія парушаюць мяжы».

82. І яго народ толькі сказаў: «Выганіце іх з вашага паселішча! Яны – людзі, якія лічаць сябе чыстымі».

83. Але Мы выратавалі Лута разам з яго сям’ёю, апроч жонкі, якая была адной з тых, хто застаўся.

84. І Мы пралілі дождж з камянёў. Паглядзі жа, якім быў канец беззаконнікаў!

85. А да мад’янітаў Мы выправілі брата Шуайба. Ён сказаў: «О людзі! Пакланяйцеся Аллагу! У вас няма бога, апроч Яго. Прыйшла да вас выразная азнака ад вашага Госпада. Цалкам пільнуйцеся меры і ўсталёўвайце вагі правільным чынам, не ашуквайце людзей у маёмасных справах і не распаўсюджвайце нелад на зямлі пасля таго, як яна зрабілася лепей. Так будзе лепей для вас, калі вы вернікі.

86. Не чыніце засады на кожным шляху, пагражаючы і збіваючы са шляху Аллага тых, хто паверыў у Яго, да яшчэ імкнучыся сказіць гэты шлях. Узгадайце, як вас было мала, а Мы прымножылі вас. Паглядзіце, якім быў канец распаўсюджваючых нелад.

87. І калі частка з вас паверыла ў тое, з чым я пасланы, а іншая частка не паверыла, дык чакайце, пакуль Аллаг не рассудзіць паміж намі. Ён – Найлепшы з суддзяў».

88. І сказалі ганарлівыя прадстаўнікі яго магнацтва: «Мы абавязкова выганім цябе з нашага паселішча, Шуайб, і тых, якія паверылі разам з табою. Ці ж вернешся ты да веры нашае». Той адказаў: «А калі мы ненавідзім яе?

89. Мы ўзвядзём няпраўду на Аллага, калі паварочаемся да вашае веры пасля таго, як Аллаг выратаваў нас ад яе. Не належыць нам вяртацца да яе, хіба што гэтага пажадае Аллаг, Госпад наш. Наш Госпад спасцігае веданнем кожную рэч, і на Аллага мы спадзяемся. Госпадзе наш! Рассудзі паміж намі і народам нашым па праўдзе, бо Ты – Найлепшы з тых, хто вырашае».

90. І сказалі нявернікі з яго магнацтва: «Калі накіруецеся за Шуайбам, сапраўды, будзеце мець страту». 

91. І здарыўся землятрус, і ў дамах сваіх яны палеглі на зямлі.

92. Тыя, хто абвінавачваў Шуайба ў хлусні, зніклі, быццам ніколі іх там і не было.

93. І тады адхінуўся ён ад іх і сказаў: «О народзе мой! Сапраўды, я перадаў вам пасланне Госпада майго і шчыра раіў вам. Як я прымеў маркоціцца пра нявернікаў?

94. І ў якое б паселішча Мы не выпраўлялі прарока, Мы абавязкова выпрабоўвалі яго жыхароў, каб яны заставаліся ціхмянымі.

95. Потым Мы падмянілі ліха дабром, каб яны дабрадзейнічалі. Яны казалі: «Таксама і нашых бацькоў напаткалі і ліха, і ўцехі». Але Мы пакаралі смерцю іх раптоўна, што яны нават гэтага і не адчувалі.

96. Калі б жыхары гэтых паселішчаў паверылі і былі збожныя, Мы б адкрылі ім блаславенне нябёсаў і зямлі. Але яны лічылі гэта хлуснёю, таму Мы пакаралі смерцю іх за тое, што яны сабе набывалі.

97. Няўжо жыхары паселішчаў лічылі, што Нашае пакаранне не прыйдзе да іх ноччу, калі яны спяць?

98. Няўжо жыхары паселішчаў лічылі, што Нашае пакаранне не прыйдзе да іх раніцай, калі яны бавяцца?

99Хіба яны не асцерагаліся задумаў Аллага? Не сцерагуцца задумаў Аллага толькі людзі, якія панясуць страты.

100. Хіба не патлумачана тым, якія атрымалі зямлю ў спадчыну ад яе былых жыхароў, што, калі Мы пажадаем, скараем іх за іх грахі? Мы запячаталі іх сэрцы, і не чуюць яны.

101. Мы паведамляем табе весткі пра гэтыя паселішчы. Іх пасланцы прыходзілі да іх з выразнымі азнакамі, але яны не верылі ў тое, што ўжо раней успрынялі як хлусню. Так Аллаг накладвае пячаць на сэрцы нявернікаў.

102. Мы не знайшлі большасці з іх адданымі запавету. Але Мы знайшлі большасць з іх непакорлівымі.

103. Пасля іх Мы паслалі Мусу з Нашымі азнакамі да Фараона і яго набліжаных. Але яны абышліся з імі несправядліва. Паглядзі ж, які быў канец сейбітаў калатні.

104. Муса сказаў: «О Фараоне! Я – пасланец ад Госпада сусветаў.

105. Я мушу казаць пра Аллага толькі праўду. Я прынёс вам выразныя азнакі ад Госпада вашага. Таму выпраў са мною сыноў Ісраіля».

106. Той адказаў: «Калі ты прыйшоў з азнакаю, дык пакажы яго, калі ты адзін з праўдзівых».

107. Ён кінуў свой кій, і той ператварыўся ў сапраўдную змяю.

108. Ён працягнуў руку, і ўсе ўбачылі, што яна зрабілася белаю.

109. Магнаты з народа Фараона сказала: «Сапраўды, ён – майстэрскі чараўнік!

110. Ён імкнецца выгнаць вас з вашае зямлі! Што ж вы параіце?»

111. Іншыя адказалі: «Дай час яму і яго брату, а па гарадах разашлі веснікаў,

112. якія прывядуць да цябе ўсіх майстэрскіх чараўнікоў».

113. Чараўнікі прыйшлі да Фараона і сказалі: «Мы павінны атрымаць узнагароду, калі будзем пераможцамі».

114. Той адказаў: «Так, і вы будзеце аднымі з набліжаных».

115. Яны сказалі: «О Мусе, альбо ты кідай спачатку, альбо кінем мы».

116. Той адказаў: «Кідайце вы!» І калі яны кінулі, дык зачаравалі погляды людзей, напалохалі іх і паказалі вялікія чары.

117. А Мы адкрылі Мусе: «Кідай свой кій!» І вось пачаў ён паглынаць тое, што стварылі яны.

118Так выявілася праўда і зрабілася марным тое, што рабілі яны!

119Фараон і яго вяльможы пацярпелі паразу і паварочаліся прыніжанымі.

120А чараўнікі ўпалі ніцма, схіліўшыся ў паклоне,

121. і сказалі: «Мы паверылі ў Госпада сусветаў,

122. Госпада Мусы і Гаруна!»

123. Фараон сказаў: «Як, вы паверылі ў яго без майго дазволу?! Гэта вашыя мудрагельствы, якія вы задумалі ўгорадзе, каб выгнаць адтуль яго жыхароў. Але хутка вы даведаецеся!

124. Я загадаю адсекчы вам рукі і ногі накрыж, а потым укрыжую вас усіх!»

125. Тыя сказалі: «Сапраўды, мы вяртаемся да Госпада нашага!

126. Ты помсціш нам за тое, што мы паверылі ў азнакі Госпада нашага, калі яны прыйшлі да нас. Госпадзе наш! Даруй нам трыванне і забяры нас адданымі Табе!»

127. І сказалі магнаты з народа Фараона: «Хіба ты дазволіш Мусе і яго народу распаўсюджваць нелад на зямлі і адракацца ад цябе і тваіх багоў?» Той адказаў: «Мы будзем забіваць іх сыноў і пакідаць у жывых іх жанчын. Мы маем уладу над імі».

128. Муса сказаў свайму народу: «Шукайце дапамогі ў Аллага і майце трыванне! Сапраўды, зямля належыць Аллагу. Ён дае яе ў спадчыну тым з рабоў Сваіх, каму пажадае. А лепшае выйсце – для збожных».

129. Тыя сказалі: «Здзекаваліся над намі як перад табою, так і пасля твайго прыходу». Ён адказаў: «Магчыма, Госпад знішчыць вашага ворага і прызначыць вас нашчадкамі на зямлі, каб убачыць, што вы будзеце рабіць».

130. Мы пакаралі род Фараона гадамі засухі і неўраджаем. Магчыма, яны задумаюцца!

131. Калі да іх прыходзіла дабро, яны казалі: «Гэта – дзякуючы нам самім». А калі іх напаткала ліха, дык яны прыпісвалі гэта Мусе і яго паслядоўнікам. Азнакі іх няшчасцяў – ад Аллага, але большасць з іх гэтага не ведае.

132. Яны сказалі: «Якія б азнакі ты не паказваў, каб зачараваць нас, мы не паверым».

133. І паслалі Мы на іх буру, саранчу, вошай, жаб і кроў – як відавочныя азнакі. Але яны паводзілі сябе ганарліва – яны былі грэшным народам.

134. Але калі напаткала іх пакаранне, яны сказалі: «О Мусе! Памаліся за нас Госпаду свайму, згодна з Яго абяцанкаю табе. Калі ты адвернеш ад нас пакаранне, мы паверым табе і адпусцім з табою сыноў Ісраіля».

135. Мы адцягнулі ад іх тое пакаранне да пары да часу, але калі ён надышоў, яны парушылі абяцанку.

136. Мы пакаралі іх, патапіўшы іх у моры за тое, што яны лічылі Нашыя азнакі хлуснёю і былі да іх няўважлівымі.

137. Прыгнечаным людзям Мы даравалі ў спадчыну ўсходнія і заходнія землі, якія Мы блаславілі. За тое, што яны трывалі, споўнілася выдатнае слова Госпада твайго пра сыноў Ісраіля. Мы знішчылі тое, што чынілі Фараон ды яго народ і тое, што яны будавалі.

138. Мы пераправілі сыноў Ісраіля праз мора, і яны прыбылі да народа, які быў адданы сваім стодам. Яны сказалі: «О Мусе! Зрабі нам боства, такое ж, як у іх». Ён сказаў: «Сапраўды, вы – невукі.

139. У гэтых людзей згублена будзе тое, што яны вызнаюць, і дарэмна будзе тое, што яны чыняць».

140. Ён сказаў: «Няўжо я пачну шукаць для вас іншае боства, апроч Аллага, Які ўзвысіў вас над светамі».

141. Вось Мы выратавалі вас ад роду Фараона. Яны катавалі вас, забівалі вашых сыноў і пакідалі ў жывых вашых жанчын. Гэта было для вас вялікім выпрабаваннем ад вашага Госпада.

142. Мы вызначылі Мусе трыццаць начэй і дадалі да іх яшчэ дзесяць, і таму тэрмін яго Госпада склаў сорак начэй. Муса сказаў свайму брату Гаруну: «Заставайся заміж мяне сярод майго народа, рабі слушна і не ідзі шляхам нязбожных».

143. Калі ж Муса прыйшоў да прызначанага Намі тэрміну і месца, яго Госпад пачаў размаўляць з ім. Ён жа сказаў: «Госпадзе! Выяві мне Сябе, каб я паглядзеў на Цябе». Ён сказаў: «Ты не ўбачыш Мяне, але зірні на гару. Калі яна ўтрымаецца на сваім месцы, дык ты ўбачыш Мяне». А калі яго Госпад паказаў Сябе гары, Ён ператварыў яе ў пыл і Муса страціў прытомнасць. Прыйшоўшы ў сябе, ён сказаў: «Усячысты Ты! Я раскайваюся перад Табою, і я – першы з вернікаў».

144. Ён сказаў: «О Мусе! Я ўзвысіў цябе над людзьмі дзякуючы Майму пасланню і Маёй гутарцы. Таму вазьмі тое, што Я дараваў табе, і будзь адным з удзячных».

145. Мы напісалі для яго на скрыжалях настаўленне пра ўсялякую рэч і тлумачэнне ўсяго існага: «Трымай іх моцна і загадвай твайму народу прытрымлівацца найлепшага з гэтага. Я пакажу вам прыстанак непакорлівых.

146. Я адвярну ад Маіх азнакаў тых, якія заганарыліся на зямлі без усялякага права на тое. Які б знак яны не ўбачылі, яны не павераць у яго. Калі яны ўбачаць правы шлях, дык не накіруюцца гэтым шляхам, затое накіруюцца памылковым шляхам, калі ўбачаць яго. Бо яны палічылі хлуснёю Нашыя азнакі і занядбалі іх».

147. Учынкі тых, якія палічылі хлуснёю Нашыя азнакі і сустрэчу ў Апошнім жыцці, апынуцца марнымі. Хіба ім не аддасца толькі за тое, што яны рабілі?

148. У адсутнасць Мусы яго народ зрабіў са сваіх упрыгажэнняў стода цяля, якое рыкала. Хіба яны не бачылі, што ён не размаўляў з імі і не накіроўваў іх на просты шлях? Яны пачалі пакланяцца яму – яны былі несправядлівыя.

149. А калі яны пашкадавалі пра зробленае і ўбачылі, што ўпалі ў аблуду, яны сказалі: «Калі наш Госпад не злітуецца над намі і не даруе нам, дык мы абавязкова апынёмся ў ліку пацярпелых».

150. Калі Муса вярнуўся да свайго народу, дык раззлаваўся і сказаў: «Дрэнна тое, што вы зрабілі ў маю адсутнасць! Няўжо вы імкнуліся апярэдзіць загад вашага Госпада?» І кінуў скрыжалі, схапіў за галаву брата свайго і пацягнуў яго да сябе. Той закрычаў: «Сын маёй маці! Сапраўды, людзі вырашылі, што я кволы і ледзь не забілі. Не давай ворагам нагоды кпіць з мяне і не стаў мяне побач з прыгнятальнікамі!»

151. Ён сказаў: «Госпадзе! Даруй мне і майму брату і ўвядзі нас у літасць Тваю! Ты – Найміласэрнейшы з міласэрных!»

152. Сапраўды, тых, якія ўзялі сабе для пакланення цяля, напаткае гнеў іх Госпада і ганьба ў зямным жыцці. Так Мы ўзнагароджваем паклёпнікаў.

153. А ў дачыненні да тых, якія чынілі ліха, а потым павініліся і паверылі – Госпад твой Прабачаючы, Міласэрны.

154. Калі прайшло злуванне Мусы, ён узяў скрыжалі, на якіх быў напісаны просты шлях ды літасць для тых, хто баіцца свайго Госпада.

155. Муса абраў семдзесят мужчын са свайго народу, каб яны прыйшлі ў прызначаны Намі час. А калі іх пабіў землятрус, дык Муса сказаў: «Госпадзе! Калі б Ты пажадаў, дык знішчыў бы раней як іх, так і мяне. Хіба Ты знішчыш нас за ўчынак нейкіх дурных людзей сярод нас? Гэта толькі Тваё выпрабаванне. Ты ўводзіш ім у аблуду, каго пажадаеш, і вядзеш простым шляхам, каго пажадаеш. Ты – наш Абаронца, таму прабач нас і злітуйся над намі! Ты – найлепшы з тых, хто даруе.

156. Дай нам найлепшае ў гэтым жыцці і ў жыцці наступным. Мы вяртаемся да Цябе». Ён адказаў: «Я б’ю Сваім пакараннем, каго пажадаю, але Мая літасць ахоплівае кожную рэч. Я даю яе тым, якія збожныя, якія даюць закят, вераць у Нашыя азнакі,

157. якія рушаць утроп пасланца, непісьменнага прарока, запіс пра якога яны знойдуць у Таўраце і Інджылі. Ён загадае ім найлепшае і адцягне ад заганнага, дазволіць ім дабро і забароніць ліха, скіне з іх цяжар і кайданы, якія былі на іх. Менавіта тыя, якія паверылі ў яго, шануюць яго, дапамагаюць яму і пойдуць за святлом Карана, якое будзе паслана яму – яны мецьмуць поспех».

158. Скажы: «О людзі! Я – пасланец Аллага да вас усіх! Яму належыць улада над нябёсамі і зямлёю; няма бога, апроч Яго, Ён даруе жыццё і скананне. Таму паверце ў Аллага і Яго Пасланца – непісьменнага прарока, які верыць у Аллага і Яго словы. Ідзіце ж за ім – каб вы пайшлі простым шляхам».

159. Сярод народа Мусы ёсць суполка, якая вядзе шляхам праўды і робіць згодна з ёй.

160. Мы падзялілі іх на дванаццаць родаў. Калі народ Мусы папрасіў у яго вады, Мы адкрылі яму: «Стукні сваім кіем у скалу!» Адтуль забіла дванаццаць крыніцаў, і кожны чалавек ведаў, адкуль яму піць. Мы ахінулі іх аблокамі і паслалі ім манну і падпалух: «Ежце даброты, якімі Мы надзялілі вас». Яны не пакрыўдзілі Нас, яны пакрыўдзілі толькі саміх сябе.

161. І вось Мы сказалі ім: «Жывіце ў гэтым паселішчы! Ежце ўдосталь, калі пажадаеце і дзе пажадаеце! Увайдзіце ў браму, кланяючыся ніцма, і скажыце: «Прабач нас» – каб адпусцілі Мы грахі вашыя і прымножылі ўзнагароджанне праведнікам».

162. Несправядлівыя з іх падмянілі сказаныя ім словы на іншыя. Мы паслалі на іх нябеснае пакаранне за тое, што яны прыгняталі.

163. Спытай іх пра паселішчы на беразе мора. Яго жыхары парушылі суботу, калі ў суботні дзень да іх адкрыта прыплывала рыба, але не прыплывала ў іншыя дні. Так Мы выпрабоўвалі іх за тое, што яны былі непакорлівыя.

164. Некаторыя з іх сказалі: «Чаму вы навучаеце людзей, якіх Аллаг усё адно знішчыць альбо скарае суворым пакараннем?» Тыя адказалі: «Каб спраўдзіцца перад нашым Богам – магчыма, яны будуць збожныя».

165. Але калі яны забыліся на тое, што нагадвалі ім, Мы выратавалі тых, якія адцягвалі іншых ад ліха, а тых, якія былі несправядлівыя, пакаралі сувораю караю за тое, што яны былі паганцамі.

166. Калі яны парушылі тое, што ім забаранялі, Мы сказалі ім: «Будзьце малпамі пагарджанымі!»

167. Вось твой Госпад паведаміў, што Ён абавязкова будзе пасылаць да іх тых, хто будзе паражаць іх ліхім пакараннем. Сапраўды, твой Госпад хуткі ў пакаранні! Сапраўды, Ён – Прабачаючы, Міласэрны.

168. Мы падзялілі іх на зямлі на розныя суполкі. Сярод іх ёсць праведныя і няправедныя. Мы выпрабоўвалі іх дабром і ліхам – магчыма, яны паварочаюцца.

169. За імі прыйшлі наступнікі, якія атрымалі ў спадчыну Пісанне. Але яны ўхапіліся за мірскія даброты і сказалі: «Нам будзе даравана». І калі б зявіліся перад імі даброты, падобныя гэтым, яны б усё роўна ўхапіліся за іх. Хіба не быў з іх узяты запавет у Пісанні, каб яны казалі толькі праўду пра Аллага? Яны вывучылі тое, што ў ім. Наступнае жыццё найлепшае для тых, які збожны, хіба яны не разумеюць?

170. А ў дачыненні да тых, якія трымаюцца Пісання ды здзяйсняюць малітву, дык, сапраўды, Мы не страцім узнагароджання праведнікаў.

171. Вось Мы паднялі над імі гару, як воблака, і яны падумалі, што яна ўпадзе на іх. «Моцна трымайцеся таго, што дадзена вам, і згадвайце, што ў ім, – магчыма, вы будзеце збожныя».

172. Вось твой Госпад вывеў з плоці сыноў Адама іх нашчадкаў, прымусіўшы сведчыць пра саміх сябе: «Ці не Я ваш Госпад?» Тыя адказалі: «Так, мы сведчым» – каб не казалі вы ў Дзень Ажывання: «Сапраўды, мы не ведалі пра гэта».

173. Ці ні казалі: «Сапраўды, бацькі нашы надавалі Госпаду роўных у пакланенні раней за нас, а мы – іх нашчадкі. Няўжо ты знішчыш нас за тое, што зрабілі паслядоўнікі хлусні?»

174. Так Мы тлумачым азнакі – магчыма, яны паварочаюцца.

175. Распавядзі ім пра таго, каму Мы даравалі Нашыя азнакі, а ён адхінуўся ад іх. Шатан зрабіў яго сваім паслядоўнікам і быў ён з аблудных.

176. Калі б Мы пажадалі, дык узвысілі б яго праз іх, але ён ухапіўся за зямное і рушыў утроп сваіх жаданняў. Ён падобны да сабакі: калі гоніш яго, ён высалаплівае язык, і калі пакідаеш у спакоі, ён таксама высалаплівае язык. Гэта прыклад людзей, якія лічаць Нашыя азнакі за хлусню. Распавядзі ім аповяд – магчыма, разважаць яны.

177. Дрэнны прыклад людзей, якія лічаць Нашыя азнакі за хлусню і крыўдзяць саміх сябе.

178. Каго Аллаг вядзе простым шляхам, той ідзе простым шляхам. А тыя, каго Ён збівае са шляху, нясуць страты.

179. Мы стварылі для пекла шмат джынаў і людзей. Яны маюць сэрцы, якімі не разумеюць, маюць вочы, якімі не бачаць, маюць вушы, якімі не чуюць. Яны падобныя да худобы, але знаходзяцца ў яшчэ большай памылцы. Яны – невукі.

180. Аллагу належаць выдатныя імёны. Таму клічце Яго імі і пакіньце тых, якія скажаюць Яго імёны. Іх узнагародзяць за тое, што яны чынілі.

181. Сярод Нашых твораў ёсць грамада, якая вядзе шляхам праўды і робіць адпаведна ёй.

182. А тых, якія лічаць Нашыя азнакі за хлусню, Мы паступова пацягнем уніз, таму яны і не будуць ведаць пра гэта.

183. Я дам ім адтэрміноўку. Сапраўды, Мой задум магутны.

184. Хіба ім не прыходзіла ў галаву, што іх сябар не апантаны? Сапраўды, ён – тлумачальны засцерагальнік.

185. Хіба не глядзелі яны на каралеўства нябёсаў і зямлі, і на кожную рэч, створаную Аллагам? А, магчыма, ужо наблізіўся іх тэрмін. Дык у якое апавяданне пасля гэтага павераць яны?

186. Каго Аллаг збіў са шляху, таму няма правадыра. Ён пакіне іх блукаць у сваім беззаконні.

187. Цябе пытаюць пра Час: «Калі наступіць ён?» Скажы: «Веданне пра гэта – у майго Госпада. Не адкрые часу яго наступу ніхто, апроч Яго. Цяжкі ён для нябёсаў і для зямлі. Прыйдзе ён раптоўна». Цябе пытаюць, быццам табе пра гэта вядома. Скажы: «Веданне пра гэта – у Аллага, але большасць людзей пра гэта не ведае».

188. Скажы: «Я не маю ўлады зрабіць сабе дабро ці нанесці шкоды, хіба што пажадае гэтага Аллаг. Калі б я ведаў схаванае, дык памножыў бы сабе дабро, а ліха не кранула б мяне. Сапраўды, я – засцерагальнік і добры веснік для вернікаў».

189. Ён – Той, Які стварыў вас з адное душы Адама і зрабіў з яе пару ёй (Хаву), каб здабываць спакой у ёй. А калі ён сышоўся з ёй, яна панесла лёгкае бярэмя і хадзіла з ім. А калі бярэмя зрабілася цяжкім, яны абое звярнуліся да свайго Госпада: «Калі Ты падорыш нам добрае дзіця, мы будзем удзячныя Табе».

190. А калі Ён дараваў ім (нашчадкам Адама і Хавы) добрае дзіця, яны пачалі надаваць Яму раўню у тым, што Ён дараваў ім. І Аллаг вышэй за тое, што Яму прыпісваюць!

191. Няўжо яны надавацьмуць Яму раўнёю тых, якія нічога не робяць і самі створаныя?

192. Яны не здольныя дапамагчы ім і нават сабе.

193. Калі вы паклічаце іх на просты шлях, дык яны не пойдуць за вамі. Усё адно, будзеце вы клікаць іх, альбо будзеце маўчаць.

194. Сапраўды, тыя, каго вы клічаце заміж Аллага – рабы, падобныя да вас. Таму паклічце іх, няхай яны дадуць вам адказ, калі вы кажаце праўду.

195. Ці ёсць у іх ногі, якімі ходзяць? Ці ёсць у іх рукі, якімі нешта бяруць? Ці ёсць у іх вочы, якімі яны бачаць? Ці ёсць у іх вушы, якімі чуюць яны? Скажы: «Паклічце сваіх стодаў, а потым мудрагельце супраць мяне і не давайце мне адтэрміноўкі.

196. Сапраўды, маім Абаронцам з’яўляецца Аллаг, Які паслаў Пісанне. Ён абараняе праведнікаў.

197. Тыя, каго вы заклікаеце заміж Аллага, не прымеюць дапамагчы вам і нават самім сабе.

198. Калі вы паклічаце іх на просты шлях, яны не пачуюць. Бачыш, што яны глядзяць на цябе, але не бачаць!

199. Прабач гэтых людзей, заклікай іх рабіць дабро і пакідай невукаў.

200. А калі шатан спакушацьме цябе, дык шукай абароны ў Аллага! Сапраўды, Ён – Усечуючы, Усеведаючы!

201. Сапраўды, калі спакуса шатана дакранаецца да збожных, яны згадваюць Аллага і пачынаюць разбіраць.

202. А іх браты падтрымліваюць іх аблуду і не спыняюцца.

203. Калі ты не прыходзіш да іх з азнакаю, яны кажуць: «Чаму ты не прыдумаеш яго для нас?» Скажы: «Сапраўды я іду за тым, што адкрыў мне мой Госпад. Гэта відавочныя доказы Вашага Госпада, просты шлях і літасць для вернікаў».

204. Чытаючы Каран, уважліва слухайце і маўчыце – можа злітуюцца над вамі!

205. Згадвай свайго Госпада ў думках, а не ўслых, ціхмяна і з бояззю, і рабі гэта раніцай і ўвечары, і не будзь адным з няўважлівых.

206. Сапраўды тыя, хто побач са сваім Госпадам, не ганарацца, што пакланяюцца Яму, услаўляюць Яго і падаюць ніцма перад Ім.

 

 

Сура 8. Аль-Анфаль

(Трафеі)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Цябе пытаюць пра трафеі. Скажы: «Трафеі належаць Аллагу і Пасланцу. Таму бойцеся Аллага, будзьце ў згодзе паміж сабою і падпарадкоўвайцеся Аллагу і Яго Пасланцу, калі вы вернікі».

2. Вернікі – толькі тыя, якія, калі згадваюць Аллага, адчуваюць у сваіх сэрцах боязь, а калі ім чытаюць Яго азнакі, дык гэта памнажае іх веру; і якія спадзяюцца на свайго Госпада.

3. Гэта тыя, якія здзяйсняюць малітву і ахвяруюць з таго, чым Мы іх надзялілі.

4. Яны – сапраўдныя вернікі! Для іх – ступені ў іх Госпада, прабачэнне і шчодрая доля.

5. Таксама Госпад твой вывеў цябе з дому дзеля праўды, хоць некаторым з вернікаў гэта было праціўна.

6. Яны спрачаліся з табою пра праўду пасля таго, як яны зразумелі яе – як іх вядуць на скананне, і яны бачаць яе.

7. Вось Аллаг паабяцаў вам, што адзін з аддзелаў трапіць да вас. Вы жадалі, каб да вас трапіў няўзброены аддзел. І Аллаг імкнецца пацвердзіць праўду Сваімі словамі і вынішчыць нявернікаў да апошняга,

8. каб зацвердзілася праўда і знікла няпраўда, хоць гэта і праціўна для беззаконнікаў.

9. Вы прасілі дапамогі ў свайго Госпада, і Ён адказаў вам: «Я падтрымаю вас тысячай анёлаў, якія накіроўваюцца адзін за адным».

10. Аллаг зрабіў гэта добраю весткаю, каб супакоіць ёй вашыя сэрцы. Няма дапамогі, апроч як ад Аллага. Сапраўды, Аллаг – Велічны, Мудры.

11. Вось Ён ахапіў вас дрымотаю – бяспекаю, якую паслаў ад Сябе, і праліў з неба ваду, каб ачысціць вас, забраць ад вас брыдоту шатана, каб умацаваць вашыя сэрцы і зацвердзіць вашыя ступы.

12. Вось твой Госпад адкрыў анёлам: «Я – з вамі! Умацуйце ж вернікаў. Я пасею жах у сэрцах нявернікаў. Сячыце ім шыі і сячыце ім усе пальцы».

13. За тое, што яны выправіліся супраць Аллага і Яго Пасланца. А хто выпраўляецца супраць Аллага і Яго Пасланца, дык Аллаг суворы ў пакаранні.

14. Вось вам – паспрабуйце! Сапраўды, на нявернікаў чакае вогненнае пакаранне.

15. О вы, якія паверылі! Калі вы сустрэнецеся з нявернікамі, якія рынуцца войскам, дык не паварочайцеся да іх спіною.

16. А хто ў той час паварочаецца да іх спіною – калі не жадае разгарнуцца для бітвы ці далучыцца да іншага аддзелу – той наклікае на сябе гнеў Аллага, а яго сховішчам будзе пекла. Якое агіднае гэта месца.

17. Гэта не вы забівалі іх, гэта Аллаг забіваў іх, не ты кінуў, калі кінуў, але гэта Аллаг кінуў – каб выпрабаваць вернікаў Сваім выдатным выпрабаваннем ад Сябе. Сапраўды, Аллаг – Усечуючы, Усеведаючы.

18. Вось вам! Аллаг робіць марнымі падкопы нявернікаў.

19. Вы прасілі пастанову і вось яна прыйшла да вас. Калі вы спыніце, дык гэта будзе найлепшае для вас. А калі вы пачняце нанова, дык пачнём і Мы, і ваш аддзел ніяк не дапаможа вам, нават калі ён будзе шматлікі. Сапраўды, Аллаг – з вернікамі.

20. О вы, якія паверылі! Падпарадкоўвайцеся Аллагу і Яго Пасланцу і не адхінайцеся ад яго, пакуль вы чуеце.

21. Не будзьце, як тыя, якія кажуць: «Мы слухалі», – а самі не слухаюць.

22. Сапраўды, найгоршыя з усяго створанага перад Аллагам – глушцы і нямкі, якія не здольныя разумець.

23. Але калі б Ён дараваў ім слых, яны б усё адно ўпарта адхіналіся.

24. О вы, якія паверылі! Адказвайце Аллагу і Яго Пасланцу, калі ён заклікае вас да таго, што даруе вам жыццё. І ведайце, што Аллаг – паміж чалавекам і яго сэрцам, і да Яго вы будзеце сабраныя.

25. Бойцеся спакушэння, якое напаткае не толькі несправядлівых з вас, і ведайце, што Аллаг суворы ў пакаранні.

26. Згадайце, як вас было мала і вы былі кволыя на зямлі. Вы палохаліся, што людзі схопяць вас, але Ён дараваў вам прытулак і падтрымаў вас Сваёй дапамогаю; Ён надзяліў вас дабротамі – магчыма, вы будзеце ўдзячныя.

27. О вы, якія паверылі! Падпарадкоўвайцеся Аллагу ды Пасланцу і не адхінайцеся ад яго пакуль чуеце.

28. Ведайце, што вашая маёмасць і вашыя дзеці з’яўляюцца спакусаю і што ў Аллага – вялікае ўзнагароджанне.

29. О вы, якія паверылі! Калі вы будзеце баяцца Аллага, дык Ён адорыць вас здольнасцю адрозніваць праўду і хлусню, ачысціць ад грахоў і прабачыць вас. Сапраўды, Аллаг валодае вялікаю шчодрасцю.

30. Вось, нявернікі мудрагеляць, каб затрымаць, забіць альбо выгнаць цябе. Яны мудрагелілі, але Аллаг зрабіў захады супраць мудрагеляў. Аллаг лепш за тых, хто хітруе.

31. Калі ім чытаюць Нашыя аяты, яны кажуць: «Мы ўжо чулі гэта. Калі мы пажадаем, дык здолеем сказаць нешта падобнае. Бо гэта – усяго толькі казкі старажытных народаў».

32. Вось яны сказалі: «О Аллаг! Калі гэта з’яўляецца праўдаю ад Цябе, дык пралі на нас дождж з камянёў з неба ці пашлі на нас пакутлівае пакаранне».

33. Але Аллаг не будзе караць іх, пакуль ты знаходзішся сярод іх. Аллаг не будзе караць іх, пакуль яны перапрошваюць.

34. Але як жа Аллагу не караць іх, калі яны адхіляюць мусульманаў ад Запаветнай Мячэці, не быўшы яе хавальнікамі? Яе хавальнікамі з’яўляюцца толькі збожныя, але большасць іх не ведае пра гэта.

35. Іх малітва каля Дома была толькі посвістам і плясканнем у далоні. Паспытайце ж пакарання за тое, што вы былі нявернікамі.

36. Сапраўды, нявернікі выдаткоўваюць сваю маёмасць для таго, каб збіць іншых са шляху Аллага. Яны будуць выдаткоўваюць яе, а потым будуць шкадаваць пра гэтае, а потым яны будуць зможаныя. Нявернікі будуць сабраныя ў пекле,

37. каб Аллаг адлучыў кепскага чалавека ад добрага, кінуў кепскіх адно на другога, сабраў іх усіх разам і змясціў у пекле. Яны – пацярпелыя страту.

38. Скажы нявернікам, што калі яны спыняцца, дык ім будзе даравана тое, што было ў мінулым. Але калі яны паварочаюцца да няверы, дык ужо былі прыклады першых пакаленняў.

39. Змагайцеся з імі, пакуль не знікне спакуса і пакуль уся паслухмянасць (вера, пакланенне ды падпарадкаванне)не будзе цалкам прысвечаная Аллагу. Калі ж яны спыняцца, дык Аллаг бачыць тое, што яны здзяйсняюць.

40. Але калі яны адхінуцца, дык няхай будзе вам вядома, што Аллаг з’яўляецца вашым Абаронцам. Які выдатны гэты Абаронца. Які выдатны гэты Памагаты.

41. Ведайце: калі вы захапілі трафеі, дык іх пятая частка належыць Аллагу, Яго Пасланцу і яго сваякам, сірацінам, бедакам і падарожнікам, калі вы верыце ў Аллага і ў тое, што паслалі Мы рабу Нашаму ў Дзень Адрознення – Дзень, калі сустрэліся два войскі. Аллаг здольны на кожную рэч.

42. Вось вы былі на бліжэйшым баку даліны, яны – на аддаленым, а караван быў ніжэй за вас. Калі б вы дамовіліся адно з адным, дык не сустрэліся б ва ўзгодненым месцы; але ўсё адбылося так, каб Аллаг скончыў справу, якая ўжо была вырашаная, каб ад выразнага доказу загінуў той, хто загінуў, і каб ад выразнага доказу жыў той, хто будзе жыць. Аллаг – Усечуючы, Усеведаючы.

43. Вось Аллаг паказаў табе ў сне, што іх мала. І калі б Ён паказаў табе, што іх шмат, дык вы страцілі б адвагу і пачалі б спрачацца пра загад. І Аллаг уратаваў вас. Сапраўды, Ён ведае, што ў сэрцах.

44. Вось Ён паказаў іх для вас, калі вы сустрэліся, як нешматлікіх у вашых вачах, а вас паказаў нешматлікімі ў іх вачах – каб Аллаг скончыў справу, якая ўжо была вырашаная. І да Аллага вяртаюцца ўсе справы.

45. О вы, якія паверылі! Калі вы сутыкаецеся з аддзелам, дык будзьце моцныя і згадвайце Аллага часта – магчыма, вы будзеце мець поспех.

46. Падпарадкоўвайцеся Аллагу, Яго Пасланцу і не спрачайцеся, інакш страціце сваю адвагу і знікне вашая моц. Трывайце, сапраўды, Аллаг – з тымі, хто трывае.

47. І не будзьце, як тыя, што выйшлі са сваіх дамоў з пагардаю, паказваючы сябе перад людзьмі, і якія збівалі іншых са шляху Аллага. Аллаг ахоплівае тое, што яны робяць.

48. Вось шатан упрыгожыў ім іх учынкі і сказаў: «Сёння вас не пераможа ніхто з людзей! Я – ваш абаронца». Але калі два аддзела ўбачылі адзін аднаго, дык ён падаўся назад і сказаў: «Я выракаюся вас! Я бачу тое, чаго вы не бачыце і баюся Аллага! Аллаг – суворы ў пакаранні».

49. Вось крывадушнікі і тыя, у чыіх сэрцах хвароба, сказалі: «Спакусіла іх вера іх». Але калі нехта спадзяецца на Аллага, дык, сапраўды, Аллаг – Велічны, Мудры.

50. Калі б ты бачыў, як анёлы забіраюць нявернікаў. Яны б’юць іх па тварах і спінахкажучы: «Паспытайце пякучага пакарання!

51. Гэта вам за тое, што зрабілі вашыя рукі. Сапраўды, Аллаг не абыходзіцца несправядліва з рабамі».

52. Таксама чыніў род Фараона і тыя, якія жылі перад імі. Яны не паверылі ў азнакі Аллага, і Аллаг пакараў іх за іх грахі. Сапраўды, Аллаг – моцны і суворы ў пакаранні!

53. Гэта так, бо Аллаг не мяняе Сваёй ласкі, дадзенае нейкаму народу, пакуль яны не зменяць таго, што ў іх душах. Сапраўды Аллаг – Усечуючы і Усеведаючы.

54. Таксама чыніў род Фараона і тыя, якія жылі перад імі. Яны ўспрынялі як хлусню азнакі свайго Госпада, і Мы знішчылі іх за іх грахі, а род Фараона Мы ўтапілі. Усе яны былі паганымі.

55. Сапраўды, найгоршыя з усяго створанага перад Аллагам – гэта тыя, якія не паверылі і не павераць,

56. тыя, з якімі ты складаеш угоду, а яны кожны раз парушаюць яе і не баяцца.

57. Калі ты сутыкнешся з імі ў бітве, дык, скараўшы іх, напалохай тых, хто іх падтрымлівае. Магчыма, яны будуць памятаць.

58. Калі ты баішся здрады з боку некаторых людзей, дык пакінь пагадненні з імі, каб усе былі роўныя. Сапраўды, Аллаг не любіць здраднікаў.

59. Няхай не думаюць нявернікі, што перамаглі. Сапраўды, яны кволыя для гэтага.

60. Падрыхтуйце супраць іх колькі прымееце моцы і баявых коней – гэтым вы напалохаеце ворага Аллага і вашага ворага, а таксама іншых, якіх вы не ведаеце, але якіх ведае Аллаг. І што б вы не выдаткавалі на шляху Аллага, вам цалкам вернуць гэта і не абыдуцца з вамі несправядліва.

61. Калі яны абяруць мір, дык абірай яго і ты. І спадзявайся на Аллага. Сапраўды, Ён – Усечуючы, Усеведаючы.

62. Але калі яны пажадаюць ашукаць цябе, дык, сапраўды, дастаткова табе Аллага. Гэта Ён падтрымаў цябе Сваёй дапамогаю і вернікамі

63. і злучыў іх сэрцы. Нават калі б ты выдаткаваў усё, што на зямлі, гэта не злучыла б іх сэрцы. Гэта Аллаг злучыў іх. Сапраўды, Ён – Велічны, Мудры.

64. О Прароча! Дастаткова для цябе Аллага і вернікаў, якія ідуць за табою.

65. О Прароча! Заклікай вернікаў да барацьбы! Калі сярод вас будзе дваццаць трывалых, дык яны перамогуць дзве сотні; а калі такіх будзе сотня, дык яны перамогуць тысячу нявернікаў, бо тыя – людзі, якія не разумеюць.

66. Але цяпер Аллаг жадае вам палягчэння, ведаючы, што вы кволыя. Таму калі сярод вас сотня трывалых, дык яны перамогуць дзве сотні; а калі такіх будзе тысяча, дык з дазволу Аллага, яны перамогуць дзьве тысячы. Сапраўды, Аллаг – з трывалымі!

67. Не павінна прароку браць палонных, пакуль ён не пераможа тых, хто на зямлі. Вы жадаеце ўпрыгажэнняў зямнога жыцця, а Аллаг жадае наступнага жыцця. Аллаг – Велічны, Мудры.

68. Калі б раней не было наказу ад Аллага, дык спасцігла б вас вялікае пакаранне за тое, што ўзялі.

69. Спажывайце тое, што вы захапілі як трафеі, і бойцеся Аллага. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

70. О Прароча. Скажы палонным, якія знаходзяцца ў руках вашых: «Аллаг ведае пра дабро ў вашых сэрцах. Ён дорыць вам найлепшае за тое, што ў вас адабралі і прабачае вас. Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны».

71. Але калі яны пажадаюць здрадзіць табе, дык яны здрадзілі Аллагу яшчэ раней, але Ён дараваў уладу над імі вернікам. Аллаг – Усеведаючы, Мудры.

72. Сапраўды, вернікі, перабіраліся і змагаліся на шляху Аллага, ахвяруючы сваёй маёмасцю і душамі, і тыя, якія далі прытулак іншым і дапамагалі ім – саўдзельнікі адно аднаму. А тыя, якія паверылі і не перабраліся, не прымеюць быць вашымі сябрамі, пакуль не перабяруцца! Калі яны будуць прасіць у вас дапамогі ў справах веры, дык дапамажыце ім, але не супраць людзей, з якімі вы маеце ўгоду. Сапраўды, Аллаг бачыць тое, што вы робіце.

73. Нявернікі сябруюць адно з адным. Калі вы не зробіце таксама, на зямлі з’явіцца калатня і вялікая ганьба.

74. А вернікі перабіраліся і змагаліся на шляху Аллага, і тыя, якія прытулілі іншых і дапамагалі ім – сапраўдныя вернікі. На іх чакае прабачэнне і шчодрая доля.

75. А тыя, якія паверылі пазней, перабіраліся і змагаліся побач з вамі – адны з вас. Але сваякі бліжэй адно да аднаго згодна з пісаннем Аллага. Сапраўды, Аллаг – пра кожную рэч ведае. 

 

 

Сура 9. Ат-Таўба

(Каянне)

 

1. Аллаг і Яго Пасланец адракаюцца ад угодаў, якія вы склалі з паганымі.

2. Падарожнічайце зямлёю на працягу чатырох месяцаў, але ведайце, што вы не здолееце пакволіць Аллага. Сапраўды, Аллаг зняважыць нявернікаў.

3. У дзень вялікага хадджа Аллаг і яго Пасланец паведамяць людзям, што Аллаг і Яго Пасланец адракаюцца ад паганаў. Калі вы павініцеся, гэта будзе лепей для вас. А калі адхініцеся, дык ведайце, што вам не пазбавіць моцы Аллага. Распавядзі ж нявернікам пра пакутлівае пакаранне.

4. Апроч тых паганаў, з якімі вы маеце ўгоду, і якія ні ў чым не парушалі яе і не падтрымлівалі нікога супраць вас. Прытрымлівайцеся ўгоды з імі на працягу пэўнага тэрміну. Сапраўды, Аллаг любіць збожных.

5. Калі мінуць забароненыя месяцы, дык забівайце паганаў, якія вераломна парушаюць дамову пра ненападзенне, дзе б вы іх не знайшлі, бярыце іх у палон, акружайце іх і ладзьце супраць іх розныя засады; але калі яны павіняцца, здзяйсняцьмуць малітву і давацьмуць закят, тады дайце ім дарогу. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

6. Але калі хтосьці з паганаў прасіцьме ў цябе абароны, дык дапамажы яму, каб ён здолеў пачуць словы Аллага. Потым адвядзі яго ў бяспечнае месца, бо яны – людзі, якія яшчэ не ведаюць.

7. Хіба ў паганаў можа быць нейкая ўгода з Аллагам і яго Пасланцом, апроч тых, якія склалі яе ля Запаветнае мячэці. «Калі яны верныя вам, дык будзьце і вы верныя ім». Сапраўды, Аллаг любіць збожных.

8. Як жа гэта магчыма? Калі яны перамогуць вас, дык не ашчаджацьмуць у адносінах з вамі ні крэўных сувязяў, ні ўгодаў. На словах яны спрабуюць дагадзіць вам, але ў сэрцах іх – агіда. Большасць з іх – непакорлівыя.

9. Яны прадаюць азнакі Аллага за нікчэмны кошт і збіваюць іншых з Яго шляху. Якія агідныя іх учынкі.

10. У адносінах з вернікамі яны не ашчаджаюць ні крэўных сувязяў, ні ўгодаў. Яны – тыя, хто парушае мяжы.

11. Але калі яны павіняцца, здзяйсняцьмуць малітву і даваць закят, дык зробяцца вашымі братамі па веры. Мы тлумачым азнакі для людзей дасведчаных.

12. Калі яны, склаўшы ўгоду, пачнуць парушаць свае клятвы і абражаць вашую веру, дык паўстаньце да барацьбы з правадырамі няверы, бо ўжо не дзейнічаюць клятвы іх. Магчыма, яны спыняцца.

13. Няўжо вы не станеце змагацца з людзьмі, якія парушылі свае клятвы і мелі намер выгнаць Пасланца? Яны пачалі першыя. Няўжо вы баіцеся іх? Аллаг мае больш права на тое, каб Яго баяцца, калі вы верыце.

14. Змагайцеся з імі, і Аллаг скарае іх вашымі рукамі. Ён зняважыць іх, а вам дапаможа супраць іх і загоіць грудзі вернікаў,

15. выдаліўшы гнеў з іх сэрцаў. Аллаг прымае каянне таго, каго пажадае. Аллаг – Усеведаючы, Мудры.

16. Няўжо вы думалі, што вас пакінуць у спакоі, і Аллаг не ведае тых з вас, якія змагаліся і не бралі сабе памагатых заміж Аллага, Яго Пасланца і вернікаў? Аллагу вядома, што вы робіце.

17. Не варта паганым прыслугоўваць у месцах пакланення Аллагу, бо яны самі сведчаць пра сваю няверу. Марныя іх учынкі і будуць яны ў агні павек.

18. У месцах пакланення Аллагу прыслугоўваюць тыя, якія паверылі ў Аллага і ў Апошні Дзень, здзяйсняюць малітву, даюць закят і не баяцца нікога, апроч Аллага. Магчыма, менавіта яны ідуць простым шляхам.

19. Няўжо вы лічыце роўнымі тых, хто дае ваду пілігрымам і прыслугоўвае ў месцах пакланення і тых, хто паверыў у Аллага, Апошні Дзень і змагаўся на шляху Аллага? Не роўныя яны перад Аллагам. Аллаг не вядзе простым шляхам прыгнятальнікаў.

20. Тыя, якія паверылі, перабраліся і змагаліся на шляху Аллага, ахвяруючы сваёй маёмасцю і душою, маюць найвышэйшую ступень перад Аллагам. Менавіта яны і будуць мець поспех.

21. Іх Госпад паведаміць ім добрую вестку пра літасць ад Сябе, блаславенне і сады, дзе на іх чакае бясконцая асалода.

22. Яны будуць там павек. Сапраўды, у Аллага вялікае ўзнагароджанне.

23. О вы, якія паверылі! Не бярыце сабе сябрамі бацькоў і братоў вашых, якія аддалі перавагу няверы перад вераю. Хто з вас будзе сябраваць з імі, той – беззаконнік.

24. Скажы: «Калі вашыя бацькі, дзеці, браты, жонкі, сем’і, назапашаная вамі маёмасць, гандаль – застою ў якім выбаіцеся, – і любімае жытло даражэй вам за Аллага, Яго Пасланца і намаганняў на Яго шляху, дык чакайце, пакуль Бог не адкрые загаду Свайго. Аллаг не вядзе простым шляхам людзей непакорлівых».

25. Аллаг ужо падтрымаў вас у многіх месцах і ў дзень Хунайну, калі ганарыліся вы сваёй колькасцю, якая нічым не дапамагла вам. Зрабілася вузкаю для вас разлеглая зямля, і вы паварочаліся спінамі.

26. Але потым Аллаг паслаў супакой Свайму Пасланцу і вернікам, паслаў войскі, якіх вы не бачыце, і скараў смерцю нявернікаў. Такая адплата нявернікам.

27. Потым Аллаг прыме каянне тых, каго пажадае. Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

28. О вы, якія паверылі! Пагане – нячыстыя. Таму, пачынаючы ад гэтага года, няхай не набліжаюцца да Запаветнае Мячэці. А калі вы баіцеся галечы, дык Аллаг узбагаціць са Сваёй шчодрасці, каго пажадае. Сапраўды, Аллаг – Усеведаючы, Мудры.

29. Змагайцеся з тымі з людзей Пісання, якія не вераць ні ў Аллага, ні ў Апошні Дзень, якія не забараняюць таго, што забараніў Аллаг і Яго Пасланец, якія не падпарадкоўваюцца праўдзівай веры, пакуль яны не будуць плаціць уласнаручна даніны, застаючыся пакорлівымі.

30. Сказалі юдэі: «Узайр – сын Аллага». Сказалі хрысціяне: «Месія – сын Аллага». Гэтыя словы з іх вуснаў падобныя да словаў нявернікаў, якія жылі раней. Няхай знішчыць іх Аллаг. Якія ж яны адхіліныя.

31. Яны бяруць сабе Госпадам, апроч Аллага, сваіх навукоўцаў, манахаў і Месію, сына Мар’ям. Але ім загадвалі пакланяцца Адзінаму Богу! Няма бога, апроч Яго! Усячысты Ён ад таго, што прыпісваюць Яму!

32. Яны імкнуцца ўтушыць святло Аллага сваімі вуснамі, і Аллаг жадае закончыць Сваё святло, хоць бы гэта і было праціўна для нявернікаў.

33. Ён – Той, Хто выправіў пасланца з простым шляхам і праўдзіваю вераю, каб узнесціся над іншымі верамі, хоць бы гэта і было праціўна для паганаў.

34. О вы, якія паверылі! Сапраўды, шмат хто з навукоўцаў і манахаў несправядліва жарэ маёмасць людзей і збівае іх са шляху Аллага. А ў дачыненні да тых, якія назапашваюць золата і срэбра, але не ахвяруюць яго на шляху Аллага, дык уцеш іх весткаю пра пакутлівае пакаранне.

35. У той Дзень яго падпаляць у агні пекла і затаўруюць ім іх твары, бакі ды спіны: «Вось тое, што вы збіралі для сябе! Таму паспытайце тое, што вы назапашвалі».

36. Сапраўды, колькасць месяцаў у Аллага – дванаццаць, як было запісана ў Пісанні ў дзень, калі Ён стварыў нябёсы і зямлю. Чатыры з іх – забароненыя. Гэта – праўдзівая вера, таму не будзьце ў гэты час несправядлівыя самі да сябе. Змагайцеся з паганымі ўсе разам – таксама, як разам вядуць барацьбу з вамі яны. І ведайце, што Аллаг – са збожнымі.

37. Адкладанне забароненага месяца павялічвае няверу. Гэта ўводзіць у аблуду нявернікаў. Яны лічаць дазволеным гэты месяц у адным годзе, а ў другі – забараняюць, каб прывесці яго ў адпаведнасць з тым тэрмінам, які Аллаг загадаў лічыць, і гэтым зрабіць дазволеным гэты месяц. Яны дазваляюць тое, што забараніў Аллаг. Ліхія ўчынкі іх здаюцца ім выдатнымі, і Аллаг не вядзе простым шляхам нявернікаў.

38. О вы, якія паверылі! Што з вамі? Калі кажуць вам: «Выходзьце на шлях Аллага!», да зямлі схіляецеся. Няўжо вы аддаяце перавагу зямному жыццю перад жыццём наступным? Але даброты гэтага жыцця такія маленькія ў параўнанні з асалодаю наступнага жыцця.

39. Калі вы не выйдзеце, дык Ён скарае вас пакутлівым пакараннем і заменіць вас іншым народам. Вы нічым не пашкодзіце Яму, а Аллаг здольны на кожную рэч.

40. А калі вы не дапаможаце Пасланцу, дык ужо дапамог яму Аллаг, калі выгналі яго тыя, якія не паверылі. Ён быў адным з двух, калі яны схаваліся ў пячоры. Вось ён сказаў свайму сябру: «Не сумуй! Сапраўды, Аллаг – з намі». Аллаг паслаў яму супакой і падтрымаў яго войскам, якога вы не бачыце. Ён прынізіў слова нявернікаў. Слова Аллага – вышэйшае! Аллаг – Велічны, Мудры.

41. Накіроўвайцеся ў выправу, лёгка гэта будзе вам ці цяжка, і прыкладайце намаганні, ахвяруючы сваю маёмасць і душы на шляху Аллага. Гэта лепш для вас, калі б вы толькі ведалі.

42. Калі б здабыча была лёгкаю, а дарога – блізкаю, дык яны б пайшлі за табою, абавязкова. Але занадта далёкім здаўся ім шлях, і яны будуць клясціся Аллагам: «Калі б мы мелі магчымасць, дык выйшлі б разам з вамі». Яны губляюць самі сябе, і ведае Аллаг, што яны – хлусы.

43. Няхай даруе табе Аллаг. Чаму ты дазволіў гэта ім, пакуль не зрабілася табе зразумела, якія з іх праўдзівыя, а якія хлусы?

44. Тыя, якія вераць у Аллага і ў Апошні Дзень, не пытаюцца ў цябе дазволу на тое, каб прыкладаць намаганні на шляху Аллага, ахвяруючы сваю маёмасць і душы. Аллаг ведае збожных.

45. Пытаюцца дазволу ў цябе тыя, якія не вераць у Аллага і ў Апошні Дзень, і чые сэрцы вагаюцца. І праз ваганне сваё разгубленыя яны.

46. Калі б яны жадалі выйсці на барацьбу, дык падрыхтаваліся б да гэтага. Аднак Аллаг не пажадаў, каб яны ішлі разам з вамі і затрымаў іх. Сказалі ім: «Сядзіце разам з тымі, якія сядзяць».

47. Калі б яны пайшлі разам з вамі, дык гэта не дадало б нічога, апроч неладу, спяшаліся б пасеяць сярод вас калатню. Сярод вас ёсць тыя, хто прыслухоўваецца да іх, і Аллаг ведае пра прыгнятальнікаў.

48. Яны і раней сеялі калатню і скажалі перад табою сапраўдны стан рэчаў, пакуль не прыйшла праўда і не перамог загад Аллага, хоць гэта ім праціўна.

49. Сярод іх ёсць той, хто кажа: «Дазволь мне застацца і не спакушай». Але яны ўжо ўпалі ў спакусу. Сапраўды, пекла ахоплівае нявернікаў.

50. Калі з табою адбываецца нешта добрае, дык гэта засмучвае іх. А калі цябе паражае ліха, яны кажуць: «Мы загадзя паклапаціліся пра сябе» – і ідуць сабе, цешачыся.

51. Скажы: «Нас можа паразіць толькі тое, што загадаў нам Аллаг, а Ён – наш Абаронца. І няхай вернікі спадзяюцца толькі на Аллага».

52. Скажы: «Хіба чакаеце вы для нас чагосьці іншага, апроч двух дабротаў? І мы чакаем, калі паразіць вас Аллаг пакараннем ад Сябе альбо скарае нашымі рукамі. Таму чакайце, і мы пачакаем разам з вамі».

53. Скажы: «Будзеце вы ахвяраваць добраахвотна ці прымусова, ад вас гэтага ўсё адно не прымуць, бо вы непакорлівыя людзі».

54. Іх ахвяраванні не будуць прынятыя, бо яны не вераць у Аллага ды Яго Пасланца. Неахвотна здзяйсняюць малітву і ахвяраванні.

55. Няхай не ўражвае цябе іх маёмасць і дзеці. Аллаг жадае скараць іх гэтым у зямным жыцці, каб яны страцілі свае душы нявернікамі.

56. Яны клянуцца Аллагам, што належаць да вас, але яны не з вас. Яны баяцца паказаць вам сваю сутнасць.

57. Калі б яны знайшлі нейкае сховішча, пячору альбо паглыбленне, дык спяшаліся б туды.

58. Ёсць сярод іх такія, якія пляткараць пра цябе праз міласціну. Калі яны атрымліваюць сваю долю, дык застаюцца задаволеныя, а калі не атрымліваюць, дык злуюцца.

59. Калі б яны былі задаволеныя тым, што ім даруе Аллаг і Яго Пасланец, і казалі: «Дастаткова нам Аллага! Аллаг даравацьме нам са Сваёй шчодрасці і Яго Пасланец. І да Аллага мы імкнемся».

60. Міласціна прызначаная для маючых патрэбу і бедакоў, тых, хто яе збірае і дае, тых, ад чыіх сэрцаў чакаюць прыхільнасці, для выкупу рабоў, для абцяжараных пазыкамі, для тых, хто змагаецца на шляху Аллага, а таксама для падарожнікаў. Так усталявана Аллагам. А Аллаг – Усеведаючы, Мудры!

61. Сярод іх ёсць тыя, хто абражае Прарока і кажа: «Ён усіх слухае». Скажы: «Ён чуе тое, што лепш для вас. Ён верыць у Аллага і давярае вернікам, ён – літасцівы для тых з вас, хто паверыў! А на тых, якія абражаюць Пасланца Аллага, чакае пакутлівае пакаранне».

62. Яны клянуцца перад вамі Аллагам, каб дагадзіць вам. Але, калі яны вернікі, лепш бы ім дагаджаць Аллагу і Яго Пасланцу.

63. Няўжо не ведаюць, што на таго, хто варожы да Аллага і Яго Пасланца, чакае пякельны агонь, дзе ён будзе назаўжды? Гэта – вялікая ганьба.

64. Крывадушнікі баяцца таго, што будзе паслана сура, якая адкрые тое, што ў іх сэрцах. Скажы: «Кпіце жа! Сапраўды, Аллаг адкрые тое, чаго вы баіцеся».

65. Калі ты спытаеш іх, дык яны абавязкова скажуць: «Мы толькі шмат размаўлялі і гулялі». Скажы: «Няўжо вы кпілі з Аллага, Яго азнакаў і Яго Пасланца?»

66. Не прасіце прабачэння. Вы зрабіліся нявернікамі пасля таго, як паверылі. Калі Мы прабачым частку з вас, дык іншую частку скараем – за тое, што яны былі грэшнікамі.

67. Крывадушнікі ды крывадушніцы падобныя адно да аднаго. Яны заклікаюць да ліха і забараняюць дабро, стрымліваюць свае рукі ад міласціны. Яны забыліся на Аллага, а Ён аддаў іх на забыццё (пазбавіў Сваёй літасці). Сапраўды, крывадушнікі – беззаконнікі.

68. Абяцаў Аллаг крывадушнікам, крывадушніцам і нявернікам агонь, дзе яны будуць павек. Дастаткова ім гэтага. Аллаг пракляў іх і чакае на іх векаістае пакаранне.

69. Такія ж вы самі, як і тыя, што жылі раней за вас. Яны былі магутней за вас моцаю, мелі больш маёмасці і дзяцей. Яны нацешыліся сваім лёсам, і вы нацешыліся сваім лёсам – так, як нацешыліся сваім лёсам тыя, што жылі раней за вас. Вы марнасловілі так, як марнасловілі яны. Дарэмнымі ёсць учынкі іх у жыцці зямным і наступным, і ўведаюць яны страты.

70. Няўжо да іх не дайшла вестка пра тых, якія жылі раней – пра народ Нуха, адытаў, самудытаў, народ Ібрагіма, жыхароў Мад’яну і перакуленых паселішчаў? Прыходзілі да іх пасланцы іх з выразнымі азнакамі. Аллаг не быў несправядлівы да іх – яны самі былі несправядлівыя да сябе.

71. Вернікі і верніцы – сябры адны адным; яны заклікаюць да дабра і забараняюць ліха, здзяйсняюць малітву, даюць закят, падпарадкоўваюцца Аллагу і Яго Пасланцу. Аллаг злітуецца над імі. Сапраўды, Аллаг – Велічны, Мудры.

72. Абяцаў Аллаг вернікам і верніцам рай, дзе струменяць рэкі, дзе выдатнае жыллё ў садах Эдэна. Яны будуць там павек. А блаславенне Аллага – вышэй за ўсё. Гэта – вялікі поспех.

73. О Прароча! Змагайся з нявернікамі і крывадушнікамі, і будзь жорсткім з імі. Іх сховішча – пекла. Якое мярзотнае гэта месца для вяртання.

74. Яны клянуцца Аллагам, што не казалі, але насамрэч казалі гэта – слова няверы – і зрабіліся нявернікамі пасля таго, як прынялі іслам. Яны задумаліся пра тое, чаго раней не прымелі ажыццявіць. Яны спрабуюць помсціць за тое, што Аллаг і Яго Пасланец узбагацілі іх з Яго шчодрасці. Калі яны павіняцца, дык гэта будзе лепей для іх. А калі адхінуцца, дык Аллаг скарае іх пакутлівым пакараннем у зямным і наступным жыцці. У іх няма на зямлі ні абаронцы, ні памагатага.

75. Сярод іх ёсць тыя, хто паабяцаў Аллагу: «Калі Аллаг даруе нам ад Яго шчодрасці, дык мы абавязкова зробім ахвяраванні і будзем праведнымі!»

76. Але калі Ён даруе ім з шчодрасці Сваёй, зрабіліся яны хцівымі і адхінуліся, адхіляючыся.

77. Такім чынам, Ён скараў іх, напоўніўшы іх сэрцы крывадушнасцю да таго Дня, калі яны сустрэнуцца з Ім. Гэта ім за тое, што яны парушылі сваю абяцанку перад Аллагам і за тое, што яны хлусілі.

78. Хіба яны не ведаюць, што Аллагу вядомыя іх таямніцы і схаваныя размовы, і што Аллаг ведае ўсё таемнае?

79. Яны звяртаюцца да абразаў і здзекуюцца з вернікаў, якія робяць дадатковыя ахвяраванні і з тых, якім няма чаго даць, апроч таго, што зарабілі яны сваімі рукамі. Але Аллаг скарае крывадушнікаў. Чакае на іх пакутлівае пакаранне!

80. Прасіцьмешь прабачэння за іх ці не – нават калі ты папросіш прабачэння за іх семдзесят разоў, дык і тадыАллаг не прабачыць іх! Справядліва, бо яны не верылі ў Аллага і Яго Пасланца. Аллаг не вядзе простым шляхам непакорлівых.

81. Тыя, хто застаўся сядзець у Мэдзіне, не пайшоўшы ў паход на Табук, цешыліся, што апынуліся ў тыле Пасланца Аллага. Ім цяжка было змагацца на шляху Аллага, ахвяруючы сваю маёмасць і душы. Яны сказалі: «Не хадзіце ў выправу ў гэтакую ​​спякоту!» Скажы: «Агонь пекла яшчэ гарачэйшы!» Але калі б яны зразумелі!

82Хай яны мала смяюцца і шмат плачуць – такая адплата за тое, што яны атрымалі для сябе.

83. Калі Аллаг паварочае цябе да аднаго з іх, і яны прасіцьмуць дазволу ісці ў выправу, дык скажы: «Вы ніколі не пойдзеце са мною! І вы не будзеце змагацца са мною супраць непрыяцеля. Вы былі задаволеныя сваім месцам раней, таму сядзьце з тымі, хто застаўся!» 

84. Ніколі не маліся за каго-небудзь з іх і не стой над яго магілаю. Яны не верылі ў Аллага, Яго Пасланца, і сканалі непакорлівымі.

85. Няхай не дзівіць цябе іх маёмасць ды іх дзеці. Аллаг жадае скараць іх гэтым у зямным жыцці, каб яны страцілі душу ў няверы.

86. І калі была пасланая сура: «Верце ў Аллага і змагайцеся ў адным шэрагу з Яго Пасланцом!», дык уладальнікі багацця сярод іх пачалі прасіць цябе дазволіць ім застацца, яны сказалі: «Пакіньце нас. Мы будзем з тымі, хто сядзіць». 

87. Яны задавальняюцца тым, што застаюцца з іншымі. У іх запячатаныя сэрцы, а яны не разумеюць.

88. Але Пасланец і тыя, хто паверыў разам з ім, змагаліся, ахвяруючы сваю маёмасць і свае душы. Іх чакаюць добрыя рэчы. Яны атрымаюць поспех.

89 Аллаг падрыхтаваў для іх сады, дзе струменяць рэкі. Яны будуць там назаўсёды. Гэта вялікі поспех.

90. І прыйшлі да яго прасіць дазволу застацца тыя бедуіны, якія мелі важкія нагоды. А тыя, хто хлусіў Аллагу і Яго Пасланцу, сядзелі па дамах. Тыя з іх, хто не паверыў, панясуць пакутлівае пакаранне.

91. Няма граху кволым, хворым і тым, каму няма чым ахвяраваць, калі яны шчырыя перад Аллагам і Яго Пасланцам. Няма за што ўпікаць тых, хто робіць дабро. Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

92. Няма граху тым, хто прыходзіць да цябе, каб папрасіць даць ім жывёлаў, патрэбных для выправы. Ты сказаў: «Я не прымею знайсці для вас гэтых жывёлаў!» Яны паварочаліся з вачыма, поўнымі слёз смутку, бо ім няма чым было ахвяраваць.

93. Грэх падае на тых, хто прасіў у цябе дазволу застацца, быўшы заможнымі. Яны ўцешныя застацца з іншымі. Аллаг запячатаў іх сэрцы, а яны не ведаюць.

94. Яны будуць апраўдвацца, калі вы паварочаецеся да іх. Скажы: «Не апраўдвайся, мы ўсё адно не паверым табе. Аллаг ужо загадаў нам распавесці пра цябе. Аллаг і Яго Пасланец убачаць твае справы. І тады ты вернешся да Ведаючага таемнае і відавочнае, і Ён паведаміць табе, што ты зрабіў».

95. Калі вы паварочаецеся да іх, яны паклянуцца Аллагам, каб вы адхінуліся ад іх. Адхініся ад іх, бо яны ліхія. Іх сховішчам будзе пекла. Такая адплата за тое, што яны набылі.

96. Яны клянуцца вам, што вы застаняцеся імі задаволеныя. Але нават калі вы будзеце задаволеныя імі, Аллаг не будзе задаволены непакорлівымі людзьмі.

97. Бедуіны з’яўляюцца найбольш упартымі ў няверы і крывадушнасці. Яны больш не прызнаюць абмежаванняў, якія Аллаг паслаў Свайму Пасланцу. Сапраўды, Аллаг – Усеведаючы, Мудры.

98. Сярод бедуінаў ёсць такія, якія лічаць свае ахвяраванні стратаю і чакаюць, калі вас напаткае зменлівасць лёсу. Іх саміх напаткае зменлівасць лёсу. Сапраўды, Аллаг – Усечуючы, Усеведаючы.

99. Сярод бедуінаў ёсць тыя, хто верыць у Аллага і Апошні Дзень і верыць, што іх ахвяраванні наблізяць іх да Аллага і дапамогуць заслугаваць малітвы Пасланца. О так! Сапраўды, яны (ахвяраванні) з’яўляюцца сродкам набліжэння. Аллаг увядзе іх у Сваю літасць, бо Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

100. Аллаг задаволены першымі з мухаджыраў і ансараў, якія папярэдзілі астатніх, і тымі, якія рушылі ўтроп іх. Яны таксама задаволеныя Аллагам. Ён падрыхтаваў для іх райскія сады, у якіх струменяць рэкі. Яны застануцца там павек. Гэта – вялікі поспех.

101. Сярод бедуінаў, якія жывуць вакол вас, а таксама сярод жыхароў Мэдзіны, ёсць крывадушнікі. Яны ўпарцяцца ў крывадушнасці, але ты не ведаеш іх. Мы ж ведаем іх і скараем іх двойчы. А потым яны будуць паварочаныя ў вялікія пакуты.

102. Ёсць і іншыя людзі, якія прызналіся ў сваіх грахах. Яны змяшалі праведныя ўчынкі з ліхімі. Магчыма, Аллаг прыме іх каянне. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

103. Бяры з іх маёмасці ахвяраванні, каб імі ачысціць і ўзвысіць іх. Маліся за іх, бо твае малітвы – супакаенне для іх. Сапраўды, Аллаг – Усечуючы, Усеведаючы.

104. Няўжо яны не ведаюць, што Аллаг прымае каянне ад Сваіх рабоў і прымае міласціну, што Аллаг – Прымаючы каянне, Міласэрны?

105. Скажы: «Працуйце, і ўбачыць вашую справу Аллаг, Яго Пасланец і вернікі. І борзда вы будзеце паварочаныя да Таго, Хто ведае таемнае і відавочнае, і Ён паведаміць вам пра тое, што вы здзяйснялі».

106. Ёсць і такія, якія чакаюць загады Аллага. Ён альбо скарае іх, альбо прыме іх каянне. Аллаг – Усеведаючы, Мудры.

107. Тыя, якія пабудавалі мячэць для нанясення шкоды, падтрымання няверы, унясення расколу ў шэрагі мусульманаў і стварэння засады для тых, хто здаўна змагаецца супраць Аллага і Яго Пасланца, абавязкова будуць прысягаць: «Мы не жадалі нічога, апроч дабра». Аллаг сведчыць, што яны з’яўляюцца хлусамі.

108. Ніколі не здзяйсняй у ёй малітву. Мячэць, якая з першага дня была заснаваная на збожнасці, больш заслугоўвае таго, каб ты выстойваў у ёй малітву. У ёй ёсць мужы, якія любяць ачышчацца. Сапраўды, Аллаг любіць тых, хто ачышчаецца.

109. Ці той, хто заклаў падмурак свайго будынка на боязі перад Аллагам і імкненні да Яго задаволенасці, найлепшы, альбо той, хто заклаў падмурак свайго будынка на самым краі абрыву, гатовага асунуцца, так, што ён асунуўся разам з ім у пякельны агонь? Сапраўды, Аллаг не вядзе простым шляхам прыгнятальнікаў.

110. Будынак, які яны пабудавалі, заўсёды будзе спараджаць сумнеў у іх сэрцах, пакуль іх сэрцы не разарвуцца. Аллаг – Усеведаючы, Мудры.

111. Сапраўды, Аллаг набыў у вернікаў іх жыццё і маёмасць узамен на Рай. Яны змагаюцца на шляху Аллага, пазбаўляюць жыцця і гінуцьГэта – Яго праўдзівая абяцанка, дадзеная ў Таўраце, Інджыле і Каране. Хто выконвае свае абяцанкі лепш за Аллага? Уцешцеся ж з угоды, якую вы склалі. Гэта і ёсць вялікі поспех.

112Усцеш тых, якія віняцца і пакланяюцца, усхваляюць і посцяць, кланяюцца ў пояс і падаюць ніцма, загадваюць здзяйсняць дабро і забараняюць чыніць ліха, і выконваюць абмежаванні Аллага. 

113. Прароку і вернікам не належыць прасіць прабачэння для паганаў, нават калі яны з’яўляюцца сваякамі, пасля таго, як ім зрабілася выразным, што яны будуць жыхарамі пекла.

114. А малітва Ібрагіма аб прабачэнні для яго бацькі была ўсяго толькі выкананнем абяцанкі, якую ён яму даў. Калі ж яму зрабілася выразным, што яго бацька з’яўляецца ворагам Аллага, ён адрокся ад яго. Сапраўды, Ібрагім быў ціхмяным, стрыманым.

115. Аллаг не ўводзіць у аблуду людзей, якім Ён паказаў просты шлях, пакуль Ён не патлумачыць ім, чаго яны павінны баяцца. Сапраўды, Аллаг ведае пра ўсялякую рэч.

116. Сапраўды, Аллагу належыць улада над нябёсамі і зямлёю. Ён даруе жыццё і пагібель. Няма ў вас, апроч Аллага, ні абаронца, ні памагатага.

117. Аллаг прыняў каянні Прарока, мухаджыраў і ансараў, якія рушылі за ім у цяжкі час, пасля таго, як сэрцы некаторых з іх траха не ўхіліліся ў бок. Ён прыняў іх каянне, бо Ён – Спагадлівы, Міласэрны.

118. Аллаг дараваў траім, якім было адтэрмінавана да таго часу, пакуль зямля не зрабілася цеснаю для іх, нягледзячы на ​​яе прасторы. Іх душы сціснуліся, і яны зразумелі, што ім няма дзе схавацца ад Аллага, апроч як у Яго. Потым Ён дараваў ім, каб яны прымелі павініцца. Сапраўды, Аллаг – Прымаючы каянне, Міласэрны.

119. О тыя, якія паверылі! Бойцеся Аллага і будзьце з праўдзівымі.

120. Жыхары Мэдзіны і бедуіны наваколляў не павінны былі пакідаць Пасланца Аллага і аддаваць перавагу свайму жыццю перад яго жыццём. Бо смага, стомленасць і голад, якія напаткаюць іх на шляху Аллага, і кожны крок, які выклікае гнеў нявернікаў, і кожная параза, нанесеная непрыяцелю, без сумневу, будуць запісаныя як добрыя справы. Сапраўды, Аллаг не губляе ўзнагароджання тых, хто робіць дабро.

121. Якое б вялікае ці маленькае ахвяраванне яны ні рабілі, якую б даліну яны ні перасякалі, гэта запісваецца ім, каб Аллаг узнагародзіў іх найлепшым за тое, што яны здзейснілі.

122. Вернікам не варта выступаць у выправу ўсім разам. Чаму б не выправіць з кожнага гурту частку людзей, каб яны маглі вывучыць веру і навучаць людзей, калі яны паварочаюцца да іх? Верагодна, яны будуць пільнавацца.

123. О тыя, якія паверылі! Змагайцеся з нявернікамі, якія знаходзяцца побач з вамі. І няхай яны пераканаюцца ў вашае жорсткасці. І ведайце, што Аллаг – са збожнымі.

124. Калі пасылаецца сура, дык сярод іх знаходзіцца такі, які кажа: «Чыя вера ад гэтага зрабілася мацней?» Што тычыцца вернікаў, дык іх вера ад гэтага ўзмацняецца, і яны цешацца.

125. А што тычыцца тых, чые сэрцы пашкоджаныя хваробаю, дык гэта дадае гнюсі да іх гнюсі, і таму яны сканаюць нявернікамі.

126. Няўжо яны не бачаць, што кожны год яны выпрабоўваюцца адзін ці два разы? Яны не вінавацяцца пасля гэтага і не згадваюць навучанне.

127. Калі пасылаецца сура, яны глядзяць адно на аднаго: «Ці бачыць вас хто-небудзь?» А потым яны адхінаюцца. Аллаг адхіліў іх сэрцы, бо яны – людзі неразважаючыя.

128. Да вас з’явіўся Пасланец з вашага асяроддзя. Цяжка для яго тое, што вы пакутуеце. Ён намагаецца для вас. Ён добры і міласэрны да вернікаў.

129. А калі яны адхінуцца, дык скажы: «Мне дастаткова Аллага! Няма бога, апроч Яго. Я спадзяюся толькі на Яго, бо Ён – Госпад вялікага Трона».

 

 

Сура 10. Юнус

(Іона)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Аліф. Лям. Ра. Гэта – азнака Пісання мудрага.

2. Хіба здзіўленыя людзі тым, што Мы адкрылі чалавеку з іх саміх: «Засцерагай людзей і паведамляй добрую вестку тым, якія паверылі, што на іх чакае сапраўднае ўзнагароджанне ў Госпада іх»? Нявернікі кажуць: «Сапраўды, гэта – відавочны чараўнік».

3. Сапраўды, Госпад – Аллаг, Які стварыў нябёсы і зямлю за шэсць дзён, а потым узвысіўся над Тронамузвышэннем улады і панавання‎ над сусветам. Ён вырашае справы! Не будзе абаронцы, апроч як з Яго дазволу. Такі Аллаг, Госпад. Таму пакланяйцеся Яму. Няўжо вы не задумаецеся?

4. Вы ўсе паварочаецеся да Яго – абяцанка Аллага праўдзівая! Ён пачынае тварэнне, а потым паўтарае яго, каб узнагародзіць слушна тых, якія паверылі і здзяйснялі добрыя справы. А на тых, якія не верылі, чакае напой з кіпеню і пакутлівае пакаранне – за тое, што не верылі.

5. Ён – Той, Хто зрабіў сонца свяцілам, а месяц – святлом, вызначыўшы яму фазы, каб вы ведалі колькасць гадоў і лічбу. Аллаг стварыў гэта ўсё толькі ў праўдзе. Ён тлумачыць азнакі для людзей, якія ведаюць.

6. Сапраўды, у змене дня і ночы, у тым, што Аллаг стварыў на нябёсах і на зямлі – азнакі для людзей збожных.

7. Сапраўды, тым, якія не спадзяюцца на сустрэчу з Намі, якія задаволеныя зямным жыццём, знаходзяць у ім супакой і нядбайна ставяцца да Нашых азнакаў,

8. сховішчам будзе агонь – за тое, што яны сабе атрымалі.

9. Сапраўды, тых, якія паверылі і здзяйснялі добрыя справы, Аллаг павядзе простым шляхам за іх веру. У садах асалоды пад імі будуць струменіць рэкі.

10. Іх заклікам там будзе: «Слава Табе, Аллаг!»; і вітаннем іх там будзе: «Мір!»; канцом іх заклікаў будзе: «Хвала Аллагу, Госпаду сусветаў!»

11. Калі б Аллаг паскорыў людзям ліха таксама, як Ён паскорыў для іх дабро, дык абавязкова прыйшоў бы да іх час скону. І Мы пакідаем блукаць у сваёй ганьбе тых, якія не спадзяюцца на сустрэчу з Намі.

12. Калі чалавека кранае ліха, ён кліча Нас у мальбах лежачы, седзячы і стоячы. А калі Мы пазбавім яго ліха, ён ідзе, быццам ніколі і не клікаў Нас праз гэтае ліха. Так здаецца выдатным парушальнікам тое, што робяць яны.

13. Мы знішчылі пакаленні, якія жылі раней за вас, бо яны былі несправядлівымі, і ў пасланцоў сваіх, якія да іх прыходзілі, яны не паверылі. Так Мы караем беззаконнікаў.

14. А потым Мы зрабілі вас іх нашчадкамі на зямлі, каб паглядзець, якімі будуць вашыя ўчынкі.

15. Калі ім чытаюць Нашыя выразныя азнакі, кажуць тыя, якія не спадзяюцца на сустрэчу з Намі: «Прынясі нам іншы Каран альбо падмяні яго!» Скажы: «Не прымею я падмяняць яго па ўласным жаданні. Я іду за тым, што дадзена мне ў адкрыцці. Я баюся, што пасля таго як выслухаў Госпада свайго, буду пакараны ў Вялікі Дзень».

16. Скажы: «Калі б пажадаў Аллаг, я б не чытаў яго вам і не навучаў бы яму вас. Я пражыў сярод вас усё жыццё. Няўжо вы не разумееце?»

17. Хто несправядлівейшы за таго, хто паклёпнічае на Аллага і лічыць хлуснёю Яго азнакі? Сапраўды, беззаконнікі не будуць мець поспеху.

18. Яны пакланяюцца заміж Аллага таму, што не прыносіць ім ні шкоды, ні карысці. І кажуць: «Гэта – абаронцы нашыя перад Аллагам». Скажы: «Хіба вы прымееце распавесці Аллагу пра нешта на нябёсах і на зямлі, чаго Ён не ведае?» Усячысты Ён, і вышэй за тое, што Яму прыпісваюць!

19. Людзі былі адзінай суполкаю, але разышліся паміж сабою. Калі б перад гэтым не было слова Госпада твайго, дык іх размоўка была б ужо вырашаная.

20. Кажуць: «Чаму не пасланы знак ад Госпада яго?» Скажы: «Таемнае належыць Аллагу. Таму чакайце і я пачакаю разам з вамі».

21. Калі Мы далі людзям паспытаць Нашае літасці пасля ліха, якое закранула іх, дык яны пачалі мудрагеліць супраць Нашых азнакаў. Скажы: «Аллаг хутчэйшы ў задумах Сваіх». Сапраўды, нашыя пасланцы запісваюць вашыя мудрагельствы.

22. Ён – Той, хто даў вам магчымасць падарожнічаць па сухазем’і і па моры. Вось вы на караблях, разам з імі дзьме спадарожны вецер, з якога яны цешацца. Але толькі ахопіць іх ураган, ды пачнуць абрушвацца хвалі з усіх бакоў, і яны вырашаць, што аточаныя. Тады паклічуць яны Аллага, выказваючы Яму шчыра сваю веру: «Выратуй нас! І мы абавязкова будзем удзячныя!»

23. Але калі Ён выратуе іх, дык яны пачнуць сеяць ганьбу на зямлі без усялякага права. О людзі! Вашая ганьба адгукнецца супраць вас саміх. Гэта толькі асалода зямнога жыцця, а потым вы паварочаецеся да Нас! І Мы паведамім вам пра тое, што вы зрабілі.

24. Прыкладам зямнога жыцця з’яўляецца вада, якую Мы праліваем з неба, і яна змешваецца з раслінамі зямлі – тымі, якія ўжываюць у ежу людзі і жывёлы. Калі зямля ўбіраецца ў сваю вопратку і ўпрыгожваецца, а яе жыхары лічаць, што маюць уладу над ёй, прыходзіць загад Наш ноччу ці днём. І Мы ператвараем яе ў іржышча – быццам яна і не квітнела ўчора. Так Мы тлумачым азнакі людзям, якія задумляюцца.

25. Аллаг заклікае да мясціны міру і вядзе, каго пажадае, да простага шляху.

26. На тых, якія рабілі дабро, чакае самае найлепшае і нешта большае. Не пакрые іх твары ні пыл, ні ганьба. Менавіта яны – жыхары раю! Будуць яны там павек.

27. А прыдбаўшым ліхія ўчынкі адплацяць адпаведна. І будуць яны пакрытыя ганьбаю, і не абароніць ніхто іх ад Аллага. Твары іх засцяцца покрывам з кавалкаў начной цемры. Менавіта яны – жыхары пекла! І будуць яны там павек.

28. У той Дзень Мы збяром усіх іх разам, а потым скажам паганым: «Вось вашыя месцы – разам з тымі, каго вы лічылі супольнікамі Бога». А потым Мы падзелім іх, і скажуць тыя, каго надавалі раўнёю Богу: «Вы не пакланяліся нам.

29. Дастаткова Аллага як Сведкі паміж вамі і намі. Мы сапраўды не ведалі пра вашае пакланенне».

30. Там кожнай душы будзе абвешчана пра тое, што яна рабіла раней. Паварочаюцца яны да Аллага, свайго сапраўднага Валадара, і знікне тое, што прыдумвалі яны.

31. Спытай: «Хто надзяляе вас з неба і зямлі? Хто мае ўлады над слыхам і зрокам? Хто выводзіць жывое з нежывога, а нежывое з жывога? Хто кіруе падзеямі?» Яны скажуць: «Аллаг». Спытай: «Чаму ж вы не баіцеся Яго?»

32. Такі Аллаг, праўдзівы Госпад ваш! А што можа быць пасля праўды, як не хлусня? Як жа вы падаліліся!

33. Так спраўдзілася слова твайго Госпада пра непакорлівых, што яны не павераць.

34. Скажы: «Ці прымее хто-небудзь з вашых стодаў пачаць тварэнне, а потым яго паўтарыць?» Скажы: «Аллаг пачынае тварэнне, а потым яго паўтарае». Як жа вы падаліліся!

35. Скажы: «Ці прымее хто-небудзь з вашых стодаў прывесці да праўды?» Скажы: «Гэта Аллаг вядзе да праўды! Хто ж варты таго, каб за ім ішлі – той, хто сам вядзе да праўды, альбо той, каго вядуць да праўды? Што з вамі? Як вы судзіце?»

36. Большасць з іх ідзе па здагадках. Але здагадка ніяк не дапаможа заміж праўды. Сапраўды, Аллаг ведае тое, што робяць яны.

37. Гэты Каран не прыдумка кагосьці заміж Аллага, але сцвярджэнне таго, што было перад ім, і тлумачэнне Пісання ад Госпада сусветаў, у якім няма сумневу.

38. Вось яны кажуць: «Ён яго прыдумаў!» Скажы: «Прынясіце суру, падобную да тых, і паклічце, каго здолееце, заміж Аллага, калі вы праўдзівыя».

39. Але не, яны ўспрынялі як хлусню тое, што не здолелі ахапіць веданнем, і тлумачэнне чаго яшчэ не прыйшло. Таксама адкінулі гэта і тыя, якія жылі раней. Паглядзі, якім быў канец прыгнятальнікаў.

40. Ёсць сярод іх тыя, якія вераць у Каран, а ёсць і тыя, якія не вераць у яго. Госпад твой ведае пра тых, якія распаўсюджваюць нелад.

41. Калі яны будуць казаць, што ты – хлус, дык скажы: «Мне – мае ўчынкі, а вам – вашыя ўчынкі. Вы не маеце дачынення да таго, што раблю я, а я не маю дачынення да таго, што робіце вы».

42. Ёсць сярод іх і тыя, якія цябе слухаюць. І як ты прымусіш чуць глушцоў, калі яны не разумеюць?

43. Ёсць сярод іх і тыя, якія глядзяць на цябе. І як ты здолееш павесці простым шляхам невідушчых, калі яны не бачаць?

44. Сапраўды, Аллаг не ўчыняе несправядлівасці ў дачыненні да людзей, але гэта людзі самі несправядлівыя да сябе.

45. У той дзень Ён збярэ іх, здасца ім, што пражылі яны на зямлі толькі гадзіну дня. Яны ведацьмуць адно аднаго. Сапраўды, нясуць страты тыя, якія лічылі хлуснёю сустрэчу з Аллагам і не ішлі простым шляхам.

46. ​​Альбо Мы пакажам табе частку з таго, што Мы абяцалі ім, альбо забяром цябе, і да Нас паварочаюцца яны. Аллаг будзе Сведкам таго, што яны робяць.

47. Для кожнае грамады – пасланец. І калі прыходзіў да іх пасланец іх, дык усё паміж імі вырашалі слушна, і яны не былі пакрыўджаныя.

48. Яны пытаюцца: «Калі гэтая абяцанка спраўдзіцца, калі вы праўдзівыя?»

49. Скажы: «Я не маю ўлады прычыніць сабе шкоду альбо прынесці карысць, хіба што пажадае гэтага Аллаг. Для кожнае грамады – тэрмін. Калі іх тэрмін надыходзіць, дык яны не прымеюць яго ні падаліць – нават на гадзіну, ні наблізіць».

50. Скажы: «Вы думалі пра тое, якую частку з Яго пакарання – калі яно прыйдзе да вас ноччу ці днём – будуць спрабаваць паскорыць грэшнікі?»

51. Няўжо вы паверыце ў яго тады, калі яно прыйдзе да вас? Ці зараз? Калі вы паскорылі яго?

52. А потым скажуць тым, якія былі несправядлівыя: «Таму паспытайце векаістага пакарання! Хіба не аплачана вам за тое, што вы чынілі?»

53. Яны пытаюць цябе: «Ці праўда гэта?» Скажы: «Так, клянуся маім Госпадам, праўда! І вам не пазбегнуць гэтага».

54. Калі б кожная несправядлівая душа валодала ўсім, што на зямлі, дык паспрабавала б адкупіцца. Яны схаваюць каянні, толькі ўбачыўшы пакаранне. Паміж імі рассудзяць па справядлівасці і не будуць пакрыўджаныя яны.

55. Так! Сапраўды, гэта Аллагу належыць тое, што на нябёсах і на зямлі. Так! Сапраўды, абяцанка Аллага праўдзівая. Але большасць з іх не ведае.

56. Ён даруе жыццё і скананне, і да Яго вы паварочаецеся.

57. О людзі! Да вас прыйшло навучанне ад Госпада вашага, загойванне таго, што ў сэрцах, просты шлях і літасць для вернікаў.

58. Скажы: «Гэта – літасць і дабрыня Аллага». Няхай яны цешацца з гэтага, бо яно лепш за тое, што яны назапашваюць.

59. Скажы: «Ці бачылі вы, што Аллаг вам паслаў з долі, а вы зрабілі з яе забароненае і дазволенае?» Скажы: «Аллаг вам дазволіў гэта, ці гэта вы самі ўзводзіце на Аллага паклёп?»

60. Што думаюць пра Дзень Ажывання тыя, якія паклёпнічаюць на Аллага? Сапраўды, Аллаг мае вялікую літасць да людзей, але большасць з іх не дзякуе.

61. Якой бы ты справаю не займаўся, што б ты ні чытаў з Карана, і якіх бы ўчынкаў не рабілі яны, Мы назіраем за вамі яшчэ ў пачатку дзеяння. Тое, што на зямлі і на небе, не схаваецца ад Госпада твайго, нават калі мецьме вагу парушынкі, менш ці больш за яе. Яно змяшчаецца ў Пісанні выразным.

62. Так! Сапраўды, набліжаным да Аллага няма чаго баяцца, і не будуць яны засмучаныя –

63. тыя, якія паверылі і былі збожныя.

64. Чакае на іх уцешная вестка ў жыцці зямным і наступным. Няма зменаў у словах Аллага. Гэта – вялікі поспех.

65. Няхай цябе не засмучаюць словы паганаў, бо, сапраўды, уся моц належыць Аллагу! Ён – Усечуючы, Усеведаючы!

66. Так! Сапраўды, Аллагу належаць усе, хто на нябёсах і на зямлі. А тыя, якія заклікаюць заміж Аллага іншых, ідуць па здагадках і выдумляюць.

67. Ён – Той, Хто стварыў ноч, каб адпачывалі вы, а дзень – каб вы бачылі. Сапраўды, у гэтым азнака для людзей, якія чуюць.

68. Кажуць яны: «Аллаг узяў сабе дзіця!» Слаўны Ён! Ён – багаты, яму належыць усё, што на нябёсах, і ўсё, што на зямлі. Няма ў вас на гэта ніякага доказу! Няўжо вы кажаце пра Аллага тое, чаго самі не ведаеце?

69. Скажы: «Сапраўды, тыя, якія паклёпнічаюць на Аллага, не будуць мець поспеху».

70. Яны атрымаюць асалоду ў зямным жыцці, а далей паварочаюцца да Нас. Мы дамо ім магчымасць пакаштаваць жорсткага пакарання за тое, што яны не паверылі.

71. Прачытай для іх апавяданне пра Нуха. Вось ён сказаў свайму народу: «О народзе мой! Калі цяжка вам, што я сярод вас і нагадваю пра азнакі Аллага, дык на Аллага спадзяюся. Згуртуйцеся разам са сваімі стодамі, каб не была вашая справа таямніцаю. А потым судзіце мяне і не давайце адтэрміноўкі.

72. Але калі вы адхіліцеся, дык я не прасіў у вас узнагароджання. Узнагародзіць мяне толькі Аллаг. І мне загадана быць адным з пакорлівых Яму».

73. Але яны лічылі яго хлусам. Таму Мы выратавалі яго і тых, хто быў з ім, у каўчэгу. Мы зрабілі іх спадчыннікамі і ўтапілі тых, якія лічылі Нашыя азнакі хлуснёю. Паглядзі ж, які быў канец тых, каго засцерагалі!

74. Пасля яго Мы выправілі пасланцоў да народаў іх. Тыя прыйшлі да іх з выразнымі азнакамі, але яны не паверылі ў тое, што лічылі хлуснёю раней. Так Мы накладваем пячаць на сэрцы парушальнікаў.

75. Пасля іх Мы паслалі з Нашымі азнакамі Мусу і Гаруна да Фараона і яго магнацтва. Але яны заганарыліся і былі людзьмі грэшнымі.

76. І калі прыйшла да іх праўда ад Нас, яны сказалі: «Сапраўды, гэта – сапраўднае чараўніцтва».

77. Муса сказаў: «Няўжо вы кажаце пра праўду, якая прыйшла да вас, што гэта – чараўніцтва? Не мецьмуць поспеху чараўнікі».

78. Яны сказалі: «Няўжо ты прыйшоў, каб адцягнуць нас ад таго, ува што верылі нашыя бацькі, і каб веліч на зямлі дасталася вам дваім? Мы не паверым вам».

79. Фараон сказаў: «Прывядзіце да мяне кожнага дасведчанага чараўніка!»

80. І калі прыйшлі чараўнікі, дык Муса сказаў ім: «Таму кідайце, што маеце кідаць».

81. І калі яны кінулі, дык Муса сказаў: «Тое, што вы зрабілі, – чараўніцтва. Сапраўды, Аллаг знішчыць яго. Сапраўды, Аллаг не паляпшае справу тых, хто распаўсюджвае нелад.

82. Аллаг сцвярджае праўду праз Свае словы, хоць бы і ненавідзелі гэта беззаконнікі».

83. Не паверылі Мусе, хіба што малая частка яго народа, бо яны палохаліся Фараона і яго магнацтва. Сапраўды, Фараон – тыран на зямлі і адзін з парушальнікаў.

84. Сказаў Муса: «О народзе мой! Калі вы паверылі ў Аллага, дык спадзявайцеся на Яго, калі вы адданыя».

85. Тыя сказалі: «Мы спадзяемся на Аллага. Госпадзе наш! Не рабі нас спакусаю для несправядлівых людзей

86. і выратуй нас па Сваёй літасці ад нявернікаў!»

87. І Мы адкрылі Мусе і брату яго: «Абірайце для свайго народа дамы ў Егіпце, зрабіце іх месцам для пакланення і выконвайце малітву. Распавядзіце вернікам добрую вестку».

88. Муса сказаў: «Госпадзе наш! Ты дараваў Фараону і яго магнацтву ўпрыгажэнні і багацце ў зямным жыцці, а яны, Госпадзе наш, збіваюць гэтым з Твайго шляху. Госпадзе наш! Знішчы багацце іх і зрабі жорсткімі сэрцы – каб яны не паверылі, пакуль не ўбачаць пакутлівае пакаранне».

89. І сказаў: «Я ўжо адказаў на ваш заклік. Трымайцеся простага шляху і не ідзіце шляхам тых, якія не ведаюць».

90. Таму, Мы пераправілі сыноў Ісраіля праз мора, але Фараон і яго войска рушылі ўтроп іх – з нянавісцю і варожасцю. І калі Фараон пачаў тануць, дык усклікнуў: «Я паверыў, што няма бога, апроч Таго, у Якога паверылі сыны Ісраіля. І я – адзін з адданых Яму».

91. Толькі зараз! А раней ты не паслухаўся і распаўсюджваў нелад на зямлі.

92. Таму сёння Мы выратуем тваё цела, каб ты быў знакам для наступных пакаленняў. Сапраўды, многія людзі грэбуюць Нашымі знакамі.

93. Мы паселілі сыноў Ісраіля ў лепшае жыллё і надзялілі іх дабротамі. Сярод іх пачаліся спрэчкі пасля таго, як да іх прыйшло веданне. Сапраўды, твой Госпад рассудзіць паміж імі ў Дзень Ажывання – у тым, пра што яны спрачаліся.

94. Калі ты вагаешся ў тым, што Мы паслалі табе, дык спытай тых, якія чытаюць пісанне, дадзенае яшчэ раней. Прыйшла да цябе праўда ад Госпада твайго – так не будзь адным з тых, якія вагаюцца.

95. І не будзь адным з тых, якія лічылі хлуснёю азнакі Аллага, інакш будзеш сярод тых, якія ўсё страцілі.

96. Сапраўды, не павераць тыя, пра якіх спраўдзілася слова Госпада твайго,

97. нават калі да іх прыйдуць усе магчымыя азнакі, да таго часу, як яны ўбачаць пакутлівае пакаранне.

98. Ці было хоць адно паселішча, жыхары якога паверылі, і дапамагла ім вера іх, апроч народа Юнуса? Калі паверылі яны, дык Мы адцягнулі ад іх зневажальнае пакаранне ў зямным жыцці і далі ім карыстацца да часу.

99. Калі б твой Госпад пажадаў, дык паверылі б усе, хто жыве на зямлі. Але здолеў бы ты прымусіць людзей стаць вернікамі?

100. Не паверыць ніводная душа, апроч як з дазволу Аллага! Ён ахоплівае пакараннем тых, якія не разумеюць.

101. Скажы: «Паглядзіце на тое, што на нябёсах і на зямлі». Але азнакі ды вястуны не дапамогуць тым людзям, якія не паверылі.

102. Няўжо яны чакаюць чагосьці іншага, апроч дзён, якія наступілі для іх папярэднікаў? Скажы: «Таму чакайце і я пачакаю разам з вамі».

103. Потым Мы выратуем Нашых пасланцоў і тых, якія паверылі. Так Нам трэба будзе ратаваць вернікаў.

104. Скажы: «О людзі! Калі вы вагаецеся ў маёй веры, дык я не пакланяюся заміж Аллага таму, каму пакланяецеся вы, але я пакланяюся Аллагу, Які забярэ вас. І сказана мне быць адным з вернікаў».

105. І вярні свой твар да сапраўднае веры і не будзь адным з паганаў!

106. Не кліч заміж Аллага таго, хто не прынясе табе ні карысці, ні шкоды. А калі ты зробіш гэта, дык будзеш адным з несправядлівых.

107. Калі Аллаг кране цябе ліхам, дык гэтага не прадухіліць ніхто, апроч Яго. А калі Ён пажадае табе дабра, дык ніхто не прадухіліць Яго літасці. Даруе Ён яе тым са Сваіх рабоў, каму пажадае. А Ён – Прабачаючы, Міласэрны!

108. Скажы: «О людзі! Прыйшла да вас праўда ад Госпада вашага. Таму той, хто ідзе простым шляхам, ідзе сам для сябе, а хто збіўся са шляху, той збіўся сам супраць сябе. Не прымею я быць вашым абаронцам».

109. Ідзі за тым, што Мы адкрылі табе. І трывай, пакуль Бог не разважыць, бо Ён – найлепшы з суддзяў!

 

 

Сура 11. Гуд

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Аліф. Лям. Ра. Гэта – Пісанне, азнакі якога добра выкладзеныя, а потым патлумачаныя Мудрым, Дасведчаным.

2. Не пакланяйцеся нікому, апроч Аллага! А я для вас – засцерагальнік і веснік ад Яго.

3. Прасіце прабачэння ў Госпада вашага і вініцеся перад Ім – Ён надзеліць вас выдатнымі дабротамі да пэўнага тэрміну, а таксама даруе з дабрыні Сваёй кожнаму, хто варты яе. Але калі адхіліцеся вы, дык я баюся, што вас скараюць у Вялікі Дзень!

4. Да Аллага паварочаецеся вы, а Ён здольны на кожную рэч.

5. Так! Яны спрабуюць сціснуць свае грудзі, каб схаваць тое, што ў іх ёсць. І нават калі яны хаваюць свае галовы пад вопраткаю, Ён ведае, што яны хаваюць і што знаходзяць. Сапраўды, Ён ведае пра тое, што ў сэрцах.

6. Няма на зямлі жывое істоты, якую б не надзяляў Аллаг. Ён ведае яе месцазнаходжанне і месца вяртання. Гэта ўсё – у выразным Пісанні.

7. Ён – Той, Хто стварыў нябёсы і зямлю за шэсць дзён, калі Яго Трон быў над вадою. Гэта ўсё для таго, каб выпрабаваць вас – чые ўчынкі будуць найлепшымі. Калі ты скажаш: «Вас адродзяць пасля смерці», – скажуць нявернікі: «Гэта ж відавочнае чараўніцтва».

8. Але калі Мы адтэрмінуем пакаранне да пэўнага часу, дык яны скажуць: «Што стрымлівае яго?» Так, у той дзень, калі яно прыйдзе да іх, нішто не адцягне яго, і заб’е іх тое, з чаго яны кпілі.

9. Калі Мы дамо чалавеку выпрабаваць літасці ад Нас, а потым гэта адымаем, дык ён упадае ў роспач і робіцца няўдзячным.

10. А калі Мы дамо чалавеку паспытаць даброты пасля ліха, якое закранула яго, дык ён кажа: «Няшчасце пакінула мяне», – і робіцца ўцешным і ганарлівым.

11. Апроч тых, якія трывалі і рабілі добрыя справы. Чакае на іх прабачэнне і вялікае ўзнагароджанне.

12. Магчыма, ты адмовішся ад нейкае часткі таго, што дадзена табе ў адкрыцці, а твае грудзі сціснуцца ад таго, што яны скажуць: «Чаму не пасланы яму скарб, альбо чаму не прыйдзе з ім анёл?» Але ты толькі засцерагальнік! А Аллаг – Абаронец кожнае рэчы!

13. Ці яны скажуць: «Ён прыдумаў яго!» Скажы: «Прынясіце дзесяць прыдуманых сур, падобных да гэтых, і паклічце заміж Аллага, каго здолееце, калі вы праўдзівыя».

14. А калі яны не адкажуць вам, дык няхай ведаюць, што ён пасланы з ведама Аллага, і няма бога, апроч Яго! Няўжо вы не будзеце адданымі Яму?

15. Хто жадае зямнога жыцця і яго ўпрыгажэнняў, тым Мы адплацім поўнаю мераю за іх учынкі ў ім, і тут яны не будуць абдзеленыя.

16. Яны – тыя, якія не атрымаюць у наступным жыцці нічога, апроч агню. Бясплённыя іх высілкі і дарэмна тое, што робяць яны.

17. Той, хто мае выразную азнаку ад Госпада свайго, прачытаны сведкам ад Яго, да з’яўлення якога было Пісанне Мусы, як правадыр і літасць – менавіта такія вернікі! А тым, хто не паверыў у гэта і належаць да розных сэктаў, абяцаны агонь. Таму не вагайся ў гэтым, бо гэта – праўда ад Госпада твайго. Але большасць людзей не верыць.

18. Хто несправядлівейшы за таго, хто паклёпнічае на Аллага? Калі яны ўстануць перад сваім гаспадаром, сведкі скажуць: «Гэта тыя, якія казалі хлусню пра Госпада» Так! Праклён Аллага над прыгнятальнікамі,

19. якія збіваюць другіх са шляху Аллага, імкнуцца сказіць яго і не вераць у наступнае жыццё.

20. Яны не здолеюць выратавацца на зямлі, і няма ў іх абаронцаў заміж Аллага. Памножыцца іх пакаранне! Не здольныя яны ні чуць, ні бачыць.

21. Вось тыя, якія страцілі саміх сябе. Пакінула іх тое, што прыдумлялі яны.

22. Сапраўды, у наступным жыцці на іх чакае яшчэ балейшая страта.

23. Сапраўды, тыя, якія паверылі, здзяйснялі добрыя справы і былі пакорлівыя Госпаду свайму, яны – жыхары раю! Будуць яны там павек.

24. Прыклад двух гуртаў – невідушчы і глушэц, відушчы і чуючы. Хіба можна іх параўнаць? Няўжо задумаецеся вы?

25. Вось Мы паслалі Нуха да яго народа: «Я для вас – выразны засцерагальнік.

26. Не пакланяйцеся нікому, апроч Аллага. Я баюся, што на вас падзе пакаранне ў пакутлівы Дзень».

27. Магнаты з яго народа, не паверылі, сказалі: «Мы бачым, што ты толькі чалавек, як і мы. І мы бачым, што за табою пайшлі толькі самыя нізкія сярод нас, на першы погляд. Мы не бачым, каб вы былі чымсьці лепш за нас, але думаем, што вы – хлусы».

28. Той адказаў: «О народзе мой! Калі я трымаюся выразнага доказу ад Госпада майго, і Ён даў мне літасць ад Сябе, якую вы не здольныя ўбачыць, няўжо я прымусіў бы вас да гэтага, калі яно нянавісна вам?

29. О народзе мой! Я не прашу ў вас за гэта багацця. Узнагародзіць мяне толькі Аллаг. І не буду я адганяць тых, якія паверылі. Яны імкнуцца сустрэць свайго Госпада, а вас я бачу дурнымі людзьмі.

30. О народзе мой! Хто абароніць мяне ад Аллага, калі я пратуру іх? Хіба не задумаецеся вы?

31. Я не кажу вам, што ў мяне скарбніцы Аллага, і я ведаю таемнае. Я не кажу, што я анёл. Я не кажу тым, каго пагарджаюць вашыя вочы, што Аллаг ніколі не дасць ім дабра. Аллаг лепш ведае, што ў іх душах. Інакш я быў бы адным з прыгнятальнікаў».

32. Тыя адказалі: «О Нуху! Ты спрачаўся з намі і спрачаўся шмат. Таму пакажы нам тое, чым ты пагражаў нам, калі ты праўдзівы».

33. Ён сказаў: «Сапраўды, вам гэта пакажа Аллаг, калі пажадае. І не здолееце вы ўцячы.

34. Калі я пажадаю даць вам параду, дык яна не прынясе вам карысці, калі Аллаг пажадае збіць вас са шляху. Ён – Госпад ваш і да Яго паварочаецеся вы».

35. Яны кажуць: «Ён яго прыдумаў!» Скажы: «Калі я прыдумаў яго, дык мой грэх – на мне. Але я вольны ад вашых грахоў».

36. І было адкрыта Нуху: «Не будзе верыць ніхто з тваіх людзей, апроч тых, якія паверылі раней. Таму не журыся праз тое, што яны робяць!

37. Пабудуй каўчэг перад Нашымі Вачыма (‘Юніна)* і згодна Нашай намове. І не прасі Мяне за несправядлівых – сапраўды, яны будуць патопленыя».

38. Ён будаваў каўчэг, і кожны раз, калі міма праходзіў магнат з яго народа, дык кпіў з яго. Ён сказаў: «Калі вы кпіце з нас, дык і мы кпіцьмем – таксама, як вы кпіце з нас!

39. Хутка вы даведаецеся, на каго ўпадзе пакаранне, якое зневажае і на каго ўпадзе векаістае пакаранне».

40. І калі прыйшоў загад Наш, і адкрылася крыніца ў печы, сказалі Мы: «Вазьмі туды пару ад кожнага віду і сваю сям’ю – апроч тых, пра якіх ужо было сказана слова, а яшчэ вазьмі вернікаў». Але паверылі толькі нешматлікія.

41. Ён сказаў: «Заходзьце ў яго! З імем Аллага будзе плыць і спыняцца. Сапраўды, Госпад мой – Прабачаючы, Міласэрны».

42. Каўчэг з імі плыў сярод хваляў, падобных на гары, і Нух паклікаў свайго сына, які стаяў у адзіноце: «Сын мой! Сядай разам з намі але не заставайся з нявернікамі».

43. Ён адказаў: «Я выратуюся на гары, і яна абароніць мяне ад вады». Нух жа сказаў: «Сёння ніхто не ўратуецца ад загаду Аллага, калі Ён не злітуецца». Прайшла паміж імі хваля, і стаў той адным з патопленых.

44. І было сказана: «О зямля, паглыні сваю ваду! О неба, утрымайся!» Сышла вада і ажыццявіўся загад. Каўчэгспыніўся на гары аль-Джудзі, і было сказана: «Няхай жа знікнуць людзі несправядлівыя!»

45. І звярнуўся Нух да Уладара свайго: «Госпадзе! Мой сын – з маёй сям’і. Абяцанка Твая праўдзівая, і Ты – Мудры Суддзя!»

46. ​​Сказаў Ён: «О Нуху! Твой сын не з тваёй сям’і. Такі ўчынак не з’яўляецца праведным, і не прасі ў Мяне таго, пра што не маеш ведання! Я заклікаю цябе не быць адным з невукаў».

47. Той сказаў: «Госпадзе! Я шукаю ў Табе абароны і не буду прасіць пра тое, пра што не маю ведання! Калі Ты не даруеш мне і не злітуешся нада мною, дык я буду адным з тых, якія згубяць усё».

48. Было сказана: «О Нуху! Сыйдзі з мірам ад Нас і з блаславеннем – на цябе і на народы, якія з табою! Але будуць народы, якія Мы надзелім дабротамі, а потым спасцігне іх пакутлівае скананне ад Нас».

49. Гэта весткі пра таемнае, якія Мы дорым табе ў адкрыцці. Перад гэтым не ведаў іх ні ты, ні твае людзі. Таму трывай! Сапраўды, добрае выйсце чакае на збожных.

50. Да адытаў паслалі Мы брата іх Гуда. Ён сказаў: «О народзе мой! Пакланяйцеся Аллагу. У вас няма бога, апроч Яго. А вы толькі прыдумваеце.

51. О народзе мой! Я не прашу за гэта ўзнагароджання ў вас. Узнагародзіць мяне толькі Той, Хто мяне стварыў. Няўжо вы не разумееце?

52. О народзе мой! Прасіце прабачэння ў Госпада вашага, а потым вініцеся перад Ім. Ён пралье вам з неба шчодры дождж і дадасць вам моцы да вашае моцы. І не адхінайцеся, як грэшнікі».

53. Тыя сказалі: «О Гудзе! Ты не паказаў нам выразнага знака, і мы не пакінем сваіх багоў праз твае словы. І мы не верым табе!

54. Мы толькі кажам, што адзін з нашых багоў зрабіў табе шкоду». Гуд адказаў: «Аллаг будзе сведкам маім і будзеце сведкамі вы – я не датычны да таго, чаму вы пакланяецеся

55. заміж Яго! Таму мудрагельце супраць мяне – усе! Не давайце мне адтэрміноўкі.

56. Я спадзяюся на Аллага, Госпада майго і Госпада вашага. Няма жывое істоты, якую Ён не трымаў бы за чуб. Сапраўды, мой Госпад – на простым шляху.

57. А калі адхінецеся вы, дык я ўжо давёў тое, з чым мяне паслалі да вас. Мой Госпад падменіць вас іншымі людзьмі, і вы не задасце Яму ніякае шкоды. Сапраўды, мой Госпад – Ахоўнік кожнае рэчы».

58. І калі прыйшоў загад Наш, дык па Нашай літасці Мы выратавалі Гуда і тых з іх, якія паверылі. І Мы выратавалі іх ад лютага пакарання. 

59. Такімі былі адзіты. Яны адкінулі азнаку Госпада іх, не паслухаліся Яго пасланцоў і ішлі па загадзе кожнага ўпартага тырана. 

60. Праклён гоніць іх у зямным жыцці і ў Дзень Ажывання. Так! Сапраўды, адзіты не паверылі ў Госпада свайго. Няхай знікнуць адзіты, народ Гуда!

61. Да самудытаў Мы паслалі іх брата Саліха. Ён сказаў: «О народзе мой! Пакланяйцеся Аллагу! У вас няма бога, апроч Яго. Ён выгадаваў вас з зямлі і пасяліў вас на ёй. Таму прасіце ў Яго прабачэння, а потым вініцеся перад Ім. Сапраўды, Госпад мой – Блізкі, Чулы».

62 Яны сказалі: «О Саліху! Да гэтага ты быў нашай надзеяй. Няўжо ты забараняеш нам пакланяцца таму, каму пакланяліся нашыя бацькі? Сапраўды, мы маем глыбокія сумневы наконт таго, да чаго ты заклікаеш нас».

63. Ён сказаў: «О народзе мой! Ці разумееце вы: калі я трымаюся выразнага доказу ад Госпада майго і Ён даў мне літасць ад Сябе, дык хто дапаможа мне, апроч Аллага, калі я не паслухаюся Яго? А вы толькі павялічыце мае страты. 

64. О народзе мой! Гэтая вярблюдзіца Аллага – азнака вам. Дазвольце ёй пасвіцца на зямлі Аллага і не рабіце ёй шкоды, бо паражае вас блізкае пакаранне.

65. Але яны зарэзалі яе, таму Саліх сказаў: «Атрымлівайце асалоду ў сваіх жытлах яшчэ тры дні. Гэтая абяцанка – пэўная».

66. І калі прыйшоў загад Наш, дык з Нашае літасці Мы выратавалі Саліха і тых з іх, якія паверылі, – ад ганьбы ў той дзень! Сапраўды, Госпад твой – Усемагутны, Велічны. 

67 А тых, якія былі несправядлівымі, пабіў жудасны лямант. Так і засталіся яны нерухомымі ў сваіх жытлах,

68. быццам ніколі і не жылі там! Так! Сапраўды, самудыты не паверылі ў Госпада свайго. Няхай знікнуць самудыты.

69. Нашыя пасланцы прыйшлі да Ібрагіма з добраю весткаю. Яны сказалі: «Мір!» Ён адказаў: «Мір!» – і адразу прыйшоў з укормленым цялём. 

70. Але калі ён убачыў, што іх рукі нават не кранулі гэтага, пачаў вагацца ў іх і адчуў сполах. Яны сказалі: «Не бойся! Сапраўды, паслалі нас да народа Лута».

71. А жонка Ібрагіма, што стаяла побач, здзівілася. Таксама мы ўцешылі яе весткаю пра Ісхака, а пасля Ісхака – і пра Якуба. 

72. Яна сказала: «Гора мне! Няўжо я нараджу? Я ўжо старая і муж мой стары. Сапраўды, гэта – дзіўная рэч».

73. Тыя сказалі: «Няўжо ты здзіўленая загадам Аллага? Літасць вам ад Аллага і блаславенне Яго, о жыхары гэтага жытла!» Сапраўды, Ён – Пахвальны, Прачысты!

74. І калі сполах Ібрагіма знік, і прыйшла да яго ўцешная вестка, ён пачаў спрачацца з Намі пра народ Лута.

75. Сапраўды, Ібрагім – вытрыманы, ціхмяны, пакутуючы. 

76. О Ібрагіме! Пакінь гэта. Ужо прыйшоў загад Госпада твайго, і заб’е іх няўхільнае пакаранне. 

77. І калі прыйшлі пасланцы Нашыя да Лута, дык ён засмуціўся праз іх і сціснулася сэрца. Ён сказаў: «Цяжкім будзе гэты дзень».

78. Прыйшлі людзі з народа яго, якія яшчэ раней чынілі злыя ўчынкі. Ён сказаў: «О народзе мой! Вось мае дочкі, ажаніцеся з імі, яны чысцей для вас! Таму бойцеся Аллага і не ганьбіце мяне перад маімі гасцямі. Хіба сярод вас няма чалавека разважнага?»

79. Тыя адказалі: «Ты ведаеш, што нам не патрэбныя твае дочкі. І, сапраўды, ты ведаеш, чаго мы жадаем».

80. Ён сказаў: «Калі б я меў моц перамагчы вас! Калі б я прымеў знайсці трывалае апірышча».

81Госці сказалі: «О Луце! Мы – пасланцы Госпада твайго, і яны не крануць цябе. Выпраўляйся са сваёй сям’ёю ў дарогу ноччу. Няхай не абернецца ніводзін з вас, апроч жонкі тваёй – яе паразіць тое, што паразіла іншых. Час прызначаны на раніцу. Хіба раніца не блізка?»

82. І калі прыйшоў Наш загад, дык Мы паварочалі дагары дном іх паселішчы і паслалі на іх камяні з абпаленае гліны,

83. пазначаныя ў Госпада твайго. Сапраўды, яны недалёкія ад беззаконнікаў.

84. Да мадянітаў Мы паслалі брата Шуайба. Ён сказаў: «О народзе мой! Пакланяйцеся Аллагу. У вас няма бога, апроч Яго. Не збаўляйце меры і вагі. Я бачу, што вы жывяце ў дабры, але я баюся, што падзе на вас пакаранне ў Дзень, які ахопіць усё.

85. О народзе мой! Цалкам захоўвайце ў меры і вазе! Не рабіце людзям страты і не сейце ганьбы на зямлі.

86. Тое, што пакідае вам Аллаг, найлепшае для вас, калі вы вернікі. Але я для вас не захавальнік».

87. Тыя адказалі: «О Шуайб! Хіба твая малітва загадвае табе пакінуць тых, каму пакланяліся нашыя бацькі, альбо не абыходзіцца з нашай маёмасцю, як мы пажадаем? Сапраўды, ты ж сціплы і разумны».

88. Ён сказаў: «О народзе мой! Ці разумееце вы: а калі я трымаюся выразнага доказу ад Госпада майго, Які надзяліў мяне добрым надзелам? Я не жадаю супярэчыць вам сваімі забаронамі на штосьці, але я жадаю толькі выпраўлення – настолькі, наколькі здолею. Няма мне прытулку, апроч як у Аллага. На Яго я спадзяюся і да Яго звяртаюся.

89. О народзе мой! Няхай вашая спрэчка са мною не прывядзе да таго, што вас ахопіць тое, што ахопіла народ Нуха, народ Гуда альбо народ Саліха. Недалёка ад вас і народ Лута.

90. Прасіце прабачэння ў Госпада вашага і вініцеся перад Ім. Сапраўды, Госпад мой – Міласэрны, Любячы».

91. Тыя адказалі: «О Шуайбе! Мы не разумеем большасці таго, што ты кажаш. Мы бачым цябе кволым сярод нас. І калі б не твой род, дык мы цябе каменавалі б. Ты не маеш каштоўнасці для нас».

92. Ён сказаў: «О народзе мой! Хіба род для вас даражэй за Аллага, ад Якога вы адхінаецеся? Сапраўды, Госпад мой ахоплівае тое, што вы робіце.

93. О народзе мой! Дзейнічайце, як пажадаеце, і я буду дзейнічаць! Хутка вы даведаецеся, каго напаткае зневажальнае пакаранне і хто хлус. Чакайце і я пачакаю разам з вамі».

94. І калі прыйшоў загад Наш, дык па Нашай літасці Мы выратавалі Шуайба і тых з іх, якія паверылі. А тых, якія былі несправядлівыя, пабіў жудасны лямант. Так і засталіся яны нерухомыя ў сваіх жытлах,

95. як ніколі і не жылі там. Так! Няхай знікнуць мадяніты, як зніклі самудыты.

96. І Мы паслалі Мусу з Нашымі азнакамі і выразным доказам

97. да Фараона і яго магнацтва. Але тыя сышлі на загад Фараона, хоць і не быў загад Фараона разважлівым.

98. У Дзень Ажывання ўзначаліць ён народ свой і завядзе іх у агонь. Якое агіднае месца, у якое ўвойдуць яны.

99. Праклён будзе пераследваць іх як тут, дык і ў Дзень Ажывання. Агідны падарунак, дараваны ім.

100. Гэта – весткі пра паселішчы, Мы паведамляем табе. Некаторыя з іх яшчэ існуюць, а іншыя ўжо знішчаныя.

101. Мы не былі несправядлівыя да іх, але гэта яны самі былі да сябе несправядлівыя. І калі прыйшоў загад твайго Госпада, дык іх багі, якіх заклікалі яны заміж Аллага, нічым не дапамаглі ім. Не дадалі яны ім нічога, апроч смерці.

102. Гэта пакаранне твайго Госпада, калі Ён пабіў несправядлівае паселішча з яго жыхарамі-нявернікамі. Сапраўды, Яго пакаранне – пакутлівае, суворае.

103. Сапраўды, у гэтым – азнака для таго, хто баіцца пакарання ў наступным жыцці. Гэта – Дзень, калі будуць сабраныя людзі, і гэта – Дзень, які будзе ўбачаны.

104. Мы адтэрмінуем яго на пэўны тэрмін.

105. Калі прыйдзе Дзень, ніводная душа не будзе казаць, апроч як з Яго дазволу. Будуць сярод іх няшчасныя і шчаслівыя.

106. Адносна тых, якія будуць няшчасныя, дык яны апынуцца ў агні. Чакае там на іх плач і стогны.

107. Яны будуць там павек, пакуль будуць існаваць нябёсы і зямля, калі Госпад твой не пажадае чагосьці іншага. Сапраўды, твой Госпад робіць тое, што пажадае!

108. Адносна тых, якія будуць шчаслівыя, дык яны апынуцца ў раі. І яны будуць там павек, пакуль будуць існаваць нябёсы і зямля, калі Госпад твой не пажадае чагосьці іншага. Невычэрпны гэты дар!

109. Не вагайся адносна таго, чаму яны пакланяюцца. Яны пакланяюцца толькі так, як пакланяліся іх бацькі яшчэ раней. Мы цалкам аддадзім ім іх долю – без пераменшвання.

110. І Мы даравалі Мусе Пісанне, але яны пачалі спрачацца пра яго. Калі б гэтаму не папярэднічала слова твайго Госпада, дык была б вырашаная іх спрэчка. Сапраўды, яны ў глыбокіх сумневах на конт яго.

111. Сапраўды, усім Госпад твой адплаціць цалкам за іх учынкі! Сапраўды, ведае Ён пра тое, што яны робяць.

112. Ідзі простым шляхам, як табе і загадана, а таксама і тыя, якія павініліся разам з табою. І не парушайце межаў! Сапраўды, бачыць Ён, што вы робіце.

113. Не схіляюцца да тых, якія несправядлівыя, каб вас не закрануў агонь. У вас няма памагатых, апроч Аллага, бо інакш ніхто не дапаможа вам.

114. Здзяйсняй малітву ў пачатку і напрыканцы дня, а яшчэ ў некаторыя часы ночы. Сапраўды, добрыя ўчынкі выдаляюць дрэнныя. Такі напамін для тых, хто згадвае.

115. Трывай! Сапраўды, Аллаг не губляе ўзнагароджання праведнікаў.

116. Чаму ж сярод пакаленняў, якія жылі раней за вас, не было трывалых людзей, якія б забаранялі распаўсюджваць ганьбу на зямлі, а толькі тыя нешматлікія, каго Мы выратавалі сярод іх? А прыгнятальнікі пайшлі за тымі дабротамі, якія мелі, таму сталі беззаконнікамі.

117. Твой Госпад не знішчыць паселішча несправядліва, калі яго жыхары робяць дабро.

118. Калі б твой Госпад пажадаў, дык зрабіў бы людзей адзінаю грамадою, але яны спрачаюцца далей,

119. апроч тых, над кім злітаваўся твой Госпад. Для гэтага Ён іх стварыў. І споўнілася слова Госпада твайго: «Напоўню Я пекла джынамі ды людзьмі разам».

120. Усё, што Мы паведамляем табе з вестак пра пасланцоў, каб умацаваць тваё сэрца. Прыйшла да цябе ў гэтым праўда, павучанне і напамін для вернікаў.

121. І скажы нявернікам: «Дзейнічайце па сваёй мажлівасці, мы таксама дзейнічаем!

122. Чакайце, і мы будзем чакаць».

123. Аллагу належыць таемнае нябёсаў і зямлі, і да Яго вяртаюцца ўсе справы. Таму пакланяйся Яму і спадзявайся на Яго. Госпад твой не будзе нядбайным да таго, што вы робіце.

 

 

 

*Якасць (сыфат) Аллага, якая даецца без тлумачэння (тавіль) і параўнання з чалавечымі часткамі цела.

Сура 12. Юсуф

(Іосіф)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Аліф. Лям. Ра. Гэта – азнакі выразнага Пісання.

2. Мы паслалі яго як Каран па-арабску, – мабыць, вы зразумееце!

3. Мы паведамім табе найлепшае апавяданне, намаўляючы табе гэты Каран, хоць раней ты пра гэта нічога не ведаў.

4. Вось сказаў Юсуф свайму бацьку: «Бацька мой, бачыў я адзінаццаць зорак, і сонца, і месяц, – бачыў іх, і як яны рабілі мне паклон».

5. Адказаў ён: «О сыне, не распавядай пра свой сон тваім братам, яны задумаюць супраць цябе мудрагельства. Бо шатан для чалавека відавочны вораг!

6. І так абярэ цябе твой Госпад, і навучыць цябе тлумачэнню падзеяў, і скончыць сваю літасць над табою і над родам Якуба, як скончыў яе раней над тваімі бацькамі, Ібрагімам і Ісхакам. Сапраўды, Госпад твой – Усеведаючы, Мудры».

7. Юсуф ды браты яго былі азнакамі для тых, хто пытаецца.

8. Вось сказалі яны: «Вядома, Юсуф і яго брат мілейшыя за нас нашаму бацьку, а нас – цэлы гурт. Сапраўды, бацька наш відавочна памыляецца».

9. «Забіце Юсуфа ці кіньце яго ў іншую краіну; тады звернецца да вас твар вашага бацькі, і будзеце вы пасля гэтага людзьмі праведнымі».

10. Сказаў адзін з іх: «Не забівайце Юсуфа, а кіньце ў глыбіню калодзежа, – падбярэ яго хто-небудзь з тыхкараванаўякія праходзяць, калі вы вырашылі гэтак зрабіць».

11. Сказалі яны: «О бацька наш! Чаму не давяраеш нам Юсуфа, мы ж для яго шчырыя добразчыліўцы!

12. Пашлі яго з намі заўтра, няхай ён пабегае і пагуляе, мы ж яго абаронім».

13. Ён адказаў: «Засмуціць мяне, калі вы з ім пойдзеце, і баюся я, што зʼесць яго воўк, калі вы будзеце няўважлівыя з ім».

14. Яны сказалі: «Калі зесць яго воўк, тады як нас цэлы гурт, то мы зазнаем страту».

15. І потым яны пайшлі з ім і вырашылі скінуць яго на дно калодзежа; Мы ж адкрылі яму: «Ты паведаміш ім пра гэтую справу, калі яны не будуць ведаць».

16. А ўвечары яны прыйшлі да свайго бацькі з плачам

17. і сказалі: «Бацька наш! Мы змагаліся, а Юсуфа пакінулі з нашымі рэчамі, і воўк з’еў яго. Хоць ты і не верыш нам, але мы кажам праўду!»

18. І яны прынеслі яго кашулю, заплямленую фальшываю крывёю. Бацька сказаў: «Ды не, на гэта спакусілі вас вашыя душы! Але трыванне – дабро. У Аллага варта шукаць дапамогі ад таго, пра што вы распавядаеце!»

19. І прыйшоў караван, а з яго паслалі чалавека, які павінен быў прынесці вады. Ён спусціў вядро і ўсклікнуў: «Якая ўцеха! Тут хлопчык». І яны схавалі яго, як тавар. І Аллаг ведаў, што робяць яны.

20. Яго прадалі за мізэрныя грошы, за лічаныя дзіргамы. Яны не ведалі сапраўднага яго кошту.

21. Той чалавек з Егіпта, які купіў яго, сказаў жонцы сваёй: «Падрыхтуй яму добрае месца. Магчыма, ён прынясе нам карысць ці мы возьмем яго за сына». Так Мы зацвердзілі Юсуфа на гэтай зямлі і навучылі яго тлумачыць сны. Аллаг выконвае Свой загад, але большасць людзей гэтага не ведае.

22. Калі ён дасягнуў паўналецця, Мы даравалі яму мудрасць і веданне. Так Мы заахвочваем тых, якія робяць дабро.

23. Жанчына, у доме якой ён жыў, пачала спакушаць яго. Яна зачыніла дзверы і сказала: «Ідзі да мяне». Той адказаў: «Ратуй мяне Аллаг! Сапраўды, Ён – Госпад мой, і лепшы прытулак – у Яго. Сапраўды, не будуць мець поспеху несправядлівыя».

24. Яна жадала яго, і ён пажадаў бы яе, калі б не ўбачыў азнакі ад Госпада свайго. Так Мы адхілілі ад яго ліха і бруд. Сапраўды, ён – адзін з Нашых праўдзівых рабоў.

25. Яны кінуліся да дзвярэй, і разадрала яму кашулю на спіне. У дзвярэй яны натрапілі на яе гаспадара. Яна закрычала: «Якое можа быць пакаранне таму, хто жадаў ліха жонцы тваёй? Толькі турма альбо пакутлівая кара!»

26Юсуф сказаў: «Яна сама імкнулася спакусіць мяне!» А сведка з яе сям’і разважыў так: «Калі кашуля яго разарваная спераду, дык яна сказала праўду, а ён – хлус!

27. Але калі яго кашуля разарваная на спіне, дык яна схлусіла, а ён – праўдзівы».

28. І калі гаспадар убачыў, што кашуля разарвана на спіне, сказаў: «Гэта што-небудзь з вашых жаночых мудрагельстваў! Сапраўды, вялікія мудрагельствы вашыя.

29. Юсуфе! Забудзься на гэта. А ты прасі прабачэння за сваё злачынства. Сапраўды, ты ўчыніла грэх».

30. Жанчыны ў горадзе пачалі казаць: «Жонка шляхетнага мужа спрабавала спакусіць свайго маладога раба! Ён распаліў яе запал. Сапраўды, мы бачым, што яна ў сапраўднай аблудзе».

31. Калі яна пачула пра іх плёткі, дык паслала за імі, падрыхтавала ім ложак і дала кожнай з іх ножык. Яна сказала: «Выйдзі да нас». І калі ўбачылі яго, дык так захапіліся ім, што парэзалі сабе рукі. І ўсклікнулі: «Крый Аллаг! Гэта ж не чалавек, а прыстойны анёл».

32. Яна сказала: «Вось той, праз каго вы мяне лаялі! Я сапраўды спрабавала спакусіць яго, але ён адмовіўся. Калі ён не зробіць таго, што я загадала яму, дык патрапіць у турму і будзе адным з зняважаных».

33. Той сказаў: «Госпадзе! Турма любей для мяне за тое, да чаго яны мяне заклікаюць! Калі ты не адхіліш мудрагельстваў іх, дык я паддамся ім і буду адным з неразумных».

34. Госпад адказаў яму і адхіліў іх мудрагельствы. Сапраўды, Ён – заўсёды Ўсечуючы, Усеведаючы!

35. Потым ім здалося – пасля таго, як яны ўбачылі доказы – што яго ўсё адно трэба зняволіць на пэўны час.

36. Разам з ім трапілі ў турму яшчэ два юнакі. Адзін з іх сказаў: «Я бачыў, што выціскаю сок з вінаграду». Другі сказаў: «Я бачыў, што нясу на галаве хлеб, які дзяўбуць птушкі. Патлумач нам гэта, мы бачым, што ты – адзін з тых, хто робіць дабро».

37. Ён сказаў: «Не паспеюць вам прынесці ежу, якой вас жывяць, як я ўжо патлумачу вашыя сны. Гэта – з таго, чаму навучыў мяне Госпад мой. Сапраўды, я пакінуў рэлігію людзей, якія не вераць у Аллага і не вераць у наступнае жыццё.

38. Я іду за вераю маіх бацькоў – Ібрагіма, Ісхака і Якуба. Нам не належыць надаваць нешта Аллагу ў пакланенні! Такая літасць Аллага да нас і да іншых людзей, але большасць з людзей няўдзячныя.

39. О мае сябры па турме! Лепш розныя багі – альбо Аллаг, Адзіны, Усемагутны?

40. Вы пакланяецеся толькі імёнам, якімі назвалі іх вы і вашыя бацькі. Бог не пасылаў пра іх ніводнага доказу. Але пастанова належыць толькі Аллагу. Ён загадаў вам не пакланяцца нікому, апроч Яго! Гэта праўдзівая вера, але большасць людзей не ведае.

41. О мае сябры па турме! Адзін з вас будзе наліваць віно свайму ўладару, а другога ўкрыжуюць, і птушкі будуць дзяўбці з яго галавы. Ужо вырашаная справа, пра якую вы пыталіся».

42. І ён сказаў таму з іх, якога лічыў выратаваным: «Згадай пра мяне перад гаспадаром сваім». Але шатан прымусіў яго забыцца на гэтую згадку перад гаспадаром, таму Юсуф быў у турме яшчэ некалькі год.

43. Вось кароль сказаў: «Я бачыў семярых тлустых кароў, якіх з’ядаюць сем худых. А яшчэ сем каласоў – адны з іх зялёныя, а іншыя сухія. О спадарства! Патлумачце мне сон мой, калі прымееце вы тлумачыць сны».

44. Тыя сказалі: «Бязладныя сны! А мы не дасведчаныя ў тлумачэнні такіх сноў».

45. Але адзін з тых двух, які выратаваўся, раптам згадаў пасля доўгага часу і сказаў: «Я распавяду вам тлумачэнне! Толькі пашліце мяне».

46. «Юсуфе! О праўдзівы! Распавядзі нам пра семярых тлустых кароў, якіх з’ядаюць сем худых. І сем каласоў – адны з іх зялёныя, а іншыя сухія. Гэта трэба для таго, каб я вярнуўся да людзей і, магчыма, ведацьмуць яны!»

47. Той адказаў: «Вы будзеце сеяць сем гадоў, цяжка працуючы. Назбіраны плён пакідайце ў каласах, апроч малой часткі – таго, што вы будзеце есці.

48. Потым, пасля гэтага, прыйдзе сем цяжкіх гадоў, якія з’ядуць тое, што вы падрыхтавалі раней, апроч малой часткі – таго, што вы захаваеце.

49. Потым, пасля гэтага, прыйдзе год, у які людзі дачакаюцца дажджу, і надыйдзе час для адціскання пладоў».

50. Тады кароль загадаў: «Прывядзіце яго да мяне!» І калі прыйшоў пасланец, дык сказаў: «Вяртайся да свайго гаспадара і спытай, што здарылася з тымі жанчынамі, якія парэзалі сабе рукі? Сапраўды, Госпад мой ведае пра іх мудрагельствы».

51. Кароль спытаў: «Што вы скажаце пра тое, як спрабавалі спакусіць Юсуфа?» Тыя жанчыны адказалі: «Крый Божа! Мы не ведаем пра яго нічога дрэннага». А жонка таго шляхетнага мужа сказала: «Вось зараз адкрылася праўда! Гэта я спрабавала спакусіць яго, а ён – адзін з праўдзівых.

52(Юсуф сказаў): «Гэта мая адмова выйсці з вязніцы – каб магнат даведаўся, што я не ашукаў яго ўпотай, калі ён адсутнічаў, і што Аллаг не дасць дарогі падкопам здраднікаў». 

53. Я не апраўдваю сябе, бо чалавечая душа заклікае да злу, хіба што злітуецца над ёй Госпад мой. Сапраўды, мой Госпад – Прабачаючы, Міласэрны».

54. Кароль сказаў: «Прывядзіце яго! Я зраблю яго сваім набліжаным». А калі ён пагутарыў з ім, сказаў: «Сёння ты атрымаў ля нас пасаду і давер».

55. Той адказаў: «Пастаў мяне над скарбніцамі зямлі, бо я – хавальнік надзейны і дасведчаны»

56. Так Мы зацвердзілі Юсуфа на зямлі, каб ён прымеў змясціцца там, дзе пажадае. Мы дорым літасць Нашую, каму пажадаем, і мы не страцім узнагароджання праведнікаў. 

57. Узнагароджанне наступнага жыцця найлепшае для тых, якія паверылі і былі збожнымі. 

58. І прыйшлі браты Юсуфа і ўвайшлі да яго. Ён пазнаў іх, але яны не пазналі яго.

59. Калі ён надзяліў іх харчамі, сказаў: «Прывядзіце да мяне свайго брата, сына вашага бацькі. Хіба вы не бачыце, што я даю поўную меру і прыняў вас найлепшым чынам?

60. А калі вы не здолееце прывесці яго, дык я не дам вам вашае меры. І тады не набліжайцеся да мяне!»

61. Тыя адказалі: «Мы паспрабуем умовіць яго бацьку. Сапраўды, мы абавязкова зробім гэта».

62. Ён сказаў слугам: «Пакладзіце прынесеныя імі грошы ў іх клункі. Магчыма, яны знойдуць іх, калі паварочаюцца да сваіх сем’яў і, магчыма, яны прыйдуць сюды нанова».

63. І калі яны паварочаліся да свайго бацькі, сказалі: «Бацька наш! Будзе адмоўлена нам у меры. Адпусці з намі нашага брата, і тады мы атрымаем меру сваю. Сапраўды, мы будзем яго ахоўнікамі».

64. Ён сказаў: «Няўжо я прымею даверыць яго вам так, як калісьці даверыў яго брата? Найлепшы ахоўнік – Аллаг! Ён – Уселітасцівы з літасцівых».

65. І калі яны адкрылі свае клункі, дык знайшлі там грошы, якія паварочалі. Яны сказалі: «О бацька наш! Чаго ж можна пажадаць яшчэ? Нашыя грошы нам паварочалі. Мы забяспечым нашыя сем’і, захаваем нашага брата і атрымаем на дадатак вярблюджы клунак! Такая мера будзе лёгкаю».

66. Той адказаў: «Я не адпушчу яго з вамі, пакуль вы не пакленяцеся Аллагам, што абавязкова прыведзяце яго, калі толькі не адбудзецца з вамі ліха». І калі яны пакляліся, ён сказаў: «Аллаг – Абаронца таго, што сказана намі!»

67. Ён сказаў: «Не заходзьце туды праз адну браму, а ідзіце рознымі. Я нічым не здолею вам дапамагчы супраць волі Аллага. Пастанова належыць толькі Аллагу. На Яго я спадзяюся на Яго няхай ускладаюць надзеі тыя, хто спадзяецца».

68. І калі яны ўвайшлі менавіта так, як загадаў ім бацька, дык ён нічым не прымеў дапамагчы ім супраць волі Аллага. Але жаданне ў душы Якуба было задаволенае. Сапраўды, ён меў веданне, якому Мы навучылі яго, але большасць людзей гэтага не ведае.

69. І калі яны ўвайшлі да Юсуфа, дык ён прыціснуў да сябе брата і сказаў: «Сапраўды, я – твой брат. Не журыся праз тое, што рабілі яны».

70. Калі ён надзяліў іх харчамі, дык у клунак свайго брата падклаў келіх. А далей веснік закрычаў: «О вы, людзі з каравана! Сапраўды, вы – злодзеі!»

71. Тыя абгарнуліся і спыталі: «Што вы страцілі?»

72. Ім адказалі: «Страцілі келіх караля. Хто яго прынясе, той атрымае вярблюджы клунак. І я адказваю за гэта!»

73. Тыя сказалі: «Клянёмся Аллагам, вы ведаеце, што мы не прыйшлі сюды распаўсюджваць паганства на зямлі. І мы – не злодзеі!»

74. Але ім адказалі: «Якая ж будзе адплата ў тым выпадку, калі вы – хлусы?»

75. Яны сказалі: «Адплата таму, у чыім клунку яго знойдуць, будзе ён сам. Так мы караем прыгнятальнікаў».

76. Он пачаў абшукваць іх мяхі раней за мех свайго брата. А потым ён выцягнуў келіх з меха свайго брата. Мы навучылі Юсуфа гэтаму мудрагельству, інакш ён не прымеў затрымаць брата па законе караля, калі б гэтага не пажадаў Аллаг. Мы ўзносім на вышэйшую прыступку, каго пажадаем! І над кожным ведаючым ёсць яшчэ больш ведаючы».

77. Яны сказалі: «Калі скраў ён, дык яшчэ раней краў яго брат». Юсуф схаваў гэта ў сябе і не адкрыўся ім, а толькі падумаў: «Горкае ж ваша становішча! Аллаг ведае пра тое, што прыдумваеце вы».

78. Тыя адказалі: «О спадару! Сапраўды, яго бацька ўжо стары. Таму затрымай заміж яго кагосьці іншага сярод нас. Сапраўды, мы бачым, што ты – праведнік».

79. Ён сказаў: «Крый Аллаг, каб мы затрымалі кагосьці іншага, а не таго, у каго знайшлі нашую рэч! Тады мы былі б несправядлівыя».

80. Калі яны страцілі надзею забраць яго, сабраліся ў адзіноце для размовы. Старэйшы з іх сказаў: «Хіба вы не ведаеце таго, што ваш бацька патрабаваў паклясціся перад Аллагам, а таксама таго, як вы пакрыўдзілі Юсуфа? Я не сыду з гэтае зямлі, пакуль мне не дазволіць бацька, альбо Аллаг не вынесе сваёй пастановы мне. Ён – Найлепшы з суддзяў!

81. Таму вяртайцеся да свайго бацькі і скажыце: «О спадару! Сапраўды, твой сын скраў. Мы сведчым толькі пра тое, што ведаем, і нам было невядома пра таемнае.

82. Спытай жыхароў паселішча, у якім мы былі, а таксама людзей каравана, з якім мы паварочаліся сюды. Мы кажам праўду».

83. Ён адказаў: «Вашыя душы спакусілі вас, але трыванне лепш. Магчыма, Аллаг паварочае мне ўсіх разам. Сапраўды, Ён – Усеведаючы, Мудры».

84. Адхінуўся і сказаў: «Шкада Юсуфа». Вочы яго збялелі ад смутку, які ён стрымліваў.

85. Яны сказалі: «Клянёмся Аллагам, калі ты не перастанеш згадваць Юсуфа, дык захварэеш альбо сканаеш».

86. Ён сказаў: «Сапраўды, са сваім ліхам ды смуткам я звяртаюся толькі да Аллага і ведаю ад Аллага тое, чаго не ведаеце вы.

87. О сыны мае! Ідзіце і знайдзіце Юсуфа і яго брата. Не губляйце надзеі на літасць Аллага. Сапраўды, губляюць надзею на літасць Аллага толькі нявернікі».

88. І калі яны ўвайшлі да яго, сказалі: «О спадару! Ліха закранула нас і род наш. Грошай у нас няшмат, але даруй нам поўную меру і будзь шчодрым да нас. Сапраўды, Аллаг узнагароджвае тых, якія даюць ахвяраванні».

89. Ён сказаў: «Вы зразумелі, што зрабілі з Юсуфам і яго братам, калі яшчэ былі невукамі?»

90. Тыя спыталі: «Няўжо ты – Юсуф?» Ён адказаў: «Так, я – Юсуф. А гэта – мой брат! Аллаг дараваў нам Сваю літасць. Сапраўды, калі хто збожны і трывучы, дык Аллаг не губляе ўзнагароджання праведнікаў».

91. Яны сказалі: «Клянёмся Аллагам! Ён аддаў табе перавагу, а мы былі грэшнікамі».

92. Ён сказаў: «Сёння я не ўпікаю вас. Няхай Аллаг даруе вам, а Ён – Найлітасцівейшы з літасцівых!

93. Ідзіце з маёй кашуляю і атуліце ёю твар майго бацькі, каб ён нанова бачыў. І прыйдзіце з усёй сваёй сямёю».

94. Як толькі караван выйшаў, іх бацька сказаў: «Сапраўды, я адчуваю пах Юсуфа, калі толькі вы не скажаце, што я зваряцеў».

95. Яму сказалі: «Клянёмся Аллагам, ты ў сваёй старой памылцы».

96. І калі прыйшоў добры веснік і накрыў твар яго, дык ён нанова стаў відушчым. І сказаў: «Хіба я не казаў вам, што ведаю ад Аллага тое, чаго не ведаеце вы?»

97. Яны сказалі: «О бацька наш! Папрасі прабачэння за грахі нашыя, бо мы былі грэшнікамі».

98. Той адказаў: «Я буду прасіць прабачэння для вас у Госпада вашага! Сапраўды, Ён – Прабачаючы, Міласэрны».

99. І калі яны прыйшлі да Юсуфа, дык ён прыціснуў да сябе бацькоў і сказаў: «Заходзьце ў Егіпет бяспечна, калі гэтага пажадае Аллаг».

100. Ён узняў сваіх бацькоў на трон, але яны схіліліся перад ім у зямным паклоне. Ён сказаў: «О бацька мой! Гэта – тлумачэнне майго даўняга сну. Госпад мой зрабіў яго праўдаю. Ён абышоўся са мною найлепшым чынам, калі выратаваў мяне з турмы, а таксама калі прывёў вас з пустэльні – пасля таго, як шатан пасеяў варожасць паміж мною і братамі маімі. Сапраўды, мой Госпад спрыяе таму, каму пажадае! Сапраўды, Ён – Усеведаючы, Мудры.

101. Госпад дараваў мне ўладу і навучыў мяне тлумачыць сны. Стваральнік нябёсаў і зямлі, Ты – мой Абаронца ў жыцці гэтым і наступным. Забяры мяне адданым Табе і ўмацуй мяне тымі, якія робяць дабро».

102. Гэта – апавяданне пра таемнае, якое Мы паведамляем табе. Ты не быў разам з імі, калі яны аб’ядналіся дзеля мудрагельства.

103. Большасць людзей – хоць бы ты і жадаў таго – не паверылі.

104. І ты не просіш у іх узнагароджання, бо гэта толькі напамін для сусветаў.

105. Шмат азнакаў на нябёсах і на зямлі, міма якіх яны праходзяць і адхінаюцца.

106. Большасць з іх верыць у Аллага, надаючы яму роўных у пакланенні.

107. Хіба яны абароненыя ад таго, што накрые іх заслонаю пакарання Аллага, альбо прыйдзе раптам Час, калі яны гэтага і не адчуюць?

108. Скажы: «Гэта – мой шлях. Разам з тымі, хто ідзе за мною, я заклікаю да Аллага так, як мне дадзена гэта зразумець. Прачысты Аллаг! Я не паганін».

109. Яшчэ раней за цябе Мы пасылалі да жыхароў паселішчаў мужчын, якія мелі ад Нас адкрыцці. Няўжо яны не падарожнічалі зямлёю і не бачылі, якім быў канец тых, хто жыў раней? Наступнае жыццё найлепшае для збожных! Няўжо вы не разумееце?

110. Калі пасланцы падалі духам і думалі, што іх прызналі хлусамі, дык да іх прыходзіла Нашая дапамога, і мы ратавалі, каго жадалі. Але не адхіліць Нашага пакарання ад беззаконнікаў.

111. У апавяданні пра іх павучэнне для адораных розумам. Гэта не прыдуманае апавяданне, але сцверджанне таго, што было раней, тлумачэнне кожнае рэчы, кіраванне і літасць для вернікаў.

 

 

Сура 13. Ар-Рад
(Гром)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Аліф. Лям. Мім. Ра. Гэта – азнака Пісання. Пасланы табе ад твайго Госпада – праўда, але большасць людзей не верыць.

2. Аллаг – Той, Хто ўзняў нябёсы без апірышча, якое б вы маглі бачыць. Потым Ён узвысіўся над Тронам, пануючы над сусветам, скарыўшы сонца і месяц. Плывуць яны да пэўнага тэрміну. Кіруе Ён справамі і тлумачыць азнакі – магчыма, вы будзеце ўпэўненыя ў сустрэчы з Госпадам сваім.

3. Ён – Той, Хто разаслаў зямлю і ўсталяваў на ёй горы і рэкі. З кожнага плода Ён зрабіў дзве пары. Ён накрывае ноччу дзень. Сапраўды, у гэтым знак для людзей, якія разважаюць.

4. Ёсць на зямлі сумежныя ўчасткі, вінаградныя сады, пасевы, а таксама пальмы з аднаго кораня і з розных каранёў, якія пояць адною вадою, але Мы даём адным з іх больш перавагі, ніж іншым. Сапраўды, у гэтым азнакадля людзей, якія разумеюць.

5. Калі ты здзіўляешся, дык насамрэч дзіўныя іх словы: «Няўжо мы, стаўшы прахам, будзем створаны наноў?» Гэта тыя, якія не вераць у свайго Госпада, тыя, у каго на шыі кайданы, гэта жыхары агню, дзе яны будуць павек.

6. Яны імкнуцца да цябе з дрэнным наперад добрага, хоць раней за іх былі прыклады пакарання. Сапраўды, твой Госпад даруе прабачэнне людзям за іх несправядлівасць. Сапраўды, твой Госпад – Моцны ў пакаранні!

7. Кажуць тыя, якія не паверылі: «Чаму не паслана яму азнака ад яго Госпада?» Але ты толькі засцерагальнік. І ў кожнага народа – свой правадыр.

8. Аллаг ведае, што нясе ў сабе жанчына, колькі паменшылася і павялічылася ў кожным улонні. Сапраўды, кожная рэч у Яго мае меру.

9. Ведаючы таемнае і адкрытае, Вялікі, Усявышні!

10. Усё адно для Яго – ці хтосьці хавае сваё слова альбо кажа яго, ці хто хаваецца ўначы ці ідзе днём.

11. Анёлы ідуць за чалавекам адны за аднымі – з тылу і спераду, ахоўваючы яго па загадзе Аллага. Сапраўды, Аллаг не зменіць людзей, пакуль яны не зменяць саміх сябе. І калі Аллаг пажадае людзям ліха, дык нішто не адхіліць яго. І няма ў іх апроч Яго абаронцы.

12. Ён – Той, Хто паказвае вам маланку для боязі і надзеі, і Ён творыць цяжкія аблокі.

13. Гром услаўляе Яго хвалою, а таксама анёлы – ад боязі перад Ім. Ён пасылае маланкі, паражаючы імі, каго пажадае. Спрачаюцца пра Яго, а Ён – Магутны ў пакаранні!

14. Яму належыць заклік да праўды! А тыя, якіх яны клічуць, апроч Яго, ніяк ім не адказваюць. Яны ж падобныя да таго, хто працягвае рукі да вады, спрабуючы паднесці яе да роту, але не прымее гэтага зрабіць. Малітва нявернікаў – толькі хлусня.

15. Усё на нябёсах і на зямлі, а таксама іх цені пакланяюцца Аллагу, самахоць і прымусова, раніцай і ўвечары.

16. Спытай: «Хто Госпад нябёсаў і зямлі?» І скажы: «Аллаг!» Скажы: «Няўжо вы ўзялі сабе ў абаронцы заміж Яго тых, хто не мае ўлады прынесці карысць альбо зрабіць шкоду нават самім сабе?» Скажы: «Роўныя паміж сабою невідушчы і відушчы, роўныя паміж сабою цемра і світло?» Ці яны лічаць, што Аллаг мае памагатых, якія робяць так, як творыць Ён, а Яго твор падобны да іх? Скажы: «Аллаг – Творца кожнае рэчы. Ён – Адзіны, Усепераможны».

17. Ён пралівае з неба ваду, якой даліны напаўняюцца ў адпаведнасці са сваімі памерамі. Плынь на сваёй паверхні нясе пену. Такая ж пена з’яўляецца і на тым, што яны літуюць у агні, вырабляючы ўпрыгажэнні альбо нейкае начынне. Так Аллаг тлумачыць праўду і хлусню. Пасля пена знікне, а тое, што прыносіць карысць людзям, застанецца на зямлі. Так Аллаг прыводзіць прыпавесці.

18. На тых, якія адказалі свайму Госпаду, чакае найлепшае. А калі б у тых, якія не адказалі Яму было ўсё, што на зямлі і яшчэ столькі ж, дык яны абавязкова паспрабавалі б адкупіцца. На іх чакае гаротны разлік, і сховішчам іх будзе пекла. Агіднае гэта сховішча!

19. Няўжо той, хто ведае, што пасланае табе ад твайго Госпада – праўда, такі ж, як і невідушчы? Сапраўды, згадваюць гэта толькі адораныя розумам,

20. якія выконваюць абяцанку перад Аллагам і не парушаюць запавету,

21. якія злучаюць тое, што загадаў злучаць Аллаг, маюць боязь перад сваім Госпадам і баяцца жорсткага разліку;

22. якія праяўляюць трыванне, імкнучыся толькі да задавальнення свайго Госпада, здзяйсняюць малітву, таемна і адкрыта ахвяруюць з таго, чым Мы іх надзялілі, дабром адштурхваюць ліха. Чакае на іх апошняя мясціна –

23. сады Эдэна, куды яны ўвойдуць разам са сваімі праведнымі бацькамі, жонкамі і нашчадкамі. Да іх будуць уваходзіць анёлы праз усе брамы:

24. «Мір вам за вашае трыванне!» Якая ж выдатная апошняя мясціна.

25. А тых, якія парушаюць абяцанку перад Аллагам пасля запавету з Ім, разрываюць тое, што Аллаг загадаў злучаць, і якія распаўсюджваюць нелад на зямлі – на іх чакае праклён і горшая мясціна.

26. Аллаг павялічвае долю, каму пажадае, і памяншае, каму пажадае. Яны цешацца з зямнога жыцця, але жыццё зямное ў параўнанні з жыццём наступным – толькі часовая асалода.

27. Кажуць нявернікі: «Чаму не пасланы яму азнака ад яго Госпада?» Скажы: «Сапраўды, Аллаг збівае са шляху, каго пажадае, і вядзе простым шляхам таго, хто да яго вяртаецца,

28. тых, якія паверылі і знайшлі супакой для сваіх сэрцаў у згадванні Аллага!» Хіба ж не ў згадванні Аллага знаходзяць супакой сэрцы?

29. На тых, якія паверылі і здзяйснялі дабро, чакае асалода і лепшы прытулак.

30. Так Мы паслалі цябе да народа, раней за які жылі іншыя народы, каб ты чытаў яму тое, што Мы табе адкрылі. Але яны не паверылі ў Літасцівага. Скажы: «Ён – Госпад мой, няма бога, апроч Яго! На Яго я спадзяюся і да Яго я вярнуся!»

31. Калі б праз нейкае Пісанне рухаліся горы, раскройвалася зямля, размаўлялі памерлыя, дык гэта быў бы Каран. Але ўся справа належыць Аллагу. Няўжо тыя, якія паверылі, не ведаюць, што калі б Аллаг пажадаў, дык Ён павёў бы простым шляхам усіх людзей? А нявернікаў будуць і далей ахопліваць бедствы за тое, што яны чынілі. Альбо яны будуць побач з іх жыллём, пакуль не прыйдзе абяцанка Аллага. Сапраўды, Бог не парушае абяцанкі! 

32. З пасланцоў, якія жылі раней за цябе, таксама кпілі. Я даваў ім пэўны час, а потым караў. Якое ж было гэта пакаранне!

33. Няўжо Той, Хто сочыць за кожнай душою і тым, што яна атрымала, падобны да стодаў? Пагане надаюць Аллагу роўных у пакланенні. Скажы: «Назавіце іх! Ці вы распаведзяце Яму нешта такое, чаго Ён не ведае на зямлі, ці вашыя словы – марныя?» Але здаліся выдатнымі для нявернікаў іх мудрагельствы і збілі іх са шляху! Каго Аллаг збіў са шляху, таму няма правадыра. 

34. На іх чакае пакаранне ў зямным жыцці, а пакаранне жыцця наступнага будзе яшчэ цяжэй! Але ў іх няма заміж Аллага абаронцы. 

35. Вось прыклад раю, абяцанага збожным: там струменяць рэкі, а ежа і яго цень не знікаюць. Такі канец для збожных, а канцом для нявернікаў будзе агонь. 

36. Тыя, якім Мы даравалі Пісанне, цешацца з таго, што Мы паслалі табе. Але ёсць такія гурты, якія адмаўляюць частку з яго. Скажы: «Мне загадана пакланяцца Аллагу і не надаваць Яму раўню у пакланенні. Да Яго я заклікаю і да Яго маё вяртанне».

37. Так Мы паслалі Каран па-арабску як закон. Калі ты пойдзеш за іх запаламі пасля таго, як да цябе прыйшло веданне, дык не будзе табе заміж Аллага ні заступніка, ні абаронцы. 

38. Мы пасылалі пасланцоў раней за цябе і дарылі ім жонак і нашчадкаў. Але ніводзін пасланец не прымеў паказаць азнаку без дазвалення Аллага. Для кожнага тэрміну – сваё Пісанне. 

39. Аллаг скасоўвае тое, што пажадае, і ўсталёўвае тое, што пажадае. У Яго – Маці Пісання. 

40. Альбо Мы пакажам табе частку з таго, што абяцалі ім, альбо забяром цябе – ты павінен толькі перадаць адкрыццё, а разлік будзе за Намі.

41. Няўжо нявернікі не бачаць, як Мы памяншаем іх зямлю па краях? Вырашае Аллаг і ніхто не скасуе Яго пастановы. Ён хуткі ў разліку. 

42. Мудрагелілі і тыя, якія жылі раней за іх, але Аллаг мае моцны задум супраць іх мудрагельства. Ён ведае, што атрымлівае кожная душа. Хутка нявернікі даведаюцца, каму належыць апошняя мясціна.

43. Нявернікі кажуць: «Ніякі ты не пасланец!» Скажы: «Дастаткова Аллага як сведкі паміж мною і вамі, а таксама тых, хто ведае Пісанне».

 

 

Сура 14. Ібрагім

(Аўрам)

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Аліф. Лям. Ра. Гэта Пісанне паслана табе для таго, каб ты вывеў людзей з цемры да святла з дазволу іх Госпада, да шляху Вялікага, Пахвальнага –

2. Аллага, якому належыць усё, што на нябёсах і на зямлі. Гора нявернікам ад жорсткага пакарання,

3. тым, якія аддаюць перавагу зямному жыццю перад жыццём наступным і збіваюць са шляху Аллага, імкнучыся сказіць яго. Яны апынуліся ў глыбокай аблудзе.

4. Мы пасылалі пасланцоў толькі з мовай іх народаў, каб яны зразумела тлумачылі. Аллаг уводзіць у аблуду, каго пажадае, і вядзе простым шляхам, каго пажадае. Ён – Велічны, Мудры!

5. Мы паслалі Мусу з Нашымі азнакамі: «Выведзі свой народ з цемры да святла і нагадай ім пра Дзень Аллага». Сапраўды, у гэтым – азнакі для кожнага трывучага, удзячнага!»

6. Вось Муса сказаў народу свайму: «Згадайце літасць Аллага да вас, калі вы былі выратаваныя Ім ад роду Фараона. Яны прыносілі вам пакуты, забівалі вашых сыноў, а сабе пакідалі ў жывых вашых жанчын. У гэтым для вас – вялікае выпрабаванне ад вашага Госпада!
 

7. Вось ваш Госпад паведаміў: «Калі вы будзеце ўдзячныя, Я дам вам яшчэ больш! А калі вы будзеце няўдзячнымі, сапраўды, Маё пакаранне суворае!»

8. Муса сказаў: «А калі няўдзячнымі будзеце вы і ўсе, хто на зямлі, дык Аллаг – Багаты, Пахвальны».

9. Хіба да вас не прыходзілі весткі пра тых, якія жылі раней за вас – народ Нуха, адзіты, самудыты, а таксама пра тых, якія жылі пасля іх, і пра якіх ведае толькі Аллаг. Прыходзілі да іх Нашыя пасланцы з яснымі азнакамі, але тыя затулялі рукамі свае вусны і казалі: «Мы не верым у тое, з чым пасланыя вы, і знаходзімся ў вялікім ваганні наконт таго, да чаго вы нас заклікаеце».

10. Іх пасланцы казалі: «Няўжо вы вагаецеся адносна Аллага, Творцы неба і зямлі? Ён кліча вас, каб дараваць вам грахі вашыя і адтэрмінаваць да вызначаннага часу». Тыя адказвалі: «Вы – людзі, такія ж, як і мы. Вы жадаеце адцягнуць нас ад таго, чаму пакланяліся нашыя бацькі. Таму пакажыце нам доказ відавочны!»

11. Іх пасланцы казалі ім: «Мы – людзі, такія ж, як і вы. Аднак Аллаг даруе літасць тым з Сваіх рабоў, каму пажадае. Мы не дамо вам доказу без дазволу Аллага. І няхай вернікі спадзяюцца на Аллага!

12. Чаму ж нам не спадзявацца на Аллага, калі Ён павёў нас па нашых шляхах? Мы трывацьмем абразу. І няхай тыя, хто давяраюць, спадзяюцца на Аллага!»

13. Тыя, што не паверылі сваім пасланцам, сказалі: «Мы абавязкова знішчым вас са сваёй зямлі, калі вы не паварочаецеся да нашае веры». Але іх Госпад адкрыў ім: «Мы абавязкова знішчым прыгнятальнікаў,

14. а пасля іх Мы запоўнілі зямлю вамі. Гэта – для тых, хто баіцца ўстаць перада Мною і баіцца пагрозы».

15. Яны прасілі аб перамозе – і кожны ўпарты праціўнік панёс страты.

16. Наперадзе на яго чакае пекла, і паіцьмуць яго напоем з гною.

17. Ён будзе піць яго каўткамі, аднак як толькі праглыне, скананне атачыць яго з усіх бакоў, але ён не сканае. А наперадзе на яго чакае жорсткае пакаранне.

18. Учынкі нявернікаў, падобныя попелу, развеяныя ў бурны дзень ветрам. Яны не мецьмуць ніякай улады над тым, што атрымалі. Гэта – глыбокая аблуда.

19. Няўжо ты не бачыш, што Аллаг стварыў нябёсы і зямлю ў праўдзе? Калі Ён пажадае, дык забярэ вас і прывядзе новае стварэнне.

20. І гэта для Аллага – няцяжка.

21. Усе ўстануць перад Аллагам! Кволыя скажуць тым, якія ўзвышаліся: «Мы ішлі за вамі. Прымееце пазбавіць нас хоць бы ад часткі пакарання Аллага?» Тыя скажуць: «Калі б Аллаг павёў нас простым шляхам, дык і мы павялі б вас простым шляхам. Усё адно нам, будзем мы сумаваць альбо трываць – няма для нас выйсця».

22. Калі справа будзе вырашаная, шатан скажа: «Сапраўды, абяцанка Аллага – праўдзівая абяцанка, а сваёй абяцанкаю я ашукаў вас. Я не меў над вамі ўлады, а толькі клікаў вас. Вы мне адказалі, таму не ганьбіце мяне, а ганьбіце сябе. Я не памагаты вам, а вы не памагатыя мне. Я не маю дачынення да таго, што вы раней пакланяліся мне». Сапраўды, нявернікаў чакае пакутлівае пакаранне!

23. Тых, якія паверылі і здзяйснялі добрыя справы, увядуць у сады раю, дзе струменяць рэкі. Яны будуць там павек з дазволу Госпада іх! Прывітаннем іх там будзе «Мір».

24. Няўжо ты не бачыш, як Аллаг прыводзіць прыпавесці? Добрае слова падобна на добрае дрэва, корань якога дужы, а галіны дасягаюць неба.

25. Яно ўвесь час дае плён з дазволу яго Госпада. Аллаг прыводзіць прыпавесці для людзей – магчыма, яны задумаюцца.

26. Дрэннае слова накшталт дрэннага дрэва, вырванага з зямлі – яно не мае падставы.

27. Тых, якія паверылі, Аллаг узмацняе цвёрдым словам як у зямным, так і ў наступным жыцці. Аллаг збівае прыгнятальнікаў са шляху, Аллаг робіць, што пажадае.

28. Няўжо ты не бачыў тых, якія змянілі літасць Аллага на няверу і кінулі свой народ у месца загубы –

29. пекла, куды ўвойдуць. Які агідны гэты прытулак!

30. Яны надавалі Аллагу раўню, каб збіваць з Яго шляху. Скажы: «Атрымлівайце асалоду ад дабротаў, але, сапраўды, вашым сховішчам будзе агонь».

31. Скажы Маім рабам, якія паверылі, каб яны здзяйснялі малітву і ахвяравалі таемна і адкрыта тое, чым надзялілі Мы іх, раней, чым прыйдзе Дзень, калі не будзе ні гандлю, ні сяброўства.

32. Аллаг – Той, Хто стварыў нябёсы і зямлю, праліў з неба ваду і выгадаваў ёю плён для вашага пражытка. Ён скарыў вам караблі, якія плывуць па моры па Яго загадзе. Ён скарыў вам рэкі

33. і скарыў вам сонца і месяц, якія заўсёды рухаюцца, скарыў вам ноч і дзень.

34. Ён дараваў вам усё, што вы прасілі. Калі вы пачняце лічыць літасці Аллага, дык не пералічыце іх. Сапраўды, чалавек – несправядлівы і няўдзячны.

35. Вось сказаў Ібрагім: «Госпадзе! Зрабі гэты горад бяспечным і выратуй мяне і маіх сыноў ад пакланення стодам.

36. Госпадзе! Сапраўды, яны збілі са шляху многіх людзей. І хто пойдзе за мною, той ад мяне. А хто не паслухаецца мяне, дык Ты – Прабачаючы, Міласэрны.

37. Госпадзе наш! Я пасяліў частку нашчадкаў сваіх у даліне, дзе няма пасеваў, ля Твайго Запаветнага Дома. Госпадзе наш! Няхай яны здзяйсняюць малітву. Напоўні чалавечыя сэрцы любоўю да іх і надзялі іх плёнам – магчыма, яны будуць удзячныя.

38. Госпадзе наш! Ты ведаеш, што мы хаваем і што адкрываем. Нічаго не схаваецца ад Аллага ні на зямлі, ні ў небе.

39. Хвала Аллагу, Які дараваў мне на старасці гадоў Ісмаіля і Ісхака! Сапраўды, Госпад мой чуе маленні.

40. Госпадзе! Зрабі мяне здзяйсняючым малітву і з маіх нашчадкаў! Госпадзе наш! Прымі маленні нашыя!

41. Госпадзе наш! Прабач грахі мне, бацькам маім і вернікам у той дзень, калі будзе адплата!»

42. Не думай, што Аллаг не заўважыць таго, што робяць пагане. Ён дараваў ім адтэрміноўку да таго Дня, калі знерухомеюць погляды,

43. і яны будуць спяшацца, задраўшы галовы. Іх погляды не вяртаюцца да іх, а сэрцы іх будуць парожнімі.

44. Засцерагай людзей ад таго Дня, калі прыйдзе пакаранне да іх. Тыя, якія былі несправядлівымі, скажуць: «Госпадзе наш! Дай нам адтэрміноўку да блізкага часу! Мы адкажам на твой заклік і рушым утроп пасланцоў».Скажуць ім: «Ці не кляліся вы раней, што не будзе для вас ніякіх зменаў?

45. Вы жывяце ў паселішчах тых, якія былі несправядлівымі да саміх сябе. Вам зразумела, як Мы абышліся з імі, і Мы прыводзілі вам прыпавесці».

46. ​​Яны звярталіся да мудрагельстваў, але Аллаг ведае іх мэты, і нават гэтыя мудрагельствы здолеюць зрушыць горы!

47. Не думай, што Аллаг парушае сваю абяцанку. Сапраўды, Аллаг – Велічны, Уладар адплаты.

48. У той Дзень зямля будзе падмененая іншаю, таксама, як і нябёсы. Устануць перад Аллагам – Адзіным, Усепераможным.

49. У той Дзень ты ўбачыш грэшнікаў, закутых у кайданы.

50. Іх адзенне будзе са смалы, а твар пакрывацьме агонь,

51. каб Аллаг адплаціў кожнай душы за тое, што рабіла яна. Сапраўды, Аллаг хуткі ў адплаце.

52. Гэта – пасланне да людзей, каб іх засцерагалі ім, і каб ведалі яны, што Ён – Адзіны Бог. І няхай задумаюцца ўладальнікі розуму.

 

 

Сура 15. Аль-Хіджр

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Аліф. Лям. Ра. Гэта – азнакі Пісання і выразнага Карана.

2. Тыя, якія не вераць, напэўна, пажадаюць зрабіцца мусульманамі.

3. Пакінь іх, няхай ядуць, карыстаюцца дабротамі ды цешацца са сваіх надзеяў. Борзда даведаюцца яны.

4. Паселішчы, знішчаныя Намі, мелі ўсталяваны тэрмін.

5. Ніводная грамада не прымее ні папярэдзіць свой час, ні адтэрмінаваць яго.

6. Яны сказалі: «О той, якому пасланы Напамін. Ты апантаны.

7. Чаму ты не прыйшоў да нас з анёламі, калі ты адзін з праўдзівых?»

8. Мы пасылаем анёлаў толькі з праўдаю, і тады нікому не будзе адтэрміноўкі.

9. Сапраўды, Мы паслалі Напамін і, сапраўды, Мы захоўваем яго.

10. Мы яшчэ раней выпраўлялі пасланцоў да старажытных народаў.

11. Які б пасланец да іх не прыходзіў, яны кпілі з яго.

12. Так Мы ўкладваем няверу ў сэрцы беззаконнікаў.

13. Яны не вераць, хоць ужо і быў прыклад старажытных народаў.

14. Калі б Мы адкрылі для іх нябесную браму і яны б туды ўзняліся,

15. дык абавязкова сказалі б: «Погляды нашыя замглёныя, нас зачаравалі».

16. Мы стварылі на небе розныя сузор’і і ўпрыгожылі яго для тых, хто глядзіць.

17. І Мы захоўваем яго ад кожнага каменаванага шатана.

18. А калі ён пачне падслухоўваць, дык за ім пагоніцца яскравая зорка.

19. І Мы разаслалі зямлю і ўсталявалі там горы, а таксама гадавалі там разнастайныя каштоўныя рэчы.

20. Мы стварылі на зямлі пражытак для вас і для тых, каго вы не жывіце,

21. і скарбніцы ўсіх рэчаў у Нас. Мы пасылаем іх у пэўнай колькасці.

22. Мы выправілі вятры, якія запладняюць, і пралілі з неба ваду, якой вас поім. Але вы не прымееце яе захаваць.

23. Сапраўды, Мы даруем жыццё і скананне. Мы будзем спадчыннікамі.

24. Мы ведаем вашых папярэднікаў і наступнікаў.

25. Сапраўды, твой Госпад збярэ іх усіх. Сапраўды, Ён – Мудры, Усеведаючы!

26. Мы стварылі чалавека з сухое і гучнае гліны, якая была атрыманая са змененае чорнае зямлі.

27. Джына Мы стварылі яшчэ раней – з палаючага агню.

28. Вось твой Госпад сказаў анёлам: «Сапраўды, Я ствару чалавека з сухое і гучнае гліны, якая была атрыманая са змененае чорнае зямлі.

29. І калі Я абмераю яе і Ўдыхну ў яе са Свайго Духа, дык падайце перад ім ніцма, нізка кланяючыся!»

30. І пакланіліся ўсе анёлы, 

31. апроч Ібліса – ён адмовіўся быць з тымі, якія пакланіліся. 

32. Сказаў Аллаг: «Іблісе! Што з табою, бо ты не з тымі, якія пакланіліся».

33. Той адказаў: «Я не пакланюся чалавеку, якога Ты стварыў з сухое і гучнае гліны, якая была атрыманая са змененае чорнае зямлі».

34. Сказаў Аллаг: «Выйдзі адсюль! Будзеш ты каменаваны!

35. Праклён будзе над табою да Суднага Дня!»

36. Той сказаў: «Дай мне адтэрміноўку – да таго Дня, калі яны адродзяцца».

37. Ён адказаў: «Сапраўды, ты – адзін з тых, каму дадзеная адтэрміноўка,

38. да пэўнага Дня».

39. Той сказаў: «Госпадзе! За тое, што Ты ўвёў мяне ў аблуду, я ўпрыгожу для іх тое, што на зямлі і абавязкова спакушу іх усіх, 

40. апроч Тваіх шчырых рабоў».

41. Ён сказаў: «Гэта – просты шлях да Мяне.

42. Сапраўды, няма ў цябе ўлады над Маімі рабамі, апроч тых, якія спакусяцца і накіруюцца за табою. 

43. Сапраўды, пекла – месца, абяцанае ім усім.

44. Яно мае сем брамаў, і ў кожную зайдзе свая частка.

45. Сапраўды, збожныя будуць у садах раю, сярод крыніцаў».

46. Уваходзьце сюды з мірам – у бяспецы вы.

47. Мы ачысцім іх сэрцы ад нянавісці, і яны, як браты, будуць ляжаць на ложках, тварам адзін да аднаго. 

48. Там не закране іх стомленасць, і не выйдуць яны адтуль. 

49. Распавядзі Маім рабам пра тое, што Я – Прабачаючы, Міласэрны!

50. І што пакаранне Маё – пакаранне пакутлівае!

51. І распавядзі ім пра гасцей Ібрагіма.

52. Вось яны ўвайшлі да яго і сказалі: «Мір!» А ён адказаў: «Мы баімся вас».

53. Тыя сказалі: «Не палохайся! Мы паведамляем табе ўцешную вестку пра разумнага хлопчыка».

54. Ён сказаў: «Няўжо вы паведамляеце мне такую ​​ўцешную вестку тады, калі кранула мяне старасць? Якую ж уцешную вестку вы мне прынеслі?»

55. Яны сказалі: «Мы паведамілі табе праўду, таму не будзь сярод тых, якія ўпадаюць у роспач».

56. Ён адказаў: «Хто ж расчароўваецца ў літасці свайго Госпада, апроч тых, што знаходзяцца ў аблудзе?»

57. І сказаў: «Чаго ж вы жадаеце, пасланцы?»

58. Яны сказалі: «Нас паслалі да людзей грэшных,

59. апроч сям’і Лута – мы выратуем іх усіх, 

60. апроч яго жонкі. Мы вырашылі, што яна застанецца».

61. І калі пасланцы прыйшлі да сям’і Лута,

62. ён сказаў: «Сапраўды, вы – незнаёмыя людзі». 

63. Тыя сказалі: «Мы прыйшлі да цябе з тым, у чым яны вагаюцца. 

64. Мы прынеслі табе праўду і мы праўдзівыя. 

65. Сярод ночы выведзі сваю сям’ю і сам руш утроп іх. І няхай ніводзін з вас не азіраецца! Ідзіце туды, куды вам загадана».

66. Мы паведамілі яму пра тое, што да раніцы яны ўсе будуць знішчаныя. 

67. І прыйшлі жыхары горада, цешачыся. 

68. Лут сказаў: «Гэта – мае госці, таму не ганьбіце мяне, 

69. бойцеся Аллага і не зняважце мяне».

70. І яны сказалі: «Няўжо мы не забаранілі табе быць з жыхарамі сусветаў?»

71. Ён адказаў: «Вось вам мае дочкіажаніцеся з імі, калі вы гэтага жадаеце!» 

72. Клянуся тваім жыццём! Яны блукалі, у сваім ап’яненні, 

73. а на ўсходзе сонца паразіў іх лямант. 

74. Мы абярнулі горад дагары нагамі і пралілі на іх дождж з камянёў з абпаленае гліны.

75. Сапраўды, у гэтым знак для тых, хто здольны бачыць!

76. Было яно на прыкметнай дарозе. 

77. Сапраўды, у гэтым знак для вернікаў!

78. Жыхары Айкі былі несправядлівымі, 

79. таму Мы пакаралі іх. Сапраўды, гэтыя два гарады былі на бачным шляху.

80. Жыхары Хіджра лічылі пасланцоў за хлусаў.

81. Мы даравалі ім Нашыя азнакі, але яны адхінуліся. 

82. У гарах яны высякалі сабе бяспечнае жыллё, 

83. але раніцай паразіў іх лямант.

84. Не дапамагло ім тое, што яны сабе назапашвалі!

85. Мы не стваралі нябёсаў, зямлі і таго, што паміж імі, як толькі ў праўдзе. Час абавязкова надыдзе. Таму дай ім лепей прабачэння. 

86. Сапраўды, твой Госпад – Творца, Усеведаючы!

87. Сапраўды, Мы даравалі табе сем паўторных і вялікі Каран. 

88. Не глядзі на даброты, якімі Мы надзялілі некаторых з іх. Не маркоцься наконт іх і апусці свае крылы перад вернікамі. 

89. Скажы: «Сапраўды, я – выразны засцерагальнік». 

90. Мы паслалі падобнае на тых, 

91. хто падзяліў Каран на часткі. 

92. Клянуся Богам тваім, што Мы спытаем іх усіх 

93. пра тое, што яны рабілі!

94. Распавядзі тое, што Табе загадана і адхініся ад паганаў. 

95. Сапраўды, Мы выратавалі цябе ад тых, якія кпяць, 

96. якія лічаць, што апроч Аллага маецца іншы бог. Борзда даведаюцца яны!

97. Мы ведаем, што твае грудзі сціскаюцца ад таго, што кажуць яны. 

98. Дык услаўляй Госпада свайго хвалою і будзь з тых, якія падаюць ніцма!

99. Пакланяйся Госпаду свайму, пакуль не прыйдзе да цябе ўпэўненасць.

 

 

Сура 16. Ан-Нахль

(Пчолы)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Загад Аллага прыйдзе – таму не намагайцеся паскорыць яго. Слаўны Ён і Вышэйшы за тое, што яны надаюць Яму ў супольнікі. 

2. Па загадзе Сваім пасылае Ён анёлаў з духам таму з рабоў Сваіх, каму пажадае, каб засцерагалі яны: «Няма бога, апроч Мяне! Таму бойцеся Мяне!» 

3. Ён стварыў нябёсы і зямлю ў праўдзе. Вышэйшы Ён за тое, што яны надаюць Яму ў супольнікі. 

4. Ён стварыў чалавека з кроплі семя, а ён яшчэ і адкрыта спрачаецца!

5Ён стварыў худобу, якая абараняе нас ад сцюжы і прыносіць іншую карысць. Таксама вы маеце з яе ежу. 

6. Вы любуецеся ёю, калі прыганяюць яе ўвечары і выжаняеце раніцай на пашу. 

7. Яны пераносяць вашыя клункі ў краіны, да якіх вы дабраліся б толькі з цяжкімі высілкамі. Сапраўды, Госпад ваш – Спачувальны, Міласэрны! 

8. Коні, мулы і аслы створаны для вашага перамяшчэння і для прыгажосці. Ён творыць і тое, пра што вы не ведаеце. 

9. Аллаг паказвае просты шлях, але ёсць і шляхі, якія вядуць у бок. Калі б Ён пажадаў, дык усіх вас павёў бы простым шляхам.

10. Ён – Той, Хто пралівае з неба ваду. Яна – напой для вас, дзякуючы ёй гадуюцца дрэвы, сярод якіх вы пасвіце худобу. 

11. Ён гадуе для вас жыта, алею, фінікавыя пальмы, вінаград ды іншы плён. Сапраўды, у гэтым знак для людзей разважаючых.

12. Ён падпарадкаваў вам ноч і дзень, сонца і месяц. Па Яго загадзе зоркі таксама пакорлівыя. Сапраўды, у гэтым знак для людзей разумеючых. 

13. Ён распаўсюдзіў для вас на зямлі тое, што мае розныя колеры. Сапраўды, у гэтым знак для людзей, якія згадваюць.

14. Ён – Той, Хто падпарадкаваў мора, каб вы спажывалі з яго свежае мяса і здабывалі ўпрыгажэнні, якія вы апранаеце. Ты бачыш караблі, якія плывуць ім для таго, каб вы маглі шукаць Яго шчодрасць. Магчыма, вы будзеце ўдзячныя.

15. Ён паставіў на зямлі непахісныя горы, каб яна не вагалася пад вамі, а таксама рэкі і дарогі. Магчыма, вы пойдзеце простым шляхам.

16. Гэта таксама знакі. А з дапамогаю зорак людзі ідуць простым шляхам.

17. Няўжо Той, Хто ставарае зявляецца роўным таму хто не стварае? Няўжо не задумаецеся вы?

18. Калі вы пачняце лічыць літасці Аллага, дык не злічыце іх! Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны!

19. Аллаг ведае, што вы хаваеце і што адкрываеце.

20. Тыя, каго вы клічаце заміж Аллага, не будуюць нічога, яны самі – створаныя.

21. Безжыццёвыя, не жывыя! Не ведаюць яны, калі іх адродзяць.

22. Ваш Бог – Бог адзіны. Сэрцы тых, якія не вераць у наступнае жыццё, поўныя супярэчнасцей, а самі яны – ганарліўцы.

23. Так, Аллаг ведае тое, што яны хаваюць і адкрываюць! Сапраўды, Ён не любіць грэбаванне.

24. Калі іх пытаюцца: «Што паслаў Госпад ваш?» – дык кажуць: «Казкі старажытных народаў».

25. Няхай у Дзень Ажывання нясуць яны свой цяжар і цяжар тых, каго яны збілі са шляху праз сваё невуцтва. Агідна тое, што яны панясуць.

26. Мудрагелілі яшчэ тыя, якія жылі раней за іх. Аднак Аллаг разбурыў падмуркі іх будынкаў, і зверху на іх абрынуўся дах. Пакаранне прыйшло да іх адтуль, адкуль яны і не чакалі.

27. Потым, у Дзень Ажывання, Ён зняважыць іх і скажа: «Дзе ж тыя, роўныя Мне, пра якіх вы спрачаліся?» Тыя, якім дадзена разуменне, скажуць: «Сапраўды, сёння нявернікаў спаткае ганьба і ліха».

28. Несправядлівыя самі да сябе, якіх забралі анёлы, з няшчыраю пакораю скажуць: «Мы не ўчынілі ніякага ліха». О не! Сапраўды, Аллаг ведае пра тое, што робіце вы.

29. Увайдзіце ў браму пекла, дзе вы будзеце павек. Агідны прытулак для ганарлівых.

30. Спытай у збожных: «Што паслаў Госпад ваш?» Тыя скажуць: «Карысць». Дабро чакае на тых, якія рабілі яго ў гэтым свеце. А наступны свет найлепшы! Якая выдатная мясціна збожных!

31. Сады Эдэна, дзе струменяць рэкі. Для іх там будзе ўсё, што яны пажадаюць. Так Аллаг узнагароджвае збожных,

32. якіх анёлы забіраюць праведнымі. Кажуць: «Мір вам! Увайдзіце ў рай за тое, што рабілі вы».

33. Няўжо яны чакаюць чагосьці іншага, а не таго, што прыйдуць да іх анёлы і прыйдзе загад ад Госпада іх? Таксама рабілі і тыя, што жылі раней за іх. Аллаг не быў несправядлівым да іх, але яны самі былі несправядлівымі да сябе!

34. Бяда спасцігла іх за тое, што яны чынілі. Апанавала іх тое, з чаго яны кпілі.

35. Пагане скажуць: «Калі б пажадаў Аллаг, дык ні мы, ні бацькі нашыя не пакланяліся б нікому, апроч Яго, і нічога б не забаранялі без Яго». Так казалі і тыя, якія жылі раней за іх. Але абавязак пасланцоў – толькі выразная вестка.

36. Да кожнага народу Мы выпраўлялі пасланца: «Пакланяйцеся Аллагу ды пазбягайце тагута!» Сярод іх маюцца тыя, каму Аллаг паказаў просты шлях, а таксама тыя, якія набылі хлусню. Ідзіце зямлёю і паглядзіце, які быў канец тых, якія адмаўлялі.

37. Калі ты жадаеш, каб яны ішлі простым шляхам, дык Аллаг не паказвае шляхі тым, каго ўводзіць у аблуду. І не будзе ім памагатых.

38. Яны кляліся Аллагам – наймацнейшымі клятвамі – што Аллаг не адродзіць памерлых. Ды не! Гэта Сапраўдная абяцанка ад Яго, але большасць людзей не ведае.

39. Ён патлумачыць ім тое, пра што яны спрачаліся паміж сабою, і тыя, якія не паверылі, даведаюцца, што былі хлусамі.

40. Калі Мы жадаем нейкую рэч, дык толькі кажам ёй: «Будзь!» – і яна ёсць.

41. Тых, якія здзейснілі пярэбары дзеля Аллага пасля таго, як зведалі ўціскі, Мы пасялілі ў зямным жыцці ў найлепшым месцы. А ўзнагароджанне наступнага жыцця яшчэ больш – калі б яны толькі ведалі.

42. Гэта – тыя, хто мае трыванне і спадзяецца на свайго Госпада.

43. І раней за цябе Мы пасылалі мужчын, якім давалі адкрыцці. Спытайце пра гэта ў людзей Напаміну, калі вы не ведаеце.

44Мы выпраўлялі іх з выразнымі азнакамі і Пісаннямі! Мы паслалі табе напамін, каб ты патлумачыў людзям тое, што паслана ім – магчыма, разважаць яны.

45. Няўжо тыя, якія звяртаюцца да ліхіх падкопаў, упэўненыя, што Мы не прымусім зямлю паглынуць іх, ці што пакаранне не прыйдзе да іх адтуль, адкуль яны і не чакаюць?

46. ​​Ці Мы не схопім іх у час іх спраў, і не пазбегнуць гэтага яны?

47. Ці Мы не схопім іх тады, калі яны спалоханыя? Сапраўды, твой Госпад – Жаласлівы, Міласэрны!

48. Няўжо яны не назіралі за рэчамі, якія стварыў Аллаг? Іх цені схіляюцца направа і налева, пакорліва пакланяюцца перад Аллагам.

49. Перад Аллагам падаюць ніцма тыя, хто на нябёсах і на зямлі – жывёлы, анёлы, і яны не ганарацца.

50. Яны маюць боязь перад Госпадам сваім, Які валадарыць над імі, і робяць тое, што ім загадана!

51. Сказаў Аллаг: «Не бярыце сабе двух багоў! Сапраўды, Ён – адзіны Бог. І бойцеся толькі Мяне!»

52. Яму належыць тое, што на нябёсах і на зямлі, Яму належыць нязменная пакорлівасць. Няўжо вы будзеце баяцца кагосьці іншага заміж Аллага?

53. Усе даброты, якія вы маеце – ад Аллага. А калі вас кранае бяда, дык вы заклікаеце да Яго.

54. Калі ж Ён адхіляе гэтую бяду, дык частка з вас пачынае надаваць Госпаду свайму роўных,

55. адмаўляючы тое, што Мы даравалі ім. Атрымлівайце асалоду ад дабротаў, хутка даведаецеся вы.

56. Частку з таго, чым Мы надзялілі іх, яны аддаюць тым, пра каго і не ведаюць. Клянуся Аллагам, вас спытаюць пра тое, што прыдумвалі вы!

57. Яны прыпісваюць Аллагу дачок. Усячысты Ён. А самі пакідаюць сабе, каго пажадаюць.

58. Калі каму-небудзь з іх паведамляюць пра дачку, дык яго твар робіцца чорным, ён ледзь стрымлівае злаванне

59. і хаваецца ад людзей праз гаркату таго, чым яго ўсцешылі. Пакінуць яе з ганьбаю ці закапаць жыўцом у зямлю? Якая ж дрэнная іх пастанова!

60. Благі прыклад тых, хто не верыць у наступнае жыццё. Аллагу належаць самыя высокія якасці, а Ён – Велічны, Мудры.

61. Калі б Аллаг караў людзей за іх несправядлівасць, дык на зямлі не засталося б жывой істоты! Але Ён дараваў ім адтэрміноўку да пэўнага часу. І калі прыйдзе час іх, дык яны не аддаляць яго і не наблізяць – нават на гадзіну.

62. Яны прыпісваюць Аллагу тое, што агідна для іх саміх. Языкі іх хлусяць, што чакае на іх нешта вельмі прыгожае. Няма сумневу, што на іх чакае агонь, куды і ўкінуць іх.

63. Клянуся Аллагам, яшчэ раней за цябе былі Нашыя пасланні да народаў, але шатан упрыгожыў ім іх учынкі. Сёння ён – іх абаронца, і чакае на іх пакутлівае пакаранне.

64. Мы не выпраўлялі табе Пісанне, апроч як для таго, каб ты патлумачыў ім, пра што яны спрачаюцца, а таксама як просты шлях і літасць для вернікаў.

65. Аллаг праліў з неба ваду і ажывіў ёй безжыццёвую зямлю. Сапраўды, у гэтым азнака для людзей, якія слухаюць!

66. Сапраўды, у жывёле для вас – павучальны прыклад. Мы даём вам піць тое, што ў іх чэраве паміж страўленаю ежаю і крывёю – чыстае малако, прыемнае для таго, хто яго п’е.

67. З пладоў пальмы і вінаграду вы робіце п’янлівы напой і добрую ежу. Сапраўды, у гэтым азнака для людзей, якія разумеюць.

68. І адкрыў Госпад твой пчале: «Рабі сабе дамы ў гарах, на дрэвах і ў будынках.

69. А потым ужывай з рознага плёну і пакорліва ідзі шляхамі Госпада твайго». З пчаліных чэраўцаўатрымліваецца напой рознага колеру, у якім лячэнне для людзей. Сапраўды, у гэтым азнака для людзей, якія разважаюць.

70. Аллаг стварыў вас, а потым забярэ. Сярод вас маюцца такія, хто дасягае горшых часоў і ўжо нічога не ведае. Сапраўды, Аллаг – Усеведаючы, Усемагутны.

71. Адным з вас Аллаг дараваў перавагу перад іншымі ў Сваёй долі. Але, тыя, якія маюць перавагу, не жадаюць аддаваць сваю долю рабам, каб не быць з імі роўнымі. Няўжо яны адмаўляюць літасць Аллага?

72. Аллаг стварыў вашых жонак з вас саміх, а з вашых жонак стварыў дзяцей, унукаў і надзяліў іх дабротамі. Няўжо яны вераць у хлусню і не вераць у літасць Аллага?

73. Яны пакланяюцца заміж Аллага таму, што не мае для іх ніякае долі, ні на нябёсах, ні на зямлі. І мець не прымее!

74. Таму не надавайце Аллагу роўных! Сапраўды, Аллаг ведае, а вы не ведаеце.

75. Аллаг прывёў прыклад пра падначаленага раба, які нічога не мае, а таксама таго, хто атрымаў ад Нас добрую долю, з якое і ахвяруе – як таемна, дык і адкрыта. Роўныя яны? Хвала Аллагу! Але большасць з іх не ведае.

76. Аллаг прывёў прыклад пра двух мужчын. Адзін з іх – нямко, нічога не мае і абцяжвае свайго гаспадара. Куды б яго не паслалі, ён не прынясе нічога добрага. Няўжо ён роўны таму, хто заклікае да справядлівасці і знаходзіцца на простым шляху?

77. Аллагу належыць таемнае нябёсаў і зямлі. Прыход часу – як імгненне вока, ці яшчэ хутчэй. Сапраўды, Аллаг здольны на кожную рэч.

78. Аллаг вывеў вас з улонняў вашых маці. Вы не ведалі нічога, а Ён дараваў вам слых, зрок і сэрца. Магчыма, вы будзеце ўдзячныя.

79. Хіба вы не бачылі птушак, якія пакорліва лётаюць у небе? Іх утрымлівае толькі Аллаг. Сапраўды, у гэтым знак для вернікаў.

80. Аллаг зрабіў вашыя дамы жыллём, а таксама зрабіў для вас жыллё са шкур жывёлаў, якія вам лёгка пераносіць– і ў падарожжы, і на стаянцы. А яшчэ і вырабы з воўны, пуху і валасоў, каб вы карысталіся імі да пэўнага часу.

81. Аллаг зрабіў для вас цень ад таго, што стварыў. Ён зрабіў для вас прытулак у гарах і вопратку, якая абараняе вас ад спякоты, і вопратку, якая абараняе вас ад узаемнае шкоды. Так Аллаг скончвае Сваю літасць вам – магчыма, вы падпарадкуецеся.

82. Але калі яны адхінуцца, дык ты павінен толькі перадаць адкрыццё.

83. Яны даведваюцца пра літасць Аллага, а потым адмаўляюць яе. Большасць з іх – нявернікі.

84. У той дзень паставім Мы сведку з кожнае грамады. Нявернікам не дазволяць размаўляць, і ад іх не запатрабуюць выправіцца. 

85. Калі несправядлівыя ўбачаць пакаранне, дык не будзе ім ні палягчэння, ні адтэрміноўкі.

86. І калі пагане ўбачаць тых каму пакланяліся, дык скажуць: «Госпадзе наш! Вось тыя, каму мы пакланяліся заміж Цябе». Але тыя адкажуць: «Сапраўды, вы – хлусы!»

87. Яны выявяць пакорлівасць перад Аллагам у той Дзень. Пакіне іх тое, што яны прыдумлялі.

88. А тым, хто не паверыў і збіваў іншых са шляху Аллага, Мы будзем узмацняць адно пакаранне іншым – за тое, што яны распаўсюджвалі нелад.

89. У той дзень мы паставім супраць кожнае грамады сведку з іх саміх. А цябе Мы паклічам у якасці сведкі супраць людзей, якія знаходзяцца тут. Мы паслалі табе Пісанне як тлумачэнне кожнае рэчы, просты шлях, літасць і ўцешную вестку для пакорлівых.

90. Сапраўды, Аллаг заклікае да справядлівасці, добрых справаў і падтрымкі сваякоў. Ён забараняе распусту, грахі ды ўціск. І Ён вучыць вас – магчыма, будзеце памятаць вы.

91. Таму выконвайце ваш запавет з Аллагам, калі вы склалі яго. Не парушайце клятваў пасля таго, як вы пацвердзілі іх, бо вы зрабілі Аллага сваім Даручнікам. Сапраўды, Аллаг ведае, што вы робіце.

92. Не будзьце падобныя да жанчыны, якая распусціла прадзіва, напярэдадні моцна звязаўшы яе. Вы ператвараеце свае клятвы на мудрагельствы, калі адны з вас робяцца магутней за іншых. Так Аллаг выпрабоўвае вас. А ў Дзень Ажывання Ён абавязкова патлумачыць вам тое, адносна чаго вы спрачаліся.

93. Калі б Аллаг пажадаў, дык зрабіў бы вас адзінай грамадою. Але Ён збівае са шляху, каго пажадае, і вядзе простым шляхам, каго пажадае. Вас абавязкова спытаюць пра тое, што вы рабілі.

94. Не ператварайце сваіх клятваў на ўзаемныя падкопы, інакш паслізнецца ваша нага пасля таго, як стаяла цвёрда, і паспытаеце вы ліха за тое, што збівалі іншых са шляху Аллага, і чакае на вас вялікае пакаранне!

95. Не прадавайце запавет з Аллагам за нізкі кошт. Тое, што ў Аллага, лепш для вас, калі б вы толькі ведалі!

96. Тое, што ў вас знікне, а тое, што ў Аллага, застанецца назаўсёды. Мы абавязкова ўзнагародзім тых, якія былі трывучымі, за лепшае з таго, што яны рабілі.

97. Мужчынам і жанчынам, якія рабілі дабро і былі вернікамі, Мы абавязкова дамо выдатнае жыццё. І Мы абавязкова ўзнагародзім іх за тое лепшае, што яны рабілі.

98. Калі ты чытаеш Каран, дык шукай абароны ў Аллага ад шатана каменаванага.

99. У яго няма ўлады над тымі, якія паверылі і спадзяюцца на Госпада.

100. Пад яго ўладаю толькі тыя, якія лічаць яго сваім прыхільнікам і зрабіліся паганцамі.

101. Калі Мы мяняем адзін аят на іншы – Аллаг лепш ведае, што пасылаць – яны кажуць: «Сапраўды, ты – хлус!» Але большасць з іх не ведае.

102. Скажы: «Святы Дух прыносіць яго ад Госпада твайго з праўдаю, каб умацаваць тых, якія паверылі, і як просты шлях і ўцешную вестку для адданых».

103. Мы ведаем, што яны кажуць: «Яго навучае чалавек!» Але гутарка таго, на каго яны паказваюць – чужая, а гэта – гутарка арабская, вядомая.

104. Аллаг не вядзе простым шляхам тых, хто не верыць у Яго азнакі. На іх чакае пакутлівае пакаранне.

105. Хлусню выдумляюць тыя, якія не вераць у азнакі Аллага. Менавіта яны – хлусы.

106. Гнеў Аллага і вялікае пакаранне спаткае тых, хто пакінуў веру ў Аллага пасля таго, як яе меў. Выключэнне – тыя, якія былі вымушаныя так зрабіць, але сэрцы іх знаходзілі супакой у веры – але не тыя, хто сам раскрыў свае грудзі няверы.

107. Гэта так, бо яны, заміж наступнага жыцця, аддалі перавагу жыццю зямному. Сапраўды, Аллаг не вядзе простым шляхам нявернікаў.

108. Яны – тыя, чые сэрцы, слых і зрок Аллаг запячатаў. Яны – невукі!

109. У наступным жыцці яны абавязкова згубяць усё.

110. Сапраўды, тых, якія ажыццявілі пярэбары пасля таго, як выпрабавалі спакусы, а потым змагаліся і былі трывучымі, твой Госпад цяпер цешыць і даруе. 

111. У той Дзень прыйдзе кожная душа і будзе спрачацца сама за сябе. Кожная душа атрымае поўную меру за тое, што рабіла яна. І не абыдуцца з імі несправядліва.

112. Аллаг прывёў прыклад пра паселішча, якое было безклапотнае і спакойнае. Яны атрымлівалі шчодрую долю адусюль, але не дзякавалі Аллагу за даброты. Таму Аллаг прымусіў іх надзець вопратку голаду і страху за тое, што яны рабілі.

113. Да іх прыходзіў Пасланец з іх саміх, і яны знайшлі яго хлусам. І спасцігла іх пакаранне за тое, што яны несправядлівыя.

114. Спажывайце дазволенае і прыгожае – з таго, чым надзяліў вас Аллаг! І дзякуйце за літасць Аллага, калі вы пакланяецеся Яму.

115. Забаронена для вас: падла, кроў, мяса свінні і тое, што забіта без згадвання імені Аллага. А калі хто быў змушаны з’есці гэта, а не чыніў ганьбы ці парушаў мяжы, дык Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны!

116. Не вымаўляйце сваімі вуснамі хлусні: «Гэта – дазволена, а гэта – забаронена», зводзячы на ​​Аллага паклёп. Сапраўды, без поспеху тыя, якія паклёпнічаюць на Аллага.

117. Нетрывалая зямная асалода – на іх чакае пакутлівае пакаранне.

118. А юдэям Мы забаранілі тое, пра што ўжо паведамляем табе; Мы не былі несправядлівымі да іх, яны самі былі несправядлівыя да сябе.

119. Сапраўды, тым, якія рабілі ліха па няведанні сваім, але потым павініліся і выправіліся, твой Госпад цяпер даруе і літуе

120. Сапраўды, Ібрагім быў правадыром, пакорлівым Аллагу, ханіфам (адзінабожнікам), і не быў ён паганым!

121. Ён дзякаваў Аллага за даброты, таму Ён абраў яго і паказаў дакладны шлях.

122. Мы даравалі яму карысць у зямным жыцці; а ў жыцці наступным ён будзе сярод праведнікаў.

123. Потым Мы адкрылі табе: «Ідзі за верай Ібрагіма-ханіфа». А ён не быў паганым. 

124. Субота была ўсталяваная толькі для тых, хто спрачаўся пра гэта. 

125. Кліч на шлях Госпада свайго з мудрасцю і добрым настаўленнем і спрачайся з імі толькі найлепшым чынам. Сапраўды, твой Госпад лепш ведае, хто збіўся са шляху Яго, і Ён лепш ведае, хто ідзе простым шляхам. 

126 Калі вы будзеце іх караць, дык карайце іх так, як каралі яны. Але калі вы будзеце мець трыванне, дык гэта будзе лепш для трывучых.

127. Таму трывай, а трыванне тваё – толькі ад Аллага! Не бянтэжся праз іх і не сумуй праз тое, што яны мудрагеляць.

128. Сапраўды, Аллаг з тымі, якія збожныя, з тымі, якія робяць дабро.

 

 

Сура 17. Аль-Ісра

(Начное падарожжа)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Слава Таму, Хто перанёс ноччу раба Свайго з Запаветнае мячэці да Адлеглае мячэці для таго, каб паказаць яму частку Нашых азнакаў. Мы блаславілі яе, і Ён – Усечуючы, Усебачачы.

2. І Мы даравалі Мусе Пісанне і зрабілі яго простым шляхам для сыноў Ісраіля: «Не бярыце абаронцам нікога, апроч Мяне, 

3. о вы, нашчадкі тых, якіх Мы выратавалі разам з Нухам! Сапраўды, ён быў удзячным рабом».

4. Мы ўсталявалі сынам Ісраіля ў Пісанні: «Вы двойчы будзеце распаўсюджваць нелад на зямлі і будзеце празмерна пагардлівымі».

5. І калі настаў першы раз, дык Мы адаслалі супраць вас Нашых рабоў, надзеленых вялікаю моцаю. Яны прайшлі ўсімі землямі, і ажыццявілася абяцанка.

6. Потым Мы даравалі вам перамогу над імі, дапамаглі маёмасцю і дзецьмі і зрабілі вас шматлікімі. 

7. Калі вы робіце дабро, дык робіце для сябе, а калі робіце ліха, дык таксама для сябе. А калі прыйдзе час апошняе абяцанкі, дык яны нанова рабіцьмуць ліха і ўвойдуць у мячэць (у Ерусалімскі храм), як увайшлі туды ўпершыню, і знішчаць усё, што здолеюць. 

8. Магчыма, злітуецца над вамі Госпад ваш. Але калі вы нанова паварочаецеся да старога, дык Мы скараем вас і зробім пекла турмою для нявернікаў. 

9. Сапраўды, гэты Каран вядзе да самага простага шляху, і паведамляе вернікаў, якія робяць добрыя справы, пра тое, што на іх чакае вялікае ўзнагароджанне.

10. А тым, якія не вераць у наступнае жыццё – ім падрыхтавалі Мы пакутлівае пакаранне.

11. Чалавек кліча ліха таксама, як кліча дабро. Сапраўды, нетрывучы ж чалавек.

12. Мы зрабілі ноч і дзень двума знакамі: знак ночы схаваны ў цемры, а знак дня даруе святло – каб вы жадалі літасці вашага Госпада, ведалі колькасць гадоў і лічылі. Кожную рэч Мы патлумачылі падрабязна.

13. Кожнаму чалавеку Мы павесілі на шыю скрутак лёсу. У Дзень Ажывання Мы дастанем яго, як адкрытую кнігу: 

14. «Чытай кнігу сваю! Дастаткова сёння табе таго, што ты сам выступіш са справаздачаю супраць сябе самога».

15. Хто ідзе простым шляхам, той ідзе ім сам для сябе. І хто сышоў з яго, дык сышоў толькі сам супраць сябе. І ніхто не панясе цяжар іншага. Мы ж не каралі нікога, не выправіўшы перад тым пасланца. 

16. Калі Мы жадалі знішчыць нейкае паселішча, дык загадвалі тым, хто раскашаваў у ім быць пакорлівыміа яны працягвалі чыніць ганьбу. Ажыццяўлялася Нашае слова, і знішчалі Мы ўсіх дашчэнту.

17. Колькі паселішчаў Мы знішчылі пасля Нуха. І толькі Госпад твой ведае і бачыць грахі рабоў Сваіх.

18. Хто прагнуў дабротаў цяперашняга жыцця, дык абдорвалі Мы яго тым, чым жадалі, і абдорвалі таго, каго жадалі. А потым Мы кінулі яго ў пекла, дзе будзе ён зняважаны і пабіты. 

19. А хто імкнуўся да жыцця наступнага, прыкладаў да гэтага належныя намаганні і быў вернікам, дык яго намаганні ўзнагародзяць. 

20. Кожных з гэтых ды з іншых надзяляе Госпад твой, і не забаронена тое, што даў твой Госпад.

21. Паглядзі, як Мы аддалі перавагу адным з іх перад іншымі. А наступнае жыццё вышэй па ступені і вышэй перавагамі. 

22. Не пакланяйся апроч Аллага іншаму богу, а то застанешся зняважаным і пакінутым. 

23. Загадаў вам Госпад твой не пакланяцца нікому, апроч Яго, а таксама ставіцца добра да бацькоў. І калі нехта з іх – ці яны абое – дасягне старасці, дык не кажы ім: «Фе!», не крычы на іх і кажы ім толькі годныя словы. 

24. Схілі перад імі крыло пакоры па міласэрнасці сваёй і скажы: «Госпадзе мой! Злітуйся над імі, бо яны гадавалі мяне малога». 

25. Ваш Госпад лепш ведае, што ў вашых душах, калі робіце вы добрыя справы. Ён даруе тым, хто звяртаецца да Яго ў каянні. 

26. Аддавай належнае сваяку, жабраку, падарожніку і не марнуй дарма.

27. Сапраўды, марнатраўцы – браты шатанаў. А шатан быў няўдзячны перад Госпадам тваім. 

28. Калі ты вяртаешся ад усіх тых у пошуках літасці Госпада свайго – на якую спадзяешся, дык размаўляй з імі ласкава. 

29. Не будзь хцівым, нібы твая рука прыкутая да шыі, але і не марнуй дарма, каб не застаўся ты асуджаным і збяднелым. 

30. Аллаг павялічвае долю, каму пажадае, і памяншае, каму пажадае. Сапраўды, Ён – Усебачачы і Дасведчаны пра сваіх рабоў. 

31. Не забівайце сваіх дзяцей, баючыся галечы. Мы жывім як іх, дык і вас. Сапраўды, гэтае забойства – вялікі грэх!

32. І не падыходзьце да пералюбу. Сапраўды, гэта – агіда, шлях ганебны!

33. Не пазбаўляйце жыцця душу, забойства якой забараніў Аллаг, калі толькі не маеце на гэта права. І калі нехта забіты несправядліва, дык Мы далі яго спадчынніку ўладу над забойцам, і няхай ён не парушае межаў у помсце. Сапраўды, Аллаг дапамагае яму!

34. Не марнуйце маёмасці сіраціны, хіба што дзеля яго даброты, а чакайце яго паўналецця. Выконвайце абяцанкі, бо вас спытаюць пра абяцанае. 

35. Напаўняйце меру, калі адмервайце, і ўзважвайце на дакладных вагах. Гэта – лепей і выдатней па выніках. 

36. Не ідзі за тым, пра што не маеш ведання, бо слых, зрок і сэрца – усіх іх спытаюць пра абяцанае. 

37. І не хадзі па зямлі панамэрліва, бо не раскалоць табе зямлю і не дасягнуць вышыні гор. 

38. Гэта ўсё – ліха перад Госпадам тваім і праціўна Яму.

39. Вось тое, што адкрыў табе Госпад твой з мудрасці. Таму не пакланяйся апроч Аллага іншаму богу, а то будзеш кінуты ў пекла, асуджаным і пабітым.

40. Няўжо ваш Госпад ушанаваў вас сынамі, а сабе ўзяў анёлаў дочкамі? Сапраўды, вы кажаце страшнае слова. 

41. Мы патлумачылі гэта ў Каране, каб яны задумаліся. І гэта толькі дадае ім агіды.

42. Скажы: «Калі б апроч Яго існавалі яшчэ і іншыя багі, як сцвярджаюць нявернікі, дык яны абавязкова імкнуліся б дасягнуць Уладара Трона».

43. Прачысты Ён і Вышэйшы за тое, што яны кажуць!

44. Услаўляюць Яго сем нябёсаў, зямля і тыя, хто на іх. Няма нічога, што б не ўслаўляла Яго славаю. І вы не разумееце іх услаўлення; сапраўды, Ён – Вытрыманы, Прабачаючы. 

45. Калі ты чытаеш Каран, дык Мы ўсталёўваем нябачную заслону паміж табою і тымі, якія не вераць у наступнае жыццё. 

46. Мы паклалі на іх сэрцы пакровы і пазбавілі іх вушы на слых, каб яны не прымелі зразумець яго. І калі ты называеш Госпада свайго ў Каране Адзіным, дык яны адхінаюцца з агідаю. 

47. Мы лепей ведаем, што яны чуюць, калі слухаюць цябе, і калі вядуць таемныя гутаркі, і калі кажуць прыгнятальнікі: «Вы ідзяце за зачараваным чалавекам». 

48. Глядзі, якіх толькі прыпавесцяў яны табе не распавядаюць. Хоць самі яны заблукалі і няздольныя знайсці шлях.

49. І яшчэ кажуць: «Няўжо пасля таго, як зробімся косткамі і прахам, мы адродзімся ў новым творы?» 

50. Скажы: «Нават калі б вы былі камянямі альбо жалезам, 

51. альбо новым творам, які здаецца магутным у вашых сэрцах». А потым яны спытаюць: «Хто ж паварочае нас да жыцця?» Скажы: «Той, Хто стварыў вас упершыню». Яны пахіснуцца сваімі галовамі і спытаюць: «І калі гэта будзе?» Таму скажы: «Магчыма, ужо борзда,

52. у Дзень, калі Ён пакліча вас, і вы будзеце адказваць Яму хвалою, і будзеце думаць, што былі ў магілах зусім нядоўга». 

53. І скажы Маім рабам, каб яны казалі адно з адным толькі найлепшым чынам, бо шатан сее паміж імі варожасць. Сапраўды, шатан для чалавека – відавочны вораг! 

54. Госпад ваш лепей ведае пра вас. Калі Ён пажадае, дык злітуецца над вамі, а калі пажадае – дык скарае. Мы ж не пасылалі цябе адказным за іх. 

55. Госпад твой лепей ведае тых, хто на нябёсах і на зямлі. Мы сапраўды аддалі перавагу адным прарокам над іншымі і даравалі Давуду Забур. 

56. Скажы: «Клічце тых, каго вы лічыце багамі разам з Ім. Але яны не здольныя адвесці ад вас бяду альбо перанесці яе на іншых».

57. Тыя, каго яны клічуць, самі шукаюць шляху да Госпада свайго, змагаючыся ў набліжэнні. Яны спадзяюцца на Яго літасць і баяцца Яго пакарання, таму варта пільнавацца пакарання Госпада твайго. 

58. І няма такога паселішча, якое не будзе знішчана Намі перад Днём Ажывання і не пакарана пакараннем цяжкім. Так запісана ў Святым Пісанні.

59. Мы не паслалі Прарока са знаменнем толькі таму, што старажытныя народы не паверылі ў іх. Мы далі самудытам вярблюдзіцу як навочны знак, і яны дрэнна абышліся з ёй. Мы пасылаем знакі толькі для засцярогі.

60. Вось Мы сказалі табе: «Сапраўды, Госпад твой ахоплівае людзей магутнасцю і веданнем». І Мы зрабілі ўбачанае табою падчас Мі’раджу, а таксама дрэва, праклятае ў Каране, выпрабаваннем для людзей. Мы засцерагаем іх, але гэта не дадае ім нічога, апроч вялікага непадпарадкавання. 

61. І калі мы сказалі анёлам: «Пакланіцеся Адаму!», – дык пакланіліся ўсе, апроч Ібліса, які сказаў: «Як прымею я пакланіцца таму, каго Ты стварыў з гліны?» 

62. І яшчэ сказаў: «Ты бачыў таго, каму ты аддаў перавагу заміж мяне? Калі ты адтэрмінаваў мне да Дня Ажывання, дык я спакушу ўсіх яго нашчадкаў, апроч нешматлікіх».

63. Аллаг адказаў: «Сыдзі прэч! Тым, хто з іх пойдзе за табою, пекла будзе адплатаю, поўнаю адплатаю! 

64. Спакушай іх сваім голасам і накіруй супраць іх сваю конніцу і пяхоту, падзяляй з імі іх дастатак і дзяцей, давай ім абяцанкі. Але абяцанкі шатана – толькі спакушэнне.

65. Ты не маеш улады над Маімі рабамі, і толькі Госпад твой – іх Абаронца».

66. Госпад твой – Той, Хто вядзе для вас морам судны, каб шукалі вы Яго шчодрасці. Сапраўды, Ён Міласэрны да вас.

67. Калі вас у моры напаткае бяда, дык вас пакінуць усе, каго вы клікалі, апроч Яго. Калі ж Ён ратуе вас, выводзячы на ​​сухаземе, вы падасцеся! Сапраўды, чалавек няўдзячны.

68. Няўжо вы абароненыя ад таго, што частка сухаземя прасядзе пад вамі, альбо што Ён пашле на вас каменны дождж? І тады не будзе вам абаронцы.

69. Вы ўпэўненыя ў тым, што Ён не паварочае вас у моры яшчэ раз, не навядзе на вас разбуральны віхраслуп ды не ўтопіць вас за няверу вашую? І тады не знойдзеце вы таго, хто адпомсціў бы Нам.

70. Мы ўшанавалі сыноў Адама і дазволілі ім перасоўвацца па сухаземі і па моры, надзялілі іх дабротамі і аддалі ім вялікую перавагу перад шмат якімі іншымі творамі.

71. Аднойчы Мы збяром усіх людзей разам з іх правадырамі. І каму дадуць кнігу ў правіцу, тыя прачытаюць кнігу сваю, і не будуць яны пакрыўджаныя нават велічынёю з фінікавую плеўка.

72. Хто невідушчы цяпер, той застанецца невідушчым і ў наступным жыцці і заблукае яшчэ больш.

73. Яны амаль адхілілі цябе ад Нашага адкрыцця, каб прыдумаў ты нешта пра Нас, чаго няма ў ім. О, тады сапраўды яны б мелі цябе за сябра.

74. І Мы ўмацавалі цябе, калі ты ўжо амаль прыняў іх бок.

75. Тады б далі Мы табе пакаштаваць падвойнага пакарання – як у гэтым жыцці, дык і пасля сканання. І не знайшоў бы ты супраць Нас памагатага.

76. Яны ледзь не выгналі цябе з зямлі, запалохваючы. Але пасля таго і яны не засталіся б там надоўга.

77. Таксама абыходзіліся з Нашымі пасланцамі і да цябе. І не знойдзеш змяненняў у законах Нашых.

78. Здзяйсняй малітву ад часу поўдня да наступлення цемры і чытай ранішнюю малітву на світанні. Сапраўды, ранішняя малітва пасведчаная анёламі дня і ночы.

79. І не спі частку ночы, выконваючы дадатковыя малітвы. Магчыма, Госпад твой адорыць цябе пачэсным месцам(макам махмуда).

80. І скажы: «Госпадзе! Увядзі мяне ўваходам праўды і выведзі мяне выйсцем праўды! Дай мне ад Сябе моц у дапамогу!»

81. І скажы: «Прыйшла праўда, і знікла хлусня, бо, сапраўды, хлусня павінна знікнуць!»

82. Мы адкрываем у Каране тое, што з’яўляецца вылячэннем і літасцю для вернікаў. А беззаконнікам гэта не дадае нічога, апроч стратаў.

83. Калі Мы надзяляем чалавека дабротамі, дык ён адхінаецца і выдаляецца ў ганарыстасці. А калі кранае яго бяда, дык ён упадае ў роспач.

84. Скажы: «Кожны ўчыняе па-свойму, і ваш Госпад ведае лепей за тых, хто ідзе правільным шляхам».

85. Пытаюцца цябе пра дух (душу або анёла Джыбрыля). Скажы: «Дух – ад загаду Госпада майго. Але вам дадзена ведаць пра гэта вельмі мала».

86. Калі б Мы пажадалі, дык пазбавілі б цябе таго, што адкрылі табе. І тады ты не знойдзеш супраць Нас заступніка,

87. калі б не літасць Госпада твайго. Сапраўды, вялікая Яго літасць да цябе!

88. Скажы: «Калі б людзі ды джыны аб’ядналіся разам для таго, каб стварыць нешта падобнае да Карана, дык яны не зрабілі б гэтага, нават дапамагаючы адно аднаму».

89. Мы патлумачылі людзям у гэтым Каране розныя прыпавесці, і большасць людзей адмаўляе ўсё, апроч няверы.

90. Яны кажуць: «Мы не паверым табе, пакуль ты не выведзеш нам з зямлі крыніцу;

91. альбо пакуль не будзе ў цябе саду з пальмамі і вінаградам, дзе ты правядзеш каналы;

92. альбо пакуль не скінеш неба на нас кавалкамі, як ты гэта дакляраваў; ці не прыйдзеш да нас з Аллагам і анёламі;

93. альбо пакуль не будзе ў цябе будынка з каштоўнасцяў, альбо пакуль не ўзыдзеш ты на неба. Але мы ніколі не паверым, што ты падняўся туды, калі ты не сыдзеш з Пісаннем, якое мы чытацьмем!» Скажы: «Усячысты Госпад мой! А я толькі чалавек, пасланец».

94. Пасля таго, як прыйшоў да іх просты шлях, людзям перашкодзіла паверыць толькі тое, што яны сказалі: «Няўжо Аллаг пасланнікам выправіў чалавека?»

95. Скажы: «Калі б па зямлі спакойна хадзілі анёлы, дык Мы б паслалі вам анёла пасланцом з неба».

96. Скажы: «Дастаткова Аллага ў якасці Сведкі паміж мною і вамі. Сапраўды, Ён над рабамі Сваімі Усечуючы, Усеведаючы!»

97. Той, каго Аллаг павёў простым шляхам, ідзе простым шляхам. А для таго, каго Ён збіў са шляху, не знойдзеш ты абаронцы, апроч Яго. Мы збяром іх у Дзень Ажывання ніцма – невідушчых, нямкоў і глушцоў. Іх прытулкам будзе пекла! Толькі яно згасае, мы дадаем агню.

98. Такая адплата ім за тое, што яны не верылі знакам Нашым. Яны кажуць: «Няўжо пасля таго, як мы зробімся спарахнелымі косткамі, мы адродзімся ў новым творы?»

99. Хіба яны не бачаць, што Аллаг, Які стварыў нябёсы і зямлю, здольны стварыць падобнае да іх? Ён усталяваў для іх тэрмін, у якім няма сумневу, але пагане адмаўляюць усё, апроч няверы.

100. Скажы: «Калі б вы валодалі скарбамі літасці Госпада майго, дык усё адно трымаліся б за іх праз жах страціць багацце, бо чалавек хцівы».

101. Сапраўды, мы даравалі Мусе дзевяць выразных азнакаў. Спытай у сыноў Ісраіля, як ён прыйшоў да іх, а Фараон сказаў: «Сапраўды, я думаю, Муса, што цябе зачаравалі».

102. Той адказаў: «Сапраўды, ты ўжо ведаеш, што гэтыя азнакі – выразныя доказы – паслаў менавіта Госпад неба і зямлі. Сапраўды, я думаю, Фараоне, што ты загінеш».

103. Тады ён пажадаў выгнаць іх з зямлі сваёй, але Мы ўтапілі яго і тых, хто быў з ім – усіх!

104. Пасля гэтага Мы сказалі сынам Ісраіля: «Залюдняйце гэтую зямлю! А калі прыйдзе апошняя абяцанка, дык Мы збяром усіх вас».

105. Мы паслалі Каран з праўдаю, і сышоў ён з праўдаю. Мы паслалі цябе толькі веснікам ды засцерагальнікам.

106. Мы падзялілі Каран, каб ты чытаў яго людзям павольна, і паслалі яго як адкрыццё.

107. Скажы: «Верыце вы ў яго, ці не верыце; тыя, каму было дадзена разуменне перад гэтым, падаюць, дакранаючыся падбароддзем зямлі, калі ім яго чытаюць».

108. Яны кажуць: «Прачысты Госпад наш, і абяцанка Госпада нашага абавязкова будзе выкананая!»

109. Яны пакланяюцца да зямлі, плачуць і гэта дадае ім пакоры.

110. Скажы: «Ці заклікаеце вы Аллага, альбо заклікаеце вы Літасцівага – як бы не заклікалі вы Яго, Яму належаць выдатныя імёны». І не падвышай голасу ў малітве сваёй і не кажы шэптам, а абяры сярэдняе паміж гэтым.

111. Скажы: «Хвала Аллагу, Які не браў Сабе дзіця, Якому няма роўнага ва ўладзе, і не патрэбны яму абаронца ад зневажання!» І ўзвяліч Яго ўзвялічваннем!

 

 

Сура 18. Аль-Кягф

(Пячора)
 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

 

1. Хвала Аллагу, Які паслаў рабу Свайму Пісанне і не дапусціў у ім ніякіх супярэчнасцяў,

 

2. але зрабіў правільным, каб засцерагчы ім ад Свайго жорсткага пакарання і паведаміць добрую вестку вернікам, якія робяць добрыя справы. Сапраўды, для іх – найлепшае ўзнагароджанне,


3. якую яны мецьмуць павек.


4. І каб засцерагчы тых, якія кажуць: «Міласэрны ўзяў Сабе сына».


5. Ні ў іх саміх, ні ў іх бацькоў няма ведаў пра гэта. Вялікі грэх – слова, якое зыходзіць з іх вуснаў. Сапраўды, яны кажуць хлусню.


6. Ты прымееш загубіць сябе ад смутку па іх слядах, калі яны не павераць у гэтае апавяданне?


7. Сапраўды, Мы зрабілі ўпрыгажэннем усё, што на зямлі, каб праверыць людзей – чые ўчынкі найлепшыя.


8. Сапраўды, Мы ператворым гэта ўсё на бясплённую роўнядзь.


9. Альбо палічыў ты, што насельнікі пячоры і Ракіма былі сярод Нашых азнакаў дзіўнымі?


10. Калі юнакі схаваліся ў пячоры і сказалі: «Госпадзе наш! Дай нам літасць ад Сябе і вядзі нас правільным шляхам у нашай справе».


11. Мы заляпілі ў пячоры іх вушы на шмат гадоў.


12. А потым Мы абудзілі іх, каб даведацца, якая з дзвюх гуртаў дакладна вылічыць, колькі яны знаходзіліся там.


13. Мы паведамім табе іх праўдзівую гісторыю. Гэта былі юнакі, якія паверылі ў Госпада свайго, і Мы замацавалі іх на простым шляху.


14. Мы ўмацавалі іх сэрцы, калі яны ўсталі і сказалі: «Госпадзе наш – Госпад неба і зямлі, і мы ніколі не будзем звяртацца ні да аднаго бога, апроч Яго, бо гэта было б чымсьці няправільным!


15. Некаторыя людзі з нашага народа ўзялі сабе іншых багоў апроч Яго. Чаму не прывядуць яны выразнага доказу пра гэта? Хто зяўляецца найбольшым прыгнятальнікам за таго, хто прыдумляе пра Аллага ўсялякую хлусню?


16. Калі вы пакінулі іх і тое, чаму яны пакланяюцца заміж Аллага, дык схавайцеся ў пячоры. Госпад ваш распаўсюдзіць на вас Сваю літасць і палегчыць справу вашую.


17. Ты ўбачыў бы, што ранішняе сонца адхіляецца ад іх пячоры направа, а напрыканцы дня адхінаецца налева, а яны былі ў сярэдзіне. Гэта – адна з азнакаў Аллага, і каго Аллаг вядзе простым шляхам, той ідзе простым шляхам, а каго звядзе са шляху, таму няма ні абаронцы, ні правадыра.


18. Ты б вырашыў, што яны не спяць, хоць яны спалі. Мы пераварочвалі іх то на правы бок, то на левы. І сабака іх, выцягнуўшы лапы, ляжаў перад уваходам. Калі б ты знайшоў іх там, дык жахнуўся б і ўцёк.


19. Так Мы абудзілі іх, каб яны распыталі адзін аднаго. Адзін з іх спытаў: «Колькі часу вы былі тут?» Тыя адказалі: «Дзень альбо частку дня». А іншыя сказалі: «Госпад ваш ведае лепей, колькі вы былі тут! Таму выпраўце кагосьці з вас у горад з срэбрам вашым. Няхай ён паглядзіць, якая ежа там найлепшая, і прынясе вам паесці. І няхай будзе асцярожны, каб ніхто не здагадаўся пра вас!


20. Калі яны знойдуць вас, дык камянямі пабівацьмуць альбо далучацьмуць да сваёй веры, і вы ніколі не будзеце мець поспеху».


21. Так Мы данеслі людзям, каб яны ведалі, што абяцанка Аллага праўдзівая і няма сумневу ў наступным Часе. Людзі пачалі спрачацца пра юнакоў і сказалі: «Збудуйце над імі будынак! Іх Госпад лепей ведае пра іх!» Але тыя, чыё меркаванне перамагло, адказалі: «Сапраўды, мы пабудуем над імі храм».


22. Некаторыя кажуць: «Іх было трое, а чацвёрты быў сабака». Іншыя кажуць: «Пяць, а шосты – пёс» – яны спрабуюць даведацца пра таемнае. Яшчэ кажуць: «Сем, а сабака іх – восьмы». Скажы: «Госпад мой ведае лепей, колькі іх было. І гэта вядома толькі нямногім». Спрачайся з імі толькі публічна і не пытайся пра юнакоў нікога з людзей Пісання!


23. І ніколі не кажы: «Я зраблю гэта заўтра», – 


24не дадаўшы: «Калі пажадае Аллаг!» А калі забыўся, дык згадай Госпада твайго і кажы: «Магчыма, Госпад яшчэ больш наблізіць мяне да простага шляху».


25. Таму яны знаходзіліся ў пячоры трыста гадоў і яшчэ дзевяць.


26. Скажы: «Аллаг ведае лепей, колькі яны там былі!» Яму належыць таемнае нябёсаў і зямлі. Як выдатна Ён бачыць іх і чуе! Няма Абаронцы, апроч Яго, і няма Яму роўных у панаванні.


27. Чытай тое, што паслана табе з Пісання Госпада твайго. Няма зменаў у словах Яго, і ты не знойдзеш прытулку ў іншага.


28. Трывай разам з тымі, якія клічуць Госпада свайго раніцай і ўвечары, імкнучыся да Яго Ліка (Ваджг)*. Не адхінай вачэй сваіх ад іх, жадаючы ўпрыгажэнняў зямнога жыцця. Але не падпарадкоўвайся тым, чые сэрцы Мы зрабілі няўважлівымі да згадвання пра нас, тым, хто ідзе за сваімі прыхільнасцямі. Іх учынкі марныя.


29. Скажы: «Праўда – ад Госпада вашага! Хто жадае, няхай верыць, а хто не жадае, няхай не верыць». Сапраўды, Мы падрыхтавалі для прыгнятальнікаў агонь, які пакрые іх, як намёт. А калі яны будуць прасіць дапамогі, дык дапамогуць ім вадою, падобнай да расплаўленага метала, які пакідае апёкі на тварах. Жахлівы гэты напой і дрэнная гэта мясціна!


30. А тых, якія паверылі і здзяйснялі дабро, мы не пакінем без узнагароджання за іх праведныя ўчынкі.


31. Іх чакаюць сады Эдэна, дзе струменяць рэкі. Іх упрыгажэннямі будуць бранзалеты з золата, яны апрануцца ў зялёныя вопраткі з атласа і парчы і ляжацьмуць тут на ложках. Якое выдатнае гэта ўзнагароджанне, якая выдатная гэтая мясціна.

 

32. Прывядзі ім прыпавесць пра двух мужчынаў. Мы далі аднаму з іх дзве вінаградні, атачылі іх пальмамі і выгадавалі паміж імі ніву.

33. У абодвух садах спялеў плён, і нішто з яго не знікала. Мы зрабілі паміж імі ручай.

34. Адзін чалавек меў шмат плёну і, размаўляючы са сваім сябрам, сказаў яму: «Стан мой больш за твой і я маю больш нашчадкаў!»

35. І ўвайшоў у свой сад, зграшыўшы супраць самога сябе, і сказаў: «Я не думаю, што гэты сад калісьці знікне.

36. І я не думаю, што прыйдзе Час. Але калі вернуць мяне да Уладара, я сапраўды ўбачу нешта лепш за гэтае».

37. Размаўляючы з ім, яго сябар сказаў: «Няўжо ты не верыш у Таго, Хто стварыў цябе з пылу, потым – з кроплі, а потым зрабіў цябе мужчынам?

38. Для мяне Аллаг – Госпад мой і я не надаю Яму раўню.

39. Чаму ты, увайшоўшы ў свой сад, не сказаў: «Так пажадаў Аллаг! Няма моцы, апроч як у Аллага!»? Ты думаеш, што я бядней за цябе дастаткам і нашчадкамі,

40. а, магчыма, Госпад мой дасць мне штосьці лепшае за твой сад, а на твой нашле пакаранне з неба, і ён зробіццаслізкаю зямлёю!

41. Ці ж воды яго сыдуць пад зямлю, а ты не здолееш знайсці іх».

42. І згінуў яго плён, і пачаў ламаць сабе рукі, шкадуючы пра выдаткаванае на сад, апірышча якога павалілася. І ўсклікнуў ён: «Калі б я не надаваў Госпаду раўню!»

43. І не было нікога, хто дапамог бы яму заміж Аллага, і сам сабе ён таксама не дапамог.

44. Дапамога тут магчымая толькі ад праўдзівага Бога. У Яго – найлепшае ўзнагароджанне і найлепшае выйсце.

45. І прывядзі ім прыпавесць пра зямное жыццё. Яно накшталт вады, якую Мы праліваем з неба. Зямныя расліны паглынаюць яе, а потым высыхаюць, і развейвае іх вецер. Так, Аллаг здольны на кожную рэч.

46. ​​Багацце і сыны – упрыгажэнні зямнога жыцця. Але неўміручыя добрыя справы атрымаюць найлепшую ўзнагароду ў Госпада твайго, і лепей спадзявацца менавіта на іх.

47. У той Дзень мы прымусім горы рухацца, і ты ўбачыш зямлю пустою. Мы збяром усіх, і ніхто ад Нас не схаваецца.

48. Яны ўстануць шэрагамі перад Госпадам тваім: «Сапраўды, вы прыйшлі да Нас такімі, якімі Мы стварылі вас упершыню. Але вы і не думалі, што абяцанка будзе выкананая».

49. Пакладуць кнігу і ты ўбачыш, як спалохаюцца грэшнікі ад таго, што запісана ў ёй. І скажуць: «Каб нам загінуць! Што за кніга! Там не забыта нішто – ні малое, ні вялікае, усё палічана». Яны знойдуць там усе справы свае, і Госпад твой ні з кім не абыдзецца несправядліва.

50. Вось Мы сказалі анёлам: «Пакланіцеся Адаму». І пакланіліся ўсе, апроч Ібліса. Ён быў джынам і не паслухаўся загаду Госпада свайго. Няўжо вы бераце яго і яго нашчадкаў абаронцамі заміж Мяне, калі яны вашыя непрыяцелі? Дрэнная гэта замена для прыгнятальнікаў.

51. Яны не былі сведкамі стварэння нябёсаў і зямлі і іх саміх. І Мы не бяром памагатымі тых, якія збіваюць з правільнага шляху.

52. У той Дзень Ён скажа: «Клічце роўных Мне, пра якіх вы думалі!» Яны паклічуць іх, але тыя не адкажуць ім. А Мы збудуем паміж імі згубную перашкоду.

53. Беззаконнікі ўбачаць агонь і падумаюць, што менавіта гэта – іх месца. І не знойдуць яны выратавання ад яго.

54. Мы патлумачылі людзям у гэтым Каране розныя прыпавесці, але чалавек занадта шмат спрачаецца.

55. Што перашкодзіла людзям паверыць, калі прыйшоў да іх просты шлях, і прасіць прабачэння ў Госпада свайго, як іх імкненне да таго, што адбылося з іх папярэднікамі, альбо тое, што яны патрабавалі неадкладнага пакарання ў якасці доказу?

56. Мы выпраўлялі пасланцоў толькі як вестуноў і засцерагальнікаў. Але тыя, якія не вераць, спрачаюцца, спрабуючы абвергнуць сваёй хлуснёю праўду. Яны кпяць з Маіх азнакаў і з таго, ад чаго іх засцерагаюць.

57. Хто несправядлівей за таго, каму нагадалі пра азнакі Яго Госпада, а ён занядбаў імі і забыўся на свае ўчынкі? Сапраўды, Мы накрылі іх сэрцы заслонаю, каб яны не зразумелі Каран. Іх вушы паразіла глухата! Калі ты паклічаш іх на просты шлях, дык яны ніколі не ўстануць на яго.

58. Госпад твой – Прабачаючы, Валадар літасці. Калі б Ён караў іх за тое, што яны ўчынілі, дык паскорыў бы іх пакаранне. Але прызначаны час і не знойдуць яны выратавання ад яго.

59. Гэта адбылося з паселішчамі, якія былі знішчаныя Намі за грахі іх жыхароў. Мы ўсталявалі час іх пагібелі.

60. Неяк сказаў Муса свайму слузе: «Я буду ісці, пакуль не дасягну таго месца, дзе зліваюцца два моры, нават калі страчу на гэта шмат гадоў».

61. І калі яны дасягнулі таго месца, дык апынулася, што яны забыліся на сваю рыбу. І раптам яна рушыла ў моры.

62. І калі яны пайшлі далей, сказаў Муса свайму слузе: «Прынясі нашу ежу, бо мы стаміліся ад цяжкасцей нашага шляху».

63. Ён сказаў: «Паслухай! Калі мы схаваліся пад скалою, я забыўся там на рыбу. Гэта шатан прымусіў мяне забыцца на яе і не згадваць пра яе. І яна паплыла ў моры дзіўным чынам».

64. Сказаў Муса: «Гэта тое, чаго мы чакалі!» І яны пайшлі назад тым жа шляхам.

65. Там яны знайшлі аднаго з Нашых рабоў, якому Мы даравалі літасць ад Сябе і якому Мы даравалі веды ад Сябе.

66. Муса сказаў яму: «Ці магу я рушыць утроп цябе, каб навучыцца таму, што дадзена табе ведаць пра правільны шлях?» 

67. Той адказаў: «Сапраўды, ты не будзеш мець дастаткова трывання са мною.

68. І як табе вытрываць тое, пра што ты не ведаў?»

69. Сказаў Муса: «Калі пажадае Аллаг, я буду трывучым і слухацьму цябе ва ўсім».

70. Той сказаў: «Калі ты пойдзеш за мною, дык не пытай мяне ні пра што, пакуль я сам не скажу табе пра гэта». 

71. Яны рушылі далей, і калі знаходзіліся ў чоўне, той зрабіў у ім дзірку. Муса сказаў: «Ты зрабіў дзірку, каб утапіць людзей на гэтым чоўне? Сапраўды, ты ўчыніў нешта вельмі дрэннае».

72. Той адказаў: «Хіба я не казаў табе, што ты не мецьмеш дастаткова трывання са мною?»

73. Муса сказаў: «Не ўпікай мяне за тое, на што я забыўся, і не рабі маю справу цяжкай».

74. Таму яны рушылі далей і калі сустрэлі хлопчыка, той пазбавіў жыцця яго. Муса спытаў: «Ты забіў нявінную душу і гэта не была адплата за іншую душу? Сапраўды, ты ўчыніў нешта вельмі дрэннае».

75. Той адказаў: «Хіба я не казаў табе, што ты не мецьмеш дастаткова трывання са мною?»

76. Муса адказаў: «Калі пасля гэтага я спытаю яшчэ нешта, дык пакінь мяне. Вось, я ўжо папрасіў прабачэння ў цябе».

77. І яны рушылі далей, пакуль не дайшлі да аднаго паселішча і папрасілі ў яго жыхароў ежы, але тыя адмовіліся пачаставаць іх. Тут яны заўважылі сцяну, якая ўжо ледзь трымалася, але той выпрастаў яе. Муса сказаў: «Калі б ты пажадаў, дык атрымаў бы за гэта плату».

78. Той адказаў: «Тут мы і разыдземся з табою. Я распавяду табе тлумачэнне таго, на што ў цябе не хапіла трывання.

79. Адносна чоўна, ён належыў бедакам, якія мелі промысел у моры. Я пажадаў пашкодзіць яго, бо перад імі быў кароль, які гвалтоўна забіраў усе цэлыя чоўны.

80. Адносна хлопчыка, дык яго бацькі былі вернікамі, а мы баяліся, што ён пашкодзіць ім сваім сорамам і нявераю. 

81. Мы пажадалі, каб Госпад іх заміж яго даў ім таго, хто будзе чысцей і бліжэй да літасці.

82. Што датычыцца сцяны, дык яна належала двум хлопчыкам-сірацінам з горада і пад ёй быў скарб. Іх бацька быў праведнікам, і Госпад твой пажадаў, каб яны дасягнулі паўналецця і дасталі скарб з літасці Госпада твайго. Я не дзейнічаў па сваім меркаванні. Гэта – тлумачэнне таго, на што ў цябе не хапіла трывання».

83. Цябе пытаюць пра Зуль-Карнайна. Скажы: «Я распавяду вам згадванне пра яго». 

84. Сапраўды, Мы ўмацавалі яго на зямлі і даравалі яму шлях да кожнае рэчы. 

85. Таму ён пайшоў шляхам, 

86. пакуль не дасягнуў месца, дзе заходзіць сонца. Ён убачыў, што яно сядае ў каламутную крыніцу і знайшоў побач з ёю людзей. Мы сказалі: «О Зуль-Карнайне! Ты прымееш іх пакараць смерцюабо прымееш зрабіць ім дабро».

87. Ён сказаў: «Хто зрабіў несправядліва, таго Мы скараем, потым ён вернецца да свайго Госпада. Той карацьме яго цяжкім пакараннем. 

88. А хто паверыў і рабіў дабро, той будзе мець найлепшае ўзнагароджанне і мы дамо яму лёгкія загады». 

89. Ён пайшоў шляхам далей, 

90. пакуль не дасягнуў месца, дзе ўзыходзіць сонца. Ён убачыў, што яно ўзыходзіць над людзьмі, якім Мы не далі ніякай заслоны ад яго. 

91. Так! Мы спасцігаем веданнем усё, што адбывалася з ім. 

92. Ён пайшоў шляхам далей, 

93. пакуль не дасягнуў даліны паміж дзьвума гарамі і знайшоў перад імі людзей, якія амаль не разумелі яго мовы. 

94. Яны сказалі: «О Зуль-Карнайне! Сапраўды, Яджудж і Маджудж распаўсюджваюць нелад на зямлі. Можа, мы сплацім табе даніну, каб ты зрабіў паміж намі ды імі перашкоду?»

95. Ён сказаў: «Тое, чым умацаваў мяне Госпад мой, яшчэ лепш. Дапамажыце мне моцаю і я ўсталюю перашкоду паміж вамі ды імі. 

96. Нясіце мне жалезныя бэлькі». Запоўніўшы абшар паміж двума бакамі, ён сказаў: «Раздзімайце!» А калі бэлькі пачырванелі ад агню, ён сказаў: «Нясіце мне расплаўленую медзь, каб я выліў яе на іх».

97. Таму Яджудж і Маджудж не здолелі ні пералезці сцяну, ні прабіць яе. 

98. Ён сказаў: «Гэта – літасць ад майго Госпада. І калі прыйдзе абяцанае маім Госпадам, Ён зробіць яе роўнаю. Абяцанка Госпада майго – праўда».

99. Аднойчы Мы дазволім ім злучыцца адно з адным. Потым затрубіць Рог і Мы збяром усіх разам. 

100. І ў гэты Дзень Мы выразна пакажам пекла нявернікам – 

101. тым, чые вочы былі закрытыя заслонаю, якая падаляла ад згадвання пра Нас, і чые вушы не прымелі чуць. 

102. Няўжо тыя, якія не верылі, думалі, што яны прымуць абаронцамі Маіх рабоў заміж Мяне? Сапраўды, Мы падрыхтавалі пекла як мясціну для нявернікаў!

103. Скажы: «Ці не распавесці вам пра тых, якія праз свае ўчынкі страцяць больш за ўсё?

104. Пра тых, чые намаганні ў зямным жыцці марныя, хоць яны думалі, што робяць дабро.

105. Гэта тыя, якія не вераць у азнакі іх Госпада і сустрэчу з Ім. Марныя ўчынкі іх і не будуць яны ў Дзень Ажывання нічога важыць».

106. За тое, што яны не верылі ды кпілі з Нашых знакаў і пасланцоў, узнагародай ім будзе пекла. 

107. Сапраўды, прыстанкам тых, якія паверылі і здзяйснялі добрыя справы, будуць сады Фірдаўса. 

108. Яны будуць там павек, не жадаючы ніякіх зменаў. 

109. Скажы: «Калі б мора зрабілася атрамантам для словаў Госпада майго, дык яно вычарпалася б раней за словы Госпада майго, нават калі б дадалі яшчэ адно мора». 

110. Скажы: «Сапраўды, я – такі ж чалавек, як і вы. Толькі адкрыта мне тое, што Бог ваш – Бог адзіны. І хто спадзяецца на сустрэчу з Госпадам сваім, дык няхай робіць добрыя справы і не надае Госпаду свайму роўнага ў пакланенні».

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

*Якасць (сыфат) Аллага, якая даецца без тлумачэння (тавіль) і параўнання з чалавечымі часткамі цела.

 

 

Сура 19. Мар’ям

(Марыя)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Каф. Га. Йа. Айн. Сад. 

2. Згадванне пра літасць Госпада твайго да Яго раба Закарыі. 

3. Калі ён заклікаў Госпада свайго ўпотай, 

4. сказаўшы: «Госпадзе, косткі мае зрабіліся кволымі, галава зіхаціць сівізною, а раней, памятаю, я не быў расчараваны ў сваіх малітвах да Цябе. 

5. І, сапраўды, я баюся ўчынкаў маіх сваякоў пасля майго скону, а жонка мая бяздзетная. Таму дай мне нашчадка ад Цябе, 

6каб ён стаў маім спадкаемцам і спадкаемцам для роду Якуба. І зрабі яго, Госпадзе, такім, каб Ты быў ім задаволены»

7. О Закарыя! Сапраўды, Мы цешым цябе весткаю пра хлопчыка па імі Ях’я. Раней Мы не стваралі нікога з такім імем. 

8. Той адказаў: «Госпадзе! Як можа быць у мяне хлопчык, калі мая жонка бяздзетная, і я нямоглы ад старасці?»

9. Сказалі яму: «Так кажа Госпад твой: «Гэта лёгка для Мяне, бо Я перад гэтым ужо стварыў цябе, хоць ты і быў нічым». 

10. Ён адказаў: «Госпадзе, дай мне знак!» Сказаў Госпад: «Знакам табе будзе тое, што ты тры ночы не размаўляцьмеш з людзьмі, хоць і не будзеш нямком». 

11. Выйшаў Закарыя са бажніцы і адкрыўся ім: «Сапраўды, праслаўляйце Аллага раніцай і ўвечары». 

12. О Ях’я! Моцна трымайся Пісання! І даравалі Мы яму мудрасць яшчэ ў дзяцінстве, 

13. ахвярнасць ад Нас і чысціню. І быў ён збожным 

14. і добрым да сваіх бацькоў, і не быў ён ганарыстым ці непаслухмяным. 

15. Мір яму ў дзень нараджэння, у дзень сканання і Дзень Ажывання да жыцця!

16. І згадай у Пісанні Мар’ям, калі яна падалілася ад сваіх сваякоў у месца ўсходняе, 

17. і схавалася ад іх за заслонаю. І Мы паслалі да яе Нашага Духа (Джабраіла), які прыпадобіўся станістаму мужчыне. 

18. Яна сказала: «Сапраўды, шукаю ў Літасцівага абароны ад цябе, хіба што ты збожны!»

19. Ён адказаў: «Сапраўды, я толькі пасланец Госпада твайго і маю дараваць табе прачыстага хлопчыка».

20. Яна сказала: «Як можа быць у мяне хлопчык, калі ніводзін мужчына не кранаўся да мяне і не была я распусніцаю?»

21. Ён сказаў: «Гэтак будзе, бо сказаў тое твой Госпад. Гэта лёгка для Яго». І Мы зробім яго знакам для людзей і літасцю ад Нас. Гэтая справа ўжо вырашаная.

22. І яна зацяжарыла і падалілася ў месца далёкае. 

23. Падышла з родавымі пакутамі да камля пальмы і сказала: «Як бы я жадала сканаць раней і быць назаўжды забытаю».

24. І гукнуў з-пад яе Іса: «Не журыся, Госпад стварыў каля цябе крыніцу. 

25. Схілі да сябе камель пальмы і страсяні – на цябе сыпануць свежыя фінікі.

26Еш, пі і суцешся! А калі ўбачыш якога чалавека, дык скажы: «Я дала Літасціваму абяцанку посціць і не буду размаўляць сёння ні з кім з людзей».

27. Яна прыйшла да сваіх сваякоў, несучы яго. Сказалі тыя: «О Мар’ям! Ты зрабіла нечуваную рэч.

28. О сястра Гаруна! Бацька твой не быў дрэнным чалавекам, і маці твая не была распусніцаю».

29. Але яна паказала на Ісу. Яны спыталі: «Як мы прымеем размаўляць з ім, калі ён – немаўля?» 

30. Ён сказаў: «Сапраўды, я – раб Аллага. Ён даў мне Пісанне і зрабіў мяне прарокам. 

31. Ён зрабіў мяне блаславёным, дзе б я ні быў, абавязаў мяне маліцца і даваць міласціну (закят), пакуль я буду жыць, 

32. шанаваць маю маці і не зрабіў мяне фанабэрыстым, гаротным. 

33. Мір мне ў дзень майго нараджэння, у дзень майго сканання і ў Дзень, калі я адраджуся да жыцця!»

34. Такі Іса, сын Мар’ям. Гэта – сапраўднае слова пра яго – пра каго яны маюць сумневы

35. Не пасуе Аллагу мець дзяцей, Усячысты Ён! Калі вырашае Ён нешта – дык толькі кажа: «Будзь!» – і яно ёсць. 

36. І, сапраўды, Аллаг – мой Госпад і ваш Госпад. Таму пакланяйцеся Яму, гэта – просты шлях.

37. Спрачаюцца паміж сабою розныя гурты пра сутнасць Ісы. Гора нявернікам ад таго, у чым яны пераканаюцца ў Вялікі Дзень!

38. Як жа выразна яны будуць чуць і бачыць у той Дзень, калі ўстануць перад Намі. Але сёння беззаконнікі сапраўды блукаюць у відавочнай аблудзе. 

39. Таму папярэдзь іх пра Дзень Стратаў, таму пастанова наконт іх ужо прынятая, але яны не лічацца з гэтым ды не вераць.

40. Сапраўды, Мы ўспадкавалі зямлю і тых, хто на ёй, і яны паварочаюцца да Нас.

41. І згадай у Пісанні Ібрагіма. Сапраўды, ён быў праведнікам, прарокам. 

42. Калі ён сказаў свайму бацьку: «Бацька мой! Чаму ты ўшаноўваеш тое, што не чуе ды не бачыць і не ўратуе цябе ні ад чаго?

43. Бацька мой! Да мяне прыйшло веданне, якое не было адкрыта табе. Накіроўвайся за мною, я павяду цябе простым шляхам.

44. Бацька мой! Не пакланяйся шатанам, бо шатан не паслухаўся Літасцівага.

45. Бацька мой! Сапраўды, я баюся, што спасцігне цябе пакаранне ад Літасцівага і ты зробішся сябрам шатана».

46. Той адказаў: «Няўжо ты адступішся ад маіх багоў, Ібрагіме? Калі ты не супакоішся, дык я сапраўды паб’ю цябе камянямі! Пакінь мяне надоўга!»

47. Сказаў Ібрагім: «Мір табе! Я буду прасіць прабачэння для цябе ў Госпада, сапраўды, Ён – Спагадлівы да мяне.

48. Але я атракаюся ад вас і тых, да каго вы звяртаецеся заміж Аллага. І я звяртаюся да Госпада. Магчыма, Ён не адмовіць мне ў гэтым, і я не буду гаротным». 

49. Калі пакінуў ён іх і тых, каму яны пакланяліся заміж Аллага, Мы даравалі яму Ісхака і Якуба і зрабілі іх прарокамі. 

50. Надзялілі Мы іх літасцю Нашаю і пакінулі пра іх высокае, сапраўднае слова.

51. Згадай у Пісанні Мусу – ён быў шчырым, быў пасланцом і прарокам. 

52. Паклікалі Мы яго з правага боку гары, наблізіўшы яго для гутаркі (Аллаг даў яму магчымасць пачуць Сваю адвечную Гаворку)

53. І даравалі Мы яму з Нашае літасці брата яго Гаруна, прарока. 

54. І згадай у Пісанні Ісмаіля – сапраўды, ён быў справядлівым у абяцанках, быў пасланцом і прарокам. 

55. І загадаў ён сваім людзям маліцца і даваць закят; і Госпад быў задаволены ім. 

56. І згадай у Пісанні Ідрыса – сапраўды, ён быў праведнікам, прарокам.

57. Мы ўзнеслі яго на высокае месца. 

58. Гэта – тыя, каго надзеліў Аллаг дабротамі, яны – прарокі, нашчадкі Адама і тых, каго выратавалі Мы разам з Нухам; нашчадкі Ібрагіма ды Ісраіля, адны з тых, каго Мы павялі простым шляхам і абралі. Калі чыталі азнакі Літасцівага, яны нізка кланяліся і плакалі. 

59. Змянілі іх нашчадкі, якія супыніліся маліцца і пайшлі па сваіх нізкіх жаданнях. Яны прыйдуць да згубы.

60. Апроч тых, якія павініліся, паверылі і рабілі дабро – яны ўвойдуць у рай і не будуць там нічым абражаныя.

61. У сады Эдэну, якія Міласэрны паабяцаў Сваім рабам. Сапраўды, Яго абяцанка будзе выкананая. 

62. Ужо не пачуюць яны там бясплённых размоваў, а толькі словы: «Мір!»; ім – іх доля раніцай і ўвечары.

63. Такі ёсць рай. Атрымаюць яго тыя з Нашых рабоў, якія збожныя. 

64. Сказалі анёлы: «Мы сходзім толькі па загадзе твайго Госпада, належыць Яму тое, што наперадзе нас, і тое, што за намі. І Госпад твой не забываецца ні на што».

65. Госпад нябёсаў, зямлі і таго, што паміж імі. Пакланяйся ж Яму і будзь трывалым у гэтым! Ці ведаеш ты роўнага Яму?

66. І пытаецца чалавек: «Калі я сканаю, няўжо вернуць мяне да жыцця?»

67. Хіба чалавек не памятае, як калісьці Мы стварылі яго, хоць ён быў раней нічым?

68. І клянуся Госпадам тваім, мы збяром і іх, і шатанаў, паставіўшы потым вакол пекла на каленкі.

69. Потым збяром з кожнага гурта тых, хто з іх быў найдужэйшым неслухам супраць Літасцівага. 

70. Нам лепей ведаць, хто найбольш заслугоўвае гарэць у ім.

71. І, сапраўды, няма сярод вас гэтакіх, хто не пройдзе над пеклам. Гэта вырашана Госпадам тваім канчаткова. 

72. Потым Мы выратуем збожных, а несправядлівых пакінем кленчыць там. 

73. І калі чытаюць ім Нашыя азнакі, нявернікі кажуць тым, якія паверылі: «Які з двух гуртоў займае вышэйшае і найлепшае месца?» 

74. О, колькі ж пакаленняў да іх Мы знішчылі! Яны пераважалі іх і багаццем, і вонкавым выглядам. 

75. Скажы: «Тым, хто заблукаў, няхай працягне Міласэрны жыццё, пакуль не ўбачаць абяцанае ім – альбо пакаранне, альбо прыход Часу. Тады яны будуць ведаць, чыё месца найгоршае і чыё войска кволае».

76. І ўмацоўвае Аллаг на простым шляху тых, хто прыняў яго; А нятленныя праведныя ўчынкі – лепш перад Госпадам тваім па ўзнагародзе і лепш па аддзяцы.

77. Ці бачыў ты таго, хто не паверыў у Нашыя азнакі і сказаў: «Я абавязкова стану надзеленым багаццем і дзецьмі».

78. Ведае ён таемнае, можа, узяў запавет з Літасцівым?

79. О не! Мы запішам сказанае ім і павялічым яму пакаранне. 

80. І дойдзе да Нас сказанае ім, і ён устане перад Намі адзінцом. 

81. Яны пакланяюцца, апроч Аллага, іншым багам, каб атрымаць ад іх магутнасць. 

82. Але не! Яны адхіляць іх пакланенне і зробяцца ім ворагамі. 

83. Хіба ты не ведаеш, што Мы выправілі да нявернікаў шатанаў, каб яны падбухторвалі іх?

84. Таму не спяшайся з імі. Мы падлічваем лік іх учынкаў. 

85. Аднойчы Мы збяром збожных да Літасцівага ганаровым прадстаўніцтвам

86. а грэшнікаў пагонім у пекла, як на вадапой. 

87. Ніхто не атрымае абароны, апроч тых, хто мае запавет з Аллагам. 

88. І яшчэ кажуць: «Міласэрны ўзяў сына». 

89. Сапраўды, вы сцвярджаеце жахлівую рэч!

90. Ад гэтага здольныя расшчапіцца нябёсы, крышыцца зямля і разбурацца горы.

91. Ад таго, што яны прыпісалі Літасціваму сына!

92. Не падыходзіць Літасціваму мець сына!

93. Сапраўды, кожны з тых, хто на нябёсах і на зямлі, устане перад Аллагам толькі як раб. 

94. Ён ведае іх колькасць і пералічыў іх. 

95. І кожны з іх устане перад Ім у Дзень Ажывання адзінцом.

96. Сапраўды, тых, якія паверылі і здзяйснялі добрыя справы, Міласэрны надзеліў любоўю. 

97. І палегчылі Мы Каран на тваім языку, каб ты ўсцешыў ім збожных ды засцярог ім людзей, якія спрачаюцца.

98. А колькі пакаленняў перад імі Мы знішчылі! Ты знойдзеш хоць аднаго з іх ці пачуеш іх шэпт?

 

 

Сура 20. Та Га

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Та. Га. 

2. Мы паслалі табе Каран не для таго, каб прынесці табе пакуты, 

3. а толькі як напамін для тых, хто баіцца. 

4. Паслаў яго Той, Хто стварыў зямлю і высокія нябёсы. 

5. Міласэрны ўзвысіўся над Тронам узвышэннем улады і панавання.

6. Яму належыць тое, што на нябёсах і на зямлі, і тое, што паміж імі, а таксама тое, што пад зямлёю.

7. Ці скажа ўслых, ці не – сапраўды, Ён ведае таемнае і яшчэ больш схаванае.

8. Аллаг! Няма бога, апроч Яго, Яму належаць найвыдатнейшыя імёны.

9. Ці дайшоў да цябе аповяд пра Мусу?

10. Калі ён убачыў агонь і сказаў сваім людзям: «Пачакайце, я заўважыў агонь! Магчыма, я прынясу вам ад яго асмалак ці знайду ля агню правільны шлях».

11. І калі ён падышоў туды, дык паклікалі яго: «О Мусе!

12. Сапраўды, Я – Госпад твой! Здымі абутак свой, сапраўды, ты апынуўся ў свяшчэннай даліне Тува. 

13. І Я абраў цябе. Слухай тое, што адкрываецца табе!

14. Сапраўды, Я – Бог і няма бога, апроч Мяне. Таму пакланяйся Мне і выконвай малітву, каб згадваць пра Мяне.

15. Сапраўды, Час надыдзе. Але Я схаваю тэрмін яго прыходу, каб адплаціць кожнай душы за тое, у чым яна спяшалася.

16. Няхай не адхінае цябе ад Часу той, хто не паверыў у яго і ішоў за сваёй схільнасцю. Інакш ты загінеш.

17. А што гэта ў тваёй правіцы, Муса?»

18. Той адказаў: «Гэта – мой кій. Я абапіраюся на яго, збіваю лісце для сваіх авечак і для іншага ён таксама падыходзіць». 

19. Аллаг сказаў: «Кінь яго, Муса!»

20. Ён кінуў яго і кій ператварыўся ў змяю, якая хутка папаўзла.

21. Аллаг сказаў: «Вазьмі яе і не палохайся! Яна стане тым, чым была. 

22. Пакладзі руку падпаху і знойдзеш яе чыстаю, без плямаў. Вось табе яшчэ адзін знак,

23. каб мы паказалі табе Нашыя вялікія знакі!

24. Накіруйся да Фараона, бо, сапраўды, ён несправядлівы».

25. Муса сказаў: Госпадзе! Расчыні сэрца маё

26. і палегчы справу маю!

27. І развяжы вузел на маіх вуснах, 

28. каб разумелі яны мае словы. 

29. І дай мне памагатага з сям’і маёй, 

30. Гаруна, брата майго, 

31. і дадай мне моцы праз яго 

32. і зрабі саўдзельнікам па справе маёй – 

33. каб мы славілі Цябе часта, 

34. і згадвалі Цябе часта!

35. Ты ж бачыш нас».

36. Аллаг сказаў: «Ужо дадзена табе тое, што ты просіш, Муса!

37. Сапраўды, Мы і дагэтуль былі Літасцівымі да цябе, 

38. калі Мы адкрылі тваёй маці тое, што адкрылі:

39. «Пакладзі яго ў скрыню і пусці ракою. Рака вынесе на бераг, дзе яго падбярэ Мой вораг і яго вораг». Я абдарыў цябе Сваёй любоўю, каб ты рос перад Маімі Вачыма (‘Айні)*

40. Прыходзіць сястра твая і кажа: «Можа, пазначыць вам таго, хто пра яго будзе клапаціцца?» Так Мы вярнулі цябе тваёй маці, каб былі ўцешныя вочы яе, і каб яна не бедавала. Потым ты забіў аднаго чалавека, і Мы выратавалі цябе ад тугі і выпрабавалі цябе. Ты прабыў доўгія гады сярод жыхароў Мад’яну, а цяпер прыйшоў адзначаны час, о Мусе!

41. І Я абраў цябе дзеля Сябе.

42. Выправіцеся ж, ты і брат твой, з Маімі азнакамі, і не забывайцеся згадваць Мяне.

43. Накіруйцеся да Фараона, бо, сапраўды, ён несправядлівы!

44. Размаўляйце з ім мякка – магчыма, ён раздумаецца альбо спалохаецца».

45. Яны адказалі: «Госпадзе наш! Сапраўды, Мы баімся, што ён адразу скарае нас альбо абыдзецца несправядліва з намі». 

46. Аллаг адказаў: «Не бойцеся! Я з вамі, чую і бачу.

47. Ідзіце да яго і скажыце: «Мы – пасланцы Госпада твайго. Адпусці разам з намі іншых сыноў Ісраіля і не здзекуйся з іх. Мы прыйшлі да цябе з азнакаю ад Госпада нашага. Мір таму, хто ідзе простым шляхам.

48. Сапраўды, адкрыта нам, што караюць смерцю таго, хто адмаўляў і адхінаўся».

49. Фараон спытаў: «Хто ваш Госпад, Муса?»

50. Той адказаў: «Госпад наш – Той, Хто даў кожнай рэчы ейную натуру, а потым павёў простым шляхам».

51. Фараон сказаў: «А што са старажытнымі народамі?»

52. Муса адказаў: «Веды пра гэта – толькі ў майго Госпада, у Пісанні. Не памыляецца Госпад мой і нічога не забывае!»

53. Ён – Той, Хто стварыў для вас зямлю ложкам і зладзіў на ёй шлях для вас. Ён праліў з неба ваду і Мы гадавалі дзякуючы ёй пары разнастайных раслін. 

54. Спажывайце самі і пасвіце на іх худобу! Сапраўды, у гэтым азнака для тых, хто мае розум.

55. Мы стварылі вас з зямлі і ў зямлю вас паварочаем. А потым яшчэ яшчэ раз выведзем вас адтуль.

56. Мы паказалі яму ўсе Нашыя азнакі, але ён адхіліў іх, не прызнаў

57. і сказаў: «Няўжо ты прыйшоў, каб выгнаць нас з нашае зямлі сваімі чарамі, Муса?

58. Сапраўды, мы пакажам табе такое ж чараўніцтва. Таму прызнач належнае месца і час – каб не парушылі яго ні мы, ні ты».

59. Сказаў Муса: «Пэўным часам для вас няхай будзе дзень упрыгажэння. А людзі няхай згуртуюцца раніцай».

60. Фараон пайшоў, згуртаваў усіх сваіх чараўнікоў і вярнуўся. 

61. Муса сказаў ім: «Гора вам! Не рабіце на Аллага паклёп, а то Ён скарае вас! Гаротны той, хто паклёпнічае».

62. Тыя пачалі спрачацца паміж сабою, што рабіць, але казалі яны таемна, 

63. і сказалі: «Гэтыя двое – чараўнікі. З дапамогаю сваіх чараў яны імкнуцца выгнаць вас з вашае зямлі і звесці вас з вашага найлепшага шляху. 

64. Таму падрыхтуйце ўсе свае мудрагельствы і выйдзіце адзінай лаваю! Сёння поспеху дасягне той, хто пераможа».

65. Яны спыталі: «О Мусе! Будзеш кідаць кій першым ці, можа, будзем першыя мы?»

66. той адказаў: «Не, няхай ужо вы будзеце першыя». І праз чары іх здалося яму, што вяроўкі і палкі іх пачалі рухацца. 

67. І адчуў Муса сполах у душы сваёй. 

68. Мы сказалі: «Не бойся! Сапраўды, ты пераадолееш іх.

69. Кінь тое, што ў тваёй правіцы, і яно неадкладна праглыне тое, што яны зрабілі, бо гэта толькі мудрагельствы чараўніка! Не пераможа чараўнік, дзе б ён не быў».

70. І тады ўпалі чараўнікі ніцма і сказалі: «Мы паверылі ў Госпада Мусы і Гаруна».

71. Фараон сказаў: «Няўжо вы паверылі яму без майго дазволу! Сапраўды, ён – ваш настаўнік, той, хто навучыў вас чарам! Я загадаю адсекчы вам рукі і ногі накрыж і ўкрыжаваць вас на пальмавых ствалах! Тады вы даведаецеся, чыё пакаранне больш моцнае і даўгавечнае».

72. Яны адказалі: «Мы не аддамо табе перавагі перад тым, што прыйшло да нас з выразных доказаў, і перад Стваральнікам нашым. Кажы свой прысуд! Але ён дзейнічае толькі ў гэтым жыцці. 

73. Сапраўды, Мы паверылі ў Госпада нашага, каб дараваў Ён грахі нашыя і чараўніцтва, да якога ты прымушаў нас. А Аллаг – Найлепшы і Векаісты».

74. Тыя хто ўстануць перад Госпадам сваім грэшнікамі, апынуцца ў пекле, дзе не сканаюць і не жыцьмуць. 

75. А тыя, якія ўстануць перад Ім вернікамі, якія рабілі добрыя ўчынкі – тыя апынуцца на самых высокіх прыступках – 

76. у садах Эдэна, дзе струменяць рэкі. І будуць яны там павек. Гэта – узнагароджанне для тых, хто ачысціўся. 

77. Сапраўды, мы адкрылі Мусе: «Выйдзі ноччу разам з Маімі рабамі і пракладзі для іх сухую дарогу ў моры! Не бойся, што цябе нагоняць, і не бойся патануць».

78. Фараон накіраваўся да іх наўздагон разам са сваім войскам, але мора пакрыла яго. 

79. Так Фараон увёў свой народ у аблуду і не павёў правільным шляхам. 

80. О сыны Ісраіля! Мы выратавалі вас ад ворага! І Мы яшчэ раней абяцалі вам гэта на правым схіле гары. Таксама Мы даравалі вам манну і падпалух. 

81. Жывіцеся дабротамі, якімі Мы надзялілі вас, але не парушайце дазволенага, інакш упадзе на вас Мой гнеў. Тыя, на каго ўпаў гнеў Мой, гінуць.

82. Сапраўды, Я дарую тым, якія павяніліся, паверылі, здзяйснялі дабро і ішлі далей простым шляхам.

83. Чаму ты так хутка пакінуў свой народ, О Мусе?

84. Той адказаў: «Яны ідуць за мною! Я спяшаўся да Цябе, Госпадзе, каб Ты быў задаволены мною».

85. Аллаг сказаў: «Мы выпрабавалі народ твой пасля цябе. Іх збіў з простага шляху самаранін».

86. Таму Муса вярнуўся да свайго народа раззлаваным і засмучаным. Ён усклікнуў: «О народзе мой! Хіба Госпад ваш не даў вам прыгожае абяцанкі? Ці занадта доўгім выдаўся вам гэты тэрмін, а можа, вы жадаеце, каб упаў на вас гнеў Госпада вашага, і таму вы парушылі тое, што абяцалі мне?»

87. Яны адказалі: «Мы не парушалі абяцанкі, дадзенай табе. Але мы неслі вялікі цяжар – упрыгажэнні таго народа. Мы кінулі іх у агонь – таксама зрабіў і самаранін».

88. Ён выплавіў ім падабенства цяляці, якое яшчэ і рыкала, і сказаў: «Гэта – ваш Госпад і Госпад Мусы, але ён забыўся на яго». 

89. Няўжо яны не бачылі, што яно не размаўляе з імі і не прымее ні нанесці ім шкоды, ні прынесці карысці?

90. Сапраўды, Гарун казаў ім: «Народ мой! Вас толькі спакушаюць гэтым! Сапраўды, ваш Госпад – гэта Літасцівы. Ідзіце за мною і слухайцеся загадаў маіх».

91. Яны адказалі: «Мы не супынімся пакланяцца яму, пакуль не вернецца да нас Муса». 

92. І сказаў: «О Гарун! Што перашкодзіла табе, калі ты ўбачыў іх хлусню,

93. ісці за мною? Чаму ты не паслухаўся майго загаду?»

94. Той адказаў: «О сыне маёй маці! Не трымай мяне за бараду і за галаву! Я баяўся, што ты скажаш: «Ты пасеяў разлад паміж сынамі Ісраіля і не паслухаўся слова майго».

95. Муса сказаў: «О самараніне! А ты чаго жадаў?»

96. Той адказаў: «Я бачыў тое, чаго не бачылі яны. Я ўзяў жменю пяску са слядоў пасланца і кінуў яе ў агонь, бо менавіта так я пажадаў зрабіць».

97. Муса ўсклікнуў: «Сыдзі прэч! Сапраўды, у гэтым жыцці ты будзеш казаць: «Не дакранайцеся да мяне!» І чакае на цябе абяцанае і не абміне цябе яно! Паглядзі на свайго бога, якому ты пакланяўся: мы абавязкова спалім яго, а потым развеем попел над морам!

98. Ваш Бог – толькі Аллаг, апроч Якога няма бога, і Ён спасцігае веданнем кожную рэч».

99. Так Мы паведамляем табе весткі пра тое, што ўжо прайшло. І Мы далі табе ад Сябе напамін!

100. І хто адхінуўся ад гэтага, той панясе ў Дзень Ажывання вялікі цяжар. 

101. І будзе ён з ім павек. Які ж ліхі гэты цяжар!

102. У той Дзень затрубяць у Рог, і будуць згуртаваныя грэшнікі, і будуць яны сінявокія. 

103. Яны размаўляцьмуць адно з адным шэптам: «Сапраўды, вы прабылі там толькі адзін дзень»

104. Мы лепей ведаем пра тое, што яны кажуць – нават калі кажа найлепшы з іх: «Вы прабылі там толькі дзень».

105. Цябе пытаюць пра горы. Скажы: «Мой Госпад развее іх у пыл

106. і ператворыць у роўную пустэль. 

107. І ты не ўбачыш там ні схілу, ні пагорка».

108. У той Дзень яны пойдуць за вяшчальнікам і не здолеюць ухіліцца ад яго. Галасы будуць ціхмянымі перад Літасцівым, і ты не пачуеш нічога, апроч шэпту. 

109. У той Дзень не дапаможа нічыё заступніцтва – апроч тых, каму дазволіў гэта Міласэрны і чыім словам Ён задаволены. 

110. Ён ведае іх мінулае і будучыню, а яны не здольныя спасцігнуць Яго веданнем. 

111. І будуць яны прыніжаныя перад Жывым, Існым. І расчаруецца той, хто нёс цяжар сваёй несправядлівасці.

112. А хто рабіў дабро і быў вернікам, дык няхай не баіцца ні несправядлівасці, ні крыўды.

113. Так Мы паслалі Каран на арабскай мове і патлумачылі ў ім пагрозы. Магчыма, яны будуць баяцца, ці ж ён будзе ім напамінам. 

114. Усявышні Аллаг, Праўдзівы Уладар. Таму не спяшайся з Каранам, пакуль не будзе закончана адкрыццё табе. Скажы: «Госпадзе, дадай мне ведаў!»

115. Раней Мы ўзялі запавет з Адама, але ён забыўся на яго. І Мы не знайшлі ў ім рашучасці.

116. І калі мы сказалі анёлам: «Упадзіце ніцма перад Адамам!» Дык упалі ніцма ўсе, апроч Ібліса, які адмовіўся. 

117. Тады Мы сказалі: «О Адаме! Сапраўды, гэта – вораг табе і тваёй жонцы. Глядзі, каб не выгнаў цябе з раю, а то будзеш гаротным.

118. Тут ты не галадавацьмеш, не хадзіцьмеш распранутым, 

119. пакутавацьмеш ад смагі і ад спякоты».

120. Але пачаў нашэптваць яму шатан, кажучы: «О Адаме! Ці паказаць табе дрэва вечнасці і сталае ўлады?»

121. Яны пакаштавалі з яго і ўбачылі галізну сваю. І пачалі прыкрывацца лісцем з дрэваў райскіх. Не паслухаўся Адам Госпада свайго і заблукаў. 

122. Але потым Госпад абраў яго, прыняў каянне і наставіў на просты шлях.

123. Аллаг сказаў: «Выступіце з раю абое! Нашчадкі вашыя будуць ворагамі адно аднаму! І калі Я дарую вам Свой просты шлях, дык той, хто будзе ісці гэтым простым шляхам, не заблукае і не будзе гаротным. 

124. А той, хто адхінецца ад Майго напаміна, той будзе мець цяжкае жыццё, а ў Дзень Ажывання Мы ўзнімем яго невідушчым».

125. Ён скажа: «Госпадзе! Чаму ты адрадзіў мяне невідушчым? Я ж быў відушчым».

126. Аллаг скажа: «Таксама, як Мы паказвалі табе Нашыя азнакі, а ты забыўся на іх, і ты будзеш забыты сёння».

127. Так Мы ўзнагароджваем тых, хто быў парушальнікам і не паверыў у азнакі Госпада свайго. А пакаранне ў наступным жыцці – мацней і даўгавечней!

128. Ці не прывяло іх на просты шлях тое, што Мы знішчылі столькі пакаленняў, якія жылі раней за іх; яны ходзяць па руінах іх дамоў – у гэтым знак для адораных розумам.

129. Калі б не папярэдняе слова Госпада твайго і не ўсталяваны тэрмін, пакаранне было б неадкладным. 

130. Мей трыванне да таго, што яны кажуць, і ўслаўляй Госпада свайго перад усходам і захадам сонца; услаўляй у начны час і днём – магчыма, ты будзеш задаволены.

131. Не заглядайся на тое, чым Мы надзялілі некаторых людзей, каб выпрабаваць іх. Гэта – бляск зямнога жыцця, а ўзнагароджанне Госпада твайго лепш і даўгавечней!

132. Загадай сваёй сям’і здзяйсняць малітву і будзь у ёй трывучым. Мы не просім у цябе долі, але мы самі надзяляем цябе. А выратаванне – для збожных.

133. Пытаюцца нявернікі: «Чаму ён не прыйдзе да нас з нейкім знакам ад яго Госпада?» І ці не з’явіўся ім выразны доказ – у старажытных скрутках?

134. Калі б Мы знішчылі іх пакараннем раней за Мухаммада, дык яны б сказалі: «Госпадзе наш! Чаму Ты не выправіў да нас пасланца? Мы пайшлі б за яго азнакамі яшчэ да таго, як сталі зняважанымі і зганьбаванымі».

135. Скажы: «Усе чакаюць Часу! Чакайце і вы! Тады вы даведаецеся, хто ідзе простым шляхам».

 

 

 

 

 

 

*Якасць (сыфат) Аллага, якая даецца без тлумачэння (тавіль) і параўнання з чалавечымі часткамі цела.

Сура 21. Аль-Анбія

(Прарокі)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Наблізіўся да людзей час адплаты, а яны з грэбаваннем адхінаюцца. 

2. Які б новы напамін Аллага да іх не прыходзіў, яны слухаюць яго, забаўляючыся

3. з безуважлівым сэрцам. Беззаконнікі таемна шапталіся: «Хіба ён не такі самы чалавек як і мы? Няўжо вы пойдзеце за чараўніцтвам, якое самі бачыце?» 

4. Скажы: «Мой Госпад ведае тое, што кажуць і на нябёсах, і на зямлі. А Ён – Усечуючы, Усеведаючы».

5. Але яны кажуць: «Гэты Каран – нейкія блытаныя сны! Ён прыдумаў гэта! Ён – паэт! Няхай прыйдзе да нас з азнакаю, якая была ў першых пасланцоў».

6. Ніводнае паселішча, якое Мы знішчылі да іх, не паверыла. Няўжо яны павераць?

7. І раней за цябе Мы пасылалі мужчын, якім давалі адкрыццё. Спытайце пра гэта ў людзей Напаміну, калі вы не ведаеце.

8. Мы не стварылі іх плоццю, якой не патрэбна ежа, і яны не былі неўмірушчымі.

9. А потым Мы выканалі абяцанку: выратавалі іх разам з тымі, каго пажадалі, і знішчылі парушальнікаў!

10. Мы паслалі вам Пісанне, а ў ім – згадка пра вас! Няўжо вы не разумееце?

11. Колькі Мы знішчылі паселішчаў, жыхары якіх былі несправядлівымі. Пасля іх Мы стварылі іншыя народы. 

12. Калі яны адчулі Нашую моц, дык пачалі бегчы адтуль. 

13. Не ўцякайце! Паварочайцеся туды, дзе вы раскашаваліся, дзе жыллё вашае. Магчыма, вас спытаюць!

14. Яны казалі: «Гора нам! Сапраўды, мы былі несправядлівымі».

15. Яны лямантавалі так, пакуль Мы не ператварылі іх у звялую ніву. 

16. А Мы не стваралі нябёсаў, зямлі і таго, што паміж імі, бавячыся. 

17. Калі б Мы імкнуліся да забаўкі, дык зрабілі б яе з таго, што маем – калі наагул гэта рабілі. 

18. О не! Мы лічым праўдаю хлусню і яна разбурае яе. І та знікае! Гора вам за тое, што вы прыдумваеце!

19. Яму належаць усе, хто на нябёсах і на зямлі. А тыя, хто побач з Ім, не грэбуюць пакланеннем Яму і не стамляюцца.

20. Яны не стамляюцца ўслаўляюць Яго ноччу і днём. 

21. Няўжо яны робяць сабе багоў з зямлі, якія былі б здольныя адраджаць?

22. Калі б былі іншыя багі, апроч Аллага, дык нябёсы і зямля разбурыліся б. Аллаг, Госпад Трона, Усячысты ад таго, што Яму прыпісваюць.

23. Яго не спытаюць пра тое, што Ён робіць, – спытаюць іх.

24. Няўжо апроч Яго яны бяруць сабе іншых багоў? Скажыце: «Дайце свае доказы. Вось напамін для тых, хто са мною, і напамін для тых, хто быў раней за мяне». Але большасць з іх не ведае праўды. Яны адхінаюцца.

25. Мы не пасылалі раней за цябе ніводнага пасланца, не адкрыўшы яму: «Няма бога, апроч Мяне! Таму пакланяйцеся Мне!» 

26. Яны кажуць: «Літасцівы ўзяў Сабе дзіцяці!» Прачысты Ён! Але яны толькі шанаваныя рабы. 

27. Не папярэджваюць Яго словам і дзейнічаюць паводле Яго загада.

28. Ён ведае, што было да іх і тое, што будзе пасля іх. Абараняюць яны толькі тых, кім Ён задаволены, а самі дрыжаць ад боязі перад Ім. 

29. А хто з іх скажа: «Я – бог заміж Яго», – таму адплатаю будзе пекла. Так Мы караем прыгнятальнікаў.

30. Няўжо не бачаць нявернікі, што нябёсы і зямля былі адзіным цэлым, а Мы раз’ядналі іх, і што Мы стварылі ўсё жывое з вады? Няўжо яны не павераць?

31. І Мы паставілі на зямлі трывалыя горы, каб яна не вагалася пад імі, і праклалі разлеглыя шляхі, каб яны прымелі ісці простым шляхам. 

32. І Мы зрабілі неба абароненым дахам, але яны адхінаюцца ад Яго азнакаў. 

33. Ён – Той, Хто стварыў ноч, дзень, сонца і месяц. Усе яны плывуць па арбітах. 

34. Нікому з людзей, якія жылі перад табою, мы не даравалі неўміручасці. Дык няўжо, калі ты сканаеш, яны будуць жыць павек?

35. Кожная душа спазнае скананне. Мы выпрабуем вас ліхам і дабром як спакусаю, і да Нас вы паварочаецеся. 

36. Калі тыя, якія не вераць, бачаць цябе, дык толькі здзекуюцца: «Ці не той гэта, хто кпіў з вашых багоў?» Не вераць яны ў напамін Літасцівага.

37. Чалавек створаны нетрывучым. Я пакажу вам Свае знакі, таму не прыспешвайце Мяне. 

38. Яны пытаюцца: «Калі ж адбудзецца абяцанка, калі вы праўдзівыя?» 

39. Калі б нявернікі толькі ведалі пра той час, калі яны не здолеюць адхіліць агонь ні ад свайго твару, ні ад сваёй спіны! І ніхто не дапаможа ім!

40. Гэта адбудзецца нечакана і агаломшыць іх. Яны не здолеюць гэтага адхіліць і не будуць мець адтэрміноўкі. 

41. Сапраўды, ужо кпілі і з тых пасланцоў, якія жылі раней за цябе. Таму насмешнікаў паразіла тое, з чаго яны кпілі!

42. Спытай: «Хто абароніць вас ад Літасцівага ноччу і днём?» Але яны адхінаюцца ад напаміну Госпада свайго!

43. Альбо ў іх ёсць, апроч Нас, іншыя багі, якія іх абароняць. Яны не здольныя дапамагчы самім сабе і ніхто не абароніць іх ад Нас. 

44. Мы дазволілі ім ды іх бацькам атрымліваць асалоду ад дабротаў, пакуль доўжыцца іх жыццё. Няўжо яны не бачаць, што Мы памяншаем зямлю па краях? Няўжо яны перамогуць?

45. Скажы: «Я засцерагаю вас адкрыццём». Але глушцы не чуюць закліку, нават калі іх засцерагаюць.

46. А калі іх закране частка пакарання Госпада твайго, дык яны абавязкова скажуць: «Гора нам! Мы былі несправядлівыя!»

47. У Дзень Ажывання мы ўсталюем справядлівую вагу і ні з кім не абыдуцца несправядліва. Калі нешта мецьме нават вагу гарчычнага зярняці, мы ўсё адно прынясём Яго. Дастаткова той лічбы, што ў Нас!

48. Мы даравалі Мусе і Гаруну адрозніванне, святло і напамін для збожных, 

49. Якія ўпотай баяцца свайго Госпада і адчуваюць боязь перад Часам. 

50. Гэта – блаславёны напамін, пасланы Намі. Няўжо вы будзеце яго адмаўляць?

51. Яшчэ раней Мы даравалі Ібрагіму паказальнік і Мы ведалі, кім з’яўляецца Ібрагім. 

52. Вось ён сказаў свайму бацьку і іншым людзям: «Што гэта за балваны, якім вы настолькі адданыя?!»

53. Тыя адказалі: «Мы бачылі, што нашыя бацькі пакланяліся ім».

54. Ён сказаў: «Вы і вашыя бацькі знаходзіцеся ў сапраўднай аблудзе!»

55. Тыя ж сказалі: «Ты прыйшоў да нас з праўдаю альбо проста жартуеш?»

56. Ён сказаў: «Не! Ваш Госпад – Госпад нябёсаў і зямлі, Які стварыў іх. І я – адзін з тых, хто сведчыць пра гэта!

57. Клянуся Аллагам! Я абавязкова задумаю мудрагельства супраць вашых стодаў, калі вы адхіняцеся і сыдзеце!»

58. Ён разбурыў усе стоды, апроч найбольшага з іх, – каб яны маглі звярнуцца да яго. 

59. Яны спыталі: «Хто зрабіў гэта з нашымі багамі? Сапраўды, ён – прыгнятальнік!» 

60. Іншыя сказалі: «Мы чулі, як адзін юнак згадваў іх. Яго клічуць Ібрагімам».

61. Тыя сказалі: «Прывядзіце яго на чалавечыя вочы, няхай яны засведчаць».

62. Яны спыталі: «Гэта ты зрабіў такое з нашымі багамі, Ібрагіме?»

63. Ён адказаў: «Не, гэта зрабіў найбольшы з іх. Спытайце іх, калі яны здольныя размаўляць».

64. Адны з іх звярнуліся да іншых і сказалі: «Сапраўды, вы самі – прыгнятальнікі».

65. Але потым яны нанова пабраліся за сваё: «Ты ведаеш, што яны не здольныя размаўляць».

66Ібрагім сказаў: «Няўжо вы пакланяецеся заміж Аллага таму, хто не прымее ні прынесці вам карысці, ні нанесці шкоды?»

67. Брыдота – і вы, і тое, чаму вы пакланяецеся заміж Аллага! Няўжо вы не разумееце?

68. Тыя сказалі: «Пусціце з дымам яго і дапамажыце вашым багам, калі вы здольныя дзейнічаць!» 

69. Мы сказалі: «О агонь! Будзь для Ібрагіма прахалодаю і ратункам!»

70. Яны імкнуліся нанесці шкоду, але Мы зрабілі так, каб яны страцілі больш за ўсіх. 

71. Мы выратавалі яго і Лута і прывялі на зямлю, якую блаславілі для сусветаў.

72. І Мы даравалі яму Ісхака, а яшчэ Якуба. Мы зрабілі іх усіх праведнікамі.

73. І зрабілі іх правадырамі, якія з Нашага дазволу паказваюць просты шлях. І Мы адкрылі ім, як рабіць дабро, здзяйсняць малітву і даваць закят. І яны пакланяліся Нам.

74. А Луту Мы даравалі мудрасць і веды, і выратавалі яго ад жыхароў паселішча, якія рабілі агідныя ўчынкі. Сапраўды, яны былі ліхімі ды распуснымі людзьмі. 

75. Мы ўвялі яго ў Сваю літасць. Сапраўды, ён быў адным з праведнікаў.

76. А Нух заклікаў Нас яшчэ раней; Мы адказалі яму і выратавалі яго з сям’ёю ад вялікае тугі. 

77. Мы абаранілі яго ад людзей, якія лічылі хлуснёю Нашыя азнакі. Гэтыя людзі былі дрэннымі, таму мы іх усіх утапілі.

78. Давуд і Сулейман, якія судзілі пра пасеў, які ноччу папсавалі чужыя авечкі. Мы былі сведкамі іх суда.

79. І Мы далі Сулейману правільную пастанову, і абодвум далі мудрасць і веды. І Мы пакарылі горы і птушак для таго, каб яны славілі Нас разам з Давудам. Так, мы зрабілі гэта.

80. Мы навучылі яго рабіць для вас кальчугу, каб вы мелі абарону ад узаемнае шкоды. Але хіба вы ўдзячныя?

81. Мы пакарылі Сулейману магутны вецер, які па яго загадзе дзьмуў на блаславёную Намі зямлю. Мы ж ведаем пра кожную рэч.

82. Былі сярод шатанаў такія, якія ныралі для яго ў ваду і выконвалі іншую працу. А Мы пільнавалі іх. 

83. Вось Аюб заклікаў да свайго Госпада: «Сапраўды, мяне кранула ліха, а Ты – Найлітасцівейшы з літасцівых!» 

84. Мы адказалі яму, адхінулі бедствы і даравалі яму яго сям’ю і яшчэ столькі ж – як літасць ад Нас і напамін для тых, хто пакланяецца.

85. Ісмаіль, Ідрыс, Зуль-Кіфль – усе яны былі з трывучых. 

86. І Мы ўвялі іх да Нашае літасці. Сапраўды, яны былі праведнікамі.

87. Вось Зун-Нун (Юнус) пайшоў раззлаваны і думаў, што Мы не пераможам яго, але ў цемры ён загукаў: «Няма бога, апроч Цябе! Прачысты Ты! Сапраўды, я быў несправядлівым».

88. Мы адказалі яму і выратавалі ад роспачы. Так Мы ратуем вернікаў.

89. Вось Закарыя звярнуўся да свайго Госпада: «Госпадзе! Не пакідай мяне самотным, бо Ты – найлепшы са спадчыннікаў».

90. Мы адказалі яму і даравалі Ях’ю, зрабіўшы яго жонку здольнай на гэта. Яны спяшаліся рабіць дабро, заклікалі да Нас з надзеяй і бояззю. І яны былі перад Намі пакорлівымі.

91. Тая, якая захавала цнатлівасць улоння свайго, – Мы ўдыхнулі ў яе ад нашага Духа, зрабіўшы яе саму і яе сына знакам для сусветаў.

92. Сапраўды, гэтая вашая грамада – грамада адзіная! А Я – Ваш Госпад, таму пакланяйцеся Мне!

93. Хоць людзі падзяліліся паміж сабою, усе яны паварочаюцца да Нас.

94. Імкненні таго, хто рабіў добрыя ўчынкі і быў вернікам, не адхіляць. Гэта ўсё Мы запішам яму. 

95. Забаронена вяртацца сюды жыхарам паселішчаў, якія Мы знішчылі, 

96. пакуль не адкрыюць шлях Яджуджа і Маджуджа, якія рушаць уніз з кожнага пагорка.

97. Наблізіцца час праўдзівае абяцанкі, і погляды нявернікаў, захопяць: «Гора нам! Мы былі няўважлівыя да гэтага! Так, мы былі несправядлівымі!»

98. І вы, і тое, чаму вы пакланяліся заміж Аллага, будзе палівам для пекла, да якога вы ўвойдзеце. 

99. Калі б яны сапраўды былі багамі, дык ні ўвайшлі б туды. Але яны будуць там павек. 

100. Яны будуць стагнаць, але нічога не пачуюць.

101. А тыя, каму Мы раней давалі найлепшае, апынуцца далёка ад пекла!

102. Яны не пачуюць найменшага гуку яе, павек будуць сярод таго, што пажадаюць.

103. Вялікі жах не засмуціць іх, а анёлы сустрэнуць іх так: «Вось Дзень, які вам абяцалі».

104. У той Дзень мы павернем неба так, як згортваюць скруткі для ліста. Мы паўторым тварэнне – так, як пачалі яго ўпершыню, што ўжо было абяцана. Сапраўды, Мы зробім гэта. 

105. Мы ўжо запісалі ў Забуры, пасля напамінку, што зямлю пярэймуць Нашыя праведныя рабы. 

106. Сапраўды, гэта – пасланне для людзей, якія пакланяюцца.

107. Мы паслалі цябе толькі як літасць для сусветаў. 

108. Скажы: «Мне адкрыта толькі тое, што ваш Бог – Бог адзіны. Няўжо вы не станеце пакорлівымі (Яму)?»

109. А калі яны адхінуцца, дык скажы: «Я аднолькава папярэджваю ўсіх вас. Я не ведаю, блізка альбо далёка да абяцанага вам.

110. Гэта Ён ведае пра словы, якія кажуць услых, і ведае пра тое, што вы хаваеце. 

111. Я не ведаю, магчыма, гэта – спакуса для вас і асалода дабротамі да пэўнага часу». 

112. Сказаў (Мухаммад): «Госпадзе! Рассудзі нас слушна! У нашага Літасцівага Госпада трэба шукаць дапамогі супраць таго, што пра Яго прыдумляюць».

 

 

Сура 22. Аль-Хадж

(Пілігрымка)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. О людзі! Бойцеся Госпада вашага! Сапраўды, землятрус Часу – жудасная рэч!

2. У той Дзень, калі вы ўбачыце яго, кожная карміцелька забудзе пра тых, каго жывіла, а кожная цяжарная жанчына выкіне свой плод. Ты ўбачыш людзей, як п’яных, але насамрэч яны не будуць п’яныя – гэта пакаранне Гасподняе будзе цяжкім. 

3. Ёсць сярод людзей такі, хто спрачаецца пра Аллага без усялякага ведання, ідучы за кожным шатанам збунтаваным, 

4. якім загадана, што кожнага, хто зробіць яго сваім абаронцам, таго ён саб’е са шляху і прывядзе да вогненнага пакарання. 

5. О людзі! Калі вы знаходзіцеся ў сумневе адносна ажывання, дык Мы стварылі вас спачатку з праху, потым – з кроплі семя, потым – з згустку крыві, а потым – з часціцы плоці, якая мае сваю выяву ці яшчэ не мае. Так Мы тлумачым гэта вам! Мы змяшчаем ва ўлонні тое, чаго жадаем, да пэўнага тэрміну. Потым Мы выводзім вас адтуль дзецьмі, каб вы маглі дасягнуць сталасці. Некаторыя з вас сканаюць, а некаторыя дажывуць да бездапаможных часоў, забываючыся на ўсё, што калісьці ведалі. І бачыш ты зямлю нячулую, а калі ж Мы льём на яе ваду, яна прыходзіць у рух, набракае і гадуе ўсялякія цудоўныя пары (раслін).

6. Гэта так, бо Аллаг Праўдзівы. Ён адраджае памерлых, ён здольны на кожную рэч, 

7. і Час прыйдзе, няма сумневу ў гэтым, і Аллаг адродзіць тых, хто ў магілах. 

8. Сярод людзей ёсць такі, хто спрачаецца пра Аллага без усялякага ведання, простага шляху альбо Пісання, якое даруе святло. 

9. Ён ганарыста паварочвае шыю, каб збіваць іншых са шляху Аллага. Ганьба чакае на яго ў гэтым свеце, а ў свеце наступным Мы дамо яму пакаштаваць абпальваючага агню. 

10. Гэта – за тое, што падрыхтавалі рукі твае. Аллаг не абыходзіцца несправядліва са Сваімі рабамі. 

11. Сярод людзей ёсць такія, хто пакланяецца Аллагу, знаходзячыся на краі. Калі з ім адбудзецца нешта добрае, ён супакойваецца. А калі яго спаткае выпрабаванне, ён адхінаецца сваім тварам. Ён губляе і зямное жыццё, і наступнае! Гэта – відавочная страта!

12. Заміж Аллага ён звяртаецца да таго, што не робіць яму ні шкоды, ні карысці. Гэта і ёсць вялікая аблуда.

13. Звяртаецца да таго, што хутчэй нашкодзіць, ніж прынясе карысць. Дрэнны такі пан, дрэнны такі сябар!

14. Сапраўды, тых, якія паверылі і здзяйснялі добрыя справы, Аллаг увядзе ў сады, дзе струменяць рэкі. Сапраўды, Аллаг чыніць, як пажадае!

15. Хто лічыць, што Аллаг ніколі не дапаможа Прароку – ні ў зямным, ні ў наступным жыцці – той няхай прывяжа вяроўку наверсе, а потым перарэжа яе і паглядзіць, ці знішчыць яго мудрагельства тое, што выклікае яго шаленства. 

16. Мы паслалі Каран як выразныя аяты (азнакі). Аллаг вядзе простым шляхам, каго пажадае!

17. Сапраўды, тыя, якія паверылі, тыя, якія з’яўляюцца юдэямі, і сабеі, і хрысціяне, і зараастрыйцы – Аллаг разважыць паміж імі ўсімі ў Дзень Ажывання! Сапраўды, Аллаг – кожнай рэчы Сведка.

18. Няўжо ты не бачыш, што перад Аллагам падае ніцма тое, што на нябёсах, і тое, што на зямлі – сонца, месяц, зоркі, горы, дрэвы, жывёлы і шмат людзей. І шмат хто заслугоўвае пакарання! Каго Аллаг зняважыць, таго ніхто не ўшануе! Сапраўды, Аллаг робіць, як пажадае.

19. Вось два гурта, якія спрачаліся пра свайго Госпада. Тым, якія не вераць, выкраяць вопратку з агню, а на іх галовы будуць ліць кіпень,

20. ад якога будуць тапіцца іх вантробы ды скура.

21. Іх чакаюць жалезныя кіюгі.

22. Кожны раз, калі яны жадацьмуць выйсці адтуль і пазбавіцца роспачы, іх вяртацьмуць назад: «Паспрабуйце пакарання ад абпальваючага агню!»

23. Сапраўды, тых, якія паверылі і здзяйснялі добрыя справы, Аллаг увядзе ў сады, у якіх струменяць рэкі. Яны будуць упрыгожаныя бранзалетамі з золата і пэрлаў, а вопратка іх там – ядваб!

24. Іх навучылі добрым словам і накіравалі на шлях Пахвальнага.

25. Сапраўды, тым, якія не вераць і збіваюць другіх са шляху Аллага і не пускаюць да Запаветнае Мячэці, якую Мы зрабілі для ўсіх людзей – ці яны там жывуць, ці вандруюць – а таксама тым, хто схіляецца ў ёй да несправядлівасці, Мы дамо спазнаць пакутлівага пакарання.

26. Вось Мы паказалі Ібрагіму на месца для Дому: «Нічога не надавай Мне ў пакланенні і ачышчай Мой Дом для тых, хто робіць абыход вакол яго, выконвае малітву, кланяецца ды падае ніцма».

27. Паведамі людзям пра хадж! Яны прыйдуць да цябе пехатою і на стомленых вярблюдах з самых адлеглых месцаў.

28. Няхай яны сведчаць пра тое, што прыносіць ім карысць, і няхай у вызначаныя дні згадваюць імя Аллага над той худобаю, якой Ён іх надзяліў. Ежце яе самі і жывіце незаможнага.

29. Няхай яны сатруць бруд свой, выканаюць абяцанкі і абыдуць вакол старажытнага Дома!

30. Менавіта так! Хто паважае забароны Аллага, робіць гэта на карысць сабе перад Госпадам. Вам дазволеная жывёла, апроч той, пра якую вам чытаюць. Пазбягайце бруду стодаў і пазбягайце хлуслівых слоў.

31. Будзьце перад Аллагам ханіфамі, а не паганцамі. А хто надае Аллагу роўных у пакланенні, той як падае з неба: альбо падхопяць яго птушкі, альбо вецер аднясе яго ў адлеглае месца. 

32. Менавіта так! Хто шануе азнакі Аллага, дык робіць гэта праз збожнасць у сэрцы. 

33. Да пэўнага часу вы маеце ад іх карысць, а месца іх ахвяравання – каля старажытнага Дома. 

34. Для кожнай грамады Мы ўсталявалі абрады, каб людзі згадвалі імя Аллага над худобаю, якою Ён іх надзяліў. Ваш Бог – Бог Адзіны, таму будзьце пакорлівыя Яму! А ты ўсцеш ціхмяных, 

35. ​​тых, сэрцы якіх, згадваючы Аллага, напаўняюцца бояззю, якія трываюць тое, што спасцігла іх, здзяйсняюць малітву і ахвяруюць з таго, чым Мы надзялілі іх.

36. Ахвярных вярблюдаў Мы зрабілі для вас азнакамі Аллага, у якіх – дабро для вас! Таму згадвайце імя Аллага над шэрагамі іх! А калі іх пакладуць на бокі, дык ежце і жывіце тых, хто задаволены сваёй доляю, а таксама тых, хто просіць. Так Мы падпарадкавалі іх вам – магчыма, вы будзеце ўдзячныя!

37. Ні мяса, ні кроў іх не дасягаюць Аллага, але Яго дасягае вашая збожнасць! Так Ён падпарадкаваў іх вам, каб вы ўзвялічвалі Аллага за тое, што Ён паказаў вам просты шлях! Таму ўсцеш праведных.

38. Сапраўды, Аллаг абараняе тых, хто паверыў. Сапраўды, Аллаг не любіць розных няўдзячных здраднікаў!

39. Дазволена весці барацьбу тым, з кім зрабілі несправядліва. Сапраўды, Аллаг здольны дапамагчы ім. 

40. Яны былі несправядліва выгнаныя з іх жылля толькі за тое, што яны казалі: «Госпад наш – Аллаг!» Калі б Аллаг не дазваляў адным людзям абараняцца ад іншых, дык былі б знішчаныя кляштары, храмы, сінагогі і мячэці, дзе часта згадваецца імя Бога. Аллаг абавязкова дапамагае тым, хто дапамагае Яму. Сапраўды, Аллаг – Усемагутны, Велічны!

41. Калі Мы ўмацуем іх на зямлі, яны будуць выконваць малітву, даваць закят, заклікаць здзяйсняць ухваляемае і забараняць заганнае. А вынік справаў – у Аллага!

42. Калі яны лічаць цябе хлусам, дык яшчэ раней (пасланцоў) лічылі хлусамі народ Нуха, адзіты, самудыты,

43. народ Ібрагіма, народ Лута, 

44. жыхары Мад’яну. Хлусам лічылі і Мусу. І Я даў нявернікам адтэрміноўку, а потым схапіў іх! Якая ж была адплата.

45. Колькі ж несправядлівых паселішчаў Мы знішчылі! Яны разбураныя дашчэнту. Колькі ж пакінутых калодзежаў і высокіх замкаў. 

46. Няўжо яны не падарожнічалі зямлёю, маючы сэрцы, якімі здольныя разумець, а таксама вушы, якімі здольныя слухаць! Робяцца невідушчымі не вачыма, а сэрцамі, якія ў грудзях!

47. Яны просяць, каб ты паскорыў пакаранне. Аллаг ніколі не парушае Сваёй абяцанкі! Дзень у Госпада твайго такі, як тысяча гадоў з тых, што вы лічыце.

48. Колькім несправядлівым паселішчам Мы даравалі адтэрміноўку! А потым Я схапіў іх і да Мяне прыбудуць яны!

49. Скажы: « О людзі! Сапраўды, Я для вас – выразны засцерагальнік!»

50. На тых, якія паверылі і здзяйснялі добрыя справы, чакае прабачэнне і шчодрая доля, 

51. а тыя, якія імкнуліся пазбавіць моцы Нашыя азнакі – жыхары пекла!

52. Мы не выпраўлялі раней пасланца ці прарока, якому б шатан не падкінуў што-небудзь у яго чытанне, калі ён чытаў. Але Аллаг знішчае тое, што падкінуў шатан! Потым Аллаг сцвярджае азнакі Свае. Аллаг – Усеведаючы, Мудры!

53. Тое, што падкінуў шатан, Ён робіць выпрабаваннем для тых, у чыіх сэрцах хвароба і чые сэрцы жорсткія. Сапраўды, прыгнятальнікі трапілі ў вялікі раскол!

54. Няхай ведаюць тыя, каму дадзена разуменне, што гэта – праўда ад Госпада твайго. Няхай яны вераць у яе і падпарадкоўваюць ёй свае сэрцы. Сапраўды, тых, якія паверылі, Аллаг вядзе простым шляхам!

55. Тыя, якія не вераць, не спыняцца вагацца ў ім, пакуль раптам не прыйдзе да іх Час альбо пакаранне ў Бясплённы Дзень.

56. Улада ў той Дзень будзе належаць Аллагу, Які разважыць паміж імі. Тыя, якія паверылі і здзяйснялі дабро, апынуцца ў садах асалоды, 

57. а на тых, якія не паверылі і лічылі хлуснёю Нашыя азнакі, чакае зневажальнае пакаранне.

58. А тых, якія ажыццявілі пярэбары на шляху Аллага, потым былі забітыя ці сканалі, Аллаг надзяляе выдатнаю доляю. Сапраўды, Аллаг – лепшы з надзеляючых.

59. Ён абавязкова ўвядзе іх тым уваходам, якім яны будуць задаволеныя. Сапраўды, Аллаг – Усеведаючы, Вытрыманы. 

60. Менавіта так! А хто сам карае так, як яго пакрыўдзілі і з ім зрабілі несправядліва, таму Аллаг абавязкова дапаможа! Сапраўды, Аллаг – Спагадлівы і Прабачаючы. 

61. Гэта так, бо Аллаг скарачае дзень ноччу, а ноч скарачае днём. Аллаг – Усечуючы, Усебачачы. 

62. Гэта так, бо Аллаг – Праўда, а тое, чаму вы пакланяецеся заміж Яго ёсць хлусня! Аллаг – Усявышні, Вялікі.

63. Няўжо ты не бачыш, што Аллаг пралівае з неба ваду, пасля чаго зямля робіцца зялёнаю? Гэта так, бо Аллаг – Добры, Дасведчаны.

64. Яму належыць тое, што на нябёсах, і тое, што на зямлі! Сапраўды, Аллаг – Багаты, Пахвальны.

65. Няўжо ты не бачыш, што Аллаг падпарадкаваў вам усё, што на зямлі? Карабель плыве па моры па Яго загадзе. Ён утрымлівае неба, каб яно не ўпала на зямлю без Яго дазволу. Сапраўды, Аллаг Спагадлівы і Міласэрны да людзей!

66. Ён – Той, Хто дараваў вам жыццё, потым Ён знежывіць вас і нанова даруе жыццё. Сапраўды, чалавек няўдзячны.

67. Для кожнае грамады Мы ўсталявалі абрады, якіх яны і прытрымліваюцца. Няхай не спрачаюцца з табою пра гэта. Заклікай да Госпада свайго! Сапраўды, Ты – на простым шляху. 

68. А калі яны будуць табе супярэчыць, дык скажы: «Аллаг лепей ведае пра тое, што вы робіце. 

69. У Дзень Ажывання Аллаг разважыць паміж вамі ў тым, пра што вы спрачаецеся». 

70. Няўжо ты не ведаеш, што Аллагу вядома тое, што на нябёсах і на зямлі? Сапраўды, гэта ёсць у Пісанні! Сапраўды, гэта лёгка для Аллага.

71. Яны пакланяюцца заміж Аллага таму, пра што Ён не паслаў аніякага доказу і пра што яны не маюць веданння. Не будзе памагатага несправядлівым!

72. Калі ім чытаюць Нашыя азнакі, ты бачыш на тварах нявернікаў варожасць. Яны ледзь не кідаюцца на тых, хто чытае ім Нашыя азнакі. Скажы: «Ці не распавесці вам пра тое, што горш за гэта? Гэта – агонь, абяцаны Аллагам нявернікам. Якая ж агідная гэтая мясціна». 

73. О людзі! Вось прыпавесць, паслухайце яе. Сапраўды, тыя, да каго вы звяртаецеся заміж Аллага, не створаць нават мухі, калі і ўсе згуртуюцца разам! А калі муха адбярэ ў іх нешта, дык яны не здолеюць забраць гэтага ў яе. Слабы той, хто просіць, і той, у каго просяць. 

74. Яны не цэняць Аллага так, як мае быць. Сапраўды, Аллаг – Усемагутны, Велічны. 

75. Аллаг абраў пасланцоў і сярод анёлаў, і сярод людзей. Сапраўды, Аллаг – Усечуючы, Усебачачы. 

76. Ён ведае, што было перад імі, і тое, што будзе пасля іх. І да Аллага вяртаюцца ўсе справы. 

77. О вы, якія паверылі! Кланяйцеся, падайце ніцма, пакланяйцеся Госпаду вашаму і рабіце дабро! Магчыма, вы будзеце мець поспех!

78. Змагайцеся ж за шлях Аллага вартым Яго змаганнем! Ён абраў вас і не зрабіў у веры ніякіх цяжкасцяў. Такая вера Ібрагіма, бацькі вашага. Ён назваў вас мусульманамі яшчэ раней і ў гэтым Каране, каб Пасланец быў сведкам для вас, а вы былі сведкамі людзям. Выконвайце малітву, давайце закят і трымайцеся за Аллага! Ён – Ахоўнік ваш. Выдатны Ахоўнік, выдатны Памагаты!

 

 

Сура 23. Аль-Мумінун

(Вернікі)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1Прыдбалі поспех вернікі, 

2. якія пакорлівыя ў сваіх малітвах, 

3. пазбягаюць усяго непатрэбнага, 

4. якія сплачваюць закят, 

5. якія закрываюць сваю галізну ад усіх – 

6. апроч жонак і тых, кім авалодалі іх правіцы, за што яны пазбаўлены ўпікання;

7. а хто жадае большага, тыя з’являюцца злачынцамі; 

8Поспех жа прыдбалі вернікі, якія захоўваюць даверанае ім і ўгоды, 

9. якія пільнуюць свае малітвы, 

10. менавіта яны – нашчадкі, 

11. якія атрымаюць у спадчыну Фірдаус, дзе будуць павек. 

12. Сапраўды, мы стварылі чалавека з цымусу гліны, 

13. а потым у надзейным месцы ператварылі ў кроплю; 

14. потым стварылі з кроплі згустак крыві, а са згустка крыві стварылі кавалачак плоці. З кавалачку плоці Мы стварылі косткі, а потым ахінулі іх мясам. Потым Мы выгадавалі гэта як новы твор. Блаславёны Аллаг, найлепшы з творцаў!

15. Пасля вы абавязкова сканаеце, 

16. а потым, у Дзень Ажывання, вас нанова ўзнімуць. 

17. Сапраўды, мы стварылі над вамі сем шляхоў. І Мы не былі нядбайнымі да Сваіх твораў. 

18. Мы звялі з неба належную меру вады і размясцілі яе на зямлі. Сапраўды, Мы здольныя яе выдаліць!

19. Ёю Мы выгадавалі для вас сады з пальмамі і вінаградам. Там шмат плёну для вас, які вы ясце, 

20. і дрэва, якое расце на гары Сінай. Яно дае алей і прысмакі для тых, хто есць.

21. Сапраўды, худоба з’являецца навучаннем для вас. Мы дамо вам піць тое, што змяшчаецца ў іх чэраве. Вы маеце з іх шмат іншае карысці і жывіцеся ад іх.

22. І на іх і на караблях вы перасоўваецеся. 

23. Сапраўды, мы выправілі Нуха да яго народа і сказалі: «О людзі! Пакланяйцеся Аллагу, апроч Якога для вас няма бога! Няўжо вы не баіцеся?»

24. Сказалі прадстаўнікі магнацтва, якія не паверылі, з яго народа: «Ён – такі ж чалавек, як і вы. І ён жадае кіраваць вамі. Калі б Аллаг пажадаў, дык паслаў бы анёла. Мы не чулі такога ад нашых продкаў.

25. Ён проста апантаны. Таму пачакайце з ім да пэўнага часу!»

26. Той сказаў: «Госпадзе! Дапамажы мне, бо яны лічаць мяне хлусам».

27. Мы адкрылі яму: «Збудуй каўчэг перад Нашым поглядам і па Нашай намове. А калі прыйдзе Наш загад і адкрыецца крыніца ў печы, вазьмі да яго із усіх па пары і сваю сям’ю – апроч тых, пра якіх ужо было сказана слова. І не прасі Мяне за несправядлівых – сапраўды, яны будуць патопленыя.

28. Калі тыя, хто з табою, сядуць у каўчэг, скажы: «Хвала Аллагу, Які выратаваў нас ад несправядлівых людзей!» 

29. Ён сказаў: «Госпадзе! Даруй нам блаславёны прытулак, бо Ты – найлепшы з тых, хто дае прытулак!»

30. Сапраўды, у гэтым знак! Мы выпрабоўваем вас. 

31. Пасля іх Мы выгадавалі іншае пакаленне 

32. і выправілі да іх пасланца з іх саміх: «Пакланяйцеся Аллагу, апроч Якога ў вас няма бога! Няўжо вы не баіцеся?»

33. Шляхетныя людзі з яго народа, якія не паверылі і адмаўлялі сустрэчу ў наступным жыцці, – тыя, каму Мы даравалі раскошу ў зямным жыцці – сказалі: «Ён – такі ж чалавек, як і вы. Есць тое, што ясце вы, п’е тое, што п’яце вы. 

34. І, вядома, калі вы станеце падпарадкоўвацца чалавеку, падобнаму да вас, сапраўды, так апыняцеся, адназначна, у страце. 

35Хіба ён абяцае вам, што пасля таго, як вы сканаеце і будзеце прахам і косткамі, вас адродзяць?

36. Неверагодна, амаль неверагодна тое, што вам абяцаюць!

37. Няма нічога, апроч зямнога жыцця. Мы паміраем, мы жывём і не адродзімся. 

38. Ён толькі чалавек, які паклёпнічае на Аллага. Мы не верым яму!»

39. Той сказаў: «Госпадзе! Дапамажы мне, бо мяне лічаць хлусам!»

40. Аллаг адказаў: «Вельмі хутка яны абавязкова пашкадуюць».

41. Лямант пабіў іх справядліва, і мы ператварылі іх у смецце. Няхай згінуць несправядлівыя людзі!

42. Пасля іх Мы выгадавалі іншыя пакаленні. 

43. Ніводная грамада не папярэдзіць свайго тэрміну і не адкладзе яго. 

44. Потым Мы выпраўлялі Нашых пасланцоў аднаго за адным. Да якога б народа не прыходзіў пасланец, яны лічылі яго хлусам. Таму, мы знішчалі адзін народ за адным і зрабілі іх апавяданнямі. Няхай згінуць людзі, якія не вераць!

45. А потым з Нашымі азнакамі і выразным доказам Мы паслалі Мусу і яго брата Гаруна 

46. да Фараона і яго магнацтва. Але яны заганарыліся, бо былі пагардлівымі людзьмі. 

47. Яны сказалі: «Няўжо мы паверым двум людзям, падобным да нас, тады як іх народ служыць нам?»

48. Такім чынам, яны прызналі іх абодвух хлусамі і аддалі сябе на згубу. 

49. Сапраўды, Мы даравалі Мусе Пісанне – магчыма, пойдуць яны простым шляхам.

50. Мы зрабілі сына Марям і яго маці знакам і пасялілі іх на ўтульным пагорку, дзе было месца для знаходжання і крыніца. 

51. О вы, пасланцы! Ежце даброты і рабіце дабро. Сапраўды, Я ведаю, што вы робіце. 

52. Сапраўды, вашая грамада – грамада адзіная. А Я – ваш Госпад. Таму бойцеся Мяне!

53. Але яны разарвалі сваю веру на часткі і кожная суполка цешыцца з таго, што мае. 

54. Пакінь іх у іх аблудзе – да пэўнага часу. 

55. Няўжо яны лічаць, што мы дамо ім маёмасць і сыноў, 

56. спяшаючыся надзяліць дабротамі? О не, але яны гэтага не адчуваюць. 

57. Сапраўды, тыя, якія дрыжаць ад боязі перад Госпадам сваім,

58. якія вераць у азнакі Госпада свайго, 

59. якія ў пакланенні Госпаду свайму не надаюць роўных, 

60. якія даюць ахвяраванні, а ў сэрцах адчуваюць боязь, што паварочаюцца да свайго Госпада, – 

61. менавіта яны спяшаюцца рабіць добрыя справы, папярэджваючы ў гэтым іншых.

62. Мы не патрабуем ад душы больш за тое, што яна прымее. Мы маем Пісанне, якое кажа праўду, і з імі не абыдуцца несправядліва. 

63. Але іх сэрцы невідушчыя да яго. Таксама яны чыняць менш цяжкія злачынствы, 

64. пакуль Мы не скараем тых сярод іх, хто раскашуецца! Тады яны пачнуць равець.

65. Не равіце сёння! Сапраўды, вы не атрымаеце ад Нас дапамогі!

66. Вам жа чыталі Мае азнакі, але вы вярталіся на сваіх пятах назад, 

67. былі ганарыстымі, а па начах вялі брыдкія гутаркі. 

68. Няўжо яны не задумаюцца над гэтым словам? Ці да іх прыйшло тое, што не прыходзіла да іх продкаў?

69. Ці яны не пазналі свайго Пасланца і адмаўляюць яго?

70. Ці яны кажуць: «Ён апантаны»? О не! Ён прыйшоў да іх з праўдаю, але большасць з іх ненавідзіць праўду!

71. Калі б праўда ішла за іх жаданнямі, дык згінулі бы нябёсы, зямля і тыя, хто на іх. О не! Мы даравалі ім напамін, але яны адхінаюцца ад свайго напаміну.

72. Хіба ты просіш у іх узнагароджання? Узнагароджанне Госпада твайго найлепшае, а Ён – найлепшы з тых, хто надзяляе.

73. Сапраўды, ты заклікаеш іх на просты шлях. 

74. Сапраўды, тыя, якія не вераць у наступнае жыццё, абавязкова адхіляюцца ад гэтага шляху!

75. Калі б Мы нават памілавалі іх і адхілілі ад іх ліха, яны ўсё адно блукалі ды ўпарта трымаліся б сваёй памылкі. 

76. Так Мы пакаралі іх, але яны не ўтаймаваліся перад сваім Госпадам і не сталі ціхмянымі. 

77. Але калі мы адчынім перад імі вароты вялікага пакарання, яны ўвойдуць у роспач!

78. Ён – Той, Хто стварыў для вас слых, зрок і сэрцы. Як мала вы дзякуеце!

79. Ён – Той, Хто парассяляў вас на зямлі. І да Яго вы будзеце сабраныя!

80. Ён – Той, Хто даруе жыццё і скананне. Ён змяняе ноч і дзень. Няўжо вы не разумееце?

81. О не! Яны кажуць тое ж, што і мінулыя пакаленні. 

82. Яны кажуць: «Няўжо пасля таго, як мы сканаем і станем прахам і косткамі, нас адродзяць?

83. Гэта абяцаюць нам, а яшчэ раней абяцалі нашым бацькам. Але гэта толькі паданне старажытных народаў».

84. Спытай: «Каму належыць зямля і тыя, хто на ёй, калі вы ведаеце?»

85. Яны скажуць: «Аллагу!» Скажы: «Няўжо вы не задумаецеся?»

86. Спытай: «Хто Госпад сямі нябёсаў і вялікага Трона?»

87. Яны скажуць: «Аллаг!» Скажы: «Няўжо вы не баіцеся?»

88. Скажы: «У каго ўлада над кожнаю рэччу? Хто абараняе і ад Каго няма абароны, калі вы ведаеце?»

89. Яны скажуць: «Аллаг!» Скажы: «Да чаго ж вы зачараваныя!»

90. Так, Мы далі ім праўду, а яны яе адмаўляюць.

91. Аллаг не браў Сабе сына і няма, апроч Яго, іншага бога. Інакш кожны бог забіраў бы тое, што стварыў, а адны з іх панавалі б над іншымі. Усячысты Аллаг ад таго, што Яму прыпісваюць!

92. Дасведчаны пра таемнае і адкрытае, Вышэй за тое, што Яму дадаюць у пакланенні.

93. Скажы: «Госпадзе! Калі Ты пакажаш мне тое, што ім абяцана,

94. дык не рабі мяне, Госпадзе, адным з несправядлівых людзей.

95. Сапраўды, Мы здольныя паказаць табе тое, што абяцалі ім.

96. Адштурхні ліха тым, што лепш. Мы ведаем пра тое, што яны прыпісваюць Нам!

97. Скажы: «Госпадзе! Шукаю ў Цябе абароны ад намоў шатанаў,

98. шукаю ў Цябе абароны, Госпадзе, каб не сустракацца з імі».

99. Калі скананне прыходзіць да каго-небудзь з іх, то ён кажа: «Госпадзе! Вярні мяне назад!

100. Магчыма, я буду рабіць добрыя справы, якія адхіліў!» О не! Гэта толькі словы, якія ён кажа. Перашкода будзе за ім да Дня, калі яны адродзяцца.

101. І калі падзьмуць у Рог, дык не будзе сваяцтва паміж імі ў той Дзень, і не будуць яны распытваць адно аднаго.

102. Тыя, чыя шаля апынецца цяжкаю, будуць выратаваныя.

103. А тыя, чыя шаля апынецца лёгкаю, страцяць саміх сябе і будуць у пекле павек.

104. Агонь паліцьме іх твары, і яны будуць крывіцца ў ім.

105. Хіба вам не чыталі Мае азнакі? Але вы лічылі іх хлуснёю!

106. Яны скажуць: «Госпадзе наш! Апанавала нас нашая галеча. Мы былі людзьмі, якія трапілі ў аблуду.

107. Госпадзе наш! Выведзі нас адсюль! А калі мы паварочаемся да свайго, дык, сапраўды, будзем прыгнятальнікамі».

108. Заставайцеся тут з ганьбаю і не размаўляйце са Мною!

109. Сапраўды, частка рабоў Маіх казала: «Госпадзе наш! Мы паверылі! Прабач нас і злітуйся над намі, бо Ты – Найлепшы з міласэрных!»

110. Вы кпілі з іх, пакуль не забыліся на напамін пра Мяне. Вы дзівіліся з іх.

111. Сёння Я ўзнагародзіў іх за тое, што яны былі трывучымі. Сапраўды, яны дасягнулі поспеху!

112. Ён спытае: «Колькі гадоў вы прабавіліся на зямлі?»

113. Тыя адкажуць: «Мы прабылі дзень ці нават частку дня. Спытай у тых, хто лічыць».

114. Ён скажа: «Мала ж вы прабавіліся! Калі б вы толькі ведалі.

115. Няўжо вы лічыце, што Мы стварылі вас для забаўкі і што вы не паварочаецеся да Нас?»

116. Усявышні Аллаг, Праўдзівы Уладар! Няма бога, апроч Яго, Госпада вялікага Трона!

117. У таго, хто звяртаецца заміж Аллага да іншага бога, няма для гэтага ніводнага доказу. Яго разлік – у яго Госпада. Сапраўды, нявернікі не будуць мець поспеху!

118. Скажы: «Госпадзе! Даруй і злітуйся, бо Ты – Найлепшы з міласэрных!»

 

 

Сура 24. Ан-Нур

(Святло)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Гэта – сура, якую Мы паслалі і зрабілі абавязкам. Мы паслалі ў ёй выразныя азнакі – магчыма, вы задумаецеся!

2. Распусніка і распусніцу біце сто разоў – кожнага з іх. Няхай ваш жаль да іх не пераважыць веру Аллага, калі вы верыце ў Аллага і ў Апошні Дзень. І няхай сведкамі іх пакарання будзе гурт вернікаў!

3. Распуснік прымее пабрацца шлюбам толькі з распусніцаю ці паганаю, а распусніца прымее пабрацца шлюбам толькі з распуснікам альбо паганым. А для вернікаў гэта забаронена!

4. Тых, якія абвінавачваюць цнатлівых жанчын, але не прымеюць прывесці чатырох сведкаў, біце восемдзесят раз і ніколі не прымайце ад іх сведчанні, бо яны – непакорлівыя, 

5. апроч тых, якія пасля павініліся і выправіліся. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны. 

6. А кожны з тых, якія абвінавачваюць сваіх жонак, але не маюць сведкаў, апроч саміх сябе, мусіць паклясціся чатыры разы Аллагам пра тое, што ён праўдзівы, 

7а на пяты раз – што праклён Аллага будзе на ім, калі ён хлусіць. 

8. Жонка не зведае пакарання, калі паклянецца чатыры разы Аллагам пра тое, што ён хлусіць, 

9а на пяты раз – што гнеў Аллага будзе на ёй, калі ён праўдзівы. 

10. Калі б не шчодрасць Аллага да вас, Яго літасць і тое, што Ён – Прымаючы каянне і Мудры!

11. Сапраўды, тыя якія паклёпнічаюць, ёсць сярод вас саміх. Не палічыце гэта ліхам супраць вас. Наадварот, гэта – дабро для вас. Кожны чалавек атрымае за свой грэх! А на таго, хто ўзяў на сябе найбольшую частку гэтага, чакае пакаранне вялікае!

12. Чаму ж вы, вернікі і верніцы, пачуўшы пра гэта, не думалі пра саміх сябе добра ды не сказалі: «Гэта відавочны паклёп»?

13. Чаму ж яны не прыйшлі з чатырма сведкамі? А калі яны не прыйшлі з імі, дык яны перад Аллагам – хлусы!

14. Калі б не шчодрасць Аллага да вас, Яго літасць у зямным ды наступным жыцці, дык за вашыя размовы закранула б вас пакаранне вялікае!

15. Калі вы казалі гэта сваімі языкамі і прамаўлялі сваімі вуснамі тое, пра што ў вас няма ведання, і яшчэ лічыце гэта дробяззю, пры тым, што гэта – вялікі грэх перад Аллагам!

16. Чаму ж вы, пачуўшы гэта, не сказалі: «Нам не варта казаць такога. Усячысты Ты! А гэта – вялікі паклёп».

17. Аллаг вучыць вас больш не рабіць гэтага ніколі, калі вы вернікі!

18. Ён тлумачыць вам азнакі. А Аллаг – Усеведаючы, Мудры!

19. Сапраўды, на тых, каму падабаецца, каб пра вернікаў распавядалі агіднае, чакае хваравітае пакаранне ў жыцці зямной і наступным! Аллаг ведае, а вы не ведаеце. 

20. Калі б не шчодрасць Аллага да вас, Яго літасць і тое, што Ён Спагадлівы і Міласэрны.

21. О вы, якія паверылі! Не ідзіце ўтроп шатана. А хто ідзе ўтроп шатана, дык, сапраўды, ён заклікае да агіднага ды ганебнага! Калі б не літасць і міласэрнасць Аллага да вас, дык ніводзін з вас не ачысціўся б ніколі, але Аллаг ачышчае, каго пажадае! Аллаг – Усечуючы, Усеведаючы. 

22. Няхай тыя, хто мае становішча і багацце сярод вас, не клянуцца, што не будуць дапамагаць сваякам, бедакам і перасяленцам на шляху Аллага. Няхай яны даруюць і будуць спачувальнымі. Няўжо вы не жадаеце, каб Аллаг прабачыў вас? Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

23. Сапраўды, тыя, якія ўпікаюць невінаватых цнатлівых жанчын, будуць праклятыя ў свеце зямным і наступным! Чакае на іх вялікае пакаранне. 

24. У той Дзень іх языкі, рукі і ногі будуць сведчыць пра тое, што яны рабілі. 

25. У той Дзень Аллаг адплаціць ім поўнаю і слушнаю мераю, і яны даведаюцца, што Аллаг – Відавочная Праўда. 

26. Дрэнныя жанчыны – дрэнным мужчынам, дрэнныя мужчыны – дрэнным жанчынам. А добрыя жанчыны – добрым мужчынам, добрыя мужчыны – добрым жанчынам. Яны недатычныя да таго, што пра іх кажуць. На іх чакае прабачэнне і шчодрая доля.

27. О вы, якія паверылі! Не заходзьце не ў свае дамы, не спытаўшы дазволу і не павітаўшы іх жыхароў. Так будзе лепей для вас, магчыма, вы задумаецеся.

28. Калі там нікога не будзе, дык не заходзьце, пакуль вам не дазволяць. А калі вам кажуць: «Вяртайцеся!» – дык вяртайцеся. Так будзе чысцей для вас! Аллаг ведае, што вы робіце.

29. На вас не будзе граху, калі вы ўвойдзеце ў нежылыя дамы, дзе ёсць карысць для вас. Аллаг ведае, што вы адкрываеце і хаваеце. 

30. Скажы вернікам-мужчынам, каб яны адводзілі свае погляды і закрывалі сваю галізну. Так будзе чысцей для іх. Сапраўды, Аллагу вядома пра тое, што яны робяць.

31. Скажы верніцам-жанчынам, каб яны адводзілі свае погляды і закрывалі сваю галізну. Няхай яны не паказваюць сваёй прыгажосці, апроч таго, што бачна, і няхай закрываюць сваімі покрывамі грудзі. Няхай не паказваюць сваёй прыгажосці нікому, апроч сваіх мужоў, бацькоў, бацькоў сваіх мужоў, сваіх сыноў, сыноў сваіх мужоў, сваіх братоў, сыноў сваіх братоў, сыноў сваіх сясцёр, іншых жанчын ці тых, кім авалодалі іх правіцы, слугам, у якіх няма палкасці да жанчын, ці дзецям, якія не ведаюць жаночае галізны; няхай яны не ходзяць так, каб было вядома, якія прыгажосці яны хаваюць. Вініцеся перад Аллагам усе разам, о вернікі! Магчыма, вы мецьмяце поспех.

32. Шлюбуйце тых з вас, хто адзінокі, а таксама праведнікаў з вашых рабоў і рабынь. А калі яны незаможныя, дык Аллаг узбагаціць іх з шчодрасці Сваёй. Аллаг – Усеабдымны, Усеведаючы. 

33. Няхай захоўваюць цнатлівасць тыя, хто не прымее пабрацца шлюбам, пакуль Аллаг з шчодрасці Сваёй не ўзбагаціць іх. Калі тыя, кім авалодалі вашыя правіцы, жадаюць пісьмовага пасведчання, дык напішыце яго – калі вы ведаеце, што яны маюць дабро. Дайце ім частку з маёмасці Аллага, якую Ён дараваў вам. Не прымушайце сваіх нявольніц да распусты, жадаючы хуткіх дабротаў зямнога жыцця, калі тыя хочуць захаваць цнатлівасць. А калі хто прымусіў іх, дык Аллаг пасля таго – Прабачаючы, Міласэрны.

34. Мы паслалі вам выразныя азнакі, прыпавесць пра тых, якія жылі раней за вас, а таксама павучанні для збожных.

35. Аллаг даў святло нябёсам і зямлі. Святло Яго ў сэрцы верніка падобна да нішы, у якой ёсць каганец; каганец у шкле, а шкло – як зорка зіхатлівая. Гарыць яна ад блаславёнага алейнага дрэва, ні ўсходняга, ні заходняга; гатовы запалаць яго алей, хоць бы агонь і не крануў яго. Святло над святлом!.. Вядзе Аллаг да Свайго святла, каго пажадае, і прыводзіць прыпавесці для людзей. Аллаг пра кожную рэч ведае. 

36Такі каганец – у дамах, якія дазволіў пабудаваць Аллаг і ў якіх згадваецца Яго імя (у мячэцях). Там Яго ўслаўляюць раніцай і ўвечары 

37. мужчыны, якіх ні гандаль, ні продаж не адцягваюць ад згадвання Аллага, выканання малітвы і сплаты закяту. Яны баяцца таго Дня, калі здрыгануцца сэрцы і застыгнуць погляды,

38. каб Аллаг узнагародзіў іх за найлепшае з таго, што яны рабілі, і яшчэ дадаў з шчодрасці Cваёй. Аллаг надзяляе, каго пажадае, без адплаты. 

39. Учынкі тых, якія не паверылі, падобныя да прывіду ў пустэлі, які прагны лічыць за ваду. Калі ён прыходзіць туды, дык не знаходзіць нічога. Але знаходзіць побач Аллага, Які адплаціць яму поўнасцю! Аллаг – Хуткі ў адплаце.

40. Ці яны падобныя да змроку ў марскіх глыбінях. Хваля накрывае іх згары, яшчэ адна хваля вышэй, а яшчэ вышэй – хмара. Адна цемра над іншаю! Калі нехта выцягне сваю руку, дык не здолее яе ўбачыць. Каму Аллаг не даў святла, таму няма святла.

41. Няўжо ты не бачыш, што Аллага славіць тое, што на нябёсах, і тое, што на зямлі, а таксама птушкі з распасцёртымі крыламі. Кожны ведае сваю малітву і праслаўленне. Аллаг ведае пра тое, што яны робяць!

42. Аллагу належыць улада над нябёсамі і зямлёю. І да Аллага – вяртанне!

43. Няўжо ты не бачыш, што Аллаг гоніць аблокі, потым збірае іх, а потым ператварае ў натоўп. І ты бачыш, як дажджавыя кроплі выходзяць з прамежку. З гораў, што на нябёсах, Ён пасылае град і паражае ім, каго пажадае, і адхіляе яго, ад каго пажадае. Бляск маланак гатовы пазбавіць на зрок. 

44. Аллаг змяняе ноч і дзень. Сапраўды, у гэтым – павучальны прыклад для тых, хто мае зрок. 

45. Аллаг стварыў усіх жывых істот з вады. Сярод іх ёсць такія, якія поўзаюць на чэраве, ёсць такія, якія ходзяць на дзвюх нагах, ёсць такія, якія ходзяць на чатырох. Аллаг творыць, што пажадае. Сапраўды, Аллаг здольны на кожную рэч. 

46. Мы паслалі выразныя азнакі, а Аллаг вядзе простым шляхам, каго пажадае. 

47. Яны кажуць: «Мы паверылі ў Аллага і Пасланца. Мы падпарадкуемся!» А потым частка з іх адхінаецца. Не, яны нявернікі. 

48. Калі іх клічуць да Аллага і Яго Пасланца, каб паміж імі разважылі, дык частка з іх адхінаецца. 

49. Калі б праўда была на іх баку, то яны пакорліва прыйшлі б да яго. 

50. Ці ў іх сэрцах хвароба, ці яны вагаюцца, ці яны баяцца, што Аллаг і Яго Пасланец судзіцьмуць іх несправядліва? Наадварот, яны самі несправядлівыя. 

51. Словы вернікаў, калі іх клічуць да Аллага і Яго Пасланца, такія: «Слухаем і падпарадкоўваемся!» Менавіта яны і мецьмуць поспех. 

52. Тыя, якія падпарадкоўваюцца Аллагу і Яго Пасланцу, баяцца Аллага і маюць перад Ім боязь, дасягнуць поспеху.

53. Яны клянуцца Аллагам – наймацнейшымі клятвамі! – што, калі б ты ім загадаў, дык яны абавязкова накіраваліся б у выправу. Скажы: «Не кляніцеся! Ведаем гэтую пакорлівасць». Сапраўды, Аллагу вядома тое, што вы робіце. 

54. Скажы: «Падпарадкуйцеся Аллагу і Яго Пасланцу!» А калі вы адхіняцеся, дык ён будзе адказваць толькі за сваё, а вы будзеце адказваць за сваё. Але калі вы будзеце паслухмянымі, дык пойдзеце простым шляхам. Сапраўды, на Пасланцу ляжыць толькі выразнае давядзенне.

55. Тых з вас, якія паверылі і здзяйснялі дабро, Аллаг абяцаў зрабіць намеснікамі на зямлі – так, як Ён зрабіў намеснікамі іх папярэднікаў; Ён абавязкова зацвердзіць іх веру, якую Сам ухваліў для іх, і заменіць іх страх бяспекаю. Яны пакланяюцца Мне і не надаюць у пакланенні нікога ў супольнікі. А хто пасля гэтага будзе няўдзячным, тыя – непакорлівыя!

56. І выконвайце малітву, сплачвайце закят і падпарадкоўвайцеся Пасланцу – магчыма, над вамі злітуюцца!

57. Не думай, што тыя, якія не вераць, здолеюць выратавацца на зямлі, іх сховішчам будзе пекла і як жа жахліва гэта вяртанне!

58. О вы, якія паверылі! Няхай тыя, кім авалодалі вашыя правіцы, і тыя, якія не дасягнулі сталага ўзросту, просяць у вас дазволу ўвайсці ў вашыя пакоі ў трох выпадках: перад малітваю на світанку, апоўдні – калі вы скідаеце сваю вопратку, а таксама пасля начное малітвы. Тры выпадкі вашае галізны. У іншым часе не будзе граху ні на вас, ні на іх, няхай адны з вас заходзяць да іншых. Так Аллаг тлумачыць вам азнакі, а Аллаг – Дасведчаны, Мудры. 

59. Калі вашыя дзеці дасягнуць сталага ўзросту, дык няхай просяць дазволу ўвайсці таксама, як гэта рабілі старэйшыя. Так Аллаг тлумачыць вам азнакі Свае. Аллаг – Дасведчаны, Мудры. 

60. Не будзе граху на старэйшых жанчынах, якія не спадзяюцца на шлюб, калі яны скінуць вышнюю вопратку, не паказваючы сваіх прыгажосцей. Але лепей для іх устрымацца ад гэтага, а Аллаг – Усечуючы, Дасведчаны!

61. Не будзе граху на невідушчым, на кульгавым, на хворым, на вас саміх, калі вы будзеце есці ў сваіх дамах альбо дамах вашых бацькоў, альбо ў дамах вашых маці, альбо ў дамах вашых братоў, альбо ў дамах вашых сясцёр, альбо ў дамах вашых дзядзькоў з боку бацькі, ці цётак з боку бацькі, ці дзядзькоў з боку вашых маці, альбо цётак з боку вашых маці, альбо ў тых дамах, ад якіх вы маеце ключы, ці вашых сяброў. Не будзе граху, калі вы будзеце есці разам ці паасобку. Таму калі ўваходзіце ў дамы, дык вітайце адно аднаго, вітаннем ад Аллага, блаславёным, добрым! Так Аллаг тлумачыць вам Свае азнакі, – быць можа, вы зразумееце!

62. Вернікі – гэта толькі тыя, якія паверылі ў Аллага і Яго Пасланца. Калі яны побач з ім у нейкай агульнай справе, дык не ідуць, пакуль не спытаюць дазволу. Сапраўды, тыя, якія пытаюцца ў цябе дазволу – менавіта яны паверылі ў Аллага і Яго Пасланца! А калі яны пытаюцца дазволу, каб здзейсніць нейкую справу, дык дазволь тым з іх, каму пажадаеш. І прасі за іх прабачэння ў Аллага. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны!

63. Не звяртайцеся да Пасланца так, як вы звяртаецеся адзін да аднаго. Аллаг ведае тых з вас, якія ідуць таемна. Няхай пільнуюцца тыя, якія пярэчаць яго загаду, бо можа іх спасцігнуць спакуса альбо пакутлівае пакаранне!

64. Сапраўды, Аллагу належыць тое, што на нябёсах і на зямлі. Ён ведае ваш стан і той Дзень, калі яны будуць сабраныя перад Ім. Тады Ён паведаміць ім пра тое, што яны рабілі. Аллаг пра кожную рэч Дасведчаны.

 

 

Сура 25. Аль-Фуркан

(Адрозніванне)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Блаславёны Той, Хто паслаў Адрозніванне свайму рабу, каб ён быў засцерагальнікам для сусветаў. 

2. Ён – Той, Каму належыць улада на нябёсах і на зямлі. Ён не браў Сабе дзіцяці і не было Яму роўнага ва ўладзе. Ён стварыў кожную рэч і размеркаваў яе мераю. 

3. Заміж Яго яны бяруць сабе багамі тых, якія нічога не ствараюць, але створаныя самі; тых, якія не маюць улады нанесці сабе шкоды альбо прынесці карысць; тых, якія не маюць улады ні над скананнем, ні над жыццём, ні над адраджэннем.

4. Тыя, што не вераць, кажуць: «Гэта толькі хлусня, якую ён прыдумаў з дапамогаю іншых людзей». Так яны робяць несправядліва і хлусяць. 

5. Яны кажуць: «Казкі старажытных народаў! Ён папрасіў запісаць іх, і яму чытаюць гэта раніцай і ўвечары».

6. Скажы: «Яго паслаў Той, Хто ведае таямніцы нябёсаў і зямлі. Сапраўды, Ён – Прабачаючы, Міласэрны!»

7. Яны кажуць: «Што гэта за пасланец? Ён спажывае ежу і ходзіць па кірмашах. Чаму да яго не пасланы анёл, які б засцерагаў разам з ім?

8. Чаму яму не пасланы скарб? Чаму не мае ён саду, з якога б ён спажываў ежу?» Беззаконнікі сказалі: «Вы ідзяце ўтроп чалавека, які зачараваны».

9. Паглядзі, як яны прыводзяць табе прыпавесці. Яны заблукалі і не прымеюць знайсці шляху. 

10. Блаславёны Той, Хто, калі пажадае, даруе табе лепей за гэта ўсё – сады, дзе струменяць рэкі. Ён таксама ўсталюе для цябе палацы. 

11. О не! Яны лічаць Час за хлусню! А для тых, хто лічыць Час за хлусню, падрыхтавалі Мы полымя!

12. Толькі яно ўбачыць іх здалёк, яны пачуюць яго сыканне і грукат!

13. Калі іх, закутых, кінуць да цеснага месца, яны прасіцьмуць там на сябе загубы!

14. Сёння не клічце на сябе адной загубы, клічце іх шмат!

15. Скажы: «Што лепш – гэтакае пакаранне альбо сад вечнасці, які чакае на збожных і будзе іх узнагароджаннем і месцам для вяртання?»

16. Там яны будуць мець усё, што пажадаюць, і будуць яны там павек. Такая абяцанка, узятая Тваім Госпадам, пра якую пытаюцца!

17. У той Дзень Ён збярэ іх і тых, каму яны пакланяліся заміж Аллага. І скажа: «Гэта вы ўвялі ў аблуду Маіх рабоў, ці яны самі збіліся са шляху?» 

18. Тыя скажуць: «Прачысты Ты! Нам не пасуе браць абаронцаў заміж Цябе, але гэта Ты дазволіў ім і іх бацькам атрымліваць асалоду ад дабротаў, таму яны забыліся на напамін і сталі людзьмі, якія зніклі».

19. Яны адмаўлялі тое, што вы кажаце, і вы не здолееце ні адхіліць пакарання, ні дапамагчы сабе. Тых з вас, якія былі несправядлівымі, Мы прымусім паспытаць вялікае пакаранне!

20. Пасланцы, якіх Мы пасылалі раней, таксама спажывалі ежу і хадзілі па кірмашах. Адных з вас Мы зрабілі спакусаю для іншых – ці будзеце вы трывучымі? Госпад твой – Усебачачы!

21. Тыя, якія не спадзяюцца на сустрэчу з Намі, кажуць: «Чаму да нас не пасланы анёлы? Чаму мы не бачым нашага Госпада?» Яны пагардліва заганарыліся ў душы сабой і праявілі вялікае непадпарадкаванне. 

22. У той Дзень, калі яны ўбачаць анёлаў, для грэшнікаў не будзе ніякае добрае весткі. Ім скажуць: «Вось перашкода неадольная». 

23. Мы зоймемся справамі, якія яны рабілі і ператворым іх у раздзьмуты пыл.

24. Жыхары раю ў той Дзень мецьмуць найлепшы прытулак і найлепшае месца адпачынку. 

25. У той Дзень расшчэпіцца неба, пакрытае хмарамі, і будуць пасланыя анёлы.

26. Сапраўдная ўлада гэтага Дня будзе належыць Літасціваму! Цяжкі будзе гэты Дзень для нявернікаў!

27. У той Дзень беззаконнік кусацьме свае рукі і казацьме: «Калі б я накіраваўся шляхам Пасланца!

28. Гора мне! Калі б я не браў сабе такога сябра. 

29. Бо менавіта ён адхінуў мяне ад напаміну, калі ён прыйшоў да мяне!» Так шатан пакідае чалавека без дапамогі.

30. Пасланец сказаў: «Госпадзе! Сапраўды, мой народ адхіліў гэты Каран».

31. Менавіта так Мы паставілі кожнаму прароку ворага з беззаконнікаў, але досыць твайго Госпада як Правадыра і Памагатага.

32. Тыя, што не паверылі, кажуць: «Чаму Каран не пасланы адразу, цалкам?» Гэта так, бо Мы імкнёмся ўмацаваць ім тваё сэрца і прачыталі яго па парадку. 

33. Якія б прыпавесці яны табе ні прыводзілі, мы прыходзілі да цябе з праўдаю і найлепшым тлумачэннем!

34. Тыя, якіх прыцягнуць да пекла на іх тварах, апынуцца ў найгоршым месцы, бо яны самыя аблудныя. 

35. Мы даравалі Мусе Пісанне і паставілі яму памагатага – яго брата, Гаруна. 

36. І Мы сказалі: «Ідзіце да народа, які прызнаў Нашыя азнакі хлуснёю». А потым Мы зусім вынішчылі гэтых людзей. 

37. Народ Нуха, які адмаўляў пасланцоў, мы ўтапілі, зрабіўшы знакам для людзей. Мы падрыхтавалі для беззаконнікаў пакутлівае пакаранне.

38. А таксама адытаў, самудытаў, жыхароў ар-Расса і шмат іншых пакаленняў, якія жылі сярод іх. 

39. Усім ім Мы прыводзілі прыпавесці і ўсіх іх Мы знішчылі. 

40. Яны ўжо праходзілі міма паселішча, на якое выпаў дрэнны дождж. Няўжо яны не бачылі гэтага паселішча? Не спадзяюцца яны на адраджэнне.

41. Калі яны бачаць цябе, дык толькі цешацца: «Няўжо гэта яго Аллаг зрабіў пасланцом?

42. Ён прымеў адхінуць нас ад нашых багоў, калі б мы не мелі трывання». Калі яны ўбачаць пакаранне, дык хутка даведаюцца, хто насамрэч збіўся са шляху.

43. Ты бачыў таго, хто зрабіў богам сваё жаданне? Няўжо ты будзеш для такога апекавальнікам?

44. Няўжо ты лічыш, што большасць з іх здольная нешта чуць ці разумець? Яны як худоба. О не, яшчэ больш збіліся са шляху. 

45. Няўжо ты не бачыш, як твой Госпад падаўжае цень? А калі б Ён пажадаў, дык зрабіў бы яго нязменным. Сонца Мы зрабілі для яго паказальнікам, 

46. а потым патроху сціскаем яго да Сябе. 

47. Ён – Той, Хто зрабіў для вас ноч покрывам, а сон – адпачынкам. А дзень Ён зрабіў часам вяртання да жыцця.

48. Ён – Той, Хто пасылае вятры добрымі веснікамі Сваёй літасці. І Мы праліваем з неба чыстую ваду. 

49. Каб ажывіць ёй нежывую зямлю і напаіць жывёлу і шмат людзей, якіх мы стварылі. 

50. Мы размяркоўваем ваду паміж імі, каб яны задумаліся, але большасць людзей адхінаецца ад усяго, апроч няверы.

51. Калі б Мы пажадалі, дык паслалі б засцерагальніка да кожнага паселішча. 

52. Таму не слухайся нявернікаў, а змагайся супраць іх з дапамогаю гэтага вялікага Карана вялікаю барацьбою!

53. Ён – Той, Хто змяшаў два вадаёмы. Вада ў адным з іх – прыемная на смак, прэсная, а ў другім – салёная, горкая. І Ён усталяваў паміж імі перапону і непераадольную перашкоду. 

54. Ён – Той, Хто стварыў чалавека з вады і дараваў яму сваякоў і сваячак. Твой Госпад – Усемагутны!

55. Пагане пакланяюцца заміж Аллага тым, хто не прымее прынесці ні карысці, ні шкоды. Нявернік дапамагае тым, хто супраць яго Госпада.

56. Мы паслалі цябе толькі як добрага весніка і засцерагальніка. 

57. Скажы: «Я не прашу за гэта ніякага ўзнагароджання, апроч таго, каб той, хто пажадае, прыняў шлях свайго Госпада».

58. Спадзявайся на Жывога, Які не памірае, і ўслаўляй Яго славаю! Дастаткова таго, што Ён ведае пра грахі Сваіх рабоў! 

59. Ён стварыў нябёсы, зямлю і тое, што паміж імі, за шэсць дзён, а потым узвысіўся над Тронам узвышэннем улады і панавання. Ён – Літасцівы! спытай пра гэта ў абазнанага.

60. Калі ім кажуць: «Схліліцеся перад Літасцівым!» – дык яны пытаюць: «А хто такі – Літасцівы? Няўжо мы схлілімся перад тым, да каго ты заклікаеш нас?» Гэта толькі дадае ім агіды. 

61. Блаславёны Той, Хто ўсталяваў у небе сузор’е, стварыў там свяціла і бліскучы месяц. 

62. Ён – Той, Хто мяняе ноч і дзень для тых, якія жадаюць задумацца і дзякаваць!

63. Рабы Літасцівага – тыя, якія ідуць зямлёю пакорліва і адказваюць невукам: «Мір!»; 

64. якія бавяць ночы, схіляючыся ніцма і стоячы перад Госпадам сваім,

65. якія кажуць: «Госпадзе наш! Прадухілі ад нас пакаранне пекла, бо такое пакаранне бясконцае. 

66. Якая мярзотная гэтая мясціна і гэты прытулак».

67. Тыя, якія, даючы ахвяраванні, не робяць марнатраўства і не шкадуюць, трымаючыся сярэдзіны паміж гэтым, 

68. якія не звяртаюцца заміж Аллага да іншага бога, якія не забіваюць жывой душы, не маючы на ​​тое права, якія не чыняць распусты, – а хто робіць так, таго спаткае пакаранне!

69. У Дзень Ажывання яго пакаранне прымножыцца, і ён назаўжды застанецца зняважаным. 

70. Апроч тых, хто павініўся, паверыў і рабіў дабро, Аллаг падмяніў іх ліхія ўчынкі на добрыя справы. Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны. 

71. Хто павініцца і будзе рабіць дабро, дык сапраўды шчыра звернецца да Аллага. 

72. Тыя, якія не прымаюць удзел у хлуслівых размовах, а калі праходзяць міма марнага, праходзяць годна. 

73. Калі ім нагадваюць пра азнакі Госпада іх, яны не становяцца да іх глушцамі ды невідушчымі!

74. Тыя, якія кажуць: «Госпадзе наш! Даруй нам асалоду вачэй сярод жонак нашых і ў нашчадках нашых і зрабі нас узорам для збожных».

75. Іх узнагароджаннем будзе вышэйшае месца ў святліцы – за тое, што яны былі трывучымі. Там іх сустрэнуць віншаваннем і мірам –

76. там яны будуць павек. Якая выдатная гэтая мясціна і гэты прытулак!

77. Скажы: «Госпад не звярнуў бы на вас увагі, калі б не вашае маленне». Аднак вы лічыце гэта хлуснёю, і хутка пакаранне стане няўхільным!

 

 

Сура 26. Аш-Шу’ара

(Паэты)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Та. Сін. Мім.

2. Гэта – азнака выразнага Пісання!

3. Магчыма, ты гатовы загубіць сябе праз тое, што яны не вераць. 

4. Калі Мы пажадаем, дык пашлём ім з неба азнаку, перад якой яны пакорліва схіляць галовы!

5. Што б новага з нагадвання Літасцівага да іх не прыходзіла, яны адхінаюцца.

6. Яны прызналі гэта хлуснёю; да іх прыйдуць весткі пра тое, з чаго яны кпілі. 

7. Няўжо яны не бачаць, колькі выдатных раслін выгадавалі Мы на зямлі?

8. Сапраўды, у гэтым – азнака, але большасць з іх не верыць. 

9. Сапраўды, твой Госпад – Велічны, Міласэрны!

10. Вось твой Госпад звярнуўся да Мусы: «Ідзі да несправядлівага народа, 

11. народа Фараона. Няўжо яны не збаяцца Бога

12. Сказаў Муса: «Я баюся, што яны палічаць мяне хлусам

13. што сціснецца сэрца маё і не развяжацца язык мой. Пашлі кагосьці да Гаруна. 

14. Адказваю перад імі за правіну і баюся, што яны мяне заб’юць».

15. Аллаг сказаў: «Не! Рушце ўдваіх разам з Маімі азнакамі. Мы будзем з табою і слухацьмем». 

16. Рушце да Фараона і скажыце: «Госпад сусветаў паслаў нас 

17. каб ты адпусціў з намі сыноў Ісраіля».

​​18. Фараон сказаў: «Ці не мы выхоўвалі цябе з дзяцінства? Ці не сярод нас ты прабыў шмат гадоў,

19. а потым зрабіў тое, што зрабіў? Ты – адзін з няўдзячных».

20. Муса адказаў: «Я зрабіў гэта, калі яшчэ знаходзіўся ў аблудзе, 

21. я ўцёк адсюль, калі спалохаўся вас, але мой Госпад дараваў мне разважлівасць і зрабіў мяне пасланцам!

22. А літасць, якою ты мяне ўпікаеш, – тое, што ты зрабіў сыноў Ісраіля рабамі».

23. Фараон сказаў: «А што такое Госпад сусветаў?»

24. Муса адказаў: «Госпад нябёсаў, зямлі і таго, што паміж імі, калі вы ўпэўненыя».

25. Тады Фараон сказаў тым, хто быў побач: «Вы чуеце?»

26. Муса сказаў: «Ваш Госпад і Госпад вашых продкаў». 

27. Фараон сказаў: «Сапраўды, пасланец, якога паслалі да вас – вар’ят!» 

28. Муса сказаў: «Госпад усходу, захаду і таго, што паміж імі, калі вы разумееце». 

29. Фараон сказаў: «Калі ты будзеш пакланяцца заміж мяне іншаму богу, я кіну цябе ў турму!» 

30. Муса спытаў: «А калі я пакажу табе нешта відавочнае?»

31. Фараон адказаў: «Пакажы гэта, калі ты праўдзівы».

32. Той кінуў свой кій, і ён стаў сапраўднай змяёю. 

33. Ён выцягнуў сваю руку, і яна стала чыстаю для тых, хто глядзеў на яе. 

34. Набліжаныя Фараона сказалі: «Сапраўды, ён – дасведчаны чараўнік!

35. Ён імкнецца выгнаць вас з вашае зямлі! Чаго вы параіце?»

36. Іншыя адказалі: «Дай час яму і яго брату, і разашлі па гарадах паборцаў, 

37. якія прывядуць да цябе ўсіх ведаючых чараўнікоў».

38. Усіх чараўнікоў сабралі ў пэўны час, у пэўны дзень. 

39. Людзей спыталі: «Ці сабраліся вы?

40. Магчыма, нам трэба пайсці за чараўнікамі, калі яны перамогуць». 

41. Калі прыйшлі чараўнікі, дык спыталіся ў Фараона: «Ці будзе для нас узнагароджанне, калі мы пераможам?»

42. Той адказаў: «Так, і вы будзеце аднымі з набліжаных».

43. Муса сказаў ім: «Таму кідайце, што маеце кідаць!»

44. Яны кінулі свае вяроўкі і палкі і сказалі: «Клянёмся магутнасцю Фараона, што мы абавязкова пераможам!» 

45. Муса кінуў свой кій. І ён паглынуў тое, што яны падалі. 

46. Тады чараўнікі ўпалі. 

47. Яны сказалі: «Мы паверылі ў Госпада сусветаў, 

48. Госпада Мусы і Гаруна».

49. Фараон сказаў: «Няўжо вы паверылі яму без майго дазволу! Сапраўды, ён – ваш настаўнік, які навучыў вас чараўніцтву! Я загадаю адсекчы вам рукі ды ногі і ўкрыжаваць вас усіх!»

50. Тыя адказалі: «Не будзе ў гэтым ліха! Сапраўды, мы паварочаемся да свайго Госпада!

51. Мы спадзяемся, што Ён даруе нам грахі нашы за тое, што мы сталі першымі вернікамі».

52. Мы адкрылі Мусе: «Выйдзі ноччу разам з Маімі рабамі, бо вас будуць пераследваць».

53. Фараон разаслаў па гарадах паборцаў: 

54. «Сапраўды, іх толькі нешматлікі гурт. 

55. Яны раззлавалі нас!

56. Сапраўды, мы ўсе павінны быць наварце».

57. Мы адабралі ў іх сады і крыніцы,

58. скарбы і выдатныя месцы!

59. Так! Мы перадалі гэта ўсё сынам Ісраіля. 

60. На досвітку яны рушылі за імі. 

61. Калі два гурты ўбачылі адно аднаго, прыхільнікі Мусы сказалі: «Сапраўды, нас адназначна наспеюць». 

62. Ён сказаў: «Не! Сапраўды, са мною Госпад мой, Які пакажа мне просты шлях».

63. Тады Мы адкрылі Мусе: «Удар сваім кіем мора!» Яно раскрылася, а кожная частка была як велізарная гара!

64. Мы далі наблізіцца іншым, 

65. а потым выратавалі Мусу і ўсіх, хто быў з ім. 

66. А тых іншых Мы ўтапілі. 

67. Сапраўды, у гэтым – знак, але большасць з іх не верыць. 

68. Сапраўды, твой Госпад – Велічны, Міласэрны!

69. Прачытай ім гісторыю пра Ібрагіма. 

70. Вось ён сказаў бацьку і свайму народу: «Каму вы пакланяецеся?»

71. Тыя сказалі: «Мы пакланяемся стодам і цалкам аддадзеныя ім».

72. Ён спытаў: «Няўжо яны чуюць вас, калі вы клічаце іх,

73. прыносяць вам карысць альбо прыносяць бедствы».

74. Тыя сказалі: «Але мы ведаем, што гэта рабілі нашыя бацькі».

75. Ібрагім сказаў: «Ці бачылі вы, чаму пакланяецеся 

76. вы і вашыя продкі?

77. Гэта ўсё Мае ворагі, апроч Госпада сусветаў, 

78. Які мяне стварыў і вядзе простым шляхам; 

79. Які жывіць і поіць мяне, 

80. ацаляе мяне, калі я хворы; 

81. Які пазбавіць мяне жыцця, а потым адродзіць; 

82. Які, спадзяюся, у Судны Дзень даруе мае грахі.

83. Госпадзе! Дай мне веды і з’яднай мяне з праведнікамі.

84. Пакінь пра мяне добрую славу ў наступных пакаленнях. 

85. Зрабі Мяне адным са спадчыннікаў саду асалоды.

86. І даруй майго бацьку, бо ён заблукаў. 

87. І не ганьбі мяне ў Дзень, калі ўсе адродзяцца, 

88. Дзень, калі не дапаможа ні маёмасць, ні дзеці,

89. а толькі чыстае сэрца, з якім хтосьці прыйдзе да Аллага».

90. Рай наблізіцца да збожных, 

91. а тыя, хто заблукаў, выразна ўбачаць пекла.

92. Іх спытаюць: «Дзе ж тыя, каму вы пакланяліся

93. заміж Аллага? Няўжо яны дапамогуць вам ці сабе?»

94. Іх скінуць туды – разам з тымі, якія збіліся са шляху, 

95. а таксама ўсім войскам Ібліса. 

96. Спрачаючыся, яны скажуць адно аднаму: 

97. «Клянёмся Аллагам, мы былі ў відавочнай аблудзе,

98. калі лічылі вас роўнымі Госпаду сусветаў!

99. Гэта беззаконнікі збілі нас са шляху, 

100. і няма ў нас ні абаронцаў, 

101. ні блізкіх сяброў.

102. Калі б мы маглі паварочацца, дык былі б вернікамі!»

103. Сапраўды, у гэтым знак! Але большасць з іх не верыць!

104. Сапраўды, твой Госпад – Велічны, Міласэрны!

105. Народ Нуха лічыў пасланцоў хлусамі. 

106. Вось іх брат Нух сказаў ім: «Няўжо вы не баіцеся?

107. Я – пасланец да вас, варты даверу!

108. бойцеся Аллага і падпарадкоўвайцеся мне!

109. Я не прашу ў вас узнагароджання за гэта, мяне ўзнагародзіць толькі Госпад сусветаў!

110. бойцеся Аллага і падпарадкоўвайцеся мне!»

111. Тыя адказалі: «Няўжо мы паверым табе, калі за табой пайшлі толькі людзі вартыя жалю?»

112. Ён сказаў: «Не мне ведаць пра тое, што яны робяць.

113. Ім адплаціць толькі Аллаг, калі б вы толькі ведалі пра гэта!

114. А я не праганяцьму вернікаў. 

115. Бо я – толькі выразны засцерагальнік».

116. Яны сказалі: «Нух! Калі ты не спынішся, то будзеш адным з тых, каго пабілі камянямі».

117. Ён сказаў: «Госпадзе! Сапраўды, мой народ прызнаў мяне хлусам. 

118. Таму разваж паміж намі і выратуй мяне і тых вернікаў, якія са мною!»

119. Мы выратавалі яго і тых, хто быў з ім, у перапоўненым каўчэгу, 

120. а потым утапілі ўсіх іншых. 

121. Сапраўды, у гэтым – знак. Але большасць з іх не верыць. 

122. Сапраўды, Твой Госпад – Велічны, Міласэрны!

123. Адыты палічылі пасланцоў хлусамі.

124. Вось іх брат Гуд сказаў ім: «Няўжо вы не баіцеся?

125. Сапраўды, я – пасланец да вас, варты даверу. 

126. Бойцеся Аллага і падпарадкоўвайцеся мне. 

127. Я не прашу ў вас узнагароджання за гэта, мяне ўзнагародзіць толькі Госпад сусветаў.

128. Няўжо вы будзеце бескарысна ставіць знакі на кожным пагорку 

129. і будаваць высокія замкі, быццам вы будзеце жыць павек, 

130. і здзяйсняць гвалт над людзьмі, як тыраны?

131. Бойцеся Аллага і падпарадкоўвайцеся мне,

132. бойцеся Таго, Хто дапамог вам тым, што вам вядома:

133. дапамог вам худобаю і сынамі, 

134. садамі і крыніцамі. 

135. І я баюся, што вас сустрэне пакаранне ў Вялікі Дзень».

136. Тыя адказалі: «Не важна нам, будзеш нас вучыць, альбо ты не будзеш з тымі, якія павучаюць. 

137. Гэта толькі звычаі старажытных пакаленняў, 

138. і мы не будзем пакараныя!»

139. Яны лічылі яго хлусам, і Мы знішчылі іх! Сапраўды, у гэтым – знак! Але большасць з іх не верыць!

140. Сапраўды, твой Госпад – Велічны, Міласэрны!

141. Самудыты лічылі пасланцоў хлусамі.

142. Вось іх брат Саліх сказаў ім: «Няўжо вы не баіцеся?

143. Сапраўды, я – пасланец да вас, варты даверу. 

144. Бойцеся Аллага і падпарадкоўвайцеся мне!

145. Я не прашу ў вас узнагароджання за гэта, мяне ўзнагародзіць толькі Госпад сусветаў. 

146. Няўжо вас пакінуць у бяспецы сярод усяго, што тут: 

147. садоў і крыніц, 

148. пасеваў і пальмаў з прыемным плёнам, 

149. і вы будзеце па-майстэрску высякаць жыллё ў гарах?

150. Бойцеся Аллага і падпарадкоўвайцеся мне, 

151. і не падпарадкоўвайцеся загаду злачынцаў, 

152. якія распаўсюджваюць нелад на зямлі, і нічога не паляпшаюць». 

153. Тыя адказалі: «Ты толькі адзін з зачараваных, 

154. такі ж чалавек, як і мы. Пакажы нам азнаку, калі ты адзін з праўдзівых».

155. Той сказаў: «Вось яна – вярблюдзіца! Яна будзе піць ваду, і вы будзеце піць ваду – у пэўныя дні!

156. Не рабіце ёй шкоду, інакш спаткае вас пакаранне ў Вялікі Дзень».

157. Яны пападрэзвалі яе жылы і пашкадавалі пра гэта.

158. Спасцігла іх пакаранне! Сапраўды, у гэтым – знак, але большасць з іх не верыць!

159. Сапраўды, твой Госпад – Велічны, Міласэрны!

160. Народ Лута лічыў пасланцоў хлусамі.

161. Вось іх брат Лут сказаў ім: «Няўжо вы не баіцеся?

162. Сапраўды, я – пасланец да вас, варты даверу. 

163. Бойцеся Аллага і падпарадкоўвайцеся мне!

164. Я не прашу ў вас узнагароджання за гэта, мяне ўзнагародзіць толькі Госпад сусветаў. 

165. Няўжо вы будзеце хадзіць да мужчын са сусветаў, 

166. пакідаючы жонак, створаных для вас Госпадам вашым? О не, вы – злачынны народ».

167. Тыя адказалі: «Луце! Калі ты не спынішся, дык будзеш адным з выгнаннікаў».

168. Ён сказаў: «Я – адзін з тых, каму абрыдлі ўчынкі вашыя!

169. Госпад выратуй мяне і сям’ю маю ад таго, што робяць яны!»

170. Мы выратавалі яго і яго сям’ю – усіх, 

171. апроч старой жонкі, якая засталася ззаду. 

172. Усіх іншых Мы знішчылі, 

173. праліўшы на іх дождж. Які дрэнны гэты дождж для тых, каго засцерагалі!

174. Сапраўды, у гэтым – знак, але большасць з іх не верыць!

175. Сапраўды, твой Госпад – Велічны, Міласэрны!

176. Жыхары аль-Айкі лічылі пасланцоў хлусамі.

177. Вось іх брат Шуайб сказаў ім: «Няўжо вы не баіцеся?

178. Сапраўды, я – пасланец да вас, які варты даверу. 

179. Бойцеся Аллага і падпарадкоўвайцеся мне!

180. Я не прашу ў вас узнагароджання за гэта, мяне ўзнагародзіць толькі Госпад сусветаў. 

181. Захоўвайце меру слушна і не будзьце з тых, якія робяць іншым страты. 

182. І ўзважвайце на дакладных вагах. 

183. Не памяншай таго, што належыць людзям і не распаўсюджвай нелад на зямлі. 

184. Бойцеся Таго, Хто стварыў і вас, і першыя пакаленні».

185. Тыя адказалі: «Ты толькі адзін з зачараваных, 

186. такі ж чалавек, як і мы. Таму мы думаем, што ты – хлус!

187. Скінь на нас кавалак неба, калі ты праўдзівы».

188. Той сказаў: «Мой Госпад лепей ведае тое, што вы робіце».

189. І палічылі яго ашуканцам, і спасцігла іх пакаранне ў Дзень Ценю. Сапраўды, гэта было пакараннем Вялікага Дня!

190. Сапраўды, у гэтым – знак, але большасць з іх не верыць!

191. Сапраўды, твой Госпад – Велічны, Міласэрны!

192. А гэта – паслана Госпадам сусветаў.

193. Верны Дух сышоў з ім 

194. на тваё сэрца, каб ты быў адным з засцерагальнікаў. 

195. Паслана на арабскай мове, зразумелай.

196. Змяшчаецца яно ў скрутках старажытных народаў. 

197. Ці не з’яўляецца знакам для іх тое, што яго ведаюць навукоўцы сыноў Ісраіля?

198. Калі б Мы паслалі яго каму-небудзь з іншаземцаў, 

199. і ён прачытаў гэта для іх, дык яны б не паверылі. 

200. Так Мы ўводзім ўпартасць у сэрцы беззаконнікаў.

201. Яны не павераць у яго, пакуль не ўбачаць пакутлівага пакарання.

202. Яно заб’е іх нечакана, таму яны і не адчуюць гэтага.

203. Тады яны спытаюць: «Ці не будзе нам адтэрміноўкі?» 

204. Няўжо яны спрабуюць паскорыць Нашае пакаранне?

205. Ты ведаеш, што калі мы дазволім ім карыстацца дабротамі доўгія гады, 

206. а потым да іх прыйдзе тое, што ім абяцана, 

207. дык даброты, якімі яны карысталіся, ніяк не дапамогуць ім?

208. Мы не знішчалі ніводнага паселішча, дзе б не было перад гэтым засцерагальніка

209. з павучаннем. І Мы не былі несправядлівыя!

210. Шатаны не схадзілі з ім, 

211. Гэта не пасуе ім, і няздольныя яны на гэта. 

212. Адхілілі іх ад слухання Карана ў небе.

213. Не звяртайся заміж Аллага да іншага бога, інакш будзеш сярод пакараных. 

214. Засцерагай сваіх найбліжэйшых сваякоў. 

215. Пакрый сваім крылом вернікаў, якія пайшлі за табою. 

216. А калі яны не паслухаюць цябе, дык скажы: «Я не датычны да таго, што вы робіце».

217. І спадзявайся на Велічнага, Міласэрнага, 

218. Які бачыць цябе, калі ты выконваеш малітвы ўначы, 

219. і рухаешся сярод тых, якія нізка кланяюцца. 

220. Сапраўды, Ён – Чуючы, Ведаючы!

221. Ці не распавесці вам пра тое, на каго сходзяць шатаны?

222. Яны сходзяць на кожнага хлуса, грэшніка. 

223. Яны кідаюць падслуханае, але насамрэч большасць з іх – хлусы. 

224. А за паэтамі-нявернікамі ідуць толькі аблудныя

225. Няўжо ты не бачыш, што яны блукаюць па ўсіх далінах 

226. і кажуць тое, чаго не робяць?

227. За выключэннем тых, якія паверылі, робяць дабро, часта згадваюць Аллага і абараняюцца, калі з імі абышліся несправядліва. Борзда даведаюцца тыя, якія робяць несправядліва, куды яны паварочаюцца!

 

 

Сура 27. Ан-Намль

(Мурашкі)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Та. Сін. Гэта – азнакі Карана ды выразнага Пісання, 

2. просты шлях і добрая вестка для вернікаў, 

3. якія выконваюць малітву, даюць закят і якія ўпэўненыя ў існаванні наступнага жыцця.

4. Сапраўды, тым, якія не вераць у наступнае жыццё, мы ўпрыгожылі ім іх учынкі, і яны заблукалі.

5. Яны – тыя, на каго чакае горшае пакаранне, а ў наступным жыцці яны паспрабуюць найбуйнейшыя страты. 

6. Сапраўды, ты атрымліваеш гэты Каран ад Мудрага, Дасведчанага. 

7. Вось Муса сказаў сваёй сям’і: «Я заўважыў агонь! Я прынясу вам навіны ці падпалены асмалак адтуль, каб вы маглі агрэцца».

8. Калі ён падышоў туды, дык пачуў голас: «Бласлаўлёны Той, Хто ў агні, і той, хто побач з ім! Прачысты Аллаг, Госпад сусветаў!

9. О Мусе! Сапраўды, Я – Аллаг, Велічны, Мудры. 

10Кінь свой кій!» Калі ён убачыў, што ён выгінаецца, як змяя, ён кінуўся назад і не вярнуўся. «О Мусе! Не палохайся, бо пасланцы не палохаюцца Мяне. 

11. А калі хто ўчыніў несправядлівасць, але потым падмяніў ліха дабром, дык Я – Прабачаючы, Міласэрны. 

12. Пакладзі сваю руку падпаху, і ты знойдзеш яе чыстай, без плямаў. Гэта – некаторыя з дзевяці азнакаў для Фараона і яго народа. Сапраўды, яны – непакорлівыя людзі».

13. Калі ім далі Нашыя азнакі, яны сказалі: «Сапраўды, гэта – відавочнае чараўніцтва».

14. Упэўненыя ў іх праўдзівасці, яны ўсё ж адхілілі іх – несправядліва і пагардліва. Паглядзі, якім быў канец сейбітаў неладу».

15. Мы даравалі Давуду і Сулейману веды. Яны сказалі: «Хвала Аллагу, Які даў нам перавагу над шматлікімі рабамі з Яго вернікаў!» 

16. Сулейман быў спадчыннікам Давуда. Ён сказаў: «О людзі! Мы ведаем мову птушак і нам дадзена ўсё. Гэта – відавочная перавага (шчодрасць)».

17. Перад Сулейманам было сабрана яго войска з джынаў, людзей і птушак, якіх пашыхтавалі шэрагамі. 

18. Калі яны прыбылі ў даліну мурашак, адна мурашка сказала: «О мурашы! Сыходзьце да свайго жылля, каб Сулейман і яго войска не ​​ператапталі вас, нават не адчуўшы гэтага».

19. Ён усміхнуўся і пачаў дзівіцца з гэтых слоў. Ён сказаў: «Госпадзе! Выкліч у мяне ўдзячнасць за тыя даброты, якія Ты даў мне і маім бацькам, да добрых учынкаў, якімі Ты быў бы задаволены. І ўвядзі мяне па Тваёй літасці да ліку Тваіх праведных рабоў».

20. Аднойчы ён аглядаў птушак і сказаў: «Што са мной? Я не бачу ўдода. А можа, ён адсутнічае?

21. Я скараю яго жорсткім пакараннем альбо зарэжу, калі ён не прывядзе выразнага доказу».

22. Той хутка з’явіўся і сказаў: «Я даведаўся пра тое, чаго ты не ведаеш. Я прыйшоў да цябе з Сабы з праўдзіваю весткаю.

23. Я знайшоў там жанчыну, якая пануе імі. Ёй дадзена ўсё, яна мае вялікі трон. 

24. І я ўбачыў, што яна і яе народ пакланяюцца сонцу заміж Аллага. Шатан упрыгожыў ім іх учынкі, збіў іх са шляху, і яны не ідуць простым шляхам. 

25. І каб яны не пакланяліся Аллагу, Які выводзіць усё таемнае на нябёсах і на зямлі і ведае, што вы хаваеце і што адкрываеце. 

26. Аллаг! Няма бога, апроч Яго, Госпада вялікага Трона».

27. Сулейман сказаў: «Паглядзім, сказаў ты праўду, альбо належыш да хлусаў. 

28. Ідзі з гэтым лістом ад мяне і аддай ім. А потым адыдзі і пачакай, што яны скажуць у адказ».

29Каралева сказала: «О магнаты! Мне прынеслі шляхетны ліст 

30. ад Сулеймана, і ў ім напісана: «Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага!

31. Не ўзнімайцеся нада мною і прыходзьце да мяне пакорлівымі».

32. Яна сказала: «О магнаты! Распавядзіце мне, што рабіць, бо я ніколі не прымала пастаноў без вас».

33. Тыя адказалі: «Мы маем магутнасць і моц, але пастанова за табою. Падумай, што ты загадаеш нам».

34. Яна сказала: «Каралі, калі ўваходзяць у паселішча, руйнуюць яго і ператвараюць славутых жыхароў у зняважаных. Менавіта так яны робяць. 

35. Я дашлю ім падарункі і пагляджу, з чым паварочаюцца амбасадары».

36. Калі тыя прыйшлі да Сулеймана, ён сказаў: «Няўжо вы жадаеце дапамагчы мне багаццем? Тое, што дараваў мне Аллаг, лепш за тое, што вы прынеслі. Не, гэта вы цешыцеся з падарункаў, якія прыносяць вам. 

37. Вяртайся да іх, а мы прыйдзем з войскам, перад якім тыя не выдужаць, і выганім іх адтуль, жаласнымі ды зняважанымі».

38. Сулейман сказаў: «О магнаты! Хто з вас прынясе мне яе трон раней за іх пакорлівы прыход?»

39. Адзін магутны джын сказаў: «Я прынясу яго табе раней, чым ты ўстанеш са свайго месца. У мяне дастаткова моцы і я заслугоўваю даверу».

40. А той, які меў веды з Пісання, сказаў: «Я прынясу яго табе раней, чым ты паспееш міргнуць вокам». Убачыўшы ўсталяваны перад сабою трон, Сулейман сказаў: «Гэта шчодрасць Госпада майго, якою Ён мяне выпрабоўвае – буду я ўдзячным альбо няўдзячным? Хто дзякуе, той дзякуе толькі для сябе, а хто няўдзячны, дык, сапраўды, Госпад мой – Заможны, Шчодры».

41. Сулейман сказаў: «Зрабіце яе трон непазнавальным. Паглядзім, ідзе яна простым шляхам, ці яна – адна з тых, якія не ідуць простым шляхам».

42. Калі яна прыйшла, яе спыталі: «Ці гэта твой трон?» Яна сказала: «Быццам бы гэта ён самы». Сулейман сказаў: «Веды дадзеныя нам раней за яе, і мы пакорлівыя Аллагу».

43. Яе збівала са шляху тое, чаму яна пакланялася заміж Аллага. Сапраўды, яна была з народу нявернікаў. 

44. Ёй сказалі: «Увайдзі ў палац». Убачыўшы яго, яна прыняла яго за водную паверхню і агаліла свае галёнкі. Ён сказаў: «Гэта – адшліфаваны палац з крышталю». Яна сказала: «Госпадзе! Я была несправядлівая да самой сябе. Я разам з Сулейманам падпарадкуюся Аллагу, Госпаду сусветаў».

45. Мы паслалі да самудытаў брата Саліха, каб яны пакланяліся Аллагу, але тыя падзяліліся на два гурту і пачалі спрачацца паміж сабою. 

46. Ён сказаў: «О народзе мой! Чаму вы намагаецеся паскорыць ліха, а не дабро? Чаму вы не просіце ў Аллага прабачэння – магчыма, Ён злітуецца над вамі?»

47. Тыя сказалі: «Мы бачым у цябе і ў тых, хто з табою, дрэнны знак». Той сказаў: «Ваш дрэнны знак належыць Аллагу, але вы – народ, які спакушаюць».

48. У горадзе былі дзевяць асобаў, якія распаўсюджвалі нелад на зямлі і нічога не паляпшалі.

49. Яны сказалі: «Пакляніцеся адзін аднаму Аллагам, што ноччу мы набяжым на Саліха і яго сям’ю, а потым скажам яго блізкаму сваяку, што мы не былі сведкамі забойства яго сям’і і кажам праўду». 

50. Яны мудрагелілі, але Мы мелі моцны задум супраць іх мудрагельства, а яны гэтага не ведалі. 

51. Паглядзі, да чаго прывялі іх мудрагельствы: Мы знішчылі іх разам з усім іх народам. 

52. Вось іх хаты, разбураныя за тое, што яны былі несправядлівыя. Сапраўды, у гэтым – знак для дасведчаных людзей. 

53. Мы выратавалі тых, якія паверылі і былі збожнымі. 

54. Вось Лут сказаў свайму народу: «Няўжо вы будзеце здзяйсняць мярзотныя ўчынкі, хоць самі бачыце гэта?

55. Няўжо вы будзеце прыходзіць з пажадлівасцю да мужчын, а не да жанчын? О не, вы цёмныя». 

56. І адказам яго народа было толькі тое, што яны сказалі: «Выведзіце сям’ю Лута з вашага паселішча: сапраўды, яны – людзі, якія прытрымліваюцца чысціні».

57. Мы выратавалі яго і яго сям’ю, апроч жонкі. Мы прызначылі ёй застацца ззаду.

58. Мы паслалі на іх дождж. Якім благім быў гэты дождж для тых, каго засцерагалі. 

59. Скажы: «Хвала Аллагу! Мір Яго абраным рабам! Аллаг найлепшы ці тыя, каму яны пакланяюцца заміж Яго?»

60. Хто стварыў нябёсы і зямлю і праліў вам з неба ваду? Ёй Мы гадуем выдатныя сады. Вы б не здолелі выгадаваць там дрэваў. Ці ёсць бог апроч Аллага? О не, яны – людзі, якія адхінаюцца. 

61. Хто зрабіў зямлю жыллём, стварыў з яе цяснін рэкі, усталяваў на ёй трывалыя горы і перашкоду паміж дзвюма вадаёмамі? Ці ёсць бог апроч Аллага? О не, большасць з іх не ведае. 

62. Хто адказвае на маленне таго, хто жыве ў нястачы, калі ён кліча Яго? Хто адцягвае ліха і робіць вас намеснікамі на зямлі? Ці ёсць бог апроч Аллага? Мала вы задумляецеся. 

63. Хто паказвае вам шлях у цемры сухаземя і мора, Хто пасылае вятры добрымі веснікамі Сваёй Літасці? Ці ёсць бог апроч Аллага? Ён вышэй за тое, што вы дадаяце Яму ў пакланенні. 

64. Хто стварае твор у першы раз, а потым паўтарае яго? Хто даруе вам долю з нябёсаў і зямлі? Ці ёсць бог апроч Аллага? Скажы: «Прывядзіце ваш доказ, калі вы праўдзівыя». 

65. Скажы: «Ніхто на нябёсах і на зямлі не ведае схаванага, апроч Аллага. Яны нават не ведаюць, калі адродзяцца». 

66. Але яны не ведаюць пра наступнае жыццё. Яны маюць сумневы адносна яго, нават невідушчыя да яго. 

67. Кажуць нявернікі: «Няўжо мы і нашыя бацькі, стаўшы прахам, нанова выйдзем з магіл?

68. І нам, і нашым бацькам ужо абяцалі гэта раней. Але гэта толькі казкі старажытных народаў».

69. Скажы: «Ідзіце зямлёю і паглядзіце, якім быў канец беззаконнікаў!»

70. Таму не сумуй праз іх і не хвалюйся праз іх мудрагельствы. 

71. Яны пытаюцца: «Калі ж прыйдзе абяцанае, калі вы праўдзівыя?»

72. Скажы: «Магчыма, тое, што вы спрабуеце паскорыць, ужо побач з вамі». 

73. Сапраўды, твой Госпад шчодры да людзей, але большасць з іх не дзякуе. 

74. Сапраўды, твой Госпад ведае, што схавана ў іх сэрцах, і што яны адкрываюць. 

75. На нябёсах і на зямлі няма такога схаванага, якога б не было ў выразным Пісанні!

76. Сапраўды, гэты Каран распавядае сынам Ісраіля большасць таго, пра што яны спрачаюцца. 

77. Сапраўды, гэта – просты шлях і літасць для вернікаў!

78. Сапраўды, твой Госпад рассудзіць паміж імі Сваім судом. А Ён – Велічны, Дасведчаны! 

79. Спадзявайся на Аллага! Сапраўды, ты ідзеш шляхам відавочнай праўды!

80. Сапраўды, ты не прымусіш нежывых чуць, а неслухомых не прымусіш пачуць заклік, калі яны адхінаюцца. 

81. Ты не выведзеш невідушчых з аблуды. Ты прымееш прымусіць чуць толькі тых, хто верыць у Нашыя азнакі і адданыя Нам.

82. Калі над імі адбудзецца слова, мы выведзем да іх з зямлі жывёлу. Яна скажа ім, што людзі не былі перакананыя ў Нашых азнаках. 

83. У той Дзень Мы збяром з кожнага народа натоўп тых, якія лічылі хлуснёю Нашыя азнакі, і яны будуць затрыманыя. 

84. Калі яны прыйдуць, Ён скажа: «Няўжо вы лічылі Мае азнакі хлуснёю, нават не спасцігшы іх? Што ж вы нарабілі?!» 

85. Слова здзейсніцца над імі – за тое, што яны здзяйсняюць несправядлівасць, яны не будуць размаўляць!

86. Хіба яны не бачылі, што Мы зрабілі ноч для вашага адпачынку, а дзень – часам святла? Сапраўды, у гэтым – азнакі для вернікаў.

87. У той Дзень затрубяць у Рог, і жахнуцца ўсе, хто на нябёсах і на зямлі, апроч тых, каго пажадаў абраць Аллаг. Усе паслухмяна ўстануць перад Ім. 

88. Ты ўбачыш, што горы, якія ты лічыў непарушнымі, пачнуць рухацца, як хмары. Такі твор Аллага, Які зрабіў дасканалай кожную рэч. Сапраўды, яму вядома тое, што вы робіце!

89. І хто прыйдзе з добрым учынкам, той мецьме нешта найлепшае. У той дзень яны будуць абароненыя ад жаху!

90. А хто прыйдзе з дрэнным учынкам, тых кінуць у агонь ніцма: «Ці не адплацяць вам толькі за тое, што вы рабілі?» 

91. «Мне загадана толькі пакланяцца Госпаду гэтага горада (Мэккі), які зрабіў яго забароненым. Яму належыць кожная рэч! І мне загадана быць адданым яму 

92. і чытаць Каран. Хто ідзе простым шляхам, ідзе ім толькі для сябе». А таму, хто збіўся са шляху, скажы: «Я толькі засцерагальнік».

93. Скажы: «Хвала Аллагу! Ён пакажа вам Свае азнакі, і вы спазнаеце іх. Госпад твой не з’являецца нядбайным адносна таго, што вы робіце!» 

 

 

Сура 28. Аль-Касас

(Апавяданне)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Та. Сін. Мім. 

2. Гэта – азнакі выразнага Пісання. 

3. Мы сапраўды прачытаем табе аповяд пра Мусу і Фараона – для вернікаў.

4. Сапраўды, Фараон заганарыўся на зямлі і падзяліў яе жыхароў на гурты. Прагнучы аслабіць адну з іх, ёнзабіваў іх сыноў і пакідаў жывымі іх жанчын. Сапраўды, ён быў адным з тых, хто распаўсюджваў нелад на зямлі. 

5. Мы пажадалі зрабіць ласку тым, якія былі пазбаўленыя моцы на зямлі, зрабіць іх правадырамі і спадчыннікамі, 

6. зацвердзіць іх на зямлі і паказаць Фараону, Гаману і іх войску тое, чаго яны пільнаваліся. 

7. Мы адкрылі маці Мусы: «Кармі яго грудзьмі! А калі будзеш баяцца за яго, дык кінь яго ў раку. Не бойся і не сумуй, мы вернем яго табе і зробім адным з пасланцоў».

8. Сям’я Фараона падабрала яго, каб ён стаў для іх непрыяцелем і смуткам. Сапраўды, Фараон, Гаман і іх войска былі грэшнікамі.

9. Жонка Фараона сказала: «Асалода маіх і тваіх вачэй! Не забівайце яго! Магчыма, ён прынясе нам карысць ці мы возьмем яго за сына». Яны ні пра што не здагадваліся. 

10. Сэрца маці Мусы спусцела. Яна была гатовая адкрыцца, але Мы ўзмацнілі яе сэрца, каб яна заставалася верніцаю.

11. Яна сказала сястры Мусы: «Ідзі за ім». І назірала за ім здалёк, а яны ні пра што не здагадваліся. 

12. Раней Мы не дазволілі яму мець карміцельку, і яна сказала: «Ці паказаць вам сям’ю, якая дбацьме пра яго для вас і жадацьме яму дабра?» 

13. Так Мы вярнулі яго маці, каб суцешыць вочы яе, каб яна не сумавала і ведала, што абяцанка Аллага праўдзівая. Але большасць з іх не ведае.

14. Калі ён дасягнуў паўналецця і сталасці, Мы даравалі яму мудрасць і веды. Так Мы заахвочваем праведнікаў. 

15. Аднойчы ён увайшоў у горад, калі яго жыхары былі няўважлівыя. Там ён убачыў двух мужчын, якія біліся. Адзін быў з яго народа, а другі быў ворагам. Чалавек з яго народа папрасіў дапамогі супраць ворага, і Муса ўдарыў таго кулаком і забіў. Ён сказаў: «Гэта – адзін з учынкаў шатана. Сапраўды, ён відавочны вораг, які збівае са шляху».

16. Ён сказаў: «Госпадзе! Я быў несправядлівым да сябе. Прабач мяне!» Ён прабачыў яго, бо ён – Прабачаючы, Міласэрны. 

17. Ён сказаў: «Госпадзе! Праз літасць, якую Ты выказаў да мяне, я ніколі не буду дапамагаць злачынцам».

18. Ён увайшоў у горад раніцай, баязліва азіраючыся. І раптам той, хто прасіў дапамогі напярэдадні, нанова папрасіў дапамагчы. Але Муса сказаў яму: «Ты сапраўды заблукаў!» 

19. Калі ён пажадаў схапіць таго, хто быў іх ворагам, той сказаў: «О Мусе! Няўжо ты жадаеш забіць мяне так, як учора забіў іншага чалавека? Ты прагнеш стаць тыранам на зямлі і не жадаеш быць тым, хто робіць дабро».

20. З ваколіц горада, спяшаючыся, прыбег чалавек. Ён сказаў: «О Мусе! Набліжаныя да Фараона змаўляюцца забіць цябе. Бяжы адсюль! Я жадаю табе дабра».

21. І пайшоў Муса адтуль, баязліва азіраючыся, і сказаў: «Госпадзе! Калі жадаеш, прымееш ачысціць мяне. Выратуй мяне ад несправядлівых людзей». 

22. Калі ён прыйшоў да Мад’яну, то сказаў: «Магчыма, Госпад пакажа мне правільны шлях».

23Прыйшоўшы да калодзежа ў Мад’яне, ён убачыў гурт людзей, якія паілі худобу, і дзвюх жанчын, якія стрымлівалі статак. Муса спытаў: «Што з вамі?» Яны адказалі: «Мы не прымеем паіць жывёлаў, пакуль іншыя пастухі не сыдуць. А наш бацька вельмі стары». 

24. Ён напаіў для іх худобу, а потым пайшоў у цень і сказаў: «Госпадзе! Мне трэба любое дабро, якое Ты дасі мне». 

25. І вось, адна з дзвюх жанчын прыйшла да яго з сорамам і сказала: бацька мой кліча цябе каб падзякаваць за тое, што ты напаіў худобу, і калі ён сышоў і расказаў сваю гісторыю, той сказаў: «Не бойся, ты выратаваўся ад несправядлівых людзей».

26. Адна з двох жанчын сказала: «Бацька наш! Згадзі яго на працу. Сапраўды, найлепшым, каго ты згодзіш, будзе моцны і варты даверу чалавек». 

27. Ён адказаў: «Я жадаю каб ты пабраўся з адной з маіх дачок – пры ўмове, што ты ноймешся да мяне на восем гадоў. І калі ты адпрацуеш усе дзесяць, дык гэта залежыцьме толькі ад твайго жадання. Я не жадаю абцяжарваць цябе. Ты ўбачыш, калі пажадае Аллаг, што я – адзін з праведнікаў».

28. І сказаў Муса: «Няхай так і будзе паміж намі. Які б з двух тэрмінаў я ні выканаў, няхай мяне не прымушаюць. Аллаг – Даручнік таго, што мы кажам».

29. Калі Муса адбыў тэрмін і выправіўся са сваёй сям’ёй у дарогу, ён заўважыў агонь на схіле гары Сінай і сказаў: «Пачакайце тут, я заўважыў агонь. Я прынясу вам навіны ці падпалены асмалак адтуль, каб вы маглі агрэцца».

30. І калі ён наблізіўся, яго заклікалі з правага боку даліны, з блаславёнага месца, дзе расло дрэва: «О Мусе! Сапраўды, Я – Аллаг, Госпад сусветаў!

31. Рынь свой кій». Калі ён убачыў, што ён выгінаецца, як змяя, ён кінуўся назад і не вярнуўся. «О Мусе! Вяртайся і не бойся, ты ў бяспецы. 

32. Пакладзі сваю руку падпаху, і ты знойдзеш яе чыстай, без плямаў. Прыцісні руку да сябе, каб не было страху. Гэта – два доказы ад Госпада твайго Фараону і яго набліжаным. Сапраўды, яны – непакорлівыя людзі». 

33. Той сказаў: «Госпадзе! Я забіў аднаго з іх, і я баюся, што яны заб’юць мяне. 

34. А мой брат Гарун больш красамоўны за мяне. Пашлі яго са мной у якасці памагатага, каб сцвердзіць мае словы. Сапраўды, я баюся, што яны палічаць мяне хлусам».

35. Аллаг сказаў: «Мы ўмацуем тваю правіцу тваім братам і дамо вам абодвум доказ, каб яны не змаглі пашкодзіць вам. Вы і вашыя паслядоўнікі атрымаюць перамогу з Нашымі азнакамі».

36. Калі Муса прыйшоў з Нашымі выразнымі азнакамі, яму сказалі: «Гэта ўсяго толькі прыдуманае чараўніцтва. Мы не чулі нічога падобнага ад нашых продкаў». 

37. Муса сказаў: «Мой Госпад ведае лепей тых, хто прыйшоў з сапраўдным кіраўніцтвам ад Яго і хто мецьме поспех у наступным жыцці. Сапраўды, не здабудуць поспеху прыгнятальнікі. 

38. І сказаў Фараон: «О магнацтва! Не ведаю я для вас ніякага бога, апроч мяне. І ўпалі мне, о Гамане, агонь над глінаю і збудуй для мяне вежу: можа, я ўзнімуся да бога Мусы. І, сапраўды, я думаю, што ён з ліку хлусаў».

39. Ён і яго войска без усялякага права заганарыліся на зямлі. Яны думалі, што не паварочаюцца да нас. 

40. Мы схапілі яго з войскам і ўтапілі ў моры. Паглядзіце на канец непакорлівых!

41. Мы зрабілі іх правадырамі, якія заклікаюць да агню. Не дапамогуць ім у Дзень Ажывання.

42. Мы зрабілі так, каб праклён пераследваў іх у гэтым свеце, а ў Дзень Ажывання яны будуць сярод аддаленых. 

43. Знішчыўшы першыя пакаленні, Мы даравалі Мусе Пісанне як выразнае навучанне для людзей, просты шлях і літасць – магчыма, яны задумаюцца. 

44. Цябе не было на заходнім схіле гары, калі Мы ўсталявалі для Мусы Наш загад, і цябе не было сярод сведкаў гэтага. 

45. Але Мы стварылі іншыя пакаленні. Доўгім апынуўся іх тэрмін. Цябе не было сярод жыхароў Мад’яну, калі мы чыталі ім Нашыя азнакі, але там былі пасланцы. 

46. Цябе не было на схіле гары, калі Мы заклікалі, але гэта – літасць ад Госпада твайго, каб ты засцерагаў народ, да якога раней не прыходзіў засцерагальнік – магчыма, яны задумаюцца. 

47. Калі б так не было, а іх спасцігла ліха за тое, што яны падрыхтавалі сваімі рукамі, дык яны б сказалі: «Госпадзе наш! Чаму Ты не паслаў да нас пасланца, каб мы пайшлі за Тваімі азнакамі і былі б аднымі з вернікаў?» 

48. Калі да іх прыйшла праўда ад Нас, яны сказалі: «Чаму яму не дадзена тое, што дадзена Мусе?» Хіба яны не выявілі няверы да таго, што было дадзена Мусе раней? Яны кажуць: «Два чараўніцтва, якія падтрымліваюць адно да аднаго». І яшчэ кажуць: «Мы не верым у гэта ўсё».

49. Скажы: «Калі вы праўдзівыя, дык прынясіце такое пісанне ад Аллага, якое будзе больш справядлівым за гэтыя два – тады я пайду за ім». 

50. А калі яны не дадуць табе адказу, дык ведай, што яны толькі ідуць за сваімі прыхільнасцямі. А хто заблукаў мацней за таго, хто ідзе за сваімі прыхільнасцямі без усялякага кіраўніцтва ад Аллага? Сапраўды, Аллаг не вядзе простым шляхам несправядлівых людзей.

51. Мы данеслі да іх слова, каб яны маглі задумацца. 

52. Тыя, каму Мы даравалі Пісанне раней, вераць у яго. 

53. Калі ім чытаюць яго, яны кажуць: «Мы паверылі ў яго! Гэта – праўда ад Госпада нашага. Мы яшчэ раней былі аддадзеныя Яму». 

54. За сваё трыванне яны атрымаюць падвойную ўзнагароду. Яны адхіляюць ліха дабром і ахвяруюць з таго, чым Мы надзялілі іх. 

55. Калі яны чуюць марныя размовы, дык адхінаюцца ад іх і кажуць: «Нам – нашыя ўчынкі, а вам – вашыя ўчынкі. Мір вам! Мы не жадаем ісці шляхам невукаў».

56. Сапраўды, ты не здолееш накіраваць на просты шлях тых, каго любіш, і Аллаг вядзе простым шляхам, каго пажадае. І Ён лепш ведае тых, хто ідзе простым шляхам.

57. Яны сказалі: «Калі мы пойдзем тваім простым шляхам разам з табою, нас выганяць з нашае зямлі». Хіба Мы не замацавалі за імі бяспечнае святыні, куды прыносяць плён рознага выгляду як долю ад Нас? Але большасць з іх не ведае. 

58. Колькі паселішчаў, якія цешыліся сваімі зямнымі багаццямі, мы знішчылі. Вось іх жытло, у якому пасля іх амаль ніхто не жыве. Гэта ўсё атрымалі ў спадчыну Мы. 

59. Твой Госпад не знішчаў ніводнага паселішча, пакуль не пасылаў у самае галоўнае пасланца, які чытаў ім Нашыя азнакі. І Мы не знішчалі паселішча, калі яго жыхары не былі прыгнятальнікамі. 

60. Усё, што вам дадзена – асалода зямнога жыцця і яго ўпрыгажэнні. Тое, што ў Аллага – найлепш і больш даўгавечнае. Няўжо вы не разумееце?

61. Няўжо той, каму Мы далі выдатную абяцанку, з якою ён сустрэнецца, падобен да таго, каму Мы дазволілі атрымліваць асалоду ад дабротаў зямнога жыцця і які ў Дзень Ажывання будзе пакараны?

62. У той Дзень Ён пакліча іх і спытае: «Дзе ж тыя супольнікі, пра якіх вы сцвярджалі?»

63. Скажуць тыя, над кім спраўдзілася слова: «Госпадзе наш! Вось тыя, каго мы адхілілі са шляху. Мы збілі са шляху іх таксама, як раней адхіліліся самі. Мы выракаемся ад іх перад Табою. Яны пакланяліся не нам».

64. І скажуць: «Клічце сваіх саўдзельнікаў-стодаў». Яны паклічуць іх, але не пачуюць адказу і ўбачаць пакаранне. Калі б яны ішлі простым шляхам. 

65. У той Дзень Ён  пакліча іх і спытае: «Што вы адказалі пасланцам?» 

66. У той Дзень усе весткі будуць схаваныя ад іх, і яны не здолеюць распытаць адно аднаго. 

67. А той, хто павініўся і рабіў дабро, магчыма, будзе мець поспех. 

68. Твой Госпад стварае, што пажадае, і абірае, але яны не маюць выбару. Усячысты Аллаг і Вышэйшы за тое, што дадаюць Яму ў пакланенні. 

69. Твой Госпад ведае, што хаваецца ў іх грудзях, і тое, што яны адкрываюць. 

70. Ён – Аллаг, няма бога, апроч Яго. Яму належыць слава ў жыцці першым і жыцці наступным. Ён вырашае, і да Яго вы паварочаецеся.

71. Скажы: «Як вы лічыце, калі Аллаг падоўжыць вам ноч да Дня Ажывання, дык які бог, апроч Аллага, прынясе вам святло? Няўжо вы не чуеце?» 

72. Скажы: «Як вы лічыце, калі Аллаг падоўжыць вам дзень да Дня Ажывання, дык які бог, апроч Аллага, прынясе вам ноч, каб вы маглі адпачыць у гэты час? Няўжо вы не бачыце?»

73. З літасці Сваёй Ён стварыў для вас ноч і дзень, каб вы маглі адпачываць і шукаць Яго шчодрасці – магчыма, вы будзеце ўдзячныя. 

74. У той Дзень Ён  пакліча іх і спытае: «Дзе ж тыя супольнікі, пра якіх вы сцвярджалі?»

75. Мы возьмем сведку з кожнае суполкі і скажам: «Прывядзіце ваш доказ». Тады яны даведаюцца, што праўда належыць Аллагу. Пакінуць іх тыя, каго яны прыдумлялі. 

76. Сапраўды, Гарун паходзіў з народа Мусы, але прыгнятаў гэтых людзей. Мы даравалі яму столькі скарбаў, што ключы ад іх былі цяжкія нават для гурту асілкаў. Вось яго народ сказаў яму: «Не ганарыся! Сапраўды, Аллаг не любіць тых, хто ганарыцца. 

77. Карыстаючыся тым, што дараваў табе Аллаг, шукай наступнага жыцця, але не забывайся на сваю долю ў зямным жыцці. Рабі дабро – так, як зрабіў з табою Аллаг, і не імкніся распаўсюджваць нелад на зямлі. Сапраўды, Аллаг не любіць тых хто распаўсюджвае нелад».

78. Той адказаў: «Гэта ўсё дадзена мне дзякуючы маім ведам». Няўжо ён не ведаў, што Аллаг яшчэ раней знішчыў іншыя пакаленні, якія былі нашмат магутней за яго моц і мелі большы дастатак. Грэшнікаў нават не будуць распытваць пра іх грахі.

79. Вось Карун, надзеўшы ўпрыгажэнні, выйшаў да свайго народа. Тыя, якія жадалі дабротаў зямнога жыцця, сказалі: «Калі б у нас было тое, што дадзена Каруну! Сапраўды, ён мае вялікую долю».

80. А тыя, якім было дадзена разуменне, сказалі: «Гора вам! Узнагароджанне Аллага лепш для тых, хто паверыў і рабіў дабро. Але атрымаюць яго толькі трывучыя».

81. Мы загадалі зямлі паглынуць яго разам з жыллём. У яго не было прыхільнікаў, якія маглі б дапамагчы яму заміж Аллага, і ён сам не прымеў дапамагчы сабе. 

82. А тыя, якія ўчора жадалі апынуцца на яго месцы, раніцай сказалі: «Вось гэта так. Аллаг павялічвае і памяншае долю тым з рабоў Сваіх, каму пажадае. Калі б не літасць Аллага, дык Ён загадаў бы зямлі паглынуць і нас. Вось гэта так. Нявернікі не мецьмуць поспеху».

83. Апошнюю мясціну Мы падрыхтавалі для тых, хто не жадае ганарыцца на зямлі і распаўсюджваць нелад. А лепшае выйсце толькі для збожных. 

84. Хто прыйдзе з добрым учынкам, атрымае лепш за яго. А хто прыйдзе з дрэнным учынкам, дык тым, якія рабілі ліха, адплата толькі за тое, што яны рабілі.

85. Сапраўды, Той, Хто зрабіў абавязковым для цябе гэты Каран (прытрымлівацца яго і паведамляць)абавязкова верне цябе ў месца вяртання. Скажы: «Мой Госпад лепш ведае, хто прыняў просты шлях, а хто знаходзіцца ў відавочнай аблудзе».

86. Ты не чакаў, што табе будзе дадзена Пісанне, але такая літасць ад Госпада твайго. Таму ніколі не падтрымлівай нявернікаў.

87. Няхай яны не адхіляць цябе ад азнакаў Аллага пасля таго, як яны былі пасланыя табе. Заклікай да Госпада свайго і не будзь адным з паганаў. 

88. І не схіляйся да іншага бога заміж Аллага, бо няма бога, апроч Яго. Кожная рэч загіне, апроч Яго Ліка (Ваджг)*. Яму належыць пастанова, і да Яго вяртанне. 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

*Якасць (сыфат) Аллага, якая даецца без тлумачэння (тавіль) і параўнання з чалавечымі часткамі цела.

Сура 29. Аль-’Анкябут

(Павук)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Аліф. Лям. Мім.

2. Няўжо людзі думаюць, што іх пакінуць у спакоі ды не будуць выпрабоўваць толькі таму, што яны скажуць: «Мы паверылі»?

3. Мы выпрабоўвалі тых, якія жылі яшчэ раней. Аллаг абавязкова пазнае тых, якія кажуць праўду, і тых, якія хлусяць. 

4. Няўжо тыя, якія здзяйсняюць ліхія ўчынкі, лічаць, што здолеюць папярэдзіць Нас? Дрэнна ж разважылі яны.

5. Калі нехта спадзяецца на сустрэчу з Аллагам, дык прызначаны Аллагам тэрмін абавязкова надыдзе. Ён – Усечуючы, Усеведаючы. 

6. Хто змагаецца, той змагаецца толькі для сябе. Сапраўды, Аллаг не мае патрэбы ў сусветах. 

7. Тым, якія паверылі і здзяйснялі дабро, Мы даруем іх ліхія ўчынкі і ўзнагародзім найлепшым за тое, што яны рабілі. 

8. Мы наказвалі чалавеку добра ставіцца да бацькоў. А калі яны будуць прымушаць цябе надаваць Мне роўных, пра якіх ты нічога не ведаеш, дык не слухай іх. Вы паварочаецеся да Мяне, і тады Я паведамлю вам пра тое, што вы рабілі. 

9. А тых, якія паверылі і здзяйснялі дабро, Мы ўвядзём да праведнікаў. 

10. Сярод людзей ёсць такія, якія кажуць: «Мы паверылі ў Аллага». Але як толькі яны пацерпяць дзеля Аллага, дык адразу пачынаюць успрымаць чалавечую спакусу за пакаранне ад Аллага. Але калі прыйдзе перамога ад Госпада твайго, яны скажуць: «Мы былі з вамі». Хіба Бог не лепей ведае, што хаваецца ў сэрцах жыхароў сусветаў?

11. Аллаг абавязкова зведае тых, якія паверылі, і абавязкова зведае крывадушнікаў. 

12. Нявернікі кажуць вернікам: «Ідзіце па нашым шляху, і тады мы возьмем на сябе вашыя грахі». Але яны не прымуць на сябе ніводнага граху. Сапраўды, яны – хлусы. 

13. Яны панясуць свой цяжар і – разам са сваім – яшчэ і іншы цяжар. А ў Дзень Ажывання іх абавязкова спытаюць пра тое, што яны прыдумлялі.

14. Мы паслалі Нуха да яго народа, дзе ён прабыў тысячу гадоў без пяцідзесяці. Тых людзей напаткаў патоп, бо яны былі прыгнятальнікамі. 

15. Мы выратавалі яго і тых, хто быў у каўчэгу, і зрабілі яго азнакай для сусветаў.

16. Вось Ібрагім сказаў свайму народу: «Пакланяйцеся Аллагу і бойцеся Яго! Так будзе лепей для вас, калі б вы толькі ведалі. 

17. Заміж Аллага вы пакланяецеся стодам і прыдумваеце хлусню. Сапраўды, тыя, каму вы пакланяецеся заміж Аллага, не здольныя даць вам долю. Шукайце сваю долю ў Аллага, пакланяйцеся Яму і дзякуйце Яму. Да Яго вы паварочаецеся».

18. Калі вы палічыце гэта хлуснёю, дык таксама лічылі гэта хлуснёю і народы, якія жылі раней за вас. Сапраўды, пасланец павінен толькі перадаць выразнае пасланне. 

19. Няўжо яны не бачаць, як Аллаг стварае твор у першы раз, а потым творыць нанова? Сапраўды, гэта лёгка для Аллага. 

20. Скажы: «Ідзіце зямлёю і паглядзіце, як Ён стварыў стварэнне ў першы раз. А потым Аллаг ажыццявіць апошняе стварэнне. Сапраўды, Аллаг здольны на кожную рэч!»

21. Ён карае, каго пажадае, і літуе, каго пажадае. Да Яго вашае вяртанне.

22. Вы не выратуецеся ні на небе, ні на зямлі. У вас, апроч Аллага, ні абаронцы, ні памагатага».

23. Тыя, што не вераць у азнакі Аллага і сустрэчу з Ім, страцілі надзею на Маю літасць. На іх чакае пакутлівае пакаранне.

24. Адказ народа Ібрагіма быў толькі такі: «Забіце яго ці спаліце!» І Аллаг выратаваў яго ад агню. Сапраўды, у гэтым – азнакі для вернікаў.

25Ібрагім сказаў: «Заміж Аллага вы пакланяецеся стодам, бо ў зямным жыцці маеце ўзаемная любоў. Але потым, у Дзень Ажывання, адны з вас адмовяцца і праклянуць іншых. Вашым прытулкам будзе агонь і не будзе ў вас памагатых».

26. Лут паверыў яму, і Ібрагім сказаў: «Я збіраюся ажыццявіць пярэбары дзеля свайго Госпада. Сапраўды, Ён – Велічны, Мудры».

27. І Мы даравалі яму Ісхака і Якуба і даравалі яго нашчадкам прароцтва і Пісанне. І Мы далі яму ўзнагароджанне ў зямным жыцці, а ў жыцці наступным ён будзе разам з праведнікамі.

28. Вось Лут сказаў свайму народу: «Сапраўды, вы робіце такую ​​брыдоту, якой да гэтага часу не рабіў ніхто з жыхароў сусветаў.

29. Няўжо вы юрыце мужчын, перакрываеце дарогі і робіце ганебнае на сваіх сходах?» Але адказ яго народа быў толькі такі: «Прыйдзі да нас з пакараннем Аллага, калі ты кажаш праўду».

30. Той сказаў: «Госпадзе! Дапамажы мне супраць сейбітаў неладу».

31. Калі Нашыя пасланцы прыйшлі да Ібрагіма з уцешнаю весткаю, дык сказалі: «Мы выкарчуем жыхароў гэтага паселішча. Сапраўды, яго жыхары з’являюцца прыгнятальнікамі».

32. Той адказаў: «Але там Лут!» Яны сказалі: «Мы лепш ведаем, хто там. Мы выратуем яго разам з сям’ёю, апроч яго жонкі, якая застанецца».

33. Калі Нашыя пасланцы прыйшлі да Лута, праз гэтае ён засумаваў і пачуў нязмогу. Тыя сказалі: «Не бойся і не сумуй! Вы выратуем цябе разам з сям’ёю, апроч жонкі, якая застанецца.

34. Мы пашлём на жыхароў гэтага паселішча пакаранне з неба – за тое, што яны былі непакорлівымі».

35. Мы пакінулі ад яго выразную азнаку – для людзей, якія разумеюць. 

36. Да мад’янітаў Мы паслалі іх брата Шуайба. Ён сказаў «О людзі! Пакланяйцеся Аллагу, спадзявайцеся на Апошні Дзень і не распаўсюджвайце нелад на зямлі».

37. Але тыя лічылі яго хлусам. Іх напаткаў землятрус, і яны засталіся нежывымі ў сваіх дамах. 

38. І адыты, і самудыты. Вы ж бачыце іх жытло. Шатан упрыгожыў ім іх учынкі і збіў са шляху, хоць яны і былі ўважлівымі. 

39. І Карун, і Фараон, і ГаманМуса прыйшоў да іх з выразнымі азнакамі, а яны заганарыліся на зямлі і не здолелі абыйсці Нас. 

40. Кожнага Мы пакаралі за грэх. На некаторых з іх Мы наслалі каменны дождж, іншых скасілі крыкам, іншых праглынула зямля, а яшчэ іншых Мы ўтапілі. Аллаг не зрабіў з імі несправядліва – яны самі былі несправядлівымі да сябе.

41. Тыя, якія бяруць сабе абаронцаў заміж Аллага, падобныя да павука, які зрабіў сабе жыллё. Але хісткае жыллё – жыллё павука. Калі б яны толькі ведалі.

42. Сапраўды, Аллаг ведае ўсіх, да каго яны звяртаюцца заміж Яго. Ён – Велічны, Мудры. 

43. Такія прыпавесці Мы прыводзім людзям, але разумеюць іх толькі ведаючыя.

44. Аллаг стварыў нябёсы і зямлю ў праўдзе. Сапраўды, у гэтым – азнака для вернікаў.

45. Чытай тое, што было адкрыта табе з Пісання, і выконвай малітву! Сапраўды, малітва стрымлівае ад распусты і заганнага. Але ўзгадванне Аллага – найважней, і Ён ведае, што вы робіце.

46. Калі вы спрачаецеся з людзьмі Пісання, дык рабіце гэта найлепшым чынам. Гэта не тычыцца тых з іх, якія несправядлівыя. Скажы: «Мы паверылі ў тое, што паслана нам, і ў тое, што паслана вам. Наш Бог і ваш Бог – адзін, і мы адданыя Яму (г. зн., мусульмане)».

47. Так Мы паслалі табе Пісанне. Тыя, каму Мы даравалі Пісанне, вераць у яго. Ёсць сярод іх тыя, хто верыць у гэта. А адмаўляюць Нашыя азнакі толькі нявернікі. 

48. Раней ты не чытаў ніводнага пісання і не перапісваў яго сваёй правіцаю. Інакш прыхільнікаў хлусні ахапіў бы сумнеў. 

49. О не! Гэта – выразныя азнакі ў грудзях тых, каму дадзена разуменне. А адмаўляюць Нашыя азнакі толькі беззаконнікі.

50. Яны кажуць: «Чаму не пасланы яму азнакі ад Госпада яго?» Скажы: «Азнака – толькі ў Аллага. А я – толькі выразны засцерагальнік».

51. Няўжо ім не дастаткова таго, што Мы паслалі табе Пісанне, якое ты ім чытаеш? Сапраўды, у гэтым – шчодрасць і напамін для вернікаў.

52. Скажы: «Аллага дастаткова ў якасці сведкі паміж вамі і мною. Ён ведае тое, што на нябёсах і на зямлі, а тыя, якія паверылі ў хлусню і не паверылі ў Аллага, абавязкова панясуць страты».

53. Яны просяць, каб ты паскорыў пакаранне. Калі б не ўсталяваны тэрмін, дык пакаранне ўжо прыйшло б да іх. Яно абавязкова прыйдзе да іх раптам, калі тыя і не адчуюць. 

54. Яны просяць, каб ты паскорыў пакаранне. Сапраўды, пекла абавязкова апануе нявернікаў. 

55. У той Дзень пакаранне пакрые іх згары ды з-пад ног. Ім скажуць: «Паспытайце тое, што вы рабілі!»

56. О Мае вернікі рабы! Сапраўды, зямля Мая разлеглая. Таму пакланяйцеся Мне!

57. Кожная душа спазнае скананне, а потым вы паварочаецеся да Нас.

58. Тых, якія паверылі і здзяйснялі дабро, Мы абавязкова змесцім у пакоях раю, дзе струменяць рэкі. Выдатнае ж узнагароджанне тым, якія робяць дабро, 

59. маюць трыванне і спадзяюцца на свайго Госпада.

60. Колькі жывёлаў не здольныя зрабіць сабе запасаў. Аллаг надзяляе іх і вас. Ён – Усебачачы, Усеведаючы.

61. Калі ты спытаеш іх: «Хто стварыў нябёсы і зямлю і скарыў сонца і месяц», дык яны абавязкова скажуць: «Аллаг». Як жа яны заблукалі!

62. Аллаг павялічвае і памяншае долю тым з рабоў Сваіх, каму пажадае. Сапраўды, Аллаг пра кожную рэч Дасведчаны. 

63. Калі ты спытаеш іх: «Хто пасылае з неба ваду і ажыўляе зямлю пасля яе смерці?», дык яны абавязкова скажуць: «Аллаг!» Скажы: «Хвала Аллагу!» Але большасць з іх не разумее. 

64. Жыццё ў гэтым свеце – толькі гульня і забава, а наступнае жыццё – сапраўднае. Калі б яны толькі ведалі!

65. Калі яны садзяцца на карабель, дык звяртаюцца да Аллага, шчыра вызнаючы Яго веру. А калі Ён ратуе іх і выводзіць на сухаземе, дык яны нанова робяцца паганымі.

66. Так яны прымеюць праявіць сваю няўдзячнасць за тое, што Мы ім даравалі, і атрымліваць асалоду ад дабротаў далей. Але хутка яны пазнаюць. 

67. Няўжо яны не бачаць, што Мы зрабілі гэтую бажніцу бяспечнаю, а па-за ёй на людзей набягаюць? Няўжо яны вераць у хлусню і не вераць у Аллага?

68. Хто больш несправядлівы за таго, хто паклёпнічае на Аллага, ці лічыць праўду за хлусню, калі тая прыйшла да яго? Хіба не ў пекле будзе прытулак для нявернікаў?!

69. А тых, якія змагаюцца дзеля Нас, Мы абавязкова павядзём Нашымі шляхамі. Сапраўды, Аллаг з тымі, якія робяць дабро. 

 

 

Сура 30. Ар-Рум

(Рамэі)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Аліф. Лям. Мім. 

2. Пераможаныя рамэі 

3. у бліжэйшых землях. Але пасля сваёй паразы перамогуць яны, 

4. за некалькі гадоў. Улада належала Аллагу раней і будзе належаць далей. У той Дзень вернікі ўсцешацца 

5. дапамозе Аллага. Ён дапамагае, каму пажадае. Ён – Велічны, Міласэрны. 

6. Такая абяцанка Аллага. Бог не парушае Сваёй абяцанкі, але большасць людзей не ведае. 

7. Яны ведаюць пра зямное жыццё толькі відавочнае, а да жыцця наступнага яны нядбайныя.

8. Няўжо яны не задумляліся пра сябе? Аллаг стварыў нябёсы, зямлю і тое, што паміж імі, толькі ў праўдзе і на пэўны тэрмін. Але большасць людзей не верыць у сустрэчу са сваім Госпадам.

9. Няўжо яны не падарожнічалі зямлёю і не бачылі, якім быў канец тых, якія жылі раней за іх? Яны перавышалі іх моцаю, лепш апрацоўвалі зямлю ды абжывалі яе. Іх пасланцы прыходзілі да іх з выразнымі азнакамі. Аллаг не зрабіў з імі несправядліва – яны самі былі несправядлівымі да сябе. 

10. Канцом тых, якія рабілі ліха, стала ліха, бо яны лічылі азнакі Аллага хлуснёю і здзекаваліся з іх. 

11. Аллаг пачынае тварэнне, потым паўтарае яго, а потым да Яго вы паварочаецеся. 

12. Калі прыйдзе Час, разгубяцца грэшнікі. 

13. Ніхто з іх саўдзельнікаў не заступіцца за іх і яны адхіляць тых саўдзельнікаў.

14. У той Дзень, калі надыдзе Час, усе падзеляцца. 

15. Тыя, якія паверылі і здзяйснялі дабро, будуць атрымліваць асалоду ў садах, 

16. а тыя, якія не паверылі і лічылі хлуснёю Нашыя азнакі і спатканне ў наступным жыцці, зведаюць пакаранне. 

17. Дык вось, слаўце Аллага, калі надыходзіць вечар і калі настае раніца!

18. Яму належыць слава на нябёсах і на зямлі. Слаўце Яго ўвечары і апоўдні!

19. Ён выводзіць жывое з нежывога, а нежывое – з жывога. Ён адраджае зямлю пасля яе смерці; таксама і вас вывядуць з магіл. 

20. Сярод Яго азнакаў – тое, што Ён стварыў вас з праху. Пасля гэтага вы сталі людзьмі і рассяляецеся.

21. Сярод Яго азнакаў – тое, што Ён стварыў вам жонак з вас саміх, каб вы знаходзілі ў іх супакой, і ўсталяваў паміж вамі любоў і літасць. Сапраўды, у гэтым – азнака для людзей, якія разважаюць. 

22. Сярод Яго азнакаў – стварэнне нябёсаў і зямлі, а таксама адрозненні паміж мовамі і колерамі. Сапраўды, у гэтым – азнака для жыхароў сусветаў. 

23. Сярод Яго азнакаў – ваш сон ноччу і днём, а таксама пошукі Яго шчодрасці. Сапраўды, у гэтым – азнака для людзей, якія здольныя слухаць. 

24. Сярод Яго азнакаў – тое, што Ён паказвае вам маланку, каб выклікаць боязь і надзею, а таксама пралівае з неба ваду, каб ажывіць ёй зямлю пасля яе сканання. Сапраўды, у гэтым – азнака для людзей, якія разумеюць. 

25. Сярод Яго азнакаў – тое, што неба і зямля трымаюцца па Яго загадзе. Толькі Ён пакліча вас, вы адразу выйдзеце з зямлі. 

26. Яму належыць усё, што на нябёсах і на зямлі. Усе пакорлівыя Яму.

27. Ён – Той, Хто пачынае тварэнне, а потым паўтарае яго. І гэта для Яго лёгка. Аллагу належаць самыя высокія якасці, і Ён – Велічны, Мудры. 

28. Аллаг прывёў вам як прыпавесць вас саміх. Ці ёсць сярод нявольных, якімі авалодалі вашыя правіцы, саўдзельнікі ў тым, чым Мы надзялілі вас, і якіх вы баіцеся так, як баіцеся адно аднаго? Вось так Мы тлумачым азнакі для людзей, якія разумеюць. 

29Але тыя, якія чыняць несправядлівасць, ідуць за сваімі жаданнямі без усялякага ведання. Хто ж павядзе простым шляхам тых, каго Аллаг увёў у аблуду? Няма ў іх памагатых. 

30. Скіруй свой твар да веры, як ханіф. Гэта – прыроджаная якасць, з якое Аллаг стварыў людзей. Няма змены ў тварэнні Аллага. Гэта простая вера – але большасць людзей не ведае. 

31. Кайцеся перад Ім, бойцеся Яго, выконвайце малітву і не будзьце аднымі з паганаў,

32. аднымі з тых, якія раскалолі сваю веру і зрабіліся рознымі гуртамі, і кожны цешыцца з таго, што мае.

33. Калі чалавека кранае ліха, яны клічуць свайго Госпада, звяртаючыся да Яго з каяннем. А калі Ён дае ім магчымасць паспытаць Сваёй літасці, дык частка з іх пачынае надаваць раўню свайму Госпаду. 

34. Так яны прымеюць праявіць сваю няўдзячнасць за тое, што Мы ім даравалі. Таму атрымлівайце асалоду ад дабротаў і борзда вы даведаецеся. 

35. Хіба Мы паслалі ім доказ, які кажа пра роўных Яму?

36. Калі Мы дамо людзям паспытаць літасці, яны цешацца. А калі іх дзівіць ліха за тое, што яны падрыхтавалі сваімі рукамі, дык яны ўпадаюць у роспач. 

37. Хіба яны не бачаць, што Аллаг павялічвае і памяншае долю, каму пажадае? Сапраўды, у гэтым – азнакі для вернікаў. 

38. Давай належнае сваяку, бедаку і падарожніку. Так будзе лепей для тых, хто жадае задавальнення Аллага. Менавіта яны мецьмуць поспех.

39. Тое, што вы распазычыце людзям, імкнучыся прымножыць сваю маёмасць за іх кошт, не прымножыцца ў Аллага. Будзе прымножана тое, што вы даяце як закят, жадая задавальнення Ліка (Ваджг)* Аллага.

40. Аллаг – Той, Хто вас стварыў, а потым надзяліў сродкамі да жыцця. Пасля Ён пазбавіць вас жыцця, а потым нанова верне да жыцця. Ці ёсць сярод вашых саўдзельнікаў-стодаў тыя, хто зрабіў хоць што-небудзь з гэтага? Усячысты Ён і вышэй за тое, што вы надаяце Яму ў пакланенні.

41. Ліха з’яўляецца на сухаземі і на моры дзякуючы таму, што людзі робяць сваімі рукамі, – дык няхай паспрабуюць частку таго, што нарабілі. Магчыма, яны паварочаюцца.

42. Скажы: «Ідзіце зямлёю і паглядзіце, якім быў канец тых, якія жылі раней за вас! Большасць з іх былі паганымі».

43. Звярні свой твар да правільнае веры – раней за той момант, калі ад Аллага прыйдзе няўхільны Дзень. У той Дзень яны будуць падзеленыя – 

44. Хто быў нявернікам, яго нявера будзе супраць яго. А тыя, якія рабілі дабро, падрыхтавалі яго для сябе –

45. каб Ён з шчодрасці Сваёй узнагародзіў тых, якія паверылі і здзяйснялі дабро. Сапраўды, Ён не любіць нявернікаў.

46. Сярод Яго азнакаў – тое, што Ён пасылае вятры добрымі веснікамі, каб даць паспытць Сваёй літасці; па Яго загадзе плывуць караблі, каб вы маглі шукаць Яго шчодрасці. Магчыма, вы будзеце ўдзячныя. 

47. Раней за цябе Мы пасылалі пасланцоў да іх народаў, і яны прыносілі ім выразныя азнакі. Мы пакаралі беззаконнікаў, бо Нашым абавязкам было дапамагаць вернікам.

48. Аллаг – Той, Хто пасылае вецер, які гоніць аблокі. Ён расцягвае іх на небе так, як пажадае, і раздзірае іх на кавалкі. Ты бачыш дождж, які выходзіць з-паміж іх. Калі Ён пралье яго на тых Сваіх рабоў, на якіх пажадае, яны пачынаюць цешыцца, 

49. Хоць перад тым, як ён быў пасланы, яны былі ў роспачы.

50. Паглядзі на прыкметы літасці Аллага, на тое, як Ён адраджае зямлю пасля яе смерці. Сапраўды, Ён адраджае нежывых і Ён здольны на кожную рэч. 

51. Калі Мы выправім вецер, і яны ўбачаць, што ніва пажоўкла, дык пасля гэтага яны стануць няўдзячнымі.

52. Сапраўды, ты не прымусіш нежывых чуць, а глухіх не прымусіш пачуць заклік, калі яны адхінуцца. 

53. Ты не выведзеш невідушчых з аблуды. Ты прымееш прымусіць чуць толькі тых, хто верыць у Нашыя знакі і адданы Нам (мусульман)

54. Аллаг – Той, Хто стварыў вас кволымі, з кволых зрабіў вас моцнымі, а потым, пасля моцы, зрабіў вас нанова кволымі, ды яшчэ і сівымі. Ён стварае, што пажадае. Ён – Усеведаючы, Велічны. 

55. У той Дзень, калі прыйдзе Час, беззаконнікі будуць прысягаць, што прабылі не больш за гадзіну. Як яны заблукалі!

56. Тыя, каму дадзеныя веды і вера, скажуць: «Па загадзе Аллага вы былі там да самага Дня Ажывання. І вось настаў Дзень Ажывання, але вы гэтага не ведалі».

57. У той Дзень несправядлівым не прынясуць карысці іх апраўданні, і не патрабуюць ад іх каяння. 

58. У гэтым Каране Мы прыводзім людзям розныя прыпавесці. Калі ты пакажаш ім азнаку, дык тыя, якія не паверылі, абавязкова скажуць: «Вы толькі прыхільнікі хлусні!»

59. Так Аллаг запячатаў сэрцы тых, якія не маюць ведання. 

60. Трывай, бо абяцанка Аллага праўдзівая! Няхай не зробяць цябе легкадумным, тыя, хто не мае перакананасці!

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

*Якасць (сыфат) Аллага, якая даецца без тлумачэння (тавіль) і параўнання з чалавечымі часткамі цела.

Сура 31. Лукман

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Аліф. Лям. Мім. 

2. Гэта – аяты мудрага Пісання, 

3. Як просты шлях і літасць для дабрадзейных, 

4. якія выконваюць малітву, даюць міласціну і ўпэўненыя ў існаванні наступнага жыцця. 

5. Яны – на простым шляху, які паказаў іх Госпад, і яны будуць мець поспех. 

6. Сярод людзей ёсць той, хто набывае забаўкі, каб праз невуцтва збіваць людзей са шляху Аллага, здзекуючыся з яго. Такім прыгатавана ганебнае пакаранне.

7. І калі чытаюць яму Нашыя аяты, дык ён ганарліва адхінаецца, нібы і не чуў, быццам ён глушэц. Таму распавядзі яму пра пакутлівые пакаранне. 

8. Сапраўды, тыя, якія паверылі і здзяйснялі добрыя справы, ім – сады асалоды. 

9. Яны будуць там павек, бо абяцанка Аллага праўдзівая. Ён – Велічны, Мудры.

10. Ён стварыў нябёсы без апірышча, якое вы б маглі бачыць, і пабудаваў на зямлі ўстойлівыя горы, каб яны не вагаліся разам з вамі, і засяліў яе разнастайнымі жывёламі. Мы пралілі з неба ваду і выгадавалі розныя добрыя расліны. 

11. Гэта ўсё – твор Аллага. Таму пакажыце мне, што стварылі тыя, каму вы пакланяецеся заміж Яго. Але прыгнятальнікі знаходзяцца ў відавочнай аблудзе. 

12. Сапраўды, Мы даравалі Лукману мудрасць: «Дзякуй Аллагу, бо той, хто дзякуе, той дзякуе дзеля самога сябе. А хто не дзякуе, дык Аллаг не мае патрэбы ні ў чым. Ён – Багаты, Пахвальны».

13. Вось сказаў Лукман свайму сыну, навучаючы яго: «Сын мой! Не пакланяйся апроч Аллага нікому, бо паганства – вялікае прыгнятанне».

14. Мы загадалі чалавеку найлепшым чынам ставіцца да сваіх бацькоў. Маці вельмі цяжка насіць дзіцяці, але яна адбірае яго толькі ў два гады. Будзь удзячны Мне і сваім бацькам, бо да Мяне тваё вяртанне.

15. А калі бацькі дбацьмуць у дачыненні да цябе, каб ты пакланяўся іншым багам, пра якіх табе нічога не вядома, не падпарадкоўвайся ім, але будзь з імі ў гэтым свеце добрым ды ідзі шляхам тых, хто звяртаецца да Мяне. Потым вы паварочаецеся да Мяне, і Я паведамлю вам пра тое, што вы рабілі. 

16. «Сыне мой! Нават калі нешта вагаю з гарчычнае зернетка і будзе знахадзіцца ў скале, на нябёсах, ці на зямлі, Аллаг дастане яго адтуль. Сапраўды, Аллаг – Добры, Усеведаючы. 

17. Сыне мой! Выконвай малітву, заклікай рабіць добрыя ўчынкі, утрымлівай ад забараняемага, і трывай тое, што спатыкае цябе. Сапраўды, менавіта ў гэтых справах патрэбная рашучасць.

18. І не адхінай твар ад людзей ганарыста і не хадзі па зямлі ганарліўцам. Сапраўды, Аллаг не любіць усялякіх пышаных ганарліўцаў. 

19. Стрымлівай крокі свае і зніжай голас свой. Сапраўды, самы непрыемны голас – гэта роў асла».

20. Хіба яны не бачаць, што Аллаг скарыў вам тое, што на нябёсах і на зямлі, і што Ён шчодра абдараваў вас Сваімі відавочнымі і таемнымі дабротамі? Сярод людзей знаходзіцца такі, хто спрачаецца пра Аллага, не маючы ні ведаў, ні простага шляху, ні выразнага пісання. 

21. І калі ім кажуць: «Ідзіце за тым, што паслаў Аллаг!», дык яны адказваюць: «Не! Мы ідзём за тым, ува што верылі нашыя бацькі». Няўжо так будзе і тады, калі шатан пакліча іх у пякельны агонь?

22. Хто паварочвае твар свой да Аллага і робіць дабро, той ужо схапіўся за надзейную аснову, а канец усіх справаў належыць Аллагу. 

23. А калі хтосьці не паверыў, дык не сумуй з-за яго няверы. Яны паварочаюцца да Нас, і Мы паведамім ім пра тое, што яны рабілі. Сапраўды, Аллаг ведае тое, што ў сэрцах. 

24. Мы дазволім ім атрымліваць асалоду ад дабротаў кароткі час, а потым прымусім іх да жорсткага пакарання. 

25. Калі ты спытаеш іх: «Хто стварыў нябёсы і зямлю?», дык яны абавязкова скажуць: «Аллаг». Скажы ім: «Хвала Аллагу!» Але большасць з іх не разумее. 

26. Аллагу належыць тое, што ў нябёсах, і тое, што на зямлі. Сапраўды, Аллаг не мае патрэбы ні ў чым. Ён – Багаты, Пахвальны. 

27. Калі б усе дрэвы зямлі ператварыліся ў трысціны для пісьма, а да мора дадалі б яшчэ сем мораў, дык і тады не вычарпаліся б словы Аллага. Сапраўды, Аллаг – Велічны, Мудры. 

28. Стварыць і адрадзіць вас таксама лёгка, як і адзіную душу. Аллаг – Усечуючы, Усебачачы. 

29. Няўжо ты не бачыш, што Аллаг скарачае ноч і падаўжае ім дзень, а таксама скарачае дзень і падаўжае ім ноч? Ён скарыў Сабе сонца і месяц, якія рухаюцца ва ўсталяваным парадку, і Аллаг усё ведае пра ўчынкі вашыя. 

30. Гэта так, бо Аллаг – праўда, а тыя, да каго звяртаюцца заміж Яго, – мана. Аллаг – Найвышэйшы, Вялікі.

31. Няўжо ты не бачыш, як караблі плывуць морам дзякуючы дабрачыннасці Аллага, каб Ён прымеў паказаць вам азнакі Свае? Сапраўды, у гэтым – азнакі для кожнага трывучага, удзячнага. 

32. І калі крые іх, як цень, хваля, дык яны заклікаюць да Аллага, шчыра вызнаючы Яго веру. І калі Ён ратуе іх, выводзячы на ​​сухаземе, дык памяншаецца вера іх. Ніхто не адмаўляе Нашыя азнакі, апроч здрадніка, няўдзячнага. 

33. О людзі! Бойцеся Бога вашага і ў той Дзень, калі бацька не здолее заступіцца за свайго сына, а сын – за свайго бацьку. Абяцанка Аллага праўдзівая. Няхай не вабіць вас зямное жыццё і няхай не спакушае вас спакуснік супраць Аллага. 

34. Сапраўды, толькі ў Аллага веды пра Час. Ён пасылае дождж і ведае, што ва ўлоннях. Ніводная душа не ведае, што адбудзецца з ёй заўтра, і не ведае яна, у якой зямлі сканае. Сапраўды, Аллаг – Дасведчаны, Усеведаючы.

 

 

Сура 32. Ас-Саджда

(Зямны паклон)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Аліф. Лям. Мім. 

2. Пісанне, паслана – у чым няма сумневу – ад Госпада сусветаў. 

3. Ці яны кажуць: «Ён выдумаў яго». О не, гэта – праўда ад Госпада твайго, каб ты засцерагаў людзей, да якіх раней за цябе не прыходзіў засцерагальнік. Магчыма, яны пойдуць простым шляхам. 

4. Аллаг – Той, Хто стварыў нябёсы, зямлю і тое, што паміж імі, за шэсць дзён, а потым узвысіўся над Тронамузвышэннем улады і панавання. У вас, апроч Яго, ні абаронцы, ні намесніка. Няўжо вы не задумаецеся?

5. Ён кіруе ўсімі падзеямі з неба да зямлі, а потым яны ўзыходзяць да Яго на працягу дня, які доўжыцца тысячу гадоў згодна вашаму ліку. 

6. Так Той, Хто ведае таемнае і адкрытае, Велічны, Міласэрны, 

7. Які выдатна стварыў кожную рэч і пачаў тварыць чалавека з гліны; 

8. стварыў яго нашчадкаў з кроплі нікчэмнае вадкасці,

9. а потым сфарміраваў чалавека (ва ўлонні маці) і ўдыхнуў у яго дух ад Сябе. Ён дараваў вам слых, зрок і сэрца. Замала ж вы дзякуеце!

10. Яны пытаюцца: «Няўжо, калі мы згубімся ў зямлі, дык апынёмся ў новым творы?» О не, не вераць яны ў сустрэчу са сваім Госпадам.

11. Скажы: «Вас возьме анёл сканання, які мае над вамі апеку. А потым вас паварочаюць да вашага Госпада».

12. Калі б ты бачыў, як грэшнікі схіляць галовы перад сваім Госпадам: «Госпадзе наш! Мы ўбачылі і пачулі! Вярні нас і мы будзем рабіць дабро! Сапраўды, зараз мы ўпэўненыя!»

13. Калі б Мы пажадалі, дык паказалі б кожнай душы просты шлях, але здзейсніцца слова Маё: «Я абавязкова напоўню пекла джынамі ды людзьмі – усімі».

14. Паспрабуйце – за тое, што вы забыліся на сваю сустрэчу з гэтым вашым Днём. Сапраўды, і Мы забыліся на вас. Паспрабуйце векаістага пакарання – за тое, што рабілі вы.

15. Веруючыя ў Нашыя азнакі – толькі тыя, якія, калі ім пра іх узгадваюць, падаюць ніцма, выслаўляюць славаю свайго Госпада і не ганарацца. 

16. Яны ўзнімаюцца са сваіх ложкаў, каб клікаць Госпада свайго з бояззю і надзеяй, ахвяруючы тое, чым Мы надзялілі іх. 

17. Ніводная душа не ведае, якая асалода вачэй схаваная для іх за тое, што яны рабілі.

18. Няўжо вернікі падобныя да непакорлівых? Не роўныя яны паміж сабою. 

19. Для тых, якія паверылі і здзяйснялі дабро, сады прытулку ў якасці месца знаходжання – за тое, што рабілі яны. 

20. А прытулкам для непакорлівых будзе агонь. Кожны раз, калі яны пажадаюць выйсці адтуль, іх вяртацьмуць. Скажуць ім: «Паспрабуйце вогненнага пакарання, якое вы лічылі хлуснёю!»

21. Апроч вялікага пакарання, мы дамо ім пакаштаваць і пакаранне малое – магчыма, яны паварочаюцца.

22. Хто ж несправядлівейшы за таго, каму нагадалі пра азнакі нашага Госпада, а ён адхінуўся ад іх? Сапраўды, Мы адплацім беззаконнікам. 

23. Мы даравалі Мусе Пісанне, таму не май сумневу адносна сустрэчы з Ім. І Мы зрабілі яго кіраўніцтвам для сыноў Ісраіля.

24. Мы паставілі сярод іх кіраўнікоў, якія па загадзе Нашым вялі іншых простым шляхам – за тое, што тыя былі трывучымі і ўпэўненымі ў Нашых азнаках. 

25. Сапраўды, у Дзень Ажывання твой Госпад разважыць паміж імі ў тым, пра што яны спрачаліся. 

26. Няўжо не ўказала ім на просты шлях тое, колькі пакаленняў Мы знішчылі раней – а яны ходзяць па іх паселішчах. Сапраўды, у гэтым – азнака. Няўжо яны не прыслухаюцца?

27. Няўжо яны не бачаць, што Мы праліваем дождж на ўсохлую зямлю і гадуем пасевы, якою жывіцеся і вы і вашая жывёла, няўжо яны не бачаць?

28. Яны скажуць: «Калі ж прыйдзе той Суд, калі вы праўдзівыя?» 

29. Скажы: «У Дзень Суда нявернікам не прынясе карысці іх вера, і не будзе адтэрміноўкі».

30. Адхініся ад іх і чакай, бо чакаюць і яны.

 

 

Сура 33. Аль-Ахзаб

(Хаўруснікі)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. О Прароча! Бойся Аллага але не падпарадкоўвайся нявернікам і крывадушнікам. Сапраўды, Аллаг – Усеведаючы, Мудры. 

2. Ідзі за тым, што дадзена табе ў адкрыцці ад Госпада твайго. Сапраўды, Аллаг паведамляе пра тое, што вы робіце. 

3. І спадзявайся на Аллага. Дастаткова Аллага ў якасці Абаронцы. 

4. Ніводнаму мужчыну Аллаг не даў двух сэрцаў у грудзях. Ён не зрабіў вашымі маці тых вашых жонак, якіх вы называеце хрыбтамі маці (гаворка пра такі від прыгнёту жанчын, калі мужы называлі жонак спінамі сваіх маці і адмаўляліся выконваць свае суджэнскія абавязкі, што з’яўляецца грахом). Ён не зрабіў вашых названых сыноў сапраўднымі сынамі. Гэта толькі словы з вашых вуснаў. Аллаг кажа праўду і паказвае шлях.

5. Клічце названых сыноў па імёнах іх бацькоў. Гэта больш слушна перад Аллагам. А калі вы не ведаеце імёнаў іх бацькоў, дык яны – вашыя браты па веры і блізкія. Не будзе граху на вас, калі вы папярэдне не мелі такога намеру ў сэрцы. Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

6. Прарок бліжэй да вернікаў за іх саміх. Яго жонкі – іх маці. Паводле Пісання Аллага сваякі бліжэй адно да аднаго за вернікаў і перасяленцаў (мухаджыраў), калі яны самі не пажадаюць зрабіць дабро сваім блізкім. Так запісана ў Пісанні.

7. Вось Мы ўзялі запавет з прарокамі: з табою, з Нухам, з Ібрагімам, з Мусою і Ісою, сынам Мар’ям. Мы склалі з імі суворы запавет, 

8. каб спытаць праўдзівых пра іх праўдзівасць. А для нявернікаў Ён падрыхтаваў пакутлівае пакаранне. 

9. О вы, якія паверылі! Згадайце дабрадзейства Аллага, калі супраць вас накіравалася войска. Мы паслалі на іх вецер і войскі, якіх вы не бачыце. Аллаг бачыць, што вы робіце.

10. Вось яны падышлі да вас і згары, і здолу. Забегалі вочы вашыя, а сэрцы падступілі да горла, і вы пачалі казаць пра Аллага розныя здагадкі.

11. Там вернікі былі выпрабаваныя і перанеслі моцнае ўзрушэнне. 

12. Сказалі крывадушнікі і тыя, у чыіх сэрцах хвароба: «Абяцанка Аллага і Яго Пасланца была толькі спакусаю!» 

13. Частка з іх сказала: «О жыхары Ясрыба! Вы не ўтрымаецеся на гэтым месцы, вяртайцеся назад». А некаторыя з іх прасілі ў Прарока дазволу і сказалі: «Нашыя дамы безабаронныя!» Яны не былі безабаронныя, але тыя толькі імкнуліся ўцячы. 

14. Калі б ворагі ўварваліся туды з усіх бакоў і пачалі спакушаць іх, тыя адразу б зрабілі гэта і не чакалі, хіба толькі трохі.

15. Але раней яны ўзялі з Аллагам запавет, і адхінуліся. Спытаюць іх пра запавет з Аллагам. 

16. Скажы: «Уцёкі не дапамогуць вам, калі вы ўцякаеце ад сканання альбо забівання. Нядоўга ж тады вы будзеце атрымліваць асалоду ад дабротаў».

17. Спытай: «Хто абароніць вас ад Аллага, калі Ён пажадае вам ліха? А калі пажадае літасці?» Яны не знойдуць сабе заміж Аллага ні абаронцы, ні памагатага.

18. Аллаг ведае тых з вас, якія адцягваюць іншых ад бітвы і кажуць сваім братам: «Ідзіце да нас!» Іх доля нязначная ў бітве

19. праз іх хцівасць да вас. Калі іх ахоплівае сполах, ты бачыш, як яны глядзяць на цябе: іх вочы бегаюць, як у таго, хто млее перад скананнем. А калі сполах адыходзіць, яны крыўдзяць вас сваімі вострымі языкамі, шчадзяцца на дабро пры падзеле здабычы. Яны не паверылі і Аллаг зробіць марнымі іх учынкі. Гэта для Аллага лёгка. 

20. Яны мяркуюць, што вайсковыя аддзелы не адступілі. Калі б вайсковыя аддзелы і прыйшлі, дык яны пажадалі б вандраваць сярод бедуінаў і збіраць навіны пра вас. А калі б яны былі сярод вас, дык не вельмі б ваявалі.

21. Пасланец Аллага – выдатны прыклад для вас, для тых, хто спадзяецца на Аллага, Апошні Дзень і часта ўспамінае Аллага. 

22. Калі вернікі ўбачылі вайсковыя аддзелы, сказалі: «Гэта – тое, што абяцаў нам Аллаг і Яго Пасланец. Праўдзівы Аллаг і Яго Пасланец!» Гэта толькі дадало ім веры і пакоры. 

23. Сярод вернікаў ёсць мужчыны, верныя запавету з Аллагам. Ёсць сярод іх тыя, якія ўжо выканалі свой абавязак, а ёсць тыя, якія яшчэ чакаюць, але не змяняюць яму,

24. каб Аллаг узнагародзіў праўдзівых за іх праўдзівасць, а крывадушнікаў скараў смерцю, калі пажадае, альбо прыняў іх каянне. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны. 

25. Аллаг павярнуў назад нявернікаў, нягледзячы на ​​іх лютасць, і яны не прыдбалі аніякага дабра. І хапілавернікам у бітве дапамогі Аллага. Аллаг – Моцны, Велічны. 

26. Тых людзей Пісання, якія дапамагалі ім, Аллаг выкіраваў з іх умацаванняў і ўсяліў сполах у іх сэрцы. Частку з іх вы забілі, а іншую частку захапілі ў палон. 

27. Ён дараваў вам іх зямлю, іх жыллё і маёмасць, зямлю, на якую нават не станавілася вашая нага. Аллаг здольны на кожную рэч. 

28. О Прароча! Скажы сваім жонкам: «Калі вы жадаеце зямнога жыцця і яго ўпрыгажэнняў, дык прыходзьце, я надзелю вас дабротамі і прыгожа адпушчу. 

29. А калі вы жадаеце да Аллага, Яго Пасланца і наступнага жыцця, дык Аллаг падрыхтаваў для праведных з вашага асяроддзя вялікае ўзнагароджанне».

30. О жонкі Прарока! Якая з вас зробіць відавочна агідны ўчынак, той будзе падвоена пакаранне. І гэта для Аллага лёгка.

31. А той з вас, які будзе пакорлівым Аллагу, Яго Пасланцу і рабіцьме добрыя справы, Мы даруем падвойную ўзнагароду. Мы падрыхтавалі для яго шчодрую долю. 

32. О жонкі Прарока! Вы не такія, як усялякая іншая жанчына. Калі вы збожныя, дык не выяўляйце пяшчоты ў размове, каб не пажадаў вас той, у чыім сэрцы хвароба. Размаўляйце годным чынам. 

33. Знаходзячыся ў сваіх дамах, не прыбірайцеся так, як прыбіраліся ў часы першага невуцтва. Выконвайце малітву, давайце закят і падпарадкоўвайцеся Аллагу і Яго Пасланцу. О сям’я Прарока, сапраўды, Аллаг жадаевыдліць ад вас усё брыдкае і ачысціць вас.

34. Згадвайце тое, што чытаюць у вашых дамах з азнакаў (аятаў) Аллага і мудрасці. Сапраўды, Аллаг – Ласкавы, Дасведчаны. 

35. Сапраўды, для адданых Аллагу – мужчын і жанчын, для вернікаў – мужчын і жанчын, для ціхмяных – мужчын і жанчын, для праўдзівых – мужчын і жанчын, для трывалых – мужчын і жанчын, для пакорлівых – мужчын і жанчын, для тых, якія посцяць – мужчын і жанчын, для тых, якія закрываюць сваю галізну – мужчын і жанчын, для тых, якія часта згадваюць Аллага – мужчын і жанчын, – усім Аллаг падрыхтаваў прабачэнне і вялікую ўзнагароду. 

36. Вернік і верніца не павінны прымаць пастановы ў нейкай справе, калі Аллаг і Яго Пасланец ужо вырашылі гэта. А хто чыніць непаслухмянасць Аллагу і Яго Пасланцу, той знаходзіцца ў відавочнай аблудзе.

37. Вось ты сказаў таму, да каго Аллаг дабрадзейнічаў і да каго ты сам дабрадзейнічаў (Зэйду ібн Харысе): «Утрымай сваю жонку пры сабе і пабойся Аллага!» Ты схаваў тое, што адкрыў Аллаг, і ты асцерагаўся людзей, хоць Аллаг больш заслугоўвае на тое, каб Яго баяліся. Калі Зэйд задаволіў з ёй сваё жаданне, Мы ажанілі цбе з ёй, каб на верніках не было перашкод адносна жонак сваіх названых сыноў, калі тыя задаволяць з імі сваё жаданне. Загад Аллага павінен быць выкананы!

38. На Прароках няма віны за тое, да чаго абавязаў іх Аллаг. Такім быў закон Аллага для тых, якія жылі раней – а загад Аллага прызначаны – 

39. і для тых, якія перадавалі пасланне Аллага, баяліся Яго і не баяліся нікога, апроч Аллага. Дастаткова той лічбы, што ў Аллага. 

40. Мухаммад не бацька каго-небудзь з вашых мужчын, але Пасланец Аллага і Пячаць прарокаў (Заключны Божы пасланец). Аллаг пра кожную рэч Дасведчаны. 

41. О вы, якія паверылі! Згадвайце Аллага часта, 

42. слаўце Яго раніцай і ўвечары!

43. Ён – Той, Хто бласлаўляе вас, і Яго анёлы – для таго, каб вывесці вас з цемры да святла. Ён Міласэрны да вернікаў. 

44. У Дзень сустрэчы з Ім іх вітаннем будзе «Мір!» Ён падрыхтаваў для іх шчодрую ўзнагароду. 

45. О Прароча! Мы паслалі цябе як сведку, добрага весніка і засцерагальніка; 

46. як таго, хто заклікае да Аллага з Яго дазволу, як свяціла, якое асвятляе.

47. Усцеш вернікаў тым, што ім прызначаная вялікая шчодрасць ад Аллага!

48. Не падпарадкоўвайся нявернікам ды крывадушнікам, забудзься пра нанесеныя імі пакуты і спадзявайся на Аллага. Дастаткова Аллага як Абаронцы!

49. О вы, якія паверылі! Калі вы паберацеся з верніцамі, а потым разжэніцеся з імі, да таго, як кранулі іх, дык яны не павінны чакаць пры вас тэрмін. Надзяліце іх дабротамі і адпусціце прыгожа.

50. О Прароча! Мы дазволілі табе тваіх жонак, якім ты даў узнагароджанне, а таксама тых, кім авалодала правіца твая і каго дараваў табе Аллаг, а таксама дачок тваіх дзядзькоў з боку бацькі, дачок тваіх цётак з боку бацькі, дачок тваіх дзядзькоў з боку маці, дачок тваіх цётак з боку маці, якія ажыццявілі пярэбары разам з табою, а таксама кожную верніцу, якая падорыць сябе Прароку, калі Прарок пажадае пабрацца з ёй. Гэта дазволена толькі табе, але не іншым вернікам. Мы ведаем, што ўсталявана для іх адносна іх жонак і тых, кім авалодалі іх правіцы. Так зроблена для таго, каб на табе не было віны. Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

51. Адкладай прыбыццё да тых з іх, да каго пажадаеш, і затрымай тую з іх, якую пажадаеш. Калі ты пажадаеш тую, якую раней аддаліў, дык на табе не будзе граху. Гэта лепш для таго, каб вочы кожнае з іх цешыліся, каб яны не адчувалі суму і былі задаволеныя тым, што ты ім дорыш. Аллаг ведае, што ў іх сэрцах. Аллаг – Дасведчаны, Вытрыманы. 

52. З гэтага часу табе не дазволена браць шлюб з іншымі жанчынамі альбо змяняць гэтых жонак на іншых, нават калі цябе здзівіць іх прыгажосць. Гэта не тычыцца тых, кім авалодала правіца твая. Аллаг над кожнай рэччу Наглядчык. 

53. О вы, якія паверылі! Не заходзьце да дамоў Прарока, калі вас не паклічуць на трапезу і не прыходзьце, калі яна яшчэ не гатовая. Заходзьце, калі вас паклічуць, а калі паедзеце, разыходзьцеся, а не заставайцеся для размовы. Інакш вы зададзіце нязручнасці Прароку. Ён саромеецца вас, але Аллаг не саромеецца праўды. Калі вы просіце ў жонак Прарока нейкія рэчы, дык прасіце іх праз заслону. Так будзе чысцей для вашых і іх сэрцаў. Не трэба вам крыўдзіць Пасланца, альбо браць шлюб з яго жонкамі пасля яго сканання. Сапраўды, гэта вялікі грэх перад Аллагам. 

54. Пакажаце вы што-небудзь альбо схаваеце – Аллаг ведае пра кожную рэч. 

55. На іх не будзе граху, калі яны будуць без заслоны перад сваімі бацькамі, сынамі, братамі, сынамі братоў, сынамі сясцёр, верніцамі і тымі, кім авалодала іх правіца. Бойцеся Аллага! Сапраўды, Аллаг – кожнай рэчы Сведка.

56. Сапраўды, Аллаг і Яго анёлы бласлаўляюць Прарока. О вы, якія паверылі! Бласлаўляйце Прарока і вітайце яго мірам!

57. Сапраўды, тых, якія абражаюць Аллага і Яго Пасланца, Аллаг пракляў (аддаліў ад Сваёй ласкі) у зямным жыцці і жыцці наступным і падрыхтаваў для іх зневажальнае пакаранне. 

58. А тыя, якія беспадстаўна абражаюць вернікаў ды верніц, нясуць на сабе цяжар паклёпу і відавочнага граху. 

59. О Прароча! Скажы сваім жонкам, дочкам і верніцам, каб яны апраналіся ў свае покрыўкі. Так іх лацвей пазнаюць і не пакрыўдзяць. Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны. 

60. Калі крывадушнікі і тыя, у чыіх сэрцах хвароба, а таксама тыя, хто распаўсюджвае ў Мэдзіне чуткі, не спыняцца, мы абавязкова дадзім табе ўладу над імі, і яны будуць побач з табою зусім нядоўга.

61. Яны будуць праклятыя Аллагам! Дзе б іх не знайшлі, іх будуць хапаць і пазбаўляць жыцця

62паводле закону Аллага для тых, якія жылі раней. І ты не знойдзеш змены ў законе Аллага.

63. Людзі пытаюцца ў цябе пра Час. Скажы: «Пра гэта ведае толькі Аллаг». Адкуль табе ведаць, магчыма, Час ужо блізка?

64. Сапраўды, Аллаг пракляў нявернікаў і падрыхтаваў для іх полымя,

65. дзе яны будуць павек. Не знойдуць яны ні абаронцы, ні памагатага.

66. У той Дзень іх твары паварачацьмуць у агні. Яны казацьмуць: «Калі б мы падпарадкоўваліся Аллагу і Пасланцу!»

67. Яны скажуць: «Госпадзе наш! Мы падпарадкоўваліся нашым важакам і старэйшынам. Яны збілі нас са шляху!

68. Госпадзе наш! Даруй ім падвойнае пакаранне і пракляні іх вялікім праклёнам!»

69. О вы, якія паверылі! Не будзьце, як тыя, што пакрыўдзілі Мусу. Аллаг ачысціў яго ад таго, што яны казалі. Ён паважаны перад Аллагам.

70. О вы, якія паверылі! Бойцеся Аллага і кажыце праўдзівае слова.

71. Тады Аллаг палепшыць вашыя справы і даруе вашыя грахі. А хто падпарадкоўваецца Аллагу і Яго Пасланцу, той ужо дасягнуў вялікага поспеху.

72. Мы прапанавалі адказнасць нябёсам, зямлі і горам, але тыя адмовіліся яе несці і спалохаліся. І панёс яе чалавек – сапраўды, несправядлівы і невуцкі ён – 

73. каб Аллаг скараў крывадушнікаў і крывадушніц, паганаў і паганак, і прыняў каянне вернікаў і верніц. Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

 

 

Сура 34. Саба

(Сабейскае каралеўства)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Хвала Аллагу, якому належыць тое, што на нябёсах і тое, што на зямлі! Хвала Яму і ў жыцці наступным! Ён – Мудры, Ведаючы. 

2. Ён ведае, што ўваходзіць у зямлю і тое, што выходзіць з яе, што сходзіць з неба і што туды ўзносіцца. А Ён – Міласэрны, Прабачаючы. 

3. Тыя, што не вераць, кажуць: «Час не прыйдзе да нас». Скажы: «Не, клянуся маім Госпадам, Які ведае таемнае, – ён абавязкова прыйдзе да вас!» Ні на нябёсах, ні на зямлі не схаваецца ад Яго нічога, нават вагою ў парушынку, і менш альбо больш за гэта. Гэта ўсё – у выразным Пісанні, 

4. каб Аллаг узнагародзіў тых, якія паверылі і здзяйснялі дабро. На іх чакае прабачэнне і шчодры надзел. 

5. А на тых, якія імкнуліся пазбавіць моцы Нашыя азнакі, чакаюць пакуты ад мардоўнага пакарання. 

6. Тыя, каму дадзена разуменне, бачаць, што паслана табе ад Госпада твайго – праўда, якая вядзе да шляху Вялікага, Хвалімага. 

7. Тыя, што не вераць, кажуць: «Ці не паказаць вам на чалавека, які распавядае, што пасля таго, як вы цалкам сатлееце, вы адродзіцеся ў новым творы?

8. Ён робіць паклёп на Аллага ці апантаны?» О не! Тыя, што не вераць у наступнае жыццё, будуць пакараныя і знаходзяцца ў глыбокай аблудзе. 

9. Няўжо яны не бачаць таго, што наперадзе і з тылу іх – на небе і на зямлі? Калі Мы пажадаем, дык прымусім зямлю паглынуць іх альбо скінем на іх частку неба. Сапраўды, у гэтым – знак для кожнага раба, які каецца. 

10. Мы даравалі Давуду перавагу ад Сябе: «О горы! Слаўце Мяне разам з ім, і птушкі таксама слаўце!» Мы змякчылі для яго жалеза.

11І сказалі яму: «Рабі кальчугі і трымайся меры ў кольцах». О родзе Давдуа! Рабіце дабро, бо Я бачу тое, што вы робіце!

12Мы скарылі Сулейману вецер, які раніцай пераадольваў шлях працягласцю ў месяц, і ўвечары пераадольваў шлях працягласцю ў месяц. Мы адкрылі для яго крыніцу медзі. Былі сярод джынаў такія, якія працавалі пры ім з дазволу яго Госпада. А тым з іх, якія ўхіляліся ад Нашага загаду, Мы дамо паспытаць вогненнага пакарання.

13. Яны будавалі для яго ўсё, што ён жадаў: прыгожыя збудаванні, статуі, вялізныя келіхі нібы вадаёмы, а таксама нерухомыя катлы. О родзе Давуда! Працуй на знак падзякі! Але ж мала ўдзячных сярод Маіх рабоў.

14. Калі Мы ўсталявалі для яго час сканання, ім (джынам) паказала на гэта толькі земляная жывёла (шашаль), якая пад’ела яго кій. Калі ж ён упаў, дык зразумелі джыны, што калі б ім было вядома схаванае, яны б не зведалі зневажальнае пакаранне. 

15. У паселішчы сабейцаў была азнака – два сады, з правага і левага боку. Ежце шчодрую долю Госпада вашага і будзьце ўдзячныя Яму. Выдатная краіна, Прабачаючы Госпад!

16. Але яны адхінуліся. Таму Мы наслалі на іх струмень, які прарваў гаць Арыма, і падмянілі два іх сады іншымі – з горкім плёнам, тамарыксамі і некалькімі лотасамі.

17. Так Мы адплацілі ім за тое, што яны былі нявернікамі. Хіба ж Мы караем кагосьці, апроч няўдзячных?

18. Мы ўзвялі паміж імі і паселішчамі, якія Мы блаславілі, іншыя паселішчы, добра бачныя, і вымералі паміж імі шлях. Падарожнічайце ў бяспецы – і ноччу, і днём. 

19. Але яны сказалі: «Госпадзе наш! Зрабі шлях паміж нашымі прыпынкамі даўжэй». Яны ўчынілі несправядлівасць да сябе. Таму мы зрабілі іх прыпавесцю і разарвалі на шматкі. Сапраўды, у гэтым – азнакі для ўсіх трывалых і ўдзячных. 

20. Здагадка Ібліса пра іх была правільнай, таму яны пайшлі за ім, апроч гурту вернікаў.

21. Ён не меў над імі ўлады, хіба столькі, каб мы маглі адрозніць вернікаў у наступным жыцці ад тых, якія маюць сумневы наконт яго. Госпад твой – Ахоўнік кожнае рэчы.

22. Скажы: «Паклічце тых, каго вы прыдумалі заміж Аллага». Яны не маюць улады нават над парушынкаю, ні на нябёсах, ні на зямлі. Яны не маюць там ніякай долі, і няма ў Яго памагатых сярод іх.

23. Абарона перад Ім дапаможа толькі таму, каму Ён дазволіць. Калі сполах пакіне іх сэрцы, яны спытаюць: «Што сказаў ваш Госпад?» Ім скажуць: «Праўду, бо Ён – Найвышэйшы, Вялікі». 

24. Спытай: «Хто надзяляе вас з нябёсаў і зямлі?» І скажы: «Аллаг». І яшчэ: «Хтосьці з нас трымаецца правільнага шляху, а хтосьці блукае ў відавочнай аблудзе». 

25. Скажы: «Вас не спытаюць пра нашыя правіны, і нас не спытаюць пра тое, што робіце вы».

26. Скажы: «Наш Госпад згуртуе ўсіх нас разам, а потым слушна вырашыць. Ён – Суддзя, Дасведчаны».

27. Скажы: «Пакажыце мне тых, каго вы лічыце роўнымі Аллагу». О не! Ён – Аллаг, Велічны, Мудры. 

28. Мы паслалі цябе да ўсіх людзей як добрага весніка і засцерагальніка, але большасць людзей не ведае. 

29. Яны пытаюцца: «Калі ж прыйдзе абяцанае, калі вы праўдзівыя?» 

30. Скажы: «Вам абяцаны Дзень, які вы не здолееце ні падаліць, ні наблізіць – нават на гадзіну». 

31. Тыя, што не паверылі, кажуць: «Мы ніколі не паверым ні ў гэты Каран, ні ў тое, што было перад ім!» О, каб ты пабачыў прыгнятальнікаў, калі, апынуўшыся перад Госпадам сваім, яны будуць звяртацца адно да аднаго. Слабейшыя скажуць тым, якія панавалі: «Калі б не вы, дык мы б абавязкова паверылі!» 

32. А тыя, якія панавалі, скажуць слабым: «Няўжо гэта мы адгарнулі вас ад простага шляху, калі ён прыйшоў да вас?! О не, вы самі былі бунтаўнікамі!»

33Слабыя скажуць тым, якія панавалі: «Вы мудрагелілі ноччу і днём, калі загадвалі, каб мы не верылі ў Аллага і каб надавалі Яму раўню!» Яны схаваюць сваё каянне, калі ўбачаць пакаранне. І Мы накладзем кайданы на шыі нявернікаў. Хіба не адплацяць ім толькі за тое, што яны рабілі?

34. Да якога б паселішча Мы не пасылалі засцерагальніка, яго распешчаныя раскошаю жыхары казалі: «Сапраўды, мы не верым у тое, з чым вас паслалі!»

35. Яны кажуць: «У нас больш маёмасці і дзяцей! Нас не скараюць».

36. Скажы: «Сапраўды, мой Госпад павялічвае долю, каму пажадае, і памяншае, каму пажадае. Але большасць людзей не ведае».

37. Ні вашая маёмасць, ні вашыя дзеці не набліжаюць вас да Нас, а толькі вера і добрыя справы. За тое, што яны рабілі, будзе павялічана ўзнагароджанне іх. Яны будуць у бяспечных пакоях раю.

38. А тыя, якія імкнуцца пазбавіць моцы Нашыя азнакі, будуць пакараныя. 

39. Скажы: «Аллаг павялічвае і памяншае долю тым з рабоў сваіх, каму пажадае. Што б вы ні ахвяравалі, Аллаг паварочае гэта вам. А Ён – найлепшы з тых, хто надзяляе».

40. У той Дзень Ён згуртуе іх усіх, а потым скажа анёлам: «Ці гэта тыя, якія пакланяліся вам?»

41. Тыя адказалі: «Усячысты Ты! Ты – наш Абаронца, а не яны. Яны пакланяліся джынам. Большасць з іх верыла менавіта ў іх».

42. Сёння вы не здольныя ні прынесці адно аднаму карысці, ні зрабіць шкоды. Мы скажам тым, якія былі несправядлівымі: «Паспрабуйце пакаранне агнём, якое вы лічылі хлуснёю!» 

43. Калі ім чытаюць Нашыя выразныя азнакі, яны кажуць: «Гэты чалавек толькі імкнецца адцягнуць вас ад таго, чаму пакланяліся вашыя бацькі». І яшчэ кажуць: «Ды гэта толькі хлуслівая прыдумка!» І сказалі тыя, якія не паверылі ў праўду, калі яна прыйшла да іх: «Сапраўды, гэта толькі відавочнае чараўніцтва!» 

44. Мы не далі ім Пісанне, якое б яны вывучалі, і не пасылалі да іх засцерагальніка ранейшага за цябе. 

45. Тыя, якія жылі раней за іх, лічылі пасланцоў хлусамі. А гэтыя не маюць і дзесятай часткі таго, што Мы даравалі тым, але і яны лічаць хлусамі Маіх пасланцоў. Якая ж была адплата!

46. Скажы: «Я заклікаю вас толькі да аднаго: устаньце перад Аллагам удваіх і паасобку і памяркуйце. Ваш сябар не вар’ят; ён толькі засцерагае вас перад надыходам цяжкага пакарання».

47. Скажы: «Узнагароджанне, якое я прашу ў вас, прызначана для вас саміх. Мяне ўзнагародзіць толькі Аллаг, а Ён – кожнай рэчы Сведка».

48. Скажы: «Мой Госпад пасылае праўду і ведае таемнае».

49. Скажы: «Прыйшла праўда, і хлусня ўжо нічога не народзіць і не вернецца». 

50. Скажы: «Калі я знаходжуся ў аблудзе, дык толькі супраць самога сябе, а калі стаў на просты шлях, дык дзякуючы таму, што адкрыў мне Госпад мой. Сапраўды, Ён – Чуючы і Блізкі».

51. Калі б ты бачыў, як яны будуць баяцца. Не пазбегнуць яны, іх схопяць паблізу.

52. Яны скажуць: «Мы паверылі ў гэта». Але як яны спасцігнуць веру з далёкага месца?

53. Бо раней яны не верылі і рабілі здагадкі з далёкага месца.

54. Паміж імі і тым, чаго яны пажадаюць, будзе ўсталяваная перашкода, як ужо зрабілі з падобнымі да іх. Сапраўды, яны мелі глыбокія сумневы.

 

 

Сура 35. Фатыр

(Творца)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Хвала Аллагу, Творцу нябёсаў і зямлі, Які зрабіў анёлаў пасланцамі, якія маюць адно, два, тры і чатыры крылы! Ён дадае ў тварэнні, што пажадае. Сапраўды, Аллаг здольны на кожную рэч. 

2. Ніхто не стрымае літасці, якую Аллаг адкрывае людзям. А тое, што ўтрымае Ён Сам, ужо не пашле ніхто. А Ён – Велічны, Мудры. 

3. О людзі! Узгадайце дабрыню Аллага да вас! Ці ёсць іншы стваральнік заміж Аллага, які надзяліў бы вас з неба і зямлі? Няма бога, апроч Яго. Як жа яны падаліліся!

4. Калі яны прызнаюць цябе хлусам, дык і раней пасланцоў лічылі хлусамі. Але ўсе справы вяртаюцца да Аллага. 

5. О людзі! Сапраўды, абяцанка Аллага праўдзівая. Няхай не вабіць вас зямное жыццё, і няхай спакуснік не вабіць вас супраць Аллага!

6. Сапраўды, шатан – ваш вораг, таму стаўцеся да яго як да ворага. Ён заклікае сваіх прыхільнікаў да таго, каб яны сталі жыхарамі пекла. 

7. На тых, якія не паверылі, чакае жорсткае пакаранне. А на тых, якія паверылі і здзяйснялі дабро, чакае прабачэнне і вялікае ўзнагароджанне. 

8. Няўжо той, каму ўпрыгожаны яго ўчынкі так, што ён лічыць іх дабром, роўны таму, каму Аллаг паказаў просты шлях? Сапраўды, Аллаг збівае са шляху, каго пажадае, і вядзе простым шляхам, каго пажадае. Не маркоцься праз іх. Сапраўды, Аллаг ведае тое, што яны робяць.

9. Аллаг – Той, Хто пасылае вятры. Калі яны прыносяць аблокі, мы прыводзім іх да нежывое зямлі і адраджаем яе пасля смерці. Такім будзе і ажыванне. 

10. Калі хто-небудзь жадае магутнасці, дык уся магутнасць належыць Аллагу. Да Яго ўзыходзіць добрае слова і слушная справа ўзнімае яго да Аллага. А на тых, якія задумваюць ліха, чакае жорсткае пакаранне. Згінуць іх мудрагельствы!

11. Аллаг стварыў вас з праху, потым – з кроплі семя, а потым зрабіў вас парамі. Жонка не прымее панесці альбо нарадзіць, апроч як з Яго ведама. Доўга жыве жывы альбо скарачаецца яго жыццё толькі згодна Пісанню (Нябеснай Скрыжалі). Сапраўды, гэта для Аллага – лёгка.

12. Два вадазборы не роўныя паміж сабою. Адзін з іх – прыемны на смак, прэсны, прыдатны для пітва, а іншы – салёны, горкі. З кожнага з іх вы атрымліваеце свежае мяса і здабываеце ўпрыгажэнні, якія апранаеце. Ты бачыш караблі, якія плывуць там, каб вы маглі шукаць Яго літасці. Магчыма, вы будзеце ўдзячныя. 

13. Ён скарачае дзень ноччу, а ноч скарачае днём. Ён скарыў сонца і месяц; яны плывуць да вызначанага тэрміну. Такі Аллаг, ваш Госпад, Яму належыць улада, а тыя, каго вы клічаце заміж Яго, не ўладныя нават над плеўкаю з костачкі фініка. 

14. Калі вы клічаце іх, яны не чуюць вашага закліку, а калі б і чулі, дык не адказалі б вам. У Дзень Ажывання яны адмовяцца ад вашага пакланення. Ніхто не паведаміць табе так, як паведаміць Ведаючы. 

15. О людзі! Вы маеце патрэбу ў Аллаге, а Ён – Багаты, Пахвальны. 

16. Калі Ён пажадае, дык знішчыць вас і прывядзе новы твор, 

17. што для Аллага зусім не цяжка. 

18. Ніхто не панясе цяжар іншага. Калі абцяжараны і пакліча кагосці, той не возьме нічога ад яго, нават калі гэта будзе яго сваяк. Ты засцерагай толькі тых, хто таемна баіцца Госпада свайго і выконвае малітву. Хто ачысціўся, дык ачысціўся толькі сам для сябе. І да Аллага вяртанне. 

19. не роўныя паміж сабою невідушчы і відушчы, 

20. цемра і святло, 

21. цень і спякота; 

22. не роўныя жывыя і нежывыя. Сапраўды, Аллаг даруе слых, каму пажадае. Ты не даш слых тым, якія ў магілах.

23. Ты толькі засцерагальнік.

24. Мы паслалі цябе з праўдаю як добрага вястуна і засцерагальніка. Няма народа, да якога не прыходзіў бы засцерагальнік. 

25. Калі яны прызнаюць цябе як ашуканца, дык і раней пасланцоў лічылі хлусамі. Іх пасланцы прыходзілі да іх з выразнымі азнакамі, пісаннямі і выразнаю кнігаю.

26. А потым Я схапіў тых, якія былі нявернікамі. Якая ж была адплата!

27. Няўжо ты не бачыш, што Аллаг пралівае з неба ваду, якой Мы прарошчваем плён рознага колеру? Маюць розны колер і горныя сцежкі: белы, чырвоны, а таксама чорны, накшталт як у крумкача.

28. Людзі, жывёлы і худоба таксама бываюць рознага колеру. Сапраўды, баяцца Аллага сярод Яго рабоў толькі надзеленыя веданнем. Сапраўды, Аллаг – Велічны, Прабачаючы.

29. Сапраўды, тыя, якія чытаюць Пісанні Аллага, выконваюць малітву, таемна і адкрыта ахвяруюць з таго, чым Мы іх надзялілі, маюць надзею на прыбытак, які не будзе страчаны,

30. каб Аллаг узнагародзіў іх у поўнай меры і яшчэ і дадаў з шчодрасці Сваёй. Сапраўды, Ён – Прабачаючы, Прыймаючы падзяку.

31. Пісанне, якое Мы адкрылі табе, – праўда, якая пацвярджае тое, што было раней. Сапраўды, Аллаг паведамляе пра Сваіх рабоў і бачыць іх. 

32. Потым Мы даравалі ў спадчыну Пісанне тым з Нашых рабоў, каго Мы абралі. Сярод іх ёсць несправядлівыя да сябе, ёсць памяркоўныя, а ёсць і тыя, якія папярэджваюць іншых у добрых справах з дазволу Аллага. Такая вялікая шчодрасць!

33. Яны ўвойдуць у сады Эдэна, дзе будуць упрыгожаныя бранзалетамі з золата і пэрлаў, іх адзеннем там будзе ядваб. 

34. Яны скажуць: «Хвала Аллагу, Які забраў ад нас смутак! Сапраўды, наш Госпад – Прабачаючы, Прыймаючы падзяку,

35. Які з шчодрасці Сваёй пасяліў нас у векаістых сялібах у раі! Тут не закране нас ні стомленасць, ні знясіленне!»

36. А на тых, якія не верылі, чакае пякельны агонь. З імі не ўчыняць так, каб яны сканалі, і не будзе палегчана ім пакаранне. Так Мы ўзнагародзім кожнага няверніка. 

37. Там яны залямантуюць: «Госпадзе наш! Выведзі нас адсюль, мы будзем рабіць дабро, а не тое, што мы рабілі раней!» Няўжо Мы не далі вам дастаткова доўгае жыццё, каб апомніўся той, хто здольны апомніцца? Да вас прыходзіў засцерагальнік. Таму паспытайце кару! Не будзе ў прыгнятальнікаў збаўцы

38. Сапраўды, Аллаг ведае таемнае нябёсаў і зямлі. Сапраўды, Ён ведае пра тое, што ў сэрцах. 

39. Ён – Той, Хто паставіў вас намеснікамі на зямлі. Хто не верыць, той не верыць сабе на шкоду. Нявера не дадае нявернікам перад Госпадам іх нічога, апроч лютасці. Нявера не дадае нявернікам нічога, апроч стратаў. 

40. Спытай: «Ці бачылі вы тых вашых раўню, да якіх вы звяртаецеся заміж Аллага? Пакажыце мне, якую частку зямлі яны стварылі! Няўжо яны маюць долю на небе?» Няўжо Мы даравалі ім Пісанне, выразных знакаў якога яны і трымаюцца? О не! Тое, што прыгнятальнікі абяцаюць адно аднаму – гэта толькі спакуса. 

41. Сапраўды, Аллаг трымае нябёсы і зямлю, каб яны не скрануліся. А калі яны скрануцца, дык ніхто, апроч Яго, іх не ўтрымае. Сапраўды, Ён – Вытрыманы, Прабачаючы.

42. Яны кляліся Аллагам – наймацнейшымі клятвамі! – што, калі прыйдзе да іх засцерагальнік, яны пойдуць найбольш простым, ніж іншыя суполкі, шляхам. А калі да іх прыйшоў засцерагальнік, дык гэта толькі дадало ім агіды.

43. Яны ганарыліся на зямлі і задумлялі ліха. Але ліхія подступы пашкоджваюць толькі тых, хто іх задумаў. Няўжо яны чакаюць чагосьці іншага, апроч здзяйснення закона, які спаткала першае пакаленне? Ты не знойдзеш змены ў законе Аллага і не знойдзеш магчымасці ўхіліцца ад закона Аллага. 

44. Няўжо яны не падарожнічалі зямлёю? Няхай паглядзяць, якім быў канец тых, хто жылі раней за іх. Яны былі магутней за іх, але нішто не ўцячэ ад Аллага – ні на нябёсах, ні на зямлі. Сапраўды, Ён – Усеведаючы і Усемагутны. 

45. Калі б Аллаг стаў караць людзей за ўсё, што яны робяць, дык на паверхні зямлі не заставалася б ніводнае жывой істоты. Ён дае ім адтэрміноўку – да пэўнага часу. А калі іх час надыходзіць, то, сапраўды, Аллаг бачыць Сваіх рабоў.

 

 

Сура 36. Йа Сін

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Йа. Сін. 

2. Клянуся Каранам, поўным мудрасці!

3. Сапраўды, ты – адзін з пасланцоў, 

4. які трымаецца простага шляху. 

5. Ён пасланы Велічным, Міласэрным, 

6. каб ты засцерагаў людзей, бацькоў якіх не засцерагалі, і яны сталі нядбайнымі. 

7. Ужо спраўдзілася слова над большасцю з іх; не паверылі яны. 

8. Сапраўды, на іх шыі Мы наклалі кайданы да падбароддзя; іх галовы задраныя. 

9. Мы ўсталявалі перашкоду наперадзе іх і ўсталявалі перашкоду з тылу; Мы накрылі іх, і яны не бачаць. 

10. Усё адно для іх, засцерагаў ты іх ці не засцерагаў, – яны не павераць.

11. Ты прымееш засцерагчы толькі таго, хто ідзе следам за напамінам і таемна баіцца Літасцівага. Усцеш яго добраю весткаю пра прабачэнне і шчодрую ўзнагароду. 

12. Сапраўды, Мы адраджаем памерлых і запісваем іх учынкі і тое, што яны пакінулі пасля сябе. Кожную рэч Мы палічылі ў Выразнай Кнізе.

13. Распавядзі ім прыпавесць пра жыхароў паселішча, да якога прыйшлі пасланцы.

14. Мы паслалі туды двох, але іх прызналі хлусамі, і Мы ўмацавалі іх трэцім. Яны сказалі: «Сапраўды, мы – пасланцы да вас». 

15. Тыя адказалі: «Вы таксама людзі, як і мы. Літасцівы нічога не пасылаў, а вы – толькі хлусы!»

16. Яны сказалі: «Госпад наш ведае, што мы – пасланцы да вас. 

17Мы павінны толькі перадаць яснае Адкрыццё».

18. Тыя сказалі: «Мы бачым у вас дрэнны знак. Калі вы не спыніцеся, дык мы абавязкова заб’ём камянямі, і вас закране пакутлівае пакаранне ад нас!»

19. Яны сказалі: «Знак вашых няшчасцяў абернецца супраць вас саміх. Вас толькі засцерагаюць. О не, вы – злачынны народ!»

20. З ваколіцаў горада прыбег, спехам, чалавек і сказаў: «О людзі! Ідзіце за пасланцамі!

21. Ідзіце па тых, хто не просіць у вас узнагароджання і знаходзіцца на простым шляху.

22. Чаму б мне не пакланяцца Таму, Хто стварыў мяне і да каго вы паварочаецеся?

23. Няўжо я брацьму сабе заміж Яго іншых багоў? Калі Літасцівы пажадае прычыніць мне шкоду, дык іх абарона ніяк не дапаможа мне, і яны не выратуюць мяне. 

24. Інакш я траплю ў відавочную хлусню. 

25. Сапраўды, я паверыў у вашага Госпада. Таму паслухайце мяне!»

26. Яму сказалі: «Увойдзе да раю!» Ён сказаў: «О, калі б мой народ толькі ведаў, 

27. за што мой Госпад прабачыў мяне і зрабіў мяне адным з шаноўных!»

28. Пасля яго Мы не паслалі супраць яго народа ніякага войска і не збіраліся пасылаць. 

29. Быў толькі адзін крык – і вось, усе яны патухлі. 

30. Ліха ж рабам! Які б пасланец да іх не прыходзіў, яны кпілі з яго.

31. Няўжо яны не ведаюць, колькі пакаленняў раней за іх Мы знішчылі і што яны не вернуцца?

32. Сапраўды, усе яны ўстануць перад Намі. 

33Азнака для іх – нежывая зямля, якую Мы адраджаем і выводзім адтуль збожжа, якім яны жывяцца. 

34. Мы стварылі там сады з пальмаў і вінаграду; за Нашаю воляю там з’явіліся крыніцы, 

35. каб яны мелі ежу з іх плёну і тое, што падрыхтавалі сваімі рукамі. Няўжо яны не будуць удзячнымі?

36. Прачысты Аллаг, Які стварыў парамі ўсё, што гадуе зямля, іх саміх і тое, пра што яны не ведаюць!

37Азнака для іх – ноч, ад якою мы аддаляем дзень, і яны апынаюцца ў цемры. 

38. Сонца плыве да свайго сталага месца. Так вызначыў Велічны, Усеведаючы. 

39. Мы вызначылі для месяца станы, пакуль ён не зробіцца падабенствам старое пальмавае галіны

40. Сонца не даганяе месяц, а ноч не апярэджвае дзень. Усе яны плывуць небасхілам. 

41Азнака для іх – тое, што Мы панеслі іх нашчадкаў у перапоўненым каўчэгу.

42. Мы стварылі для іх яго падабенства, куды яны і садзяцца. 

43. Калі Мы пажадаем, дык утопім іх і не будзе ў іх выратавальніка. Яны выратуюцца 

44. толькі дзякуючы Нашай літасці і магчымасці карыстацца дабротамі да пэўнага часу. 

45. Калі ім кажуць: «Бойцеся таго, што перад вамі, і таго, што з тылу вас, магчыма, над вамі злітуюцца», – яны не адказваюць

46. Якая б з азнакаў Госпада твайго да іх не прыходзіла, яны ад яе адхінаюцца.

47. Калі ім кажуць: «Ахвяруйце з таго, чым надзеліў вас Аллаг», дык тыя, якія не паверылі, кажуць тым, якія паверылі: «Няўжо мы будзем жывіць таго, каго Аллаг пажывіў бы Сам, калі бы пажадаў! Сапраўды, вы знаходзіцеся ў відавочнай хлусне!»

48. Яны кажуць: «Калі ж прыйдзе абяцанка, калі вы праўдзівыя?»

49. Яны прымеюць чакаць толькі ляманту, які паразіць іх, калі яны будуць спрачацца. 

50. Яны не здолеюць ні пакінуць запавету, ні паварочацца да сваіх сем’яў. 

51. Толькі затрубяць у Рог, і яны будуць спяшацца з магіл да свайго Госпада.

52. Яны скажуць: «Гора нам! Хто падняў нас з месца, дзе мы спалі? Гэта ж тое, што абяцаў Міласэрны! Пасланцы казалі праўду!»

53. Будзе толькі адзіны лямант, і ўсе яны ўстануць перад Намі. 

54. У гэты Дзень ніводная душа не будзе пакрыўджаная, а вам адплацяць толькі за тое, што вы рабілі. 

55. Сапраўды, сёння жыхары раю акунуцца ў пацехі. 

56. Яны будуць ляжаць у цені са сваімі жонкамі на ўпрыгожаных ложках. 

57. Там яны мацьмуць садавіну і ўсё, што папросяць. 

58. «Мір!» – такім будзе слова Міласэрнага Госпада.

59. «Адлучыцеся сёння, грэшнікі. 

60. Хіба Я не казаў вам, о сыны Адама, каб вы не пакланяліся шатану, бо ён для вас відавочны вораг, 

61. а пакланяцца Мне гэта – просты шлях. 

62. Ён ужо збіў са шляху шмат каго з вас. Няўжо вы не разумееце?

63. Вось пекла, якое і было абяцана вам. 

64. Увайдзіце сёння туды – за тое, што вы былі нявернікамі!»

65. У той Дзень мы запячатаем іх вусны. З Намі размаўляцьмуць іх рукі, а іх ногі будуць сведчыць пра тое, што яны рабілі. 

66. Калі Мы пажадаем, дык забяром іх вочы, і яны накіруюцца да шляху. Але як яны здолеюць бачыць?

67. Калі Мы пажадаем, дык зменім іх на месцы. Яны не здолеюць ні рушыць наперад, ні вярнуцца назад.

68. Каму Мы даём даўгалецце, таму ўкладаем у сутнасць супрацьлегласць. Няўжо вы не разумееце?

69. Мы не вучылі яго паэзіі, і не да твару яму гэта рабіць. Гэта толькі напамін і выразны Каран, 

70. каб ён засцерагаў тых, хто жывы, і каб збылося слова адносна нявернікаў.

71. Няўжо яны не бачаць, што са створанага Нашаю моцаю Мы зрабілі для іх жывёлу, якой яны валодаюць?

72. Мы падпарадкавалі ім жывёлаў: на некаторых яны падарожнічаюць, а з іншых маюць ежу. 

73. Яны прыносяць ім карысць і даюць ежу. Няўжо яны не будуць удзячныя?

74. Заміж Аллага яны пакланяюцца іншым багам, спадзяваючыся на дапамогу ад іх. 

75. Тыя няздольныя на дапамогу, але складаюць гатовае да бою войска.

76. Ды не збянтэжаць цябе іх словы. Сапраўды, Мы ведаем тое, што яны хаваюць і што адкрываюць. 

77. Няўжо чалавек не бачыць, што Мы стварылі яго з кроплі семя? Аднак ён адкрыта спрачаецца. 

78. Ён прыводзіць Нам прыпавесці, а сам забываецца на сваё стварэнне. Ён кажа: «Хто адродзіць косткі, якія спарахнелі?» 

79. Скажы: «Адродзіць Той, Хто стварыў іх у першы раз. А Ён ведае пра кожнае тварэнне. 

80. Той, Хто даў вам агонь з зялёнага дрэва, ад якога вы распальваеце вогнішча».

81. Няўжо Той, Хто стварыў нябёсы і зямлю, не здолее стварыць падобнага да іх? О не! Ён – Творца, Усеведаючы. 

82. Калі Ён жадае чагосьці, дык толькі кажа: «Будзь!» – і яно ёсць.

83. Прачысты Той, у каго знаходзіцца ўлада над кожнаю рэччу! Да Яго вы паварочаецеся.

 

 

Сура 37. Ас-Саффат

(Пашыхтаваныя)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Клянуся пашыхтаванымі ў шэрагі, 

2. якія настойліва падганяюць 

3. і чытаюць напамін!

4. Сапраўды, ваш Бог – Адзіны. 

5. Госпад нябёсаў, зямлі і таго, што паміж імі, Госпад усходаў.

6. Сапраўды, мы ўпрыгожылі ніжняе неба прыгажосцю зорак

7. і абараняем яго ад усялякага збунтаванага шатана. 

8. Яны не прымеюць падслухаць вышэйшы сход; іх закідваюць з усіх бакоў, 

9. каб адагнаць адтуль. На іх чакае векаістае пакаранне. 

10. Калі хто-небудзь з іх нешта і адразу выхапіць, дык за ім пагоніцца палымяны ліхтар. 

11. Спытай у іх, ці гэта яны створаныя мацнейшымі, ці нешта іншае, створана Намі? Сапраўды, Мы стварылі іх з ліпучае гліны. 

12. Але, ты здзіўляешся, а яны кпяць. 

13. Калі ім нагадваюць, яны не задумваюцца. 

14. Калі яны бачаць азнаку, дык кпяць. 

15. І кажуць: «Сапраўды, гэта – відавочнае чараўніцтва. 

16. Няўжо, стаўшы пасля сканання прахам і косткамі, мы адродзімся?

17. Ці нашыя прабацькі?»

18. Скажы: «Так, і вы будзеце зняважаныя».

19. Толькі адзін лямант – і яны будуць глядзець. 

20. І скажуць: «Гора нам! Гэта – Судны Дзень!»

21. Гэта – Дзень Суда, вы лічылі хлуснёю.

22. Згуртуйце тых, якія былі прыгнятальнікамі, падобных да іх і тых, каму яны пакланяліся

23. заміж Аллага, і пакажыце ім дарогу да пекла. 

24. Спыніце іх! Яны павінны адказаць. 

25. Што з вамі? Чаму не дапамагаеце адно аднаму?

26. О не! У той Дзень яны будуць пакорлівымі

27. і будуць звяртацца адно да аднаго з пытаннямі. 

28. І скажуць: «Вы прыходзілі да нас з правага боку!» 

29. А тыя скажуць: «О не! Вы самі не былі вернікамі. 

30. Мы не мелі над вамі ўлады. Вы – людзі, якія парушаюць. 

31. Спраўдзілася над намі слова Госпада нашага! Сапраўды, мы абавязкова спазнаем пакаранне!

32. Мы збілі вас са шляху, бо, сапраўды, заблукалі самі!»

33. Сапраўды, у той Дзень яны будуць пакараныя разам. 

34. Сапраўды, так Мы дзейнічаем з беззаконнікамі. 

35. А калі ім казалі: «Няма бога, апроч Аллага», яны пышыліся 

36. і казалі: «Няўжо мы пакінем нашых багоў дзеля апантанага паэта?»

37. О не! Ён прыйшоў з праўдаю і сцвердзіў праўдзівасць пасланцоў. 

38. Сапраўды, вы спазнаеце пакутлівае пакаранне. 

39. Вам адплацяць толькі за тое, што вы рабілі. 

40. Гэта не тычыцца абраных рабоў Аллага. 

41. На іх чакае вядомая доля – 

42. садавіна. Яны будуць ушанаваныя 

43. у садах асалоды, 

44. лежачы на ​​ложках – адзін насупраць аднаго. 

45. Іх абыходзіцьмуць з келіхам крынічнага напою, 

46. чыстага, які даруе задавальненне тым, хто яго п’е.

47. Ён не пазбаўляе развагі і не ап’яняе. 

48. Побач з імі будуць тыя, чый погляд сціплы, чые вочы выдатныя. 

49. Яны падобныя да яйка, што надзейна ахоўваецца. 

50. А тыя звяртацьмуць адно да аднаго з пытаннямі. 

51. Адзін з іх скажа: «Быў у мяне сябра, 

52. які казаў: «Няўжо ты належыш да тых, хто верыць, 

53. што, нам адплацяць пасля таго, як мы сканаем і станем прахам і косткамі?»

54. І скажа: «Ці не паглядзіце вы?»

55. Ён паглядзіць і ўбачыць яго ў сярэдзіне пекла. 

56. І скажа: «Клянуся Аллагам! Ты ледзь не знішчыў мяне. 

57. Калі б не літасць Госпада майго, я абавязкова быў бы сярод тых, хто трапіў у пекла

58. Няўжо мы больш не сканаем, 

59. пасля нашага першага сканання? Няўжо будзем пакараныя?»

60. Сапраўды, гэта – вялікі поспех. 

61. Няхай працуюць дзеля гэтага тыя, хто працуе.

62. Гэты пачастунак лепш ці дрэва заккум?

63. Мы зрабілі яго караю для несправядлівых

64. Сапраўды, гэта – дрэва, якое расце з самага дна пекла, 

65. а яго плён – нібы галовы шатанаў. 

66. Яны будуць есці іх і будуць напаўняць імі свае чэравы. 

67. Потым гэта ўсё будзе змяшана з кіпенем, 

68. і іх усіх паварочаюць да пекла. 

69. Сапраўды, яны сустрэлі сваіх бацькоў, калі тыя блукалі ў аблудзе, 

70. але самі спяшаліся рушыць іх слядамі. 

71. Яшчэ раней за іх заблукала большасць старажытных народаў. 

72. Мы пасылалі да іх угаворшчыкаў.

73. Паглядзі, якім быў канец тых, каго засцерагалі, 

74. апроч Нашых абраных рабоў. 

75. Нух заклікаў да Нас, а Мы выдатна адказваем. 

76. Мы выратавалі яго з сям’ёю ад вялікага няшчасця.

77. І захавалі толькі яго нашчадкаў. 

78. А наступным пакаленням Мы пакінулі добрую згадку пра Яго. 

79. Мір Нуху сярод сусветаў!

80. Так Мы ўзнагароджваем праведнікаў. 

81. Сапраўды, ён – адзін з Нашых вернікаў-рабоў. 

82. А потым Мы ўтапілі ўсіх астатніх. 

83. Сапраўды, Ібрагім быў адным з яго прыхільнікаў, 

84. калі прыйшоў да Госпада свайго з чыстым сэрцам. 

85. Вось ён сказаў свайму бацьку і свайму народу: «Каму вы пакланяецеся?

86. Няўжо, вымысляючы хлусню, вы жадаеце іншых багоў заміж Аллага?

87. Што вы думаеце пра Госпада сусветаў?»

88. Ён паглядзеў на зоркі 

89. і сказаў: «Я захварэў». 

90. Таму яны адхінуліся ад яго і пайшлі. 

91. А ён употай дабраўся да іх багоў і сказаў: «Чаму вы не ясце?

92. Што з вамі? Чаму вы не кажаце?» 

93. Ён падышоў да іх і пачаў біць правіцай.

94. Да яго хутка прыбеглі, 

95. але ён сказаў: «Няўжо вы пакланяецеся таму, што самі майструеце?»

96. Аллаг стварыў і вас, і тое, што вы майструеце.

97. Тыя адказалі: «Збудуйце яму будыніну (вогнішча) і кіньце яго ў агонь!»

98. Яны спрабавалі мудрагеліць супраць яго, але Мы зрабілі іх зняважанымі. 

99. Ён сказаў: «Я іду да Госпада сусветаў, Які пакажа мне просты шлях. 

100. Госпадзе! Дай мне праведных нашчадкаў!»

101. Мы ўсцешылі яго добрай весткаю пра стрымалага хлопчыка. 

102. Калі ён дасягнуў узросту, каб разам з ім прыкладаць намаганні, дык сказаў: «Сынку! Я бачыў у сне, што прыношу цябе ў ахвяру. Што ты думаеш пра гэта?» Сын адказаў: «Бацька мой! Рабі тое, што табе загадана! Калі пажадае Аллаг, ты ўбачыш, што я буду адным з трывучых».

103. Калі яны абодва скарыліся, і ён паклаў яго на бок, 

104. Мы звярнуліся да яго: «О Ібрагіме!

105. Ты сцвердзіў сон». Сапраўды, так Мы ўзнагароджваем праведных. 

106. Сапраўды, гэта – сапраўднае выпрабаванне. 

107. Мы выкупілі яго вялікаю ахвяраю. 

108. А наступным пакаленням Мы пакінулі добрую згадку пра яго. 

109. Мір Ібрагіму!

110. Так Мы ўзнагароджваем праведных. 

111. Сапраўды, ён – адзін з Нашых вернікаў-рабоў. 

112. Мы даравалі яму добрую вестку пра Ісхака – прарока з праведных.

113. Мы блаславілі яго ды Ісхака. Ёсць сярод іх нашчадкаў праведныя, а ёсць і тыя, якія сапраўды несправядлівыя да сябе. 

114. Мы даравалі Сваю ласку Мусе ды Гаруну.

115. Мы выратавалі іх абодвух і іх народ ад вялікага смутку. 

116. Мы дапамаглі ім, і яны сталі пераможцамі. 

117. Мы даравалі ім выразнае Пісанне 

118. і павялі іх простым шляхам. 

119. А наступным пакаленням Мы пакінулі добрую згадку пра іх.

120. Мір Мусе і Гаруну!

121. Так Мы ўзнагароджваем праведных. 

122. Сапраўды, яны – адны з Нашых рабоў-вернікаў.

123. Сапраўды, Ільяс быў адным з пасланцоў. 

124. Вось ён сказаў свайму народу: «Няўжо вы не баіцеся?

125. Клічаце Ваала і адмаўляецеся ад найвыдатнейшага з стваральнікаў –

126. Аллага, вашага Госпада і Госпада вашых дзядоў».

127. Але яны лічылі яго хлусам. Іх згуртуюць у пекле, 

128. апроч абраных рабоў Аллага. 

129. А наступным пакаленням Мы пакінулі добрую згадку пра яго. 

130. Мір Ільясіну!

131. Так Мы ўзнагароджваем праведных. 

132. Сапраўды, ён – адзін з Нашых вернікаў рабоў. 

133. Сапраўды, Лут быў адным з пасланцоў. 

134. Мы выратавалі яго разам з сям’ёй – усіх, 

135. апроч старой жонкі, якая была адной з тых, хто застаўся. 

136. А потым Мы знішчылі ўсіх астатніх.

137. Вы мінулі іх раніцаю 

138. і ноччу. Няўжо вы не разумееце?

139. Сапраўды, Юнус быў адным з пасланцоў. 

140. Вось ён уцёк на перапоўнены карабель. 

141. Ён кінуў жэрабя і апынуўся сярод тых, хто прайграў. 

142. Яго праглынула рыба. Ён быў варты папроку. 

143. Калі б ён ні быў адным з тых, хто ўслаўляе Аллага, 

144. дык быў бы ў чэраве рыбы да таго Дня, калі ўсе адродзяцца. 

145. Мы выкінулі яго на бераг і ён быў кволы. 

146. Мы ўзгадавалі над ім шыракалістую расліну з роду гарбузовых, каб яно давала цень

147. Мы паслалі яго да ста тысячаў людзей ці нават больш. 

148. Яны паверылі, і Мы даравалі ім магчымасць атрымліваць асалоду ад дабротаў да пэўнага часу. 

149. Спытай у іх, чаму гэта ў твайго Госпада – дочкі, а ў іх саміх – сыны?

150. Няўжо Мы стварылі анёлаў жанчынамі, а яны былі сведкамі гэтага?

151. Сапраўды, праз сваю хлуслівасць яны кажуць: 

152. «Аллаг спарадзіў». Яны хлусяць. 

153. Няўжо Ён аддаў перавагу дочкам над сынамі?

154. Што з вамі? Як вы судзіце?!

155. Няўжо вы не задумаецеся?

156. Няўжо вы маеце выразны доказ?

157. Прынясіце вашае Пісанне, калі вы кажаце праўду.

158. Яны лічаць, што паміж Ім і джынамі ёсць сваяцтва. Але джыны ведаюць, што яны будуць згуртаваныя ў пекле.

159. Усячысты Аллаг ад таго, што Яму дадаюць у пакланенні!

160. Гэтага не робяць толькі абраныя рабы Аллага.

161. Вы, і тое, чаму вы пакланяецеся, 

162. не здолееце адхінуць ад Яго нікога, 

163. апроч тых, хто будзе ўкінуты ў пекла. 

164Анёлы кажуць: «Няма сярод нас такога, хто не меў бы пэўнага месца.

165. Сапраўды, мы шыхтуемся ў шэрагі. 

166. Сапраўды, мы ўслаўляем Аллага».

167Пагане кажуць: 

168. «Калі б у нас быў напамін ад старажытных пакаленняў, 

169. мы абавязкова былі б абранымі рабамі Аллага».

170. Але яны не паверылі ў яго. Борзда яны пазнаюць!

171. Нашае слова ўжо было сказана Нашым рабам, якіх Мы пасылалі.

172. Сапраўды, яны атрымаюць дапамогу. 

173. Сапраўды, Нашае войска пераможа. 

174. Адхініся ад іх да пэўнага часу. 

175. Паглядзі на іх, борзда яны ўбачаць.

176. Няўжо яны намагаюцца паскорыць Нашае пакаранне?

177. Калі яно сыдзе на іх жытло, тая раніца будзе ліхам для тых, каго засцерагалі. 

178. Адхініся ад іх да пэўнага часу. 

179. Паглядзі, борзда яны ўбачаць.

180. Аллаг, Госпад велічы, Усячысты ад таго, што Яму прыпісваюць. 

181. Мір пасланцам!

182. Хвала Аллагу, Госпаду сусветаў!

 

 

Сура 38. Сад

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Сад. Клянуся Каранам, у якім напамін!

2. Але ж тыя, якія не вераць, ганарацца і працівяцца. 

3. Колькі пакаленняў Мы знішчылі раней за іх. І заклікалі яны, але ўжо было позна, каб уцячы. 

4. Яны дзівяцца, што прыйшоў да іх угаворшчык з іх саміх. І кажуць нявернікі: «Гэта –хлуслівы чараўнік.

5. Няўжо ён ператварыў багоў на Адзінага Бога? Сапраўды, гэта – цудоўная рэч».

6. Іх магнацтва сышло са словамі: «Ідзіце і трымайцеся вашых багоў. Сапраўды, гэта нейкая змова супраць нас.

7. Мы не чулі такога нават у найноўшай веры. Сапраўды, гэта толькі прыдумка.

8. Няўжо толькі яму сярод нас пасланы напамін?» О не! Яны сумняюцца ў Маім напаміне. О не! Яны яшчэ не спазналі Майго пакарання. 

9. Няўжо яны маюць скарбніцу літасці Госпада твайго, Велічнага, Шчодрага?

10. Няўжо яны маюць уладу над нябёсамі, зямлёю і тым, што паміж імі? Тады няхай узнімуцца туды шляхамі. 

11. Гэта войска, як і папярэднія аддзелы супольнікаў, будзе разбіта.

12. Яшчэ раней за іх пасланцоў лічылі хлусамі народ Нуха, адыты і Фараон, уладар калоў,

13. а таксама самудыты, народ Лута і жыхары Айкі – усе яны саўдзельнікі.

14. Усе яны лічылі пасланцоў хлусамі. Заслужаным было пакаранне.

15. Яны прымеюць чакаць толькі на адзін лямант, які не паўторыцца.

16. Яны кажуць: «Госпадзе наш! Наблізь нашую долю – раней за Дзень Адплаты!»

17. Трывай тое, што яны кажуць і згадай Нашага моцнага раба Давуда. Сапраўды, ён звяртаўся да Нас.

18. Мы падпарадкавалі горы, таму яны разам з ім славілі Нас увечары і раніцай.

19. А таксама птушак, згуртаваных разам. Усе яны звярталіся да Яго. 

20. Мы ўзмацнілі яго ўладу, далі яму мудрасць і вырашальнае слова.

21. Ці дайшла да цябе вестка пра тых, якія судзіліся і пералезлі праз сцяну мальбішча?

22. Вось яны ўвайшлі да Давуда, і ён спалохаўся іх. Яны сказалі: «Не палохайся! Мы судзімся паміж сабою, бо адзін з нас пакрыўдзіў іншага. Разваж паміж намі слушна, не парушай межаў і пакажы нам правільны шлях. 

23. Гэта – мой брат. Ён мае дзевяноста дзевяць авечак, а я толькі адну. Ён сказаў: «Даручы яе мне!» – і пераканаў мяне на словах». 

24Давуд адказаў: «Ён абышоўся з табою несправядліва, папрасіўшы дадаць тваю авечку да сваіх. Многія супольнікі крыўдзяць адно аднаго, апроч тых, якія паверылі і робяць дабро. Але такіх мала». Давуд зразумеў, што Мы выпрабоўваем яго, папрасіў прабачэння ў Госпада свайго, упаў ніцма і павініўся.

25. Мы даравалі яму гэта. Сапраўды, ён набліжаны да Нас, і на яго чакае выдатны прытулак. 

26. «О Давуд! Сапраўды, Мы прызначылі цябе намеснікам на зямлі. Судзі паміж людзьмі слушна, і не ідзі следам за прыхамаццю, якая можа збіць цябе са шляху Аллага». Сапраўды, на тых, якія збіваюцца са шляху Аллага, чакае жорсткае пакаранне за тое, што яны забыліся пра Дзень Адплаты. 

27. Мы не стваралі неба, зямлю і тое, што паміж імі, дарма. Так думаюць тыя, якія не паверылі. Гора тым, якія не паверылі, ад агню. 

28. Няўжо Мы зраўнуем тых, якія паверылі і рабілі дабро і тых, якія распаўсюджваюць нелад на зямлі? Няўжо будуць роўныя перад Намі збожныя і грэшнікі?

29. Гэта – блаславёнае Пісанне, якое Мы паслалі табе, каб яны разважалі над Яго азнакамі і каб задумаліся надзеленыя розумам. 

30. Мы даравалі Давуду Сулеймана. Якім выдатным быў гэты раб. Сапраўды, ён заўсёды звяртаўся да Нас. 

31. Аднойчы ўвечары яму паказалі коней, легкаходных, хуткіх. 

32. Ён сказаў: «Я захапіўся любоўю да дабротаў мацней за згадванне пра Госпада майго. Так было, пакуль сонцане схавалася за заслону. 

33. Паварочайце іх да мяне!» – і пачаў секчы іх ногі і шыі.

34. Мы выпрабавалі Сулеймана і кінулі на яго трон цела, пасля чаго ён павініўся.

35. І сказаў: «Госпадзе! Даруй мяне і даруй мне ўладу, якую не мецьме ніхто пасля мяне. Сапраўды, Ты – Дарыльшчык».

36. Мы падпарадкавалі яму вецер, які па яго загадзе пяшчотна дзьмуў, куды той жадаў. 

37. А таксама шатанаў: будаўнікоў, нырцоў 

38. ды іншых, закутых у кайданы. 

39. «Гэта – Наш дар. Марнуй шчодра альбо трымай пры сабе – разлічвацца не прыйдзецца».

40. Сапраўды, ён набліжаны да Нас і на яго чакае выдатны прытулак.

41. Узгадай Нашага раба Аюба. Вось ён заклікаў да Госпада свайго: «Шатан закрануў мяне ліхам і болем!»

42. «Стукні нагою! Вось халаджавая вада для абмывання і пітво».

43. Мы даравалі яму яго сям’ю і яшчэ столькі ж – як літасць ад Нас і напамін для абдараваных розумам. 

44. «Вазьмі ў руку жмуток, стукні ім і не парушай клятвы». Сапраўды, Мы знайшлі яго трывучым. Якім выдатным быў гэты раб. Сапраўды, ён заўсёды звяртаўся да Нас. 

45. Узгадай Нашых рабоў Ібрагіма, Ісхака і Якуба, надзеленых моцаю і праніклівасцю. 

46. Сапраўды, Мы абралі іх за іх шчырую згадку пра наступнае жыццё. 

47. Яны пры Нас – сярод абраных, найлепшых. 

48. Узгадай Ісмаіля, Ільяса і Зуль-Кіфла. Усе яны – адны з найлепшых. 

49. Гэта – напамін. Сапраўды, збожных чакае выдатны прытулак – 

50. сады Эдэну, брамы якога расчыняцца перад імі.

51. Там яны ляжацьмуць на ложках, прасіцьмуць шмат садавіны і напояў. 

52. Побач з імі будуць тыя, чый погляд ціхмяны, адналеткі. 

53. Гэта – тое, што вам абяцана да Дня Адплаты. 

54. Сапраўды, гэта – Нашая доля, якая не знікне. 

55. Так! Сапраўды, парушальнікаў чакае горшае месца – 

56. пекла, дзе яны будуць палымнець. Агідны гэты прытулак. 

57. Так! Няхай паспрабуюць – кіпень і гной

58. а іншыя пакаранні, падобныя да гэтых. 

59. «Гэты натоўп апусціцца ў агонь разам з вамі. Няма для іх вітання; сапраўды, яны будуць гарэць у агні!»

60. А тыя скажуць: «О не, гэта вы! Для вас няма вітання, бо вы прынеслі нам гэта. Якое агіднае гэта месца!»

61. І скажуць: «Госпадзе наш! Павяліч удвойчы пакаранне ў агні таго, хто нам гэта прынёс!»

62. І скажуць: «Што з намі? Чаму мы не бачым мужчын, якіх мы лічылі найгоршымі 

63. і з якіх кпілі? Ці нашыя погляды іх не дасягаюць?»

64. Сапраўды, гэтая спрэчка жыхароў пекла – праўда. 

65. Скажы: «Сапраўды, я толькі ўгаворшчык. Няма бога, апроч Аллага, Адзінага, Усемагутнага, 

66. Госпада нябёсаў, зямлі і таго, што паміж імі, Велічнага, Прабачаючага».

67. Скажы: «Гэта – вялікая вестка, 

68. а вы ад яе адхінаецеся. 

69. Я не ведаў пра тое, як спрачаліся ў вышэйшым грамадстве. 

70. Мне адкрыта толькі тое, што я – толькі выразны ўгаворшчык».

71. Вось твой Госпад сказаў анёлам: «Я зраблю чалавека з гліны. 

72. Калі Я выпрастаю яго і ўдыхну ў яго ад Духа Майго, тады падзіце ніцма перад ім».

73. І ўсе анёлы пакланіліся, 

74. апроч Ібліса, які заганарыўся і стаў адным з нявернікаў. 

75. Аллаг сказаў: «О Іблісе! Што перашкаджала табе пакланіцца таму, каго Я стварыў Сваімі Рукамі (Йадайн)*? Цябе ахапіла ганарыстасць ці ты належыш да тых, якія ўзвышаюцца?»

76. Ён сказаў: «Я лепшы за яго! Ты стварыў мяне з агню, а яго Ты стварыў з гліны».

77. Аллаг сказаў: «Ідзі адсюль! Будзеш ты пабіты камянямі.

78. Мой праклён будзе над табою ажно да Суднага Дня». 

79. Ён сказаў: «Дай мне адтэрміноўку – да таго Дня, калі яны адродзяцца». 

80. Аллаг сказаў: «Сапраўды, ты – адзін з тых, каму дадзеная адтэрміноўка

81. да таго Дня, тэрмін якога вызначаны».

82. Той адказаў: «Клянуся Тваёй магутнасцю, што я спакушу іх усіх, 

83. апроч Тваіх абраных рабоў». 

84. Аллаг сказаў: «Праўда! Я кажу праўду. 

85. Я абавязкова напоўню пекла табою і тваімі паслядоўнікамі – усімі». 

86. Скажы: «Я не прашу ў вас узнагароджання за гэта і не абцяжарваю сябе выдумкамі.

87. Сапраўды, гэта толькі напамін для сусветаў.

88. І за пэўны час вы абавязкова пазнаеце Яго праўдзівасць!» 

*Якасць (сыфат) Аллага, якая даецца без тлумачэння (тавіль) і параўнання з чалавечымі часткамі цела.

 

 

Сура 39. Аз-Зумар

(Натоўпы)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Пісанне, паслана ад Аллага, Велічнага, Мудрага. 

2. Сапраўды, Мы паслалі табе Пісанне з праўдаю. Пакланяйся ж Аллагу, шчыра вызнаючы Яго веру. 

3. Хіба не Аллагу належыць шчырая вера? А тыя, якія бяруць сабе памагатых заміж Яго, кажуць: «Мы пакланяемся ім толькі для таго, каб яны наблізілі нас да Аллага». Сапраўды, Аллаг разважыць паміж імі ў тым, пра што яны спрачаліся. Сапраўды, Аллаг не вядзе простым шляхам тых, якія хлусяць, якія не вераць.

4. Калі б Аллаг жадаў узяць Сабе дзіцё, дык абраў бы з тых, што стварыў, каго пажадаў. Усячысты Ён! Ён – Аллаг, Адзіны, Усёпераможны. 

5. Ён стварыў нябёсы і зямлю ў праўдзе. Ён ахутвае дзень ноччу і ахутвае ноч днём. Ён падпарадкаваў сонца і месяц. Усе яны цякуць да вызначанага тэрміну. Так! Ён – Велічны, Прабачаючы. 

6. Ён стварыў вас з адзінае душы, а потым зрабіў для вас жонак з вас саміх. Ён паслаў для вас восем пар худобы. Ён стварае вас ва ўлоннях вашых маці: адным творам пасля другога ў трох змроках. Аллаг, ваш Госпад, Яму належыць улада. Няма бога, апроч Яго. Як жа вы заблукалі!

7. Калі вы не паверыце, дык, сапраўды, Аллаг не мае патрэбы ў вас. Але Ён не ўхваляе няверы Сваіх рабоў. Таму,калі вы будзеце ўдзячныя, Ён ухваліць гэта для вас. Ніхто не панясе цяжар іншага; а потым вы ўсе вернецеся да вашага Госпада і Ён паведаміць вам пра тое, што вы рабілі. Сапраўды, Ён ведае, што ў сэрцах. 

8. Калі чалавека кранае ліха, ён кліча свайго Госпада і звяртаецца толькі да Яго. А калі Ён дае яму ласку ад Сябе, дык той забываецца, што раней прасіў, і дадае Аллагу роўных – для таго, каб збіць іншых з Яго шляху. Скажы: «Нядоўга ж табе атрымліваць асалоду ад сваёй няверы! Сапраўды, ты – адзін з жыхароў агню».

9. Няўжо той, хто пакорліва праводзіць ноч, падаючы ніцма і выстойваючы ў малітвах, хто баіцца наступнага жыцця і спадзяецца на літасць свайго Госпада, роўны таму, хто гэтага не робіць? Скажы: «Няўжо роўныя тыя, якія ведаюць, і тыя, якія не ведаюць?» Сапраўды, слухаюць толькі ўладальнікі розуму.

10. Скажы: «О рабы, якія паверылі! Бойцеся Госпада вашага! На тых, якія рабілі дабро ў зямным жыцці, чакае дабро. Зямля Аллага разлеглая. Сапраўды, трывучых узнагародзяць поўнасцю, без рахунку».

11. Скажы: «Мне загадана пакланяцца Аллагу, шчыра вызнаючы Яго веру.

12. І яшчэ мне загадана быць першым з адданых Яму».

13. Скажы: «Я баюся, што, калі не паслухаюся Госпада майго, мяне напаткае пакаранне ў Вялікі Дзень».

14. Скажы: «Я пакланяюся Аллагу, шчыра вызнаючы перад Ім сваю веру.

15. А вы пакланяйцеся заміж Яго таму, каму пажадаеце». І скажы: «Сапраўды, зведаюць страты тыя, якія ў Дзень Ажывання страцяць і саміх сябе, і свае сем’і». Дык, гэта – відавочныя страты. 

16. Над імі будуць заслоны з агню і пад імі будуць заслоны. Так Аллаг запалохвае Сваіх рабоў. О рабы Мае, бойцеся Мяне!

17. А для тых, якія пазбягалі тагута, не пакланяліся яму і звярталіся да Аллага, ёсць добрая навіна. Распавядзі ж гэтую добрую навіну рабам, 

18. якія прыслухоўваюцца да слоў і ідуць за найлепшымі з іх. Гэта – тыя, каму Аллаг паказаў на просты шлях. Сапраўды, менавіта яны – абдараваныя розумам. 

19. Няўжо ты прымееш выратаваць таго, над кім здзейснілася слова пра пакаранне і хто знаходзіцца ў агні?

20. Але тых, якія баяцца свайго Госпада, чакаюць пакоі, адны з якіх пабудаваныя над іншымі і пад якімі струменяць рэкі. Гэта абяцанка Аллага. Бог не парушае Сваёй абяцанкі. 

21. Няўжо ты не бачыш, што Аллаг праліў з неба ваду і правёў яе ў зямлю да крыніц? Праз яе выкіроўваецца пасеў рознага колеру, потым яна закарэе, і ты ўбачыш яе жоўтаю. А потым Ён ператворыць яе ў пацяруху. Сапраўды, у гэтым – напамін для абдараваных розумам.

22. Хіба той, чые грудзі Аллаг раскрыў для ісламу, і хто трымаецца святла ад свайго Госпада, роўныя таму, хто мае жорсткае сэрца ды далёкі ад праўды? Гора тым, чые сэрцы цвёрдыя да згадкі пра Аллага. Сапраўды, яны знаходзяцца ў відавочнай хлусні.

23. Аллаг паслаў лепшы аповяд – Пісанне, часткі якога падобныя паміж сабою і пераказваюцца. Ад яго дрыжыць скура тых, якія баяцца Госпада свайго. А потым, падчас згадкі Аллага, мякчэе і скура іх, і сэрцы іх. Гэта (Каран) – паказальнік шляху Аллага, праз які Ён вядзе простым шляхам, каго пажадае. А каго Аллаг саб’е са шляху, таму не будзе правадыра.

24. Няўжо той, хто будзе абараняць свой твар ад ліхога пакарання Дня Ажывання, роўны таму, хто знаходзіцца ў бяспецы ад пакарання? Несправядлівым скажуць: «Паспрабуйце таго, што вы сабе здабывалі».

25. Тыя, якія жылі раней за іх, таксама лічылі пасланцоў хлусамі. Але пакаранне прыйшло да іх адтуль, адкуль яны і не чакалі. 

26. Аллаг даў ім магчымасць выпрабаваць ганьбы ў зямным жыцці. Але пакаранне наступнага жыцця яшчэ цяжэй, калі б яны толькі ведалі. 

27. Мы прыводзім для людзей у гэтым Каране розныя прыпавесці – магчыма, яны задумаюцца – 

28. у Каране арабскім, у якім няма крывізны – магчыма, яны будуць збожнымі. 

29. Аллаг прывёў прыпавесць – раба, які належыць некалькім упартым гаспадарам, і яшчэ аднаго раба, які належыць толькі аднаму. Ці аднолькавыя яны па прыкладзе? Хвала Аллагу! Але большасць з іх не ведае. 

30. Сапраўды, ты – смяротны, і яны смяротныя.

31. А потым, у Дзень Ажывання, вы будзеце спрачацца перад сваім Госпадам.

32. Хто больш несправядлівы за таго, хто ўзвёў паклёп на Аллага і прызнаў праўду хлуснёю, калі яна прыйшла да яго? Хіба не пекла будзе прытулкам для нявернікаў?

33. Той, хто прыйшоў з праўдаю, і той, хто ўпэўнены ў ёй, – менавіта яны збожныя.

34. У Госпада свайго яны будуць мець усё, што пажадаюць. Такое ўзнагароджанне праведнікаў,

35. каб Аллаг дараваў ім найгоршае, учыненае імі, і даў узнагароджанне за тое найлепшае, што рабілі яны.

36. Хіба мала Аллага для Яго раба? Але яны запалохваюць цябе тымі, каму пакланяюцца заміж Яго. Каго Аллаг саб’е са шляху, таму няма правадыра.

37. Каму Аллаг пакажа просты шлях, таго ніхто з яго не саб’е. Хіба Бог не Велічны, Здольны скараць?

38. Калі ты спытаеш у іх, хто стварыў нябёсы і зямлю, дык яны абавязкова скажуць: «Аллаг». Скажы: «Вы бачылі тых, каго заклікаеце заміж Аллага? Калі Аллаг пажадае скараць мяне ліхам, дык хіба здолеюць яны адвесці Яго ліха? А калі Ён пажадае мне літасці, дык хіба здолеюць яны ўтрымаць Яго літасць?» Скажы: «Дастаткова мне Аллага. На Яго няхай спадзяюцца тыя, хто спадзяецца».

39. Скажы: «О народзе мой! Дзейнічайце, як здолееце, і я буду дзейнічаць. Хутка вы даведаецеся,

40. да каго з нас прыйдзе зневажальнае пакаранне, і над кім застанецца сталае пакаранне».

41. Для людзей Мы паслалі табе Пісанне ў праўдзе. Хто ідзе простым шляхам, той ідзе ім для сябе. А хто збіўся са шляху, той нанёс шкоду сабе. І ты для іх – не абаронца.

42. Аллаг забірае душы, калі яны сканаюць, а тыя, якія яшчэ не сканалі, забірае падчас сну. Ён затрымлівае тых, каму вызначана сканаць, а іншых адпускае да пэўнага тэрміну. Сапраўды, у гэтым – азнака для людзей, якія разважаюць.

43. Няўжо яны бяруць сабе абаронцаў заміж Аллага? Скажы: «А калі яны не валодаюць ні чым і нічога не разумеюць?» 

44. Скажы: «Абарона цалкам належыць Аллагу. Яму належыць улада над нябёсамі і зямлёю і да Яго вы паварочаецеся».

45. Калі прыгадваюць толькі Адзінага Аллага, сэрцы тых, якія не вераць у наступнае жыццё, сціскаюцца ад агіды. А калі прыгадваюць тых, каму яны пакланяюцца апроч Яго, дык яны цешацца.

46. Скажы: «О Аллаг, Творца нябёсаў і зямлі, Ведаючы таемнае і адкрытае! Ты разважыш паміж сваімі рабамі тое, пра што яны спрачаліся».

47. Калі б тыя, якія робяць несправядліва, мелі ўсё, што на зямлі, і яшчэ столькі ж, дык абавязкова паспрабавалі б адкупіцца ад лютага пакарання ў Дзень Ажывання. Ім адкрыецца ад Аллага тое, пра што яны і не думалі.

48. Ім адкрыюцца іх ліхія ўчынкі і напаткае іх тое, з чаго яны цешыліся.

49. Калі чалавека кранае ліха, ён кліча Нас. А калі Мы дорым яму карысць ад Сябе, дык ён кажа: «Гэта дадзена мне дзякуючы веданню». О не, гэта – выпрабаванне. Аднак большасць з іх не ведае.

50. Так казалі і тыя, якія жылі раней за іх. Не дапамагло ім тое, што яны сабе набывалі.

51. Напаткалі іх ліхія ўчынкі, якія яны сабе атрымалі. Прыгнятальнікаў з іх таксама напаткаюць ліхія ўчынкі, якія яны сабе атрымалі. Не здолеюць яны ўцячы.

52. Няўжо яны не ведаюць, што Аллаг павялічвае і памяншае надзел, каму пажадае Сапраўды, у гэтым – азнака для людзей, якія вераць.

53. Скажы: «О рабы Мае, якія парушылі мяжы ў шкоду сабе! Не губляйце надзеі на літасць Аллага. Сапраўды, Аллаг даруе ўсе грахі, бо Ён – Прабачаючы, Міласерны».

54. Звернецеся да вашага Госпада і скарыцеся Яму раней за той час, калі да вас прыйдзе пакаранне, бо потым ужо не дапамогуць вам. 

55. Ідзіце за тым найлепшым, што паслана вам ад Госпада вашага, раней за той час, калі да вас раптам прыйдзе пакаранне, калі вы гэтага нават не адчуеце. 

56. Каб не казаў чалавек: «Гора мне за тое, што я быў нядбайным перад Аллагам! Я быў толькі адным з тых, якія кпілі!»

57. І каб не казала: «Калі б Аллаг паказаў мне просты шлях, я быў бы адным з збожных!»

58. І каб не казала тады, калі ўбачыла скананне: «Калі б я меў яшчэ магчымасць, дык быў бы адным з праведных!»

59О не! Да цябе прыходзілі Мае азнакі, але ты лічыў іх хлуснёю, заганарыўся і стаў адным з нявернікаў. 

60. У Дзень Ажывання ты ўбачыш, як счарнеюць твары тых, якія паклёпнічалі на Аллага. Хіба не пекла будзе прытулкам для тых, якія заганарыліся?

61. Аллаг выратуе тых, якія былі збожнымі, і яны будуць мець поспех. Не закране іх ліха і не будуць яны засмучаныя. 

62. Аллаг – Творца кожнай рэчы. Ён – Абаронца кожнай рэчы. 

63. Яму належаць ключы нябёсаў і зямлі. А тыя, якія не вераць у азнакі Аллага, страцяць усё. 

64. Скажы: «Няўжо вы загадваеце мне пакланяцца заміж Аллага камусьці іншаму, о вы, невукі?» 

65. Было адкрыта табе і тым, якія жылі раней за цябе: «Калі ты надавацьмеш Мне роўных у пакланенні, дык зробяцца марнымі твае ўчынкі і ты зразумела будзеш адным з тых, якія згубяць усё».

66. Пакланяйся Аллагу і буць адным з удзячных!

67. Яны не цанілі Аллага належнай вартасцю. Уся зямля будзе ў Яго ўладзе ў Дзень Ажывання, а нябёсы будуць згорнутыя Ім. Усячысты Ён і Вышэй за тое, што Яму прыпісваюць у пакланенні. 

68. Затрубяць у Рог, і тыя, хто на нябёсах і на зямлі, будуць здзіўленыя, апроч тых, каго пажадае пакінуць Аллаг. А потым затрубяць яшчэ раз, і тады яны ўстануць і будуць глядзець. 

69. Зямля заззяе святлом яе Госпада. Будзе пакладзеная кніга, прывядуць прарокаў і сведкаў. Паміж усімі справядліва разважаць, і ніхто не будзе пакрыўджаны. 

70. Кожнай душы поўнаю мераю аддзякуюць за тое, што яна рабіла. Ён лепей ведае, што яны робяць. 

71. Тых, якія не паверылі, павядуць да пекла натоўпамі. Калі яны прыйдуць туды, яго брама адчыніцца, а вартавыя скажуць: «Хіба да вас не прыходзілі пасланцы з вас саміх, не чыталі вам азнакі вашага Госпада і не засцерагалі вас ад сустрэчы з гэтым Днём?» Тыя скажуць: «Так». Але спраўдзілася слова пра пакаранне нявернікаў. 

72. Скажуць ім: «Увайдзіце ў браму пекла, дзе вы будзеце павек». Які ж агідны прытулак у тых, якія заганарыліся!»

73. Тых, якія былі збожнымі, павядуць у рай натоўпамі. Калі яны прыйдуць туды, яго брама адчыніцца, а вартавыя скажуць: «Мір вам! Вы былі добрымі. Увайдзіце сюды навекі!»

74. Яны скажуць: «Хвала Аллагу, Які даў нам сапраўдную абяцанку і дараваў у спадчыну зямлю! Мы будзем знаходзіцца ў раі, дзе пажадаем. Якое выдатнае ўзнагароджанне для тых, хто рабіў дабро

75. Ты ўбачыш анёлаў, якія атачаюць Трон і ўслаўляюць Госпада свайго славаю. Паміж імі справядліва разважаць і скажуць: «Хвала Аллагу, Госпаду сусветаў!»

 

 

Сура 40. Ґафір

(Прабачаючы)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Ха. Мім.

2. Пісанне, паслана ад Аллага, Велічнага, Усеведаючага,

3. Які даруе грахі ды прымае каянне, суворага ў пакаранні, Уладара шчодрага дару. Няма бога, апроч Яго, і да Яго будзе вяртанне.

4. Пра азнакі Аллага спрачаюцца толькі нявернікі. Няхай не зводзіць цябе тое, што яны вольна дзейнічаюць у розных краях.

5. Народ Нуха ды іх паслядоўнікі лічылі пасланцоў хлусамі яшчэ раней. Кожны народ імкнуўся схапіць свайго пасланца. Яны спрачаліся, звяртаючыся да хлусні, каб абвергнуць ёй праўду. Але Я схапіў іх, і якое ж было пакаранне!

6. Так спраўдзілася слова Госпада твайго над тымі, якія не паверылі. Сапраўды, яны – жыхары агню.

7. Тыя, якія нясуць Трон і якія знаходзяцца побач з ім, услаўляюць Госпада свайго славаю, вераць у Яго і моляць пра прабачэнне тых, якія паверылі: «Госпадзе наш! Кожную рэч Ты ахопліваеш літасцю і веданнем. Даруй тых, якія павініліся і ішлі Тваім шляхам, абарані іх ад пякельнага пакарання!

8. Госпадзе наш! Увядзі іх да садоў Эдэну, якія Ты абяцаў ім і іх бацькам, жонкам і нашчадкам, якія рабілі дабро. Сапраўды, Ты – Велічны, Мудры!

9. Абарані іх ад злых учынкаў, бо каго Ты абароніш ад злых учынкаў таго Дня, над тым Ты злітуешся. А гэта – вялікі поспех.

10. Сапраўды, тым, якія не паверылі, паведамяць: «Непрыязнасць Аллага да вас была мацнейшаю, за тую, якую вы адчувалі да сябе, калі вас заклікалі да веры, а вы заставаліся нявернікамі».

11. Яны скажуць: «Ты двойчы зрабіў нас нежывымі і двойчы – жывымі. Мы прызналі свае грахі! Ці няма шляху да выйсця?»

12. Гэта таму, што, калі клікалі самога Аллага, вы не верылі, а калі Яму дадавалі раўню, дык вы верылі. Пастанова належыць Аллагу, Усявышняму, Велічнаму.

13. Ён – Той, Хто паказвае вам Свае азнакі і пасылае вам з неба долю. Але задумаецца толькі той, хто звяртаецца да Яго.

14. Звяртайцеся да Аллага, шчыра вызнаючы Яго веру, нават калі нявернікі і ненавідзяць гэта!

15. Уладар высокіх ступеняў і Трона – Ён пасылае Духа да таго з Сваіх рабоў, каму пажадае, каб засцерагчы пра Дзень Сустрэчы.

16. У той Дзень, калі яны з’явяцца з магіл, не будзе схавана ад Аллага пра іх нічога. Каму належыць улада ў гэты Дзень? – Аллагу Адзінаму, Усепераможнаму.

17. Сёння кожная душа атрымае аддзяку за тое, што набыла. І не будзе несправядлівасці сёння. Сапраўды, Аллаг борзды ў разліку.

18. Папярэдзь іх блізкім Днём, калі сэрцы падступяць да горла і напоўняцца жахам. Не будзе ў прыгнятальнікаў ні блізкага сябра, ні абаронцы, якому падпарадкоўваюцца.

19. Ён ведае і здрадлівы погляд, і тое, што захавана ў сэрцах.

20. Пастанова Аллага справядлівая. А тыя, каго яны клічуць заміж Яго, нічога не вырашаюць. Сапраўды, Аллаг – Усечуючы, Усебачачы.

21. Хіба яны не падарожнічалі па зямлі і не бачылі, якім быў канец тых, якія жылі раней? Яны былі мацнейшыя за іх і пакінулі больш слядоў на зямлі. І Аллаг схапіў іх за іх грахі, і ніхто не абараніў іх ад Аллага.

22. Гэта таму, што калі іх пасланцы прыходзілі да іх з выразнымі азнакамі, яны не паверылі. Аллаг схапіў іх, бо Ён – Усемагутны, суворы ў пакаранні.

23. З Нашымі азнакамі і выразным доказам Мы паслалі Мусу

24. да Фараона, Гамана і Каруна. Яны сказалі: «Ён – хлуслівы чараўнік!»

25. Калі ён прыйшоў да іх з праўдаю ад Нас, яны сказалі: «Забівайце сыноў тых, якія паверылі разам з ім, а іх жанчын пакідайце жывымі!» Але мудрагельствы нявернікаў няўдалыя.

26. Фараон сказаў: «Дайце мне забіць Мусу! Няхай пакліча свайго Госпада. Я баюся, што ён зменіць вашую веру альбо распаўсюдзіць ганьбу на зямлі».

27. Муса сказаў: «Я папрасіў абароны ў Госпада майго і Госпада вашага – ад кожнага ганарліўца, які не верыць у Дзень Адплаты».

28. Мужчына з роду Фараона, які хаваў сваю веру, сказаў: «Няўжо вы заб’яце мужа за тое, што ён кажа: «Мой Госпад – Аллаг!», і за тое, што ён прыйшоў да вас з выразнымі азнакамі ад Госпада вашага? Калі ён хлусіць, дык яго хлусня нашкодзіць толькі яму, але калі кажа праўду, дык паразіць вас частка таго, што ён абяцае вам. Сапраўды, Аллаг не вядзе простым шляхам таго, хто парушае мяжы і хлусіць.

29. О народзе мой! Сёння вы маеце ўладу і кіруеце на зямлі. Але хто абароніць нас ад пакарання Аллага, калі яно прыйдзе да нас?» Фараон сказаў: «Я паказваю вам толькі тое, што лічу патрэбным. Я вяду вас толькі правільным шляхам».

30. Той, хто паверыў, адказаў: «О народзе мой! Я баюся, што з вамі здарыцца тое, што ўжо калісьці было,

31. тое, што адбылося з народам Нуха, адытамі, самудытамі і тымі, якія жылі пасля іх. Аллаг не жадае рабіць з рабамі несправядліва.

32. О народзе мой! Я баюся, што да вас прыйдзе той Дзень, калі адны будуць заклікаць іншых,

33. Дзень, калі вы скіруеце назад, але ніхто не абароніць вас ад Аллага. Каго Аллаг звядзе са шляху, таму не будзе правадыра.

34. Раней да вас прыходзіў Юсуф з выразнымі азнакамі, але вы не супыніліся вагацца ў тым, з чым ён да вас прыйшоў. А калі ён сканаў, вы сказалі: «Пасля яго Аллаг ужо не пашле пасланца». Так Аллаг збівае са шляху таго, хто парушае мяжы і вагаецца». 

35. Тыя, хто спрачаецца пра азнакі Аллаг без усякага доказу, які б прыйшоў да іх, выклікаюць нерыязнасць у Аллага і ў тых, якія паверылі. Аллаг накладвае пячаць на сэрцы кожнага пагардлівага тырана.

36. Фараон сказаў: «О Гамане! Пабудуй мне вежу, магчыма, я дасягну шляхоў,

37. шляхоў нябесных, і ўбачу Бога Мусы. Але я думаю, што ён – хлус». Так Фараону здаліся цудоўнымі яго ліхія ўчынкі, і збіўся ён са шляху. Але мудрагельствы Фараона – самі страты.

38. Той, хто паверыў, сказаў: «О народзе мой! Ідзіце за мною, я пакажу вам правільны шлях.

39. О народзе мой! Сапраўды, зямное жыццё – часовая асалода, а жыццё наступнае – векаісты прытулак.

40. Хто робіць ліха, атрымае такую ​​ж адплату. А хто робіць дабро – чалавек ці жанчына – і будзе вернікам, дык увойдзе ў Рай. Яны мецьмуць там сваю долю без адплаты.

41. О народзе мой! Чаму я клічу вас да выратавання, а вы заклікаеце мяне ў агонь?

42. Вы заклікаеце мяне не верыць у Аллага і надаваць Яму супольнікаў, пра якіх у мяне няма ведання. А я заклікаю вас да Велічнага, Усепрабачаючага.

43. Няма сумневу, што тое, да чаго вы мяне заклікаеце, не годны зварот ні ў зямным жыцці, ні ў наступным; і што мы вернемся да Аллага, і што тыя, хто парушае мяжы, будуць жыхарамі агню.

44. Вы яшчэ прыгадаеце мае словы! Я аддаю сваю справу Аллагу. Сапраўды, Аллаг бачыць рабоў».

45. Аллаг абараніў яго ад ліха, якое яны задумалі. А род Фараона спасцігла ліхое пакаранне – 

46. агонь, куды іх кідаюць раніцай і ўвечары. А ў той Дзень, калі надыдзе Час будзе сказана анёлам-вартавым пекла: «Увядзіце зборышча Фараона ў наймоцнае пакаранне!»

47. Калі яны будуць спрачацца паміж сабой у агні, дык слабыя скажуць тым, якія ўзвышаліся: «Сапраўды, мы ішлі ўтроп вас! Ці прымееце хоць бы трохі абараніць нас ад агню?»

48. Тыя, якія ўзвышаліся, скажуць: «Мы ўсе тут. Сапраўды, Аллаг ужо разважыў паміж рабамі».

49. Тыя, якія апынуліся ў агні, скажуць вартавым пекла: «Паклічце вашага Госпада, няхай палегчыць нашае пакаранне хоць бы на адзін дзень!»

50. Тыя скажуць: «Няўжо вашыя пасланцы не прыходзілі да вас з выразнымі азнакамі?» Яны скажуць: «Так». А ім скажуць: «Маліцеся самі». Але ж малітвы нявернікаў марныя».

51. Сапраўды, Мы яшчэ ў зямным жыцці дапаможам Нашым пасланцам і тым, якія паверылі, а таксама ў той Дзень, калі з’явяцца сведкі,

52. у Дзень, калі прыгнятальнікам не дапамогуць іх прабачэнні. Іх спаткаюць праклёны і чакае на іх горшы прытулак.

53. Мы даравалі Мусе просты шлях і далі сынам Ісраіля ў спадчыну Пісанне

54. як просты шлях і напамін для тых якія маюць розум.

55. Трывай, бо абяцанка Аллага – праўда. Прасі прабачэння за свой грэх і ўслаўляй Госпада свайго славаю вечарам і раніцай.

56. Сапраўды, тыя, якія спрачаюцца пра азнакі Аллага без усякага доказу, які б прыйшоў да іх, маюць у сваіх сэрцах толькі пагарду. Ім не дасягнуць свайго. Шукай абароны ў Аллага, бо Ён – Усечуючы, Усебачачы.

57. Сапраўды, стварэнне нябёсаў і зямлі ёсць нешта больш за стварэнне людзей, але большасць людзей не разумее.

58. Не роўныя паміж сабою невідушчы і відучы. А тыя, якія паверылі і здзяйснялі дабро, не роўныя тым, якія чыняць ліха. Мала ж вы задумляецеся.

59. Сапраўды, Час надыдзе, і ў гэтым няма сумневу. Але большасць людзей не верыць.

60. Ваш Госпад сказаў: «Клічце Мяне, і Я адкажу вам. Сапраўды, тыя, якія пагардзілі пакланеннямі Мне, увойдуць да пекла зневажальнымі».

61. Аллаг – Той, Хто стварыў для вас ноч, каб вы адпачывалі, і дзень, каб вы бачылі. Сапраўды, Аллаг поўны шчодрасці да людзей, але большасць людзей не дзякуе.

62. Такі Аллаг, Госпад, Творца кожнай рэчы. Няма бога, апроч Яго. Як вы заблукалі!

63. Таксама блукаюць і тыя, якія адмаўляюць азнакі Аллага.

64. Аллаг – Той, Хто зрабіў для вас зямлю месцам знаходжання, а неба – столлю. Ён даў вам вашае аблічча і зрабіў гэтае аблічча цудоўным. Ён абдарыў вас дабротамі. Такі Аллаг, ваш Госпад. Блаславёны Аллаг, Госпад сусветаў!

65. Ён – Жывы, няма бога, апроч Яго. Клічце Яго, шчыра вызнаючы сваю веру перад Ім. Хвала Аллагу, Госпаду сусветаў!

66. Скажы: «Мне забаронена пакланяцца тым, каго вы клічаце заміж Аллага, пасля таго, як да мяне прыйшлі азнакі ад Госпада майго. Мне загадана падпарадкавацца Госпаду сусветаў».

67. Ён – Той, Хто стварыў вас з праху, потым – з кроплі семя, а потым – са згустка крыві. Потым Ён выводзіць вас дзецьмі, каб вы маглі дасягнуць сталага ўзросту, а з часам ператварыцца ў старых, хоць сярод вас ёсць такія, хто памірае раней, і каб вы маглі дасягнуць прызначанага тэрміну. Магчыма, вы зразумееце.

68. Ён – Той, Хто даруе жыццё і скананне. Калі Ён вырашае нешта, дык толькі кажа: «Будзь!» – і яно ёсць.

69. Няўжо ты не бачыў тых, якія спрачаюцца пра азнакі Аллага? Як жа яны падаліліся!

70. Яны ўспрынялі як хлусню Пісанне і тое, з чым Мы пасылалі Нашых пасланцоў. Але борзда яны пазнаюць,

71. калі з кайданамі на шыі і ланцугамі іх пацягнуць

72. у кіпень, а потым распаляць у агні.

73. Пасля ім скажуць: «Дзе тыя, каму вы пакланяліся

74. заміж Аллага?» Яны скажуць: «Яны пакінулі нас! Але раней мы нікога не клікалі». Так Аллаг збівае са шляху нявернікаў.

75. Гэта вам за тое, што вы цешыліся на зямлі без усялякага права і за тое, што вы былі дзёрзкія.

76. Увядуць у браму пекла, там вы будзеце павек. Які ж агідны прытулак будзе ў пагардлівых!

77. Трывай, бо абяцанка Аллага – праўда! Мы альбо пакажам табе частку з таго, што абяцалі ім, альбо забяром цябе. А яны паварочаюцца да Нас.

78. Мы пасылалі пасланцоў і раней за цябе. Сярод іх ёсць такія, пра якіх Мы табе апавядалі, а ёсць і такія, пра якіх не апавядалі. Кожны пасланец прыходзіў з азнакамі толькі з дазволу Аллага. Калі прыйдзе загад Аллага, будзе праўдзівы суд, і тады прыхільнікі хлусні згубяць усё.

79. Аллаг – Той, Хто стварыў для вас жывёлаў, каб на некаторых з іх вы перасоўваліся, а ад іншых мелі ежу.

80. Яны прыносяць вам розную карысць, дзякуючы ім вы дасягаеце таго, чаго хочуць вашыя сэрцы. На іх і на караблях вы перасоўваецеся.

81. Ён паказвае вам Свае азнакі. Дык якія ж азнакі Госпада вашага вы адкідаеце?

82. Няўжо яны не падарожнічалі зямлёю і не бачылі, якім быў канец тых, якія жылі раней? Яны былі мацней за іх і пакінулі больш адбіткаў на зямлі, але не дапамагло ім тое, што яны сабе набывалі.

83. Калі іх пасланцы прыйшлі да іх з выразнымі азнакамі, дык яны цешыліся з таго ведання, якое было ў іх. Але паразіла іх тое, з чаго яны цешыліся.

84. Калі яны ўбачылі Нашае пакаранне, дык сказалі: «Мы паверылі ў адзінага Аллага і не верым у тых, каго лічылі роўнымі Яму!»

85. Але не дапамагла ім вера іх, калі яны ўжо ўбачылі Нашае пакаранне. Такі закон Аллага, усталяваны для Яго рабоў. І тады нявернікі згубяць усё.

 

 

Сура 41. Фуссылят

(Растлумачаныя)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Ха. Мім.

2. Паслана ад Літасцівага, Міласэрнага,

3. Пісанне, азнакі якога патлумачаныя ў выглядзе арабскага Карана – для людзей, якія маюць веды;

4. добрая вестка і засцярога. Але большасць з іх адхінулася і не слухае.

5. Яны кажуць: «Сэрцы нашыя закрытыя для таго, да чаго ты нас заклікаеш, вушы нашыя глухія, а паміж намі і табою – заслона. Рабі сваё, але і мы будзем рабіць сваё».

6. Скажы: «Я – чалавек, такі ж, як і вы. Мне толькі адкрыта тое, што ваш Бог – Бог Адзіны. Ідзіце да Яго простым шляхам і прасіце ў Яго прабачэння. Гора паганым,

7. якія не даюць закят і не вераць у наступнае жыццё!»

8. Сапраўды, на тых, якія паверылі і здзяйснялі дабро, чакае невычэрпнае ўзнагароджанне.

9. Скажы: «Няўжо вы не верыце ў Таго, Хто стварыў зямлю за два дні, і надаеце Яму роўных?» Але Ён – Госпад сусветаў.

10. Ён усталяваў над ёй трывалыя горы, блаславіў яе і размеркаваў сродкі для існавання – у чатыры поўных дні, для тых, хто ў гэтым мае патрэбу».

11. Потым Ён звярнуўся да неба – а яно было дымам – і сказаў яму і зямлі: «Прыйдзіце – добраахвотна ці прымусова». Яны сказалі: «Мы прыйдзем добраахвотна!»

12. Ён закончыў сем нябёсаў за два дні і адкрыў кожнаму з іх яго абавязак. Мы ўпрыгожылі ніжняе неба свяціламі, і яны абараняюць яго. Так вызначыў Велічны, Усеведаючы.

13. Калі яны адхінуцца, скажы: «Я засцерагаў вас ад гібелі, падобнай да згубы адытаў і самудытаў».

14. Пасланцы прыходзілі да іх у розныя часы: «Не пакланяйцеся нікому, апроч Аллага!» Але тыя казалі: «Калі б наш Госпад пажадаў, дык паслаў б анёлаў. Сапраўды, мы не верым у тое, з чым вас паслалі».

15. Адыты ўзвышаліся на зямлі без усялякага права на гэта і казалі: «Ці ёсць хтосьці, хто перавышаў нас моцаю?» Няўжо яны не бачылі, што Аллаг – Той, Хто стварыў іх, і Хто перавышаў іх моцаю? Але яны адмаўлялі Нашыя азнакі.

16. Мы паслалі на іх у няшчасныя дні халодны вецер, каб яны пакаштавалі ганебнае пакаранне ў зямным жыцці. Але ў наступным жыцці пакаранне будзе ганебней. І не будзе памагатых!

17. Самудытам Мы паказалі просты шлях, але яны заміж простага шляху абралі невідушчасць. ͙Іх спасцігла загуба і зневажальнае пакаранне за тое, што яны сабе набывалі.

18. Мы выратавалі тых, якія паверылі і былі збожнымі.

19. У той Дзень, калі ворагаў Аллага збяруць перад агнём, іх затрымаюць.

20. Калі яны прыйдуць туды, дык іх слых, погляды і скура сведчыцьмуць супраць іх пра тое, што рабілі яны.

21. Яны скажуць сваёй скуры: «Чаму ты сведчыш супраць нас?» А яна скажа: «Нам даў мову Аллаг, Які дае мову кожнай рэчы». Ён стварыў вас упершыню, і да Яго вы паварочаецеся.

22. Вы не закрываліся ад сведчанняў вашага слыху, вашых поглядаў і вашай скуры. Але вы думалі, што Аллаг не ведае пра большасць вашых учынкаў.

23. Здагадкі, якія вы рабілі пра вашага Госпада, прывялі вас да згубы. Вы сталі аднымі з тых, хто нясе страты.

24. Нават калі яны будуць трываць, іх прытулкам усё адно будзе агонь. Нават калі яны будуць прасіць літасці, да іх не будуць ласкавыя.

25. Мы прыставілі да іх таварышаў, якія ўпрыгожылі ім тое, што перад імі, і тое, што будзе пасля іх. Слова споўнілася над імі, як споўнілася над папярэднімі народамі – джынамі і людзьмі. Яны панеслі страты.

26. Тыя, якія не паверылі, кажуць: «Не слухайце гэты Каран, а лапачыце – магчыма, вы пераможаце».

27. Тым, якія не паверылі, Мы дамо пакаштаваць цяжкага пакарання і абавязкова ўшануем ім за найгоршае з таго, што яны рабілі. 

28. Такая адплата ворагам Аллага – агонь! Там будзе іх векаістая мясціна – узнагароджанне за тое, што яны адмаўлялі Нашыя азнакі.

29. Тыя, што не вераць, скажуць: «Госпадзе наш! Пакажы нам тых джынаў і людзей, якія збілі нас са шляху, – мы скінем іх сабе пад ногі, каб яны былі аднымі з самых нізкіх!»

30. Сапраўды, тым, якія кажуць: «Госпад наш – Аллаг!», а потым ідуць простым шляхам, перад скананнемсходзяць анёлы: «Не бойцеся, не сумуйце і ўсцешвайцеся ад весткі пра Рай, які вам абяцаны.

31. Мы – вашыя абаронцы ў жыцці зямной і наступнай. Там на вас чакае ўсё тое, чаго самі пажадаеце, чакае ўсё тое, чаго папросіце – 

32. як частаванне ад Прабачаючага і Міласэрнага».

33. Чыі словы выдатней за словы таго, хто заклікае да Аллага, робіць дабро і кажа: «Сапраўды, я – адзін з адданых Яму»?

34. Не роўныя паміж сабою дабро і ліха. Адштурхні ліха чымсьці добрым, і тады той, з кім ты сварыўся, зробіцца для цябе нібы блізкі сябар.

35. Гэтага дасягнуты толькі тыя, якія маюць трыванне, дасягнуты толькі тыя, якія надзеленыя вялікім шчасцем.

36. А калі дакранецца да цябе насланнё ад шатана, дык шукай абароны ў Аллага. Сапраўды, Ён – Усечуючы, Усеведаючы.

37. Сярод Яго азнакаў – ноч і дзень, сонца і месяц. Не падайце на зямлю перад сонцам і месяцам, а падайце на зямлю перад Аллагам, Які стварыў іх, каб вы пакланяліся Яму!

38. А калі яны гардавацьмуць гэтым, дык тыя, якія побач з тваім Госпадам, услаўляюць Яго і днём, і ноччу – і не стамляюцца.

39. Сярод Яго азнакаў – тое, што ты бачыш зямлю сухою, а калі Мы пасылаем на яе ваду, яна пачынае рухацца і павялічвацца. Сапраўды, Той, Хто ажывіў яе, абавязкова ажывіць і памерлых. Сапраўды, Ён здольны на кожную рэч.

40. Сапраўды, тыя, якія не прызнаюць Нашых азнакаў, не схаваюцца ад Нас. Хто лепшы – той, каго кінуць у агонь, але той, хто ў Дзень Ажывання мецьме бяспеку? Рабіце, што пажадаеце. Сапраўды, Ён бачыць тое, што вы робіце.

41. Сапраўды, тыя, якія не паверылі ў напамін, калі ён прыйшоў да іх, будуць пакараныя за сваю няверу, бо гэта – Магутнае Пісанне.

42. Мана не падкрадзецца да яго ні спераду, ні з тылу. Яно паслана ад Мудрага, Пахвальнага.

43. Табе скажуць толькі тое, што ўжо казалі пасланцам раней за цябе. Сапраўды, твой Госпад – Уладар прабачэння і Уладар пакутлівага пакарання.

44. Калі б Мы зрабілі гэта Пісанне Каранам на замежнай мове, дык яны спыталі б: «Чаму не патлумачаныя яго азнакі? Як гэта: яно – на замежнай мове, а ён – араб?» Скажы: «Гэта – просты шлях і загойванне для тых, якія паверылі. А вушы тых, якія не паверылі, не чуюць, і яны невідушчыя да яго. Такіх клічуць як з далёкага месца».

45. Мы даравалі Мусе Пісанне, а яны пачалі спрачацца пра яго. Калі б не папярэдняе слова Госпада твайго, дык паміж імі ўжо было б вырашана. Но яны маюць глыбокія сумневы пра гэта.

46. Хто робіць дабро, робіць гэта для сябе самога, а хто робіць ліха, робіць гэта супраць сябе самога. Госпад твой не робіць з рабамі несправядліва.

47. Яму належыць веданне пра Час. Ніводзін плод не выйдзе з завязі, ніводная жанчына не зацяжарыць ды не народзіць, каб Ён пра гэта не ведаў. У той Дзень, калі Ён спытае ў іх: «Дзе ж вашыя саўдзельнікі?», яны скажуць: «Мы сказалі Табе, што сярод нас не будзе ніводнага сведкі гэтаму».

48. І пакінуць іх тыя, каго раней яны клікалі, і яны здагадаюцца, што не здолеюць уцячы.

49. Чалавек не стамляецца прасіць пра дабро, але, калі яго закране ліха, ён упадае ў адчай і роспач.

50. Калі Мы дамо яму паспытаць літасці пасля бедства, якое закранула яго, дык ён абавязкова скажа: «Гэта – для мяне. Я не думаю, што настане Час. Але калі я вярнуся да майго Госпада, дык у Яго на мяне чакае нешта лепшае». Мы паведамім нявернікам пра тое, што яны рабілі, а таксама дамо ім пакаштаваць суворага пакарання.

51. Калі Мы даём чалавеку дабро, дык ён адхінаецца і аддаляецца. А калі яго кранае ліха, дык ён прамаўляе доўгія малітвы.

52. Скажы: «Як вы думаеце, а калі Каран – ад Аллага, а вы ў яго не паверылі? Хто заблукаў мацней за таго, хто апынуўся ў вялікай нязгодзе?»

53. Мы пакажам ім Нашыя азнакі на нябёсах і ў іх саміх, пакуль яны не зразумеюць, што гэта – праўда. Няўжо недастаткова таго, што Аллаг – кожнай рэчы Сведка?

54. Але яны маюць сумневы наконт сустрэчы са сваім Госпадам. Сапраўды, Ён спасцігае кожную рэч.

 

 

Сура 42. Аш-Шура

(Рада)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Ха. Мім.

2Айн. Сін. Кяф.

3. Так даруе адкрыццё табе і тым, якія былі раней за цябе, Аллаг – Велічны, Мудры. 

4. Яму належыць тое, што на нябёсах і тое, што на зямлі. А Ён – Усявышні, Вялікі.

5. Нябёсы гатовыя расшчапіцца наверсе; анёлы ўслаўляюць хвалою свайго Гаспадара і просяць прабачэння для тых, хто на зямлі. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

6. Аллаг назірае за тымі, якія бяруць сабе абаронцаў заміж Яго. Але ты для іх – не абаронца.

7. Вось так Мы паслалі да цябе арабскі Каран, каб ты засцерагаў Маці паселішчаў і тых хто, жыве па-за яе, а таксама папярэджваў пра Дзень Сходу, у якім няма сумневу. Частка апынецца ў раі, а частка апынецца ў полымі.

8. Калі б Аллаг пажадаў, дык зрабіў бы іх адзінаю грамадою. Але Ён уводзіць у Сваю літасць таго, каго пажадае. А ў прыгнятальнікаў не будзе ні абаронцы, ні памагатага.

9. Няўжо яны бяруць сабе памагатых заміж Яго? Аллаг – Абаронца; Ён адраджае памерлых; Ён здольны на кожную рэч.

10. Пра што б вы ні спрачаліся, канчатковая пастанова належыць Аллагу. «Такім ёсць Аллаг, мой Госпад. На Яго я ўскладаю надзеі і да Яго я звяртаюся!»

11. Стваральнік нябёсаў і зямлі. Ён стварыў вам жонак з вас саміх, а таксама стварыў жывёл парамі; так Ён памнажае вас. Няма нічога, падобнага да Яго. А Ён – Усечуючы, Усебачачы.

12. Яму належаць ключы нябёсаў і зямлі; Ён павялічвае і памяншае ўдзел, каму пажадае. Сапраўды, Ён – пра кожнаю рэч Дасведчаны.

13. Ён усталяваў вам у веры тое, што адказаў Нуху, тое, што Мы адкрылі табе, тое, што Мы адказалі Ібрагіму, Мусе ды Іcе: «Трымайцеся веры але не разыходзьцеся паміж сабою ў ёй». Цяжка паганым тое, да чаго ты заклікаеш іх. Аллаг абірае Сабе таго, каго пажадае і вядзе простым шляхам таго, хто да Яго звяртаецца.

14. Праз узаемную нянавісць яны разышліся паміж сабою толькі тады, калі да іх прыйшло веданне. Калі б не папярэдняе слова Госпада твайго пра ўсталяваны тэрмін, дык паміж імі ўжо разважылі б. Сапраўды, тыя, якія атрымалі ў спадчыну Пісанне пасля іх, апынуліся ў глыбокіх сумневах.

15. А таму заклікай іх. Трымайся простага шляху – так, як табе і загадана. Не ідзі за іх жаданнямі, а скажы: «Я паверыў у тое Пісанне, якое паслаў Аллаг, і мне загадана быць справядлівым да вас. Аллаг – Госпад наш і Госпад ваш; нам – нашыя ўчынкі, вам – вашыя ўчынкі. Не мусіць быць паміж намі спрэчак. Аллаг збярэ ўсіх нас, і да Яго – вяртанне».

16. Доказы тых, якія спрачаюцца пра Аллага пасля таго, як Яму ўжо адказалі, марныя перад Госпадам іх. Гнеў упадзе на іх; чакае на іх суворае пакаранне!

17. Аллаг – Той, Хто паслаў Пісання ў праўдзе і міры. Адкуль табе ведаць, магчыма, Час ужо блізка?

18. Спрабуюць паскорыць яго тыя, якія ў яго не вераць. А тыя, якія паверылі, баяцца яго і ведаюць, што ён – праўда. Так! Сапраўды, тыя, якія спрачаюцца пра Час, трапілі ў глыбокую хлусню.

19. Аллаг – Ласкавы да Сваіх рабоў, Ён дорыць долю таму, каму пажадае. Ён – Усемагутны, Велічны.

20. Хто хоча плёну наступнага жыцця, таму Мы павялічым яго плён; а хто хоча плён зямнога жыцця, мы даруем яго, але яму не будзе долі ў наступным жыцці.

21. Няўжо яны маюць такіх саўдзельнікаў, якія ўсталявалі для іх у веры тое, што не дазволена Аллагам? Калі б не выразнае слова, паміж імі ўжо разважылі б. Сапраўды, беззаконнікаў чакае пакутлівае пакаранне.

22. Ты ўбачыш, як беззаконнікі баяцца таго, што яны сабе атрымалі, але яно здарыцца з імі. А тыя, якія паверылі і здзяйснялі дабро, апынуцца ў райскіх садах і ў Госпада свайго яны будуць мець усё, што пажадаюць. Гэта і ёсць вялікая шчодрасць,

23. тое, чым Аллаг паведамляе добрую вестку Сваім рабам, якія паверылі і здзяйснялі дабро. Скажы: «Я не прашу ў вас за гэта ўзнагароджанне, апроч любові праз сваяцтва». Хто набывае карысць, таму Мы павялічым карысць. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Удзячны.

24. Няўжо яны кажуць: «Ён зводзіць намову на Аллага»? Калі б Аллаг пажадаў, дык запячатаў бы тваё сэрца. Сваімі словамі Аллаг знішчае хлусню і сцвярджае праўду. Сапраўды, Ён ведае тое, што ў грудзях.

25. Ён – Той, Хто прымае каянне Сваіх рабоў, Хто даруе злыя ўчынкі, Хто ведае, што вы робіце.

26. Ён дае адказ тым, якія паверылі і здзяйснялі дабро, а таксама дадае ім са Сваёй шчодрасці; нявернікаў жа чакае жорсткае пакаранне.

27. Калі б Аллаг павялічыў долю Сваіх рабоў, дык яны сталі б распаўсюджваць на зямлі варожасць. Але Ён дае меры таго, чаго пажадае. Сапраўды, Ён для Сваіх рабоў – Дасведчаны і Усебачачы.

28. Ён – Той, Хто пасылае дождж пасля таго, як яны ўпадаюць у роспач, Хто распаўсюджвае Сваю літасць. Ён – Абаронца, Пахвальны.

29. Сярод Яго азнакаў – стварэнне нябёсаў і зямлі, а таксама жывых істот, якіх Ён там пасяліў. Ён прымее згуртаваць іх, калі пажадае.

30. Усялякае бедства паражае вас толькі за тое, што вы набылі сваімі рукамі; але шмат чаго Ён даруе вам.

31. Вы не здолееце ўцячы на ​​зямлі. У вас, заміж Аллага, ні абаронцы, ні памагатага.

32. Сярод Яго азнакаў – караблі ў моры, падобныя да гор.

33. Калі Ён пажадае, дык супакоіць вецер, і яны стануць нерухомымі на паверхні мора. Сапраўды, у гэтым – азнакі для кожнага трывучага, удзячнага.

34. Альбо знішчыць іх – за тое, што людзі сабе набылі. Але шмат чаго Ён даруе.

35. Тыя, якія спрачаюцца пра Нашыя азнакі, ведаюць, што не здолеюць уцячы.

36. Тое, што вам дадзена, ёсць асалодаю зямнога жыцця. А тое, што ў Аллага, з’яўляецца лепшым і векаістым – для тых, якія паверылі і спадзяюцца на свайго Госпада.

37. якія пазбягаюць цяжкіх грахоў і ўсялякіх брыдот, а калі злуюцца, дык даруюць;

38. адказваюць свайму Госпаду, выконваюць малітву, раяцца паміж сабою ў справах і ахвяруюць з таго, чым Мы надзялілі іх,

39. якія помсцяць таму, хто пакрыўдзіў іх, бо

40. адплатаю за ліха з’яўляецца такое ж ліха. Але калі хто даруе і ўсталюе мір, дык яго ўзнагароджанне будзе за Аллагам. Сапраўды, Ён не любіць прыгнятальнікаў.

41. Хто адпомсціў пасля таго, як яго пакрыўдзілі, таму няма дакору;

42. дакор з’яўляецца толькі супраць тых, якія крыўдзяць людзей і распаўсюджваюць ліха на зямлі без усялякага права. На такіх чакае пакутлівае пакаранне!

43. Калі хто трывае і даруе, дык, сапраўды, гэта і з’яўляецца рашучасцю ў справах.

44. Каго Аллаг сабе са шляху, таму ўжо не будзе абаронцы заміж Яго. Ты ўбачыш, як непакорлівыя, убачыўшы пакаранне, скажуць: «Ці няма шляху да вяртання?»

45. Ты ўбачыш, як яны пакорліва ўстануць перад агнём, употай кідаючы на ​​яго свае погляды. А тыя, якія паверылі, скажуць: «Сапраўды, страты ўведалі тыя, якія страцілі ў Дзень Ажывання і саміх сябе, і свае сем’і». Так! Сапраўды, прыгнятальнікам – векаістае пакаранне.

46. У іх не будзе абаронцаў, якія дапамаглі б ім заміж Аллага. Каго Аллаг увёў у аблуду, таму не будзе шляху.

47. Адказвайце свайму Госпаду раней, чым прыйдзе той Дзень ад Аллага, які ўжо не адцягнуць. У той Дзень не будзе ў вас прытулку, і не здолееце вы нічога запярэчыць.

48. Калі ж яны адхінуцца, дык Мы ж не паслалі цябе ахоўнікам іх. Сапраўды, ты абавязаны толькі перадаць пасланне. Сапраўды, калі Мы даем чалавеку паспытаць Нашай літасці, дык ён цешыцца. А калі яго напаткае ліха за тое, што ён зрабіў сваімі рукамі, дык чалавек робіцца няўдзячным.

49. Аллагу належыць улада над нябёсамі і зямлёю; Ён стварае, што пажадае. Ён дае дзяўчынку, каму пажадае, і дае хлопчыка, каму пажадае,

50. альбо пару – дачку і сына, а каго пажадае, пакідае безплённым. Сапраўды, Ён – Усеведаючы, Усемагутны.

51. Ці не дадзена чалавеку таго, каб з ім гутарыў Аллаг, апроч як праз адкрыццё, праз заслону альбо накіраваўшы пасланца, якомуса Свайго дазволу, адкрывае, што жадае. Сапраўды, Ён – Усявышні, Мудры.

52. Менавіта так, па Нашым загадзе, Мы адкрылі табе дух. Ты не ведаў, што такое Пісанне, што такое вера, але Мы зрабілі яго святлом, якім паказваем просты шлях тым з Нашых рабоў, каму пажадаем. Сапраўды, ты вядзеш да простага шляху – 

53. шляху Аллага, таму, каму належыць усё тое, што на нябёсах і тое, што на зямлі. Так! Да Аллага вяртаюцца ўсе справы.

 

 

Сура 43. Аз-Зухруф

(Упрыгажэнні)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Ха. Мім.

2. Клянуся выразным Пісаннем!

3. Мы зрабілі яго Каранам на арабскай мове, каб вы маглі разумець,

4. ён знаходзіцца пры Нас у Маці Пісання, узняты, поўны мудрасці.

5. Няўжо Мы забяром ад вас напамін толькі таму, што вы – людзі, якія парушаюць мяжы?

6. Колькі прарокаў Мы пасылалі да мінулых народаў.

7. Але які б прарок да іх не прыходзіў, яны з яго кпілі.

8. Мы знішчылі тых, якія мелі моцы больш за іх; ужо прайшоў прыклад мінулых народаў.

9. Калі ты спытаеш у іх, хто стварыў нябёсы і зямлю, дык яны абавязкова скажуць: «Іх стварыў Велічны, Усеведаючы».

10. Той, Хто зрабіў для вас зямлю роўняддзю і ўсталяваў на ёй дарогі, каб вы маглі ісці простым шляхам.

11. Той, Хто паслаў з неба ваду па меры; Мы адрадзілі ёй нежывую зямлю. Таксама і вы выйдзеце з магіл.

12. Той, Хто стварыў усе пары жывых істот і дарыў вам караблі і жывёлаў, на якіх вы перасоўваецеся,

13. каб вы садзіліся на іх і прыгадвалі дабрадзейства вашага Госпада, а калі сядзіце, дык казалі: «Прачысты Аллаг, Які падпарадкаваў нам гэта, бо мы самі на такое няздольныя!

14. Сапраўды, мы паварочаемся да нашага Госпада».

15. Яны прыпісалі Яму частку з Яго рабоў. Сапраўды, чалавек відавочна няўдзячны.

16. Няўжо са Сваіх твораў Ён узяў Сабе дачок, тады як вас ушанаваў сынамі?

17. Калі каго-небудзь з іх апавяшчаюць пра тое, што ён сам прыпісвае Літасціваму (г.зн. пра нараджэнне дачкі), дык яго твар цямнее і ён ледзь стрымлівае сваё сердаванне.

18. Няўжо прыпісваюць яны Аллагу туюхто вырасла ва ўпрыгажэннях і хто слабая ў спрэчцы?

19. Яны лічаць, што анёлы – рабы Аллага – жаночага роду. Няўжо яны былі сведкамі іх стварэння? Мы запішам іх сведчанні; іх пра гэтае спытаюць.

20. Яны кажуць: «Калі б Літасцівы пажадаў, дык мы не пакланяліся б ім». У іх няма пра гэтае ведаў, таму яны толькі займаюцца вымудрамі.

21. Няўжо Мы перад гэтым далі ім Пісанне, якога яны трымаюцца?

22. О не! Яны кажуць: «Сапраўды, мы знайшлі, што нашыя бацькі былі злучаныя сапраўднаю вераю, і мы ідзем па іх слядах».

23. Таксама было і раней за цябе, калі мы пасылалі ўгаворшчыка ў нейкае селішча. Яго жыхары, якія жылі ў раскошы, казалі: «Сапраўды, мы знайшлі, што нашыя бацькі былі злучаныя сапраўднаю вераю, і мы ідзем па іх слядах».

24. Ён казаў: «А калі я прыйшоў да вас з чымсьці больш слушным за тое, ува што верылі вашыя бацькі?» Але тыя адказвалі: «Мы не верым у тое, з чым вас паслалі».

25. Такім чынам, Мы пакаралі іх. Паглядзі жа, якім быў канец тых, якія ўспрымалі праўду за хлусню!

26. Вось Ібрагім сказаў свайму бацьку і свайму народу: «Сапраўды, я выракаюся таго, чаму вы пакланяецеся,

27. Апроч Таго, Хто мяне стварыў. Сапраўды, Ён павядзе мяне простым шляхам».

28. Ён зрабіў гэта словам, якое засталося ў яго нашчадкаў; магчыма, паварочаюцца на просты шлях яны.

29. Але Я дазволіў ім і іх бацькам атрымліваць асалоду ад дабротаў датуль, пакуль не прыйшла да іх праўда і ясны пасланец.

30. І калі да іх прыйшла праўда, дык яны сказалі: «Гэта – чараўніцтва. Сапраўды, мы ў гэта не верым!»

31. Яны сказалі: «Чаму гэты Каран не пасланы нейкаму вялікаму мужчыну з двух паселішчаў?»

32. Няўжо гэта яны дзеляць літасць твайго Госпада? Гэта Мы размеркавалі іх сродкі да існавання ў зямным жыцці. Адным з іх Мы даравалі перавагу над іншымі, каб адны з іх бралі сабе іншых за слуг. Літасць твайго Госпада лепш за тое, што яны сабе назапашваюць.

33. Калі б людзі не прымелі стаць адзінаю грамадою, дык Мы зрабілі б у дамах тых, якія не вераць у Літасцівага, срэбныя дахі і лесвіцы, якімі яны ўзнімаліся б,

34. такія ж дзверы і ложа ў іх дамах, на якіх яны ляжалі б,

35. а таксама ўпрыгажэнні. Сапраўды, усё гэтае – толькі даброты зямнога жыцця; жыццё апошняе чакае ў Госпада твайго на збожных.

36. А каля таго, хто адхінуўся ад згадкі Літасцівага, Мы паставім шатана, які стане яго сябрам.

37. Яны будуць адхіляць іх ад шляху Аллага, а тыя думацьмуць, што ідуць простым шляхам.

38. Калі ён прыйдзе да нас, скажа: «Калі б паміж намі была такая адлегласць, як паміж усходам і захадам! Дрэнны ты сябар!»

39. «Паколькі вы рабілі несправядлівасць, сёння не дапаможа вам тое, што пакаранне спасцігла вас разам».

40. Няўжо ты прымееш прымусіць чуць глушака, простым шляхам ісці невідучага і таго, хто знаходзіцца ў сапраўднай хлусні?

41. Мы прымеем забраць цябе, але і тады ўсё адно пакараем іх.

42. Альбо прымеем паказаць табе тое, што абяцалі ім, сапраўды, Мы маем моц над імі.

43. Трымайся ж таго, што табе адкрыта; сапраўды, ты – на простым шляху.

44. А гэта – нагадка табе і твайму народу; і хутка вас спытаюць.

45. Спытай у пасланцоў, якіх Мы пасылалі раней за цябе, хіба Мы ўсталёўвалі – побач з Літасцівым! – нейкіх іншых багоў, якім варта пакланяцца.

46. Мы паслалі Мусу з Нашымі азнакамі да Фараона і магнатаў яго народа. Ён сказаў: «Я – пасланец Госпада сусветаў!»

47. Але калі ён прыйшоў да іх з Нашымі азнакамі, яны сталі кпіць.

48. Якую азнаку Мы ім не паказвалі б, яна была большай за папярэднюю. І Мы выпрабавалі іх пакутамі – магчыма, яны паварочаюцца на просты шлях.

49. Яны сказалі: «О чараўнік! Папрасі за нас свайго Госпада – паводле таго запавету, які Ён склаў з табою. Сапраўды, тады мы пойдзем простым шляхам».

50. І калі Мы адхілілі ад іх пакаранне, яны парушылі дадзенае слова.

51. І заклікаў Фараон да свайго народа, сказаўшы: «О народзе мой! Хіба не мне належыць улада над Егіптам, і гэтыя рэкі, што цякуць пада мною? Хіба вы не бачыце?

52. Няўжо я не лепш гэтага беспатольнага, які ледзьве гаворыць?

53. Чаму не далі яму бранзалетаў з золата, і чаму з ім не прыйшлі анёлы, суправаджаючы яго?»

54. І ён палічыў свой народ легкадумным, і яны паслухаліся яго, калі ён павёў іх да аблуды. Сапраўды, яны былі непакорлівымі Аллагу людзьмі. 

55. Пасля таго ж, як яны Нас угнявілі, Мы пакаралі іх, утапіўшы іх усіх.

56. Мы зрабілі іх папярэднікамі і прыкладам для апошніх.

57. Калі сына Мар’ям прыводзяць у прыклад, твой народ пачынае гучна цешыцца.

58. І кажуць яны: «Боства нашыя лепш ці ён?» Яны прыводзяць яго табе, о Мухаммад, толькі для спрэчкі. І яны з’яўляюцца людзьмі, якія спрачаюцца.

59. Сапраўды, ён – толькі раб, якому Мы даравалі Сваю ласку і зрабілі прыкладам для сыноў Ісраіля.

60. Калі б Мы пажадалі, дык падмянілі б вас на зямлі анёламі, якія сталі б вашымі намеснікамі.

61. Сапраўды, ён – прыкмета Часу. Таму не вагайцеся ў гэтым і ідзіце за Мною! Гэта – просты шлях.

62. І няхай не адцягвае вас шатан; сапраўды, ён – сапраўдны вораг для вас.

63. Калі Іса прыйшоў з выразнымі азнакамі, ён сказаў: «Я прыйшоў да вас з мудрасцю; я растлумачу вам частку таго, пра што вы спрачаецеся. Таму бойцеся Аллага і падпарадкоўвайцеся мне!

64. Сапраўды, Аллаг – мой Госпад і ваш Госпад. Таму пакланяйцеся Яму! Гэта – просты шлях».

65. Але розныя групы пачалі спрачацца паміж сабою. Гора тым, якія былі несправядлівымі, ад пакарання пакутлівага Дня!

66. Няўжо яны чакаюць чагосьці іншага, а не Часу, які прыйдзе да іх раптоўна, калі яны не чакацьмуць гэтага?

67. У той Дзень сябры стануць ворагамі адно аднаму – апроч збожных.

68. «О рабы Мае! Сёння для вас не будзе страху, і не будзеце вы засмучаны,

69. тыя, якія паверылі ў Нашыя азнакі і былі адданымі Аллагу.

70. Увайдзіце ж да раю – вы і вашыя жонкі, цешачыся».

71. Іх абыходзіцьмуць з залатымі талеркамі і келіхамі. Там яны будуць мець усё, чаго жадаюць душы і ў чым знаходзяць асалоду вочы. Там вы будзеце павек.

72. Гэта – Рай, які вы атрымалі ў спадчыну за тое, што рабілі.

73. Чакае на вас шматлікая садавіна, якую вы будзеце мець за ежу.

74. Сапраўды, беззаконнікі павек будуць у пекле.

75. Ім не дадуць спакою; там яны будуць у роспачы.

76. Мы не былі несправядлівыя з імі; гэта яны самі былі да сябе несправядлівыя.

77. Яны будуць крычаць пякельнаму вартавому: «О Малік! Няхай твой Госпад знішчыць нас!» Ён скажа: «Вы застанецеся тут назаўжды».

78. Мы прынеслі вам праўду, але большасць з вас ненавідзяць праўду.

79Хіба яны вырашылі справу канчаткова? Сапраўды, гэта Мы прымаем канчатковае рашэнне.

80Хіба яны думаюць, што Мы не чуем іх таямніц і схаваных размоў? Нашыя пасланцы ўсё запісваюць за імі.

81. Скажы: «Калі б у Літасцівага быў сын, дык я першы пачаў бы яму пакланяцца».

82. Госпад нябёсаў і зямлі, Госпад Трона, Усячысты ад таго, што Яму прыпісваюць.

83. Пакінь іх у іх марнаслоўі ды забаўках, пакуль яны не спаткаюць свой Дзень, які ім абяцаны.

84. Ён – Бог, Якому пакланяюцца на нябёсах і БогЯкому пакланяюцца на зямлі. Ён – Мудры, Усеведаючы.

85. Блаславёны Той, Каму належыць улада над нябёсамі, зямлёю і над тым, што паміж імі! У Яго – веданне пра Час, і да Яго паварочаецеся вы.

86. Тыя, каго вы клічаце заміж Яго, не валодаюць абаронаю, апроч тых, хто сведчыць пра праўду і валодае веданнем.

87. Калі ты спытаеш іх пра тое, хто іх стварыў, яны абавязкова скажуць: «Аллаг». Як жа заблукалі яны!

88. Вось яго словы: «Госпадзе! Сапраўды, гэтыя людзі не паверылі».

89. Адхініся ж ад іх і скажы: «Мір! Хутка вы даведаецеся».

 

 

Сура 44. Ад-Духан

(Дым)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Ха. Мім.

2. Клянуся выразным Пісаннем!

3. Сапраўды, Мы паслалі яго ў блаславёную ноч. Сапраўды, Мы засцерагаем.

4. У той час вырашаецца кожная значная справа – 

5. па загадзе ад Нас. Сапраўды, Мы пасылаем пасланцоў

6. як літасць ад твайго Госпада. Сапраўды, Ён – Усечуючы, Усеведаючы,

7. Госпад нябёсаў, зямлі і таго, што паміж імі – калі вы маеце ўпэўненасць.

8. Няма бога, апроч Яго. Ён даруе жыццё і скананне; ваш Госпад і Госпад вашых продкаў.

9. Але яны ў ваганнях бавяцца.

10. Пачакай жа на той Дзень, калі неба прынясе дым, добра бачны,

11. які агорне людзей; гэта – пакутлівае пакаранне.

12. «Госпадзе наш! Адхілі ад нас пакаранне, бо, сапраўды, мы – вернікі!»

13. Адкуль у іх будзе напамін, калі тлумачальнік – пасланец ужо прыходзіў да іх,

14. але потым яны ад яго адхінуліся і сказалі: «Ён навучаны і апантаны».

15. Мы адхілім пакаранне на пэўны час; але вы ўсё адно паварочаеце да няверы.

16. У Дзень, калі Мы нанясём вялікі ўдар, Мы пакараем іх.

17. Яшчэ раней за іх Мы выпрабоўвалі народ Фараона; да іх прыйшоў шляхетны пасланец:

18. «Паварочайце мне рабоў Аллага! Сапраўды, я – пасланец да вас, варты даверу.

19. Не стаўце сябе вышэй Аллага! Сапраўды, я прыйшоў да вас з выразным доказам.

20. Я прасіў абароны ў Госпада майго і Госпада вашага, каб вы не пабілі мяне камянямі.

21. Калі вы не верыце мне, дык пакіньце мяне!»

22. І тады ён звяртаўся да Госпада свайго: «Гэтыя людзі – беззаконнікі».

23. Выйдзі з Маімі рабамі ноччу! Сапраўды, за вамі будуць гнацца.

24. Пакінь мора ў супакоі! Сапраўды, іх войскі будуць утопленыя.

25. Колькі яны пакінулі садоў і крыніц,

26. пасеваў, гожых мясцін,

27. і дабротаў, ад якіх яны атрымлівалі асалоду.

28. Вось так! Усё гэта Мы даравалі ў спадчыну іншым людзям.

29. Не плакалі па іх неба і зямля, і не далі ім адтэрміноўкі.

30. Мы выратавалі сыноў Ісраіла ад зневажальнага пакарання

31. Фараона. Сапраўды, ён быў фанабэрыстым, які шалеў з раскошыперайшоўшы межы дазволенага.

32. Валодаючы веданнем, Мы абралі іх з асяроддзя іншых жыхароў сусветаў.

33. Мы даравалі ім азнакі, у якіх ёсць сапраўднае выпрабаванне.

34. Сапраўды, гэтыя людзі кажуць:

35. «Для нас будзе толькі адно скананне. Нас не адродзяць.

36. Таму прывядзіце нашых бацькоў, калі вы кажаце праўду».

37. Няўжо яны лепш за народ Тубба і тых хто быў раней за іх? Іх мы згубілі, бо сапраўды яны былі беззаконнікамі.

38. Мы не стваралі нябёсаў, зямлю і таго, што паміж імі, дзеля забавы,

39. а Мы стварылі іх толькі ў праўдзе; але большасць людзей не ведае.

40. Сапраўды, Дзень Падзелу – тэрмін, усталяваны для ўсіх,

41. Дзень, калі блізкі нічым не дапаможа блізкаму; памагатых не будзе ні ў каго,

42. апроч тых, над кім злітуецца Аллаг. Сапраўды, Ён – Велічны, Міласэрны.

43. Сапраўды, дрэва заккум

44. будзе ежай для грэшніка

45. падобна да асадку алею яно будзе кіпець у чэраве

46. так, як кіпіць вар.

47. Схапіце яго. Цягніце да сярэдзіны пекла.

48. Скарайце яго – ліце на галаву вар.

49. Паспытай жа гэтага! Ты ж быў велічным, высакародным.

50. Вось тое, у чым вы мелі сумнеў!

51. Сапраўды, збожныя апынуцца ў бяспечным месцы.

52. Сярод садоў і крыніцаў,

53. апрануўшыся ў атлас і парчу, яны будуць сядзець адно супраць аднаго.

54. Вось так! Мы злучым іх з чорнавокімі.

55. Яны прасіцьмуць кожны плён, знаходзячыся ў бяспецы.

56. Там яны ўжо не выпрабуюць скананне – пасля таго, як адбылося першае скананне. Ён ратуе іх ад пякельнага пакарання

57. Сваёй шчодрасцю. Гэта і ёсць вялікі поспех!

58. Мы палегчылі яго на тваім языку; магчыма, задумаюцца яны.

59. Пачакай жа; бо чакаюць і яны.

 

 

Сура 45. Аль-Джасія

(Схіленыя на калені)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Ха. Мім.

2. Пісанне, паслана ад Аллага, Велічнага, Мудрага.

3. Сапраўды, на нябёсах і на зямлі – азнакі для вернікаў.

4. У стварэнні вас і іншых жывых істот, якіх Ён рассяліў – азнакі для людзей, якія ўпэўненыя.

5. У змене ночы і дня, у долі, якую Аллаг пасылае з неба і якой адраджае зямлю пасля яе сканання, у зменах вятроў – азнакі для людзей, якія разумеюць.

6. Такімі ёсць азнакі Аллага, якія Мы чытаем табе сапраўды. У які ж аповяд, калі не пра Аллага і Яго азнакі, яны вераць?

7. Гора кожнаму хлусліваму грэшніку!

8. Ён слухае азнакі Аллага, якія ты чытаеш яму, а потым узвышае сябе, быццам ніколі іх і не чуў. Паведамі ж яму добрую вестку пра пакутлівае пакаранне.

9. Калі ён даведаецца пра нейкія з Нашых азнакаў, дык пачынае з іх цешыцца. На такіх чакае зневажальнае пакаранне.

10. Перад імі будзе пекла. Не дапаможа ім ні тое, што яны сабе набывалі, ні тыя, каго яны бралі сабе як абаронцаў заміж Аллага. На іх чакае вялікае пакаранне!

11. Гэта – просты шлях. А на тых, якія не вераць у азнакі свайго Госпада, чакае пакаранне пакутлівай караю.

12. Аллаг – Той, Хто скарыў для вас мора, каб караблі плылі там па Яго загадзе і каб вы шукалі Яго ласкі; магчыма, вы будзеце дзякаваць.

13. Ён скарыў вам усё тое, што на нябёсах і на зямлі. Сапраўды, у гэтым – знак для людзей, якія думаюць.

14. Скажы вернікам, каб яны даравалі тым, хто не спадзяецца на дні Аллага, – няхай Ён адплаціць людзям за тое, што яны сабе набывалі.

15. Хто робіць дабро, робіць гэта для самога сябе. А хто робіць ліха, той чыніць супраць самога сябе. А потым усе вы паварочаецеся да свайго Госпада.

16. Мы даравалі сынам Ісраіла Пісанне, мудрасць і прароцтва, надзялілі іх дабротамі ды ўзвысілі над жыхарамі сусветаў.

17. Мы даравалі ім выразныя ўказанні – па Нашым загадзе. Праз узаемную нянавісць яны разышліся паміж сабою толькі пасля таго, як да іх прыйшло веданне. Сапраўды, у Дзень Ажывання твой Госпад разважыць паміж імі тое, пра што яны спрачаліся.

18. А потым Мы паказалі табе на дарогу – па Нашым загадзе. Ідзі ж ёю, але не ідзі за жаданнямі тых, якія не маюць ведаў.

19. Сапраўды, яны ніяк не выратуюць цябе ад Аллага. Прыгнятальнікі ёсць абаронцамі адно адных; Аллаг – Абаронца збожных.

20. Гэта – бачныя азнакі для людзей, просты шлях і літасць для ўпэўненых.

21. Няўжо тыя, якія набывалі сабе злыя ўчынкі, думалі, што Мы і пры жыцці, і пасля смерці зробім іх такімі ж, як тыя, хто паверыў і тварыў дабро? Дрэнна ж разважылі яны! 

22. Аллаг стварыў нябёсы і зямлю ў праўдзе, а таксама для таго, каб кожнай душы адплацілі за тое, што яна сабе атрымала. І ні з кім не ўчыняць несправядліва.

23. Ці ты бачыў таго, хто зрабіў богам сваё жаданне? Валодаючы веданнем, Аллаг збіў яго са шляху, запячатаў слых і сэрца, а зрок накрыў заслонаю. Хто пакажа яму на просты шлях заміж Аллага? Няўжо вы не задумаецеся?

24. Яны кажуць: «Існуе толькі нашае зямное жыццё. Мы паміраем і нараджаемся; нас знішчае толькі час». Яны не маюць пра гэта ведання. Сапраўды, гэта толькі іх здагадкі.

25. Калі ім чытаюць Нашыя выразныя азнакі, іх адзіным доказам з’яўляюцца толькі такія словы: «Прывядзіце нашых бацькоў, калі вы кажаце праўду!»

26. Скажы: «Аллаг даруе вам жыццё, потым дорыць скананне, а потым згуртуе вас у Дзень Ажывання, у якім няма сумневу; але большасць людзей не ведае».

27. Аллагу належыць улада над нябёсамі і зямлёю; У той Дзень, калі прыйдзе Час, прыхільнікі хлусні згубяць усё.

28. Ты ўбачыш, што кожная грамада ўпадзе на калені. Кожную суполку заклічуць да яе кнігі: «Сёння вам адплацяць за тое, што вы рабілі».

29. Гэта Нашае Пісанне кажа супраць вас праўду. Мы загадалі запісваць усё, што вы робіце.

30. Тых, якія паверылі і рабілі дабро, іх Госпад увядзе ў Сваю літасць. Гэта і ёсць сапраўдны поспех.

31. А тым, якія не паверылі, скажуць: «Няўжо вам не чыталі Мае азнакі? Але вы сябе ўзнімалі і былі беззаконнікамі».

32. Калі вам казалі, што абяцанка Аллага праўдзівая, і што ў Часе няма сумневу, вы адказвалі: «Мы не ведаем, што такое Час. Мы толькі маем здагадкі пра гэтае і мы не зяўляемся ўпэўненымі».

33. Ім адкрыліся іх ліхія ўчынкі і паразіла іх тое, з чаго яны кпілі.

34. Ім скажуць: «Сёння Мы забудземся на вас так, як вы забыліся пра сустрэчу з тым вашым Днём. Вашым прытулкам будзе агонь, і не будзе ў вас памагатых.

35. Гэта так, бо вы кпілі з азнакаў Аллага ды спакусіліся зямным жыццём». Сёння яны не выйдуць адтуль, і ў іх не прасіцьмуць вініцца.

36. Хвала Аллагу, Госпаду нябёсаў, Госпаду зямлі, Госпаду сусветаў!

37. Яму належыць веліч на нябёсах і на зямлі, а Ён – Велічны, Мудры.

 

 

Сура 46. Аль-Ахкаф

(Барханы)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Ха. Мім.

2. Пісанне, пасланае ад Аллага Велічнага, Мудрага.

3. Мы стварылі неба і зямлю толькі ў праўдзе і на пэўны тэрмін. Але тыя, хто не верыць, адхінаюцца ад таго, пра што іх засцерагаюць.

4. Скажыце: «Ці бачылі вы тых, каго вы клічаце заміж Аллага? Пакажыце мне, якую частку зямлі яны стварылі. Ці маюць яны саўдзел у нябёсах? Прынясіце мне Пісанне раней за гэтае, ці хоць бы нейкі адбітак ведаў, калі вы праўдзівыя».

5. Хто ж заблукаў мацней за таго, хто кліча заміж Аллага тых, якія не адкажуць яму да Дня Ажывання ды не ведаюць пра яго заклікі?

6. Калі людзі будуць згуртаваныя, яны зробяцца іх ворагамі, і яны адмовяцца ад іх пакланення.

7. Калі ты чытаеш ім Нашыя азнакі, тыя, хто не паверыў праўдзе, якая да іх прыйшла, кажуць: «Гэта – сапраўднае чараўніцтва!»

8. Няўжо яны кажуць: «Ён прыдумаў яго (г.зн. Каран)?» Скажы: «Калі я прыдумаў яго, вы не абароніце мяне ад Аллага. Ён лепш ведае пра вашыя размовы; дастаткова Яго як сведкі паміж мною і табою. І Ён – Прабачаючы, Міласэрны!»

9. Скажы: «Я не ёсць хтосьці новы сярод пасланцоў і я не ведаю, што будзе з вамі ды са мною. Я проста іду за тым, што мне адкрыта. І я нясу ад яго выразнае папярэджанне».

10. Скажы: «Як вы думаеце, калі гэта ад Аллага, а вы ў гэта не паверылі? Сведка з ліку сыноў Ісраіля сведчыў пра тое, што было падобна яму і паверыў, у той час як вы заганарыліся. Сапраўды, Аллаг не вядзе простым шляхам прыгнятальнікаў».

11. Нявернікі сказалі вернікам: «Калі б ён (Каран) быў дабром, яны б не папярэднічалі нам у гэтым». Яны не пайшлі за ім (за Каранам) простым шляхам, і таму скажуць: «Сапраўды, гэта – даўняя хлусня!»

12. Раней за яго было паслана Пісанне Мусы (Тора) – кіраўніцтва ды літасць. А гэтае Пісанне (Каран) арабскаю моваю ёсць сцвярджэнне для засцярогі прыгнятальнікаў, а таксама добрая вестка для тых, хто робіць дабро.

13. Сапраўды, тыя, якія кажуць: «Госпад наш – Аллаг», а далей йдуць простым шляхам, не будзе страху ім, і яны не будуць засмучаныя.

14. Гэта жыхары раю; яны будуць там павек – за тое, што яны здзяйснялі.

15. Мы загадалі людзям добра ставіцца да бацькоў. Маці цяжка плодаваць і нараджаць, і час ад пачатку цяжарнасці да аднімання ад грудзей займае трыццаць месяцаў. Калі чалавек дасягае паўналецця і сарака гадоў, ён кажа: «Госпадзе! Зрабі мяне ўдзячным за Тваю літасць, якую Ты даў мне ды маім бацькам, каб я рабіў добрыя ўчынкі, якімі Ты будзеш задаволены, і каб быў праведным я ды нашчадкі мае. Вінюся перад Табою; Сапраўды, я адзін з адданых Цябе!»

16. Самі яны ёсць тымі жыхарамі раю, ад якіх Мы прымаем найлепшае, што рабілі яны, і Мы даруем ім злыя ўчынкі іх; такою ёсць сапраўдная абяцанка, якую ім далі.

17. Ёсць такі, хто кажа сваім бацькам: «Фe! Няўжо вы пагражаеце мне тым, што мяне выведуць з магілы, калі яшчэ раней за мяне мінула столькі пакаленняў?» Яны просяць дапамогі ў Аллага і кажуць: «Гора цябе! Павер, бо абяцанка Аллага праўдзівая». Але ён кажа: «Гэта – толькі казкі старажытных народаў!»

18. Спраўдзілася слова пра іх ды пра джынаў і людзей з асяроддзя народаў, якія жылі раней. Яны страцілі ўсё.

19. На кожнага чакае свая прыступка – у залежнасці ад таго, што рабілі яны. Гэта так, каб яны цалкам атрымалі за свае ўчынкі, і каб ні з кім не ўчынілі непраўдзіва.

20Будзе сказана ў Дзень, калі нявернікаў паставяць перад агнём: «Вы вычарпалі свае даброты ў зямным жыцці і атрымалі ад іх часовую асалоду. Сёння вам адплацяць зневажальным пакараннем за тое, што вы без права былі пагардлівымі на зямлі ды за тое, што вы былі непакорлівымі».

21. Узгадай брата адытаў. Тут ён папярэджваў свой народ каля аль-Ахкафу, хоць засцярогі былі і да яго, і пасля яго: «Не пакланяйцеся нікому, апроч Аллага; я баюся, што пакаранне падзе на вас у Вялікі Дзень».

22. Яны адказалі: «Ты прыйшоў, каб адхінуць нас ад нашых багоў! Пакажы нам тое, чым ты пагражаеш нам, калі ты ёсць шчырым».

23. Той сказаў: «Веданне належыць толькі Аллагу, а я пераказваю вам тое, з чым мяне паслалі. Але я бачу, што вы – людзі невуцкія».

24. Калі ж яны пабачылі хмару, якая насоўвалася на іх даліны, дык сказалі: «Гэтая хмара пралье на нас дождж». О не! Вось тое, што вы намагаліся паскорыць – вецер, які нясе пакутлівае пакаранне.

25. Па загадзе свайго Госпада ён знішчае кожную рэч. І раніцай было бачна толькі іхнае жыллё. Вось так Мы ўзнагароджваем беззаконнікаў. 

26. Мы ўзмацнілі іх так, як не мацавалі вас. Мы далі ім слых, зрок і сэрцы. Але ні іх слых, ні зрок, ні сэрцы не дапамаглі ім, бо яны адмаўлялі азнакі Аллага; іх паразіла тое, з чаго яны здзекаваліся.

27. Мы ўжо знішчылі селішчы побач з вамі; Мы растлумачылі азнакі – магчыма, павяртаюцца на просты шляхяны. 

28. Чаму ж ім не дапамаглі тыя, каго яны бяруць сабе за багоў заміж Аллага, імкнучыся да Яго наблізіцца? Але ж тыя пакінулі іх. Такою ёсць іхная хлусня ды тое, што яны сабе прыдумляюць. 

29. Вось Мы паслалі да цябе некалькіх джынаў, каб яны паслухалі Каран. І калі яны зявіліся там, дык сказалі: «Моўчкі слухайце!» А калі было скончана, дык яны павярталіся да свайго народа засцерагальнымі дарадчыкамі. 

30. Яны сказалі: «О народзе наш! Сапраўды, мы слухалі Пісанне, якое паслана пасля Мусы і пацвярджае тое, што было да яго; яно вядзе да праўды ды да простага шляху.

31. О народзе наш! Дай адказ таму, хто заклікае да Аллага і паверце ў Яго. Ён прабачыць вам грахі вашыя, і ўратуе вас ад пакутлівага пакарання».

32. А хто не адкажа таму, хто заклікае да Аллага, той не здолее выратавацца на зямлі і не мецьме абаронцаў заміж Яго. Такія знаходзяцца ў сапраўднай мане.

33. Няўжо яны не бачаць, што Аллаг – Той, Хто стварыў нябёсы і не стаміўся ад іх стварэння – здольны адрадзіць нежывых? Так, Ён здольны на кожную рэч.

34Будзе сказана ў Дзень, калі нявернікаў паставяць перад агнём: «Няўжо гэта не праўда?» Яны скажуць: «Так, клянёмся нашым Госпадам!» А Ён скажа: «Паспрабуйце ж пакаранне за тое, што вы не верылі».

35. Трывай жа, як трывалі рашучыя пасланцы, і не намагайся паскорыць для іх пакаранне. У той Дзень, калі яны ўбачаць абяцанае, падумаюць, што прабылі на зямлі толькі нейкую гадзіну дня. Такім ёсць пасланне. Няўжо загіне хтосьці, апроч непакорлівых людзей?

 

 

Сура 47. Мухаммад

ухаммад)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Учынкі тых, якія не паверылі і збівалі іншых са шляху Аллага, Ён зрабіў марнымі.

2. А тым, якія паверылі і здзяйснялі дабро, якія паверылі ў тое, што паслана Мухаммаду – а яно ёсць праўдаю ад Госпада іх – Ён дараваў злыя ўчынкі іх і палепшыў справы іх.

3. Гэта так, бо тыя, якія не паверылі, пайшлі ўтроп хлусні, а тыя, якія паверылі, пайшлі ўтроп праўды ад іх Госпада. Вось так Аллаг прыводзіць людзям прыпавесці пра іх саміх.

4. А калі сустракаеце тых, якія не паверылі ў баі, сячыце іх шыі. А калі вы пераможаце іх, дык вяжыце іх моцна(беручы ў палон)А далей ці злітуйцеся над імі, ці бярыце выкуп – да таго часу, пакуль вайна не складзе свой цяжар. Так! Калі б Аллаг пажадаў, дык адпомсціў бы ім Сам, але Ён жадае выпрабаваць адных з вас іншымі. Учынкі тых, якія вядуць змаганне на шляху Аллага, Ён ніколі не зробіць марнымі,

5 а пакажа ім просты шлях і палепшыць іх справы,

6. і ўвядзе ў Рай, пра які ўжо даў ім ведаць.

7. О тыя, якія паверылі! Калі вы дапаможаце Аллагу, то і Ён дапаможа вам і ўмацуе вашыя ступні.

8. Няхай згінуць тыя, якія не вераць! Ён зробіць марнымі іх учынкі.

9. Гэта так, бо яны зненавідзелі тое, што паслаў Аллаг; Ён зрабіў бескарыснымі іх учынкі.

10. Няўжо яны не падарожнічалі зямлёю і не бачылі, якім быў канец тых, якія жылі раней за іх? Аллаг знішчыў іх. Тое ж чакае нявернікаў!

11Гэтак будзе, бо Аллаг – Абаронца вернікаў, а нявернікі не маюць абаронцы.

12. Сапраўды, тых, якія паверылі і здзяйснялі дабро, Аллаг увядзе ў сады раю, дзе струменяць рэкі. А тыя, якія не паверылі, насалоджваюцца дабротамі і спажываюць ежу, як жывёлы. Прытулкам іх будзе агонь.

13. Колькі паселішчаў, мацней за тваё паселішча, з якога цябе выгналі, мы знішчылі. У іх не было памагатага.

14. Няўжо той, хто трымаецца выразнага доказу ад свайго Госпада, роўны таму, каму здаліся цудоўнымі яго злыя ўчынкі і хто ідзе ўтроп сваіх захапленняў?

15. Такі вобраз раю, абяцанага збожным: там струменяць рэкі з вады, якая не застойваецца, рэкі з малака, якое не мяняе свайго смаку, рэкі з віна, якое дорыць асалоду тым, хто яго п’е, рэкі з ачышчанага мёду. Яны мецьмуць там кожны плод і прабачэнне ад Госпада свайго. Няўжо яны падобныя да тых, хто павек трывацьме ў пекле ды піцьме кіпень, які ірвацьме іх вантробы?

16. Сярод іх ёсць тыя, хто слухае цябе. Але калі яны выйшлі ад цябе, дык сказалі тым, каму дадзена веданне: «Што гэта ён казаў не так даўно?» Яны – тыя, чые сэрцы Аллаг запячатаў і хто ідзе ўтроп сваіх запа́лаў.

17. А тым, хто ідзе простым шляхам, Ён павялічвае Сваё кіраўніцтва і падтрымлівае ў іх збожнасць.

18. Няўжо яны чакаюць чагосьці іншага заміж Часіны, якая прыйдзе да іх раптам? Ужо з’явіліся яго прыкметы. Ці дапаможа ім нагадка, калі яна прыйдзе да іх?

19. Таму ведай, што няма бога, апроч Аллага, прасі прабачэння за свой грэх, за грэх вернікаў і верніц. Аллаг ведае пра вашую працу і пра ваш адпачынак.

20. Кажуць тыя, якія паверылі: «Чаму не пасланая сура?» А калі была пасланая выразна выкладзеная сура і згадана там змаганне, ты ўбачыў, што тыя, у чыіх сэрцах хвароба, глядзяць на цябе поглядам таго, хто страціў прытомнасць перад скананнем. Для іх лепш была б

21. пакорлівасць і добрае слова. А калі справа вырашаная, дык праўдзівасць перад Аллагам будзе лепш для іх.

22. Магчыма, калі вы адхіліцеся, дык распаўсюдзіце нелад на зямлі і разарвяце крэўныя сувязі.

23. Яны з’яўляюцца тымі, каго Аллаг пракляў і пазбавіў слыху і зроку.

24. Няўжо не разважаюць яны над Каранам? Няўжо на іх сэрцах – замкі?

25. Сапраўды, тых, якія павярталіся назад пасля таго, як ім зрабіўся зразумелым просты шлях, спакусіў шатан і ашукаў хлуслівымі надзеямі.

26. Гэта так, бо яны сказалі тым, хто зненавідзеў пасланае Аллагам: «Мы будзем падпарадкоўвацца вам у некаторых справах». І Аллаг ведае іх таямніцы.

27. А што будзе, калі анёлы забяруць іх і пачнуць біць па тварах і спінах?

28. Гэта так, бо яны пайшлі за тым, што ўгнявіла Аллага і зненавідзелі тое, чым Ён задаволены. Таму Ён зрабіў марнымі іх учынкі.

29. Няўжо тыя, у чыіх сэрцах хвароба, думаюць, што Аллаг не адкрые іх лютасці?

30. Калі б Мы пажадалі, дык паказалі б іх табе, і ты пазнаў бы іх па прыкметах іх. Але ты пазнаеш гучанне іх словаў. Аллаг ведае пра іх учынкі.

31. Мы выпрабоўвацьмем вас, пакуль не даведаемся пра тых з вас, хто вядзе змаганне і тых, хто мае трыванне; і Мы выпрабуем весці ад вас.

32. Сапраўды, тыя, якія не паверылі, збівалі іншых са шляху Аллага і супярэчылі Пасланцу пасля таго, як ім зрабіўся зразумелым просты шлях, ніяк не здолеюць пашкодзіць Аллагу, а Ён зробіць марнымі іх учынкі.

33. О тыя, якія паверылі! Падпарадкоўвайцеся Аллагу, падпарадкоўвайцеся Пасланцу ды не губляйце сваіх учынкаў.

34. Сапраўды, тыя, якія не паверылі, збівалі іншых са шляху Аллага, а потым сканалі нявернікамі, не маюцьмуць прабачэння ад Аллага.

35. Не слабніце і не заклікайце да міру, бо вы пераможаце. Аллаг – з вамі, і Ён не паменшыць вашых учынкаў.

36. Сапраўды, зямное жыццё – гэта толькі гульня і забава. Калі вы паверыце і будзеце збожнымі, Ён дасць вам узнагароджанне і не прасіцьме вашае маёмасці.

37. Але калі Ён прасіцьме яе ўпарта, і вы будзеце хцівымі, Ён выкрые вашую лютасць.

38. Вось, вас заклікаюць ахвяраваць на шляху Аллага, але некаторыя з вас хцівыя. Той, хто хцівы, хцівы толькі на шкоду сабе. Аллаг – Заможны, а вы незаможныя. Але калі вы адхіліцеся, Ён заменіць вас іншымі людзьмі, якія не будуць падобнымі да вас.

 

 

Сура 48. Аль-Фатх

(Перамога)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Сапраўды, Мы далі табе пераканаўчую перамогу,

2. каб Аллаг дараваў табе твае хібы, якія былі раней і якія будуць пасля, і каб закончыў Сваю літасць да цябе ды паказаў табе на просты шлях,

3. і каб Аллаг падтрымаў цябе вялікаю дапамогаю.

4. Ён – Той, Хто паслаў супакой у сэрцы вернікаў, каб іх вера была яшчэ мацней. Аллагу належыць войска нябёсаў і зямлі; Аллаг – Усеведаючы, Мудры.

5. І каб увесці вернікаў і верніц у райскія сады, дзе струменяць рэкі; там яны будуць павек; і каб дараваць ім іх ліхія ўчынкі. Гэта перад Аллагам – вялікі поспех!

6. І каб былі пакараныя крывадушнікі і крывадушніцы, пагане і паганкі, якія маюць злыя думкі пра Аллага – іх напаткае ліха. Аллаг угнявіўся на іх, скляў іх і падрыхтаваў для іх пекла; агіднае ж гэта месца для вяртання.

7. Аллагу належыць войска нябёсаў і зямлі; Аллаг – Велічны, Мудры.

8. Сапраўды, Мы паслалі цябе як сведку, добрага вястуна і засцерагальнага дарадчыка,

9. каб вы паверылі ў Аллага і Яго Пасланца, паважалі яго ды шанавалі, а Яго ўслаўлялі раніцай і ўвечары.

10. Сапраўды, тыя, якія прысягнуліся на пэўнасць табе, прысягнуліся на пэўнасць Аллагу. Рука (Йад)* Аллага – валадарыць над іх рукамі. А хто парушыў прысягу, той парушыў яе на шкоду самому сабе. А хто выконвае тое, пра што ён склаў запавет з Аллагам, таму Ён дорыць вялікае ўзнагароджанне.

11. Бедуіны, якія засталіся з тылу, скажуць табе: «Нам перашкодзіла нашая маёмасць і сем’і, таму папрасі для нас прабачэння». Сваімі языкамі яны кажуць тое, чаго няма ў іх сэрцах. Скажы: «Хто здолее абараніць вас ад Аллага, калі Ён пажадае прычыніць вам шкоду альбо прынесці карысць?» Сапраўды, Аллагу вядома тое, што яны робяць.

12. Але вы думалі, што Пасланец і вернікі ніколі не паварочаюцца да сваіх сем’яў. Гэта здавалася выдатным для вашых сэрцаў, і ў вас з’явіліся ліхія думкі. Былі вы гіблымі людзьмі.

13. А хто не паверыць у Аллага і Яго Пасланца, дык Мы ўжо падрыхтавалі пекла для нявернікаў.

14. Аллагу належыць улада над нябёсамі і зямлёю. Ён прабачае, каго пажадае, і карае, каго пажадае. Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

15. Калі вы рухаецеся па вайсковай здабычы, каб узяць яе, тыя, якія засталіся з тылу, скажуць: «Дазвольце і нам пайсці за вамі». Яны імкнуцца падмяніць слова Аллага. Скажы: «Вы не пойдзеце за намі, бо так яшчэ раней сказаў Аллаг». А яны скажуць: «Не, вы зайздросціце нам». Мала яны разумеюць.

16. Скажы тым бедуінам, якія засталіся з тылу: «Вас паклічуць выступіць супраць людзей, надзеленых вялікаю моцаю. Вы будзеце біцца з імі ці ж яны скорацца самі. Калі вы паслухаецеся, дык Аллаг даруе вам выдатную ўзнагароду, а калі адхіліцеся – так, як адхіляліся раней – дык Ён скарае вас пакутлівым пакараннем».

17. Няма граху на невідушчым, няма граху на кульгавым, няма граху на хворым. А хто падпарадкоўваецца Аллагу і Яго Пасланцу, таго Ён увядзе ў райскія сады, дзе струменяць рэкі. А таго, хто адхіліцца, Ён скарае пакутлівым пакараннем.

18. Аллаг быў задаволены вернікамі, калі яны прысягнулі табе пад дрэвам; Ён ведаў тое, што было ў іх сэрцах, і паслаў ім супакой і ўзнагародзіў блізкаю перамогаю

19. і багатаю вайсковаю здабычаю, якую яны захопяць. Аллаг – Велічны, Мудры.

20. Аллаг паабяцаў вам багатую вайсковую здабычу, якую вы яшчэ захопіце. Ён паскорыў гэтае для вас і ўтрымаў рукі людзей ад вас, каб гэтае было знакам для вернікаў ды паказала вам на просты шлях.

21. Будзе яшчэ і іншае, што вы да гэтага часу не здолелі, аднак Аллаг ужо атачыў гэта. Сапраўды, Аллаг здольны на кожную рэч.

22. Калі нявернікі будуць біцца з вамі, дык яны абавязкова паварочаюцца ў тыл, а потым не знойдуць сабе ні абаронцы, ні памагатага.

23. Такі закон Аллага, як гэта ўжо было раней. Ты не знойдзеш змены для закона Аллага.

24. Ён – Той, Хто ўтрымаў ад вас рукі ворагаў, а таксама і вашыя рукі; гэта было ў даліне каля Мэккі пасля таго, як Ён дазволіў вам пераадолець іх. Аллаг бачыць тое, што вы робіце.

25. Яны не сталі вернікамі, не дазволілі вам увайсці ў Запаветную Мячэць, затрымалі ахвярных жывёлаў, каб тыя не дайшлі да належнага месца. Калі б не вернікі і верніцы, якіх вы не ведалі і прымелі спляжыць па недасведчанасці і апынуцца ў цяжкім становішчы, Аллаг дазволіў бы вам увайсці ў Мэкку. Але так Ён увядзе ў Сваю літасць таго, каго пажадае. І калі б яны адлучыліся адно ад аднаго, дык Мы скаралі б нявернікаў сярод іх пакутлівым пакараннем.

26. Вось нявернікі ўклалі ў свае сэрцы ганарыстасць – ганарыстасць часоў невуцтва. І Аллаг паслаў супакой Свайму Пасланцу і вернікам, зрабіўшы іх абавязкам слова збожнасці; яны заслугоўвалі яго больш за іншых і былі вартыя яго. Аллаг жа ведае пра ўсякую рэч.

27. Аллаг паказаў Свайму Пасланцу праўдзівы сон. Калі пажадае Аллаг, вы абавязкова ўвойдзеце ў Запаветную Мячэць, знаходзячыся ў бяспецы, пагаліўшы галавы і пакараціўшы валасы, не маючы страху. Ён ведаў тое, чаго вы не ведалі, таму дараваў вам, апроч гэтай, блізкую перамогу.

28. Ён – Той, Хто адаслаў свайго Пасланца з простым шляхам і праўдзівай вераю, каб узнесці яе над усімі іншымі вераннямі. Дастаткова Аллага як Сведкі!

29. Мухаммад – Пасланец Аллага. Тыя, якія побач з ім, жорсткія да нявернікаў, але ласкавыя адно да аднаго. Ты бачыш, як яны нізка кланяюцца і схіляюцца ў паклонах, імкнучыся да шчодрасці Аллага і Яго задавальнення, іх твары пазначаныя знакамі паклонаў. Такі іх вобраз у Таўраце. А ў Інджыле іх вобраз – пасеў, на якім з’явіўся парастак. Ён умацаваў яго, ён узрос і выпрастаўся на сваім сцябле, здзіўляючы сейбітаў – каб выклікаць гэтым лютасць у нявернікаў. Аллаг абяцаў тым з іх, якія паверылі і рабілі дабро, прабачэнне і вялікую ўзнагароду.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

*Якасць (сыфат) Аллага, якая даецца без тлумачэння (тавіль) і параўнання з чалавечымі часткамі цела.

 

 

 

 

 

 

Сура 49. Аль-Худжурат

(Пакоі)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. О вы, якія паверылі! Не намагайцеся папярэдзіць Аллага і Яго Пасланца. Бойцеся Аллага, сапраўды, Аллаг – Усечуючы і Усеведаючы.

2. О вы, якія паверылі! Не ўзвышайце свае галасы над голасам Прарока і не звяртайцеся да яго так гучна, як вы звяртаецеся адно да аднаго, інакш вашыя ўчынкі стануць бескарыснымі, а вы гэтага і не адчуеце.

3. Сапраўды, тым, хто перад Пасланцом Аллага зніжае свой голас, Аллаг ачысціў сэрцы для збожнасці. На іх чакае прабачэнне і вялікае ўзнагароджанне.

4. Сапраўды, большасць тых, якія клічуць цябе з двара, не разумеюць.

5. Калі б яны мелі трыванне пачакаць датуль, пакуль ты выйдзеш, дык гэта было б лепей для іх. Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

6. О вы, якія паверылі! Калі вам з нейкаю весткаю прыйдзе непакорлівы, дык паспрабуйце ўсё праясніць. Бо праз сваё няведанне вы прымееце паразіць людзей, пра што пасля будзеце шкадаваць.

7. Ведайце, што сярод вас знаходзіцца Пасланец Аллага! Калі б ён слухаўся вас у шмат якіх справах, дык вы трапілі б у бяду. Аднак Аллаг дазволіў вам палюбіць веру, зрабіў яе выдатнаю для вашых сэрцаў і дараваў нянавісць да няверы, непакорлівасці і непаслушэнства. Менавіта такія ідуць простым шляхам – 

8. дзякуючы шчодрасці ад Аллага і Яго раскошы. Аллаг – Усеведаючы, Мудры.

9. Калі дзве групы вернікаў вядуць паміж сабою змаганне, дык пагадзіце іх. Але калі адна з іх квапіцца на іншую, дык біцеся супраць той, якая праяўляе варожасць, пакуль яна не вернецца да загаду Аллага. А калі яна вернецца, дык усталюйце паміж імі мір так, як і належыць. І будзьце бесстароннімі; сапраўды, Аллаг любіць бесстаронніх.

10. Сапраўды, вернікі – браты. Таму ўсталёўвайце мір паміж братамі вашымі і бойцеся Аллага – магчыма, злітуюцца над вамі.

11. О тыя, якія паверылі! Няхай адны людзі не кпяць з іншых – магчыма, тыя лепш за іх. І няхай адны жанчыны не кпяць з іншых – магчыма, тыя лепш за іх. Не лайце адно аднаго ды не выдумляйце абразлівых мянушак. Дрэнна ж быць непакорлівым пасля таго, як паверыў. А тыя, хто не павініўся, апынуцца прыгнятальнікамі.

12. О тыя, якія паверылі! Пазбягайце большасці здагадак, бо, сапраўды, некаторыя здагадкі з’яўляюцца грахом. Не сочыце адно за адным і не распаўсюджвайце плётак. Няўжо нехта з вас хоча есці мяса свайго скананага брата, калі гэта агідна для вас? Бойцеся Аллага, сапраўды, Аллаг – Прымаючы каянні, Міласэрны!

13. О людзі! Сапраўды, Мы стварылі вас з мужчыны і жанчыны і зрабілі вас народамі і плямёнамі, каб вы ведалі адно аднаго. Сапраўды, найшаноўнейшы з вас перад Аллагам – найбольш збожны. Сапраўды, Аллаг – Усеведаючы, Дасведчаны.

14. Бедуіны сказалі: «Мы паверылі». Скажы: «Вы не паверылі, таму кажыце: «Мы падпарадкаваліся». Бо вера яшчэ не ўвайшла ў вашыя сэрцы. Калі вы падпарадкуецеся Аллагу і Яго Пасланцу, дык Ён не паменшыць вашых учынкаў. Сапраўды, Аллаг – Усепрабачаючы, Міласэрны».

15. Вернікі – гэта толькі тыя, хто паверыў у Аллага і Яго Пасланца, а потым не меў ваганняў і вёў змаганне на шляху Аллага, ахвяруючы сваёй маёмасцю і сваёй душою. Менавіта яны з’яўляюцца праўдзівымі.

16. Няўжо вы жадаеце распавесці Аллагу пра вашую веру, тады як Аллаг ведае тое, што на нябёсах і тое, што на зямлі? Аллаг ведае пра кожную рэч.

17. Яны лічаць свой зварот да ісламу ласкаю для цябе. Скажы: «Не лічыце свайго звароту да ісламу ласкаю. Гэта Аллаг праявіў вам літасць, калі паказаў вам на шлях да веры – калі вы кажаце праўду».

18. Сапраўды, Аллаг ведае таемнае нябёсаў і зямлі. І Аллаг бачыць тое, што вы робіце.

 

 

Сура 50. Каф

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Каф. Клянуся Каранам слаўным!

2. Але яны здзіўленыя тым, што з’явіўся ўгаворшчык з асяроддзя іх саміх, і кажуць нявернікі: «Гэта – дзіўная рэч. 

3. Няўжо, калі мы сканаем і станем прахам, дык адродзімся? Гэтае вяртанне – неверагоднае».

4. Мы ведаем, што зямля адымае ў іх, але Мы маем захоўваемае Пісанне. 

5. Але адкінулі яны праўду, калі яна з’явілася ім, і сумеліся яны. 

6. Хіба не глядзелі яны на неба, што над імі, якім чынам узвялі Мы яго і ўпрыгожылі, і што няма ў ім расколін?

7. І распасцерлі Мы зямлю, усталяваўшы ўстойлівыя горы на ёй, і выгадавалі на ёй разнастайныя выдатныя расліны, 

8. каб бачыў і памятаў гэта кожны раб, які звяртаецца да Аллага

9. І паслалі Мы з неба ваду блаславёную, і выгадавалі ёй сады і збожжа пасеваў, 

10. і высокія пальмы – з плёнам, які звісае шэрагамі, 

11. у якасці ежы для Нашых рабоў. Мы адраджаем вадою нежывую зямлю, і такім жа будзе і выхад з магіл

12. Задаўга да іх народ Нуха, жыхары ар-Расса і самудыты, 

13. адыты і народ Фараона, і браты Лута, 

14. і жыхары аль-Айкі, і народ Тубба – усе яны не прызналі пасланцоў і спраўдзілася тое, што Я абяцаў. 

15. Хіба стаміліся Мы ад першага стварэння? Але яны знаходзяцца ў ваганнях адносна стварэння новага. 

16. Сапраўды, стварылі Мы чалавека, і ведаем, што шэпча яму душа, і Мы бліжэй да яго за шыйную жылу.

17. Двое пісараў запісваюць, седзячы справа і злева. 

18. Не вымавіць ані слова чалавек, каб наглядчык не быў гатовы запісаць яго. 

19. І наступяць праўдзівыя перадсмяротныя пакуты. Вось тое, што ты спрабаваў пазбегнуць. 

20. І затрубяць у Рог: «Гэта – Дзень абяцанага пакарання».

21. Прыйдзе кожная душа, а з ёй – паганяты і сведка. 

22. Сапраўды, не зважалі вы на гэтае, але знялі Мы пакрыццё з вас, таму зрок ваш востры сёння. 

23. І скажа спадарожнік душы: «Вось тое, што запісана мною».

24. Абодва вы кідайце ў пекла кожнага няверніка, упартага, 

25. супраціўніка дабра, злачынца, таго, хто вагаецца, 

26. хто паставіў сабе іншага бога разам з Аллагам. 

27. Скажа сябра-шатан: «Госпадзе наш! Я не збіваў яго са шляху праўды, ён сам знаходзіцца ў глыбокай аблудзе». 

28. Не спрачайцеся ў маёй прысутнасці, бо Я ўжо папярэдзіў вас. 

29. Не скасоўваецца слова Маё і Я не прыгнятаю сваіх рабоў. 

30. У той Дзень спытаем Мы ў пекла: «Ці ты запоўненае?» Яно адкажа: «Ці няма яшчэ чаго?» 

31. Наблізіцца рай да збожных, і будзе непадалёк ад іх

32. Гэта тое, што было абяцанае кожнаму, хто вінаваціцца і трымаецца веры, 

33. таму, хто баіцца Літасцівага таемна, і прыйшоў з сэрцам, якое звяртаецца.

34. Уваходзьце ў яго з мірам, гэта – Дзень Вечнасці. 

35. Ім – усё, што яны пажадаюць, а ў Нас – яшчэ больш за тое. 

36. Як шмат пакаленняў, мацней за іх, Мы знішчылі яшчэ раней. Шукалі яны прытулак па ўсёй зямлі. Дык ці магчыма ўцячы?

37. Сапраўды, у гэтым – напамін таму, хто мае сэрца, хто слухае і хто з’яўляецца сведкам. 

38. Сапраўды, стварылі Мы нябёсы, зямлю і тое, што паміж імі, за шэсць дзён; і не кранула Нас стомленасць. 

39. Будзь трывучым да таго, што яны кажуць, і ўслаўляй Госпада твайго да ўзыходу сонца і перад мерапрыемствам. 

40. І ноччу ўслаўляй Яго, і пасля паклонаў!

41. Прыслухайся ў той Дзень, калі вяшчальнік пачне клікаць з бліжэйшага месца, 

42. у той Дзень, калі пачуюць гоман сапраўдна. Гэта і будзе Дзень Выйсця з магіл

43. Сапраўды, гэта Мы даём жыццё і скананне, і да Нас вяртанне. 

44. У той Дзень зямля хутка расколецца для іх, калі яны будуць спяшацца. І згуртаваць іх – лёгка для Нас.

45. Мы лепш ведаем, што яны кажуць, і ты не прымушай іх. Засцерагай жа Каранам тых, хто сцеражэцца Маёй пагрозы.

 

 

Сура 51. Аз-Зарыят

(Рассяваючыя)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Клянуся тымі, якія рассяваюць!

2. Клянуся тымі, якія нясуць бярэмя!

3. Клянуся тымі, якія плывуць лёгка!

4. Клянуся тымі, якія размяркоўваюць справы!

5. Сапраўды, тое, што абяцана вам – праўда. 

6. Суд абавязкова надыдзе. 

7. Клянуся небам, па якім пракладзены шляхі!

8. Сапраўды, вы спрачаецеся паміж сабою. 

9. Але адхінаецца ад Карана той, хто збіўся са шляху. 

10. Няхай жа знікнуць хлусы 

11. і тыя, хто знаходзіцца ў цемры невуцтва!

12. Яны пытаюцца: «Калі ж прыйдзе Дзень Суда?» 

13. У той Дзень яны будуць пакараныя агнём. 

14. Паспрабуйце ж вашага пакарання, якое вы так намагаліся паскорыць. 

15. Сапраўды, збожныя будуць у райскіх садах, сярод крыніц, 

16. атрымліваючы тое, што дараваў ім Госпад іх. Сапраўды, яны пры жыцці былі шчырымі ў добрых справах, 

17. спалі толькі малую частку ночы, 

18. а перад світанкам яны малілі аб прабачэнні, 

19. і аддавалі долю маёмасці таму хто просіць і пазбаўленаму. 

20. Зямля мае азнакі для ўпэўненых людзей, 

21. а таксама ў вас саміх. Няўжо вы не бачыце?

22. А на небе – доля вашая і тое, што абяцана вам. 

23. Клянуся Госпадам неба і зямлі, што гэта – такая ж праўда, як і тое, што вы надзеленыя моваю!

24. Ці дайшло да цябе апавяданне пра шляхетных гасцей Ібрагіма?

25. Калі яны ўвайшлі да яго і сказалі: «Мір!» Ён адказаў: «Мір і вам, людзі незнаёмыя!» 

26. Ён выйшаў да сваёй сям’і і прынёс тлустае цяля. 

27. Падаўшы яго, ён спытаў: «Ці не паспытаеце?»

28. І спалохаўся іх. Яны сказалі: «Не палохайся!» І распавялі яму добрую вестку пра разумнага хлопчыка. 

29. Жонка залямантавала і пачала біць сябе па твары. І яна выгукнула: «Я старая, бясплённая». 

30. Яны адказалі: «Так кажа Госпад твой. Сапраўды, Ён – Мудры, Усеведаючы».

31Ібрагім спытаў: «Чаго ж вы жадалі, о пасланцы?»

32. «Нас паслалі да беззаконнікаў». 

33. Каб Мы наслалі на іх камяні з гліны, 

34. адзначаныя Госпадам тваім для злачынцаў. 

35. Мы вывелі адтуль вернікаў, якія былі там, 

36. і знайшлі Мы там толькі адзіную хаціну з адданымі Аллагу.

37. І пакінулі Мы там азнаку для тых, якія баяцца пакутлівага пакарання

38. Вось Мы паслалі Мусу з выразным доказам да Фараона. 

39. Але, апіраючыся на сваю моц, той адхінуўся і сказаў: «Чараўнік альбо апантаны». 

40. Таму Мы схапілі яго разам з войскам і кінулі ў моры. Годны ганьбы ж ён!

41. Вось Мы адаслалі супраць адытаў згубны вецер, 

42. які не пакідаў пасля сябе нічога, апроч праху

43. Было сказана самудытам: «Цешцеся з дабротаў да пэўнага часу». 

44. Яны не паслухаліся загаду іх Госпада. Таму паразіла іх маланка, і бачылі яны гэтае. 

45. Яны нават не змаглі падняцца, і ніхто не дапамог ім. 

46. А яшчэ раней Мы знішчылі народ Нуха – яны былі людзьмі непакорлівымі. 

47. Магутнасцю Нашай Мы стварылі неба; сапраўды, Мы – пашыраем. 

48. І Мы распасцерлі зямлю. Глядзі, як выдатна Мы яе распасцерлі!

49. З кожнай рэчы Мы стварылі пару; магчыма, апамятаецеся вы. 

50. Спяшайцеся ж да Аллага! Сапраўды, я нясу ад Яго да вас выразную засцярогу. 

51. І не рабіце побач з Аллагам іншага бога! Сапраўды, я нясу ад Яго да вас выразную засцярогу. 

52. Таксама і тыя, якія жылі раней, казалі пасланцам, якія прыходзілі да іх: «Чараўнік альбо апантаны». 

53. Няўжо яны наказвалі гэтае адно аднаму? Не, бо яны людзі, якія парушаюць. 

54. Адхініся ад іх, і цябе не будуць упікаць. 

55. І нагадвай, бо нагадка прыносіць карысць вернікам. 

56. Я стварыў джынаў і людзей толькі для таго, каб яны пакланяліся Мне. 

57. Я не жадаю ад іх долі і не маю патрэбы, каб яны жывілі Мяне.

58. Сапраўды, Аллаг – Той Хто надзяляе, Уладар магутнасці. 

59. Сапраўды, тым, якія чынілі прыгнёт – такая ж доля, як і для іх папярэднікаў. І няхай не прыспешваюць Мяне!

60. Гора нявернікам ад таго Дня, які абяцаны ім!

 

 

Сура 52. Ат-Тур

(Гара)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Клянуся гарою Сінай!

2. Клянуся кнігай, напісанай 

3. на скрутках разгорнутых!

4. Клянуся домам наведваемым!

5. Клянуся дахам узнятым!

6. Клянуся морам перапоўненым!

7. Сапраўды, пакаранне Госпада твайго абавязкова прыйдзе, 

8. і нішто не прадухіліць яго. 

9. У той Дзень неба здрыганецца, 

10. а горы пачнуць рухацца. 

11. Гора ў той Дзень тым, якія адмаўляюць праўду

12. якія патанаючы ў хлусні, гуляюць сваім марнаслоўем. 

13. У той Дзень укінуць іх у пякельны агонь. 

14. Вось – агонь, які вы адмаўлялі. 

15. Няўжо гэта чараўніцтва? Ці вы не бачыце?

16. Дык вось гарыце ў ім! Усё адно для вас, будзеце вы трывучымі ці не – аплачана вам толькі за тое, што вы рабілі. 

17. Сапраўды, збожныя будуць у райскіх садах, у асалодзе. 

18. Цешачыся з таго, што даў ім Госпад іх. Госпад захаваў іх ад пакарання пякельнага. 

19. Ежце і піце, упіваючыся асалодаю – за тое, што зрабілі вы. 

20. Ляжаць яны на ложках, расстаўленых шэрагамі, і Мы шлюбуем іх з чарнавокімі гурыямі

21. Мы згуртуем тых, якія паверылі, з нашчадкамі іх, якія ішлі за імі ў веры, і не прынізім Мы іх учынкаў. Кожны чалавек з’яўляецца закладнікам таго, што ён сабе набыў. 

22. Мы дадзім ім садавіну і мяса – такога, якога яны пажадаюць. 

23. Яны будуць перадаваць адзін аднаму келіх з пітвомад якой не бывае ні марнаслоўя, ні граху. 

24. Абыходзяць іх юнакі, падобныя да схаваных пэрлаў.

25. Вернікі будуць звяртацца адно да аднаго: 

26. «Сапраўды, раней, знаходзячыся сярод нашых сваякоў, мы баяліся, 

27. і Аллаг дараваў нам літасць і выратаваў ад пякельнага пакарання. 

28. Мы заклікалі да Яго перад гэтым; сапраўды, Ён – Добры, Міласэрны!»

29. Таму нагадвай! Паводле літасці Госпада твайго ты не праракальнік і не апантаны. 

30. Няўжо яны кажуць: «Гэта – паэт. Пачакаем да часу яго згубы».

31. Скажы: «Чакайце, і я буду чакаць разам з вамі».

32. Няўжо гэта іх розум заклікае да гэтага, альбо яны – злачынны народ?

33. Няўжо яны кажуць: «Ён выдумаў яго». О не! Не вераць яны.

34. Таму, калі вы праўдзівыя – прынясіце аповяд, падобны да яго. 

35. Ці яны з’явіліся з нічога, ці яны самі – творцы?

36. Ці яны стварылі неба і зямлю? О не, не ўпэўненыя яны. 

37. Ці ў іх – скарбніца Госпада твайго? Ці яны – яе ахоўнікі?

38. Ці яны маюць лесвіцу, на якой падслухоўваюць анёлаў? Няхай той з іх, хто штосьці падслухаў, прывядзе выразны доказ гэтаму. 

39. Няўжо Яму – дачкі, а вам – сыны?

40. Няўжо ты просіш у іх узнагароджання, а яны абцяжараны абавязкамі?

41. Няўжо яны ведаюць таемнае і запісваюць яго?

42. Ці яны расстаўляюць пасткі? Але нявернікі самі патрапляць у іх.

43. Ці ж яны маюць яшчэ нейкае боства, апроч Аллага? Усячысты Аллаг ад тых, каго надаюць Яму ў супольнікі

44. Калі яны ўбачаць, што падаюць кавалкі неба, дык скажуць: «Нагрувашчванне аблокаў».

45. Пакінь жа іх, яны сустрэнуць гэта ў той Дзень, калі прыйдзе іх загуба. 

46. У той Дзень, калі не ўратуе іх ніводнае мудрагельства іх і не будзе ім памагатых. 

47. Сапраўды, прыгнятальнікі будуць пакараныя яшчэ раней, але большасць з іх гэтага і не ведае. 

48. Трывай жа, пакуль не прыйдзе пастанова Госпада твайго, сапраўды, ты – пад Нашым поглядам. Услаўляй хвалою Госпада свайго, прачынаючыся ад сну!

49. Услаўляй Яго таксама сярод ночы і калі знікнуць зоркі!

 

 

Сура 53. Ан-Наджм

(Зорка)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Клянуся зоркаю, калі падае яна!

2. Не заблукаў ваш таварыш і не адхіліўся ад шляху 

3. І не кажа ён па прыхамаці

4. бо гэта – адкрыццё, якое адкрываецца яму. 

5. Навучыў яго гэтаму надзелены дужай моцаю анёл Джабраіль,

6. прыгожы выглядам. Ён узняўся

7. на найвышэйшы небасхіл, 

8. а потым сышоў і наблізіўся. 

9. І быў на адлегласці двух палётаў стрэл ці яшчэ бліжэй, 

10. і адкрыў рабу Яго тое, што адкрыў, 

11. і не ашукала яго сэрца ў тым, што ён бачыў.

12. Няўжо ж вы будзеце спрачацца пра тое, што ён бачыў?

13. Ён бачыў яшчэ і яго іншае сыходжанне – 

14. каля Ускрайняга лотаса (Сідрат аль-мунтага)

15. побач з якім знаходзіцца сад прытулку.

16. І тады пакрыла лотас тое, што пакрыла.

17. Не адхіліўся погляд яго і не заблукаў. 

18. Ён убачыў велізарную азнаку свайго Госпада. 

19. Ці бачылі вы аль-Лат ды аль-Уззу?

20. І яшчэ гэтую, трэцюю з іх – Манатякіх вы лічыце багінямі?

21. Няўжо вам – мужчыны, а Яму – жанчыны?

22. Такое размеркаванне было б несправядлівым. 

23. Яны – нішто іншае, як імёны, выдуманыя вамі і вашымі бацькамі. Аллаг не пасылаў пра іх ніводнага доказу. Яны ідуць толькі за здагадкамі і тым, чаго жадаюць душы, тады як просты шлях ад Госпада ўжо прыйшоў да іх. 

24. Няўжо чалавек атрымае тое, чаго жадае?

25. Аллагу належыць жыццё наступнае і сёлетняе. 

26. Колькі ж на нябёсах анёлаў, абарона якіх не прынясе аніякае карысці! Толькі некаторым Аллаг дазволіць абараніць тых, каго пажадае і кім задаволены Ён. 

27. Сапраўды, тыя, якія не вераць у наступнае жыццё, называюць анёлаў жаночымі імёнамі. 

28. У іх няма ведання пра гэтае, і ідуць яны толькі за здагадкамі, а здагадка ніяк не заменіць сабою праўду. 

29. Цякай ж ад таго, хто адхінуўся ад згадкі пра Нас і які не пажадаў нічога, апроч зямнога жыцця. 

30. Вось мяжа іх ведання. Сапраўды, Госпад твой лепей ведае тых, хто адхіліўся ад Яго шляху, і Ён лепей ведае тых, хто ідзе простым шляхам. 

31. Аллагу належыць усё, што на нябёсах і на зямлі, каб Ён адплаціў злачынцам за іх учынкі, і адгадзіў найлепшым тым, якія рабілі дабро, 

32. якія пазбягаюць вялікіх грахоў і брыдоты, апроч нязначных правін. Сапраўды, Госпад твой ахоплівае дараваннем усё. Ён лепш ведаў вас, калі тварыў вас з зямлі, і калі вы былі зародкамі ва ўлоннях маці вашых. Не ўслаўляйце саміх сябе, бо Аллаг лепш ведае тых, якія збожныя. 

33. Ты бачыў таго, хто адхінуўся, 

34. ахвяраваў мала, а потым спыніў наогул?

35. Няўжо ён ведае таемнае так, што бачыць яго?

36. Хіба яму не распавялі пра тое, што ў скрутках Мусы 

37. ды Ібрагіма, які выканаў абяцанае?

38. Ніводная душа не панясе цяжар іншае душы. 

39. Сапраўды, чалавек атрымае толькі тое, да чаго імкнецца.

40. І ўбачаць яго імкненні, 

41. а потым ён цалкам атрымае ўзнагароджанне. 

42. У Госпада твайго – канчатковая мяжа, 

43. і гэта Ён дорыць смех і плач, 

44. і гэта Ён даруе скананне і жыццё, 

45. і гэта Ён стварыў пару – мужчыну і жанчыну 

46. з кроплі, якая вывяргаецца, 

47. і гэта Яму належыць стварэнне наступнае,

48. і гэта Ён надзяляе багаццем і маёмасцю, 

49. і гэта Ён – Госпад Сірыуса, 

50. ​і гэта Ён знішчыў першых адытаў,

51. і самудытаў, не пакінуўшы нікога. 

52. А яшчэ раней за іх – народ Нуха, а яны былі яшчэ больш прыгнятальнікамі і непакорлівымі.

53. І знішчыў перакуленыя паселішчы,

54. якія накрыла тое, што накрыла. 

55. Наконт якіх жа дабрадзействаў твайго Госпада ты маеш ваганне?

56. Гэты ўгаворшчык такі ж, як і першыя ўгаворшчыкі. 

57. Надышло тое, што надыходзіць, 

58. І не прадухіліць яго ніхто, апроч Аллага.

59. Няўжо вы дзівіцеся гэтаму аповеду, 

60. цешыцеся, а не плачаце, 

61. ды яшчэ і бавіцеся?

62. Дык упадзіце ніцма ж перад Аллагам і пакланяйцеся Яму!

 

 

Сура 54. Аль-Камар

(Месяц)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Наблізіўся час, і раскалоўся месяц. 

2. Калі яны бачаць азнаку, дык адварочваюцца і кажуць: «Сапраўднае чараўніцтва!» 

3. Яны лічылі хлусамі пасланцоў ды ішлі за сваімі запаламі, але кожная справа мецьме вагу. 

4. Ужо дайшлі да іх весткі, якія ўтрымлівалі іх ад няверы. 

5. Дасканалая гэтая мудрасць. Але не было ім карысці ад засцярогі. 

6. Адхініся ж ад іх у той Дзень, калі вяшчальнік закліча да непрыемнае рэчы.

7. З поглядамі, апушчанымі ўніз, выйдуць яны з магіл – як раскіданая шаранча. 

8. Яны накіруюцца да абвяшчальнікаў, і скажуць нявернікі: «Цяжкі ж гэты Дзень!»

9. Людзі Нуха выракаліся пасланцоў яшчэ раней за іх. Успрынялі яны за хлуса раба Нашага, сказалі: «Апантаны!» – і пагражалі яму. 

10. Тады ён заклікаў да Госпада свайго: «Мяне перамаглі, таму дапамажы мне!» 

11. Мы адчынілі браму неба, і палілася адтуль вада. 

12. І Мы адкрылі ў зямлі крыніцы; і злучыліся воды, як і было прызначана. 

13. Мы панеслі Нуха на каўчэгу, збудаваным з дошак і цвікоў, 

14. і ён плыў перад Нашымі Вачыма (Біа‘Юніна)* як узнагарода тамукаму не паверылі (Нуху)

15. І Мы пакінулі яго як знак. І дзе ж той, хто павучаецца ім?

16. Якім жа было Маё пакаранне і засцярога. 

17. Мы палегчылі Каран для ўзгадвання. Дык дзе ж той, хто павучаецца ім?

18. Адыты ўспрынялі пасланца як хлуса. Якім жа было Маё пакаранне і засцярога. 

19. Калі Мы адаслалі супраць іх марозны вецер, у поўны ліха дзень. 

20. Ён зрываў з месца людзей, як ствалы пальмаў, выдраных з каранямі. 

21. Якою ж была Маё пакаранне і засцярога!

22. Мы палегчылі Каран для нагадвання. Дык дзе ж той, хто павучаецца ім?

23. Самудыты ўспрынялі засцярогу як хлусню, 

24. і сказалі: «Чалавек – такі ж, як і мы? Калі Мы пойдзем за ім, дык апынемся ў аблудзе і вар’яцтве. 

25. Няўжо сярод нас дадзены напамін толькі яму? О не, ён – фанабэрысты хлус».

26. Заўтра яны даведаюцца, хто тут фанабэрысты хлус.

27. Я паслаў вярблюдзіцу як выпрабаванне для іх. Пачакай жа і май трыванне!

28. Раскажы ім, што вада падзеленая паміж імі і вярблюдзіцаю. Няхай прыходзяць піць у пэўны час. 

29. Але яны паклікалі свайго таварыша, а ён схапіў яе і перарэзаў жылы. 

30. Якою ж было Мае пакаранне і засцярога!

31. Сапраўды, Мы даслалі супраць іх толькі адзін лямант; вось яны сталі падобныя да сена будаўніка загарадзі. 

32. Мы палегчылі Каран для нагадвання. Дык дзе ж той, хто павучаецца ім?

33. Народ Лута ўспрыняў засцярогу як хлусню, 

34. таму Мы наслалі на іх каменны дождж, і выратавалі толькі сям’ю Лута – перад світаннем, 

35. ​​як дабро ад Нас. Дык Мы адгоджваем тым, хто ўдзячны. 

36. І ён засцерагаў іх ад Нашае моцы, але яны вагаліся ў засцярозе, 

37. і патрабавалі ад яго гасцей яго. Але Мы пазбавілі зроку гэты народ. Паспытайце ж Майго пакарання і Маёй засцярогі!

38. Раніца сустрэла іх цяжкім пакараннем. 

39. Паспрабуйце Майго пакарання і Маёй засцярогі!

40. Мы палегчылі Каран для нагадвання. Дык дзе ж той, хто павучаецца ім?

41. Прыйшла засцярога і да роду Фараона. 

42. Яны палічылі ўсе Нашыя азнакі за хлусню, таму Мы паразілі іх пакараннем Велічнага, Усемагутнага. 

43. Хіба вашыя нявернікі лепш за тых? Ці, можа, вы маеце абарону, згаданую ў папярэдніх пісаннях?

44. Няўжо яны кажуць: «Мы – суполка, якая пераможа»?

45. Неўзабаве будзе разбіта суполка іх, і адхінуцца яны назад.

46. О не! Час прызначаны ім як тэрмін, і гэты час – самы цяжкі, самы гаротны.

47. Сапраўды, беззаконнікі пакутуюць і блукаюць у аблудзе. 

48. У той Дзень іх пацягнуць у агонь тварамі ўніз. «Паспрабуйце ж на смак дотык пекла!» 

49. Сапраўды, Мы стварылі кожную рэч згодна прызначэнню. 

50. Наш загад – адзіны, і выконваецца ў адно імгненне. 

51. Мы ўжо знішчылі падобных да вас. І дзе ж той, хто павучаецца гэтым?

52. Усё, што яны рабілі, змяшчаецца ў пісаннях, 

53. і запісана там і малое, і вялікае. 

54. Сапраўды, збожныя будуць у садах, сярод рэк, 

55. на сойме праўды, каля Усемагутнага Уладара. 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

*Якасць (сыфат) Аллага, якая даецца без тлумачэння (тавіль) і параўнання з чалавечымі часткамі цела.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Сура 55. Ар-Рахман

(Літасцівы)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Літасцівы 

2. навучыў Карану, 

3. стварыў чалавека, 

4. навучыў выразна размаўляць. 

5. Сонца і месяц рухаюцца па дакладным разліку. 

6. А расліны і дрэвы схіляюцца нізка. 

7. І неба высока ўзвёў Ён, і ўсталяваў вагі, 

8. каб не парушалі вы меры. 

9. Узважвайце справядліва, але не памяншайце меры!

10. І зямлю Ён раскрыў для стварэнняў

11. на якой садавіна і пальмы з гронкамі, 

12. і збожжа каласістае, і травы духмяныя. 

13. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

14. Стварыў Ён чалавека з сухой гліны, падобнай да ганчарнай, 

15. і стварыў джынаў з полымя вогненнага.

16. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

17. Госпад абодвух узыходаў і Госпад абодвух захадаў.

18. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

19. Ён стварыў два вадаёмы побач, якія не злучаюцца ў адзін.

20. Паміж імі – перашкода, каб не выходзілі яны з берагоў.

21. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

22. Атрымліваюць з іх перлы ды каралы.

23. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

24. Яму належаць караблі з ветразямі на моры, падобныя да гор.

25. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

26. Усё, што на зямлі – гіне. 

27. Векаістым з’яўляецца толькі Лік (Ваджг)* Самога Госпада твайгоВаладара сапраўднай велічы і шчодрасці. 

28. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

29. Моляць Яго тыя, хто на нябёсах і на зямлі, і Ён на кожны дзень мае справу.

30. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

31. Хутка возьмемся Мы за вас, о вы, джыны і людзі!

32. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

33. О натоўп джынаў і людзей. Калі вы прымееце перасекчы межы нябёсаў і зямлі, дык перасячыце іх, але ж не перасечаце, калі не мецьмяце ўлады. 

34. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

35. Накіруюць на вас полымя і расплаўленую медзь, і не сыдзеце вы. 

36. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

37. І калі неба расколецца і стане чырвоным, як распаленая скура. 

38. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

39. У Дзень той не спытаюць пра грэх ні людзей, ні джынаў.

40. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

41. Спазнаюць беззаконнікаў па іх прыкметах, і схопяць за ногі і валасы.

42. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

43. Вось і пекла, якое адмаўлялі беззаконнікі.

44. Блукаюць яны паміж пеклам і кіпнем.

45. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

46. А тыя, якія баяцца ўстаць перад Госпадам сваім, атрымаюць два сады.

47. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

48. З галінамі дрэваў, разлеглымі.

49. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

50. У іх знаходзяцца дзве крыніцы.

51. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

52. Там – па пары кожнага віду плёнаў.

53. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

54. Будуць ляжаць праведныя ў ложках, засланых парчою, з плёнам з двух садоў, да якіх можна дацягнуцца рукою.

55. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

56. Там будуць тыя, якія апускаюць свае погляды – не дакранаўся да іх раней ні чалавек, ні джын.

57. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

58. Падобныя яны да яхантаў і каралаў.

59. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

60. Ці плацяць за дабро, апроч як дабром?

61. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

62. Апроч тых двух ёсць яшчэ два сады.

63. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

64. Цёмна-зялёныя.

65. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

66. Там узнімаюць ваду дзве крыніцы.

67. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

68. Там розны плён – пальмы, гранаты.

69. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

70. Там – добрыя і выдатныя.

71. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

72. Чарнавокія, схаваныя ў намётах.

73. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

74. Не дакранаўся да іх раней ні чалавек, ні джын.

75. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

76. Ляжаць яны на зялёных падушках і багатых дыванах.

77. Дык якія з Гасподніх дабротаў вы лічыце хлуснёю?

78. Няхай будзе блаславенна імя Госпада твайго, Уладара велічы і шчодрасці.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

*Якасць (сыфат) Аллага, якая даецца без тлумачэння (тавіль) і параўнання з чалавечымі часткамі цела.

 

Сура 56. Аль-Вакы’а

(Падзея)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Калі надыдзе няўхільная Падзея,

2. дык ніхто не адмаўляцьме яе надыходу.

3. Яна зневажае і ўзнімае.

4. Калі здрыганецца зямля,

5. калі горы расколюцца на кавалкі,

6. і стануць раструшаным пылам,

7то вы станеце трыма гуртамі.

8. Адны людзі – справа; хто тыя, што справа?

9. Адны людзі – злева; хто тыя, што злева?

10. А тыя, што наперадзе ўсіх у добрых справах – будуць наперадзе і ва ўзнагародзе.

11. Яны і з’яўляюцца набліжанымі,

12і знаходзяцца ў садах асалоды.

13. Шмат хто з іх – першыя пакаленні,

14. а меншасць – наступныя.

15. На ложках упрыгожаных,

16. яны будуць ляжаць адно насупраць аднаго,

17. а абыходзіць іх будуць павек маладыя юнакі,

18. з чарамі, збанамі і келіхамі з крынічным напоем,

19. ад якога не баліць галава і ад якога не п’янеюць.

20. Там – плён, які яны выбіраюць,

21. птушынае мяса, якога яны пажадаюць,

22. і чарнавокія,

23. падобныя да ўтоенае жамчужыны.

24. Вось узнагароджанне за тое, што зрабілі яны.

25. І ўжо не пачуюць яны там ні марнаслоўя, ні грахоўных размоў,

26. а толькі словы: «Мір! Мір!»

27. Людзі справа – хто тыя, што справа?

28. Яны будуць сярод лотасаў, пазбаўленых шыпоў,

29. пад бананамі, на якіх шэрагамі вісіць плён,

30. у працягнутым цені,

31. сярод разлітых вод

32. і мноства садавіны,

33. якіх заўсёды дастаткова, і яны пад рукою.

34. Ім – паднесеныя дываны,

35. сапраўды, Мы стварылі іх яшчэ раз,

36. і зрабілі іх цнатлівымі,

37. любячымі аднагодкамі.

38. Гэта – для тых, хто справа.

39. Шмат хто з іх – з першых пакаленняў,

40. і шмат хто – з наступных.

41. Людзі злева – хто тыя, што злева?

42. У спякоце і ў кіпні.

43. У цені чорнага дыму,

44. ні халаджавым, ні ласкавым.

45. Раней, перад гэтым, яны атрымлівалі асалоду,

46. былі ўпартымі ў сваім граху,

47. і казалі адно аднаму: «Няўжо, калі мы сканаем і ператворымся ў прах і косткі, мы сапраўды будзем адроджаныя,

48. альбо нашы бацькі?»

49. Скажы: «Сапраўды – і першыя, і апошнія пакаленні, 

50. будуць згуртаваныя ў пэўным месцы, у прызначаны дзень».

51. А потым вы, о тыя, хто блукае і адмаўляе праўду, 

52. есцьмяце плён з дрэва заккум. 

53. Вы абавязкова напаўняцьмяце ім свае чэравы, 

54. а запіваць усё гэтае кіпнем, 

55. і піць, як асмяглы. 

56. Так накормяць іх у Судны Дзень. 

57. Мы стварылі вас. Дык чаму вы не прызнаяце уваскрашэнне?

58. Хіба вы не бачылі таго семя, якое вылучаеце?

59. Гэта вы творыце яго – ці гэта Мы творым яго?

60. Мы размеркавалі паміж вамі скананне, і ніхто не апярэдзіць Нас 

61. у тым, каб падмяніць вас падобнымі на вас і стварыць такімі, пра якіх вы і не ведаеце.

62. Вы ўжо ведаеце пра першае стварэнне. Чаму б вам не прыгадаць?

63. Ці бачылі вы тое, што вы сееце?

64. Вы гадуеце яго – ці гэта Мы гадуем яго?

65. Калі б Мы пажадалі, дык ператварылі б яго ў сухое смецце, і вы засталіся б здзіўленымі:

66. «Мы пацярпелі страты,

67. і не засталося ежы ў нас!»

68. Вы бачылі ваду, якую вы п’яце?

69. Гэта вы пасылаеце яе з дажджавой хмары – ці гэта Мы пасылаем?

70. Калі б Мы пажадалі, дык зрабілі б яе горкаю. Чаму ж вы няўдзячныя?

71. Вы бачылі агонь, які здабываеце трэннем?

72. Ці вы гадуеце дрэва для яго – ці гэта Мы гадуем яго?

73. Мы зрабілі яго напамінам і карысным для вандроўнікаў у пустэльні.

74. Услаўляй жа імя твайго Вялікага Госпада!

75. О не! Клянуся месцамі захаду зорак!

76. І гэтая клятва – калі б вы толькі ведалі – клятва вялікая. 

77. Сапраўды, гэта – Слаўны Каран, 

78. захаваны ў Кнізе. 

79. Дакранаюцца да яго толькі ачышчаныя. 

80. Пасланы ад Госпада сусветаў. 

81. Няўжо вы не верыце ў гэтае апавяданне, 

82. і робіце вы лёс ваш лёсам нявернікаў?

83. І калі душа падступае да горла 

84. і вы глядзіце на таго хто сканае

85. дык Мы бліжэй да яго, чым вы, але вы не бачыце гэтага. 

86. Дык чаму ж вы, калі не будзе сплачана вам, 

87. не паварочаеце яе? Дык калі б вы былі шчырымі!

88. Калі ён быў адным з набліжаных, 

89. дык атрымае супакой, уцеху і сад асалоды. 

90. І калі ён быў адным з тых, хто справа – 

91. Мір табе! Ты – адзін з тых, хто справа. 

92. Але калі ён быў адным з тых, якія адмаўляюць і блукаюць, 

93. дык паіць яго будуць кіпнем, 

94. і гарэць ён будзе ў агні. 

95. Вось гэта насамрэч і ёсць безумоўная праўда. 

96. Дык услаўляй імя Госпада твайго Вялікага!

 

 

Сура 57. Аль-Хадзід

(Жалеза)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Услаўляе Аллага тое, што на нябёсах і на зямлі, а Ён – Велічны, Мудры.

2. Яму належыць улада над нябёсамі і зямлёю, Ён даруе жыццё і скананне, і Ён – над усялякаю рэччу Магутны.

3. Ён – Першы і Апошні, Яўны і Таемны, і Ён ведае пра кожную рэч.

4. Ён – Той, Хто стварыў нябёсы і зямлю за шэсць дзён, а потым узвысіўся над Тронам узвышэннем улады і панавання. Ведае Ён, што ўваходзіць у зямлю і што выходзіць з яе, і што сыходзіць з неба, і што ўзнімаецца туды. Ён з вамі Сваім веданнем, дзе б вы ні былі, і бачыць Аллаг усё тое, што робіце вы.

5. Яму належыць улада над нябёсамі і зямлёю і да Аллага вяртаюцца ўсе справы.

6. Ён павялічвае ноч за кошт дня, а дзень за кошт ночы, і Ён ведае тое, што схавана ў сэрцах.

7. Паверце ў Аллага і Яго Пасланца, ахвяруйце тое, у чым Ён зрабіў вас спадчыннікамі; таму тым з вас, якія паверылі і ахвяравалі, ім – вялікае ўзнагароджанне.

8. А чаму вы не верыце ў Аллага, калі Пасланец заклікае вас паверыць у Госпада вашага і, праўдзіва, узяў Ён запавет з вамі, калі вы вернікі?

9. Ён – Той, Хто паслаў рабу свайму азнакі выразныя, каб вывесці вас з цемры да святла, і, сапраўды, Аллаг – Спачувальны і Міласэрны.

10. А чаму ж вы не выдаткоўваеце на шляху Аллага, калі Аллагу належыць спадчына нябёсаў і зямлі? Не роўныя паміж сабою тыя, якія ахвяравалі да перамогі і ўдзельнічалі ў змаганні; яны – вышэй за тых, якія ахвяравалі пазней і ўдзельнічалі ў змаганні пазней. І кожнаму абяцаў Аллаг найлепшае, і Аллагу вядома тое, што робіце вы.

11. Той, хто пазычыць Аллагу добрую пазыку, атрымае ад Аллага падвойную ўзнагароду, і яму – узнагароджанне шчодрае.

12. У той Дзень убачыш ты вернікаў, мужчын і жанчын – плыве святло іх перад імі і справа ад іх: «Вестка ўцешная сёння для вас – сады, дзе струменяць рэкі. Будзеце вы там павек». Гэта – вялікі поспех!

13. У той Дзень скажуць крывадушнікі, мужчыны і жанчыны, тым, якія паверылі: «Пачакайце, мы пазычым у вас святло!» Скажуць ім: «Вяртайцеся назад і шукайце святло». Пабудуюць паміж імі сцяну з варотамі, унутры якое літасць, а вонкі – пакаранне.

14. Будуць яны казаць: «Хіба мы не былі з вамі?» Скажуць ім: «Так, але вы самі спакушалі адно аднаго – вы чакалі, і вы вагаліся, і заахвочваліся ілжывымі надзеямі, пакуль не з’явіўся загад Аллага; і спакушаў вас супраць Аллага спакуснік.

15. Сёння не прымуць ад вас выкуп, і ад тых, якія не паверылі; ваш прытулак – агонь, які возьме ў палон вас. Агідны ж гэты прытулак!»

16. Хіба не час для тых, якія паверылі, упакорыць сэрцы свае для згадвання Аллага і таго, што падаравана з праўды, і не быць падобным да тых, каму было дадзена Пісанне раней, і чые сэрцы пачарсцвелі з часам, і большасць якіх – непакорныя?

17. Дык ведайце, што Аллаг адраджае зямлю пасля яе смерці! Мы тлумачым азнакі для вас – магчыма, зразумееце вы.

18. Сапраўды, тым мужчынам і жанчынам, якія даюць міласціну і якія пазычылі Аллагу добрую пазыку – падвоіцца яна ім і будуць яны ўзнагароджаныя шчодра.

19. І тым, якія паверылі ў Аллага і Яго Пасланцанага – праўдзівым і сведкам перад Госпадам іх – на іх чакае ўзнагароджанне і святло, а тыя, якія не паверылі і адкідвалі азнакі Нашыя, яны – жыхары пекла.

20. Ведайце, што жыццё ў гэтым свеце – толькі гульня і забава, упрыгажэнні і хвальба паміж вамі, спаборніцтвы ў павелічэнні маёмасці і дзяцей – падобна яно да дажджу, пасля якога пасевы здзіўляюць сейбіта; далей ты бачыш іх жоўтымі, а потым яны каржавеюць. А ў будучым жыцці – пакаранне моцнае альбо прабачэнне ад Аллага і Яго задавальненне. І жыццё ў гэтым свеце – нішто іншае, як даброты прывідныя.

21. Імкніцеся ж абагнаць адно аднаго ў атрыманні прабачэння ад Госпада вашага і раю, працягнутага на разлегласць неба і зямлі; прыгатаваны ён для тых, якія паверылі ў Аллага і Яго пасланцоў; гэта – шчодрасць Аллага, дорыць Ён яе, каму пажадае, і Аллаг – Уладар вялікай шчодрасці.

22. Не адбудзецца ніякага ліха ні на зямлі, ні ў вас саміх, калі яго не было ў Пісанні яшчэ да таго, як Мы створым гэтае. Сапраўды, лёгка гэта для Аллага!

23. Каб не смуткавалі вы праз тое, што вас абмінула, і не цешыліся таму, што Мы далі. Аллаг не любіць усялякага ганарліўца і самахвала,

24. якія самі скнарнічаюць і прымушаюць людзей быць скнарлівымі. А калі хто адхінаецца, дык, сапраўды, Аллаг – Заможны, Пахвальны.

25. Пасылалі Мы пасланцоў Нашых з азнакамі выразнымі, і пасылалі Мы з імі Пісанне і Вагі для таго, каб прытрымліваліся людзі справядлівасці; паслалі Мы жалеза, у якім вялікая моц і карысць для людзей – каб ведаў Аллаг, хто таемна дапамагае Яму і Яго пасланцам. Аллаг – Моцны, Велічны.

26. І, праўдзіва, пасылалі Мы Нуха і Ібрагіма, і ўсталявалі сярод нашчадкаў іх прароцтва і Пісанне. Былі сярод іх тыя, хто ішоў простым шляхам, але шмат хто з іх – непакорлівыя.

27. Потым паслалі Мы ўтроп іх Ісу, сына Мар’ям, і далі Мы яму Інджыл, і ўсялілі ў сэрцы тых, хто ішоў за ім, спагаду і літасць. А манаства яны прыдумалі самі, бо Мы не прыпісвалі яго ім, хіба як прагнуць яны задаволенасці Аллага. Але не выканалі яны і яго належным чынам. І даравалі Мы тым сярод іх, якія верылі, узнагароду, але шмат хто з іх – распуснікі.

28. О вы, якія паверылі! Бойцеся Аллага і паверце ў Яго Пасланца, і тады Ён абдорыць вас падвойнай доляй са Сваёй літасці, дасць вам святло, з якім вы будзеце ісці; і прабачыць вас, і Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

29. Няхай ведаюць людзі Пісання, што яны не маюць улады над шчодрасцю Аллага, што шчодрасць – у Яго ўладзе, і дае Ён яе таму, каму пажадае, і Аллаг – Уладар вялікай шчодрасці. 

 

 

Сура 58. Аль-Муджадаля

(Спрэчка)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Аллаг пачуў словы той, якая спрачалася з табою пра свайго мужа, і скардзілася Аллагу. Аллаг пачуў вашу размову, бо, сапраўды, Аллаг – Усечуючы, Усебачачы.

2. Тыя, якія называюць сваіх жонак хрыбетнікамі маці, хоць насамрэч тыя не з’яўляюцца маці іх, бо іх маці – тыя, якія нарадзілі іх, кажуць словы ганебныя і хлуслівыя. Сапраўды, Аллаг – Пагадлівы, Прабачаючы.

3. Тыя, якія называюць сваіх жонак хрыбетнікамі маці, а потым адмаўляюцца ад сказанага, няхай адпусцяць аднаго раба перад тым, як дакрануцца адно да аднаго. Павучаюць вас гэтым, і Аллаг ведае, што вы робіце.

4. А хто не мае раба, дык няхай посціць на працягу двух месяцаў без перапынку, перад тым, як дакрануцца да жонкі. А хто не прымее зрабіць гэтага, дык няхай накорміць шэсцьдзесят бедакоў. Усё гэта – для таго, каб паверылі вы ў Аллага і Яго Пасланца. Такія абмежаванні Аллага, а нявернікаў чакае пакутлівае пакаранне!

5. Тыя, якія варагуюць з Аллагам і Яго Пасланцом, будуць разбітыя таксама, як былі разбітыя тыя, якія жылі раней за іх. Мы выправілі выразныя азнакі, а нявернікаў чакае зневажальнае пакаранне,

6. у Дзень, калі Аллаг адродзіць іх усіх і раскажа ім пра іх учынкі. Падлічыў іх Аллаг, а яны забыліся на іх, і Аллаг – кожнай рэчы Сведка.

7. Хіба ты не бачыш, што Аллаг ведае тое, што на нябёсах і тое, што на зямлі? Не бывае таемнае размовы паміж трыма, дзе Ён не быў бы чацвёртым, паміж пяццю, дзе Ён не быў бы шостым, ці ж менш альбо больш за гэтае, без таго, каб Ён не быў з імі веданнем, дзе б яны ні былі Потым, у Дзень Ажывання, Мы паведамім ім пра іх учынкі. Аллаг – пра кожную рэч Дасведчаны.

8. Хіба не бачыў ты тых, якім была забароненая таемная гутарка? Потым усе яны павярталіся да таго, што было забаронена ім, змовіліся аб граху, непрыхільнасці і непаслушэнстве супраць Пасланца. Калі яны прыходзяць да цябе, дык вітаюцца з табою не так, як вітае цябе Аллаг, і кажуць самі сабе: «Чаму не скарае нас Аллаг за тое, што мы кажам?» Дастаткова ім пекла. Туды будуць змешчаны яны, і агіднае ж гэта месца!

9. О вы, якія паверылі! Калі гутарыце таемна, дык не размаўляйце пра грэх, варожасць альбо няпослух у адносінах да Пасланца. Размаўляйце ж пра багабойнасць і збожнасць, і бойцеся Аллага, перад якім вы будзеце згуртаваныя.

10. Сапраўды, таемная гутарка – ад шатана, які прагне засмуціць тых, якія паверылі. Але яна не прынясе ім ніякай шкоды, апроч як з дазволу Аллага. І на Аллага ўскладаюць надзеі вернікі.

11. О вы, якія паверылі! Калі вам кажуць на сходах: «Саступіць!» – дык саступіць. І надзяліў вас Аллаг яшчэ лепшым месцам. А калі вам кажуць: «Устаньце!» – дык уставайце. Аллаг даруе перавагу тым з вас, якія паверылі і тым, каму дадзена веданне. І Аллаг ведае, што вы робіце.

12. О вы, якія паверылі! Калі вы размаўляеце з пасланцам таемна, няхай міласціна папярэднічае вашай гутарцы. Гэта – лепш для вас і чысцей. А калі нічога не знойдзеце, дык Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

13. Няўжо вы баіцеся, каб міласціна папярэднічала вашай таемнай гутарцы? Калі вы не зрабілі гэтага, і Аллаг прыняў вашае каянне, дык выконвайце малітву, давайце закят, падпарадкоўвайцеся Аллагу і Яго Пасланцу. Аллаг ведае тое, што вы робіце.

14. Хіба ты не бачыў тых, якія сябруюць з людзьмі, на якіх угнявіўся Аллаг? Яны – і не з вамі, і не супраць вас, яны свядома хлусліва прысягаюць.

15. Аллаг падрыхтаваў для іх жорсткае пакаранне! Сапраўды, дрэнна тое, што яны робяць.

16. Яны зрабілі свае клятвы шчытом, і збіваюць са шляху Аллага. На іх чакае зневажальнае пакаранне!

17. Не дапаможа ім перад Аллагам нічым ні іх маёмасць, ні іх дзеці. Яны – жыхары пекла і будуць там павек.

18. У той Дзень Аллаг адродзіць іх усіх. І яны давацьмуць клятвы перад Ім, як прысягалі вам, мяркуючы, што гэта чымсьці дапаможа ім. Сапраўды, яны – хлусы.

19. Перамог іх шатан і прымусіў забыцца нават згадваць Аллага. Яны – прыхільнікі шатана, а сапраўды, прыхільнікі шатана – гэта тыя, якія маюць страты.

20. Сапраўды, тыя, якія варагуюць з Аллагам і Яго Пасланцом, апынуцца сярод зняважаных.

21. Аллаг напісаў: «Абавязкова перамогу атрымаю Я і Мае пасланцы!»

22. Ты не знойдзеш людзей, якія вераць у Аллага і Апошні Дзень, але адначасова сябруюць з тымі, хто варагуе з Аллагам і Яго Пасланцом – нават калі гэта будуць іх бацькі, сыны, браты альбо іншыя сваякі. Аллаг дараваў сэрцам іхнім веру і ўмацаваў іх духам ад Сябе. Ён увядзе іх у сады, дзе струменяць рэкі, і будуць яны там павек. Аллаг задаволены імі, і яны задаволеныя Ім. Гэта – прыхільнікі Аллагаі, сапраўды, прыхільнікі Аллага маюць поспех.

 

 

Сура 59. Аль-Хашр

(Збор)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Услаўляе Аллага тое, Што на нябёсах, і тое, Што на зямлі, а Ён – Велічны, Мудры.

2. Ён – Той, Хто вывеў нявернікаў з людзей Пісання з жытла іх падчас першага выгнання. Вы і не думалі, што яны пойдуць, а яны думалі, што іх фартэцы абароняць іх ад Аллага. І Аллаг скараў іх з іншага боку, з якога яны і не чакалі. Ён напоўніў жахам іх сэрцы. Таму яны разбуралі ўласныя жытлы сваімі рукамі і рукамі вернікаў. Няхай гэта будзе павучаннем вам, тым, хто мае вочы!

3. Калі б не загадаў ім Аллаг выгнання, дык пакараў бы смерцю іх у зямным жыцці. А ў наступным жыцці на іх чакае вогненнае пакаранне.

4. Гэта – за тое, што яны паўсталі супраць Аллага і Яго Пасланца. Да таго, хто паўстае супраць Аллага, Ён суворы ў пакаранні.

5. Тое, што вы ссеклі пальмы ці пакінулі іх і далей далі стаяць на іх каранях, – гэта толькі з дазволу Аллага і дзеля ганьбы непакорлівым.

6. І вы не скакалі на конях альбо вярблюдах да той здабычы, якую дараваў Аллаг Свайму Пасланцу, але гэта Аллаг дае ўладу пасланцам Сваім над тымі, над кім пажадае Ён. Аллаг здольны на кожную рэч.

7. Тое, што Аллаг дараваў Свайму Пасланцу ад жыхароў паселішчаў, належыць Аллагу, Пасланцу і яго сваякам, сірацінам, бедакам і падарожнікам; і каб не дасталося яно заможным сярод вас. Таму вазьміце тое, што даў вам Пасланец, але не чапайце таго, што ён забараніў вам. Сапраўды, Аллаг – суворы ў пакаранні.

8Маёмасць належыць таксама незаможным перасяленцам, якія былі выгнаныя з жылля свайго і страцілі сваю маёмасць, імкнучыся да літасці Аллага і Яго задавальнення, дзеля дапамогі Аллагу і Яго Пасланцу. Яны і з’яўляюцца шчырымі.

9. Тыя, якія жылі ў Мэдзіне раней і паверылі раней, любяць тых, хто перабраўся да іх. У іх сэрцах няма зайздрасці да таго, што атрымалі тыя. Яны прызнаюць іх перавагу, хоць і самі знаходзяцца ў патрэбе. Хто перамог сваю хцівасць, той дасягнуў поспеху.

10. Тыя, якія прыйдуць пасля іх, скажуць: «Госпадзе наш! Прабач нас і братоў нашых, якія паверылі раней за нас! І не дай сэрцам нашым споўніцца нянавісцю да тых, хто паверыў раней! Госпадзе наш! Ты – Спачувальны, Міласэрны!»

11. Ці не бачыў ты крывадушнікаў, якія кажуць сваім братам нявернікам сярод людзей Пісання: «Калі выганяць вас, дык мы абавязкова пойдзем разам з вамі, і мы не падпарадкуемся наказу ваяваць супраць вас. А калі нехта будзе змагацца супраць вас, дык мы дапаможам вам». І Аллаг сведчыць, што яны хлусяць.

12. Калі тыя і будуць выгнаныя, дык яны не пойдуць разам з імі, а калі супраць іх пачнецца змаганне, дык яны таксама не дапамогуць ім, адхінуўшыся назад. Не дапаможа ім ніхто.

13. Сапраўды, яны баяцца вас у сэрцах мацней за Аллага, бо яны – людзі, якія не разумеюць.

14. Усе разам яны не пачнуць змаганне супраць вас, хіба як у ўмацаваннях альбо за сценамі іх. І баявы запал іх з’яўляецца моцным толькі паміж імі самімі. Ты лічыш, што яны – адзіныя, але іх сэрцы раз’яднаныя. Гэта так, бо яны – людзі неразумныя.

15. Падобныя яны да тых, якія жылі неўзабаве перад імі. Тыя ж адчулі наступствы дзей сваіх, і на іх чакае пакутлівае пакаранне.

16. Падобныя яны да шатана, калі сказаў ён чалавеку: «Не вер!» І калі той стаў нявернікам, ён сказаў: «А я выракаюся ад цябе, бо я баюся Аллага, Госпада сусветаў».

17. Канец і тых, і іншых – пекла, дзе яны будуць павек. Гэта ўзнагароджанне прыгнятальнікам.

18. О вы, якія паверылі! Бойцеся Аллага, і няхай падумае кожны пра тое, што падрыхтаваў ён сабе на заўтра. Бойцеся Аллага, бо Аллаг ведае пра тое, што вы робіце!

19. Не будзьце ж такімі як тыя, хто забыўся на Аллага. Ён прымусіў іх забыцца на саміх сябе. Яны і з’яўляюцца непакорлівымі.

20. Не роўныя жыхары пекла і жыхары раю, бо менавіта жыхары раю будуць мець поспех.

21. Калі б Мы паслалі гэты Каран гары, дык ты ўбачыў бы яе пакорліва расколатаю ад боязі перад Аллагам. Гэта – прыпавесці, якія Мы прыводзім людзям; магчыма, падумаюць яны.

22. Ён – Аллаг; апроч Яго няма бога. Ён ведае таемнае і адкрытае, і Ён – Літасцівы, Міласэрны.

23. Ён – Аллаг; апроч Яго няма бога. Уладар, Прасвяты, Мірны, Верны, Хавальнік, Велічны, Усеўладны, Узняты. Усячысты Аллаг ад тых, каму пакланяюцца нароўні з Ім!

24. Ён – Аллаг; Стваральнік, Творца, Даруючы аблічча. Яму належаць выдатныя імёны, услаўляе Яго тое, што на нябёсах і на зямлі, а Ён – Велічны, Мудры.

 

 

Сура 60. Аль-Мумтахана

(Выпрабоўная)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. О вы, якія паверылі! Не бярыце сабе сябрамі Маіх ворагаў і ворагаў вашых! Вы сустракаеце іх з любоўю, тады як яны не вераць у праўду, што прыйшла да вас, выганяюць Пасланца і вас саміх за тое, што верыце вы ў Аллага, Госпада вашага. І калі вы выйдзеце змагацца на Маім шляху і шукаць Маёй літасці, дык не хавайце сваю любоў да іх. Я ж бо ведаю тое, што вы хаваеце і тое, што вы кажаце адкрыта. І хто з вас зрабіў гэтае, той сышоў са шляху праўдзівага.

2. Калі ж стануць на шляху вашым, дык будуць вам ворагамі, і будуць шкодзіць вам сваімі рукамі і словамі, жадаючы, каб вы сталі нявернікамі.

3. Не дапамогуць вам ні сваякі вашыя, ні дзеці вашыя. У Дзень Ажывання Ён разважыць паміж вамі. І Аллаг бачыць тое, што вы робіце.

4. І добры прыклад для вас Ібрагім і тыя, хто з ім, калі сказалі яны народу свайму: «Мы выракаемся ад вас і ад таго, чаму вы пакланяецеся заміж Аллага! Мы адхіляем вас і будзе паміж намі і вамі варожасць і нянавісць, пакуль не паверыце вы ў адзінага Бога!» Толькі сказаў Ібрагім бацьку свайму: «Я буду прасіць прабачэння для цябе, хоць і не маю для гэтага ўлады над тым, што належыць Аллагу. Госпадзе наш! На Цябе спадзяемся мы, і да Цябе – вяртанне.

5. Госпадзе наш! Не рабі нас выпрабаваннем для тых, якія сталі нявернікамі! Даруй нам, Госпадзе наш, сапраўды, Ты – Велічны, Мудры!»

6. Сапраўды, яны былі добрым прыкладам для вас, для тых, хто спадзяецца на вяртанне да Аллага і Апошні Дзень. А калі хто завернецца, дык Аллаг – Заможны, Пахвальны.

7. Магчыма, Аллаг злучыць любоўю вас і тых, з кім вы варагуеце. І Аллаг – Усемагутны, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

8. Аллаг не забараняе вам быць прыязнымі і бесстароннымі да тых, хто не змагаўся з вамі праз вашу веру і не выганяў вас з вашага жылля. Сапраўды, Аллаг любіць бесстаронных.

9. Аллаг забараняе вам сябраваць толькі з тымі, якія змагаліся з вамі праз веру, выганялі вас з вашага жылля і спрыялі выгнанню вашаму. А хто сябруе з імі, тыя – прыгнятальнікі.

10. О тыя, якія паверылі! Калі прыходзяць да вас верніцы, якія перабраліся, дык выпрабоўвайце іх веру. Аллаг лепш ведае, якая іх вера. Калі ж пераканаецеся вы ў тым, што яны – верніцы, дык не вяртайце іх нявернікам, бо тым забаронена браць шлюб з верніцамі, а ім – браць шлюб з нявернікамі. Таму сплаціце ім тое, што яны выдаткавалі. Няма граху вам у тым, што вы возьмеце шлюб з верніцамі пасля сплаты належнага. І не трымайцеся за шлюбныя повязі з няверніцамі і прасіце ў паганаў тое, што вы выдаткавалі. І нявернікі няхай патрабуюць тое, што яны выдаткавалі. Гэта так вырашыў для вас Аллаг, Ён вырашае паміж вамі, і Аллаг – Усеведаючы, Мудры.

11. І калі якая-небудзь з вашых жонак сышла да нявернікаў, а потым захапілі вы здабычу, дык дайце тым, каго пакінулі жонкі, столькі ж, колькі тыя сплацілі ім. І бойцеся Аллага, у Якога вы верыце!

12. О Прароча! Калі прыйдуць да цябе няверніцы і паклянуцца ў тым, што не будуць пакланяцца нікому, апроч Аллага, не будуць красці, пералюбнічаць, забіваць сваіх дзяцей, не будуць зацята трымацца хлусні, выдумляючы яе паміж сваіх рук і ног, і не будуць чыніць табе няпослух, калі заклікацьмеш іх да ўхвальнага, дык ты прымі іх клятвы і прасі для іх прабачэння ў Аллага. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

13. О тыя, якія паверылі! Не бярыце сабе сябрамі людзей, на якіх угневаўся Аллаг! Яны ўжо страцілі надзею на наступнае жыццё, як страцілі яго нявернікі, якія ляжаць у магілах.

 

 

Сура 61. Ас-Сафф

(Шэрагі)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Услаўляюць Аллага тыя, што на нябёсах, і тыя, што на зямлі, а Ён – Велічны, Мудры.

2. О вы, якія паверылі! Чаму кажаце тое, чаго не робіце?

3. Вялікая непрыязнасць у Аллага тады, калі вы кажаце, а не робіце!

4. Сапраўды, Аллаг любіць тых, якія вядуць змаганне на Яго шляху шэрагамі, падобнымі да моцнай пабудовы.

5. Вось Муса сказаў народу свайму: «О, народ мой! Чаму робіце дрэнна мне, хоць сапраўды ведаеце, што я – пасланец Аллага да вас?» І калі збіліся яны з простага шляху, то адхіліў Аллаг сэрцы іх, бо Аллаг не вядзе простым шляхам непакорлівых.

6. І калі сказаў Іса, сын Мар’ям: «О сыны Ісраіла! Я – пасланец Аллаг да вас, які пацвярджае тое, што было да мяне ў Таўраце, і паведамляе добрую вестку пра пасланца, які з’явіцца пасля мяне. Імя яго – Ахмад». А калі гэты пасланец прыйшоў з выразнымі доказамі, сказалі: «Гэта – відавочнае чараўніцтва».

7. Але хто ж большы прыгнятальнік, чым той, хто паклёпнічае на Аллага, калі яго заклікаюць да ісламу? Аллаг не вядзе простым шляхам прыгнятальнікаў.

8Прагнуць яны патушыць святло Аллага сваімі вуснамі, але Аллаг даносіць святло сваё, як бы не было б гэта праціўна нявернікам.

9. Ён – Той, Хто паслаў Пасланца Свайго з кіраўніцтвам і праўдзіваю вераю, каб перасягнула яна ўсе іншыя веранні, як бы не было б гэта праціўна паганым.

10. О вы, якія паверылі! Ці паказаць вам на справу, якая выратуе вас ад пакарання пакутлівага?

11. Паверце ў Аллага і Яго Пасланца і змагайцеся на шляху Аллага сваёй маёмасцю і жыццём. Гэта лепш для вас, калі вы разумееце.

12. Даруе Ён вам грахі вашыя і ўвядзе ў сады, дзе струменяць рэкі, і ў выдатнае жыллё ў садах Эдэну. Гэта – поспех вялікі!

13. Яшчэ ёсць і іншае, што вы любіце – дапамога ад Аллага і блізкая перамога; таму ўсцеш вернікаў добраю весткаю.

14. О вы, якія паверылі. Будзьце памагатымі Аллага, як сказаў Іса, сын Мар’ям, вучням сваім: «Хто мае памагатыя на шляху да Аллага?» Сказалі вучні: «Мы – памагатыя Аллага!» І паверыла адна частка з нашчадкаў Ісраіла, а іншая частка не паверыла. Падтрымалі Мы тых, якія паверылі, і перамаглі яны ворагаў сваіх. 

Сура 62. Аль-Джуму’а

(Сход)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Услаўляюць Аллага тыя, што на нябёсах, і тыя, што на зямлі – Уладара, Святога, Велічнага, Мудрага.

2. Ён – Той, Хто адаслаў да непісьменных пасланца з асяроддзя іх саміх. Чытае ён Яго азнакі (аяты), ачышчае іх, вучыць іх Пісанню і мудрасці, хоць раней яны знаходзіліся ў сапраўднай аблудзе.

3. І іншых сярод тых, якія яшчэ не далучыліся да іх, а Ён – Велічны, Мудры.

4. Гэта – шчодрасць Аллага, дорыць Ён яе, каму пажадае, а Аллаг валодае шчодрасцю вялікаю.

5. Тыя, якім загадана трымацца Таўрата – але потым не выканалі яны гэтага – падобныя да асла, нагружанага кнігамі. Якім жа дрэнным з’яўляецца прыклад людзей, якія лічаць хлуснёю азнакі Аллага! Аллаг не вядзе простым шляхам прыгнятальнікаў.

6. Скажы: «О вы, юдэі! Калі сцвярджаеце, што вы бліжэй да Аллага за іншых людзей, дык пажадайце сабе смерці, калі вы праўдзівыя».

7. Але не пажадаюць яны яе ніколі праз тое, што рабілі рукі іх. Аллаг ведае прыгнятальнікаў.

8. Скажы: «Сапраўды, смерць, ад якой уцякаеце вы, праўдзіва напаткае вас. Потым паварочаецеся вы да Таго, хто ведае таемнае і відавочнае, і паведаміць Ён вам пра тое, што вы рабілі».

9. О вы, якія паверылі! Калі заклікаюць вас да малітвы ў пятніцу, дык звярніцеся да згадвання Аллага і пакіньце справы гандлёвыя. Гэта лепш для вас, калі вы разумееце.

10. І калі малітва скончыцца, дык разыходзьцеся па зямлі, шукаючы літасць Аллага, і ўзгадвайце Аллага часта, магчыма, мецьмяце поспех.

11. Але калі бачаць яны гандаль ці забавы, то спяшаюцца да гэтага, пакідаючы цябе стаяць у мячэці. Скажы: «Тое, што ў Аллага, лепш за забавы і гандаль, і Аллаг – лепшы з тых, хто надзяляе!»

 

 

Сура 63. Аль-Мунафікун

(Крывадушнікі)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Калі прыходзяць да цябе крывадушнікі, яны кажуць: «Сапраўды, ты пасланец Аллага!» Аллаг ведае, што ты, сапраўды, Яго Пасланец, і Аллаг сведчыць, што крывадушнікі – хлусы.

2. І зрабілі клятвы сваёй заслонаю і збіваюць са шляху Аллага. Сапраўды дрэнна тое, што яны робяць!

3. Гэта таму, што яны спачатку паверылі, а потым – не. Запячатаныя іх сэрцы, і яны не разумеюць.

4. Калі ты глядзіш на іх, прыгажосць іх целаў захапляе цябе, і калі яны кажуць, дык ты слухаеш іх. Але яны падобныя да бярвёнаў, якія прыхіленыя да сцяны, і кожны крык успрымаюць як пагрозу для сябе. Яны ворагі, таму пільнуйся іх. Няхай згубіць іх Аллаг! Як жа яны падаліліся!

5. Калі кажуць ім: «Прыходзьце, каб папрасіў прабачэння для вас Пасланец Аллага!» – дык яны толькі матляюць сваімі галавамі на знак адмовы, і ты бачыш, што яны пыхліва адхінаюцца.

6. Усё адно для іх, прасіцьмеш прабачэння за іх, ці не. Аллаг ніколі не прабачыць іх, бо Аллаг не вядзе простым шляхам людзей непакорлівых.

7. Яны – тыя, хто кажа: «Не ахвяруйце для тых, хто з Пасланцом Аллага, пакуль не пакінуць яны яго!» І Аллагу належаць скарбы нябёсаў і зямлі, хоць крывадушнікі гэтага і не разумеюць.

8. Яны кажуць: «Калі мы паварочаемся ў Мэдзіну, дык моцныя сярод нас выганяць адтуль слабых». Моц жа належыць Аллагу, Пасланцу і вернікам, хоць крывадушнікі гэтага і не ведаюць.

9. О вы, якія паверылі! Няхай не адцягвае вас маёмасць вашая і дзеці вашыя ад згадкі імя Аллага, бо тыя, якія робяць так, выпрабуюць страты.

10. Выдаткоўвайце з таго, чым Мы надзялілі вас, раней за прыбыццё да кагосці з вас сканання. Бо тады ён скажа: «Госпадзе! Калі б ты адтэрмінаваў мне ненадоўга, дык я даваў бы міласціну і быў бы сярод праведных!»

11. Аллаг ніколі не адтэрміноўвацьме тым, чый час прыйшоў. І Аллаг ведае, што вы робіце. 

 

 

Сура 64. Ат-Таґабун

(Узаемны разлік)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Услаўляе Аллага тое, што на нябёсах, і тое, што на зямлі. Яму належыць улада, Яму належыць моц, і Ён – над кожнай рэччу Усемагутны.

2. Ён – Той, Хто стварыў вас. Ёсць сярод вас нявернікі, і ёсць сярод вас вернікі. І Аллаг бачыць тое, што вы робіце.

3. Ён стварыў нябёсы і зямлю ў праўдзе, надаў вам аблічча і зрабіў вашае аблічча выдатным. І да Яго – вяртанне.

4. Ён ведае, што на нябёсах і на зямлі; Ён ведае тое, што вы хаваеце і тое, што адкрываеце. І Аллаг ведае тое, што ў сэрцах.

5. Хіба не даходзілі да вас весткі пра тых, якія не верылі ў мінулым і паспыталі на смак наступствы ўчынкаў сваіх?

6. Гэта – таму, што калі прыходзілі да іх пасланцы з выразнымі азнакамі, дык яны казалі ім: «Няўжо такія ж людзі павядуць нас шляхам простым?» Таму яны не паверылі і адхінуліся. І Аллаг не мае патрэбы ў іх; сапраўды, Аллаг – Заможны, Пахвальны.

7. Нявернікі думаюць, што яны ніколі не адродзяцца. Скажы: «Не! Клянуся Госпадам маім, вы адродзіцеся, а потым, сапраўды, паведамяць вам пра ўчынкі вашыя. Гэта для Аллага лёгка!»

8. Паверце ж у Аллага, Яго Пасланца і святло (рэлігію), якое паслалі Мы! І Аллаг ведае тое, што вы робіце.

9. У той дзень Ён згуртуе вас для Дня Сходу. Гэты Дзень будзе Днём узаемнага разліку паміж жыхарамі раю і пекла (альбо раскрыцця самападману). І тым, хто верыў у Аллага і рабіў дабро, будуць дараваныя яго ліхія ўчынкі, і ўвядуць яго ў сады, дзе струменяць рэкі. Будуць яны там павек, і гэта – вялікі поспех!

10. Тыя, што не паверылі і лічылі азнакі Нашыя хлуснёю, яны – жыхары пекла. Будуць яны там павек і жахлівы ж гэты канец!

11. Бяздолле не спасцігае без дазволу Аллага. І для сэрца таго, хто паверыў у Аллага, Ён пакажа верны шлях. Аллаг – пра кожную рэч Дасведчаны.

12. І Падпарадкуйцеся Аллагу, і падпарадкуйцеся Пасланцу! А калі вы адхіліцеся, дык Пасланцу належыць толькі перадаць адкрыццё.

13. Аллаг! Няма бога, апроч Яго, і няхай на Аллага ўскладаюць надзеі вернікі!

14. О вы, якія паверылі! Сапраўды, сярод жанчын вашых і дзяцей вашых ёсць вашыя непрыяцелі. Пільнуйцеся ж іх! А калі вы прабачыце іх, злітуецеся над імі і даруеце ім, дык Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

15. Вашы дзеці і вашая маёмасць – толькі спакуса. А ў Аллага – вялікае ўзнагароджанне.

16. Бойцеся Аллага, наколькі здолееце, слухайце і падпарадкоўвайцеся, і ахвяруйце дзеля сваёй жа даброты! Перамаглі тыя, якія захавалі сябе ад хцівасці.

17. І калі дасце вы Аллагу добрую пазыку, дык Ён верне вам яшчэ большую, і даруе вам. А Аллаг – Удзячны, Стрыманы.

18. Ведаючы таемнае і адкрытае, Велічны, Мудры.

 

 

Сура 65 Ат-Таляк

(Развод)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. О Прароча! Калі разжэньваецеся вы з жанчынамі, дык разжэньвайцеся з імі ў адпаведнасці з усталяваным перыядам, прытрымлівайцеся яго і бойцеся Аллага, Госпада вашага. Не выганяйце іх з жылля іх, і няхай і яны не выходзяць з яго, хіба як учыняць яны распусту відавочную. Такія абмежаванні Аллага. Хто парушае абмежаванні Аллага, той абыходзіцца несправядліва ў адносінах да самога сябе. Ты не ведаеш – а раптам Аллаг вырашыць потым інакш?

2. Калі ж прыйдзе ўстаноўлены тэрмін, дык пакіньце іх у сябе з мірам альбо разыдзіцеся з імі мірам. Паклічце для гэтага сведкамі двух слушных мужоў з вас і прынясіце сведчанне перад Аллагам. Гэтыя навучанні для таго, хто верыць у Аллага і Апошні Дзень. Хто баіцца Аллага, таму Ён дае выхад, 

3. і надзяляе адтуль, адкуль той і не чакае. Таму, хто ўскладае надзеі на Аллага, дастаткова Яго. Аллаг даводзіць да канца выкананне загаду Свайго і Ён для кожнай рэчы стварыў ейную меру.

4. Для тых з вашых жонак, у каго спыніліся аплавы, у выпадку ваганняў вашых – тэрмін у тры месяцы. Гэта таксама для тых, якія не дасягнулі ўзросту аплаў. У цяжарных жа ён займае час да родаў іх. А таму, хто баіцца Аллага, таму Ён палегчыць справы.

5. Гэта – загад Аллага, які Ён даў вам. І хто баіцца Аллага, таму Ён даруе грахі яго і павялічыць яму ўзнагароджанне.

6. Мясціце іх там, дзе жывяце самі, наколькі вам дазваляе ваш прыбытак. Не рабіце ім шкоды, каб не рабіць яшчэ цяжэй. Калі ж цяжарныя яны, дык утрымлівайце іх да тых часоў, пакуль не народзяць яны. Калі ж жывяць яны грудзямі дзяцей вашых, дык давайце ім узнагароджанне іх і райцеся паміж сабою па-добраму. Калі ж гэта будзе цяжка для вас, дык запрашайце карміцельку.

7. Няхай уладальнік дастатку выдаткоўвае ў адпаведнасці з дастаткам сваім; а каму цяжка гэта, дык няхай выдаткоўвае з дадзенага яму Аллагам. Бог не патрабуе з чалавека больш ад таго, што Ён даў яму. І Аллаг даруе палёгку пасля цяжкасцяў.

8. О колькі ж жыхароў паселішчаў не паслухаліся загаду іх Госпада і Яго пасланцоў! Мы адплацілі ім жорсткаю адплатаю, і скаралі іх цяжкім пакараннем!

9. Яны адчулі наступствы сваіх учынкаў. Іх учынкі сталі стратнымі.

10. Аллаг падрыхтаваў ім жорсткае пакаранне. Таму бойцеся Аллага, о вы, якія маюць розум, якія паверылі! Аллаг дараваў вам напамін

11. праз Пасланца, які чытае выразныя азнакі Аллага вам, каб вывесці тых, якія паверылі і здзяйснялі добрыя справы, з цемры да святла. Хто паверыць у Аллага і рабіцьме дабро, той увойдзе ў сады, дзе струменяць рэкі. Яны будуць там павек! Аллаг ужо дараваў ім выдатную долю.

12. Аллаг – Той, Хто стварыў сем нябёсаў і столькі жа зямель. Узыходзіць паміж імі загад для таго, каб вы ведалі, што Аллаг здольны на кожную рэч, і што Ён ахоплівае кожную рэч веданнем. 

 

 

Сура 66. Ат-Тахрым

(Забарона)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. О Прароча! Чаму ты, імкнучыся дагадзіць сваім жонкам, забараняеш тое, што дазволіў табе Аллаг? Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.

2. Праўдзіва, усталяваў Аллаг вам шлях адступлення ад клятваў вашых. Аллаг – Абаронца ваш, Усеведаючы, Мудры.

3. І калі паведаміў таемна Прарок адной са сваіх жонак навіну, дык яна распавяла гэта іншай. Але адкрыў Аллаг яму гэта. Распавёў ёй частку Прарок, а частку схаваў. І калі распавёў ёй гэта, яна спытала: «Хто паведаміў табе гэта?» Сказаў ён: «Паведаміў Усеведаючы і Дасведчаны».

4. Калі абедзве вы павініцеся перад Аллагам, дык гэта будзе лепш – так падаліліся вашыя сэрцы. А калі аб’яднаецеся вы супраць яго, то, сапраўды, Аллаг яго Абаронца, і Джыбрыл, і праведныя вернікі, а пасля гэтага – анёлы.

5. Магчыма, калі разлучыцца ён з вамі, дык Госпад заменіць вас жонкамі, лепш за вас – адданых Аллагу, верніцамі, пакорлівымі, тымі, якія віняцца, пакланяюцца, посцяць – як тымі, што былі ў шлюбе, так і цнатлівымі.

6. О вы, якія паверылі! Беражыце сябе і сем’і свае ад пекла, палівам якога з’яўляюцца людзі і камяні, над якімі анёлы – суворыя і моцныя, якія не ўхіляюцца ад таго, што Аллаг загадаў ім.

7. О вы, якія не паверылі! Не выбачайцеся сёння, адплацяць вам толькі за тое, што вы рабілі.

8. О вы, якія паверылі! Павініцеся перад Аллагам каяннем шчырым! Магчыма, Госпад адпусціць вам грахі вашыя і ўвядзе вас у сады, дзе струменяць рэкі. У той Дзень Бог не прынізіць Прарока і тых з іх, якія паверылі. Святло іх будзе ісці наперадзе іх і справа ад іх. «Дай нам цалкам святло нашае і даруй нам, сапраўды, Ты здольны на кожную рэч».

9. О Прароча! Вядзі змаганне з нявернікамі і крывадушнікамі, будзь жорсткім з імі! Прыстанкам іх будзе пекла, і жахлівым ёсць такі канец.

10. Прывёў Аллаг прыклад тых, якія не паверылі: жонку Нуха і жонку Лута. Яны былі за двума Нашымі праведнымі рабамі. Але яны здрадзілі іх, таму не пазбавілі мужчыны іх на пакаранне Аллага, і сказана ім: «Увайдзіце ў пекла разам з іншымі!»

11. І прывёў Аллаг прыклад тых, якія паверылі – жонку Фараона, калі яна сказала: «Госпадзе! Узвядзі мне прыТабе дом у Раі! Выбаві мяне ад Фараона і яго ўчынкаў! І выратуй мяне ад народа беззаконнага

12. І Мар’ям, дачка Імрана, якая захавала некранутасць улоння свайго, і ўдыхнулі Мы ў яго ад Духа Нашага(стварыўшы ва ўлонні яе Ісу); успрыняла як праўду яна словы Госпада яе і Пісанне Яго, і была яна з асяроддзя адданых.

 

 

Сура 67. Аль-Мульк

(Улада)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Бласлаўлёны Той, у Якога знаходзіцца ўлада – Ён здольны на кожную рэч! – 

2. Той, Хто стварыў жыццё і скананне, каб выпрабаваць вас – чые ўчынкі будуць лепшымі? А Ён – Велічны, Прабачаючы,

3. Той, Хто стварыў сем нябёсаў – адно над адным. Ты не ўбачыш у тварэнні Літасцівага неадпаведнасці. Паглядзі яшчэ раз – бачыш хоць нейкую расколіну?

4. Паглядзі яшчэ раз і яшчэ раз; знясіліўшы, твой погляд стомлена вернецца да цябе.

5. Мы ўпрыгожылі ніжняе неба свяцільнямі і пабіваючы імі камянямі шатанаў. Мы падрыхтавалі для іх пякельнае пакаранне.

6. І для тых, хто не паверыў у Госпада свайго, Мы падрыхтавалі пакаранне пеклам. Брыдкае ж гэта месца для вяртання!

7. Калі іх кінуць туды, яны пачуюць грукат ад яе кіпення.

8. Яна ледзь не разрываецца ад лютасці. Кожны раз, калі туды ўкідваюць натоўп, яе вартавыя будуць пытацца: «Няўжо да вас не прыходзіў засцерагальны?»

9. Тыя скажуць: «Так, прыходзіў. Але мы прынялі яго за хлуса і сказалі: «Аллаг нічога не пасылаў, а вы трапілі ў глыбокую хлусню!»

10. І яшчэ скажуць: «Калі б мы хацелі пачуць ці зразумець, дык не былі б сярод жыхароў полымя!»

11. Яны прызнаюць свой грэх. Няхай адыйдуць жыхары пекла!

12. Сапраўды, на тых, якія таемна баяцца свайго Госпада, чакае прабачэнне і вялікае ўзнагароджанне.

13. Ці схаваеце вы свае словы, альбо прамовіце іх адкрыта – Ён будзе ведаць, што ў грудзях.

14. Няўжо гэтага не ведацьме Той, Хто ўсё стварыў, Праніклівы, Дасведчаны?

15. Ён – Той, Хто зрабіў зямлю пакорлівай для вас. Хадзіце ж рознымі бакамі і ежце з Яго долі; да Яго паварочаецеся вы.

16. Хіба вы ў бяспецы ад таго, што Аллаг Усявышні не прымусіць зямлю раптоўна скалануцца і паглынуць вас?

17. Няўжо вы ў бяспецы ад таго, што Аллаг Усявышні не нашле на вас віхор, які асыпле вас камянямі? Тады вы даведаецеся, якою была засцярога!

18. Тыя, якія жылі раней за іх, успрынялі гэта як хлусню. Якая ж была адплата!

19. Няўжо яны не бачылі птушак, якія разгортваюць і складаюць крылы? Толькі Літасцівы ўтрымлівае іх. Сапраўды, Ён бачыць кожную рэч.

20. Хто прымее быць вашым войскам і дапамагчы вам заміж Літасцівага? Сапраўды, спакусілі нявернікаў.

21. Хто прымее надзяліць вас, калі Ён утрымае Сваю долю? О не! Яны застаюцца ў спрэчцы і адхінаюцца.

22. Хто на правільным шляху – той, хто апусціў галаву ці той, хто ідзе простым шляхам, трымаючы выправу?

23. Ён – Той, Хто выгадаваў вас і дараваў вам слых, зрок і сэрца; мала вы дзякуеце!

24. Скажы: «Ён – Той, Хто парассяляў вас на зямлі і да каго вы будзеце згуртаваныя.

25. Яны пытаюцца: «Калі прыдзе абяцанае, калі вы кажаце праўду?»

26. Скажы: «Сапраўды, веданне – толькі ў Аллага. А я толькі нясу ад Яго да вас выразную засцярогу».

27. Калі яны ўбачаць гэта побач з сабою, дык іх твары зробяцца маркотнымі. Ім скажуць: «Вось – тое, што вам абяцалі».

28. Скажы: «Як вы думаеце, а калі Аллаг знішчыць мяне і тых, хто са мною, ці злітуецца над намі, дык хто выратуе нявернікаў ад пакутлівага пакарання?»

29. Скажы: «Ён – Літасцівы! У Яго мы паверылі і на Яго мы ўскладаем надзеі. Хутка вы даведаецеся, хто апынуўся ў сапраўднай хлусне».

30. Скажы: «А калі вашая вада пойдзе ўглыб зямлі, дык хто даруе вам крынічную ваду?»

 

 

Сура 68. Аль-Калям

(Трысціна для пісьма)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Нун. Клянуся калямам і тым, што пішуць!

2. Ты не з’яўляешся апантаным па літасці Госпада твайго.

3. Сапраўды, на цябе чакае невычэрпная ўзнагароджанне!

4. І, сапраўды, ты – добрага звычаю.

5. Убачыш і ты, убачаць і яны,

6. каго менавіта зачаравалі.

7. Сапраўды, твой Госпад лепш ведае тых, хто збіўся з Яго шляху, і Ён лепш ведае тых, хто ідзе простым шляхам.

8. Не падпарадкоўвайся тым, хто абвінавачвае цябе ў хлусні.

9. Яны жадаюць, каб ты ішоў на саступкі, тады пайшлі б на саступкі і яны.

10. Не падпарадкоўвайся ўсякаму мярзотніку, які дае шмат клятваў;

11. ганьбавальнік, які распаўсюджвае плёткі;

12. прагнаму да дабротаў, парушальніку, грэшніку,

13. жорсткаму, які яшчэ і ўсхваляе сябе,

14. нават калі ў яго будзе багацце і дзеці.

15. Калі яму чытаюць Нашыя азнакі (аяты), ён кажа: «Казкі старажытных народаў!»

16. Мы затаўруем яго грубы нос!

17. Сапраўды, Мы выпрабавалі іх так, як выпрабавалі ўладальнікаў саду, калі тыя пакляліся, што раніцай абавязкова сарвуць плён, 

18. але не сказалі абмоўкі.

19. Але ноччу, калі яны спалі, сад паразіла пакаранне твайго Госпада.

20. І раніцай сад быў падобны да цёмнай ночы.

21. На досвітку яны пачалі крычаць адно аднаму:

22. «Хадзіце на вашае поле, калі вы жадаеце сабраць плён!»

23. Вось яны рушылі туды, шэпчучы адно аднаму:

24. «Не ўпускайце туды сёння ніводнага бедака».

25. Яны ішлі туды з намерам, упэўненыя ў сваёй моцы.

26. Але калі яны ўбачылі сад, сказалі: «Няўжо мы заблукалі?

27. О не! Мы панеслі страты!»

28. Самы кемлівы сярод іх сказаў: «Няўжо я не казаў вам, што трэба было праславіць Аллага?»

29. А тыя адказалі: «Прачысты Госпадзе наш! Мы былі несправядлівымі!»

30. Яны звярнуліся адно да аднаго, кажучы:

31. «Гора нам! Мы былі парушальнікамі!

32. Магчыма, наш Госпад даруе нам нешта лепшае за гэтае. Сапраўды, Мы звяртаемся да Госпада свайго!»

33. Вось такое пакаранне, а ў наступным жыцці пакаранне будзе яшчэ мацней! Калі б яны толькі ведалі!

34. Сапраўды, збожных у іх Госпада чакаюць сады асалоды.

35. Няўжо Мы прыраўноўваем адданых да грэшнікаў?

36. Што з вамі? Як вы судзіце?

37. Няўжо ў вас ёсць пісанні, адкуль вы вывучылі,

38. што мецьмяце сабе ўсё, што пажадаеце?

39. Няўжо ў вас ёсць Нашыя клятвы – працягласцю да Дня Ажывання! – што вы мецьмяце сабе ўсё, што вырашыце?

40. Спытай у іх, хто здолее за гэта паручыцца.

41. Няўжо ў іх ёсць саўдзельнікі? Няхай прывядуць сваіх саўдзельнікаў, калі яны кажуць праўду.

42. У той Дзень, калі раскрыецца галёнка (дзень цяжару, жаху і жалю, калі таемнае стане відавочным[17]), іх заклічуць упасці ніцма, але яны не здолеюць гэтага зрабіць.

43. Іх погляды панурацца ўніз; іх паразіць знявага. Але іх заклікалі да паклону яшчэ тады, калі яны былі ў бяспецы.

44. Пакінь Мяне з тымі, хто лічыць гэты аповяд хлуснёю. Мы паступова зацягнем іх у пакаранне так, што яны гэтага і не адчуюць. 

45. Я даў ім адтэрміноўку; сапраўды, пакаранне, якое Я падрыхтаваў для іх, непахіснае!

46. Няўжо ты просіш у іх узнагароджання, а яны абцяжараныя пазыкамі?

47. Няўжо побач з імі – схаванае, якое яны запісваюць?

48. Трывай жа, пакуль не прыйдзе пастанова Госпада твайго! Не будзь падобным да чалавека ў рыбе, які клікаў Госпада, стрымліваючы смутак.

49. Калі б яго не дасягнула літасць ад Госпада, яго выкінула б на пустынную зямлю, і ён быў бы варты папроку.

50. Але Госпад абраў яго і зрабіў адным з праведных.

51. Нявернікі гатовыя збіць цябе сваім поглядам, калі чуюць напамін (Каран). І кажуць: «Сапраўды, ён – апантаны

52. Але гэта – толькі напамін для жыхароў сусветаў.

 

 

Сура 69. Аль-Хакка

(Непазбежнае)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Непазбежнае.

2. Што такое непазбежнае?

3. А адкуль табе ведаць, што такое непазбежнае?

4. Самудыты і адыты лічылі ліха хлуснёю.

5. Самудыты былі знішчаныя крыкам. 

6. Адыты былі знішчаныя лютым марозным ветрам.

7. Ён прымусіў яго бесперапынна доўжыцца сем начэй і восем дзён. Ты прымеў бы ўбачыць людзей, скінутых на зямлю – як паваленыя гнілыя пальмы.

8. Ці бачыш ты хоць нейкі след ад іх?

9. І Фараон, і тыя, якія жылі раней яго, і перакуленыя паселішчы – усе былі зацятымі грэшнікамі.

10. Яны не паслухалі пасланца свайго Госпада, і Ён пакараў іх мацней за іншых.

11. Сапраўды, калі вада выйшла з берагоў, Мы панеслі вас у караблі,

12. каб гэта было напамінам для вас і каб да гэтага прыслухалася вуха таго, хто здольны запомніць.

13. А калі трубяць у рог, усяго адзін раз,

14. калі зямля і горы ўзнімуцца, адначасова разрываючыся на кавалкі,

15. у той Дзень здарыцца Падзея.

16. І расколецца неба, якое будзе ў той Дзень кволым.

17. Па яго краях будуць анёлы. У той Дзень восем панясуць над сабою Трон твайго Госпада.

18. У той Дзень вы станеце перад Ім, і ніводная з вашых тайн не будзе схаваная.

19. Той, хто атрымае сваю кнігу ў руку, скажа: «Вось! Чытайце маю кнігу!

20. Я ведаў, што атрымаю сваю ўзнагароду».

21. Ён мецьме жыццё, якім будзе задаволены,

22. у высокім райскім садзе,

23. плады якога схіляюцца нізка.

24. Ежце і піце на ўцеху – за тое, што вы рабілі ў папярэднія дні. 

25. Той, хто атрымае сваю кнігу ў левую руку, скажа: «Лепш бы мне не давалі гэтай кнігі,

26. тады я не ведаў, што такое адплата.

27. Лепш бы гэта быў канец!

28. Не дапамагло мне багацце маё!

29. Страціў я сваю ўладу!»

30. Схапіце яго і закуйце ў кайданы!

31. А потым кіньце яго ў пекла!

32. Пасадзіце яго на ланцуг даўжынёй у семдзесят локцяў!

33. Ён не верыў у Вялікага Аллага,

34. не заклікаў жывіць бедака.

35. Сёння ў яго няма блізкага сябра,

36. і, апроч бруду, няма ежы.

37. Яго спажываюць толькі ўпартыя грэшнікі.

38. О не! Клянуся тым, што вы бачыце

39. і тым, чаго не бачыце,

40. што гэта – словы слаўнага пасланца,

41. а не словы паэта. Мала ж вы веруеце!

42. І не словы вешчуна. Мала ж вы задумляецеся!

43. Дар ад Госпада сусветаў.

44. Калі б Ён загадаў нам нейкія словы,

45. Мы схапілі б яго за правіцу,

46. а далей перарэзалі б яму сардэчную жылупазбавіўшы жыцця,

47. і ніхто з вас не абараніў бы яго.

48. Сапраўды, гэта – напамін для збожных,

49. але Мы ведаем, што сярод вас ёсць тыя, хто ўспрымае праўду як хлусню.

50. Сапраўды, гэта – гора для нявернікаў.

51. Сапраўды, гэта – безумоўная праўда.

52. Так услаўляй жа імя твайго Вялікага Госпада!

 

 

Сура 70. Аль-Ма’арыдж

(Усходы)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Нехта спытаў пра пакаранне, якое спасцігае

2. нявернікаў. Ніхто не здолее адцягнуць яго

3. насуперак Аллагу, Уладару ўсходаў.

4. Анёлы і Дух узыходзяць да Яго на працягу дня, які доўжыцца пяцьдзясят тысяч год.

5. Праяўляй жа годнае трыванне!

6. Яны бачаць яе далёкай,

7. а Мы бачым яе блізкай.

8. У той Дзень неба стане падобным на алейны асадак,

9. а горы – на воўну. 

10. Блізкі сябар не звернецца да блізкага сябра,

11. хоць яны і будуць бачыць адно аднаго. У той Дзень беззаконнік захоча адкупіцца ад пакарання сваімі сынамі,

12. сваёй жонкаю і братам,

13. і родам, які даваў яму прытулак,

14. і ўсімі жыхарамі зямлі – толькі для таго, каб потым выратавацца.

15. Не! Гэта – полымя,

16. якое здзірае скуру з галавы.

17. Яно пакліча тых, хто адварочваўся і сыходзіў,

18. хто назапашваў і хаваў.

19. Сапраўды, чалавек створаны нетрывучым.

20. Калі закране яго ліха, дык ён упадае ў неспакой,

21. а калі закране дабро, дык робіцца хцівы;

22за выключэннем багамольцаў,

23. якія сталыя ў сваіх малітвах,

24. якія аддаюць са сваёй маёмасці вядомую долю

25. беспатольнаму і бяздольнаму,

26. якія вераць у Судны Дзень

27. і якія трымцяць перад пакараннем свайго Госпада, –

28. сапраўды, не знайсці бяспекі ад пакарання Госпада! – 

29. якія берагуць сваю цнатлівасць ад усіх, 

30. апроч жонак і тых, кім авалодалі іх правіцы; і няма ім папроку за гэта! – 

31. а хто выходзіць за межы гэтага, тыя – злачынцы.

32А тыя, якія захоўваюць даверанае ім і пагадненні,

33. якія трымаюцца сваіх сведчанняў

34. і якія пільныя да сваіх малітваў, –

35менавіта на іх чакае пашана ў райскіх садах.

36. А што будзе з тымі, якія не паверылі і бягуць наперадзе цябе 

37. натоўпамі – справа і злева?

38. Няўжо кожны з гэтых людзей прагне, каб яго ўвялі ў сад асалоды?

39. Не! Мы стварылі іх з таго, пра што вы ведаеце.

40. Не! Клянуся Госпадам усходу і захаду, што Мы здольныя

41. падмяніць іх на лепшых, і ніхто Нас не пераважыць!

42. Пакінь іх сам-насам, няхай займаюцца сваімі размовамі і забавамі – да таго часу, пакуль яны не сустрэнуць той свой Дзень, які ім абяцаны.

43. Дзень, калі яны хутка выйдуць з магіл, нібы спяшаючыся да сваіх ахвярнікаў.

44. Іх погляды будуць апушчаныя долу; іх напаткае прыніжэнне. Такім будзе Дзень, які ім абяцаны. 

 

 

Сура 71. Нух

(Ной)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Сапраўды, паслалі Мы Нуха да яго народа: «Засцерагай народ свой, пакуль не паразіць яго пакаранне пакутнае

2. Ён сказаў: «О народзе мой! Сапраўды, я насамрэч той, хто засцерагае вас».

3. Пакланяйцеся Аллагу, бойцеся Яго, і скарайцеся мне,

4. каб дараваў Ён вам грахі вашыя, і адтэрмінаваў вам на пэўны час. Сапраўды, калі абяцаны Аллагам час настане, дык не будзе ўжо адтэрміноўкі. Калі б вы толькі ведалі!»

5. Сказаў Нух: «Госпадзе! Сапраўды, заклікаў я народ свой ноччу і днём.

6. Але заклік мой прывёў толькі да іх уцёкаў.

7. І, сапраўды, кожны раз, калі я заклікаў іх дзеля таго, каб Ты прабачыў іх, яны ўкладвалі ў свае вушы пальцы і ўкрываліся вопраткаю, настойліва трымаліся свайго і паводзілі сябе напышліва.

8. Потым я заклікаў іх адкрыта,

9. нанова заклікаў іх публічна, і меў зносіны з імі таемна, 

10. кажучы: «Прасіце прабачэння ў Госпада вашага, сапраўды, Ён – Прабачаючы!

11. Пашле Ён з неба вам шчодры дождж,

12. дапаможа вам багаццем і сынамі; і надзеліць вас садамі, і надзеліць вас рэкамі.

13. Дык чаму ж не паважаеце веліч Аллага, 

14. калі ствараў Ён вас паступова?

15. Ці не бачыце Вы, як стварыў Аллаг сем нябёсаў – адно над адным?

16. І зрабіў Ён месяц святлом, а сонца – свяцілам.

17. І Аллаг выгадаваў вас з зямлі, нібы расліны,

18. а потым верне вас туды і выведзе вас адтуль.

19. І Аллаг зрабіў для вас зямлю дываном,

20. каб хадзілі вы па ёй шляхамі разлеглымі».

21. Сказаў Нух: «Госпадзе мой! Яны не паслухаліся мяне, і пайшлі за тым, чыё багацце і дзеці не павялічаць ім нічога, апроч стратаў.

22. І задумалі яны цяжкую змову.

23. І сказалі: не пакідайце багоў сваіх – не пакідайце ні Вадда, ні Сува, ні Ягуса, ні Яўка, ні Насра.

24. Шмат каго яны збілі са шляху праўды. Таму не памнажай прыгнятальнікам нічога, апроч хлусні!»

25. За свае грахі патанулі яны і былі апушчаны ў агонь, і не знайшлі яны сабе памагатых заміж Аллага.

26. І сказаў Нух: «Госпадзе мой! Не пакінь на зямлі ніводнага няверніка!

27. Сапраўды, калі Ты пакінеш іх, дык саб’юць яны са шляху праўды рабоў Тваіх, і толькі памножаць колькасць грэшных нявернікаў.

28. Госпадзе Мой! Прабач мяне і бацькоў маіх, а таксама тых, хто ўваходзіў у мой дом вернікам; і вернікаў, і верніц. Не павялічвай прыгнятальнікам нічога, апроч як гібелі!»

 

 

Сура 72. Аль-Джынн

(Джыны)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Скажы: «Мне адкрыта, што некалькі джынаў пачулі гэта і сказалі: сапраўды, мы слухалі дзіўны Каран,

2. які паказвае на дарогу простую; мы паверылі ў яго і не станем дадаваць нашаму Госпаду нікога ў пакланенні.

3. Наш Госпад вышэй за ўсё; Ён не браў сабе ні жонкі, ні дзіцяці.

4. Неразумны сярод нас казаў пра Аллага празмернае,

5. а мы думалі, што ні людзі, ні джыны не будуць узводзіць намову на Аллага.

6. Мужчыны сярод людзей шукалі абарону ў джынаў-мужчын, але тыя толькі павялічвалі іх грэх.

7. Яны думалі таксама, як і вы, што Аллаг нікога не адродзіць.

8. Мы дасягнулі неба, але ўбачылі, што яно запоўнена суворымі вартавымі і палаючымі свяціламі. 

9. Раней мы сядзелі ў засадзе, каб падслухоўваць. Але хто падслухае цяпер, той знойдзе, што на яго чакае палаючае свяціла.

10. Мы не ведаем, ці жадалася ліха для тых, хто на зямлі, ці іх Госпад пажадаў ім простага шляху.

11. Ёсць сярод нас праведныя, а таксама іншыя. Мы ідзём рознымі шляхамі.

12. Мы ведаем, што не здолеем выратавацца ад Аллага на зямлі, і што не здолеем уцячы ад Яго.

13. Калі мы пачулі пра шлях просты, дык паверылі ў яго. А хто верыць у Госпада свайго, той не баіцца ні стратаў, ні прыгнёту.

14. Ёсць сярод нас як адданыя Аллагу, так і тыя, якія адхіліліся. А хто звярнуўся да ісламу, той накіраваўся простым шляхам.

15. Тыя, якія адхіліліся, будуць палівам для пекла».

16. Калі б яны неадчэпна трымаліся шляху, дык Мы далі б ім досыць вады,

17. каб гэтым выпрабаваць іх. А таго, хто адхінаецца ад напаміну Госпада свайго, Ён вядзе да цяжкага пакарання.

18. Месцы пакланення належаць Аллагу, таму не клічце побач з Аллагам нікога!

19. Калі раб Аллага падняўся і заклікаў Яго, яны згуртаваныя вакол яго.

20. Скажы: «Я заклікаю Аллага і не дадаю Яму нікога ў пакланенні!»

21. Скажы: «Я не маю ўлады ні прычыніць вам шкоду, ні накіраваць вас на просты шлях».

22. Скажы: «Ніхто не абароніць мяне ад Аллага, і я не знайду прытулак ні ў каго іншага.

23. Я толькі прынёс тое, што перадае Аллаг, а таксама Яго пасланне. А хто не паслухаецца Аллага і Яго Пасланца, на тых чакае агонь пекла, дзе яны будуць павек».

24. Калі яны ўбачаць тое, што ім абяцана, дык даведаюцца, чые памагатыя кволыя і малыя па колькасці.

25. Скажы: «Я не ведаю, блізка тое, што вам абяцана, альбо Госпад адтэрмінаваў яго».

26. Ён ведае таемнае і не адкрывае яго нікому,

27. апроч тых пасланцоў, якімі Ён задаволены і да якіх прыстаўляе варту – спераду і з тылу,

28. каб даведацца, ці данеслі яны пасланне Госпада свайго. Ён спасцігае ўсё, што здараецца з імі, Ён палічыў кожную рэч.

 

 

Сура 73. Аль-Муззамміль

(Загорнуты)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. О загорнуты!

2Выконвай малітву ўсю ноч, апроч пэўнага часу – 

3. палову ночы, трохі менш за гэтае, 

4. альбо больш. Чытай Каран мерна!

5. Мы абавязкова дамо табе важкае слова!

6. Сапраўды, малітва ноччу больш моцная і больш выразная. 

7. Сапраўды, днём ты доўга заняты іншым. 

8. Згадвай жа імя Госпада твайго і цалкам аддай сябе Яму!

9. Госпад усходу і захаду; няма бога, апроч Яго. Вазьмі ж Яго сваім Абаронцам!

10. Праяўляй трыванне да іх словаў і годна пазбягай іх.

11. Пакінь Мяне з тымі, якія лічаць праўду хлуснёю і цешацца дабротамі; дай ім невялікую адтэрміноўку. 

12. Сапраўды, мы маем кайданы і пекла, 

13. ежа, якая храсне ў горле, а таксама пакутлівае пакаранне. 

14. У той Дзень зямля і горы здрыгануцца, а самі горы стануць як пагоркі з сыпкага пяску.

15. Мы выправілі да вас пасланца як сведку супраць вас – таксама, як Мы выпраўлялі пасланца да Фараона.

16. Але Фараон не пачуў пасланца, і Мы моцна схапілі яго.

17. Як жа вы выратуецеся – калі не паверыце – у той Дзень, калі стануць сівымі малыя дзеці?

18. Тады расчыніцца неба і абяцанка будзе выкананая.

19. Сапраўды, гэта – напамін. І хто пажадае, той стане на шлях да свайго Госпада.

20. Сапраўды, твой Госпад ведае, што і ты, і тыя, хто з табою, выконваеце малітву на працягу дзьвюх трацін ночы, паловы альбо траціны. Аллаг вызначае ноч і дзень. Ён ведае, што вы не здолееце злічыць гэтага, і прымае вашае каянне. Чытайце з Карана тое, што лацвей вам! Ён ведае, што некаторыя з вас хварэюць, некаторыя падарожнічаюць зямлёю, шукаючы ласкі Аллага, а іншыя – вядуць змаганне. Чытайце ж з яго тое, што лацвейвамВыконвайце малітву, давайце закят і давайце Аллагу добрую пазыку! Якое б дабро вы ні згатавалі сабе, знойдзеце яго ў Аллага як найлепшае і вялікае ўзнагароджанне. Прасіце ж прабачэння ў Аллага; сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны!

 

 

Сура 74. Аль-Муддассір

(Захутаны)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. О захутаны!

2. Уставай і засцерагай!

3. Узвялічвай Госпада свайго,

4. ачысці сваю вопратку,

5. пазбягай брыдоты

6. і не выяўляй літасці, маючы надзею атрымаць яшчэ больш. 

7. Дзеля Госпада свайго будзь трывучым!

8. Калі затрубяць у рог – 

9. той цяжкі Дзень

10. не будзе лёгкім для нявернікаў.

11. Пакінь Мяне з тым, каго Я стварыў адзінцом,

12. каму дарыў разлеглае багацце 

13. і сыноў, якія знаходзяцца побач з ім,

14. для каго раскрыў усё.

15. Але ён жадае, каб я даў яму яшчэ больш.

16. Не! Ён адмаўляе Нашыя азнакі,

17. таму Я ўскладню яго шлях.

18. Ён усё разважыў і разлічыў.

19. Няхай ён сканае – як ён усё разлічыў!

20. Няхай ён сканае яшчэ раз – як ён усё разлічыў!

21. Потым ён задумаўся,

22. далей схмурнеў і насупіўся,

23. а потым адхінуўся і заганарыўся.

24. І сказаў: «Гэта – толькі пераказанае чараўніцтва.

25. Гэта толькі слова чалавека».

26. Мы кінем яго ў пякельнае полымя!

27. А адкуль табе ведаць, што такое пякельнае полымя?

28. Яно не абыходзіць і не пакідае,

29. спальваючы скуру.

30. Над ім – дзевятнаццаць.

31. Вартавымі пекла Мы зрабілі толькі анёлаў, а іх колькасць ператварылі ў выпрабаванне для тых, якія не паверылі – каб тыя, каму дадзена Пісанне, былі ўпэўненыя; каб дадаць веры тым, якія паверылі, і каб не вагаліся тыя, каму дадзена Пісанне і вернікі; і каб спыталі тыя, у чыіх сэрцах хвароба і нявернікі: «Што Аллаг імкнуўся данесці гэтаю прыпавесцю?» Вось так Аллаг збівае са шляху, каго пажадае і вядзе, каго пажадае, шляхам простым. Войска Госпада твайго вядомае толькі Яму! А гэта – толькі напамін для людзей. 

32. Не! Клянуся месяцам!

33. Клянуся ноччу, калі яна адыходзіць!

34. Клянуся золакам, калі ён займаецца!

35. Сапраўды, гэта – адна з велічэзных справаў,

36. якая засцерагае чалавецтва,

37. тых сярод вас, хто жадае ісці наперад ці адступаць назад.

38. Кожная душа з’яўляецца закладніцаю таго, што яна сабе атрымала,

39. апроч людзей, якія справа,

40. якія ў райскіх садах распытваюць адно аднаго

41. пра беззаконнікаў:

42. «Што прывяло вас у пякельнае полымя?»

43. Тыя скажуць: «Мы не былі сярод людзей, якія маліліся,

44. не жывілі бедака

45. і разам з іншымі звярталіся да пустаслоўя.

46. Мы лічылі Судны Дзень хлуснёю,

47. пакуль не прыйшла да нас упэўненасць».

48. Ім не дапаможа абарона заступнікаў.

49. Чаму ж яны адварочваюцца ад напаміну,

50. як перапалоханыя аслы,

51. якія ўцякаюць ад лева.

52. Але кожны з іх імкнецца атрымаць разгорнутыя скруткі.

53. Не! Яны не маюць боязі перад наступным жыццём.

54. Не! Сапраўды, гэта – напамін.

55. І хто пажадае, той узгадае Яго.

56. Але яны не згадаюць яго, калі гэтага не пажадае Аллаг. Годны Ён збожнасці, годны дараваць прабачэнне. 

 

 

Сура 75. Аль-Кыяма

(Ажыванне)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Не! Клянуся Днём Ажывання!

2. Не! Клянуся душою, якая ўпікае!

3. Няўжо чалавек мяркуе, што Мы не збяром яго костак?

4. О не! Мы здолеем выпрастаць нават пальцы яго.

5. О не! Чалавек жадае грашыць і ў далейшым.

6. Пытаецца, калі настане Дзень Ажывання.

7. Калі закоцяцца вочы,

8. месяц накрые цемру,

9. а месяц з’яднаецца з сонцам.

10. У той Дзень чалавек скажа: «Куды ўцякаць?»

11. О не, няма тайніка!

12. У той Дзень прытулак будзе пры тваім Госпадзе.

13. У той Дзень чалавеку паведамяць пра тое, што ён сабе падрыхтаваў і што пакінуў пасля сябе.

14. Але чалавек сам будзе сведкам супраць сябе,

15. хоць бы і намагаўся апраўдацца.

16. Не паўтарай яго, намагаючыся хутчэй запомніць.

17. Нам трэба будзе сабраць яго і прачытаць.

18. Калі Мы прачытаем яго, дык чытай яго і ты.

19. А далей Нам належыць даць яго тлумачэнне.

20. О не! Вы любіце скарацечнасць,

21. і грэбуеце жыццём наступным.

22. Некаторыя твары ў той Дзень будуць зіхатлівымі,

23. Гледзячы на Госпада свайго.

24. А іншыя твары ў той Дзень будуць засмучанымі,

25. думаючы, што з імі здарыцца бяда.

26. О не! Калі падступіць скананне,

27. дык скажуць: «Ці знойдзецца лекар?»

28. чалавек зразумее, што прыйшло развітанне.

29. Нага сыдзецца з нагою.

30. У той Дзень чалавека прыгоняць да Госпада твайго.

31. Ён не верыў і не маліўся,

32. успрыняў праўду як ​​хлусню і адхінуўся,

33. а далей ганарліва накіроўваўся да сваёй сям’і.

34. Гора табе, гора!

35. І яшчэ раз: гора табе, гора!

36. Няўжо чалавек думае, што ён пакінуты без нагляду?

37. Няўжо ён не быў кропляй семя, што льецца?

38. А потым – крывяным згусткам; Мы стварылі Яго і размеркавалі,

39. зрабіўшы з яго пару: мужчыну і жанчыну.

40. Дык няўжо Ён не здольны адрадзіць нежывых?

 

 

Сура 76. Аль-Інсан

(Чалавек)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Ці не прайшоў для чалавека той час, калі ён быў нечым, не вартым нават згадкі?

2. Сапраўды, Мы стварылі чалавека са змяшанай кроплі семя. Каб выпрабаваць яе, Мы падаравалі яму слых і зрок.

3. Сапраўды, Мы павялі яго шляхам. Цяпер ён будзе альбо ўдзячным, альбо неўдзячным. 

4. Мы падрыхтавалі для нявернікаў ланцугі, кайданы і полымя.

5. Сапраўды, праведнікі піцьмуць з келіха райскі напой, змяшаны з кафурам.

6Кафур – гэта крыніца, з якой будуць піць рабы Аллага, выводзячы яго невычэрпнаю плынню.

7. Яны выконваюць абяцанкі і баяцца Дня, ліха якога ахопіць усё.

8. Яны даюць ежу незаможнаму, сіраціне і палоннаму, хоць і самі хочуць есці.

9. «Мы кормім вас толькі дзеля Ліка (Ваджг)* Аллага; мы не маем патрэбы ў вашай адплаце альбо ўдзячнасці.

10. Мы баімся Дня, які прыйдзе ад нашага Госпада і будзе змрочным і строгім».

11. Аллаг абароніць іх ад зла таго Дня і дапаможа сустрэць ззянне і ўцеху,

12. узнагародзіць іх райскім садам і ядвабам – за тое, што яны былі трывучымі.

13. Лежачы на ​​ложках, яны не ўбачаць там ні сонца, ні марозу. 

14. Іх цені стануць блізкімі, а плён будзе падпарадкаваны цалкам.

15. Абыходзіць іх будуць з посудам са срэбра і кубкамі з крышталю,

16. са срэбрам і крышталём належных памераў.

17. Паіць іх будуць з келіха напоем, змяшаным з імбірам.

18. З крыніцы, якая мае назву Сальсабіль.

19. Іх будуць абыходзіць павек маладыя юнакі; зірнуўшы на іх, ты прымеш іх за рассыпаныя жамчужыны.

20. Зірнуўшы, ты ўбачыш там дабро і вялікую ўладу.

21. На іх будзе зялёная вопратка з атласу і парчы; упрыгожаныя яны будуць бранзалетамі са срэбра, а Госпад напоіць іх чыстым напоем.

22Будзе сказана: Такой будзе ўзнагарода для вас. Вашыя намаганні будуць прынятыя з удзячнасцю”.

23. Сапраўды, Мы паслалі табе Каран часткамі.

24. Трывай жа, пакуль не прыйдзе пастанова Госпада твайго; не падпарадкоўвайся жа грэшнікам і нявернікам сярод іх.

25. Згадвай імя свайго Госпада раніцай і ўвечары,

26. а таксама ўначы! Пакланяйся Яму і ўслаўляй Яго на працягу доўгай ночы!

27. Сапраўды, гэтыя людзі любяць скарацечнасць і грэбуюць цяжкім Днём.

28. Мы стварылі іх і ўмацавалі іх косткі. Але калі мы пажадаем, дык заменім іх іншымі людзьмі.

29. Сапраўды, гэта – напамін. І хто пажадае, той стане на шлях да Госпада свайго.

30. Але вы не пажадаеце гэтага, калі не пажадае Аллаг. Сапраўды, Аллаг – Усеведаючы, Мудры,

31. уводзіць у Сваю літасць, каго пажадае; а для несправядлівых Мы падрыхтавалі хваравітае пакаранне.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

*Якасць (сыфат) Аллага, якая даецца без тлумачэння (тавіль) і параўнання з чалавечымі часткамі цела.

 

 

Сура 77. Аль-Мурсалят

(Выпраўленыя)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Клянуся добрымі веснікамі,

2. якія моцна веюць,

3. якія імкліва распаўсюджваюцца,

4. якія ўпэўнена адрозніваюць,

5. якія прыносяць напамін – 

6. для апраўдання ці засцярогі!

7. Абяцанае вам абавязкова збудзецца.

8. Калі зоркі згаснуць,

9. калі неба трэсне,

10. калі горы развеюцца,

11. калі пасланцам будзе ўсталяваны тэрмін – 

12. на які ж дзень гэта прызначана?

13. На Дзень Адрознівання!

14. А адкуль табе ведаць, што такое Дзень Адрознівання?

15. Горам будзе гэты Дзень для тых, хто адмаўляе праўду!

16. Няўжо Мы не знішчылі старажытныя народы?

17. Потым за імі пойдуць яшчэ і іншыя.

18. Вось так Мы абыходзімся з беззаконнікамі!

19. Горам будзе гэты Дзень для тых, хто адмаўляе праўду!

20. Няўжо Мы не стварылі вас з мізэрнае вадкасці,

21. змясціўшы яе ў надзейным месцы,

22. да пэўнага тэрміну?

23. Мы вызначылі меру; як жа выдатна Мы вызначаем меру!

24. Горам будзе гэты Дзень для тых, хто адмаўляе праўду!

25. Хіба Мы не зрабілі зямлю ёмішчам

26. жывых і нежывых,

27. хіба не ўсталявалі там непахісныя і высокія горы, няўжо не дарылі вам для пітва прэснай вады?

28. Горам будзе гэты Дзень для тых, хто адмаўляе праўду!

29. Ідзіце ж да таго, што вы лічылі хлуснёю!

30. Ідзіце ж у імглу з трыма галінамі,

31. якая не дорыць цені і не закрывае ад полымя,

32. сыпле іскры, як фартэца,

33. падобная да жоўтых вярблюдаў!

34. Горам будзе гэты Дзень для тых, хто адмаўляе праўду!

35. У той Дзень яны не будуць размаўляць,

36. і не дазволяць ім шукаць апраўданняў.

37. Горам будзе гэты Дзень для тых, хто адмаўляе праўду!

38. Вось ён – Дзень Адрознівання! Мы згуртавалі і вас, і тых, хто жыў раней.

39. Калі ёсць нейкае мудрагельства, то паспрабуйце мудрагеліць супраць Мяне.

40. Горам будзе гэты Дзень для тых, хто адмаўляе праўду!

41. Сапраўды, збожныя будуць знаходзіцца сярод цені, крыніц

42. і плёну – тых, якія пажадаюць.

43. Ежце і піце здарова – за тое, што зрабілі вы.

44. Вось так Мы заахвочваем робячых дабро!

45. Горам будзе гэты Дзень для тых, хто адмаўляе праўду!

46. Ежце і атрымлівайце асалоду, але нядоўга, бо вы – беззаконнікі.

47. Горам будзе гэты Дзень для тых, хто адмаўляе праўду!

48. Калі кажуць ім: «Пакланіцеся!» – яны не паклоняцца.

49. Горам будзе гэты Дзень для тых, хто адмаўляе праўду!

50. У які ж аповяд пасля гэтага яны не павераць?

 

 

Сура 78. Ан-Наба

(Вестка)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Пра што гэта распытваюць яны адно аднаго?

2. Пра вялікую вестку,

3. наконт якое адрозніваюцца іх думкі.

4. О не, пазнаюць яны!

5. І яшчэ раз: не! Пазнаюць яны!

6. Хіба не зрабілі Мы зямлю – ложкам,

7. а горы – падпораю?

8. І стварылі Мы вас парамі,

9. і зрабілі Мы сон ваш адпачынкам,

10. і зрабілі Мы ноч покрыўкаю,

11. і зрабілі Мы дзень часам для атрымання ежы.

12. І пабудавалі Мы над вамі сем цвярдынь.

13. І ўсталявалі Мы зіхатлівае свяціла.

14. І звялі з аблокаў ваду дажджавую,

15. каб прарасціць ёй збожжа і расліны.

16. І сады густыя.

17. Сапраўды, Дзень Адрознівання ўжо прызначаны.

18. У той Дзень трубяцьмуць у трубу, і прыйдзеце вы натоўпамі.

19. І расчыніцца неба, і стане брамаю.

20. І скрануцца горы, і стануць марывам.

21. Сапраўды, пекла – пастка.

22. Жыллё для несправядлівых.

23. Будуць яны там доўгія гады,

24. не смакуючы ні прахалоды, ні пітва,

25. апроч кіпеню і бруду.

26. Годная гэта адплата ім.

27. Яны ж не чакалі такога разліку

28. і адмаўлялі Нашыя азнакі!

29. Але нават кожную рэч Мы падлічылі і запісалі.

30. Паспрабуйце жа! Не дадамо Мы вам нічога, апроч пакарання.

31. Сапраўды, на збожных чакае поспех,

32. сады і вінаграднікі,

33. паўнагрудыя равесніцы

34. і поўныя келіхі!

35. Не пачуюць яны там ні пустаслоўя, ні хлусні.

36. Гэта – узнагароджанне ад Госпада твайго, дар сплачаны.

37. Госпада нябёсаў і зямлі, і таго, што паміж імі, Літасцівага; яны не здолеюць сказаць словы да Яго.

38. У Дзень, калі стануць Дух і анёлы шэрагамі, не будзе размаўляць ніхто, апроч як з дазволу Літасцівага, і скажа ён толькі праўду.

39. Гэта – Дзень праўды і, хто пажадае, знойдзе шлях да Госпада свайго.

40. Мы засцерагалі вас ад пакарання блізкага. У той Дзень убачыць чалавек учынкі рук сваіх, і скажа нявернік: «О, лепш я быў бы порахам зямным!»

 

 

Сура 79. Ан-Назі’ат

(Выдзіраючы)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Клянуся тымі, што выдзіраюць сілком!

 

2. Клянуся тымі, што атрымліваюць пяшчотна!

 

3. Клянуся тымі, што плывуць плыўна!

 

4. Клянуся тымі, што папярэджваюць імкліва,

 

5. і тымі, што выконваюць загады!

 

6. У Дзень той здрыганецца тое, што ўздрыгвае,

 

7. рушыць услед за ім яшчэ адзін,

 

8. сэрцы ў Дзень той задрыжаць,

 

9. погляды ўпадуць уніз.

 

10. Кажуць яны: «Няўжо мы станем такімі, як былі,

 

11. пасля таго, як будзем косткамі тленнымі?!»

 

12. Сказалі яны: «Калі гэта так, дык гэта – вяртанне са стратаю».

 

13. Але вось толькі адзін голас –

 

14. і яны апынуцца на паверхні зямлі.

 

15. Ці дайшоў да цябе аповяд пра Мусу?

 

16. Калі Госпад заклікаў яго ў святую даліну Тува:

 

17. «Ідзі да Фараона, бо, сапраўды, парушыў ён.

 

18. І скажы: ці не варта табе ачысціцца?

 

19. Я пакажу табе шлях да Госпада твайго, таму станеш ты збожным».

 

20Муса паказаў яму найвялікшую азнаку.

 

21. Але той адкінуў яго і не паслухаў.

 

22. А потым адхінуўся, спяшаючыся.

 

23. І згуртаваўшы натоўп, заклікаў да яго,

 

24. кажучы: «Я – Госпад ваш Усявышні!»

 

25. Так скараў яго Аллаг у жыцці наступным і цяперашнім.

 

26. Сапраўды, у гэтым – прыклад для збожных.

 

27. Вас цяжэй стварыць – ці неба? Пабудаваў Ён яго,

 

28. падняў схілы і зраўнаваў яго,

 

29. зрабіў змрочным яго ноччу, і вывеў світанак.

 

30. І зямлю пасля гэтага працягнуў Ён,

 

31. вывеў з яе ваду і пашы.

 

32. І горы зацвердзіў Ён –

 

33. на карысць вам і худобе вашае.

 

34. Таму калі прыйдзе бяда велізарная,

 

35. у Дзень той прыгадае чалавек, у чым спяшаўся ён.

 

36. І пакажуць пекла тым, хто бачыць,

 

37. а таму, хто парушаў,

 

38. і аддаваў перавагу жыццю сёлетняму,

 

39. таму, сапраўды, пекла будзе прытулкам.

40. А таму, хто баяўся ўстаць перад Госпадам сваім і ўтрымліваў сябе ад запалу,

41. таму, сапраўды, рай будзе прытулкам!

42. Пытаюцца цябе пра Час той: «Калі прыйдзе ён?»

43. І навошта табе згадваць пра гэта?

44. Толькі Госпад твой ведае пра Час.

45. Сапраўды, ты – усяго толькі засцерагаеш тых, хто баіцца Яго.

46. У Дзень, калі ўбачаць Яны Час той, будзе здавацца ім, што прабылі яны толькі вечар ці раніцу.

 

 

Сура 80. ‘Абаса

(Ён схмурнеў)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Схмурнеў і адхінуўся ён,

2. бо падышоў да яго невідушчы.

3. А адкуль табе ведаць, магчыма, ачысціўся бы ён?

4. Ці запомніў бы навучанне, і яно было б карысна яму.

5. А таму, хто лічыць сябе заможным,

6. ты надаеш увагу.

7. Хоць не табе адказваць за тое, што не ачысціцца ён.

8. А хто прыходзіць да цябе, спяшаючыся,

9. ды яшчэ і з бояззю,

10. дык ты пагарджаеш ім.

11. О не! Сапраўды, гэта (Каран) – напамін.

12. І хто жадае, той узгадае яго.

13. У скрутках шанаваных,

14. узнятых і ўсячыстых,

15(перапісаных) рукамі пісараў,

16. шляхетных і адданых (анёлаў).

17. Няхай згіне чалавек! Як жа няўдзячны ён!

18. З чаго стварыў Ён яго?

19. З кроплі семя стварыў Ён яго і размеркаваў.

20. Потым палегчыў Ён шлях яго,

21. пасля зрабіў яго нежывым і пахаваў яго,

22. потым, калі пажадае, адродзіць яго.

23. О не! Не выконвае ён таго, што загадаў Ён яму.

24. Няхай паглядзіць чалавек на ежу сваю!

25. Праліваем Мы дажджы залевамі,

26. потым расколваем Мы зямлю расколінамі,

27. і прарошчваем на ёй збожжа,

28. вінаград і травы,

29. і алеі, і пальмы,

30. і сады густыя,

31. і плён, і пашы –

32. на карысць вам і худобе вашае.

33. І калі прагучыць голас,

34. у Дзень той чалавек пакіне свайго брата,

35. і маці, і бацьку,

36. і жонку, і дзяцей сваіх,

37. у кожнага чалавека ў той Дзень свая справа, якая цалкам захопіць яго.

38. Твары адных у той Дзень ззяцьмуць,

39. дзівячыся і цешачыся,

40. а на тварах іншых у Дзень той будзе пыл,

41. які атуліць іх чарнатою.

42. Вось яны, грэшныя нявернікі.

 

 

Сура 81. Ат-Таквір

(Згортванне)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Калі сонца згорнецца,

2. калі зоркі пасыплюцца,

3. і калі горы скрануцца,

4. і калі вярблюдзіцы на дзесятым месяцы цяжарнасці застануцца без догляду,

5. і калі дзікія звяры збяруцца,

6. і калі моры запаляцца,

7. і калі душы злучацца з целамі,

8. калі пахаваную жыўцом дзяўчынку спытаюць,

9. за які грэх яе забілі.

10. І калі скруткі ўчынкаў разгорнуцца,

11. і калі неба будзе сарванае,

12. і калі пекла распаліцца,

13. і калі рай наблізіцца –

14. пазнае душа, што падрыхтавала сабе яна.

15. О не! Клянуся свяціламі (зоркамі) адыходзячымі,

16. што хутка плывуць і знікаюць (планетамі)!

17. І ноччу, што рассейваецца,

18. і світанкам, калі займаецца ён!

19. Сапраўды, гэта (Каран) – словы пасланца шляхетнага (Джабраіля)!

20. Уладара моцы каля Уладара Трона, Магутнага,

21. якога слухаюцца, пэўнага.

22. І што ваш таварыш не вар’ят,

23. сапраўды, бачыў ён яго на ясным небасхіле.

24. І што ён не скупіцца на перадачу таемнага,

25. і што гэта – не словы праклятага шатана.

26. Куды ж вы ідзяце?

27. Сапраўды, гэта толькі напамін для сусветаў,

28. тым з вас, хто жадае ісці простым шляхам.

29. Але не пажадаеце вы гэтага, калі не пажадае Аллаг, Госпад сусветаў.

 

 

Сура 82. Аль-Інфітар

(Расколванне)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Калі неба расколецца,

2. і калі зоркі пасыплюцца,

3. і калі моры зліюцца,

4. і калі магілы перакінуцца –

5. пазнае душа, што яна зрабіла і чаго не зрабіла.

6. О чалавек! Што ж спакусіла цябе адносна Госпада твайго Шчодрага,

7. Які стварыў цябе, размеркаваў аблічча тваё і ўпарадкаваў цябе

8. у такім выглядзе, у якім пажадаў Госпад твой?

9. Але не! Вы ўсё ж адмаўляеце Суд.

10. І, сапраўды, над вамі ёсць наглядчыкі –

11. гожыя пісары,

12. якія ведаюць, што вы робіце.

13. Сапраўды, багабойныя апынуцца ў шчасці.

14. А грэшнікі, сапраўды, апынуцца ў пекле.

15. Увойдуць яны туды падчас Суднга Дня.

16. І не здолеюць яны пазбегнуць гэтага.

17. Адкуль табе ведаць пра тое, што такое Судны Дзень?

18. І яшчэ раз: адкуль табе ведаць пра тое, што такое Судны Дзень?

19. Гэта – Дзень, калі ніводная душа не здолее дапамагчы іншаму, а пастанова ў той Дзень будзе належыць Аллагу.

 

 

Сура 83. Аль-Мутаффіфін

(Абважваючыя)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Гора абважваючым!

2Тым, што прымаюць поўнасцю, калі адмераюць людзі ім.

3. А калі самі мераюць альбо ўзважваюць, дык наносяць страты іншым.

4. Хіба не думаюць яны, што адродзяцца?

5. У Дзень вялікі,

6. Дзень, калі з’явяцца людзі перад Госпадам сусветаў.

7. Але не! Сапраўды, кніга грэшнікаў знаходзіцца ў Сіджыне.

8. А адкуль табе ведаць, што такое Сіджын?

9. Гэта – кніга напісаная.

10. Гора ў той Дзень тым, якія не прызнаюць –

11. якія не прызнаюць Суднага Дня.

12. Не прызнае яго толькі ўсялякі злачынец, грэшнік.

13. Калі чытаюць яму Нашыя азнакі, кажа ён: «Казкі старажытных!»

14. Але не! Пакрытыя іх сэрцы брудам за тое, што яны чыняць грахі.

15. У той Дзень будуць яны аддаленымі ад Госпада свайго.

16. І потым абавязкова ўвойдуць да пекла.

17. А пасля таго скажуць ім: «Вось тое, што вы адмаўлялі!»

18. О не! Сапраўды, кніга багабойных знаходзіцца ў Ілліюне.

19. А адкуль табе ведаць, што такое Ілліюн?

20. Гэта – кніга напісаная.

21. Сведчаць пра яе набліжаныя.

22. Сапраўды, багабойныя будуць шчаслівыя,

23. лежачы на ​​ложках, сузіраючы.

24. На тварах іх убачыш ты святло асалоды.

25. Паіць іх будуць вытрыманым віном,

26. да якога дададзены мускус. Няхай змагаюцца дзеля гэтага.

27. Змяшана віно з Таснімам,

28. адкуль п’юць набліжаныя.

29. Сапраўды, тыя, якія робяць грэх, кпілі з тых, якія паверылі.

30. І калі праходзілі міма, дык падмігвалі адно аднаму.

31. Калі ж вярталіся яны да сваіх сем’яў, дык кпілі з вернікаў,

32. а ўбачыўшы іх, казалі яны: «Сапраўды, гэтыя – заблукалі!»

33. Але не былі яны дасланыя да іх наглядчыкамі.

34. У Дзень той будуць кпіць вернікі з нявернікаў,

35. лежачы на ​​ложках, сузіраючы.

36. Хіба не адплацяць нявернікам за тое, што рабілі яны?

 

 

Сура 84. Аль-Іншыкак

(Разрыванне)

 

 Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Калі неба разарвецца

2. і будзе слухацца Госпада свайго як след,

3. і калі зямля расцягнецца,

4. і выверне з сябе тое, што ў ёй ёсць, і спусташыцца,

5. і будзе слухацца Госпада свайго як след.

6. О чалавеча! Сапраўды, ты настойліва імкнешся да Госпада свайго, і сустрэнеш Яго.

7. І той, каму дадзена будзе кніга яго ў правіцу,

8. атрымае разлік лёгкі

9. і вернецца ён да сям’і сваёй, цешачыся.

10. А той жа, каму дадзена будзе кніга яго з-за спіны,

11. наклікацьме сабе загубу,

12. і ўвойдзе ў вогненнае полымя.

13. Ён цешыўся, калі быў з сям’ёй сваёй,

14. і, сапраўды, лічыў, што не вернецца.

15. Але, сапраўды, Госпад яго назіраў за ім!

16. Не! Клянуся золакам вячэрнім,

17. і ноччу, і тым, што абдымае яна,

18. і месяцам, калі поўны ён,

19. што вы будзеце пераходзіць з аднаго становішча ў іншае!

20. Дык чаму ж яны не павераць?

21. І, калі чытаюць ім Каран, не пакланяюцца нізка?

22. О не! Тыя, якія не вераць, лічаць яго хлуснёю!

23. І Аллаг лепш ведае, што хаваюць яны.

24. Дык вось усцеш іх пакараннем пакутлівым!

25. Апроч тых, якія паверылі і здзяйснялі добрыя справы, ім – узнагароджанне невычэрпнае!

 

 

Сура 85. Аль-Бурудж

(Сузор’і)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Клянуся небам, уладальнікам сузор’яў!

2. Клянуся Днём абяцаным!

3. Клянуся сведкам і пасведчаным!

4. Няхай згінуць згуртаваныя каля рова,

5людзі, якія распалілі агонь палаючы,

6. калі паселі яны каля яго,

7. будучы сведкамі таго, як яны робяць з вернікамі.

8Яны помсцілі ім толькі за тое, што тыя паверылі ў Аллага, Велічнага, Пахвальнага.

9. Якому належыць улада над нябёсамі і зямлёю; і Аллаг – усяму існаму Сведка.

10. Сапраўды, тым, якія мардавалі вернікаў, мужчын і жанчын, а потым не павініліся, ім – пакаранне пеклам, ім – пакаранне вогненнае.

11. Сапраўды, тым, якія паверылі і здзяйснялі добрыя справы, ім – сады, дзе струменяць рэкі. Гэта – поспех вялікі!

12. Сапраўды, пакаранне твайго Госпада – жорсткае!

13. Сапраўды, Ён стварае і ўзнаўляеажыўляючы пасля смерці!

14. І Ён – Прабачаючы, Любячы,

15. Уладар Трона, Прачысты!

16. Ён чыніць тое, што пажадае!

17. Ці дайшоў да цябе аповяд пра войскі

18. Фараона і самудытаў?

19. Хоць нявернікі і адмаўляюць гэта,

20ды Аллаг атачае іх адусюль.

21. А гэта – слаўны Каран,

22напісаны ў Скрыжалі Абароненай!

 

 

Сура 86. Ат-Тарык

(Падарожнік)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Клянуся небам і начным падарожнікам (зоркай)!

2. Адкуль табе ведаць, што такое начны падарожнік?

3. Гэта – зорка зіхатлівая.

4. І няма душы, побач з якою не было б вартаўнікаанёла, які вядзе лік справаў чалавека.

5. Няхай паглядзіць чалавек, з чаго ён створаны.

6. Створаны ён з вадкасці, якая льецца,

7. якая выходзіць паміж хрыбетнікам і грудзямі.

8. Сапраўды, Ён здольны вяртаць яго.

9. У той Дзень будуць выпрабаваныя таямніцы, якмя тояцца ў яго сэрцы,

10. таму не будзе ў чалавека ні моцы, ні памагатага.

11. Клянуся небам, якое пралівае дажджы!

12. Клянуся зямлёю, якая расколваецца для росту раслін,

13. што гэта – Слова адрозніваючае паміж праўдай і хлуснёю!

14. Яно не з’яўляецца забаўкаю.

15. Яны задумляюць мудрагельства,

16. а Я маю чым адказаць на іх мудрагельства,

17. таму дайо Прарок, нявернікам адтэрміноўку на нядоўгі час.

 

 

 

Сура 87. Аль-’Аля

(Усявышні)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Услаўляй імя Госпада твайго Усявышняга,

2. Які стварыў ды размеркаваў,

3. Які прызначыў, паказаў шлях,

4. Які выгадаваў пашы,

5. зрабіўшы іх потым сухімі і счарнелымі.

6. Мы дамо табе прачытаць Каран і ты не забудзеш нічога,

7. апроч таго, чаму аддае перавагу Аллаг. Ён ведае відавочнае і таемнае.

8. Мы палегчым табе шлях да найлягчэйшага,

9. таму нагадвай людзям, калі нагадка дапаможа.

10. Узгадае той, хто збожны.

11. А адхіліцца самы няшчасны,

12. які ўвойдзе ў агонь найбуйнейшы.

13. І пасля таго і не сканае ён там, і не застанецца ў жывых.

14. Выйграў той, хто ачысціўся,

15. згадваў свайго Госпада і маліўся.

16. Але вы аддаеце перавагу жыццю зямному,

17. хоць жыццё наступнае – найлепшае і векаістае.

18. Сапраўды, гэта змяшчаецца ў скрутках старажытных,

19. скрутках Ібрагіма і Мусы!

 

 

Сура 88. Аль-Ґашыя 

(Што пакрывае)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Ці дайшоў да цябе аповяд пра тое, што пакрывае?

2. Твары адных у той Дзень будуць прыніжаныя,

3. знясіленыя, стомленыя,

4. увойдуць яны ў пякельны агонь,

5. і паіць іх будуць з крыніцы кіпячай,

6. не будзе ім там ежы, апроч сухіх калючак,

7якія не сілкуюць, і якія не спатольваюць голаду.

8. Твары іншых у Дзень той будуць уцешнымі,

9. намаганнямі сваімі задаволеныя,

10. у райскіх садах высокіх.

11. Не пачуюць там марнаслоўя,

12. там – крыніца праточная,

13. там – ложкі ўзведзеныя,

14. келіхі расстаўленыя,

15. узгалоўкі раскладзеныя,

16. дываны разасланыя.

17. Няўжо яны не паглядзяць на вярблюдаў – як створаныя яны?

18. Як узнята неба,

19. І ў горы – як узнятыя яны?

20. І на зямлю – як распасцёрта яна?

21. Нагадвай жа, бо ты – толькі настаўнік.

22. І ты не маеш улады над імі.

23. А тых, хто адхінуўся і не верыў,

24. Аллаг скарае найбольшай караю!

25. Сапраўды, да Нас паварочаюцца яны.

26. Потым Нам належыць разлічыцца з імі!

 

 

Сура 89. Аль-Фаджр

(Золак)

 

Імем Аллага Літасцівага Міласэрнага

1. Клянуся золакам!

2. Клянуся дзесяццю начамі!

3. Клянуся цотным і няцотным!

4. Клянуся ноччу, калі мінае яна!

5. Хіба не дастаткова гэтай клятвы для чалавека разумнага?

6Хіба ты не бачыў, як абышоўся Госпад твой з aдытaмі –

7з жыхарамі Ірамааздобленага калонамі,

8. падобных да якіх не было створана ва ўсіх землях?

9. З самудытамі, якія расціналі скалы ў далінах?

10. З Фараонам, уладальнікам войскаў?

11. Яны чынілі свавольства на землях

12. і пашыралі на іх нелад.

13. Дык вось праліў на іх Госпад твой строгасць пакарання Свайго.

14. Сапраўды, Госпад твой – заўжды на варцесочыць за ўчынкамі людзей!

15. Калі выпрабуе чалавека Госпад яго, ушаноўваючы і надзяляючы дабротамі, дык ён кажа: «Госпад мойушанаваў мяне

16. І калі выпрабуе Ён яго, абмяжоўваючы яму даброты Свае, кажа ён: «Госпад мой прынізіў мяне!»

17. О не! Гэта вы самі не шануеце сіраціну

18і не заклікаеце адно аднаго накарміць бедака,

19. прагавіта паглынаеце спадчыну,

20. і любіце багацце любоўю моцнаю!

21. О не! Калі рассыплецца зямля ў пыл,

22. і прыйдзе загад Госпада твайго і прыдуць анёлы, шэрагамі адзін за адным –

23. наблізяць у Дзень той пекла. І ў той Дзень згадае чалавек свае грахі, ды навошта яму тады будуць гэтыя згадкі?

24. І скажа: «О, калі б я раней падрыхтаваўся да жыцця свайго будучага!»

25. Таму ў Дзень той ніхто не скарае так, як скарае Ён.

26. І не скуе ніхто так, як скуе Ён.

27. О ты, душа, што супакоілася!

28. Вяртайся да Госпада твайго, атрымаўшы задавальненне і ласку!

29Увайдзі да рабоў Маіх!

30Увайдзі ў рай Мой!

 

 

Сура 90. Аль-Баляд

(Горад)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Клянуся гэтым горадам!

2. А ты – жыхар гэтага горада.

3. Клянуся прабацькам і тым, каго ён спарадзіў!

4. Сапраўды, стварылі Мы чалавека з цяжарамі!

5. Няўжо думае ён, што ніхто не пераможа яго?

6. Кажа ён: «Загубіў я багацце незлічонае».

7. Няўжо думае ён, што ніхто не бачыў яго?

8. Ці ж не стварылі Мы яго ўладальнікам двух вачэй,

9языка і вуснаў?

10. Хіба Мы не паказалі яму на дзве вяршыні (дабро і зло) і шляхі да іх?

11. Але не стаў ён пераадольваць перашкоды.

12. Адкуль табе ведаць, што такое перашкоды?

13. Гэта – вызваліць раба,

14. пажывіць у дзень голаду

15. сіраціну з асяроддзя сваякоў,

16. ці прыгнечанага цяжкасцямі.

17. А пасля гэтага быць сярод тых, якія паверылі і наказалі адно аднаму трыванне, наказалі адно аднаму міласэрнасць.

18. Гэта – людзі, якія справа.

19. тыя, якія не паверылі ў азнакі Нашыя, яны – людзі, якія злева.

20. Яны будуць аточаныя агнём!

 

 

Сура 91. Аш-Шамс

(Сонца)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Клянуся сонцам і яго святлом!

2. Клянуся месяцам, калі плыве ён за ім!

3. Клянуся днём, калі яно асвятляе яго!

4. Клянуся ноччу, калі пакрывае яна яго!

5. Клянуся небам і Тым, Хто збудаваў яго!

6. Клянуся зямлёю і Тым, Хто распасцёр яе!

7. Клянуся душою і Тым, Хто вымераў яе,

8. і адкрыў ёй грэшнасць і збожнасць яе!

9. Сапраўды, атрымаў поспех той, хто ачысціў яе!

10. Сапраўды, панёс страты той, хто пашкодзіў яе!

11. Адмовіліся самудыты ад пасланца праз сваю знявагу,

12. калі падняўся самы няшчасны сярод іх.

13. сказаў ім пасланец Аллага: «Пільнуйце вярблюдзіцу Аллага і яе пітво!»

14. Але не паслухаліся яны яго і падрэзалі жылы яе. Таму знішчыў Бог іх за іх грахі, зраўняўшы пакараннем іх усіх.

15. І не баіцца Ён выніку такога пакарання.

 

 

Сура 92. Аль-Ляйль

(Ноч)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Клянуся ноччу, калі яна пакрывае!

2. Клянуся днём, калі ён ззяе!

3. Клянуся Тым, Хто стварыў мужчыну і жанчыну!

4. Сапраўды, вашыя жаданні розныя.

5. Таму, хто ахвяраваў і быў збожным,

6. і прызнаваў найлепшае –

7. тым вылегчаем Мы шлях да простага.

8. А таму, хто быў хцівым і думаў, што ні ў чым не мае патрэбы,

9. а найлепшае лічыў хлуснёю –

10. тым вылегчаем Мы шлях да найцяжэйшага.

11. Не дапаможа яму багацце яго, калі будзе зрынуты ён.

12. Сапраўды, у Нашай уладзе – скіроўваць на просты шлях,

13. і Нам належыць жыццё апошняе (вечнае) і першае (зямное).

14. Я засцярог вас ад палаючага агню,

15. увойдзе ў яго той няшчасны,

16. які лічыць праўду хлуснёю і адхінаецца.

17. Выдаленым ад пекла будзе збожны,

18. які выдаткуе сваю маёмасць на дабро, ачышчаючыся дзякуючы гэтаму,

19. не жадаючы за гэта нічога ні ад каго,

20. а толькі імкнучыся да задавальнення Ліка (Ваджг)* свайго Усявышняга.

21. Ён будзе задаволены!

 

 

 

* Гэта якасць (сыфат) Аллага даецца без тлумачэння (тавіль) і параўнання з чалавечымі часткамі цела

 

Сура 93. Ад-Духа

(Раніца)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Клянуся раніцаю!

2Rлянуся ноччу, калі згушчаецца яна,

3. што не пакінуў цябе Госпад твой, не зненавідзеў цябе!

4. І, сапраўды, будучыня для цябе лепш за мінулае.

5. І, сапраўды, хутка надзеліць цябе Госпад твой, і будзеш задаволены ты.

6. Няўжо Ён не знайшоў цябе сірацінай, і хіба не прытуліў?

7Хіба не знайшоў Ён цябе разгубленым, і хіба не павёў простым шляхам?

8Хіба не знайшоў цябе незаможным, і няўжо не ўзбагаціў?

9. Таму не крыўдзі сіраціну,

10. і не гані таго, хто просіць,

11і пра даброты Госпада свайго абвяшчай.

 

 

Сура 94. Аш-Шарх

(Раскрыццё)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Ці не раскрылі Мы табе сэрца тваё,

2. і не знялі Мы з цябе бярэмя тваё,

3. якое абцяжарвала спіну тваю?

4. Хіба не ўзвялічылі Мы згадку пра цябе?

5. Бо, сапраўды, пасля цяжкасцяў надыходзіць палёгка!

6. Сапраўды, пасля цяжкасцяў надыходзіць палёгка!

7. Таму калі вызвалішся – дзейнічай

8. і да Госпада свайго звярніся!

 

 

Сура 95. Ат-Цін

(Смакоўніца)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Клянуся смакоўніцаю і аліваю!

2. Клянуся гарою Сінай!

3. Клянуся гэтым горадам надзейным!

4. Мы стварылі чалавека ў лепшым абліччы.

5. Потым Мы скінем яго ў самае нізкае з ніжэйшага месца,

6. апроч тых, якія паверылі і рабілі добрыя справы; чакае на іх невычэрпнае ўзнагароджанне.

7. Хто ж пасля гэтага прымушае цябе адкідваць Суд?

8. Хіба Аллаг – не Наймудрэйшы Суддзя?!

 

 

Сура 96. Аль-’Аляк

(Згустак)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Чытай! Імем Госпада твайго, Які стварыў,

2. стварыў чалавека са згустка крыві.

3. Чытай! І Госпад твой – Шчодры,

4. Які навучыў з дапамогаю пяра.

5. Навучыў чалавека таму, чаго ён не ведаў.

6. Але не! Парушае чалавек межы,

7. калі здаецца яму, што ён ні ў чым не мае патрэбы.

8. Сапраўды, да Госпада твайго вяртанне.

9Бачыў ты таго, які замінае

10. рабу Нашаму маліцца?

11. Як ты лічыш – а раптам ён быў на праўдзівым шляху

12. і заклікаў да збожнасці?

13. Як ты лічыш – а раптам ён палічыў хлуснёю праўду і адхінуўся,

14. дык хіба не ведаў, што Аллаг бачыць яго?

15. Але не! Калі ён не спыніцца, Мы схопім яго за чупрыну;

16. чупрыну хлуслівую, грэшную.

17. Няхай кліча сваіх абаронцаў!

18. Мы ж паклічам вартавых пекла!

19. Але не! Не падпарадкоўвайся яму, а пакланіся нізка Госпаду і набліжайся да Яго.

 

 

Сура 97. Аль-Кадр

(Прадвызначэнне)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Сапраўды, паслалі Мы яго ў Ноч прадвызначэння!

2. А адкуль табе ведаць, што такое Ноч прадвызначэння?

3. Ноч прадвызначэння лепш за тысячу месяцаў!

4. Сыходзяць падчас яе анёлы і дух (Джабраіль) з дазволу іх Госпада, каб выканаць усе загады.

5У тую ноч – памыснасць да надыходу золаку.

 

 

Сура 98. Аль-Баййіна

(Выразны доказ)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Не адмовіліся ад няверы тыя з людзей Пісання і паганаў, якія не паверылі, пакуль не прыйшоў да іх выразны доказ –

2. Пасланец ад Аллага, які чытае святыя скруткі.

3. У іх утрымліваюцца праўдзівыя пісанні.

4. Тыя ж, каму было дадзена Пісанне, разышліся адно з адным, пасля таго, як прыйшоў да іх выразны доказ.

5. А ім не было ніякага загаду, апроч пакланення Аллагу, шчырага служэння Яму, малітвы і сплаты закяту – вось праўдзівая вера.

6. Сапраўды, тыя з людзей Пісання і паганаў, якія не паверылі, апынуцца ў пякельным полымі, дзе будуць павек! Яны – горшыя з усяго створанага.

7. Сапраўды, тыя, якія паверылі і рабілі добрыя справы, яны – лепшыя з усяго створанага.

8. Узнагароджанне ім у іх Госпада – сады вечнасці, у якіх струменяць рэкі. Яны будуць там павек. Аллаг будзе задаволены імі, а яны будуць задаволеныя Ім. Гэта – для тых, якія баяцца свайго Госпада.

 

 

Сура 99. Аз-Зальзаля

(Землятрус)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Калі скаланецца зямля, уздрыгваючы,

2. і вывергне з сябе тое, што ў ёй ёсць,

3. дык спытае чалавек: «Што здарылася з ёй?»

4. У той Дзень зямля распавядзе ўсё, што вядома ёй,

5. бо Госпад твой адкрыў ёй тое.

6. У той Дзень людзі выйдуць з магілаў натоўпамі, каб убачыць свае ўчынкі.

7. Хто зрабіў дабро на вагу парушынкі – пабачыць яго.

8А хто зрабіў ліха на вагу парушынкі – пабачыць яго.

 

 

Сура 100. Аль-’Адзіят

(Тыя, што скачуць)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Клянуся тымі, што скачуць, задыханыя,

2. і выбіваюць іскры,

3. і нападаюць досвіткам,

4. і ўзнімаюць воблака пылу,

5. і ўрываюцца ў сярэдзіну натоўпу ворагаў!

6. Сапраўды, няўдзячны чалавек перад Госпадам сваім!

7. І, сапраўды, ён сам таго сведка!

8. І, сапраўды, ён занадта моцна любіць даброты!

9. Хіба не ведае ён, што калі адродзяць тых, хто ў магілах,

10. і калі стане вядомым тое, што ў сэрцах,

11. сапраўды, у той Дзень Госпад твой будзе ведаць усё пра іх?

 

 

Сура 101. Аль-Кары’а

(Вялікае бедства)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Вялікае бедства!

2. Што ж такое вялікае бедства?

3. І адкуль ведаць табе, што такое вялікае бедства?

4. Гэта – Дзень, калі людзі рассеюцца, як мятлушкі,

5а горы будуць падобныя да расчасанае воўны.

6. Тады той, чыя шаля на Вагах будзе цяжкаю,

7. атрымае жыццё, поўнае задавальнення.

8. А той, чыя шаля на вагах будзе лёгкаю –

9. прытулкам яго будзе прорва.

10. А адкуль ведаць табе, што гэта такое?

11. Гэта – агонь падпалены!

 

 

Сура 102. Ат-Такясур

(Прымнажэнне)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Вабіць вас прага прымнажэння маёмасці і дзяцей,

2пакуль не наведаеце вы магілы.

3. Ды не! Хутка даведаецеся вы.

4. І яшчэ раз не! Хутка даведаецеся вы.

5. Але не! Калі б вы ведалі пераканана, то не рабілі б так.

6Вы абавязкова ўбачыце пекла!

7А потым – убачыце яго на свае вочы і пераканаецеся.

8. У той Дзень вас абавязкова спытаюць пра зямныя асалоды.

 

 

Сура 103. Аль-’Аср

(Час)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Клянуся часам (надвячоркам)!

2. Сапраўды, кожны чалавек абавязкова панясе страты,

3акрамя тых, якія паверылі, рабілі добрыя справы, наказалі адно аднаму праўду і наказалі адно аднаму трыванне.

 

 

Сура 104. Аль-Гумаза

(Абгаворшчык)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Гора кожнаму абгаворшчыку, паклёпніку,

2. які назбіраў багацце і падлічыў яго!

3Мяркуе ён, што багацце зробіць яго неўміручым.

4О не! Праўдзіва, будзе ён кінуты ў агонь разбуральны.

5. А адкуль табе ведаць, што такое разбуральны агонь?

6. Гэта – агонь Аллага разгарачаны,

7. які ўзнімаецца над сэрцамі!

8. Сапраўды, ён злучыцца над імі,

9а самі яны ў тым агні будуць прыкутыя да высокіх слупоў.

 

 

Сура 105. Аль-Філь

(Слон)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Ці бачыў ты, як зрабіў Госпад твой з уладальнікамі слана?

2. Хіба Ён не зрабіў іх мудрагельствы няўдалымі?

3Хіба не Ён наслаў на іх птушак зграямі?

4. Кідалі яны ў іх камяні з абпаленае гліны.

5. І зрабіў Ён іх падобнымі да нівы сточанае.

 

 

Сура 106. Курайш

(Курайшыты)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Дзеля яднання курайшытаў –

2. яднання падчас падарожжаў улетку і ўзімку.

3. Няхай яны пакланяюцца Госпаду гэтага Дома,

4. бо Ён пажывіў іх у галодны час і пазбавіў сполаху.

 

 

Сура 107. Аль-Ма’ун

(Міласціна)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Ці бачыў ты таго, хто адмаўляе Суд?

2. Дык гэта ж той, хто праганяе сіраціну,

3. і не заклікае пажывіць бедака.

4Гора ж тым, якія моляцца,

5. ставячыся да малітваў сваіх нядбайна,

6. якія крывадушна робяць усё толькі напаказ

7. і адмаўляюцца даваць міласціну.

 

 

Сура 108. Аль-Кяўсар

(Даброты)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Сапраўды, Мы далі табе вялікія даброты (сярод якіх райская рака Кяўсар).

2. Таму маліся Госпаду свайму і зарэж ахвярных жывёл!

3. Сапраўды, той, хто ненавідзіць цябе – застанецца бясплодным, пазбаўленым усялякіх даброт.

 

 

Сура 109. Аль-Кяфірун

(Нявернікі)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Скажы: «О вы, нявернікі!

2. Я не пакланяюся таму, чаму пакланяецеся вы,

3. а вы не пакланяецеся таму, чаму я пакланяюся.

4. Я не стану пакланяцца так, як пакланяецеся вы,

5. а вы не будзеце пакланяцца так, як буду пакланяцца я,

6. вам – вашая вера, а мне – мая».

 

 

Сура 110. Ан-Наср

(Перамога)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Калі прыйдзе дапамога Аллага і перамога,

2. і ты ўбачыш, што людзі прымаюць веру Аллага натоўпамі,

3. тады ўслаў славаю свайго Госпада і прасі ў Яго прабачэння; сапраўды, Ён – Прымаючы каянні!

 

 

Сура 111. Аль-Масад

(Пальмавыя валокны)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Няхай згінуць рукі Абу Лягаба і ён сам!

2. Ні багацце яго, ні яго становішча не дапамогуць яму.

3. Увойдзе ён у агонь падпалены,

4. а жонка яго насіцьме дровы.

5. А на яе шыі – вяроўка з пальмавых валокнаў.

 

 

Сура 112. Аль-Іхляс

(Шчырасць)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Скажы: «Ён – Аллаг – Адзіны!

2. Аллаг – Самадастатковы, у якім усе маюць патрэбу, а Ён – ні ў кім і ні ў чым патрэбы не мае!

3. Не нарадзіў і не быў народжаны,

4. і ніхто не роўны да Яго!»

 

 

Сура 113. Аль-Фаляк

(Світанак)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Скажы: «Шукаю абароны ў Госпада світанку,

2. ад ліха Яго стварэнняў,

3. і ад ліха змроку, калі ён надыходзіць,

4. і ад ліха чараўніц, што дзьмуць на вузлы,

5. і ад ліха зайздросніка, калі ён зайздросціць!»

 

 

Сура 114. Ан-Нас

(Людзі)

 

Імем Аллага Літасцівага, Міласэрнага

1. Скажы: «Шукаю абароны ў Госпада людзей,

2. Уладара людзей,

3. Бога людзей,

4. ад ліха спакусніка, знікаючага пры згадванні імя Аллага,

5. які, нашэптваючы, зводзіць сэрцы людзей,

6і ад зла шатана, які бывае з ліку джынаў і людзей».

 

 

[1] Кулиев Э. Р., Муртазин М. Ф. Корановедение: учебное пособие / Под общей ред. М. Ф. Муртазина. М, 2011. – ‎‎528 с., с. 455.

[2] Чиалашвили-Гордеева Е. Ш. Краткая история перевода священных книг: христианской Библии и мусульманского Корана. // Перевод как средство обогащения мировой культуры. Материалы международной научной конференции 21 – 24 ноября 2015 г.: электронное издание. М.: ООО «Издательство ФОРУМ» - 2015. – 252 с. С. 241 – 251., с. 244.

[3] Кулиев Э. Р., Муртазин М. Ф. Корановедение: учебное пособие / Под общей ред. М. Ф. Муртазина. М, 2011. – 528 с., с. 455-456.

[4] Абу Ханифа. Трактаты по вероучению. М., 2010. – 212 с. С. 177. Арыгінал: 

وَكُلُّ مَا ذَكَرَهُ الْعُلَمَاءُ بِالْفَارِسِيَّةِ مِنْ صِفَاتِ اللَّهِ تَعَالَى عَزَّتْ أَسْمَاؤُهُ وَ تَعَالَتْ صِفَاتُهُ فَجَائِزٌ الْقَوْلُ بِهِ، سِوَى الْيَدِ بِالْفَارِسِيَّة، وَ يَجُوزُ أَنْ يُقَالَ بَرُوْى خَدَا بِلاَ تَشْبِيهٍ وَ لاَ كَيْفِيَّةٍ

[5] Кулиев Э. Р., Муртазин М. Ф. Корановедение: учебное пособие / Под общей ред. М. Ф. Муртазина. М, 2011. – 528 с., с. 373-374.

[6] Тамсама, с. 457.

[7] Тамсама, с. 461.

[8] Чиалашвили-Гордеева Е. Ш. Краткая история перевода священных книг: христианской Библии и мусульманского Корана. // Перевод как средство обогащения мировой культуры. Материалы международной научной конференции 21 – 24 ноября 2015 г.: электронное издание. М.: ООО «Издательство ФОРУМ» - 2015. – 252 с. С. 241 – 251., с. 246.

[9] Антонович А. К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. Вильнюс, 1968., . С. 25.

[10] Czachorowskі, Musa. Polskіe tłumaczenіa Koranu // Rocznіk Tatarów Polskіch. Serіa 2. Czasopіsmo naukowe і lіteracko-społeczne pośwіęcone hіstorіі, kulturze oraz teraźnіejszoścі Tatarów w Polsce і Europіe Środkowo-Wschodnіej. Tom ІІІ (XVІІ). Muzułmańskі Zwіązek Relіgіjny w RP, 2016. – 159 – 168 s., S. 161.

[11] Тамсама, S. 161.

[12] Тамсама, S. 167.

[13] Переводы Корана на русский язык [Электронный ресурс] // QuranAcademy.org: Академия Корана. 2020 г.

URL: http://ru.quranacademy.org/encyclopedіa/artіcle/Tarjama-ru (дата доступа: 20.09.2020).

[14] Курсі – таксама можна перакласці як «Прастол». Курсі адрозніваецца ад Арша меншымі памерамі і абодва гэтыя стварэнні Аллага ўвасабляюць Яго магутнасць і абсалютную ўладу над сусветам. 

[15] Пад «Рукою» (Йад), магчыма, маецца на ўвазе Яго шчодрасць і літасць, бо Аллаг Прачысты ад таго, каб быць апісаным часткамі цела. У любым выпадку, нельга прыпадабняць атрыбуты Бога якасцям стварэнняў.

[16] Трон (‘Арш) – самае вялікае нябеснае цела, створанае Аллагам.

[17] Ібн Кясір прыводзіць менавіта такое іншасказальнае  тлумачэнне (тавіль) вялікага паплечніка Ібн Аббаса

СВЯТЫ КАРАН

спампаваць

Пра кнігу

выдавец :

www.islamland.com

катэгорыя :

About Quran & Hadith